ПАЛЯЎНІ́ЧЫ ДЗЯРЖА́ЎНЫ ФОНД,
сукупнасць паляўнічых жывёл, што жывуць у стане прыроднай свабоды, таксама выпушчаных у паляўнічыя ўгоддзі з мэтай узбагачэння іх фауны ці развядзення. Выкарыстанне і ахова П.дз.ф. рэгулююцца Законам Рэспублікі Беларусь «Аб ахове і выкарыстанні жывёльнага свету», палажэннямі аб паляванні і вядзенні паляўнічай гаспадаркі і інш. нарматыўнымі актамі. Здабыча ласёў, аленяў высакародных, дзікоў, казуль, баброў, выдры, глушцоў вядзецца па разавых дазволах з паляўнічымі пуцёўкамі, астатнія віды паляўнічых жывёл — па паляўнічых пуцёўках. Здабычу дзікіх жывёл плануюць на кожны каляндарны год і паляўнічы сезон з улікам рацыянальнага выкарыстання запасаў і захавання матачнага пагалоўя, здольнага забяспечыць макс. аднаўленне статка. Выдаецца таксама дазвол на адлоў ці адстрэл дзікіх жывёл у навук. мэтах. Штогод праводзіцца ўлік колькасці паляўнічых жывёл. Для павелічэння колькасці і відавога складу праводзяцца мерапрыемствы па выпуску ў паляўнічыя ўгоддзі фазанаў, качак і інш. У П.дз.ф. не ўваходзяць дзікія жывёлы, якіх гадуюць на фермах, у гадавальніках, заапарках, вальерах і інш.
П.І.Лабанок.
т. 12, с. 30
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЗІ́ЧНАЯ ВЕЛІЧЫНЯ́,
уласцівасць (асаблівасць, характарыстыка) фіз. аб’екта (фіз. сістэмы, працэсу, з’явы), у якасных адносінах агульная для многіх аб’ектаў, аднак колькасна індывідуальная (адрозная) для кожнага з іх. Напр., колькасць рэчыва, магутнасць, маса, тэмпература, электрычны зарад, энергія.
Кожная Ф.в. мае назву (тэрмін), літарнае абазначэнне (сімвал) і аперацыйнае вызначэнне (дэфініцыю), якое паказвае спосаб яе вымярэння або ўраўненне сувязі з інш. пераменнымі і пастаяннымі Ф.в. (гл. Сістэма фізічных велічынь, Фізічныя пастаянныя). Розныя памеры аднародных Ф.в. характарызуюцца значэннем Ф.в. — колькаснай ацэнкай гэтай Ф.в. некаторым лікам (лікавым значэннем) прынятых для яе адзінак (гл. Адзінкі фізічных велічынь). Для знаходжання лікавых значэнняў Ф.в. распрацаваны розныя метады вымярэнняў з улікам магчымых выпадковых і сістэматычных хібнасцей. Паняццем «Ф.в.» карыстаюцца ў метралогіі, фізіцы, хіміі, біялогіі, тэхніцы і інш. навуках, калі колькасныя суадносіны паміж уласцівасцямі даследаваных аб’ектаў вызначаюцца фіз. метадамі.
Літ.:
Стоцкий Л.Р. Физические величины и их единицы: Справ. М., 1984;
Чертов А.Г. Физические величины. М., 1990;
Физические величины: Справ. М., 1991.
А.І.Болсун.
