ГУДА́ЙЦІС-ГУЗЯ́ВІЧУС ((Gudaitis-Guzevičius) Аляксандрас) (25.5.1908, Масква — 18.4.1969),
літоўскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Літвы (1968). Засл. дз. маст. Літвы (1954). З 1921 жыў у Літве. Друкаваўся з 1928. Першая кніга — зборнік нарысаў і апавяданняў «Сцяганосец» (Мн., 1935). Гіст. раманы «Праўда каваля Ігнотаса» (т. 1—2, 1948—49, Дзярж. прэмія Літвы 1951), «Браты» (т. 1—4, 1951—55), «Змова» (т. 1—2, 1964—65, Дзярж. прэмія Літвы 1967) — аб рэв. падзеях 1918—20. Аўтар п’ес «Нябачная зброя» (1958), «Паядынак» (1961), кнігі навел «Цёмная ночанька» (1958), аўтабіягр. аповесці «Чорная тарпеда» (1966).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРОЗД (Мікалай Пракопавіч) (падп.псеўд.Дзядзька Вася; 1890, в. Селішча Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 1943),
удзельнік Мінскага патрыятычнага падполля ў Вял.Айч. вайну. З 1939 працаваў на лямцавай ф-цы «Чырвоны Кастрычнік». У час акупацыі Мінска ням.-фаш. захопнікамі арганізаваў і ўзначаліў падп. групу. На яго кватэры захоўваліся зброя, боепрыпасы, медыкаменты, хаваліся падпольшчыкі і ваеннаслужачыя, якія трапілі ў акружэнне, у 1941 адбыліся 2 пасяджэнні Мінскага падп. гаркома КП(б)Б. Д. удзельнічаў у аперацыі па знішчэнні В.Кубэ. 24.9.1943 Д., яго жонка і дачка Рэгіна арыштаваны і пасля катаванняў загублены ў Трасцянецкім лагеры смерці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЯНЕ́ВІЦКІ БОЙ 1944.
Адбыўся паміж партыз. брыгадай імя В.Т.Варанянскага (камандзір В.В.Сямёнаў) і ням.-фаш. захопнікамі ў в. Касцяневічы Куранецкага р-на Вілейскай вобл. 31.1.1944 у Вял.Айч. вайну. Гарнізон у в. Касцяневічы (каля 140 гітлераўцаў, узброеных 2 мінамётамі, 10 кулямётамі, аўтаматамі) ахоўваў шашу Мінск—Даўгінава і падыходы да чыгункі Маладзечна—Полацк. 30.1.1944 партыз. атрады ў цяжкіх умовах бездарожжа зрабілі 37-кіламетровы марш з месца дыслакацыі да в. Касцяневічы. У выніку раптоўнасці налёту праціўнік не здолеў аказаць сур’ёзнага супраціўлення і гарнізон быў захоплены, знішчана шмат гітлераўцаў, захоплена зброя, боепрыпасы, абмундзіраванне і запасы харчавання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЯЎРЫ́НА (ад франц. couleuvrin змеепадобны),
1) французская разнавіднасць першых узораў ручной агнястрэльнай зброі (14—16 ст.) тыпу аркебузы. Мела жал. або бронз. ствол, прымацаваны кольцамі да драўлянай ложы, і вузкі выгнуты прыклад; калібр 12,5—22 мм, даўж. 1,2—1,4 м, маса 5—28 кг.
2) Найб. даўгаствольныя (з адноснай даўж. канала ствала 18—50 калібраў) гарматы розных калібраў (42—240 мм), якія ўжываліся для прыцэльнай стральбы на вял. адлегласці ў еўрап. арміях (у т. л. ў арміі ВКЛ) і ваен. флатах у 15—17 ст. У Германіі наз. шланг і гакенбюкс, у Расіі — пішчаль. Гл.іл. пры арт.Зброя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ШЧА,
старажытная кідальная зброя. Ручная П. — рэмень з пашыранай сярэдняй часткай або кароткая палка з расколінай ці пятлёй, куды клалі шарападобны камень або металічны снарад, у т. л. гранату. Пасля раскручвання П. і выпускання аднаго канца снарад ляцеў да 150 м. П. выкарыстоўвалася ў арміях Стараж. свету (у Егіпце, Грэцыі, Рыме і інш.); разнавіднасць П. захавалася ў плямён Аўстраліі, Афрыкі, Акіяніі да пач. 20 ст. П. выкарыстоўвалася і ў кідальных машынах — парабалістах.
