ЧАЁТ, мексіканскі агурок (Sechium),

род кветкавых раслін сям. гарбузовых. 1 від — Ч. ядомы (S.edule). Культывуецца ў трапічных і субтрапічных краінах.

Шматгадовая трава з лазячым пры дапамозе вусікаў сцяблом даўж. некалькі метраў. Лісце 5-лопасцевае. Кветкі аднаполыя, аднадомныя, жаўтавата-белыя, тычынкавыя — у гронках, песцікавыя — адзіночныя. Плады грушападобныя, буйныя (часам да 1 кг). Спажываюцца ў ежу няспелыя плады і крухмаланосныя клубні. Сцёблы — матэрыял для плеценых вырабаў.

Чаёт.

т. 17, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШПАКЛЁЎКА,

пастападобны лакафарбавы матэрыял для выраўноўвання (шпаклявання) паверхняў перад нанясеннем на іх фарбаў. У састаў Ш. ўваходзяць плёнкаўтваральныя рэчывы (напр., алкідныя смолы ці эпаксідныя смолы), запаўняльнікі (мел, тальк, барыт) і пігменты (напр., цынкавыя бялілы, вохра). Адрозніваюць Ш. лакавыя, алейныя, клеявыя. Наносяць на пакрытую антыкаразійнымі матэрыяламі (грунтоўкамі) паверхню; слой, што высах, шліфуюць абразіўнай шкуркай. Лакавыя Ш. выкарыстоўваюць у машынабудаванні, алейныя і клеявыя — пераважна ў буд-ве.

т. 17, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШПО́НА (ад ням. Span трэска),

1) тонкія (да 5 мм) лісты драўніны (натуральная Ш.) ці інш. тэкстурнага матэрыялу (штучная Ш.). Натуральную атрымліваюць лушчэннем або струганнем камлёў, цурбакоў. Штучную вырабляюць з паперы з малюнкам тэкстуры драўніны і сінт. смол. Ш. выкарыстоўваюць у вытв-сці фанеры, запалкавай вытворчасці, для абліцоўвання сталярных вырабаў, мэблі.

2) Друкарскі прагальны матэрыял у выглядзе метал. пласцінак для павелічэння прамежкаў паміж радкамі тэксту.

т. 17, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗМАГНІ́ЧВАННЕ,

памяншэнне намагнічанасці магн. матэрыялаў. Часткова адбываецца ўжо пры зніжэнні напружанасці намагнічвальнага поля да нуля, пасля чаго матэрыял захоўвае намагнічанасць астаткавую Jr.

Поўнае Р. ( Jr→ = 0 ) дасягаецца рознымі спосабамі. Найб. пашыраны — цыклічнае перамагнічванне знакапераменным магн. полем з амплітудай, якая памяншаецца ад значэння, у 1,5—2 разы большага за каэрцытыўную сілу, да нуля; для Р. патрэбна каля 30—60 цыклаў перамагнічвання. Р. мае месца і пры ўздзеянні на матэрыял пастаяннага магн. поля, антыпаралельнага астаткавай намагнічанасці, якая пры гэтым зніжаецца і пры значэнні напружанасці гэтага поля, роўнай каэрцытыўнай сіле, становіцца роўнай нулю. Пасля выключэння поля намагнічанасць цела часткова аднаўляецца да некаторага значэння ( J′r→ = 0 ). Значэнне напружанасці поля, пасля выключэння якога астаткавая намагнічанасць роўная нулю, наз. рэлаксацыйнай каэрцытыўнай сілай. Да найб. поўнага Р. прыводзіць награванне цела вышэй за Кюры пункт з далейшым ахаладжэннем пры адсутнасці магн. поля. Гэтыя спосабы Р. прыводзяць нулявога значэння намагнічанасці, але характар магн. даменнай структуры пасля кожнага з іх розны.

Выкарыстоўваецца ў тэхніцы для ліквідацыі ўплыву астаткавых магн. палёў дэталей на вымяральныя прылады, для памяншэння нестабільнасці пастаянных магнітаў і інш.

Р.​М.​Шахлевіч.

Размагнічванне пастаянным магнітным полем H: J — намагнічанасць цела; Jr — астаткавая намагнічанасць; Hc — каэрцытыўная сіла; Hr — рэлаксацыйная каэрцытыўная сіла.