т. 16, с. 377
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБ’ЕКТЫ́ЎНАЯ РЭА́ЛЬНАСЦЬ,
сукупнасць незалежных ад чалавечай свядомасці аб’ектаў, сувязяў, адносін, узаемадзеянняў, працэсаў, аб’яднаных у нежывыя, жывыя і сац.-арганізаваныя сістэмы. Жывыя сістэмы ўключаюць усю сукупнасць арганізмаў, здольных да самаўзнаўлення на аснове генетычнай інфармацыі. Сац.-арганізаваныя сістэмы — гэта сукупнасць індывідуумаў і іх згуртаванняў, якія падтрымліваюць сваё існаванне праз пераўтварэнне навакольнай рэчаіснасці. У структуру такіх сістэм уваходзяць таксама створаныя чалавекам тэхн. сістэмы, з дапамогай якіх ён больш паспяхова асвойвае рэчаіснасць. Унутраная падпарадкаванасць і сістэмная арганізацыя, якімі валодае аб’ектыўная рэальнасць, законы яе эвалюцыі складаюць найважнейшы элемент даследаванняў. З улікам характару аспектаў аб’ектыўнай рэальнасці, якія даследуе тая ці інш. дысцыпліна, вылучаюць фіз. рэальнасць, біял. рэальнасць і г.д. і адпаведна карціну фіз. рэальнасці, карціну біял. рэальнасці і г.д. як найбольш буйныя блокі ведаў. Агульныя характарыстыкі аб’ектыўнай рэальнасці адлюстроўвае агульнанавук. карціна сусвету.
Літ.:
Идеалы и нормы научного исследования. Мн., 1981;
Пригожин И., Сонгере И. Порядок из хаоса: Новый диалог человека с природой. М., 1986;
Проблемы познания социальной реальности. М., 1990.
У.К.Лукашэвіч.
т. 1, с. 20
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЭМАТЫ́ЧНАЕ ПРАГРАМАВА́НЕ,
раздзел прыкладной матэматыкі, прысвечаны тэорыі і метадам вызначэння максімумаў (ці мінімумаў) функцый многіх пераменных пры наяўнасці дадатковых абмежаванняў, зададзеных сістэмай роўнасцей і няроўнасцей. Сфарміравалася ў 1950-я г. ў сувязі з практычнымі задачамі выбару аптымальнага варыянта сярод многіх магчымых (гл. Аперацый даследаванне, Гульняў тэорыя).
Задачы М.п. з’яўляюцца матэм. мадэлямі розных задач эканомікі, тэхнікі, вытв-сці, ваен. справы, у якіх патрабуецца вызначыць аптымальны план (праграму) дзеянняў з улікам пэўных умоў і абмежаванняў. Асн. раздзелы М.п.: лінейнае праграмаванне, нелінейнае праграмаванне, а таксама выпуклае (мэтавая функцыя і мноства дазволеных планаў у ім выпуклыя; гл. Выпукласць і ўвагнутасць) і цэлалікавае (пераменныя — цэлыя лікі) праграмаванні; шэраг задач М.п. рашаецца на аснове метаду дынамічнага праграмавання. Разглядаюцца таксама стахастычныя задачы для мадэліравання практычных сітуацый ва ўмовах рызыкі і неакрэсленасці.
На Беларусі мадэлі і метады М.п. даследуюцца ў Ін-тах матэматыкі і тэхн. кібернетыкі Нац. АН, БДУ.
Літ.:
Карманов В.Г. Математическое программирование. 3 изд. М., 1986.
Ю.Н.Сацкоў.
т. 10, с. 212
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕДАЛО́ГІЯ [ад грэч. pais (paidos) дзіця + ...логія],
кірунак у псіхалогіі і педагогіцы канца 19 — пач. 20 ст., мэта якога — аб’яднанне біял., сац., псіхал. і інш. падыходаў да развіцця дзіцяці. З’яўленне П. абумоўлена пранікненнем эвалюцыйных ідэй у педагогіку і псіхалогію і развіццём прыкладных галін псіхалогіі і эксперым. педагогікі. Заснавальнік амер. псіхолаг Г.С.Хол (у 1889 стварыў педалагічную лабараторыю); тэрмін прапанаваў О.Хрызман (Крысмент, вучань Хола). Асновы П. распрацоўвалі Хол, Дж.Болдуін (ЗША), Э.Мёйман (Германія), У.М.Бехцераў, А.П.Нячаеў, Р.І.Расаліма (Расія) і інш. Педолагі імкнуліся стварыць навуку пра развіццё і выхаванне дзіцяці, якая б сінтэзавала вынікі даследаванняў у галіне псіхалогіі, педагогікі, фізіялогіі і сацыялогіі, садзейнічала правядзенню навуч.-выхаваўчай работы на падставе комплекснага вывучэння дзіцяці ва ўсіх яго праяўленнях з улікам узроставых і псіхал. асаблівасцей, умоў жыцця. У СССР П. з 1936 была забаронена.
