расійская артыстка балета, педагог. Нар.арт.СССР (1973). Жонка У.Васільева. Скончыла Маскоўскае харэагр. вучылішча (1958, педагог Л.Герт), Дзярж.ін-ттэатр. мастацтва (1980). У 1958—88 салістка Вял.т-ра ў Маскве. З 1982 выкладае ў Рас. акадэміі тэатр. мастацтва. З 1990 балетмайстар-рэпетытар Т-ра балета Дзярж. Крамлёўскага палаца. Выступала ў спектаклях маскоўскага Дзярж.т-ра класічнага балета і інш., у т. л. замежных, трупах. Яе творчасць адметная віртуознай тэхнікай, вытанчанай мяккасцю ліній, глыбокім псіхалагізмам. Выканала партыі Машы, Аўроры, Адэты—Адыліі («Шчаўкунок», «Спячая прыгажуня», «Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Фрыгіі («Спартак» А.Хачатурана), Эолы («Ікар» С.Сланімскага), Шуры Азаравай («Гусарская балада» Ц.Хрэннікава), Анюты («Анюта» на муз. В.Гаўрыліна), Кацярыны, Папялушкі, Джульеты («Каменная кветка», «Папялушка», «Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), Жызэль («Жызэль» А.Адана), Кігры («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Музы («Паганіні» на муз. С.Рахманінава), Марыі («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева). Знялася ў тэлевізійных балетах, тэлефільмах-канцэртах, маст. фільме-оперы «Травіята» (1982) і інш. Як драм. актрыса выступіла ў маст. фільме «Фуэтэ» (1986), монаспектаклі «Песня песняў» паводле «Бібліі» (1990, 1994) і інш. Творчасці М. і Васільева прысвечаны тэлефільмы «Дуэт» (1973), «І засталося, як заўсёды, недавыказанае штосьці...» (1990), франц. відэафільм «Каця і Валодзя» (1989). 1-я прэміі Усесаюзнага конкурсу артыстаў балета ў Маскве (1957), Міжнар. конкурсаў артыстаў балета ў Вене (1959) і Варне (1964). Прэміі Г.Паўлавай (1969) і М.Петыпа (1972; Парыж). Дзярж. прэмія СССР 1981. Дзярж. прэмія Расіі 1991.
Літ.:
Львов-Анохин Б. Мастера Большого балета. М., 1976;
Константинова М. Е.Максимова. М., 1982;
Белова Е. Ракурсы танца: Телевизионный балет. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІЯ КУЛЬТУ́РНЫЯ ЗГУРТАВА́ННІ,
грамадскія аб’яднанні беларусаў, што жывуць па-за межамі Беларусі. Створаны ў канцы 1980-х г. у Казахстане, Карэліі, Прыбалтыцы, Расіі, на Украіне. Вядуць культ.-асв. дзейнасць, накіраваную на захаванне нац. свядомасці і гіст. спадчыны, духоўных скарбаў бел. народа: арганізуюць вывучэнне бел. мовы і гісторыі, вядуць краязнаўча-даследчую работу ў цэнтрах, паяднаных гіст. сувязямі з Беларуссю, і інш. У Літве працуюць 11 (1996) нац. згуртаванняў бел. культуры (Вільнюс, Каўнас, Клайпеда). Бел. клуб «Сябрына» (Вільнюс) і Т-вабел. культуры даследуюць малавядомыя факты бел. гісторыі і культуры, звязаныя з імёнамі Ф.Скарыны, К.Каліноўскага, І.Луцкевіча, Цёткі, Я.Купалы. Т-ва выпускае бел. старонку «Пагоня» ў газ. «Lietuvos rytas» («Раніца Літвы»), на літоўскім радыё і тэлебачанні рыхтуе перадачы для беларусаў. У Вільнюскім пед. ун-це адкрыта аддзяленне бел. філалогіі. У Латвіі створана 7 суполак. Т-вабел. культуры ў Рызе выпускае бел. газету «Прамень», разам з фондам культуры Латвіі вядзе прапаганду бел. культуры і гісторыі сярод беларусаў і латышоў, падтрымлівае сувязі з землякамі, што жывуць у Латгаліі. Т-вы ў Таліне і Йыхві (усіх у Эстоніі 5) арганізавалі вывучэнне бел. мовы, традыцый, песень, збіраюць б-кі нац. л-ры. Працуюць т-вы бел. культуры ў С.-Пецярбургу (у т. л. суполка мастакоў-беларусаў) і Маскве (у т. л. суполкі студэнтаў і вайскоўцаў-беларусаў, філія «Бацькаўшчына», Маскоўскает-вабел. культуры імя Ф.Скарыны, суполка БНФ, т-ва «Расія — Беларусь»). Згуртаванні беларусаў дзейнічаюць у Арэнбургу, Калінінградзе, Мурманску, Новасібірску, Ніжнім Ноўгарадзе, Петразаводску, Цверы, у Саснагорску (Рэспубліка Комі), у Якуцку [Рэспубліка Саха (Якуція)]. На Украіне створана 10 нац. згуртаванняў бел. культуры (Кіеў, Львоў, Чарнаўцы, Палтава, Ялта і інш.). Т-вабел. культуры ў Сімферопалі апякуе магілу М.Багдановіча, займаецца пошукамі этнагр. экспанатаў для бел. экспазіцыі ў Сімферопальскім абл. краязнаўчым музеі. Згуртаванні беларусаў дзейнічаюць таксама ў Малдове (2) і па аднаму ў Казахстане, Узбекістане, Кыргызстане, Татарстане.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЫ́ЧНЫЯ ТАВАРЫ́СТВЫ,
аб’яднанні прафес. музыкантаў і аматараў музыкі, якія маюць на мэце пашырэнне муз. культуры, прапаганду і вывучэнне муз. мастацтва ці асобных яго відаў. Падзяляюцца на выканальніцкія (хар., аркестравыя, камерныя), навук., асветныя, творчыя. Існуюць т-вы нац. і міжнародныя (Міжнар.т-ва сучаснай музыкі, Міжнароднае таварыства музыказнаўства, Міжнар.т-вамуз. выхавання, Міжнар. савет нар. музыкі; многія з іх уваходзяць у Міжнародны музычны савет пры ЮНЕСКА).
Першыя М.т. — муз. акадэміі — узніклі ў Італіі ў 16 ст. У 17 ст. падобныя т-вы («калегіум музікум») з’явіліся ў інш.еўрап. краінах. У 18 ст. ўзніклі канцэртныя, т. зв. філарманічныя М.т. У 19 ст. пашырыліся аматарскія хар. т-вы, т-вы па прапагандзе музыкі і выданні твораў асобных кампазітараў (Бахаўскае, Гендэлеўскае, Вагнераўскае і інш.). У Расіі першае М.т. ўзнікла ў Пецярбургу («Музычны клуб», 1772). Існавалі таксама Пецярбургскае філарманічнае т-ва (1802), Рус.муз.т-ва (1859—1917), Музычна-этнаграфічная камісія, Рус. харавое т-ва (Масква, 1878), Маскоўскае філарманічнае т-ва (1883). У 1923 створаны Асацыяцыя сучаснай музыкі і Рас. асацыяцыя пралетарскіх музыкантаў (РАПМ), на аснове якой у 1932 заснаваны Саюз кампазітараў Расіі. 3 інш. М.т. — Аб’яднанне рэв. кампазітараў і муз. дзеячаў (1925—32), Усеўкраінскае муз.т-ва імя Леантовіча (1921—28), Усеўкраінскае т-варэв. музыкантаў (1928—32), Усерас.хар.т-ва (з 1957).
На Беларусі аб’яднанні прафес. музыкантаў і аматараў пашырыліся ў канцы 19 — пач. 20 ст. Існавалі; Мінскае музычна-літаратурнае таварыства, Мінскае муз.т-ва (1880), Віцебскае т-ва аматараў муз. і драм. мастацтва (1883), Брэсцкае муз.-драм.т-ва аматараў (1885), Магілёўскае муз.-драм.т-ва (1886), Мінскае муз.-драм.т-ва (1893), Мінскі муз. гурток (1896), Мінскае таварыства аматараў прыгожых мастацтваў, Магілёўскі літаратурна-музычна-драматычны гурток, Мінскае літаратурна-артыстычнае таварыства, Віцебскі музычна-драматычны гурток, Слуцкае літ.-артыстычнае т-ва (1906), Беларускі музычна-драматычны гурток у Вільні, Мінскае таварыства сяброў музыкі, Т-ва імя А.Рубінштэйна ў Віцебску (1920-я г.), «Музыку — масам» у Мінску (з 1929). Бел. кампазітары ўваходзілі ў Т-вадрам. пісьменнікаў і кампазітараў (з 1926), пазней стварылі кампазітарскую секцыю пры Бел. асацыяцыі пралет. пісьменнікаў і паэтаў (1928—32). Саюз кампазітараў Беларусі напачатку існаваў як аўтаномная секцыя Саюза пісьменнікаў Беларусі, з 1938 самастойны. У. 1987 створаны Саюз музычных дзеячаў Беларусі (да 1991 муз.т-ва Беларусі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́НІН (Іван Аляксеевіч) (22.10.1870, г. Варонеж, Расія — 8.11.1953),
рускі пісьменнік. Акад. Пецярбургскай АН (1909). Продак пісьменніка Сымон Бунікоўскі ў 15 ст. перасяліўся з ВКЛ у Маскоўскаевял. княства, дзе і атрымаў прозвішча Бунін. У 1909—14 Бунін жыў за мяжой. Кастр. рэвалюцыю 1917 не прыняў (свае адносіны да бальшавіцкага рэжыму выказаў у дзённіку «Акаянныя дні», 1925—26). У 1920 эміграваў у Францыю. Літ. дзейнасць пачаў у 1887 як паэт. Вершы Буніна, вытрыманыя ў рэаліст. традыцыях рус. паэзіі 19 ст., процістаялі дэкадэнцкай лірыцы (зб-кі «Вершы 1887—1891 гг.», 1891; «Пад адкрытым небам», 1898; «Лістапад», 1901, Пушкінская прэмія 1903; «Вершы і апавяданні, 1907—1910», 1910). Першы зб. апавяданняў «На краі свету» (1897). У эміграцыі выдаў зб. паэзіі «Выбраныя вершы» (Парыж, 1929), 10 новых кніг прозы: «Ружа Іерыхона» (1924), «Сонечны ўдар» (1927), «Божае дрэва» (1931), «Цёмныя алеі» (1943) і інш., рэліг.-філас. трактат «Вызваленне Талстога» (1937). У кн. «Успаміны» (Парыж, 1950) — суб’ектыўна-крытычная характарыстыка М.Горкага, А.Блока, В.Брусава, Г.Ахматавай, С.Ясеніна, У.Маякоўскага і інш. Лаканічная мова, сціслая кампазіцыя, востры сюжэт, глыбокі псіхалагізм, пранікнёная лірычнасць апавядання — асн. рысы стылю Буніна. У ранніх апавяданнях («Танька», «Антонаўскія яблыкі») адлюстраваў голад і пакуты сялянства, распад патрыярхальнага жыцця селяніна і заняпад дваранскай Расіі. Творы 1910-х г. (паэма ў прозе «Вёска», 1910; аповесць «Сухадол», 1912; апавяд. «Вясёлы двор», «Захар Вараб’ёў», «Пустазелле», «Браты», «Пан з Сан-Францыска») з бязлітаснай маст. сілай раскрываюць тэму збяднення сялян, іх цемру і бяспраўе, працэс сац. і маральнага выраджэння памешчыцкай сям’і. Апавяданні 1920—30-х г. («Лапці», «Цёмныя алеі») прасякнуты матывамі і вобразамі, навеянымі настальгічнымі ўспамінамі пра радзіму, прысвечаны тэме трагічнага кахання (аповесць «Міцева каханне», 1925). У 1927—33 працаваў над сваім самым буйным творам — аўтабіягр. раманам «Жыццё Арсеннева» (Парыж, 1930, 1-е поўнае выд. Нью-Йорк, 1952), у якім адлюстраваў мінулае Расіі, сваё дзяцінства і юнацтва. Пераклаў на рус. мову «Песню пра Гаявату» Г.Лангфела, містэрыі Дж.Байрана «Каін», «Манфрэд», паэму А.Тэнісана «Лэдзі Гадзіва», вершы А. дэ Мюсэ, Л. дэ Ліля, А.Міцкевіча, Т.Шаўчэнкі і інш. Нобелеўская прэмія 1933. На бел. мову творы Буніна перакладалі Я.Скрыган, М.Лужанін і інш.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—9. М., 1965—67;
Собр. соч.Т. 1—6. М., 1987—88;
бел.пер. — Выбранае. Мн., 1958;
Выбр. проза. Мн., 1992.
