штучнае закрытае збудаванне (ёмістасць) для захоўвання або транспарціроўкі вадкасцей, звадкаваных газаў, сыпкіх прадуктаў.
Перасоўныя Ц. манціруюць на рамах аўтамабіляў, прычэпах, чыг. цялежках. Аўтамабілі-Ц. бываюць для перавозкі нафтапрадуктаў, цэменту, харч. прадуктаў (малако, піва, мука і інш.), звадкаваных газаў (прапан, бутан, кісларод і інш.), хім. рэчываў (кіслоты, шчолачы); ёмістасць да 15 м³. Ц. тэсла-прычэпы выкарыстоўваюцца ў асн. для перавозкі сіласных кармоў, вадкіх угнаенняў, інш.с.-г. грузаў; ёмістасць да 50 м³. Стацыянарныя Ц. — бетонныя, жалезабетонныя або метал. ёмістасці і рэзервуары. Бываюць падземныя, заглыбленыя і наземныя (на фундаментах, спец. эстакадах). Ц. абсталёўваюцца прыладамі для кантролю за станам прадукту, вымярэння ўзроўню або расходу, прыстасаваннямі для запаўнення і зліву.
В.М.Кандрацьеў.
Цыстэрны: 1 — паўпрычапная да седлавога цягача для перавозкі сіласнага корму (ФРГ); 2 — каток-цыстэрна АТ «Амкадор» для прыгатавання і транспарціроўкі суспензій для стабілізацыі адхонаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗБОЖЖАСХО́ВІШЧА,
будынак або збудаванне для захоўвання харчовага ці фуражнага збожжа і насеннага зерня. Бываюць напольныя (збожжасклады), засекавыя (бункерныя) і сіласныя. Для загрузкі і выгрузкі збожжа маюць норыі, транспарцёры (стужачныя, вібрацыйныя, шнэкавыя, скрабалкавыя), зернепагрузчыкі, зерняпульты, пнеўматранспарт, самацечныя зернеправоды і інш. Абсталёўваюцца зернеачышчальнымі машынамі, зернесушылкамі, вентылятарамі.
Падлогавыя З. — аднапавярховыя будынкі, звычайна з верхняй і ніжняй галерэямі, з гарыз. або нахіленай падлогай; для адначасовага захоўвання некалькіх розных партый зерня (у адсеках, адгароджаных разборнымі шчытамі). Засекавыя З. — склады, раздзеленыя пастаяннымі перагародкамі на засекі, або склады з бункерамі, якія маюць нахіленыя і конусныя днішчы; для захоўвання некалькіх партый (сартоў) збожжа. Сіласныя З. — ёмістасці выш. 25—30 м, круглыя, прама- або многавугольныя ў плане, з лейкападобнымі днішчамі ў выглядзе конусаў. Найб. дасканалыя з іх — элеватары. З., прызначаныя для захоўвання збожжа і насення насыпам, маюць прыстасаванні для прымусовай аэрацыі (аэраднішчы, аэражолабы і інш.), сіласныя — устаноўкі для аэравання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУ́ЗДАЛЬСКІ СПА́СА-ЯЎФІ́М’ЕЎ МАНАСТЫ́Р,
архітэктурны ансамбль 16—17 ст. у г.Суздаль (Расія), на левым беразе р. Каменка. Першапачатковы драўляны Спаскі манастыр засн. ў 1352 суздальскім кн. Канстанцінам Васілевічам. Гал. яго збудаванне — 5-купальны Праабражэнскі сабор (1564), аздоблены вонкавай размалёўкай 1689 (кастрамскія майстры Г.Нікіцін, С.Савін); мае 3 прытворы, аб’яднаныя галерэяй. У 19 ст. да паўн. фасада прыбудаваны прыдзел з цыліндрычным барабанам. У родавай пахавальні сабора магіла кн. Дз.Пажарскага, над якой у 1885 узведзены маўзалей. На тэр. манастыра цэрквы: Успенская трапезная (1525; найб. ранні ўзор рус. архітэктуры шатровага тыпу); Дабравешчання (пач. 16 ст.), Нікольская (1669) з 2-павярховай трапезнай; 3-ярусная 3-пралётная званіца (16—17 ст.) і палаты архімандрыта (17—18 ст.). Манастыр абкружаны магутнымі крапаснымі сценамі (узведзены ў 1664, даўж. больш за 1 км) з 12 вежамі. С.С.-Я.м. уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СХО́ВІШЧА,
спецыяльна абсталяванае збудаванне, памяшканне, месца ў будынку ці ў інш. аб’екце для захоўвання, зберагання, укрыцця чаго-небудзь. 1) У сельскай гаспадарцы С. выкарыстоўваюць для захоўвання бульбы (бульбасховішчы), сенажу (сянажныя сховішчы), сіласу (сіласасховішчы), коранеклубняплодаў (найпрасцейшыя — капцы).