Літ.:
Выготский Л.С. Педология подростка // Собр. соч. М., 1984. Т. 4.
т. 12, с. 254
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАХО́ДНЫЯ ЭЛЕМЕ́НТЫ, пераходныя металы, хімічныя элементы пабочных (B) падгруп 4—7-га перыядаў перыядычнай сістэмы элементаў Мендзялеева; d- і f-элементы. Вядома 65 П.э. (з улікам 106—109-га элементаў). У перыядах займаюць пераходнае становішча паміж металамі і неметаламі (адсюль назва).
Усе П.э. мала пашыраны ў зямной кары (акрамя жалеза і тытану), з’яўляюцца металамі (на знешнім электронным слоі маюць 1—2 электроны). У П.э. электронамі запаўняюцца ўнутр. (n−1)d-абалонкі (n — гал. квантавы лік) у d-элементаў і (n−2)f-абалонкі ў f-элементаў — лантаноідаў і актыноідаў. У выглядзе простых рэчываў d-элементы вызначаюцца унікальнымі магн. ўласцівасцямі, высокай каталітычнай актыўнасцю (асабліва плаціна, паладый). Асаблівасці хім. уласцівасцей d-элементаў абумоўлены вялікім (параўнальна з усімі інш., у т. л. і f-элементамі) наборам магчымых валентных станаў і ступеняў акіслення (напр., рутэній праяўляе ўсе ступені акіслення ад 0 да +8). Для d-элементаў характэрна ўтварэнне комплексных злучэнняў, кластэраў, а таксама нестэхіяметрычных злучэнняў (гл. Металіды).
т. 12, с. 291
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЫБАМЕ́ТРЫЯ (ад грэч. tribos трэнне + ...метрыя),
метады вымярэнняў сіл або каэфіцыентаў знешняга трэння і зносу паверхняў, якія труцца. Трыбаметрычныя вымярэнні бываюць лабараторныя, пры якіх робіцца ацэнка сіл трэння і зносаўстойлівасці матэрыялаў, і натурныя, калі ацэньваецца пэўны вузел трэння.
Пры лабараторных выпрабаваннях карыстаюцца ўзорамі, якія маюць кропкавы або лінейны кантакт ці малыя плоскія паверхні. На ўзорах вызначаюць удз. сілу трэння і ўдз. знос, інтэнсіўнасць зносу ацэньваюць адносінамі таўшчыні зношанага слоя да пройдзенага шляху. Парог знешняга трэння ацэньваюць, даводзячы дадзеную пару (узор і контрцела) да задзірання — пашкоджання паверхні трэння пры рэзкім павышэнні сілы трэння і плаўнай змене скорасці або нагрузкі. Вынікі лабараторных выпрабаванняў пераносяць на рэальныя пары трэння з улікам падобнасці тэорыі. У рэальных машынах сілу трэння вымяраюць па змене т-ры вузла трэння, спажытай магутнасці на халастым рэжыме работы, значэнні моманту ці сілы трэння, вугле закручвання вала. Каэф. супраціўлення перакочванню вызначаюць з дапамогай цягавых дынамометраў.
Літ.:
Гаркунов Д.Н. Триботехника. 2 изд. М., 1989;
Доценко В.А. Изнашивание твердых тел. М., 1990.
А.П.Ласкаўнёў.