Літ.:
Афанасьев В. И.А.Бунин: Очерк творчества. М., 1966;
Волков А. Проза Ивана Бунина. М., 1969;
Михайлов О. Строгий талант: Иван Бунин: Жизнь, судьба, творчество. М., 1976;
Бабореко А. И.А.Бунин: Материалы для биографии с 1870 по 1917. 2 изд. М., 1983;
Лавров В. Холодная осень: Иван Бунин в эмиграции (1920—1953). М., 1989;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЎГАРО́ДСКАЯ ФЕАДА́ЛЬНАЯ РЭСПУ́БЛІКА,
дзяржава на ПнЗ сучаснай Расіі з цэнтрам у г.Ноўгарад у 1136—1478. Узнікла ў выніку распаду Кіеўскай Русі. Тэр. Н.ф.р. пашыралася шляхам каланізацыі і ў 15 ст. распасціралася ад Балтыйскага м. да Паўн. Урала і ад Баранцава м. да вярхоўяў Волгі. Асн. заняткі насельніцтва — земляробства і жывёлагадоўля, а таксама лясныя і марскія промыслы, ільнаводства, здабыча солі і выплаўка жалеза. Цэнтрамі рамяства і гандлю былі гарады Ноўгарад, Старая Руса, Ладага, Таржок, Арэшак і інш. Наўгародскія купцы мелі шырокія гандл. сувязі з інш. землямі Русі і замежнымі краінамі. Вышэйшы орган улады Н.ф.р. — наўгародскае веча, якое выбірала пасадніка (гал. службовую асобу), тысяцкага і (з 1156) архіепіскапа. Архіепіскап фактычна ўзначальваў выканаўчую ўладу дзяржавы, кіраваў яе знешнімі зносінамі, выконваў суд. і інш. функцыі. Наўгародскі князь запрашаўся з інш. княстваў вечам, якое заключала з ім дагавор («рад»), і выконваў пераважна функцыі военачальніка. Рэальная ўлада знаходзілася ў руках невял. групы буйных феад. землеўладальнікаў (30—40 баярскіх сем’яў). У 12—15 ст. Н.ф.р. вяла шматлікія, пераважна абарончыя войны супраць Швецыі, Лівонскага ордэна, Даніі, ВКЛ і Маскоўскага вялікага княства. З 1250-х г. яна была вымушана плаціць даніну Залатой Ардзе. Маскоўскаевял. княства і ВКЛ з пач. 14 ст. імкнуліся, у т. л. з дапамогай ваен. сілы, усталяваць свой суверэнітэт над Н.ф.р., урад якой шляхам лавіравання паміж імі (у т. л. запрашаючы князёў то з ВКЛ, то з маскоўскіх уладанняў) працяглы час захоўваў фактычную незалежнасць сваёй дзяржавы. У 1410-я г.рым. папы Іаан XXIII і Марцін V выдалі некалькі булаў, якімі прызнавалі Вітаўта і Ягайлу «ген. вікарыямі» Ноўгарада і Пскова, але спробы Вітаўта заваяваць Н.ф.р. былі безвыніковымі. Залежнасць Н.ф.р. ад маскоўскіх князёў узмацнілася пасля Яжалбіцкага міру 1456, якім скончылася чарговае, няўдалае для Ноўгарада супрацьстаянне з Масквой. Каб пазбегнуць поўнага падпарадкавання Маскве, правячыя колы Н.ф.р. ў 1470 запрасілі да сябе князем слуцкага кн. Міхаіла Алелькавіча і былі гатовы прызнаць сваім сюзерэнам вял. князя ВКЛКазіміра IV, аднак у 1471, пасля паражэння ад маскоўскіх войск у Шалонскай бітве, падпісалі з вял. маскоўскім кн. Іванам III Карастынскі мір, які амаль пазбавіў Н.ф.р. самастойнасці. У 1478 Іван III канчаткова ліквідаваў Н.ф.р. і далучыў яе тэр. да Маскоўскай дзяржавы. Н.ф.р. была самай развітай у культ. адносінах часткай Русі з шырока распаўсюджанай пісьменнасцю (пра гэта сведчаць берасцяныя граматы), багатымі традыцыямі летапісання (гл.Наўгародскія летапісы), уласнымі школамі дойлідства і выяўл. мастацтва (гл.Наўгародская школа дойлідства, Наўгародская школа іканапісу).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
У цэнтры еўрап. часткі Расійскай Федэрацыі. Утворана 14.1.1929. Пл. 47 тыс.км². Нас. 6517 тыс.чал. (1998, з Масквой 14 816 тыс.чал.), гарадскога 80% (з улікам нас. Масквы 91%). Цэнтр — г.Масква. Найб. гарады: Падольск, Люберцы, Мыцішчы, Каломна, Электрасталь, Серпухаў, Хімкі, Каралёў, Балашыха. Разам з Масквой М.в. утварае Маскоўскі сталічны рэгіён.
Прырода. Размешчана ў цэнтры Усх.-Еўрап. раўніны, у міжрэччы Волгі і Акі. Рэльеф пераважна раўнінны. На З і Пн Смаленска-Маскоўскаеўзв. (выш. да 310 м) з узгорыстай часткай — Клінска-Дзмітраўскай градой (выш. да 285 м). Паўд.ч. займае Маскварэцка-Окская раўніна, паўд.-ўсх. — забалочаная Мяшчорская нізіна. Карысныя выкапні: торф, фасфарыты, шкловыя пяскі, вогнетрывалая гліна, жвір, вапнякі. Ёсць крыніцы мінер. вод. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -10 °C, ліп. 17 °C. Ападкаў 450—650 мм за год. Густая рачная сетка. Гал. рэкі — Ака (з прытокамі Пратва, Нара, Лапасня, Цна, Асётр) і Масква (з прытокамі Руза, Істра, Яўза, Пахра), Клязьма. На Пн прытокі Волгі — Дубна, Лама. Больш за 350 азёр, у т. л. Сянежскае, Трасценскае, Святое. На канале імя Масквы і р. Масква шэраг вадасховішчаў (Істрынскае, Мажайскае, Клязьмінскае і інш.). Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, на Пн і ў Мяшчорскай нізіне балотныя, на Пд светла-шэрыя і чарназёмныя ападзоленыя, па далінах рэк алювіяльныя. Каля 40% тэрыторыі М.в. занята мяшанымі лясамі, асн. масівы на З і У вобласці. Лесапаркавы ахоўны пояс, рэкрэацыйная зона. Прыокска-тэрасны запаведнік, нац. парк Ласіны Востраў.
Гаспадарка. М.в. эканамічна цесна звязана з Масквой. Па ўзроўні развіцця прам-сці яна саступае толькі Маскве і С.-Пецярбургу. Асн. галіна прам-сці — машынабудаванне (энергетычнае, цяжкае, транспартнае, станкабудаванне, эл.-тэхн., прыладабудаванне і інш.), прадстаўлена вытв-сцю катлоў для цеплавых электрастанцый, пракатнага абсталявання, металарэзных станкоў, вагонаў метрапалітэна, грузавых і пасаж. вагонаў, цеплавозаў, аўтобусаў, легкавых аўтамабіляў, сіласаўборачнай тэхнікі, швейных машын, фотаапаратаў, аптычнай і быт. тэхнікі, кабельнай прадукцыі і інш. Развіты ваенна-прамысл. комплекс (аэракасмічная, радыёэлектронная прам-сць, вытв-сць зброі, боепрыпасаў). Вял. значэнне для машынабудавання мае пераробная металургія (вытв-сць высакаякаснай сталі і пракату). Энергетыка працуе пераважна на прывазным паліве (Кашырская, Шатурская ДРЭС, Люберацкая, Маскоўская ЦЭЦ, Загорская ДАЭС і інш.). Вытв-сць электраэнергіі 22 млрд.кВт∙гадз (1996). Самая старая галіна лёгкай прам-сці — тэкстыльная; выраб баваўняных, шарсцяных, шаўковых тканін (каля 10% агульнарас. вытв-сці). Развіты трыкат., швейная, гарбарна-абутковая, дывановая галіны. Хім.прам-сць (вытв-сць азотных і фосфарных угнаенняў, сернай к-ты, сінт. смол, пластмасы, хім. валакна і нітак, гумавых вырабаў, лакаў і фарбаў). Прам-сцьбуд. матэрыялаў (цэмент, цэгла, шыфер, жалезабетонныя канструкцыі, азбестацэментныя трубы). Вытв-сць фарфора-фаянсавых і шкляных вырабаў, мэблі, буд. дэталей, паперы, паліграф. прадукцыі. Шэраг прадпрыемстваў харч. прам-сці. Маст. промыслы (кераміка, размалёўка драўляных шкатулак, метал. падносаў і інш.) у Фядоскіне, Гжэлі, Жоставе і інш. Сельская гаспадарка прыгараднага тыпу. Пл.с.-г. угоддзяў 1880 тыс.га, у т. л. пад ворывам 1504 тыс.га. Вядучая галіна — жывёлагадоўля (малочнага і малочна-мяснога кірунку), свіна-, птушка-, авечка- і козагадоўля. У раслінаводстве гал. месца займае вытв-сць кармоў (каля 3/5 пасяўных плошчаў). Пасевы пшаніцы, жыта, ячменю, аўса, бульбы, агародніны, у т. л. у закрытым грунце. Кветкаводства і вырошчванне грыбоў. М.в. мае густую сетку ўсіх відаў транспарту; 11 радыяльных чыг. магістралей у напрамку ад Масквы, 13 аўтадарог, Маскоўская кальцавая аўтадарога. Суднаходства па рэках Ака, Масква і па канале імя Масквы. Рачныя парты: Дубна, Серпухаў, Каломна, Васкрасенск. 4 аэрапорты: Шарамецева (міжнар.), Дамадзедава, Унукава, Быкова. Развіты трубаправодны транспарт. Нафтаправоды да Масквы ад Разані і Яраслаўля, газаправоднае кальцо Серпухаў—Васкрасенск—Нагінск—Дзмпраў—Валакаламск—Серпухаў. Курорты Дорахава, Цішкава, Міхайлаўскае. Турызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАМАБІ́ЛЬНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна машынабудавання. Асн. прадукцыя: аўтамабілі, вузлы, агрэгаты, цягачы, прычэпы, паўпрычэпы, матацыклы, веласіпеды, мапеды і запасныя часткі да іх. Характарызуецца высокім узроўнем спецыялізацыі, шырокім каапераваннем, перадавой тэхналогіяй, цеснымі сувязямі з металургічнай, металаапр., электратэхн., прыладабуд., хім., нафтахім. і інш. галінамі прам-сці.
Аўтамабільная прамысловасць узнікла ў канцы 19 ст. (Германія, Францыя, Вялікабрытанія, ЗША), з пач. 20 ст. развіваецца ў Расіі. Першыя легкавыя аўтамабілі выпушчаны ў Рызе ў 1908—15 (з-д «Руса-Балт»), грузавыя — у 1924 [з-д АМО («Аўтамабільнае Маскоўскае таварыства») у Маскве] і ў 1925 (Яраслаўскі аўтамаб.з-д). У 1931—32 закончана рэканструкцыя АМО (цяпер ЗІЛ, аўтамаб.з-д імя Ліхачова) і пабудаваны Горкаўскі аўтамаб.з-д (Ніжні Ноўгарад), з 1940 выпускаюцца малалітражныя аўтамабілі на Маскоўскім аўтазборачным з-дзе (цяперашні АЗЛК). У час Вял.Айч. вайны створаны Уральскі (г. Міяс) і Ульянаўскі з-ды, пасля вайны прадпрыемствы аўтамабільнай прамысловасці пабудаваны ў розных рэгіёнах б.СССР [у гарадах Мінск, Крамянчуг, Кутаісі, Жодзіна, Саранск, Запарожжа, Бішкек (б. Фрунзе)], створаны заводы па выпуску аўтобусаў [Львоў, Паўлава (на р. Ака), Лікіна ў Маскоўскай вобл.], мікрааўтобусаў у Рызе і інш. У 1970 даў прадукцыю Волжскі аўтамаб.з-д (ВАЗ), у 1976 — комплекс заводаў у г. Набярэжныя Чаўны (КамАЗ).
