ГЕМАСПЕРМІ́Я (ад гема... + грэч. sperma семя),

з’яўленне крыві (эрытрацытаў) у сперме, якая пры гэтым набывае чырвоны або «ржавы» колер. Найчасцей кроў трапляе ў сперму з семявых пузыркоў або прастаты пры іх захворваннях, а таксама пры наяўнасці камянёў у прастаце, разрыве невял. варыкозных вен, папілом, семявага бугарка і інш. Гемаспермія не зніжае жыццяздольнасці сперматазоідаў, але сведчыць пра захворванне палавых органаў, што патрабуе лячэння.

т. 5, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІКЛО́ПЫ, цыклопы,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі аднавокія волаты, сыны Урана і Геі. Былі скінуты бацькам у тартар (бездань), але вызвалены Зеўсам, для якога вырабілі маланкі-стрэлы, што дапамаглі яму адолець тытанаў. Лічыліся памагатымі Гефеста ў яго кузні, будаўнікамі магутных «кіклапічных» пабудоў у Мікенах і Тырынфе. Паводле «Адысеі», К. — дзікае племя, што жыве ў пячорах на аддаленым востраве і не прызнае ўлады багоў.

т. 8, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНТЭ́Т,

летні сорт яблыні канадскай селекцыі. Атрыманы ад свабоднага апылення Грушаўкі маскоўскай. На Беларусі пашыраны ў аматарскім садаводстве.

Дрэва сярэднярослае, з авальнай рэдкай кронай і моцнымі шкілетнымі галінамі, накіраванымі ўверх. Пладаносіць на 5-ы год, ураджайнасць высокая, але нерэгулярная. Сорт сярэднезімаўстойлівы, пашкоджваецца паршой. Плады сярэдняй велічыні, круглавата-канічныя, зеленавата-жоўтыя з ярка-чырв. румянцам. Мякаць белая, сакаўная, пахучая, кіславата-салодкая.

З.​А.​Казлоўская.

т. 10, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕГАБІЯЦЭНО́З (ад мега... + біяцэноз),

сукупнасць папуляцый біял. відаў і біягенных рэчываў, якія ствараюць пэўную экасістэму. Уключае прадуцэнтаў, кансументаў і рэдуцэнтаў у межах біягеацэнозу, сучаснае жывое рэчыва і рэчыва папярэдніх эпох, якія разам з біягенамі пастаянна або перыядычна (выпадкова) прымалі ўдзел у стварэнні, развіцці і функцыянаванні пэўнай экасістэмы (біяцэнозу); цяпер не існуюць, але ў пераўтвораным стане працягваюць уплываць на яе існаванне.

т. 10, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЮСЫ СВЕ́ТУ паўночны і Паўднёвы,

пункты перасячэння восі свету з нябеснай сферай. Паблізу Паўн. П.с. знаходзіцца Палярная зорка. Не ўдзельнічаюць у сутачным вярчэнні нябеснай сферы, але з прычыны прэцэсіі павольна перамяшчаюцца адносна зорак па эліпсе, які не замыкаецца, з вуглавым памерам вял. паўвосі 26°27′ і робяць поўны абарот за 26 тыс. гадоў. Пры гэтым з-за нутацыі маюць месца невялікія ваганні П.с.

т. 12, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАПІ́СКІ,

у тэхніцы алейнага шматслаёвага жывапісу этап выканання палатна, у час якога мадэліруюцца формы і аб’ёмы, ствараецца асн. каларыт будучага твора. Робіцца за падмалёўкай, папярэднічае лесіроўцы. Колькасць П. можа быць рознай, але кожная з іх завяршаецца поўным высыханнем фарбаў. У шырокім і недакладным сэнсе П. наз. часам падмалёўку, а таксама любую прапрацоўку ўжо закончанай карціны або яе дэталі, у т. л. неаўтарскія панаўленні.

т. 13, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСЦЯЖЭ́ННЕ, дысторсія (ад лац. distorsio скрыўленне, выварочванне) у медыцыне,

пашкоджанне мяккіх тканак (мышцаў, звязак, сухажылляў, нерваў) пад уплывам сілы, якая расцягвае іх, але не парушае анат. цэласнасці тканкі. Узнікае пры рухах з празмернай амплітудай (напр., у спартсменаў пры кіданні снарада). Часцей бывае Р. звязак галёнкаступнёвага і каленнага суставаў; у цяжкіх выпадках ацёк, кровазліццё і балючасць. Пры Р. рухі ў суставе абмежаваныя.

