ВЕСПУ́ЧЫ (Vespucci) Амерыга (9.3.1451, г. Фларэнцыя, Італія — 22.2.1512),
італьянскі мараплавец і даследчык. Доўгі час быў дробным служачым банкірскага дома Медычы і агентам гэтай фірмы ў Севільі. У маі 1499 — вер. 1500 на ісп. марской службе, з вясны 1501 па чэрв. 1504 — на партугальскай; потым зноў вярнуўся ў Іспанію, у 1508—12 гал. стырнавы Кастыліі. У 1499—1504 прымаў удзел у некалькіх экспедыцыях да берагоў Паўд. Амерыкі, якую ён назваў Новым Светам. Лісты аб гэтых падарожжах, у якіх Веспучы ўпершыню апісаў прыроду паўн.ч. кантынента, набылі сусв.вядомасць і неаднаразова перавыдаваліся ў 1505—10. Латарынгскі картограф М.Вальдземюлер прыпісаў адкрыццё «чацвёртай часткі свету», зробленае Х.Калумбам, Веспучы і прапанаваў назваць гэты мацярык у гонар Амерыга Веспучы Амерыкай. Для Паўд. Амерыкі гэта абазначэнне хутка стала агульнапрызнаным, а ў 1538 на карце Г.Меркатара ўпершыню было пашырана і на Паўн. Амерыку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́РДЗІН Уладзімір Расціслававіч (18.1.1877, Масква — 28.5.1965),
рускі акцёр і рэжысёр, сцэнарыст. Нар.арт.СССР (1947). Творчую дзейнасць пачаў у 1898 у правінцыяльных т-рах, у 1904—05 акцёр Тэатра В.Камісаржэўскай (Пецярбург), потым Маскоўскага т-ра Корша. Сярод роляў: Фёдар Карамазаў («Браты Карамазавы» паводле Ф.Дастаеўскага), Федзя Пратасаў («Жывы труп» Л.Талстога). З 1913 працуе ў кіно. Атрымаў вядомасць як рэжысёр і сцэнарыст фільмаў-экранізацый «Ганна Карэніна» і «Крэйцэрава саната» (абодва 1914), «Вайна і мір» (1915, разам з Я.Пратазанавым; усе паводле Талстога), «Дваранскае гняздо» і «Напярэдадні» паводле І.Тургенева (абодва 1915) і інш. У 1919 заснаваў і быў кіраўніком 1-й Дзяржкінашколы (цяпер Усерасійскі дзярж.ін-т кінематаграфіі). Паставіў фільмы: «Дзевяноста шэсць» (1919), «Паэт і цар» (1927), «Кастусь Каліноўскі» (1928) і інш. Зняўся ў фільмах «Сустрэчны» (1932), «Іудушка Галаўлёў» (1934) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭЙВС (Graves) Роберт (26.7.1895, Лондан — 7.12.1985),
англійскі пісьменнік, літаратуразнавец. Сын ірландскага паэта А.П.Грэйвса. Скончыў Оксфардскі ун-т (1926), праф. гэтага ун-та ў 1961—66. Аўтар больш як 50 зб-каў паэзіі; майстар філас., пейзажнай і любоўнай лірыкі («Выбраныя вершы», 1938; «Вершы, 1938—1945», 1946, і інш.). Вядомасць яму прынеслі гіст. раманы «Я, Клаўдзій», «Боскі Клаўдзій» (абодва 1934), «Залатое руно» (1944), «Цар Ісус» (1946), «Дачка Гамера» (1955) і інш., а таксама аўтабіягр. раман «Развітаемся з усім гэтым» (1929). Аўтар літ.тэарэт. даследаванняў («Белая багіня. Гістарычная граматыка паэтычнага міфа», 1948, і інш.), перакладаў твораў Гамера, Апулея, Тэрэнцыя, Умара Хаяма. Каралеўскі залаты медаль і Залаты медаль паэта на Алімпійскіх гульнях у Мехіка (1968).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРЫ́О (Dario) Рубэн [сапр.Гарсія Сармьента
(García Sarmiento) Фелікс; 16.11.1867, г. Сьюдат-Дарыо, Нікарагуа — 6.2.1916], нікарагуанскі паэт, журналіст, буйнейшы прадстаўнік т.зв. лацінаамер. мадэрнізму. Быў консулам Нікарагуа ў Парыжы (1893—98),
