ІАА́Н ХРЫСЦІ́ЦЕЛЬ (каля 8 да н.э. — каля 28 н.э.),

біблейскі прарок і аскет. У 27—28 пачаў прапаведаваць у пустыні каля р. Іардан: абвяшчаў надыход «царства божага», заклікаў да пакаяння і даваў воднае хрышчэнне. Сярод ахрышчаных быў Ісус Хрыстос, на якога І.Х. указаў як на чаканага месію; яго вучні Андрэй, Сымон, Якаў і Іаан сталі вучнямі Ісуса. За публічнае асуджэнне сувязі цара Галілеі Ірада Антыпы з Ірадыядай зняволены і абезгалоўлены. Пра смерць І.Х. згадвае яўр. гісторык Іосіф Флавій. Памяці І.Х. прысвечана самая стараж. базіліка Рыма — Латэранская. Выявы І.Х. вельмі пашыраны ў сярэдневяковым мастацтве (жывапіс у баптыстэрыях, скульптуры ў Ам’енскім, Шартрскім, Рэймскім саборах) і новага часу (Данатэла, Л.​Гіберці, Анджэліка, Д.​Гірландайо, П’ера дэла Франчэска, Леанарда да Вінчы, Рафаэль, Эль Грэка, М.​Караваджа, Рэмбрант, Б.​Э.​Мурыльё, Н.​Пусэн).

Н.​К.​Мазоўка.

т. 7, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПІ́НСКІ Ісая (? — 15.10.1640),

праваслаўны царк. дзеяч Рэчы Паспалітай, пісьменнік-палеміст. Манах Кіева-Пячэрскай лаўры, адзін з арганізатараў Кіеўскай брацкай школы. З 1620 — епіскап перамышльскі, з 1628 — смаленскі і чарнігаўскі, у 1631—32/33 — мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі. У крас. 1632 пры абранні каралём Уладзіслава IV намаганнямі архімандрыта Пятра Магілы адхілены ад пасады, у 1633 афіцыйна пазбаўлены сана і зняволены (да 1635). Выступаў супраць Брэсцкай уніі 1596. Аўтар зборніка маральных выслоўяў «Духоўная лесвіца», пасланняў да духавенства і прыватных асоб і інш. Творы К. значна паўплывалі на наступныя пакаленні бел. і ўкр. царк. мысліцеляў.

Літ.:

Костомаров Н.И. Русская история в жизнеописаниях ее главнейших деятелей. М., 1991. Кн. 2. С. 72—78;

Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. Мн., 1990. С. 188.

А.​А.​Яскевіч.

т. 8, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕНЕ́ВІЧ (Kieniewicz) Стафан (20.9.1907, в. Дарашэвічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — 2.5.1992),

польскі гісторык. Акад. Польскай АН (1969). Скончыў Пазнанскі ун-т. З 1937 працаваў у Скарбовым архіве ў Варшаве. У 2-ю сусв. вайну ўдзельнічаў у падп. барацьбе Арміі Краёвай. У час Варшаўскага паўстання 1944 паранены, зняволены ў канцлагеры Дахаў. У 1946—77 выкладаў у Варшаўскім ун-це.

Даследаваў гісторыю барацьбы Польшчы за незалежнасць у канцы 18—19 ст., грамадскіх рухаў 19 ст., развіцця польск. нац. самасвядомасці, гісторыю Варшавы. Аўтар манаграфій «Адам Сапега (1828—1903)» (1939), «Польская рэвалюцыя 1846 г.» (1950), «Легіён Міцкевіча, 1848—1849» (1957), «Брусельскі самотнік: Аповесць пра Іаахіма Лялевеля» (2-е выд., 1960). Паўстанню 1863—64 прысвечаны кнігі «Студзеньскае паўстанне» (2-е выд., 1983), «Дарашэвічы 1863» (1986) і інш.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 8, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́РАЎ (сапр. Кострыкаў) Сяргей Міронавіч