т. 13, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВАРО́ЖЫЧ,

вобраз стараж. міфалогіі ўсх. славян, божаства зямнога агню, сын Сварога. Яму пакланяліся, да яго звярталіся з малітвай (найчасцей гэта рабілі каля ёўні). У час сушкі снапоў у ёўні спальвалі неабмалочаны сноп жыта як ахвяру С. Прымхлівыя людзі лічылі, што С. можа адвесці бяду. З пашырэннем хрысціянства імя С. паступова знікла, але сляды культу захоўваліся да канца 19 ст.

М.​Ф.​Піліпенка.

т. 14, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙНА́ МАСКО́ЎСКАЙ ДЗЯРЖА́ВЫ З ВЯЛІ́КІМ КНЯ́СТВАМ ЛІТО́ЎСКІМ 1512—22,

вайна за аб’яднанне ўсх.-слав. зямель у складзе Маскоўскай дзяржавы. У выніку трох паходаў (1512, 1513, 1514) маскоўскія войскі авалодалі Смаленскам. Імкнучыся выкарыстаць поспех, яны занялі Мсціслаў, Крычаў, Дуброўну, перайшлі Дняпро, Друць і толькі каля Бярэзіны спынены перадавымі атрадамі Жыгімонта I Старога. У час Аршанскай бітвы 1514 гетман найвышэйшы К.І.Астрожскі разбіў 80-тысячнае маскоўскае войска, але вярнуць Смаленск не змог. У 1515 маскоўскія войскі хадзілі на Полацк, Віцебск і Мсціслаў, Браслаў і Друю, а войскі ВКЛ на Северскую зямлю і Вял. Лукі. Летам 1517 пасольства Жыгімонта I спрабавала дамовіцца пра спыненне вайны, але беспаспяхова, і ваен. дзеянні актывізаваліся. Летам 1518 маскоўскае войска рушыла на Полацк, Віцебск і ў Падняпроўе, у інш. месцах даходзіла да Слуцка, Мінска, Новагародка. У 1519 маскоўскія войскі займалі многія гарады і вёскі, бралі ў палон жыхароў. У 1520 пасольства ВКЛ дамовілася пра спыненне ваен. дзеянняў. У 1522 падпісана перамір’е на 5 гадоў. Смаленск застаўся ў Маскоўскай дзяржаве, а шматлікі «маскоўскі палон» — у ВКЛ.

т. 3, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЛЕ́МА (ад ды... + лема),

форма вываду, разнавіднасць сілагізму, пасылкамі (зыходнымі дапушчэннямі) якога з’яўляюцца 2 гіпатэтычныя (умоўныя) і 1 дыз’юнктыўнае (раздзяляльнае) суджэнні. Адрозніваюць Д. канструктыўную (сцвярджальную) і дэструктыўную (адмоўную). Будова канструктыўнай Д. ў традыц. логіцы выражаецца формулай: «Калі A ёсць B, C ёсць Д. Калі E ёсць F, C ёсць D. Але A ёсць B і E ёсць F. Адсюль C ёсць D». Будова скарочанай дэструктыўнай Д. выражаецца формулай: «Калі A ёсць B, C ёсць D. Калі E ёсць F, C ёсць D. Але C не ёсць D. Значыць, A не ёсць B і E не ёсць F». Усе гэтыя формы Д. даказальныя (або з’яўляюцца аксіёмамі) у сучаснай фармальнай (матэм.) логіцы, а дэструктыўная Д. часта выкарыстоўваецца ў лагічных абвяржэннях. Розныя віды сувязі суджэнняў, якія ўтвараюць паняцце Д., былі ўстаноўлены стараж.-грэч. філосафамі (гл. Стаіцызм), яны шырока выкарыстоўваліся ў схаластычнай логіцы. У пераносным сэнсе (у звычайнай свядомасці) пад Д. разумеюць стан, у якім апынаецца чалавек, калі яму неабходна зрабіць выбар паміж двума супрацьлеглымі роўна непрымальнымі для яго магчымасцямі (рашэннямі).

Т.​І.​Адула.

т. 6, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)