паслом у Іспаніі (1908—10), карэспандэнтам. Вядомасць прынеслі зб-кі «Рыфы» і «Рыфмы» (абодва 1887), «Блакіт» (1888), «Язычніцкія псалмы» (1896). Лірыка Д. вызначаецца пантэісцкім бачаннем свету, культам прыгажосці, музычнасцю і пластычнасцю: зб-кі «Песні жыцця і надзеі» (1905), «Паэма восені і іншыя вершы» (1910) і інш. Яго эсэістыка спрыяла засваенню лацінаамерыканскай еўрап. культуры і ўсведамленню нац. самабытнасці (зб-кі «Сучасная Іспанія», 1901, «Увесь палёт», 1912, і інш.). У вершах і публіцыстыцы адлюстраваліся рэзкае непрыманне каштоўнасцей бурж. грамадства, абарона права на паліт. незалежнасць. Аўтар мемуарнай прозы («Гісторыя маіх кніг», 1913, «Жыццё Рубэна Д., расказанае ім самім», 1915, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМА́ДУ (Amado) Жоржы (н. 10.8.1912, г. Ільеус, штат Баія, Бразілія),
бразільскі пісьменнік. Чл. Бразільскай акадэміі (1961). Вучыўся ў езуіцкім каледжы (1922—24), ун-це ў Рыо-дэ-Жанейра. Першы раман «Краіна карнавалу» (1932). Аўтар сац.-рэв. твораў «Какава» (1933), «Мёртвае мора» (1936), «Бяскрайнія землі» (1943), «Сан-Жоржы дос Ільеус» (1944), «Падполле свабоды» (1952). Вядомасць прынеслі раманы «Незвычайная смерць Кінкаса Згінь Вада» (1961), «Дона Флор і яе два мужы» (1966), «Крама цудаў» (1969), «Тэрэза Батыста, якая стамілася ваяваць» (1972), «Вяртанне блуднай дачкі» (1976), «Знікненне святой» (1988). Творчасць Амаду звязана з развіццём магічнага рэалізму — спецыфічнай лац.-амер.літ. з’явы; яго творам уласцівыя зварот да фальклору, гратэскавае адлюстраванне рэчаіснасці, карнавалізацыя, змяшэнне камічнага і трагічнага. Многія з іх экранізаваны. Чл.Сусв. Савета Міру.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПО́КРЫФЫ (ад грэч. apokryphos таемны, запаветны),
мастацкія аповесці ў сярэдневяковых л-рах, сюжэтна звязаныя з Бібліяй, жыціямі святых, легендамі пра рай, пекла, канец свету. Забараняліся царквой як некананічныя. У дахрысц. і раннехрысц. часы апокрыфы лічылі кнігамі вял. мудрасці, глыбокі і патаемны сэнс якіх быў даступны не кожнаму. З пашырэннем ерасяў апокрыфамі сталі называць творы з ерэтычным ухілам. Царк. цэнзура складала індэксы «фальшывых» кніг, якія падлягалі знішчэнню. У перыяд Кіеўскай Русі на ўсх.-слав. землях шырокую вядомасць набылі апокрыфы пра стварэнне Богам Адама, пра цара Саламона, «Хаджэнне Багародзіцы па пакутах» (у бел. апрацоўцы 15—16 ст. — «Аб дванаццаці пакутах»), «Страцім-птушка», апакрыфічныя евангеллі Іакава, Фамы, Нікадзіма. У апокрыфах адлюстраваліся нар. ўяўленні эпохі феадалізму пра светаўладкаванне, пошукі праўды і дабра. Апокрыфы паўплывалі на некаторыя жанры бел. фальклору (казкі, духоўныя вершы). Матывы апокрыфаў выкарыстоўваў М.Багдановіч («Апокрыф», «Страцім-лебедзь»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮМА́ (Dumas) Аляксандр, Дзюма-сын (Dumas fils; 28.7.1824, Парыж — 27.11.1895), французскі пісьменнік. Чл.Франц. акадэміі (з 1874). Пазашлюбны сын А.Дзюма. Дэбютаваў зб. вершаў «Грахі юнацтва» (1847). Аўтар раманаў «Дама з камеліямі» (т. 1—2, 1848; прататыпам гал. гераіні паслужыла франц. актрыса Мары Дзюплесі), «Доктар Серван» (т. 1—2, 1849), «Тры моцныя мужчыны» (т. 1—4, 1850) і інш.Вядомасць прынесла драма «Дама з камеліямі» (паводле аднайм. рамана, паст. 1852; на яе сюжэт нап. опера Дж.