С. для агародніны — наземныя або заглыбленыя будынкі, збудаванні для захоўвання буракоў, морквы, капусты, цыбулі і інш. Сцены іх робяць з бетонных блокаў, уцепленых жалезабетонных панэлей, цэглы, каменю. Для аховы ад прамярзання сцены і дах уцяпляюць, у заглыбленых — абвалоўваюць зямлёй. Для належнага рэжыму захоўвання С. абсталёўваюць сістэмамі вентыляцыі, аўтам. тэрмарэгулятарамі.
2) Ва ўстановах культуры С. — асобыя памяшканні ў архіве, бібліятэцы, музеі для захоўвання рукапісаў, рэдкіх кніг, калекцый і да т.п., а таксама гэтыя ўстановы як цэнтры сабраных каштоўнасцей.
3) Укрыцце ад снарадаў, бомбаў, атрутных рэчываў і інш., спецыяльна збудаванае або абсталяванае ў падвалах жылых і грамадз. будынкаў з трывалымі перакрыццямі і сценамі (гл.Сховішча ваеннае).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯНА́ЖНАЕ СХО́ВІШЧА,
збудаванне для нарыхтоўкі і захоўвання сенажу. Корм з адна- і шматгадовых траў, правялены і здробнены, захоўваюць у вежавых (вертыкальных) і траншэйных (гарызантальных) сховішчах.
С.с. верт. тыпу (сянажная вежа) бывае з верхняй выгрузкай корму (робіцца з металу, зборнага жалезабетону, цэглы) і з ніжняй выгрузкай (метал. зварныя, драўляныя з поліэтыленавым чахлом). Вежы будуюць на тэр. ферм пераважна зборнымі з метал. лістоў або бетонных блокаў, зманціраваных на маналітным фундаменце. Іх аснашчаюць тэхн. сродкамі для загрузкі, размеркавання, ушчыльнення і выгрузкі кармоў. Гарыз. С.с. — заглыбленыя, паўзаглыбленыя і наземныя бетанаваныя траншэі. Бываюць адна- і шматсекцыйныя, праязныя і непраязныя, з паветранепранікальнымі сценамі і стыкамі. На фермах найчасцей выкарыстоўваюць наземныя траншэі.
Літ.:
Батищев В.Д. Механизация приготовления силоса и сенажа. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХРАМ,
культавае збудаванне, прызначанае для богаслужэння і рэліг. абрадаў. Часам Х. мелі мемар. характар, адыгрывалі ролю абарончых збудаванняў (гл.Храм-крэпасць). Сваімі памерамі, манум. формамі і дэкар. убраннем Х. вылучаюцца сярод гар. ці вясковай забудовы, найчасцей размяшчаюцца на вузлавых участках населеных пунктаў, маюць вял. горадабуд. значэнне. Архітэктура розных тыпаў Х. фарміравалася пад уплывам культавых патрабаванняў, удасканальвання арх.-буд. прыёмаў, развіцця дойлідства ў розных краінах, набывала выразную нац. своеасаблівасць. Кожны элемент Х. і яго маст. аздаблення мае сімвалічны сэнс і адлюстроўвае светапогляд пэўных гіст. эпох.
Паводле рэліг. дагматыкі Х. лічыцца домам Бога (багоў) і мае алтар. Вядомы Х. ў язычніцкіх рэлігіях, у будызме, Іерусалімскі Х. у стараж. іудаізме. На Беларусі пашыраны хрысц. Х. (цэрквы, саборы, касцёлы), культавыя будынкі ў пратэстантызме (зборы, малельныя дамы), а таксама сінагогі і мячэці не маюць алтара і лічацца не Х., а месцам малітвы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РКА САРТАВА́ЛЬНАЯ,
збудаванне на чыгуначных станцыях для сартавання вагонаў пры фарміраванні і расфарміраванні саставаў цягнікоў. Гэта земляны пакаты насып (найб. вышыня звычайна 3,5—4, 5 м) з сістэмай чыг. пуцей і комплексам прыстасаванняў і прылад для аўтам. пераключэння стрэлак, запавольвання руху вагонаў, сувязі, блакіроўкі, сігналізацыі.
Прадукцыйнасць механізаваных горак сартавальных да 5 тыс. вагонаў у суткі, вял. аўтаматызаваных — да 10 тыс. і болей. Чыг. састаў, які трэба расфарміраваць, падаюць лакаматывам на верхнюю ч. горкі і расчапляюць на асобныя вагоны або групы. Ад уласнай сілы цяжару яны скочваюцца ўніз на патрэбную каляю. Працэсам кіруе аператар з дапамогай сістэмы горачнай аўтам. цэнтралізацыі. Для запавольвання руху вагонаў выкарыстоўваюць тармазныя пазіцыі.
На Беларускай чыгунцы горкі сартавальныя пабудаваны на станцыях у Мінску, Брэсце, Гомелі, Баранавічах, Жлобіне, Оршы і інш.