Прашчы: 1 — скураная з Эрытрэі. Канец 19 ст.; 2 — плеценая з двухколернага шнура. Манголія; 3 — плеценая з Гавайскіх астравоў. 18 ст.; 4 — старажытны воін-прашчнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁЭЛЕКТРО́ННАЯ БАРАЦЬБА́,
комплекс мерапрыемстваў па выяўленні і падаўленні радыёэлектронных сродкаў і сістэм праціўніка; спецыфічная форма барацьбы, у якой выкарыстоўваецца зброя з неабмежаваным боекамплектам, здольная дзейнічаць практычна імгненна, на вялікую адлегласць і з апярэджаннем. Задача Р.б.: дэзарганізацыя кіравання войскамі праціўніка, зніжэнне эфектыўнасці вядзення ім разведкі і прымянення баявой тэхнікі (зброі), радыёэлектронная абарона і інш. Мерапрыемствы Р.б. праводзяцца ва ўзаемадзеянні з рознымі родамі войск і спец. войск. З канца 20 ст. тэрмін «Р.б.» ўсё больш трансфармуецца ў паняцце «інфармацыйная вайна» — комплекс дзеянняў па выкарыстанні, скажэнні і разбурэнні інфармацыі праціўніка, парушэнні яе функцый і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛАДЖА́-ХЮЮ́К (Alaca Hüyük),
узгорак недалёка ад г.Багазкёй на ПнЦэнтр. Турцыі, дзе выяўлены археал. напластаванні ад эпох энеаліту і бронзавага веку (4—3-е тыс. да н.э.) да 7—6 ст. да н.э. Раскопкамі з 1935 выяўлены царскі (?) могільнік з 13 пахаваннямі (2-я пал. 3-га тыс. да н.э.). У грунтавых камерах разам з касцякамі нябожчыкаў знойдзена шмат залатых і медных вырабаў (посуд, зброя, фігуркі быкоў і аленяў, упрыгожанні). Да хецкага часу (2-е тыс. да н.э.) адносяцца рэшткі абарончых сцен з варотамі (упрыгожаны фігурамі сфінксаў), храма і інш. збудаванняў.
Да арт.Аладжа-Хююк. Штандар з царскага могільніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРАСІМЕ́НКА (Назар Яўстратавіч) (1903, чыг. ст. Пціч Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — люты 1943),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Мінскага патрыятычнага падполля ў Вял.Айч. вайну. З 1929 працаваў у Мінску. З першых дзён ням.-фаш. акупацыі горада стварыў і ўзначаліў падп. групу (падп.псеўд. Мікалай), з 1942 сакратар Сталінскага падп. райкома КП(б)Бг. Мінск. На яго кватэры збіраліся падпольшчыкі, прымаліся сувязныя партыз. атрадаў, захоўвалася зброя, медыкаменты, нелегальная л-ра. У падп. рабоце ўдзельнічалі яго жонка Таццяна і 12-гадовая дачка Люся. У кастр. 1942 гітлераўцы арыштавалі ўсю сям’ю Герасіменка і пасля катаванняў загубілі. На тэр. сярэдняй школы № 25 у Мінску — бюст Люсі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́КА (польск. pika ад франц. pique),
дзіда, колючая халодная зброя, якая з часоў старажытнасці была на ўзбраенні пяхоты і кавалерыі; разнавіднасць доўгага кап’я. Складалася з трох- або чатырохграннага стальнога ляза (наканечніка) і дрэўка; даўж. 3,3 м (даўж. наканечніка 12 см) і маса 3—4 кг. У пяхоце выкарыстоўваліся да 2-й пал. 18 ст., у некат. кав. часцях большасці краін — да 1-й сусв. вайны, у шэрагу краін — да 1930-х г. У кавалерыі Чырв. Арміі П. была на ўзбраенні да 1931.
Да арт.Піка: 1 — еўрапейская, каля 1700; 2 — шылападобная чатырохгранная, Швейцарыя або Германія, 15 ст.; 3 — абардажная, Іспанія, 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЦЕ́ЧНІЦА,
агнястрэльная зброя 2-й пал. 19 ст. Інтэнсіўнасць стральбы (да 600 стрэлаў за мінуту) дасягалася за кошт павелічэння колькасці ствалоў (да 25) і паскарэння працэсу зараджання праз ужыванне унітарнага патрона. Прататып К. — арган выкарыстоўвалі ў 16—18 ст. у Еўропе, у т. л. на Беларусі. Розныя сістэмы К. ствараліся і меліся на ўзбраенні ў ЗША (у час грамадз. вайны 1861—65), у Францыі, Швецыі, Расіі і інш. Іх калібр ад 11—12 да 25,4 мм, маса 25-ствольнай К. дасягала 800 кг. Былі папярэдніцамі аўтаматычнай зброі, але іх механізмы зараджання і стральбы прыводзіліся ў дзеянне мускульнай сілай чалавека. Зняты з узбраення ў сувязі з вынаходніцтвам і распаўсюджаннем кулямёта.