ГЕАБАТАНІ́ЧНЫЯ КА́РТЫ, карты расліннасці,
карты, якія адлюстроўваюць геагр. пашырэнне тыпалагічных падраздзяленняў расліннасці (асацыяцый, груп, фармацый) ці іх прасторавых камбінацый (комплексаў, спалучэнняў, радоў). У залежнасці ад мэтавага прызначэння і прынцыпаў пабудовы геабатанічныя карты падзяляюцца на універсальныя і спецыялізаваныя. Універсальныя геабатанічныя карты паказваюць размеркаванне натуральных адзінак расліннага покрыва, што склаліся ў працэсе яго гіст. развіцця, змены, якія адбыліся пад уплывам дзейнасці чалавека. Спецыялізаваныя геабатанічныя карты адлюстроўваюць рысы расліннасці, найб. важныя для гасп. выкарыстання, маюць пэўныя прыкладныя задачы (кармавыя, лясныя, раслінных рэсурсаў), часам уключаюць дадатковыя паказчыкі.
т. 5, с. 109
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮМО́Н-ДЗЮРВІ́ЛЬ ((Dumont d’Urville) Жуль Себасцьен Сезар) (23.5.1790, г. Кандэ-сюр-Нуаро, Францыя — 8.5.1842),
французскі мараплавец і акіянограф. У 1826—28 здзейсніў кругасветнае плаванне на караблі «Астралябія», у час якога знайшоў сляды загінуўшай экспедыцыі Ж.Лаперуза, даследаваў некалькі астраўных груп у Ціхім ак., нанёс на карту частку берагоў Новай Зеландыі і Новай Гвінеі. У 1837—40 ажыццявіў плаванне ў Антарктыку на суднах «Астралябія» і «Зеле»; адкрыў Зямлю Луі Філіпа, в-аў Жуанвіль, Зямлю Адэлі. У яго гонар названа Дзюрвіля мора ў Антарктыцы.
т. 6, с. 129
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕ́РМЕН ((Clurman) Харалд) (18.9.1901, Нью-Йорк — 1980),
амерыканскі рэжысёр і тэатр. крытык. Вучыўся ў Амер. лабараторным т-ры ў Нью-Йорку. У 1924 у т-ры «Грынуіч вілідж плейхаўс», у 1925—31 у «Гілд-тыэтр». Адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў незалежнага тэатра «Груп» (1931—41). Ставіў п’есы К.Одэтса («Прачніся і спявай», 1935, і інш.), У.Сараяна, спектаклі ў т-рах на Брадвеі («Рускія людзі» К.Сіманава, 1945, і інш.). У 1963—64 кансультант Лінкальнаўскага цэнтра мастацтваў. Аўтар крытычных артыкулаў па праблемах тэатра.
т. 8, с. 330
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́ЎРЫ,
курганны могільнік 11—12 ст. каля в. Наўры Мядзельскага р-на Мінскай вобл.; мае крывіцка-дрыгавіцую этнічную прыналежнасць. Складаецца з 2 груп; 10 і 67 насыпаў. Пахавальны абрад — трупапалажэнне на гарызонце галавой на 3, частка на попельнай падсыпцы. Пры даследаванні выяўлены жал. нажы, сякера, рэшткі драўлянага посуду, ганчарная кераміка, пацеркі (шкляныя, бурштынавыя, з горнага хрусталю), падвескі, бронзавыя пярсцёнкі, спражкі, вітая грыўня, сярэбраная бляшка з арнаментам, зорчатая фібула, бразготкі, крыжык, медныя залачоныя пласцінкі-драбніцы з выемчатай эмаллю чырв. колеру і інш.
т. 11, с. 213
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУНА́К (Віктар Валяр’янавіч) (22.9.1891, Масква — 11.4.1979),
рускі антраполаг. Д-р біял. н. (1935), праф. (1925). З 1923 у Маскоўскім ун-це, з 1948 у Ін-це этнаграфіі імя М.М.Міклухі-Маклая АН СССР. Распрацаваў методыку асн. прынцыпаў антрапал. даследаванняў. Арганізоўваў і прымаў удзел у антрапал. даследаваннях у паўд. і паўд.-зах. раёнах Беларусі. Сабраў даныя па размеркаванні груп крыві на тэр. Усх. Еўропы, у т. л. Беларусі. Аўтар падручніка па антрапалогіі.
Тв.:
Антропологические исследования в южной Белоруссии // Антропологический сборник. М., 1956.
Л.І.Цягака.
