ТРАФІ́ЧНЫ ЎЗРО́ВЕНЬ,

сукупнасць арганізмаў біягеацэнозу, аб’яднаных тыпам жыўлення. Адрозніваюць Т.ў.: прадуцэнты (аўтатрофныя арганізмы, пераважна зялёныя расліны), кансументы 1-га (расліннаедныя жывёлы), 2-га (драпежнікі) і 3-га (другасныя драпежнікі) парадкаў, рэдуцэнты (мікраарганізмы-дэструктары). Арганізмы розных трафічных ланцугоў, якія атрымліваюць корм праз аднолькавую колькасць звёнаў, знаходзяцца на адным Т.у. Асобіны аднаго віду, якія прымаюць удзел у розных трафічных ланцугах, могуць знаходзіцца на розных Т.у., у залежнасці ад крыніцы энергіі. На кожным Т.у. корм асімілюецца часткова, значная яго ч. траціцца на абмен, таму прадукцыя арганізмаў кожнага наступнага Т.ў. заўсёды меншая за прадукцыю папярэдняга ў сярэднім у 10 разоў. Адносная колькасць энергіі, што перадаецца ад аднаго Т.ў. да другога, наз. экалагічнай эфектыўнасцю згуртавання. Суадносіны розных Т.у. (трафічную структуру) графічна паказваюць у выглядзе экалагічнай піраміды. Вывучае Т.ў. трофаэкалогія.

т. 15, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫ́НШАВЫЯ СЯЛЯ́НЕ,

у перыяд феадалізму сяляне, якія карысталіся спадчыннай зямлёй часова або бестэрмінова, за што плацілі натуральныя і грашовыя плацяжы (чынш). У 15—1-й пал. 19 ст. Ч.с. на Беларусі, Украіне і ў Літве — феад.-залежныя сяляне, гал. формай феад. павіннасцей якіх быў чынш. Ва «Уставе на валокі» 1557 Ч.с. наз. і асаднымі сялянамі. Ч.с. выкопвалі і дадатковыя павіннасці (дзякла, талака, згоны). З развіццём фальваркаў колькасць Ч.с. мянялася: у выпадку патрэбы феадалы пераводзілі іх у катэгорыю цяглых сялян і наадварот; павялічваліся і памеры чыншу. Найб. колькасць Ч.с. была ў 2-й пал. 17—1-й пал. 18 ст. У 1-й пал. 19 ст. Ч.с. наз. аброчнымі сялянамі, большасць іх пераведзена ў разрад паншчынных.

Літ.:

Гісторыя сялянства Беларусі: У 3 т. Т. 1. Мн., 1997.

М.​Ф.​Спірыдонаў.

т. 17, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВАГА́ДРА ПАСТАЯ́ННАЯ,

адна з асноўных фіз. пастаянных; колькасць часціц (атамаў, малекул і інш.) у адзінцы колькасці рэчыва. Пазначаецца Na. Назва ў гонар А.Авагадра. Авагадра пастаянная істотная для вызначэння інш. фіз. пастаянных. Na = 6,022169(40)∙10​23 моль​−1.

т. 1, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́РМІНГЕМ (Birmingham),

старэйшы жалезарудны басейн у ЗША (штат Алабама). Асадкавыя радовішчы (аалітавыя і астаткавыя гематытавыя руды). Агульныя запасы больш за 2 млрд. т руды. Колькасць жалеза 23—45% (першасныя руды), 38—56% (выветраныя руды). Цэнтр здабычы — г. Бірмінгем.

т. 3, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

В’Е́ТЫ, в’етнамцы,

нацыя, асн. насельніцтва В’етнама (больш за 54,5 млн. чал.). Жывуць таксама ў Кампучыі, Тайландзе, Лаосе, ЗША і інш. Агульная колькасць 55 млн. чал. (1987). Гавораць на в’етнамскай мове. Сярод вернікаў пераважаюць будысты, ёсць хрысціяне, мусульмане і інш.

т. 4, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕМІЦЭЛЮЛО́ЗЫ (ад гемі... + цэлюлоза),

група поліцукрыдаў вышэйшых раслін, якія ўваходзяць разам з цэлюлозай у састаў клетачнай сценкі. Найб. пашыраны глюкуранаксіланы, глюкамананы, галактаглюкамананы. Агульная колькасць геміцэлюлозы ў раслінах можа дасягаць 40%. Разам з лігнінам выконваюць функцыю аморфнага цэментуючага рэчыва.

т. 5, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРА́ТЫ (саманазва бурат),

нацыя, асн. насельніцтва Бураціі (206,9 тыс. чал.). Усяго ў краінах СНД 353 тыс. чал. (1979). Жывуць таксама на Пн Манголіі і ПнУ Кітая. Агульная колькасць 453 тыс. чал. (1987). Гавораць на бурацкай мове. Паводле рэлігіі ламаісты.

т. 3, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСФА́ЛЬТАВЫЯ ПАРО́ДЫ,

прыродныя ўтварэнні, пераважна пясчанікі, вапнякі, даламіты, якія маюць у порах, трэшчынах, кавернах асфальт. Утвараюцца ў выніку выветрывання нафты адначасовым абагачэннем астатку смоламі і асфальтэнамі. Колькасць асфальту вагаецца ад некалькіх да 20%. Пашыраны на многіх нафтагазаносных тэрыторыях.

т. 2, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРАМЕДЫ́ДЫ, біэліды,

метэорны паток з радыянтам у сузор’і Андрамеды. Звязаны з распадам Біэлы каметы. У 1741, 1872 і 1885 назіраліся метэорныя дажджы Андрамедыды. У выніку ўздзеяння Юпітэра на арбіту Андрамедыды ў 20 ст. колькасць метэарытаў у патоку значна зменшылася.

т. 1, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПА́ЧЫ, дэне,

племя паўночнаамерыканскіх індзейцаў. Разам з племем наваха складаюць паўд. групу атапаскаў. У мінулым апачы — качавыя паляўнічыя. Жывуць у рэзервацыях штатаў Арызона, Новая Мексіка і Аклахома ў ЗША. Колькасць 21 тыс. чал. (без наваха, 1987). Паводле рэлігіі хрысціяне.

т. 1, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)