ГРЫГО́РЫЙ НАЗІЯНЗІ́Н (Grēgorios Nazianzēnos),

Грыгорый Багаслоў (каля 330, каля г. Назіянза ў М. Азіі — каля 390), грэчаскі паэт і празаік, царк. дзеяч і мысліцель, адзін з прадстаўнікоў патрыстыкі. Адукацыю па рыторыцы і філасофіі атрымаў у Афінах. З 379 епіскап артадаксальнай абшчыны ў Канстанцінопалі; у 381 старшынстваваў на 2-м Усяленскім саборы, але ў хуткім часе з-за інтрыг і смуты склаў з сябе сан епіскапа і вярнуўся на радзіму. Належаў да т.зв. кападакійскага гуртка, які пераносіў у тэалогію метады платонаўскай ідэаліст. дыялектыкі. Аўтар твораў, прысвечаных абгрунтаванню хрысц. догмату пра Тройцу і накіраваных супраць арыянства, пропаведзяў, пабудаваных па правілах рыторыкі, гімнаў, што ўвайшлі ў правасл. песнапенні, аўтабіягр. паэмы «Пра маё жыццё», «Пра мой лёс», «Пра пакуты маёй душы». У прозе вылучаюцца надмагільныя панегірыкі бацьку і Васілію Вялікаму.

т. 5, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАВІ́НСКІ (Аляксандр Кузьміч) (кастр. 1886, в. Муравілле Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл. — ?),

дзеяч бел. нац. руху. Скончыў Кіеўскі політэхн. ін-т (1912). Прымыкаў да партыі эсэраў. З 1918 чл. прэзідыума Кіеўскай бел. рады і заг. бюро па ўладкаванні бежанцаў, прадстаўнік урада БНР на Украіне; саветнік Мін-ва замежных спраў урада БНР. З 1921 у Літве: старшыня Бел. нац. сувязі, замежнага ЦК партыі бел. эсэраў, Бел. нац. к-та, выдаваў час. «Покліч». Адзін з арганізатараў Бел. паліт. канферэнцыі ў Празе (1921). Удзельнічаў у ліквідацыі ўрада БНР у кастр. 1925. Неаднойчы арыштаваны царскімі, румынскімі, літ. ўладамі. Пасля пераезду ў БССР працаваў у ВСНГ Беларусі, НДІ прам-сці. У 1930 арыштаваны, сасланы на 5 гадоў у Ніжні Ноўгарад. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітаваны ў 1988.

У.​М.​Міхнюк.

т. 4, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ ФУ (712, каля г. Сіянь, Кітай — 770),

кітайскі паэт. Шмат вандраваў па Кітаі з Гао Шы і Лі Бо (сяброўства з якім у многім вызначыла яго далейшы творчы лёс). З 746 жыў у сталіцы Чан’ані. У творчасці гэтага перыяду пераважалі тэмы нар. пакут, спагады беднякам, выкрыцця тых, хто прагнуў вайны: «Песня пра баявыя калясніцы», «З сталіцы ў Фэнсянь». У час антыўрадавага мяцяжу ў 756 пакінуў сталіцу, жыў на чужыне. У творах таго часу пачуццё болі за свой народ і краіну («Вёска Цянцунь», цыклы вершаў «Тры чыноўнікі» і «Тры расстанні»). З 759 жыў у Чэнду, напісаў каля 1000 вершаў, у цэнтры якіх — імкненне ахвяраваць сабой дзеля людзей. Стыль Д. адметны яснасцю, акварэльнай празрыстасцю.

Тв.:

Рус. пер. — Стихотворения. М.; Л., 1962.

Літ.:

Серебряков Е.А. Ду Фу. М., 1958.

Г.​В.​Сініла.

т. 6, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНДРАТО́ВІЧ (Кіпрыян) (Цыпрыян) Антонавіч (1859—?),

бел. і расійскі военачальнік, дзярж. дзеяч БНР. Ген. ад інфантэрыі (1910). Скончыў Мікалаеўскую акадэмію Генштаба. У час рус.японскай вайны 1904—05 нач. 9-й Усх.-Сібірскай дывізіі. З 1906 камандзір 2-га арм. корпуса, з 1907 пам. туркестанскага ген.-губернатара і камандуючага войскамі, з 1910 камандзір 1-га Каўказскага арм. корпуса. Удзельнік 1-й сусв. вайны. У 1884—1900 супрацоўнічаў у газ. «Московские ведомости». Аўтар працы «Плеўна і грэнадзёры 28 лістапада 1877 г.». У 1917 далучыўся да бел. нац. руху, уваходзіў у Цэнтр. бел. вайсковую раду, у маі—чэрв. 1918 чл. Нар. сакратарыята БНР. У снеж. 1918 разам з В.​Ластоўскім узначальваў Савет дзярж. бяспекі БНР. У 1919 уваходзіў у дэлегацыю БНР на Парыжскай мірнай канферэнцыі. Застаўся жыць у Парыжы, далейшы лёс невядомы.