У 1991 на прадпрыемствах б.СССР выпушчана 1657 тыс. аўтамабіляў, у т. л. легкавых 1059 тыс., грузавых 524 тыс., аўтобусаў 74 тыс.Найб. ўзровень вытворчасці быў дасягнуты ў 1980 (выпушчана 2199 тыс. аўтамабіляў). Сусв. аўтамабільная прамысловасць вызначаецца высокай канцэнтрацыяй вытв-сці і збыту ў адносна невял. колькасці канцэрнаў-манапалістаў. У ЗША 90% аўтамабіляў выпускаюць з-ды «вялікай тройкі» — «Джэнерал мотарс», «Форд мотар» і «Крайслер». Японскія фірмы «Таёта мотар» і «Нісан мотар» выпускаюць больш за 60% аўтамабіляў краіны, «вялікая чацвёрка» Германіі — «Фольксвагенверк», «Мерседэс-Бенц», «А. Опель» і «Форд» — 75%, італьянскія фірмы «ФІАТ», «Альфа Рамео» і «Лянчыя» — 80% аўтамабіляў, у Францыі вядучыя фірмы «Рэно» і «Пежо». Штогод у свеце вырабляецца 45—50 млн. аўтамабіляў, з іх каля 25% грузавых і аўтобусаў, 50% ідзе на замену старых і зношаных машын. Дынаміку вытворчасці аўтамабіляў у свеце гл. ў табліцы.
На Беларусі аўтамабільная прамысловасць развіваецца з 1944, калі пад Мінскам пачалася зборка грузавых аўтамабіляў з прывазных вузлоў і дэталяў. У 1945—47 на гэтым месцы пабудаваны Мінскі аўтамабільны завод (МАЗ), у 1958 у г. Жодзіна — Беларускі аўтамабільны завод (БелАЗ). У 1975 створана ВА«БелаўтаМАЗ», цэнтры аўтамабільнай прамысловасці: Мінск, Жодзіна, Магілёў, Пінск, Ліда, Гродна, Бабруйск, Баранавічы і Асіповічы. Асн. прадукцыя: велікагрузныя аўтамабілі і аўтапаязды поўнай масай да 40 і 50 т, грузавыя аўтамабілі высокай праходнасці, самазвалы, лесавозы, гар. турысцкія аўтобусы (МАЗ), кар’ерныя самазвалы грузападымальнасцю ад 30 да 200 т, шлакавозы, аэрадромныя цягачы (БелАЗ), пазадарожныя аўтамабілі «Волат», трубавозы, колавыя цягачы грузападымальнасцю да 50 і 65 т (Мінскі завод колавых цягачоў), самазвалы грузападымальнасцю 23 т, самазвальныя паязды для шахтаў, аўтабетонамяшалкі, дарожна-будаўнічыя машыны (Магілёўскі аўтамабільны завод), дарожныя веласіпеды і матацыклы (Мінскі матацыклетны і веласіпедны завод) і інш. За год вырабляецца 21,3 тыс. грузавых аўтамабіляў (1994, макс. вытворчасць была дасягнута ў 1985 — 42,5 тыс.), 128 тыс. матацыклаў і 603 тыс. веласіпедаў (1991). У 1994 наладжаны выпуск аўтобусаў «Амкадор-Ікарус» (зборка) акцыянерным т-вам «Амкадор-Пінск», аўтобусаў ЛіАЗ-5256 на доследным з-дзе «Нёман» у г. Ліда, эксперым. зборка малалітражных аўтамабіляў «Ака» на Гродзенскім заводзе карданных валоў. Прадпрыемствы аўтамабільнай прамысловасці Беларусі кааперуюцца і супрацоўнічаюць з заводамі Расіі, Германіі, Чэхіі і інш. краін.
А.С.Рукцешэль.
Дынаміка вытворчасці аўтамабіляў ў свеце (у тыс.шт.)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКВА́,
федэральны горад, сталіца Расійскай Федэрацыі, цэнтр. Маскоўскай вобл. Найбуйнейшы ў краіне прамысл., фін., навук. і культ.цэнтр. Горад-герой (1965). Размешчаны ў міжрэччы Волгі і Акі, на ўскраіне Мяшчорскай нізіны. Па тэр. М. працякае каля 150 рэчак, большасць з якіх у падземных трубах; самая вял.р. Масква з прытокамі Яўза і Сетунь. Агульная пл. 1071 км² (пад жылымі кварталамі 367 км², пад прамысл. зонай 151 км², зялёнымі насаджэннямі 104 км², водныя аб’екты 24 км²). У межы М. ўключаны б. гарады Бабушкін, Любліно, Кунцава, Пярова, Тушына і інш.нас. пункты. Падзяляецца на 10 адм. акруг. 8,7 млн.ж. (1999). Вузел чыгунак, аўтамаб., водных і паветр. шляхоў зносін, рачны порт. Ад М. адыходзяць 11 электрыфікаваных напрамкаў чыгункі, 13 шашэйных дарог. 9 чыг. вакзалаў, 3 рачныя парты, 4 пасажырскія аэрапорты (Дамадзедава, Шарамецьева, Унукава, Быкова). Метрапалітэн (працягласць 255,7 км, 158 станцый). М. — адзін з найб. у свеце індустр. цэнтраў; вырабляе каля 5% прадукцыі прам-сці Расіі. У структуры прамысл. прадукцыі (1995, %) вылучаюцца электраэнергетыка — 17, машынабудаванне — 24, прам-сцьбуд. матэрыялаў — 8, харч. — 23, інш. — 28. Шмат прадпрыемстваў ваенна-прамысл. комплексу, вядучыя прадпрыемствы авіяц., ракетна-касм., радыёэлектроннай, прыладабуд. прам-сці. Вядучае месца займаюць машынабудаванне і металаапрацоўка, у т. л. станкаінстр., эл.-тэхн., аўтамаб.прам-сць, вытв-сць халадзільнага, кампрэсарнага і пад’ёмнага абсталявання, падшыпнікаў, гадзіннікаў. Найб.маш.-буд. прадпрыемствы: «ЗІЛ», АЗЛК, «Маскоўскі падшыпнік», авіяц.вытв. аб’яднанне імя Дзяменцьева, вытв. аб’яднанне «Энергія», з-ды імя Хрунічава, «Калібр», «Метраном», «Чырвоны пралетарый» і інш. Развіта хім.прам-сць, у т. л.вытв-сцьаўтамаб. шын, гумава-тэхн., пластмасавых, фармацэўтычных, парфумерных вырабаў, фарбаў, тавараў быт. хіміі. Прадпрыемствы чорнай металургіі, нафтаперапр.з-д. М. — традыц. цэнтр тэкст. і швейнай прам-сці. Развіты харч. (кандытарская ф-ка «Чырв. Кастрычнік», Астанкінскі і Чаркізаўскі мясаперапрацоўчыя камбінаты, акц. т-вы «Ферэйн», «Царыцына», «Бабаеўскае» і інш.), паліграф., гарбарная, абутковая, футравая прам-сць. М. — цэнтр кнігавыдавецтва і кнігадрукавання. Кінапрамысловасць. У М. сканцэнтраваны буйныя прадпрыемствы буд. індустрыі. Фін. і інвестыцыйны цэнтр краіны (банкі, біржы). 92 плавальныя басейны, 18 палацаў спорту, 96 стадыёнаў.
Гісторыя. У канцы 1-га тыс.н.э. асновай насельніцтва М. былі вяцічы. У канцы 11 ст. М. — невял. горад з умацаваным цэнтрам і рамесна-гандл. пасадам. Упершыню згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе ў 1147 як уладанне суздальскага князя Юрыя Далгарукага. На мяжы 12—13 ст. значны горад Уладзіміра-Суздальскага княства. У 1237—38 разбурана мангола-татарамі. З канца 13 ст. цэнтр самаст. княства; пачынальнікам дынастыі маск. князёў быў Даніла Аляксандравіч, сын Аляксандра Неўскага. З 14 ст. цэнтр Маскоўскага вялікага княства. Каля 1326 пры Іване I з Уладзіміра ў М. перанесена рэзідэнцыя мітрапалітаў рус.правасл. царквы. У 1368 і 1370 войскі Дзмітрыя Іванавіча Данскога адбілі напады на М. вял. князя ВКЛАльгерда. У М. фарміравалася рус. войска, якое ўдзельнічала ў Кулікоўскай бітве 1380. У 1382 горад абрабаваў і спаліў хан Тахтамыш (гл. таксама Маскоўскае паўстанне 1382). З канца 15 ст. М. — сталіца Расіі, у сувязі з чым у 15—16 ст. павялічылася эканам. значэнне горада (вытв-сць зброі, тканін, скураных, ганчарных і ювелірных вырабаў), засн.Гарматны двор, Парахавы (канец 15 ст.) і Манетны (1534) двары. У сак. 1564 І.Фёдараў (Федаровіч) і П.Мсціславец выдалі ў М. першую друкаваную рус. кнігу («Апостал»). Горад моцна пацярпеў у часы апрычніны (1565—72, 1575—76), у 1571 спалены (акрамя Крамля) войскам крымскага хана Даўлет-Гірэя. У 1610 акупіраваны войскамі Рэчы Паспалітай, вызвалены нар. апалчэннем пад кіраўніцтвам К.М.Мініна і Дз.М.Пажарскага. З 17 ст. М. — усерас. цэнтр рамеснай вытв-сці і гандлю (у канцы 1630-х г. у горадзе было каля 2 тыс. рамеснікаў), узніклі парахавыя млыны, папяровыя мануфактуры, Гранатны двор і інш. У 1687 засн.Славяна-грэка-лацінская акадэмія (з 1682 Маск. духоўная акадэмія). У 1682 (гл.Маскоўскае паўстанне 1682) і 1698 у М. адбыліся бунты стральцоў. З 1708 цэнтр Маскоўскай губ., рэзідэнцыя ген.-губернатарства. Пасля пераносу ў 1712 сталіцы Расіі ў Пецярбург М. засталася важнейшым эканам., гандл. і культ. цэнтрам краіны. У 18 ст. развівалася тэкст.вытв-сць (палатняныя, шаўковыя мануфактуры, Суконны двор). Паводле перапісу 1701 у М. 16 358 двароў. Пачалося брукаванне вуліц, у 1730 з’явілася вулічнае асвятленне, у 1781—1804 пабудаваны першы ў Расіі водаправод. У 1699 засн. Бурмістрава палата (пазней Ратуша, з 1720 Магістрат), у 1785 — Гар. дума. Засн.Артыл. (1707) і Інж. (1712) школы, у 1755 — Маскоўскі універсітэт. У вайну 1812 М. — цэнтр агульнарас. супраціўлення, на 2/3 спалена войскамі Напалеона 1. У 1814 тут дзейнічала больш за 250 прадпрыемстваў. З 2-й пал. 19 ст. М. — найбуйнейшы чыг. цэнтр краіны. У канцы 1840-х г. у горадзе з’явіўся першы грамадскі транспарт — «лінейкі», у 1899 — трамвай. У пач. 20 ст. М. — буйны сусв. крэдытна-фін.цэнтр. Адзін з цэнтраў рэвалюцыі 1905—07 і Кастр. рэвалюцыі 1917 у Расіі. З 1918 М. — сталіца РСФСР, у 1922—91 — СССР. У Вял.Айч. вайну адбылася Маскоўская бітва 1941—42, масквічы сфарміравалі 16 дывізій нар. апалчэння; тут знаходзіліся Дзярж.к-т абароны і Стаўка Вярх. галоўнакамандавання. У 1980 месца правядзення ХХП летніх Алімп. гульняў. У 1990 у М. абвешчаны дзярж. суверэнітэт Рас. Федэрацыі. З 1992 М. — сталіца Рас. Федэрацыі, горад федэральнага значэння — суб’ект Рас. Федэрацыі.