т. 13, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРНШТЭ́ЙН Самуіл Барысавіч (н. 3.11.1911, г. Баргузін, Бурація),

рускі вучоны-славіст. Д-р філал. н. (1946). Праф., чл.-кар. Балг. і Македонскай АН. Асн. працы ў галіне слав. і балканскага мовазнаўства. У манаграфіях «Нарыс параўнальнай граматыкі славянскіх моў» (т. 1, 1961) і «Нарыс параўнальнай граматыкі славянскіх моў: Чаргаванні. Іменныя асновы» (т. 2, 1974) даследуюцца праблемы марфаналогіі і лінгвістычнай геаграфіі, паслядоўна выкарыстоўваецца матэрыял бел. літаратурнай і дыялектнай моў.

Р.​М.​Малько.

т. 3, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КОМСОМО́ЛЬСКАЯ ПРА́ВДА»,

масавая грамадска-паліт. газета. Выдаецца з мая 1925 у Маскве на рус. мове. Выходзіць 5 разоў на тыдзень. Асвятляе міжнар. падзеі, грамадска-паліт., эканам., культ. жыццё краіны. Публікацыі, звязаныя з развіццём л-ры, культуры, мастацтва, спорту і інш., адметныя шматжанравасцю, актуальнасцю, элементамі займальнасці. Мае штотыднёвы спецвыпуск на 32 старонках, з іх 12 — інфармацыйны матэрыял па Беларусі. Са студз. 1999 выходзіць пад назвай «Комсомольская правда в Белоруссии».

т. 8, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАМАГНІ́ЧВАННЕ,

змена напрамку вектара намагнічанасці астаткавай фера-ці ферамагн. матэрыялу на процілеглы. Адбываецца ў выніку ўздзеяння на матэрыял пастаяннага знешняга магн. поля, напрамак якога не супадае з напрамкам астаткавай намагнічанасці, або магн. поля, што мяняецца цыклічна (цыклічнае П.). П. звязана з затратамі энергіі, якія наз. стратамі П. Адрозніваюць страты: гістэрэзісныя, на віхравыя токі, на магн. вязкасць. З’ява П. выкарыстоўваецца ў запамінальных, пераключальных і інш. магн. прыладах. Гл. таксама Гістэрэзіс, Намагнічванне.

т. 12, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РТУ́ЦІ СУЛЬФІ́Д,

злучэнне ртуці з серай, HgS. Існуе ў 2 крышт. мадыфікацыях: чырв. і чорнай (у прыродзе адпаведна мінералы кінавар і метацынабарыт). Не раствараецца ў вадзе і арган. растваральніках. Узаемадзейнічае з канцэнтраванымі растворамі сульфідаў шчолачных металаў, чым карыстаюцца для вылучэння ртуці з сульфідных руд. Прыродную кінавар выкарыстоўваюць у вытв-сці ртуці, штучную — як матэрыял для фотарэзістараў, пігмент, каталізатар. Таксічны, ГДК у вадзе 0,005 мг/л (у пераліку на ртуць).

т. 13, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СО́НГІН Восіп Восіпавіч (28.1.1850, г. Гродна — 10.2.1902),

расійскі інжынер і тэхнолаг. Скончыў С.-Пецярбургскі тэхнал. ін-т (1875). З 1898 праф. Харкаўскага тэхнал. ін-та. Аўтар манаграфіі «Сталь як матэрыял для будаўнічай справы і машынабудавання» (ч. 1—3, 1894) і шэрагу артыкулаў, сярод якіх «Значэнне вышэйшай тэхнічнай адукацыі для рускай прамысловасці» (1896).

Літ.:

О.​О.​Сонгин // Вестн. о-ва технологов. СПб., 1903. Т. 10, №3.

А.​А.​Гусак.