В.​У.​Скалабан.

т. 7, с. 578

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ПІКАЎ (Іван Герасімавіч) (7.7.1922, с. Горны Балыклей Дубоўскага р-на Валгаградскай вобл., Расія — 5.5.1993),

расійскі акцёр. Нар. арт. СССР (1982). Вучыўся ў Харкаўскім тэатр. вучылішчы (1939—41). Працаваў у Валгаградскім т-ры. З 1954 у кіно. Выканаўца драм. роляў, майстар эпізоду, ёмістай і дакладнай абрысоўкі героя. Лепшыя ролі: у кінафільмах — Сямён Трубнікаў («Старшыня», 1964), салдат Краюшкін («Хвіліна маўчання»), манах Кірыл («Андрэй Рублёў», абодва 1971), Сляпцоў («Нечаканы госць», 1972), старшына Папрышчанка («Яны змагаліся за Радзіму», 1975), Панцялей («Стэп», 1977), Ерафеіч («Фронт за лініяй фронту», 1978; «Фронт у тыле ворага», 1982), дзед Селіван («Крыніца», 1982) і інш.; у тэлефільмах — Панкрат («Вечны кліч», 1976—83), Міхаіл Ермакоў («Мой лёс», 1973) і інш. Дзярж. прэмія Расіі 1973. Дзярж. прэмія СССР 1979.

Літ.:

Смелков Ю.С. И.​Лапиков. М., 1976.

т. 9, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́РНЫ (Панас) (сапр. Рудчанка Апанас Якаўлевіч; 13.5.1849, г. Міргарад, Украіна — 28.1.1920),

украінскі пісьменнік; заснавальнік жанру сац.псіхал. рамана ва ўкр. л-ры. Друкаваўся з 1872. У сац.-быт. рамане «Хіба равуць валы, калі яслі поўныя» (Жэнева, 1880; з братам І.​Я.​Рудчанкам) гісторыя дарэформеннай і паслярэформеннай укр. вёскі, пошукі сац. справядлівасці. У традыцыях крытычнага рэалізму напісаны раман «Вулічная» (ч. 1—2, 1883—84; ч. 3, 1919, ч. 4, 1928; аднайм. кінафільм 1961) пра трагічны лёс дзяўчыны-парабчанкі. Аўтар аповесцей «Ліхія людзі» (1877), «Ліха даўняе і цяперашняе» (1897, выд. 1903), «Галодная воля» (выд. 1940), паэмы ў прозе «Сон» (1905), п’ес, перакладаў. На бел. мову асобныя творы М. пераклаў Б.​Сачанка.

Тв.:

Твори. Т. 1—3. Київ. 1976;

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—4. М., 1951.

В.​А.​Чабаненка.

П.Мірны.

т. 10, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ЎЭТ ((Mowat) Фарлі Мак-Гіл) (н. 12.5.1921, г. Белвіл, Канада),

канадскі пісьменнік. Скончыў ун-т у Таронта. Піша на англ. мове. Першы яго твор — «Людзі Аленевага краю» (1952) пра трагічны лёс эскімосаў. Аўтар кніг пра жыхароў і прыроду Поўначы — «Народ у адчаі» (1959), «Выпрабаванне лёдам» (1960), «Трагедыі мора» (1984), пра жывёл — «Не крычы, ваўкі!» (1963), «Кіт на пагібель» (1972), аповесцей для дзяцей «Сабака, які не хацеў быць проста сабакам» (1957), «Лодка, якая не плыве» (1969), аўтабіягр. кн. «І птушкі не спяваюць» (1979) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Вперед, мой брат, вперед! М., 1983;

В стране снежных бурь. Л., 1984;

Следы на снегу. М., 1985;

Мое открытие Америки. М., 1987;

Трагедии моря. М., 1988;

Проклятие могилы викинга. М., 1990;

Собака, которая не хотела быть просто собакой. М., 1995.

