Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННАЯ АКАДЭ́МІЯ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
вышэйшая навуч. ўстанова. Засн. ў 1995 на базе Мінскага вышэйшага ваеннага інжынернага (з 1953) і Мінскага вышэйшага ваеннага каманднага (з 1980) вучылішчаў. Рыхтуе: камандзіраў падраздзяленняў мотастралковых, танкавых, паветрана-дэсантных, інжынерных, аўтамабільных, унутраных, пагранічных войск; камандзіраў падраздзяленняў тылавога забеспячэння, артылерыі, афіцэраў-псіхолагаў, лётчыкаў, ваен. інжынераў ракетных войск і артылерыі, войск сувязі, супрацьпаветранай абароны, ваенна-паветраных сіл. У 1995—96 навуч.г. ф-ты: камандна-штабны, агульнавайсковы, ракетных войск і артылерыі, сувязі і аўтаматызаваных сістэм кіравання, супрацьпаветранай абароны, інжынерных і аўтамаб. войск, авіяцыйны, падрыхтоўкі замежных ваеннаслужачых, унутр. войск Мін-ваўнутр. спраў, пагранічных войск. Ад’юнктура з 1956, дактарантура з 1993. Савет па абароне кандыдацкіх дысертацый з 1967, доктарскіх — з 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫЛЛЁВЫ КО́ДЭКС РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
сістэматызаваны заканадаўчы акт, які рэгулюе жыллёвыя і інш. звязаныя з імі грамадскія адносіны. Прыняты Вярх. Саветам БССР 10-га склікання 22.12.1983 і ўведзены ў дзеянне 1.4.1984. У кодэксе вылучаны агульныя палажэнні, асобны раздзел прысвечаны кіраванню жыллёвым фондам, падрабязна рэгламентаваны парадак забеспячэння грамадзян памяшканнямі ў дамах жыллёва-буд. кааператываў, карыстання жылымі памяшканнямі ў дамах дзярж. і грамадскага жыллёвага фонду, службовымі жылымі памяшканнямі, інтэрнатамі, у дамах індывід. жыллёвага фонду. Асобныя раздзелы кодэкса рэгламентуюць пытанні забеспячэння захаванасці жыллёвага фонду, яго эксплуатацыі і рамонту, адказнасці за парушэнне жыллёвага заканадаўства, вырашэння жыллёвых спрэчак. У сувязі з тым, што многія палажэнні кодэкса ўстарэлі і патрабуюць пэўных змен, распрацоўваецца новы жыллёвы кодэкс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ БА́НК РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
цэнтральная крэдытная ўстанова, галоўнае звяно банкаўскай сістэмы краіны. Створаны ў 1991 на базе бел.рэсп. канторы Дзяржбанка СССР. Дзейнічае на аснове законаў «Аб Нацыянальным банку Беларускай ССР» і «Аб банках і банкаўскай дзейнасці» (1990). Ажыццяўляе кіраванне грашова-крэдытнай палітыкай, каардынацыю дзейнасці банкаў Рэспублікі. Мэта — забеспячэнне ўнутр. і знешняй устойлівасці афіц. грашовай адзінкі, падтрыманне стабільнай дынамікі цэн. Асн. функцыі: грашова-крэдытнае і валютнае рэгуляванне; выкананне функцый цэнтр. дэпазітарыя міжбанкаўскіх разлікаў і касавага абслугоўвання камерцыйных банкаў; кансультаванне; крэдытаванне і ажыццяўленне функцый фін. агента ўрада і мясц. органаў улады; рэгістрацыя банкаў і нагляд за іх дзейнасцю; рэгуляванне знешнеэканамічнай банкаўскай дзейнасці; забеспячэнне адзінага парадку бухгалтарскага ўліку і справаздачы ў банкаўскай сістэме; вызначэнне і зацвярджэнне парадку, форм і правілаў арганізацыі безнаяўных разлікаў; арганізацыя крэдытна-разліковага абслугоўвання вайск. часцей, прадпрыемстваў і ўстаноў, арг-цый мін-ваў абароны і ўнутр. спраў, КДБ. Прымае ўдзел у распрацоўцы і выкананні «Асноўных кірункаў грашова-крэдытнай палітыкі». Устанаўлівае афіц. курсы замежных валют да афіц. грашовай адзінкі, валодае выключным правам эмісіі грошай. Супрацоўнічае з Міжнар. валютным фондам, Сусв. банкам рэканструкцыі і развіцця. Мае карэспандэнцкія рахункі ў шэрагу замежных краін і заканад. права ўдзельнічаць у міжнар. банкаўскіх фондах, саюзах, асацыяцыях.
Пабудаваны ў 1947—52 (арх. М.Паруснікаў) на праспекце Ф.Скарыны. 4-павярховы Г-падобны ў плане будынак. У арх. вырашэнні інтэрпрэтаваны матывы класіцызму і рэнесансу, якія надаюць будынку манументальнасць і параднасць. У пластыцы гал. і бакавых фасадаў важную ролю адыгрываюць рытм пілястраў карынфскага ордэра і буйных арачных аконных праёмаў, антаблемент, расчлянёны паміж пілястрамі паўкруглымі аркамі. Будынак завершаны складаным карнізам і атыкам-парапетам.