т. 3, с. 337
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫХО́ЎСКІ (Барыс Яўсеевіч) (27.8.1908, С.-Пецярбург — 26.1.1974),
савецкі паразітолаг. Акад. АН СССР (1964; чл.-кар. 1960). Скончыў Ленінградскі ун-т (1930). З 1929 у Ін-це рыбнай гаспадаркі ў Ленінградзе; у 1935—40 і з 1942 у Заал. ін-це АН СССР (з 1962 дырэктар), з 1963 акадэмік-сакратар Аддз. агульнай біялогіі АН СССР. Навук. працы па агульных праблемах паразіталогіі, вывучэнні монагенетычных смактуноў і інш. груп плоскіх чарвей, іх экалогіі (фактары фарміравання паразітафауны рыб).
Тв.:
Моногенетические сосальщики, их система и филогения. М.; Л., 1957.
т. 3, с. 380
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЫ́НІЦКІ-БІРУ́ЛЯ (Аляксей Андрэевіч) (24.10.1864, Аршанскі р-н Віцебскай вобл. — 18.6.1937),
савецкі заолаг і зоагеограф. Чл.-кар. АН СССР (чл.-кар. Расійскай АН з 1923). Праф. Ленінградскага ун-та. Дырэктар Заал. музея АН СССР. Навук. працы па сістэматыцы, біягеаграфіі розных груп беспазваночных, птушак і млекакормячых. Садзейнічаў арганізацыі пры Заал. музеі пастаяннай камісіі па вывучэнні малярыйных камароў, экспедыцыі ў Сярэднюю Азію (1928), што спрыяла даследаванням у СССР па паразіталогіі.
Тв.:
Скорпионы. Вып. 1. Пг., 1917;
Фаланги // Фауна СССР. М.; Л., 1938. Т. 1, вып. 3.
т. 3, с. 402
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАМІ́ДЫ неарганічныя,
хімічныя злучэнні брому з іншымі элементамі. Браміды большасці металаў маюць высокія т-ры плаўлення (напр., брамід калію KBr tпл 730 °C), добра раствараюцца ў вадзе, акрамя брамідаў серабра, ртуці, медзі, свінцу. Браміды неметалаў і металаў III і IV груп перыяд. сістэмы легкаплаўкія, лятучыя рэчывы і напр., брамід алюмінію AlBr3 tпл 97 °C). Атрымліваюць непасрэдным злучэннем элементаў, пры ўзаемадзеянні броміставадароднай кіслаты з металамі, аксідамі, гідраксідамі, карбанатамі. Браміды натрыю і калію выкарыстоўваюць у медыцыне, хім. аналізе, браміды серабра — у вытв-сці кіна- і фотаматэрыялаў.
т. 3, с. 240
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАНСО́Н ((Adanson) Мішэль) (7.4.1727, г. Экс-ан-Праванс, Францыя — 3.8.1806),
французскі батанік. Чл. Франц. АН (1759). Даследаваў трапічную Афрыку. Адзін з заснавальнікаў натуральнай сістэмы раслін, варыянт якой выклаў у працы «Сямейства раслін» (1763). У пошуках лагічных высноў класіфікацыі склаў 65 штучных сістэм, параўноўваў іх паміж сабой і па колькасці супадзенняў вызначаў ступень блізкасці супадпарадкаваных груп раслін паміж сабой (упершыню скарыстаў матэм. метады ў біялогіі). Прызнаваў магчымасць зменнасці відаў. З 1772 захапіўся філасофіяй.
Літ.:
Adanson. The bicentennial of Michel Adanson’s Familles des plantes. Pt. 1—2. Pittsburgh, 1963.
т. 1, с. 94
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСВЕ́ЙСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з жн. 1941 да ліп. 1942 у г.п. Асвея і Асвейскім раёне Віцебскай вобласці. Арганізатары і кіраўнікі: У.У.Сімацкі (да 18.11.1941) і І.К.Захараў. Аб’ядноўвала 9 падп. груп (каля 100 чал.). Падпольшчыкі распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, вялі разведку, арганізоўвалі ўцёкі ваеннапалонных з лагера, здабывалі зброю і боепрыпасы, знішчалі гітлераўцаў, вывелі са строю 14 аўтамашын, 6 танкаў, разбурылі 10 мастоў, сапсавалі тэлеграфную сувязь, спалілі льнозавод, харч. склад і інш. У крас. арганізавалі партыз. атрад, які ў жн. 1942 увайшоў у Асвейскую партыз. брыгаду.
т. 2, с. 23
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)