СХО́ВІШЧА,

спецыяльна абсталяванае збудаванне, памяшканне, месца ў будынку ці ў інш. аб’екце для захоўвання, зберагання, укрыцця чаго-небудзь. 1) У сельскай гаспадарцы С. выкарыстоўваюць для захоўвання бульбы (бульбасховішчы), сенажу (сянажныя сховішчы), сіласу (сіласасховішчы), коранеклубняплодаў (найпрасцейшыя — капцы).

С. для агародніны — наземныя або заглыбленыя будынкі, збудаванні для захоўвання буракоў, морквы, капусты, цыбулі і інш. Сцены іх робяць з бетонных блокаў, уцепленых жалезабетонных панэлей, цэглы, каменю. Для аховы ад прамярзання сцены і дах уцяпляюць, у заглыбленых — абвалоўваюць зямлёй. Для належнага рэжыму захоўвання С. абсталёўваюць сістэмамі вентыляцыі, аўтам. тэрмарэгулятарамі.

2) Ва ўстановах культуры С. — асобыя памяшканні ў архіве, бібліятэцы, музеі для захоўвання рукапісаў, рэдкіх кніг, калекцый і да т.п., а таксама гэтыя ўстановы як цэнтры сабраных каштоўнасцей.

3) Укрыцце ад снарадаў, бомбаў, атрутных рэчываў і інш., спецыяльна збудаванае або абсталяванае ў падвалах жылых і грамадз. будынкаў з трывалымі перакрыццямі і сценамі (гл. Сховішча ваеннае).

В.​М.​Кандрацьеў.

т. 15, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)