Архітэктура. Гіст. ядро М. — Крэмль Маскоўскі (узнік у 11—12 ст. у сутоках Масквы-ракі і р. Няглінная), Красная плошча (з 15 ст.) з Васіля Блажэннага храмам (1555—90). У аснове радыяльна-кальцавога плана М. вуліцы, што разыходзіліся ад Крамля, і 3 поясы крапасных умацаванняў: Кітай-горада (1535—38, захаваліся фрагменты), Белага горада (1585—93, дойлід Ф.Конь, цяпер Бульварнае кальцо) і Землянога горада (1591, 1641 і 1659, цяпер Садовае кальцо). У 13—16 ст. на гал. падыходах да М. ўзведзены ўмацаваныя манастыры: Андронікаў манастыр, Данскі манастыр, Новадзявочы манастыр, Данілаў (засн. ў 1282, цяпер манастыр-рэзідэнцыя патрыярха Маскоўскага) і інш. Забудова горада была пераважна драўляная. У 14 ст. складваецца Маскоўская школа дойлідства. Пачалі будаваць каменныя пасадскія храмы, у т. л. бесстаўповыя, перакрытыя крыжовымі скляпеннямі (царква Зачацця Ганны, што ў Вугле, 1478—93). У 16 ст. будавалі цэрквы стоўпападобныя шатровыя (царква Ушэсця ў Каломенскім, 1532), манум. 5-купальныя (царква Адсячэння галавы Іаана Прадцечы ў Дзякаўскім, 1547). У 17 ст. Крэмль страціў крапасное значэнне, яго вежы ўпрыгожылі дэкар. шатрамі; культавыя і грамадз. збудаванні набылі свецкі характар, ускладніўся сілуэт, з’явіліся ўзорыстая цагляная муроўка, белакаменная разьба, каляровая кафля (царква ў Хамоўніках, 1679—80). З канца 17 ст. будавалі ў духу т.зв.нарышкінскага барока: цэрквы Уваскрэсення ў Кадашах (1687—1713, перабудавана ў 1860), Тройцы ў Хахлоўскім завулку (1696, каляровая кафля бел. цанінніка Палубеса), Тройцы ў Троіцкім-Лыкаве (1698—1704, прыпісваецца Я.Бухвоставу), каменныя жылыя дамы (палаты дзяка Аверкія Кірылава, 1657, перабудаваны ў 18 ст.). Многія храмы і палацы М. аздаблялі бел. рэзчыкі (гл.Беларуская рэзь). З канца 17 — пач. 18 ст. былі спробы рэгулявання планіроўкі гар. кварталаў, складзены першы геад. план М. (1731—39, арх. І.Мічурын, І.Мардвінаў). Будавалі ў традыц. формах 17 ст. з выкарыстаннем ордэра, склаўся стыль барока (царква Архангела Гаўрыіла, т.зв. Меншыкава вежа, пачата ў 1701, у 1704—07 — арх. І.Зарудны; дом Апраксіных, 1766—69). У 2-й пал. 18 ст. ў М. пашырана буд-ва ў формах класіцызму: будынкі Шляхетнага сходу (да 1775, перабудаваны ў 1784—90; цяпер Дом Саюзаў), Сената ў Крамлі (1776—88; цяпер рэзідэнцыя прэзідэнта Рас. Федэрацыі), Галіцынскага шпіталя (1796—1801), царква Філіпа Мітрапаліта (1777—88), дамы Дзямідава (1779—91), Барышнікава (1797—1802; усе арх. М.Казакоў), Пашкова (1784—96, арх. В.Бажэнаў, цяпер корпус Рас.дзярж. б-кі). У канцы 18 ст. на месцы Белага горада закладзены бульвары (першы — Цвярскі, 1796). У 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. склаліся ансамблі падмаскоўных сядзіб — Астанкіна, Кускова, Царыцына і інш. На ўскрайках М. сяліліся рамеснікі і рабочыя. Пасля пажару 1812 (зруйнавана больш за 2/3 будынкаў) створана «Камісія для адбудовы Масквы» (1813—43, адзін з кіраўнікоў арх. В.Бавэ), праводзіліся вял. горадабуд. работы, створаны ансамблі Краснай і Тэатральнай плошчаў, разбіты Аляксандраўскі сад, узведзены будынкі манежа (1817, Л.Карбанье, А.Бетанкур, Бавэ), Вялікага тэатра Расіі (1824), перабудаваны ун-т (1817—19, арх. Д.Жылярдзі). Аблічча М. вызначала жылая забудова невял. асабнякамі (майстар А.Грыгор’еў). Найб. значныя збудаванні 1-й трэці 19 ст. ў стылі ампір: Удовін дом (1809—11, арх. Дж.Жылярдзі, перабудаваны ў 1818, арх. Д.Жылярдзі), сядзібы кн. Галіцыных (Кузьмінкі, 1820-я г.), Усачовых-Найдзёнавых (1829—31, абедзве арх. Д.Жылярдзі), Правіянцкія склады (1821—35, арх. В.Стасаў, Ф.Шастакоў), Трыумфальныя вароты (1827—34, арх. Бавэ). Пабудовы 19 — пач. 20 ст. ў духу эклектыкі і стылю мадэрн: храм Хрыста Збавіцеля ў памяць вайны 1812 (1837—83, знесены ў 1930-я г., адноўлены ў 1990-я г.), Мікалаеўскі вакзал (цяпер Ленінградскі; 1849, абодва арх. К.Тон, рус.-візант. стыль), Гістарычны музей (1875—81), Музей выяўленчых мастацтваў імя А.С.Пушкіна (1898—1912), будынак МХАТ імя А.П.Чэхава (1902), асабняк Рабушынскага (1902—06, абодва арх. Ф.Шэхтэль, мадэрн), гал. фасад Траццякоўскай галерэі (1906). План «Новая Масква» (1918—25, калектыў архітэктараў пад кіраўніцтвам А.Шчусева і І.Жалтоўскага) прадугледжваў добраўпарадкаванне цэнтр. і перыферычных раёнаў М., буд-ва жылых кварталаў са свабоднай расстаноўкай будынкаў, багатым азеляненнем (раёны Усачоўкі, Дангаўэраўкі і інш.). Грамадскія будынкі 1920—30-х г. у духу канструктывізму: радыёвежа на Шабалаўцы (1921, інж. У.Шухаў), дом газ. «Известия» (1925—27, арх. Р.Бархін), клуб імя І.Русакова (1927—29, арх. К.Мельнікаў). Цэнтр. стат. ўпраўленне (1928—35, арх. Ле Карбюзье, з удзелам арх. М.Колі; цяпер Дзяржкамстат Расіі), камбінат газ. «Правда» (1929—35, арх. П.Голасаў), Палац культуры аўтазавода «АМО» (1930—34, арх. браты Весніны) і інш. У ансамблі Краснай пл. маўзалей У.І.Леніна (1929, арх. Шчусеў). У 1930-я г. пачалося буд-ва метрапалітэна, здадзена ў эксплуатацыю першая тралейбусная лінія, пабудаваны канал імя Масквы. У працэсе рэалізацыі плана рэканструкцыі М. 1935 (арх. У.Сямёнаў, С.Чарнышоў і інш.) створана Манежная пл., пабудаваны гасцініца «Масква» (арх. Шчусеў, А.Стапран, Л.Савельеў), будынак Дзяржплана (абодва 1932—38, арх. А.Лангман), рэканструяваны гал.гар. магістралі — вул. Горкага (цяпер Цвярская), Мажайская шаша (цяпер ч. Кутузаўскага праспекта) і інш. У 1936—39 цалкам перабудаваны масты, у т. л. Маскварэцкі (арх. Шчусеў, інж. В.Кірылаў), вісячы Крымскі (арх. А.Уласаў, інж. В.Канстанцінаў), створана Усесаюзная с.-г. выстаўка (перабудавана ў 1954, цяпер Усерас. выставачны цэнтр). У канцы 1940-х—60-я г. ўзводзілі вышынныя будынкі: Маскоўскі ун-т на Вараб’ёвых гарах (1949—53), жылыя дамы на вул. Паўстання (арх. М.Пасохін, А.Мндаянц і інш.), гасцініца «Украіна» (1957, арх. А.Мардвінаў). З 1950-х г. на свабодных землях ствараліся буйныя гар. раёны, падзеленыя на мікрараёны (Паўд. Захад, Новыя Чаромушкі, Паўн. Ізмайлава і інш.); забудова вялася паводле тыпавых праектаў 5-павярховымі дамамі, з сярэдзіны 1960-х г. — дамамі ў 9 і больш паверхаў. У цэнтры пракладзены і забудаваны новыя праспекты — Камсамольскі (1958—65), Калінінскі (1964—69, цяпер Новы Арбат), Навакіраўскі (1980—90-я г., цяпер праспект А.Дз.Сахарава) і інш. Сярод значных збудаванняў у формах сучаснай архітэктуры: комплекс Цэнтр. стадыёна ў Лужніках (1955—56), кінаканцэртная зала «Кастрычнік» (1967), тэлецэнтр у Астанкіне (вежа — 1967, выш. 533 м, будынак — 1968), будынак СЭУ на Новым Арбаце (1969, цяпер Маск. мэрыя), комплекс гасцініцы «Расія» (1967—70) з Цэнтр. канцэртнай залай (1974); Курскі вакзал (1972), Дом урада Рас. Федэрацыі («Белы дом», 1981), камфартабельныя гасцініцы («Балчуг-Кемпінскі», «Прэзідэнт-атэль») і жыллёвыя комплексы (1990-я г.). У выніку рэканструкцыі 1992—96 Манежная пл. пераўтворана ў гандл.-рэстаранны цэнтр; уздоўж агароджы Аляксандраўскага сада адкрыта штучнае рэчышча (імітацыя вадацёку р. Няглінная), дэкарыраванае балюстрадамі і скульпт. групамі на тэмы рус. казак (скульпт. З.Цэрэтэлі). Паркі: Цэнтр. культуры і адпачынку імя М.Горкага, Ізмайлаўскі, Сакольніцкі і інш. Помнікі: А.С.Пушкіну (1880), «Героям Плеўны» (1887), І.Фёдараву (1909), М.Горкаму (1951), Ю.Далгарукаму, П.І.Чайкоўскаму (абодва 1954), М.Ю.Лермантаву (1965), «Невядомаму салдату» (1967), М.І.Кутузаву (1973), маршалу Г.К.Жукаву (1996) і інш. Крэмль і ансамбль Краснай пл. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Культурна-асветныя ўстановы. У М. знаходзяцца расійскія АН, АМ, акадэмія мед. навук і інш. галіновыя акадэміі; каля 1 тыс.НДІ і канструктарскіх бюро; каля 80 ВНУ, у т. л. Маскоўскі універсітэт, маскоўскія тэхн.ун-т, лінгвістычны ун-т, кансерваторыя, расійскія ун-т дружбы народаў, мед.ун-т, акадэміі: мед., с.-х., ветэрынарная, нафты і газу, эканам., кіравання, музыкі імя Гнесіных, хар. мастацтва імя Свешнікава, тэатр. мастацтва, харэаграфічная, фіз. культуры; ін-т кінематаграфіі, тэатр. і муз. вучылішчы. Буйнейшыя б-кі: Рас. дзяржаўная, гіст., замежнай л-ры, Маскоўскага ун-та і інш. Больш за 70 музеяў, у т. л. музейнае аб’яднанне «Траццякоўская галерэя», выяўл. мастацтваў імя Пушкіна, Гістарычны, Політэхн., Аружэйная палата, архітэктуры імя Шчусева, гісторыі М., Тэатральны імя Бахрушына, Літаратурны; дамы-музеі В.Васняцова, М.Горкага, М.Лермантава, Л.Тдлстога, М.Цвятаевай, А.Чэхава, Ф.Шаляпіна і інш.; маст. галерэі і выставачныя залы. Каля 60 прафес. тэатраў, у т. л. Вялікі, муз. імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі, аперэты, Малы, МХАТ імя Чэхава, МХАТ імя Горкага, імя Вахтангава, імя Маякоўскага, імя Массавета, імя Ярмолавай, «Ленком», на Таганцы, на Малой Броннай, «Сучаснік», Сатыры, лялек імя Абразцова і інш.; тэатры-студыі. 2 цыркі. Канцэртная зала імя Чайкоўскага, Вял. і Малая залы кансерваторыі, Калонная зала Дома Саюзаў, Цэнтр. канцэртная зала «Расія» і інш. Кінаканцэрн «Масфільм» і інш. кінастудыі. Тэлецэнтр «Астанкіна».
У М. адбываюцца Міжнар. конкурс артыстаў балета (з 1969), Міжнар. конкурс імя Чайкоўскага (з 1958), Маскоўскі міжнар. кінафестываль (у 1935, з 1959 раз у 2 гады), муз. фестывалі «Маскоўскія зоркі», «Руская зіма», «Маскоўская восень», фестываль музыкі і жывапісу «Снежаньскія вечары» і інш.
