адзіная прэснаводная рыба сям. трасковых атр. траскападобных. Пашыраны ў рэках і азёрах Еўразіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі жыве ў вадаёмах з халоднай чыстай вадой і камяністым дном, у ямах, пад берагамі. Актыўны ўвосень і зімой, летам упадае ў спячку. Нар. назвы калека, мень, мянёк.
Даўж. да 1,7 м, маса да 32 кг (на Беларусі да 5 кг). Спінных плаўнікоў 2. Цела ўкрыта дробнай цыклоіднай луской. Верхняя сківіца выступае ўперад. На ніжняй сківіцы 1 вусік. Зубы шматлікія, шчацінкападобныя. Драпежнік. Аб’ект промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАШЧАНО́СНАЯ Я́ШЧАРКА (Chlamidosaurus kingi),
паўзун сям. агам; адзіны від аднайменнага роду. Пашырана на Пн і ПнЗ Аўстраліі і в-ве Новая Гвінея. Жыве пераважна на дрэвах, па зямлі можа бегаць на задніх нагах.
Даўж. да 80 см. Мае шырокую лускаватую складку скуры ў выглядзе каўняра—«плашча» (адсюль назва) шыр. да 15 см. У самцоў на каўняры каляровыя плямы; грудзі і горла чорныя. Раскрывае «плашч» пры абароне, небяспецы, узбуджэнні, у час гону. Корміцца пераважна насякомымі, а таксама інш. беспазваночнымі, дробнымі паўзунамі і млекакормячымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛО́ТКІ (Rutilus),
род рыб сям. карпавых. Каля 10 відаў, шмат падвідаў. Пашыраны ў прэсных і саланаватых водах Еўропы, Азіі і Паўн. Амерыкі. Чародныя жылыя, паўпрахадныя і прахадныя формы, у т. л.вобла, таран. На Беларусі 1 від — П. звычайная (R. rutilus). Жыве ў азёрах, рэках, вадасховішчах.
Даўж. да 72 см, маса да 8 кг (у П. звычайнай да 32 см і 800 г). Луска буйная. Вочы жаўтавата-аранжавыя, з чырв. плямкай у верхняй частцы. Кормяцца планктонам, бентасам. Аб’екты промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ПАЎЗЕНЬзвычайны
(Sitta europaea),
птушка атр. вераб’інападобных. Пашыраны ў лясной зоне Еўразіі, Паўн.-Зах. Афрыцы. Жыве ў лісцевых і мяшаных лясах, парках, старых садах, трапляецца ў населеных пунктах. Гнёзды ў дуплах. Трымаецца паасобку або парамі. На Беларусі гняздоўны, часткова аселы і вандроўны від.
Даўж. да 16 см, маса да 26 г. Шчыльны склад цела і моцныя лапы з учэпістымі кіпцюрамі прыстасаваны для перамяшчэння па ствалах і галінах дрэў. Корміцца насякомымі, лічынкамі, павукамі, насеннем. Адкладвае да 8 яец, двойчы за лета.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРУСА́К, таракан рыжы (Blattella germanica),
насякомае атр. тараканавых. Пашыраны ўсюды; сінантропны від, жыве пераважна ў жыллі чалавека. Актыўны ўначы. Можа пашкоджваць харч. прадукты, скураныя вырабы, пераплёты кніг, пакаёвыя і цяплічныя расліны. Пераносчык узбуджальнікаў шэрагу хвароб (напр., дызентэрыі) і яец гельмінтаў. Цеплалюбівы, гіне пры т-ры ніжэй за -5 °C.