Вердзі «Травіята»). У інш. п’есах, што суправаджаў у друку вял.тэарэт. прадмовамі, сцвярджаў непахіснасць асноў сям’і і грамадства; быў прыхільнікам разводу, выступаў у абарону правоў пазашлюбных дзяцей, патрабаваў павагі да жанчыны ў сям’і (п’есы «Паўсвет», 1855, «Незаконны сын», 1858, «Жонка Клода», 1873, «Чужаземка», 1876, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДОЙЛ (Doyle) Артур Конан (22.5.1859. г. Эдынбург, Вялікабрытанія — 7.7.1930),
англійскі пісьменнік. Скончыў мед.ф-т Эдынбургскага ун-та (1881). Дэбютаваў у 1879 апавяданнем «Тайна даліны Сэсаса». Аўтар прыгодніцкіх («Выгнаннікі», 1893, «Родней Стон», 1896) і навук.-фантаст. («Згублены свет», 1912, «Атручаны пояс», 1913) раманаў і аповесцей, у т. л. «Маракотава бездань» (1929). Сусв.вядомасць прынеслі творы, аб’яднаныя вобразам сышчыка-аматара Шэрлака Холмса: «Знак чатырох» (1890), «Сабака Баскервіляў» (1901—02), «Даліна жаху» (1914—15), зб. апавяданняў «Прыгоды Шэрлака Холмса» (1891—92) і інш. Прадаўжаючы традыцыі Э.По і У.Колінза, развіў дэтэктыўны жанр, у якім спалучаў драматызм і дынаміку апавядання з псіхал. перакананасцю вобразаў. У Лондане створаны мемар. Музей Шэрлака Холмса.
Тв.:
Рус.пер. — Собр. соч.: У 12 т. Т. 1—3. М., 1992—94.
Літ.:
Карр Дж.Д. Жизнь сэра Артура Конан Дойла: [Пер. с англ.]. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІННІ́КАЎ Васіль Сяргеевіч (13.1.1866, с. Воін Мцэнскага р-на Арлоўскай вобл., Расія — 11.1.1901),
рускі кампазітар.
Скончыў муз.-драм. вучылішча Філарманічнага т-ва ў Маскве па класах фагота і тэорыі музыкі (1892). Іграў у аркестры, дырыжыраваў, выкладаў спевы. З 1893 жыў пераважна ў Крыме. Працаваў у асн. у галіне сімф. музыкі, працягваў традыцыі рус.нац. сімфанізму. Сусв.вядомасць прынесла 1-я сімфонія (1895). Сярод інш. твораў: опера «У 1812 годзе» (1895, не скончана; паст. пралог, 1901); кантата «Іаан Дамаскін» (1890); 2 сімфоніі (1895, 1897), сімф. карціны «Німфы» (1889), «Кедр і пальма» (1898); 2 інтэрмецца (1896, 1897); п’есы для фп., хары а капэла; рамансы, музыка да трагедыі «Цар Барыс» А.К.Талстога (1898) і інш.
Літ. тв.: Письма, документы, материалы. Т. 1—2. М., 1959.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМО́ЭНС, Камоінш (Camões) Луіш ды (снеж. 1524 або студз. 1525, Лісабон — 10.6.1580), партугальскі паэт, буйн. прадстаўнік партуг. Адраджэння. Літ. дзейнасць пачаў як лірычны паэт. Аўтар шматлікіх санетаў, напісаных у манеры Ф.Петраркі, і п’ес «Цар Селеўк» (апубл. 1645), «Філадэма» і «Камедыя пра Амфітрыёнаў» (апубл. абедзве 1587). Сусветную вядомасць яму прынесла эпічная паэма ў 10 песнях «Лузіяды» (1572) пра падарожжа Васка да Гамы ў Індыю. Паэма звязана з ант. эпічнай традыцыяй і тагачаснай культурай, міфалагічныя і фантаст. вобразы і сітуацыі ў ёй спалучаюцца з рэаліст. апісаннямі прыроды, побыту і нораваў жыхароў; услаўляюцца мужнасць і стойкасць чалавека, сцвярджаецца каштоўнасць ведаў, выкрываецца жорсткасць правіцеляў, улада золата. Твор прасякнуты верай у бязмежныя магчымасці чалавека.
Тв.:
Рус.пер. — Лирика. М., 1980;
Лузиады;
Сонеты. М., 1988.
Літ.:
История всемирной литературы. М., 1985. Т. 3. С. 399—404.