Беларусы ў Маскве. З бел. зямель ВКЛ у М. перасяляліся пакрыўджаныя ці незадаволеныя палітыкай вял. князёў прадстаўнікі вышэйшага феад. саслоўя (князі Бельскія, Вяземскія, Глінскія і інш.), выводзіліся захопленыя ў час войнаў палонныя — шляхта, сяляне, рамеснікі. У 1-й пал. 16 ст.вял.кн. маскоўскі Васіль III набраў сабе атрад целаахоўнікаў пераважна з выхадцаў з ВКЛ і пасяліў іх асобна ў створанай для іх слабадзе Налі (Наліўкі, Налейка). У пач. 17 ст.засн. яшчэ 2 вайск. слабады, населеныя ў асн. беларусамі — Старапанская (Іншаземная) у раёне Варанцова поля (у 1638 былі 52 двары) і Панская (абедзве асіміляваны да канца 17 ст.). Пасля вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 каля 1/5 насельніцтва М. складалі палонныя беларусы, якія сяліліся па розных слабодах (найб. у Броннай і Ганчарнай). У 1672 для іх створана новая іншаземная Мяшчанская слабада, дзе ў 1684 у 477 дварах жыло 612 сем’яў (жыхары Мяшчанскай слабады асіміляваны ў пач. 18 ст.). З 15 ст. ў М. існаваў Літ. купецкі двор, дзе спыняліся купцы з ВКЛ (двор размяшчаўся ў раёне Варварскага крыжа; цяпер вул. Разіна), у канцы 16 ст. перанесены на Лубянскую плошчу, дзе праіснаваў да 2-й пал. 17 ст. З 16 ст. ў М. існаваў дыпламат. двор, прызначаны для пражывання пасольстваў ВКЛ — на Успенскім яры (з 1530), Пакроўцы (з 1560-х г.), Ільінцы ў Кітай-горадзе (пач. 17 ст.); дыпламат. двор ліквідаваны ў сярэдзіне 17 ст. паводле ўказа цара Міхаіла Фёдаравіча. Значны ўплыў на развіццё грамадскай думкі, культуры, асветы, кнігадрукавання ў Расіі 16—18 ст. зрабілі выхадцы з Беларусі, у т. л. П.Мсціславец, І.Фёдараў (Федароўскі), а таксама тыя, што жылі ў М.: І.С.Перасветаў, І.Ф.Капіевіч, А.Х.Белабоцкі, Сімяон Полацкі і інш. Трупа першага рус. (прыдворнага) тэатра (1672—76) амаль цалкам складалася з беларусаў Мяшчанскай слабады. У 2-й пал. 17 ст. дзесяткі беларусаў працавалі на Друкарскім двары, у Аружэйнай палаце, аздаблялі церамы Крамля, цэрквы і манастыры М. Яны прывезлі новыя рамёствы, тэхніку беларускай рэзі, вырабу шматколернай кафлі і інш. У 1800 у М. перасялілі музыкантаў Шклоўскага тэатра Зорыча. У 19 — пач. 20 ст. у М. працавалі мастакі С.К.Заранка, С.Ю.Жукоўскі, В.К.Бялыніцкі-Біруля, вучоныя А.А.Кавалеўскі, В.К.Цэраскі, А.С.Будзіловіч і інш. У першыя дзесяцігоддзі 20 ст. ў М. існавалі бел.паліт. і культ.-асв. арг-цыі: Беларуская сацыялістычная грамада, Беларуская народная грамада, бел. секцыя пры ЦК партыі левых эсэраў, Цэнтр. бюро бел. секцый РКП(б), Беларускі нацыянальны камісарыят, Беларускі народны універсітэт, Беларускае навукова-культурнае таварыства, клуб «Беларус», Беларуская чыгуначная грамада і інш. У 1920—1-й пал. 1930-х г. у М. дзейнічалі Беларускае Цэнтральнае бюро пры Народным камісарыяце асветы РСФСР, Цэнтр. бюро бел. студэнцкіх арг-цый, Беларускае пралетарскае студэнцкае зямляцтва, Т-вапаліт. эмігрантаў з Зах. Беларусі, Беларуская культурна-навуковая асацыяцыя, Беларускі клуб, Беларуская драматычная студыя, Беларуская песенная камісія, бел. секцыя Маскоўскай асацыяцыі пралет. пісьменнікаў і інш. У 2-й пал. 20 ст. прыток беларусаў у М. значна павялічыўся: калі ў 1926 у М. было 13 тыс.чал. беларусаў, то ў 1959—34 370, у 1970—50 257, у 1989—73 005. Многія беларусы і ўраджэнцы Беларусі 20 ст. сталі ў М. вядомымі дзярж., грамадскімі і культ. дзеячамі, вучонымі: А.М.Адамовіч, Ж.А.Алфёраў, І.Р.Брайцаў, В.А.Гальданскі, А.А.Грамыка, Я.Б.Зяльдовіч, Л.Іларыёнава, А.К.Каўка, К.Т.Мазураў, Я.А.Мандэльштам, А.Б.Мігдал, П.В.Сухі, М.М.Улашчык, Ф.Л.Шапіра, О.Ю.Шміт, Я.Шыраеў, касманаўты У.В.Кавалёнак і П.А.Клімук. З канца 1980-х г. у М. зноў ствараюцца бел.культ.-асв. і грамадска-паліт. арг-цыі: Т-вабел. культуры імя Ф.Скарыны, аб’яднанне беларусаў М. «Бацькаўшчына», студэнцкая суполка «Пагоня», бел. каталіцкая і уніяцкая суполкі і інш. У кастр. 1999 створана бел. нац.-культ. аўтаномія «Беларусы Масквы». Выдаецца бюлетэнь «Шляхам Скарыны». Прадстаўнікі маск. бел. арг-цый удзельнічалі ў сходзе беларусаў блізкага замежжа (1992), з’ездах беларусаў свету (1993, 1997). У М. размешчаны сядзібы Міжрэгіянальнага аб’яднання беларусаў Расіі і федэральнай нац.культ. аўтаноміі «Беларусы Расіі».
Літ.:
Москва: Энцикл. М., 1998;
Забелин И. История города Москвы: Репринт. воспр. изд. 1905 г.М., 1990;
По Москве: Репринт. воспр. изд. 1917 г.М., 1991;
Молокова Т.А., Фролов В.П. История Москвы в памятниках культуры: К 850-летию столицы. М., 1997;
Абецедарский Л.С. Белорусы в Москве XVII в. Мн., 1957;
Брага С. [Тумаш В.] Доктар Скарына ў Маскве. Мн., 1993;
Прыбытка Г. Міласцю прыроднаю майстры: Бел. слабоды ў Маскве // Бел. мінуўшчына. 1993. № 3/4;
Москва: Памятники архитектуры XIV—XVII вв.: [Альбом]. М., 1973;
Москва: Памятники архитектуры XVIII — первой трети XIX в. Кн. 1—2. М., 1975;
Кириченко Е. Москва: Памятники архитектуры 1830—1910 хт. М., 1977.
Да арт.Масква. Від на Маскву-раку.Да арт.Масква. Вуліца С.Разіна.Да арт.Масква. Пасольскі двор. Малюнак І.-Р.Сторна для кнігі А.Меерберга «Вандраванне ў Масковію». 1661—62.Да арт.Масква. У заваяванай Маскве. (Падпальшчыкі). Мастак В.В.Верашчагін. 1897—98.Да арт.Масква. Царква Зачацця Ганны, што ў Вугле. 1478—93.План Масквы 1610 («Жыгімонтаў план»), Складзены І.Г.Абелінам. Гравюра Л.Кіліяна.Помнік Г.К.Жукаву ў Маскве. 1996.Да арт.Масква. Універсітэт імя М.В.Ламаносава.Да арт.Масква. Жыллёвы комплекс на Мажайскай шашы. 1999.Да арт.Масква. Гасцініца «Расія». 1967—70.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНА́ РАСІ́І З РЭ́ЧЧУ ПАСПАЛІ́ТАЙ 1654—67,
вайна, распачатая расійскім царом Аляксеем Міхайлавічам за землі Смаленшчыны, Беларусі, Украіны і Літвы. Для пачатку вайны царскі ўрад выкарыстаў спрыяльныя для яго абставіны: Рэч Паспалітая была аслаблена ў выніку нац.-вызв. і антыфеад. вайны 1648—51 на Украіне і Беларусі і наступнымі канфліктамі з аўтаномнай гетманскай (усх.) Украінай. 1.10.1653 Земскі сабор даў згоду прыняць Украіну пад уладу Расіі, што азначала вайну з Рэччу Паспалітай. У планах Б.Хмяльніцкага і казацкай старшыны былі намеры далучыць да Украіны Бел. Палессе і Падняпроўе.
У маі 1654 рас. войскі пачалі ваен. дзеянні. Ад Масквы на Смаленск і далей на Беларусь рушыла асн. войска на чале з царом. З Пн на Беларусь наступала войска В.П.Шарамецева. Ад Бранска на Мсціслаўскае ваяв. наступала армія кн. А.М.Трубяцкога. Агульныя сілы рас. войск складалі 80—83 тыс.чал. З Пд на Беларусь уздоўж Дняпра наступала казацкае войска (20 тыс.чал.) наказнога гетмана І.Залатарэнкі. Ім супрацьстаяла войска ВКЛ на чале з вял. гетманам ВКЛ Я.Радзівілам (да 20 тыс.чал.), а таксама гарнізоны замкаў. 30.6.1654 пасля аблогі капітуляваў Полацк. 23.9.1654 пасля 2-месячнай аблогі здаўся Смаленск. У выніку баёў рас. войскі занялі Дзісну, Друю, Глыбокае, Невель; пасля аблогі і некалькіх штурмаў 17.11.1654 узяты Віцебск. Упарта абараняўся Мсціслаў, але 22.7.1654 ён захоплены войскамі Трубяцкога. У час штурму горада амаль усе яго жыхары (каля 15 тыс. паводле рас. дакументаў) былі перабіты (т.зв. «Трубяцкая разня»). Падобны лёс напаткаў і Гомель. 12.10.1654 рас. войскі ўзялі і спалілі Дуброўну, а яе жыхароў адправілі ў Расію. Крычаў здаўся атраду бел. шляхціца К.Паклонскага, які перайшоў на бок цара. Магілёў капітуляваў без асаблівага супраціўлення. Казакі Залатарэнкі захапілі Чачэрск, Рэчыцу і Жлобін. Моцную Быхаўскую крэпасць казакі не здолелі захапіць нават пасля 11-месячнай аблогі. Войска Радзівіла з-за сваёй малалікасці вяло манеўраную вайну, нападаючы на асобныя атрады рас. арміі. Гетман польны ВКЛ В.Гасеўскі 3.8.1654 разбіў маскоўскае войска пад Оршай. 12.8.1654 каля Шклова Радзівіл нанёс паражэнне ўдвая большаму войску ваяводы кн. Я.К.Чаркаскага, але 24.8.1654 каля мяст. Шапялевічы (цяпер Круглянскі р-н) пацярпеў паражэнне; страціўшы каля 1 тыс. чалавек, паранены Радзівіл адступіў ад Смілавіч і Мінска. Гэтым у ліст. 1654 і была скончана 1-я кампанія вайны. Цар дасягнуў сваёй мэты: была занята Смаленшчына і землі на У ад Дняпра. Але на гэтай тэр. працягвалася барацьба: сял. атрады самаабароны (паводле рас. тэрміналогіі «шиши») перашкаджалі рас. дваранам і «дзецям баярскім» захопліваць і вывозіць у свае маёнткі ў Расію сял. сем’і, рабаваць і паліць вёскі. Радзівіл перадаваў гэтым атрадам зброю, часам каардынаваў іх дзеянні. Спробы Радзівіла заняць Магілёў і Віцебск у лют. і вясной 1655 не далі вынікаў. У час зімовага контрнаступлення войскам ВКЛ удалося вярнуць Копысь, Дуброўну і Оршу. Зімою 1655 у Езярышчах і Суражы мясц. жыхары паўсталі, частку рас. гарнізонаў перабілі ці ўзялі ў палон. Каб перашкодзіць войску ВКЛ наступаць на Магілёў, у міжрэчча Дняпра і Бярэзіны былі перакінуты казацкія атрады Залатарэнкі, якія ў сак. 1655 захапілі Бабруйск, Каралеўскую Слабаду, Глуск, а пазней і мяст. Свіслач.