Схема горкі сартавальнай: а — план, б — разрэз; 1 — парк прыбыцця; 2 — падымальная частка горкі; 3 — скорасны нахіл; 4 — тармазны нахіл; 5 — нахіл стрэлачнай зоны; 6 — падгорачны парк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛЬБАСХО́ВІШЧА,
збудаванне для захоўвання бульбы. Бульбасховішчы бываюць: заглыбленыя, часткова заглыбленыя і наземныя; навальныя, кантэйнерныя, засекавыя, бункерныя і камбінаваныя; з натуральнай і прымусовай (актыўнай) вентыляцыяй, сховішчы-халадзільнікі з штучным ахалоджваннем і з газавым асяроддзем, састаў якога рэгулюецца. Умяшчальнасць бульбасховішча звычайна 1—20 тыс.т, секцыі — да 1500 т.
Бульбасховішчы будуюць пераважна каркасныя, беспаддашкавыя з выкарыстаннем зборных нясучых і агараджальных канструкцый. Падлогу робяць з бетону, асфальтабетону, у засеках часам земляную. У бульбасховішчы насенную бульбу сартуюць, калібруюць, прарошчваюць; робяць таварную апрацоўку харч. бульбы перад рэалізацыяй. Неабходныя параметры мікраклімату падтрымліваюцца сістэмамі аўтаматызацыі, бульбасховішчы аснашчаюцца транспарцёрамі, пад’ёмнікамі, пагрузчыкамі, падборшчыкамі, паточнымі лініямі (складаюцца з пераборачных, сартавальных, мыечных, сушыльных і фасовачных машын), якія забяспечваюць комплексную механізацыю працаёмкіх работ. Будуюць таксама часовыя бульбасховішчы — капцы, траншэі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЯДУ́К (франц. viaduk ад лац. via дарога + duco вяду),
маставое збудаванне на высокіх апорах пры перасячэнні дарогі з ярамі, цяснінамі, забалочанымі далінамі рэк. Будуецца часам замест высокіх насыпаў, калі іх стварэнне эканамічна або тэхнічна не мэтазгодна. Паступовае нарастанне вышыні апор (часам і памеру пралётаў) адрознівае віядук ад эстакады. Бываюць віядукі каменныя, металічныя, бетонныя, жалезабетонныя, пераважна шматпралётнай арачнай, радзей бэлечнай канструкцыі. Віядукі вядомыя з часоў Стараж. Рыма, дзе іх будавалі па сістэме арак, выкладзеных з буйных каменных блокаў, што надавала ім суровы манум. выгляд (віядукі каля г. Алькантара ў Іспаніі). З канца 19 ст. будуюць пераважна металічныя і жалезабетонныя віядукі. Канструкцыйныя магчымасці новых матэрыялаў і распрацоўка навук. тэорыі мостабудавання далі магчымасць значна зменшыць аб’ём і масу асн. частак збудавання і паўплывалі на ўзнікненне сучасных віядукаў з адкрытымі канструкцыямі (жалезабетонныя віядукі ў г. Нажан на р. Марна, Францыя, віядук Пальчэвера ў Генуі і інш.).
Старажытнарымскі віядук каля г. Алькантара (Іспанія) цераз р. Таха. 109. Рэканструкцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЁР,
1) горна-тэхнічнае збудаванне над шахтавым ствалом для размяшчэння пад’ёмнай устаноўкі, накіравальных (капровых) шківаў, разгрузачных крывых для скіпаў і перакульных клецей. Будуюць з металу, жалезабетону, дрэва. Бываюць часовыя (праходчыя) і пастаянныя (эксплуатацыйныя); А-падобныя, 4-стоечныя, вежавыя і шатровыя; вышынёй да 100 м.
2) Будаўнічая машына (канструкцыя, устаноўка) для падтрымкі палябойнага абсталявання (мех., пара-паветраных і дызельных молатаў, вібрапагружальнікаў, вібрамолатаў і інш.), падымання, устаноўкі і накіроўвання паляў і шпунтоў пры іх забіўцы. Бываюць на рэйкавым хаду, на базе самаходных машын (трактара, экскаватара, аўтамабіля), на пароме (пантоне). Вышыня вежы да 30 м, грузападымальнасць да 30 т. 3) Устаноўка для драблення крохкага метал. лому, застылых глыб мартэнаўскага шлаку і інш. Бываюць стацыянарныя і перасоўныя (кранавага тыпу).
4) Прыстасаванне для ўдарных мех. выпрабаванняў матэрыялаў. Бываюць з падаючым грузам («бабай»), маятнікавыя (найб. пашыраны) і ратацыйныя. Для выпрабавання на кручэнне выкарыстоўваюць круцільныя К.
М.М.Кунцэвіч.
Капёр для забівання паляў.Капёр вугальнай шахты: 1 — галоўныя пад’ёмныя тросы; 2 — вугальны скіп; 3 — канвеер.