(27.3.1886, г. Уржум, цяпер Кіраўскай вобл., Расія — 1.12.1934),

савецкі парт. і дзярж. дзеяч. Чл. партыі бальшавікоў (з 1904), яе ЦК (з 1923) і Палітбюро ЦК (з 1930, з 1926 кандыдат), сакратар ЦК (1934). Скончыў Казанскае механіка-тэхн. вучылішча (1904). За рэв. дзейнасць у 1905, 1906—08 і 1911—12 зняволены ў турмах. Удзельнік Кастр. рэвалюцыі 1917 у Петраградзе і грамадз. вайны, адзін з кіраўнікоў устанаўлення сав. улады на Паўн. Каўказе. У маі—вер. 1920 паўнамоцны прадстаўнік Сав. Расіі ў Грузіі, у кастр. 1920 кіраўнік рас. дэлегацыі на папярэдніх мірных перагаворах з Польшчай у Рызе. У 1921—25 сакратар ЦК Кампартыі Азербайджана. З 1926 першы сакратар Ленінградскага губкома (з 1927 абкома) і Паўн.-Зах. бюро ЦК ВКП (б). Загінуў у выніку тэрарыст. акта ў Смольным.

С.М.Кіраў.

т. 8, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРЫ́ЛА-МЯФО́ДЗІЕЎСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА,

тайная паліт. арг-цыя ўкр. інтэлігенцыі ў Кіеве ў студз. 1846 — сак. 1847. Заснавальнікі: М.І.Гулак, М.І.Кастамараў, В.​М.​Белазерскі. Названа ў гонар слав. асветнікаў святых Кірылы і Мяфодзія. Налічвала некалькі дзесяткаў членаў, сярод якіх П.А.Куліш і Т.Р.Шаўчэнка. Праграма т-ва, выкладзеная ў Статуце і «Законе божым», прадугледжвала ліквідацыю прыгонніцтва і рас. манархіі, стварэнне на тэр. Усх., Паўд.-Усх. Еўропы і Расіі федэратыўнага саюза 17 слав. рэспублік («штатаў», у іх ліку і Беларусь) са сталіцай у Кіеве, што планавалася дасягнуць ненасільнымі дзеяннямі праз пашырэнне асветы і хрысц. выхаванне моладзі. Разгромлена паліцыяй. Найб. цяжка пакараны Шаўчэнка (аддадзены ў салдаты), Гулак, Кастамараў, Куліш і А.​А.​Наўроцкі (зняволены); астатнія члены сасланы.

Літ.:

Зайончковский П.А. Кирилло-Мефодиевское общество (1846—1847). М., 1959;

Кирило-Мефодіївське товариство. Т. 1—3. Київ, 1990.

т. 8, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУФКО́ Эдуард Станіслававіч (4.3.1921, с. Славоціна Селіжараўскага р-на Цвярской вобл., Расія —17.10.1998),

бел. жывапісец. Вучыўся ў Яраслаўскім маст. вучылішчы (1938—39). У 1946—53 рэпрэсіраваны і зняволены. Працаваў у жанрах сюжэтна-тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа, нацюрморта. Творчай манеры ўласцівы экспрэсіўнасць, выразнасць каларыту, арыгінальнасць кампазіцыйнай пабудовы, шырокае выкарыстанне сімволікі. Героіка-трагедыйным гучаннем вызначаюцца творы антыфаш. цыкла: «Праклён фашызму» (1960), «Уцёкі» (1961), «Правда» (1963), «Няскораны» (1969), «Асвенцім» (1974), «Памяці вязняў Ламсдорфа» (1977) і інш. Аўтар партрэтаў («Маці партызана», 1957; Ф.​Дастаеўскага, 1972; партызана М.​А.​Хлебнікава, 1979; пісьменніка У.​А.​Калесніка, 1980; ганаровага грамадзяніна Брэста В.​П.​Ласковіча, 1988), шэрагу краявідаў Прыбалтыкі і Каўказа, нацюрмортаў, карцін на сучасныя тэмы. Сталінскім лагерам прысвяціў карціны «Іван Дзянісавіч» (1984), «У памяці маёй» (1987), «Аўтапартрэт» (1989) і інш.

Э.Куфко. Асвенцім. 1974.

т. 9, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКУ́ЛЬЧЫК Аляксандр Андрэевіч (14.8.1882, в. Шацк Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — пасля 1918),

бел. паэт. Пісаў на бел. і рус. мовах. Працаваў перапісчыкам, грузчыкам, матросам і інш. У снеж. 1905 — чэрв. 1906 зняволены ў Мінску па падазрэнні ў прыналежнасці да «анархістаў-камуністаў». У 1906—07 у Пецярбургу, потым працаваў у тэатры ў Кіеве. Быў знаёмы з М.​Горкім, падтрымліваў творчыя сувязі з У.​Дз. Бонч-Бруевічам. Друкаваўся ў газ. «Наша ніва», «Северо-Западный край», «Белорусское слово» (Кіеў), у калектыўным «Зборніку вершаў» (Кіеў, 1913, на рус. мове). Найб. вядомы яго верш «Ад веку мы спалі і нас разбудзілі...» (1905), вядомы таксама пад назвай «Беларуская марсельеза». Верш стаў папулярнай рэв. песняй, доўгі час лічыўся народным або ананімным творам, пазней памылкова прыпісаны У.​Галубку.