У маі 1655 пачалася 2-я кампанія гэтай вайны. Гал. задачай рас. войскі ставілі захоп усёй Беларусі і сталіцы ВКЛ Вільні. Група войск стольніка З.Ф.Лявонцьева з баямі зноў заняла Дуброўну, Оршу і Копысь. 27.6.1655 войскі кн. А.І.Лабанава-Растоўскага занялі Лукомль. 3.7.1655 царскія войскі і казакі захапілі Мінск. У жн. 1655 армія Трубяцкога спрабавала ўзяць моцную крэпасць Слуцк, але горад выстаяў. Далейшы рэйд яго арміі быў удалым: з баямі ўзяты Клецк, Ляхавічы, Мыш, Мір, Сталавічы, Новагародак. Наступленне рас. войск і казакаў ішло ўздоўж Нёмана. Былі ўзяты Нясвіж, Карэлічы, Стоўбцы, Любча, Ліда, Слонім. Вяртаючыся назад, Трубяцкой і Залатарэнка ў вер. 1655 зноў спрабавалі авалодаць Слуцкам, але вымушаны былі адступіць. 8.8.1655 войскі гал.рас. групоўкі на чале з Чаркаскім і Залатарэнкам штурмам узялі Вільню. У жніўні рас. войскі ўзялі Коўна і Гародню (Гродна). На Пд Беларусі восенню рас. войскі і казакі занялі Тураў. У выніку кампаніі 1655 рас. войскі занялі б.ч. Беларусі і частку Літвы. Сітуацыя ўскладнілася тым, што ўлетку 1655 на Польшчу напала Швецыя і заняла амаль усю яе тэрыторыю. Радзівіл і значная частка літоўскай і жамойцкай шляхты 20 кастр. заключылі Кейданскі дагавор 1655, які разарваў дзярж. сувязь ВКЛ з Польшчай і аформіў унію са Швецыяй. Аднак пэўная частка бел. шляхты прынесла прысягу цару Аляксею Міхайлавічу, другая частка на чале з віцебскім ваяводам П.Сапегам захавала вернасць Рэчы Паспалітай. У сак. 1656 унія ВКЛ са Швецыяй была скасавана, а шведскія войскі выведзены з Жамойціі. У выніку моцнага нац.-вызв. руху ў Польшчы шведы былі выгнаны з краіны. Рыхтуючыся да вайны са Швецыяй за Прыбалтыку, Расія 31 снеж. заключыла з Рэччу Паспалітай Віленскае перамір’е 1656 і ваен. дзеянні былі спынены. Расія прадугледжвала ваен. саюз з Рэччу Паспалітай супраць Швецыі і Брандэнбурга. Цар прапанаваў сваю кандыдатуру ў польск. каралі, што павінна было быць абмеркавана на бліжэйшым сейме. Пасля гэтага Расія пачала вайну са Швецыяй. Аднак сейм 1658 адмовіў цару ў выбранні яго каралём і патрабаваў вярнуць усе занятыя землі. Ваенныя дзеянні аднавіліся.
Землі Смаленшчыны, Беларусі і Літвы былі ўключаны ў склад Рас. дзяржавы, а цар прыняў тытулы «вялікага князя Белай Русі, смаленскага, літоўскага, гасудара і вялікага князя полацкага, віцебскага, мсціслаўскага». Тут была пастаўлена рас. ваенная адміністрацыя на чале з ваяводамі. За шляхтай, якая прынесла прысягу цару, захоўваліся прывілеі (без права выбараў, склікання сейму і павятовых сеймікаў). Усіх, хто змагаўся супраць рас. войск, высылалі ў глыб Расіі, за Волгу і ў Сібір; іх маёнткі канфіскоўвалі. У цэлым шляхта была незадаволена і гвалтоўным далучэннем Беларусі да Расіі, і стратай значнай часткі сваіх прывілеяў і вольнасцей. Дзейнасць каталіцкай і уніяцкай цэркваў была забаронена, іх землі канфіскаваны. У 1656 для заспакаення насельніцтва на тэр. на З ад Бярэзіны была дазволена дзейнасць каталіцкай царквы (уніяцкая аставалася забароненай). Значная частка гараджан, асабліва з гарадоў, што аказвалі супраціўленне, высялялася ў Расію. Мясц.правасл. святароў імкнуліся замяніць маскоўскімі. Найбольш пацярпелі бел. сяляне, якіх абцяжарвалі новымі падаткамі, рабавалі і забівалі. Памешчыкі, якія складалі рас. конніцу, гвалтам забіралі сялян у свае маёнткі ў такіх маштабах, што цар вымушаны быў забараніць вываз сялян, каб захаваць падатковае насельніцтва на месцы. Аднак палітыка царызму была непаслядоўная: некалькі дзесяткаў тысяч чалавек, у асн. рамеснікі, былі пераселены з усх. гарадоў Беларусі ў Маскву (Мяшчанская слабада) і Замаскварэцкі край.
У 1656—58 ва ўсх. Беларусі разгарэўся канфлікт паміж казацкімі войскамі І.Нячая і рас. ваяводамі. Казацкая старшына намагалася далучыць Бел. Падняпроўе да гетманскай Украіны. Казакі займалі мястэчкі і вёскі каля Магілёва, Копысі, Мсціслава, рас. войскі аказвалі ім супраціўленне. Б.Хмяльніцкі дамовіўся з царскім урадам аб устрыманні ад ваен. дзеянняў, аднак пасля яго смерці (жн. 1657) канфлікт узмацніўся. Выконваючы ўмовы Гадзяцкага дагавора 1658 Нячай распачаў ваен. дзеянні ва ўсх. Беларусі супраць рас. войск. Войскі Рэчы Паспалітай блакіравалі Вільню. Становішча рас. войск увосень і ўзімку 1658—59 значна пагоршылася. Стары Быхаў, Мсціслаў, Крычаў, Чавусы скінулі рас. ўладу. Разам з казацкімі атрадамі Нячая супраць рас. войск дзейнічалі казацка-сял. атрады Д.Мурашкі, Сапрыкі, Драня. Супраць казацкіх войск быў кінуты ў 1659 вял. карны атрад Лабанава-Растоўскага, якому ўдалося задушыць вызв. рух і зноў узяць Мсціслаў, Рослаў, Крычаў, Стары Быхаў. Паступова войска ВКЛ пачало выцясняць рас. армію. Каб змяніць сітуацыю, цар накіраваў на Беларусь войска на чале з ваяводам кн. І.А.Хаванскім. У выніку наступлення яго арміі ў снеж. 1659 — лют. 1660 устаноўлены кантроль над Новагародскім ваяв. (за выключэннем Случчыны), зноў занята Гародня, адбітая П.Сапегам у сакавіку. Армія Хаванскага нанесла паражэнне палку М.Абуховіча каля Мальчы і ў студз. 1660 заняла Бярэсце, у сак. аблажыла моцны замак Ляхавічы. У гэты час на тэр. Беларусі дзейнічалі партыз. атрады Мурашкі і С.Аскіркі, якія складаліся са шляхты і рэшткаў бел. казакаў (з сялянства). Ім удалося заняць Давыд-Гарадок, але, пацярпеўшы паражэнне ў лют. 1660 каля Глуска, яны адышлі да Слуцка, а потым зайшлі ў тыл войску Хаванскага і сталі каля Нясвіжа.
3.5.1660 Рэч Паспалітая заключыла мір са Швецыяй і змагла ўсе свае войскі кінуць супраць рас. арміі. На Беларусь з Падляшша прыйшла дывізія П.Сапегі (6 тыс.чал.) і вызваліла Жыровічы, з Падолля — дывізія С.Чарнецкага (4 тыс.чал.), якая заняла Слонім. Абедзве дывізіі злучыліся і 28.6.1660 сустрэліся з арміяй Хаванскага каля Палонкі (20 км ад Баранавічаў), дзе адбылася вырашальная бітва. Войска Хаванскага было разбіта, і ён пачаў адыходзіць на Пн. Наўздагон была кінута конніца С.Кміціча, якая нанесла паражэнні рэшткам рас. войска пад Мірам, Жукавым Барком і Койданавам. У ліп. 1660 Сапега і Чарнецкі ўвайшлі ў Мінск. Тэр. Беларусі да Бярэзіны была вызвалена, а Хаванскі, прайграўшы бітву пад Чарэяй, адступіў у Полацк. Цар паслаў на Беларусь новую армію ваяводы Ю.Далгарукава (да 30 тыс.чал.) і казацкае войска з Украіны (зноў саюзнай з Расіяй) на чале з палк. В.Залатарэнкам (25 тыс.чал.). Аднак у Бел. Падняпроўі ўжо дзейнічалі харугвы Сапегі, Чарнецкага, Кміціча і А.Палубінскага. 8.10.1660 каля Чавусаў адбыўся бой войска Рэчы Паспалітай з групоўкай Далгарукава, што перашкодзіла аб’яднанню яго войска з арміяй Хаванскага. Шляхта, мяшчане і сяляне, якія раней прысягалі цару, пачалі масава выступаць супраць рас. войск. Пераможныя паўстанні супраць рас. гарнізонаў адбыліся ў Дзісне, Себежы, у лют. 1661 — у Магілёве. 4.11.1661 войска Хаванскага (20 тыс.чал.) пацярпела паражэнне пры Кушліках (каля Полацка) ад войска К.Жаромскага (12 тыс.чал.). 2.12.1661 капітуляваў рас. гарнізон у віленскім замку. Аднак вайна не была скончана. Амаль усё войска ВКЛ і частка польск. войска, не атрымаўшы жалавання, утварылі ў 1661 канфедэрацыю і спынілі актыўныя ваен. дзеянні, якія аднавіліся толькі праз 2 гады, калі жалаванне было выплачана. 9.7.1662 здаўся рас. гарнізон у Барысаве, у снеж. 1662 — ва Усвятах. 1.6.1664 пачаліся мірныя перагаворы; пасля перапынку яны аднавіліся ў крас. 1666. Вайна завяршылася падпісаннем Андросаўскага перамір’я 1667, паводле якога Расія замацавала за сабой Смаленшчыну і Левабярэжную Украіну з Кіевам. Вынікі вайны для Беларусі былі трагічныя. Страты насельніцтва склалі больш за 50% (паменшылася з 2,9 млн.чал. да 1,4 млн.чал.). Найб. скарацілася колькасць насельніцтва ва ўсх. і цэнтр. Беларусі: у Полацкім, Віцебскім, Мсціслаўскім і Мінскім ваяв. на 60—70%, у Новагародскім, Берасцейскім і Віленскім ваяв. на 35—45%. Эканоміка Беларусі апынулася ў стане глыбокага заняпаду.
Літ.:
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1. Мн., 1972;
Мальцев А.Н. Россия и Белоруссия в середине XVII в. М., 1974;
Абецедарский Л.С. Белоруссия и Россия: Очерки рус.-бел. связей второй половины XVI—XVII в. Мн., 1978;
Сагановіч Г. Невядомая вайна, 1654—1667. Мн., 1995;
Morzy J. Kryzys demograficzny na Litwie I Białorusi w 2 połowie XVII wieku. Poznań, 1965.
А.П.Грыцкевіч
Да арт. Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Апошняя старонка Кейданскага дагавора 1655 аб уніі ВКЛ са Швецыяй.
вызначальны стыль у еўрап. мастацтве канца 16 — сярэдзіны 18 ст. Прыйшло на змену гуманіст.маст. культуры Адраджэння і вытанчанаму суб’ектывізму мастацтва маньерызму.
Першапачатковы этап развіцця барока звязаны з узмацненнем феад.-каталіцкай рэакцыі ў Зах. Еўропе. Стыль барока шырока выкарыстоўваўся для прапаганды ідэй Контррэфармацыі, нёс больш рознабаковае і дыялектычна супярэчлівае ў параўнанні з рэнесансавым светаўспрыманне. Эстэтыка барока заснавана на проціпастаўленні ідэальнага і пачуццёвага ў чалавеку, яго волі і розуму з ірацыянальнасцю быцця. Таму мастацтва барока вызначаецца эмацыянальным і інтэлектуальным напружаннем, складанасцю выяўл. сродкаў, імкненнем да сінтэтычнасці жанраў, яму ўласцівыя драматызм, патэтыка, павышаная экзальтацыя. Станаўленне барока адбывалася ў перыяд інтэнсіўнага складвання нацый і нац. дзяржаў, часткова звязана з барацьбой за нац. адзінства і антыфеад. рухам у шэрагу еўрап. краін. Гэта спрыяла сплаву эстэт. канцэпцыі барока з маст. традыцыямі розных народаў і фарміраванню шматлікіх яго нац. разнавіднасцяў.