т. 15, с. 542
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЗРО́СТАВАЯ ПСІХАЛО́ГІЯ галіна псіхал. навукі, якая вывучае заканамернасці этапаў псіхічнага развіцця і фарміравання асобы на працягу антагенезу чалавека ад нараджэння да старасці. Як самаст. галіна ведаў сфарміравалася ў канцы 19 ст. Асн. раздзелы: дзіцячая псіхалогія, псіхалогія падлетка, псіхалогія ранняга юнацтва, псіхалогія дарослага чалавека, псіхалогія старасці (геронтапсіхалогія) і інш. Пры вывучэнні кожнага ўзроставага перыяду ўлічвае агульныя тэндэнцыі развіцця, асаблівасці папярэдняга і наступнага ўзросту. У.п. даследуе ўзроставую дынаміку псіхічных працэсаў з улікам уплыву на індывід. развіццё чалавека культ.-гіст., этн. і сац.-эканам. умоў, раскрывае псіхал. змест паслядоўных этапаў фарміравання асн. структур псіхікі індывіда. Паколькі псіхічнае развіццё чалавека ажыццяўляецца ў працэсе навучання і выхавання, У.п. цесна звязана з педагагічнай псіхалогіяй.
Літ.:
Выготский Л.С. Проблема возраста//Собр. соч. М., 1984. Т. 4;
Возрастная и педагогическая психология: Тексты. М., 1992;
Обухова Л.Ф. Детская (возрастная) психология. М., 1996;
Коломинский Я.Л. Психология взаимоотношений в малых группах (общие и возрастные особенности). 2 изд. Мн., 2000.
т. 16, с. 185
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАРЧПАДА́ТАК, харчовы падатак,
цвёрда фіксаваны (20% чыстага прадукту сял. працы, потым 10% ураджаю) натуральны сял. падатак на хлеб, бульбу, алейнае насенне, мяса, яйкі, масла, воўну і інш. прадукты земляробства і жывёлагадоўлі, уведзены дэкрэтам ВЦВК РСФСР ад 11.3.1921 замест харчразвёрсткі. Неўзабаве быў уведзены і ў БССР. Бяднейшыя сяляне (менш за 1 дзес. ворнай зямлі) вызваляліся ад яго поўнасцю, калект. гаспадаркі мелі падатковыя льготы. Увядзенне Х. ў загадзя вызначаным памеры (меншым за харчразвёрстку) стварала ў сялян матэрыяльныя стымулы для паляпшэння земляробства і павелічэння вытв-сці с.-г. прадуктаў. Значна пашырыліся пасяўныя плошчы збожжавых і бульбы. Дэкрэт ВЦВК і СНК СССР ад 10.5.1923 увёў адзіны с.-г. падатак, які павінен быў забяспечыць абкладанне кожнай сял. гаспадаркі з улікам памераў яе даходаў, колькасці зямлі, свойскай жывёлы і інш. Сяляне павінны былі плаціць падатак 15 ліст. і 15 студз. кожнага года. З 1924 збіраўся толькі грашовы падатак (да 5% даходаў сял. двара).
А.В.Юнцэвіч.
т. 16, с. 555
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУДО́ВАЯ ПРА́КТЫКА,
1) дзейнасць судоў па прымяненні законаў пры вырашэнні канкрэтных спраў.
2) Пэўная тэндэнцыя вырашэння судамі асобных катэгорый спраў з улікам рашэнняў судоў, якія набылі законную сілу, найперш судоў вышэйшых інстанцый. Садзейнічае аднастайнасці ў прымяненні законаў судамі. У Рэспубліцы Беларусь абагульняецца вопыт дзейнасці ўсіх судоў, канкрэтызуюцца асобныя нормы, робяцца ўказанні судам, як правільна разумець і прымяняць законы, на прыкладзе канкрэтных спраў адзначаюцца памылкі судоў пры іх вырашэнні. С.п. адыгрывае важную ролю ва ўдасканаленні заканадаўства, паколькі ў працэсе выкарыстання судамі законаў правяраецца эфектыўнасць дзеючых норм, выяўляюцца хібы, супярэчнасці і інш. недахопы існуючага заканадаўства. Вывучэнне і абагульненне С.п., якім займаюцца ўсе суды, ад Вярх. суда да раённых судоў, дае магчымасць глыбей раскрыць прычыны і ўмовы парушэння законнасці, своечасова паставіць перад адпаведнымі органамі і службовымі асобамі пытанне аб папярэджанні гэтых парушэнняў.
У шэрагу краін С.п. разглядаецца як крыніца права, стварае новыя формы (напр., у форме прэцэдэнту).
Э.І.Кузьмянкова.
т. 15, с. 254
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)