Л.​П.​Баршчэўскі.

т. 10, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЖАНЯ́Н (Рыгор Міхайлавіч) (н. 20.9.1922, г. Харкаў, Украіна),

рускі паэт. Скончыў Літ. ін-т імя М.​Горкага (1952). Друкуецца з 1946. У паэт. зб-ках «Вецер з мора» (1955), «Жыццё жывых» (1960), «Вялікі альбо Ціхі» (1969), «Мачты» (1973), «Зімовы дом» (1975), «Чырвоны сон» (1978), «Макі» (1981), «Пагоня» (1983, Дзярж. прэмія Расіі 1986), «Апусканне» (1985), «Узгоркі Зямлі» (1987), «Хлеб мораў» (1989), «Абараняючы сваю крутасць» (1995, Дзярж. прэмія Расіі 1995) і інш. роздум пра час, лёс радзімы, сэнс чалавечага існавання, тэмы сяброўства і вайны, любоў да мора. Аўтар рэчытатываў, тэкстаў песень да кінафільмаў «Два берагі» («Смага»), «Песня пра сябра» («Шлях да прычала»), «Спадзяюся, кахаю і верую» («Цягнік у далёкі жнівень») і інш. Піша кінасцэнарыі, творы для дзяцей.

Тв.:

Избранное. М., 1982;

Прощание с морями. М., 1990;

Скачка. М., 1998.

т. 11, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКАЙ КРЭ́ПАСЦІ-ГЕРО́Я МУЗЕ́Й, Музей абароны Брэсцкай крэпасці. Састаўная частка мемар. комплексу Брэсцкая крэпасць-герой. Адкрыты 8.11.1956. Размешчаны ў б. кальцавой казарме на цэнтр. востраве крэпасці. Мае 11 экспазіц. залаў (пл. 930 м²), больш за 34 тыс. экспанатаў асн. фонду (1996). Матэрыялы музея знаёмяць з гісторыяй Брэсцкай крэпасці. Асн. экспазіцыя — гераічная абарона крэпасці ў пач. Вял. Айч. вайны, шматлікія рэчавыя экспанаты, фатаграфіі і дакументы пра яе абаронцаў і іх лёс. Дэманструюцца работы мастакоў і скульптараў, што адлюстроўваюць розныя моманты абароны крэпасці. Асобны стэнд прысвечаны пісьменніку С.​Смірнову, які зрабіў вял. ўклад у распрацоўку подзвігу абаронцаў. У кіназале дэманструюцца хранік.-дакумент. фільмы пра абарону крэпасці. У паўд.-ўсх. казематах у 1984 адкрыты музей «Хлапчукі бессмяротнага Брэста». Музей мае перасоўныя выстаўкі. Супрацоўнікі музея выдалі зборнікі ўспамінаў, артыкулаў і нарысаў, альбомы, буклеты, даведнікі.

П.​Н.​Панасюк.

т. 3, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛЬНАЎ (Уладзімір Мікалаевіч) (н. 29.8.1939, в. Гародна Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. графік і жывапісец. Скончыў Харкаўскі маст.-прамысл. ін-т (1971). Сярод ранніх твораў пераважаюць графічныя кампазіцыі, выкананыя ў традыц. жанрах: серыі літаграфіі «Зямля» (1977—79) і пастэлей «Горад майго дзяцінства» (1982). Трагічны лёс вёскі, узаемаадносіны чалавека і навакольнага асяроддзя, пытанні экалогіі ў творах «Чырвоны спрут» (1974), «Рытмы хіміі» (1976), «Вячэра на траве» (1979), «Трывожны сон птушкі» (1981), серыя «Мёртвая вёска» (1991—92). Успаміны аб вайне — у аснове кампазіцый «Памяці партызана» (1975), «Вяртанне. Прысвячаецца бацьку» (1985), стараж. Віцебску прысвечаны серыя «Мой горад» (1981), трыпціх «Сцёртыя рысы твару» (1985), «Стары горад» (1991). У творах 1990-х г. дамінуючае месца занялі ідэі хрысц. маралі, праблемы духоўнасці, клопат аб захаванні спадчыны, увасобленыя ў складаныя метафарычныя вобразы («Памяць», «Шлях да храма», «Прысвячэнне», «Паклон зямлі», «Пераможаны»).

М.Л.Цыбульскі.

У.Вольнаў. Памяць. 1995.

т. 4, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)