Барока — мастацтва ансамблевых рашэнняў, найб. яскрава выявілася ў архітэктуры, дзе асн.маст. прынцыпы — дынамічнасць кампазіцыі, кантрасты маштабаў, рытмаў, матэрыялаў і фактур, святлоценявыя і колеравыя эфекты, крывалінейнасць абрысаў, імкненне стварыць ілюзію бязмежнай прасторы. У Італіі, на радзіме барока, асобныя яго прыёмы праявіліся ў 16 ст. ў жывапісе Карэджа, М.Караваджа, збудаваннях Дж.Віньёлы. Найвышэйшага росквіту дасягнула ў Рыме ў 1-й пал. 17 ст. (т.зв. Высокае італьян. барока; творы арх. і скульптара Л.Берніні, арх. Ф.Бараміні, жывапісца П’етра да Картона), пашырылася ў Нідэрландах (П.П.Рубенс, А. ван Дэйк, Я.Іорданс). У Іспаніі ў 17 ст. асобныя рысы барока выявіліся ў аскетычнай архітэктуры Х.Б. дэ Эрэры, у рэаліст. жывапісе Х. дэ Рыберы і Ф.Сурбарана, скульптуры Х.Мантаньеса. У 18 ст. ў пабудовах Х.Б. дэ Чурыгеры формы барока набылі дэкар. вытанчанасць (яшчэ больш гіпертрафіраваную ў «ультрабарока» краін Лац. Амерыкі). Своеасаблівасць стыль барока набыў у Аўстрыі, дзе ён спалучаўся з тэндэнцыямі ракако (арх. І.Б.Фішэр фон Эрлах і І.Л.Гільдэбрант, мастак Ф.А.Маўльберч), абсалютысцкіх княствах Германіі (арх. і скульптары І.М.Фішэр, І.Б.Нейман, А.Шлютэр, М.Д.Пёпельман, Г.В. фон Кнобельсдорф, сям’я арх. Дзінцэнгофер), у Польшчы, Славакіі, Венгрыі, Славеніі, Харватыі, Зах. Украіне, Літве. У Францыі, дзе пануючым стылем 17 ст. стаў класіцызм, абодва кірункі зліліся ў адзіны пампезны т.зв. вялікі стыль (убранне залаў Версаля, жывапіс Ш.Лебрэна). Паняцце «барока» часам неправамерна пашыраюць на ўсю маст. культуру 17 ст., у т. л. на з’явы, далёкія ад барока па змесце і стылі (напр., «нарышкінскае барока», або «маскоўскае барока» ў рус. дойлідстве канца 17 ст., гл.«Нарышкінскі стыль»). У многіх краінах Еўропы ў 17 ст. склаліся нац.рэаліст. школы, прадстаўнікамі якіх былі вял. майстры (Д.Веласкес у Іспаніі, Ф.Халс, Я.Вермер Дэлфцкі, Рэмбрант у Галандыі і інш.). У Расіі стыль барока быў свабодны ад экзальтацыі і містыцызму (характэрных для мастацтва каталіцкіх краін) і меў нац. асаблівасці. Архітэктура рас. барока дасягнула велічнасці ў гарадах і сядзібных ансамблях Пецярбурга, Петрадварца, Царскага Сяла і інш., вызначаецца ўрачыстасцю і цэльнасцю кампазіцыі (арх. В.Растрэлі, Дз.Ухтамскі, С.Чавакінскі); у выяўл. мастацтве — свецкай і грамадскай тэматыкай (скульптура Б.К.Растрэлі і інш.). У 1-й пал. 18 ст. барока эвалюцыянавала да лёгкасці стылю ракако, суіснавала і перапляталася з ім, а з 1770-х г. паўсюдна выцеснена класіцызмам.
На Беларусі для мастацтва барока характэрна ўзаемадзеянне зах.-еўрап. ўплыву з візант. і мясц. традыцыямі, што надало яму пэўную самабытнасць. Найб. поўна яно праявілася ў архітэктуры; у залежнасці ад яе развівалася выяўл. і дэкар.-прыкладное мастацтва. Пачатак эпохі барока тут звязаны з буд-вам першага ў Рэчы Паспалітай помніка архітэктуры барока — Нясвіжскага касцёла езуітаў (1584—93). Развіццё нац. разнавіднасці бел. барока ў манум. мураванай архітэктуры прайшло 3 перыяды: ранняе (канец 16 — 1-я пал. 17 ст.), сталае (2-я пал. 17 — 1730-я г.) і позняе (1730—80-я г.). Для ранняга перыяду характэрныя пошукі гал. чынам новых аб’ёмна-прасторавых кампазіцый у пабудовах, адпаведных эстэт. канцэпцыі барока. Асобныя збудаванні паступова трацілі абарончыя функцыі, што адбілася на трансфармаванні замкавага буд-ва ў палацава-замкавае (Гальшанскі палац). У культавым дойлідстве паступова сфарміраваўся базілікальны тып храма (гл.Базіліка) з плоскім гал. фасадам, напачатку бязвежавым, потым 2-вежавым (Гродзенскі касцёл і кляштар езуітаў). Перыяд сталага барока вызначаўся пэўнай стабілізацыяй кампазіцыі 2-вежавай базілікі і развіццём маст. характарыстык арх. збудаванняў, павелічэннем колькасці ярусаў вежаў, большай пластычнай насычанасцю фасадаў (Слонімскі Андрэеўскі касцёл). Сталае Барока знайшло ўвасабленне ў грамадз. архітэктуры (Магілёўская ратуша) і ў развіцці прынцыпаў ансамблевасці арх. комплексаў (касцёл і кляштар картэзіянцаў у Бярозе). Найб. важны з іх — паступовае разгортванне арх. аб’екта (плошчы, вуліцы, сядзібы) перад гледачом. Палацавыя комплексы сталага і позняга барока будаваліся паводле сіметрычна-восевай схемы з паўадкрытымі параднымі дварамі. Фасады і інтэр’еры палацаў аздаблялі ордэрнай пластыкай, дэкар. лепкай, паліхромнымі мармурамі, паліванай керамікай, фрэскавай размалёўкай (Ружанскі палацавы комплекс, палац у в. Ручыца Вілейскага р-на Мінскай вобл., не захавалася). Гал. элемент ратуш — ярусная вежа (Магілёў, Віцебск). Маст. сістэма позняга барока ў манум. культавай архітэктуры Беларусі атрымала ў мастацтвазнаўстве назву віленскага барока. Важную ролю ў стварэнні своеасаблівай школы віленскага барока адыграла творчасць арх. І.К.Глаўбіца. У канцы 18 ст. ў мураванае дойлідства паступова ўкараняліся прынцыпы класіцызму, што прывяло да стварэння шматлікіх помнікаў, якія спалучалі элементы 2 стыляў (Свяцкі палацава-паркавы ансамбль). У адпаведнасці з этапамі развіцця стылю барока адбываліся змены ў эстэт. і канструкцыйных характарыстыках арх. збудаванняў. Дэкар. пластыка, аснову якой у барока складала ордэрная сістэма, на працягу 17—18 ст. перайшла ад адзіночных плоскіх пілястраў і сціплых гарыз. цягаў да шматлікіх раскраповак, хвалістых карнізаў, стукавай лепкі ў аздобе будынкаў. Спецыфіка дрэва як буд. матэрыялу абумовіла непарыўнасць эстэт. і тэхн. бакоў у стварэнні шматлікіх маст.-канструкцыйных прыёмаў драўлянага дойлідства часоў барока: ярусная структура вежаў, іх завяршэнне шасцерыкамі і васьмерыкамі, верт. шалёўка з нашчыльнікамі (Валавельская Юр’еўская царква, Рубельская Міхайлаўская царква).
У выяўленчым мастацтве рысы барока праявіліся ў 1-й пал. 17 ст., найбольш у скульпт. аздабленні і размалёўках касцёлаў. У скульптуры барока характарызавалася працягам традыцый бел. мясцовых майстроў, што абумовіла яе самабытнасць і разнастайнасць вобразных характарыстык (інтэр’еры Сафійскага сабора ў Полацку, касцёлаў кармелітаў у Пінску, езуітаў у Гродне, аўгусцінцаў у в. Міхалішкі Астравецкага р-на Гродзенскай вобл.). У манум. жывапісе рысы барока відавочныя ў размалёўках Магілёўскага касцёла кармелітаў, Гродзенскага касцёла і кляштара францысканцаў, у іканастасах і алтарах Пінскага касцёла і кляштара францысканцаў і інш. У 2-й пал. 18 ст. стыль барока стаў пануючы і ў іканапісе, дзе яго рысы спалучаліся з традыцыямі візант. і стараж.-рус. мастацтва. Кампазіцыі абразоў набылі падкрэслены дынамізм, персанажы — характарнасць і канкрэтнасць, у асобных выпадках — натуралізм. Пашыраным і папулярным відам жывапісу ў часы барока быў парадны шляхецкі партрэт, лепшыя ўзоры якога прывабліваюць яркай характарнасцю тыпажу, а часам і псіхалагізмам вобразаў (партрэты Міхаіла Сервацыя Вішнявецкага, Соф’і Даратэі, Казіміра Агінскага і інш.). У канцы 18 — 1-й пал. 19 ст. барока саступае месца класіцызму, хоць іх элементы ў жывапісе суіснавалі амаль да сярэдзіны 19 ст. («Спас», «Адзігітрыя» і царскія вароты з цэркваў Іванаўскага р-на). У графіцы стыль барока найб. выявіўся ў кніжнай гравюры. Майстры кнігі 16—18 ст. выпрацавалі спецыфічны стыль бел. барока, які вызначаўся стрыманасцю формаў, сувяззю з нар. мастацтвам (гербы Р.Хадкевіча з «Евангелля вучыцельнага», «Псалтыра», выд.Заблудаўскай друкарняй). У пазнейшых геральдычных гравюрах рысы барока набывалі ўсё больш развітыя формы, узмацніліся экспрэсія і патэтыка (гербы Л.Сапегі ў Статуце Вялікага княства Літоўскага 1588, Л.Мамоніча ў «Псалтыры», выд. ў Вільні, Агінскіх і Валовічаў у «Евангеллі вучыцельным» Еўінскай друкарні). З пераездам Куцеінскай друкарні ў Рас. дзяржаву (сярэдзіна 17 ст.) стыль бел. барока пашырыўся і ў рус. выданнях, надрукаваных куцеінскімі друкарамі ў Іверскім манастыры (гравюры «Раю мысленнага», «Брашна духоўнага»). Пранік ён у рус. кніжнае мастацтва і праз ілюстраваныя выданні Сімяона Полацкага (медзярыты «Гісторыі пра Варлаама і Іасафа», «Псалтыры рыфмаванай»). Найб. развіцця дасягнулі прынцыпы барока ў выданнях Магілёўскай друкарні, дзе працавалі гравёры М. і В.Вашчанкі, Ф.Ангілейка, Афанасій П. і інш. У 17 ст.бел. графічнае барока паўплывала і на ўкр. графіку, што звязана з пераездам на Украіну гравёраў Тарасевічаў, Шчырскага, Крышчановіча і інш.Маст. прынцыпы барока яскрава выявіліся ва ўсіх відах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: ткацтве (слуцкія паясы, шпалеры), вырабах са шкла (гл.Урэцкая мануфактура), паліванай кераміцы, разьбе па дрэве (беларуская рэзь), ювелірным мастацтве.
Для літаратуры эпохі барока характэрныя ўскладненасць, парадаксальнасць, метафарычнасць, спалучэнне рэальнага з нерэальным, імкненне здзівіць, уздзейнічаць на пачуцці. Лірычны герой барочнай паэзіі — істота зменлівая, унутрана супярэчлівая, надзеленая і дабрачыннасцямі і заганамі. У параўнанні з гарманічным і цэльным чалавекам рэнесансавай л-ры ён бліжэй да рэальнага, зямнога. Стылявыя прыкметы барока нераўназначныя на розных этапах развіцця і ў розных жанрах, што дазваляе гаварыць пра яго розныя стылявыя ўзроўні. Побач з «высокім» барока ў панегірычнай паэзіі, трагедыі, гераічнай паэме развівалася «памяркоўнае» барока — рэліг. і свецкая лірыка, элегія, пастараль, прытча. На «сярэднім» узроўні ўзніклі такія празаічныя жанры, як падарожжа, утопія, паліт. трактат.