Даўж. да 13,3 мм. Цела пляскатае. Пярэднія крылы (надкрылы) скурыстыя, заднія — тонкія. Вусікі доўгія. Ротавыя органы грызучыя. Усёедныя. Яйцы адкладваюць (да 40 шт.) у аптэку — хіцінавую капсулу, якую да 40 дзён выношваюць на канцы брушка. Ператварэнне няпоўнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРШ (Яша) (сапр.Анісяровіч Янка; н. 12.11.1929, г. Баранавічы Брэсцкай вобл.),
бел. паэт і мастак. Жыве ў Польшчы. Скончыў Варшаўскую акадэмію мастацтва (1957). Дэбютаваў вершамі ў беластоцкім зб. «Рунь» (1959). Аўтар паэт. кнігі «Прамень думкі» (Беласток, 1964). Друкаваўся ў альманаху «Белавежа» (1965, 1971) і інш. Вершы Бурша пра складаны духоўны свет сучаснага чалавека, выбар ім шляхоў у грамадстве, інтымныя пачуцці. Шмат месца займае пейзажная лірыка. Паэтычная мова Бурша ўскладненая, разлічана на вобразна-асацыятыўнае мысленне чытача. Адзін з арганізатараў бел.літ.-маст. руху на Беласточчыне. Жывапісныя творы Б. выстаўляліся ў Польшчы і за мяжой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫСТРА́НКА (Alburnoides bipunctatus),
рыба сям. карпавых атр. карпападобных. 4 падвіды. Пашырана ў прэсных вадаёмах Еўропы, Пярэдняй і Сярэдняй Азіі. На Беларусі тыповая форма ў рэках бас.Зах. Дзвіны, Нёмана, Зах. Буга, а падвід быстранка руская (A. b. rossicus) — у рэках бас. Дняпра. Жыве ў рэках з быстрым цячэннем (адсюль назва). Нар. назвы стракатка, сіняўка, ушвейка.
Даўж. 10—15 см, маса да 13 г. Спіна цёмна-шэрая або цёмна-зялёная, брушка і ніз бакоў серабрыстыя. Уздоўж бакавой лініі дзве цёмныя палосы. Нерастуе на быстрынях з камяністым дном. Корміцца паветр. і воднымі насякомымі, зоапланктонам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЙБА́К, стэпавы сурок (Marmota bobak),
млекакормячае сям. вавёркавых. Пашыраны ў стэпавай і лесастэпавай паласе Усх. Еўропы і Азіі.
Даўж. цела да 60 см, хваста да 15, маса да 6,5 кг. Поўсць кароткая, мяккая, пясочна-жоўтая са слабымі цёмнымі плямкамі. Лапы кароткія з моцнымі кіпцюрамі. Жыве сем’ямі ў глыбокіх норах, утварае калоніі. Тыповы дзённы грызун, найб. актыўны раніцай і вечарам. На зіму ўпадае ў спячку (да 6 месяцаў), назапасіўшы тлушчу (да 30% ад масы). Нараджае 4—5 дзіцянят. Корміцца дзікай травяністай расліннасцю. Аб’ект промыслу (выкарыстоўваюць шкурку, мяса, тлушч). Ворыва цаліны і паляванне значна зменшылі яго колькасць. Ахоўваецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКАПЛА́Ў ПАЛА́СА (Pallasea quadrispinosa),
беспазваночная жывёла сям. гамарыдаў атр. бакаплаваў. Пашыраны на Пн Еўропы. Па тэр. Беларусі праходзіць паўд. мяжа арэала віду. Знойдзены ў азёрах Браслаўскай групы, Лукомскім, Доўгае (Глыбоцкі р-н). Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Цела даўж. да 3 см, аранжавае, дугападобнай формы, сціснутае з бакоў, складаецца з 18 сегментаў. Жыве ў алігатрофных і мезатрофных азёрах сярод вышэйшай воднай расліннасці. Корміцца арган. часцінкамі грунту, расліннымі і жывёльнымі рэшткамі. Размнажаецца круглы год, найб. у асенне-зімовы перыяд. Каштоўны корм для рыб. На Беларусі ахоўваецца ў ландшафтным заказніку Міжазёрны (Віцебская вобл.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́ТНЫЯ ЧАРАПА́ХІ (Emys),
род прэснаводных чарапах. 2 віды. Еўрапейская балотная чарапаха (Emys orbicularis) жыве ў Паўн.-Зах. Афрыцы і Азіі, Еўропе; амерыканская (Emys blandingi) — на ПнУ ЗША і на Пд Канады. На Беларусі зрэдку на Пд (бас. Прыпяці), ПдЗ і ПдУ трапляецца еўрапейская балотная чарапаха, занесеная ў Чырв. кнігу. Жывуць у мелкіх малапраточных вадаёмах, выходзяць на сушу.
Цела (даўж. 15—25 см) укрыта касцявым і рагавым панцырам. Кормяцца рознымі беспазваночнымі, водарасцямі, рыбай. Палавая спеласць у 6—8 гадоў. Адкладваюць 5—10 яец у ямку, якую самка капае на беразе вадаёма. Зімуюць на дне вадаёмаў.