Тв.:

Песни рабочего. СПб., 1906.

А.​К.​Каўка.

т. 10, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́НТВІЛА (Montvila) Вітаўтас (4.2. 1902, г. Чыкага, ЗША — 19.7.1941),

літоўскі паэт. З 1906 жыў у Літве. Вучыўся ў Каўнаскім ун-це (1928—29). За ўдзел у антыфаш. руху зняволены (1929—31). Расстраляны ням.-фаш. захопнікамі. Друкаваўся з 1923. Прадаўжаў рэв. і грамадз. традыцыі лірыкі Ю.Яноніса. У зб. «Ночы без начлегу» (1933) — тэма сац. несправядлівасці, спалучэнне лірызму і сюжэтнасці, сатыр. інтанацыі і экспрэсіўнасць стылю. Аўтар паэт. зб-каў «У шырокі свет» (1940), «Вянок Савецкай Літве» (выд. 1946), кн. «Апавяданні» (выд. 1951). На бел. мову асобныя творы М. пераклалі М.​Аўрамчык, С.​Дзяргай, А.​Звонак, А.​Лойка, М.​Лужанін, М.​Хведаровіч.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Літоўская савецкая паэзія: Анталогія. Мн., 1977. Т. 1;

Рус. пер. — Избранное. М., 1956;

Ночи без ночлега. М., 1982;

Когда приходит весна. М., 1982.

т. 10, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУШЫ́НСКІ Язэп Францавіч (1885, в. Юраны Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. — 1967),

бел. культ.-грамадскі дзеяч. Скончыў Пецярбургскі ун-т. За ўдзел у студэнцкіх выступленнях 1905 арыштаваны і зняволены ў турму «Крыжы». З 1907 чл. Бел. сацыяліст. грамады. Адзін з заснавальнікаў створанай у маі 1917 Беларускай народнай партыі сацыялістаў, старшыня яе Арганізац. бюро. Удзельнік Усебел. з’езда (снеж. 1917, Мінск). У 1921—30 працаваў у Наркамаце асветы БССР, Інбелкульце, Ін-це мовазнаўства АН Беларусі. У ліп. 1930 арыштаваны органамі АДПУ па справе «Саюза вызвалення Беларусі» і ў крас. 1931 сасланы на 5 гадоў у г. Уфа. У ліп. 1935 Асобай нарадай НКУС асуджаны на дадатковы тэрмін. Пасля рэабілітацыі ў ліст. 1957 вярнуўся ў Мінск.

Аўтар успамінаў пра Я.​Купалу, з якім быў знаёмы з 1910.

А.​С.​Ліс.

т. 15, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УРБАНО́ВІЧ Іосіф Паўлавіч (3.4.1907, в. Шэйпічы Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. — 20.7.1944),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў антыфаш. падполля і партыз. руху ў Брэсцкай вобл. ў Вял. Айч. вайну. У 1924—29 вучыўся ў Віленскай бел. гімназіі, потым у партшколе ЦК КПЗБ. Чл. КПЗБ з 1928. З 1930 сакратар Баранавіцкага, Брэсцкага акр. к-таў КПЗБ. У 1932—34 за рэв. дзейнасць зняволены ў турму. З 1939 старшыня Ружанскага пасялковага Савета. У Вял. Айч. вайну са жн. 1941 у тыле ворага: адзін з арганізатараў раённых антыфаш. арг-цый, сакратар Ружанскага раённага антыфаш. к-та, ініцыятар стварэння, з 1942 сакратар Брэсцкага міжраённага «Камітэта барацьбы з нямецкімі акупантамі»; у чэрв.—ліп. 1943 камандзір партыз. брыгады імя П.​К.​Панамарэнкі Брэсцкай вобл. Загінуў пры выкананні службовых абавязкаў.

І.П.Урбановіч.

т. 16, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)