Л-ра барока ў Іспаніі — гэта паэзія Л. дэ Гонгары-і-Арготэ, трагедыі П.Кальдэрона дэ ла Баркі, драмы Тырса дэ Маліны, сатыры Ф.Кеведа-і-Вільегаса; у Італіі — паэзія Т.Таса і Дж.Марына, «Пентаметр» Дж.Базіле; у Германіі — трагедыі А.Грыфіуса і Д.Лоэнштайна, лірыка П.Флемінга, раман Г.Грымельсгаўзена; у Францыі — паэзія і проза Т.А. д’Абінье, раманы Ш.Сарэля; у Англіі — трагікамедыя Ф.Боманта, Дж.Флетчэра; у Польшчы — паэзія Я.А.Морштына, В.Патоцкага; у Расіі — М.В.Ламаносава, В.К.Традзякоўскага.
У бел. л-ры і ў шматмоўнай л-ры Беларусі барока найб. выразна выявілася ў пераходны перыяд, асабліва ў 2-й пал. 17 — 1-й трэці 18 ст.Бел. барока цесна звязана з ідэямі Контррэфармацыі, што асабліва адчуваецца ў містычнасці ідэалу і рытарычнай зададзенасці, але як маст. светаўспрыманне значна шырэй за іх. Эстэтыка барока была крокам наперад у маст. развіцці Беларусі. Тут сінтэзаваліся сярэдневяковыя і рэнесансавыя традыцыі, упершыню скрыжаваліся шляхі развіцця пісьмовай л-ры і фальклору. Бел. барока не былі чужыя ідэі гуманізму ранняга Асветніцтва (Сімяон Полацкі, Д.Рудніцкі). Асобныя рысы барока відаць ужо ў бел. палемічнай прозе і панегірычнай паэзіі 1-й пал. 17 ст., калі эстэтыку барока пашыраў выкладчык Полацкай калегіі М.Сарбеўскі. Найб. поўна яны выявіліся ў рэліг.-філас. паэзіі і школьнай драме, а таксама ў школьных курсах паэтыкі і рыторыкі. Бел. барока ўласцівыя розныя ідэйныя і фармальна-стылявыя тэндэнцыі. Побач з «высокім», найчасцей элітарным, арыстакратычным барока, асн. творы якога напісаны на польск., лац. і стараслав. мовах, існавала «сярэдняе» і «нізкае» барока. Яно адпавядала запатрабаванням бяднейшай шляхты, гараджан і было прадстаўлена бел. парадыйна-сатыр. і гумарыстычнай паэзіяй і прозай («Птушыны баль», «Ліст да Абуховіча», «Казанне руске», «Прамова русіна» і інш.), інтэрмедыямі да школьных драм, песенна-інтымнай лірыкай.
Музыка барока паглыбіла і рознабакова ўвасобіла свет духоўных перажыванняў чалавека. Вядучае значэнне набылі муз.-тэатр. жанры, найперш опера. Наглядалася тэндэнцыя адасаблення музыкі ад слова, што вяло да развіцця шматлікіх інстр. жанраў. Узніклі і буйнамаштабныя цыклічныя формы (канчэрта гроса, ансамблевая і сольная санаты). У сюітах чаргуюцца уверцюры тэатр. характару, фугі, імправізацыі арганнага тыпу, быт. танцы, пявучыя «арыі», праграмныя п’есы.
Найб. выразна стыль барока выявіўся ў Італіі (2-я пал. 16 ст.) у шматхорных вак.-інстр. поліфанічных творах майстроў венецыянскай школы на чале з Дж.Габрыэлі, у арганнай творчасці Дж.Фрэскабальдзі, глыбока драматычных операх К.Мантэвердзі. Італьян. опернае барока паўплывала на музыку інш.еўрап. краін, асабліва Германіі: ням.нац. оперу (яе вяршыня — оперы Р.Кайзера), арганныя творы Дз.Букстэхудэ, клавірныя санаты І.Кунаў. На пач. 18 ст. творчасць І.С.Баха, Г.Ф.Гендэля яшчэ звязана з музыкай барока, але ёй ужо цесна ў рамках якога-н. аднаго стылю (як і творчасці буйнейшых кампазітараў 17 ст. Г.Шутца ў Германіі і Г.Пёрсела ў Англіі).
На Беларусі для музыкі барока характэрнае ўзаемадзеянне зах.-еўрап. уплываў з мясц., часта нар. традыцыямі, перапляценне рэнесансавых, сярэдневяковых і класіцысцкіх тэндэнцый. Гэта выявілася ў суіснаванні розных стылявых пластоў і кірункаў — аднагалосага харала перыяду Рэфармацыі, стылю а капэла і новага канцэртнага стылю, які з канца 17 ст. стаў дамінуючым. Усёй музыцы барока ўласцівы процілеглыя імкненні, з аднаго боку, да сінтэзу мастацтваў, з другога — да развіцця інстр. жанраў. Гэта рэалізавалася ў пышных пастаноўках школьнага т-ра, у насычэнні музыкай спектакляў батлейкі, у пашырэнні на пач. 17 ст. аркестраў (капэл) пры дварах магнатаў, калегіумах, касцельных і уніяцкіх ансамбляў, што культывавалі тагачасныя еўрап. прыдворныя танцы (павана, марэска куранта, сэра), польск. і мясц.нар. танцы. Гіст. значэнне бел. музыкі барока найперш у тым, што яна вылучыла новы шматгалосы стыль — партэсныя спевы, якія своеасабліва рэалізавалі кампазіцыйны прынцып канцэртнасці з тыповымі для яго жанрамі партэснага канцэрта ў царк. музыцы, канта і псалмы ў свецкай. Яскравыя ўзоры муз. твораў з выразнымі стылявымі рысамі барока змяшчае рукапісны зборнік старадаўняй бел. музыкі 16—17 ст.«Полацкі сшытак».
Тэатр. У еўрап.тэатр. культуры рысы барока выразна праглядаюцца з 1590-х г. да сярэдзіны 18 ст. У гэты перыяд завяршыліся працэсы, пачатыя ў тэатры Адраджэння, — рэлігійныя святочныя відовішчы, што выконвалі аматары на вуліцах і плошчах, ператварыліся ў свецкія забавы, якія ладзілі прафес. акцёры ў прыдворных тэатрах-палацах. Усталяваліся прынцыпы арганізацыі тэатр. прасторы, пабудовы сцэны — амаль паўсюдна замацаваўся тып «сцэны-скрыні», аддзеленай ад гледача рамай і збудаванай у спец. закрытым памяшканні. Вядучымі тэатр. краінамі сталі Англія, Іспанія, Францыя.
У Англіі ў канцы 16 ст. фарміраваўся тэатр, які спалучаў нар. сярэдневяковую традыцыю і ўплыў рэнесансавага італьян. тэатра. Драма ранняга англ. барока, створаная У.Шэкспірам, адкінула правілы рэнесансавага класіцызму і спалучыла трагедыю і фарс, высокае і нізкае. Англ. «жорсткая трагедыя» паўплывала на развіццё еўрап. тэатра барока, асабліва ў Германіі і Аўстрыі. У 17 ст.англ. вандроўныя трупы былі вядомыя і ў Рэчы Паспалітай. Тэатр Іспаніі ў канцы 16 ст. ўступіў у свой «залаты век», які пачаўся творчасцю Лопэ дэ Вэгі. Абапіраючыся на нац.літ. і тэатр. традыцыі і выкарыстаўшы тэхніку італьян.камедыі дэль артэ, ён ствараў свае дынамічныя камедыі, поўныя прыгодаў і кахання. Яго традыцыі прадоўжыў Тырса дэ Маліна. Вяршыняй сталага барока ў Іспаніі з’явіліся п’есы П.Кальдэрона дэ ла Баркі, якія ўвасобілі светапогляд эпохі, дзе за раскошай і пышнасцю адчуваліся разгубленасць і няўпэўненасць. У Францыі ў канцы 16 ст. ўзнік жанр «трагікамедыі-балета». Нягледзячы на вонкавую супрацьлегласць, стваральнікі тэатра класіцызму П.Карнель, Ж.Расін, Мальер працавалі ў агульнай плыні еўрап. барока. У канцы 17—18 ст. менавіта ўзор франц.т-ра дамінаваў на б.ч. кантынентальнай Еўропы. У ням. княствах, Аўстрыі, Рэчы Паспалітай бурнае развіццё нац. тэатра запаволілася і прыпадае ўжо на 2-ю пал. 18 ст.
Бел.тэатр. культура барока існавала і развівалася ў рэчышчы тэатр. культуры Рэчы Паспалітай. З канца 16 ст. актыўным правадніком тэатр. формаў барока быў школьны тэатр. Захапленне італьян. операй мала закранула Беларусь, але, як і ў інш. рэгіёнах Рэчы Паспалітай, тут былі папулярныя розныя формы паратэатра барока — маляўнічыя рэліг. і свецкія шэсці, святочныя ўрачыстасці, рыцарскія спаборніцтвы. У гэты час з касцельных відовішчаў узнік нар. лялечны тэатр батлейка. На схіле эпохі барока (1740—70-я г.) на Беларусі ўзніклі шматлікія прыдворныя т-ры, што належалі мясц. магнатам (у Нясвіжы, Слуцку і Белай — Радзівілам, у Слоніме — Агінскім, у Гродне і Паставах — Тызенгаўзу, у Ружанах — Сапегам, у Беластоку — Браніцкім і інш.). У пастаноўках гэтых тэатраў, якія часта абапіраліся на арыгінальную (звычайна польскамоўную) драматургію і музыку, спалучаліся рысы барочных відовішчаў з элементамі, характэрнымі ўжо для Асветніцтва. Але менавіта сінтэз, уласцівы барока, дазваляў ствараць незвычайныя па сваёй пышнасці і фантазійнасці тэатр. відовішчы. На высокім узроўні была тэхніка сцэны маянтковых тэатраў, а акцёры і музыкі, вывучаныя ў магнацкіх тэатр. школах Беларусі, паўплывалі на тэатр. мастацтва Польшчы і Расіі.
Літ.:
Виппер Б.Р. Введение в историческое изучение искусства. 2 изд. М., 1985;
Angyal E. Świat słowiańskiego baroku. Leipzig, 1961;
Białostocki J. Pięć wieków myśli o sztuce. 2 изд. Warszawa, 1976;
Мальдзіс А. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980;
Раабен Л. Музыка барокко // Вопросы музыкального стиля: Сб. статей. Л., 1978;
Костюковец Л.Ф. Кантовая культура в Белоруссии. Мн., 1975.
Да арт.Барока. Пояс. Слуцкая мануфактура. 2-я пал. 18 ст.Да арт.Барока. Інтэр’ер манастырскай царквы ў Атабойрэне (Германія). Арх. І.М.Фішэр. 1748.Да арт.Барока. Абраз «Варвара пакутніца» з Лунінца Брэсцкай вобл. 2-я пал. 18 ст.Да арт.Барока. Партрэт Міхала Сервацыя Вішнявецкага. Невядомы мастак. 1750-я г.Да арт.Барока. Партрэт Соф’і Даратэі. Невядомы мастак. 2-я пал. 18 ст.Да арт.Барока. Амбон у касцёле аўгусцінцаў у в. Міхалішкі Астравецкага раёна Гродзенскай вобл. Сярэдзіна 18 ст.Да арт.Барока. Міхайлаўская царква ў в. Рубель Столінскага раёна Брэсцкай вобл. 1796.Да арт.Барока. Андрэеўскі касцёл у Слоніме. 1775.Да арт.Барока. Палац Сан-Сусі ў Патсдаме. Арх. Г.В. фон Кнобельсдорф. 1745—47.Да арт.Барока. Кубак. Урэцкая мануфактура. Сярэдзіна 18 ст.Да арт.Барока. Манстранц. 1783.Да арт.Барока. Палац сядзібы ў в. Ручыца (б. Ганута) Вілейскага раёна Мінскай вобл. З малюнка Н.Орды. 1877Да арт.Барока. Галоўны алтар касцёла францысканцаў у Пінску. 1730-я г.Да арт.Барока. Інтэр’ер Сафійскага сабора ў Полацку. Каля 1762.