т. 15, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЭ́НА (ад франц. moraine), марэнныя адклады,

скопішчы несартаванага ці слабасартаванага абломкавага матэрыялу, які пераносіцца або адкладваецца ледавікамі і ўтварае марэнны рэльеф. Матэрыял М. складаецца з валуноў, глыб, галькі, жвіру, змешаных з пяском, алеўрытам і глінай. Характэрнымі літалагічнымі рознасцямі з’яўляюцца валунны супесак і валунны суглінак. Колер М. ад чырвона-бурага да зеленавата-шэрага з рознымі адценнямі. Грануламетрычны склад М.: фракцыя памерам больш за 1 мм — 7% (валуны, галька, жвір), 1—0,1 мм — 68% (пяскі, алеўрыт), менш за 0,01 мм — 25% (гліны). На Беларусі сярод валуноў пераважаюць метамарфічныя і магматычныя пароды (граніты, гнейсы, габра), прынесеныя ледавіком з Фенаскандыі. Галька і жвір часцей складзены з мясц. асадкавых парод (даламітаў, вапнякоў і інш.). У мінералагічным складзе пераважаюць ільменіт, амфіболы, гранаты, мінералы групы эпідоту, лейкаксен, рутыл, гідраксіды жалеза, гліністыя мінералы (гідраслюды, каалініт, мантмарыланіт і інш.).

Адрозніваюць М. сучасных рухомых ледавікоў і адкладзеныя. Рухомыя М. падзяляюцца на паверхневыя і ўнутраныя (уласцівыя далінным або міжгорным ледавіковым патокам) і донныя (трапляюцца ва ўсіх тыпах ледавікоў). Паверхневыя М. ўтвараюцца з абломкавага матэрыялу, знесенага са скалістых схілаў даліны або адкладзенага пры адтаванні з тоўшчы лёду. Па размяшчэнні на паверхні ледавіка вылучаюць бакавую і сярэдзінную М. Бакавая М. ўтварае валы ўздоўж 2 бакоў ледавіковага «языка». Пры зліцці ледавікоў бакавыя М. аб’ядноўваюцца ў адзін вал па сярэдзіне ледавіка — сярэдзінныя М. (можа быць некалькі). Унутраная М. ўключана ў тоўшчу лёду. Донная М. ўяўляе сабой адарваны ад ложа абломкавы матэрыял, заключаны ў прыдонных слаях лёду. Адкладзеная М. — найб. характэрны тып ледавіковых адкладаў, утвараецца з усіх тыпаў рухомых М. у час руху, прыпынку і канчатковага раставання ледавіка. Падзяляецца на асноўную, абляцыйную і канцавую. Найб. пашырана на тэрыторыях, якія перакрываліся ў антрапагенавы перыяд мацерыковымі льдамі. Асноўная М. — масіўная, радзей лускаватая ці плітчастая, мае абломкавы матэрыял, складае ў асн. раўніны і нізіны, дзе залягае ў выглядзе пластоў. Утвараецца пераважна з доннай М. Часта перакрыта тонкім слоем абляцыйнай М., або М. адтавання, якая ўзнікае ў стадыі дэградацыі ледавіка з унутранай М. і верхніх слаёў доннай М. Гэты тып М. пашыраны ў паласе развіцця форм рэльефу пасіўнага (мёртвага) лёду (камаў, озаў і іх масіваў). Канцавыя М. складаюцца з абломкавага матэрыялу, які намнажаўся ў франтальнай ч. ледавіка, дае часта перамяшаны прынесены і мясц. матэрыял. Назіраюцца дыслацыраваныя слаі парод, ёсць глыбы адорвеняў плейстацэнавых і даплейстацэнавых парод. Сярод іх часта ўтвараюцца напорныя М. Канцавыя М. складаюць узвышшы і канцова-марэнныя грады.

На тэр. Беларусі пашыраны плейстацэнавыя М. Яны адсутнічаюць у далінах рэк урэзаных у даплейстацэнавыя пароды і на невял. размытых участках на Пд краіны. Сярэдняя магутнасць М. аднаго зледзянення 5—30 м, макс. да 100 м. М. займаюць 50% аб’ёму плейстацэнавай тоўшчы, перамяжаюцца з інш. генетычнымі тыпамі адкладаў.

Яны з’яўляюцца рэльефа- і глебаўтваральнымі пародамі, адыгрываюць ролю маркіроўных гарызонтаў пры стратыграфічным расчляненні плейстацэнавых адкладаў, служаць водаўпорам для грунтавых і напорных вод і сыравінай для прам-сці буд. матэрыялаў.

А.​Ф.​Санько.

т. 10, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)