КРАСНО́Ў (Пётр Мікалаевіч) (22.9.1869, Пецярбург — 17.1.1947),

расійскі ваен. дзеяч, адзін з кіраўнікоў белай гвардыі, пісьменнік. Генерал-лейтэнант (1917). Скончыў Паўлаўскае ваен. вучылішча (1888). Удзельнік 1-й сусв. вайны. У час Кастр. рэвалюцыі 1917 на чале казацкага атрада накіраваны А.Ф.Керанскім на задушэнне рэвалюцыі ў Петраградзе, але пацярпеў паражэнне і ўзяты ў палон. Вызвалены і адпушчаны сав. ўладамі. Перабраўся на Дон, дзе ў маі 1918 выбраны атаманам Войска Данскога, і ў маі—чэрв. 1918 ліквідаваў там сав. ўладу. Абапіраўся на Германію. У 2-й пал. 1918 на чале казацкай арміі развіваў наступленне на Царыцын (цяпер Валгаград). У студз. 1919 прызнаў вяршэнства А.І.Дзянікіна, але з-за супярэчнасцей з камандаваннем Добраахвотніцкай арміі 19.2.1919 падаў у адстаўку і эмігрыраваў у Германію. У 2-ю сусв. вайну супрацоўнічаў з ням.-фаш. ўладамі, дапамагаў ім у фарміраванні антысав. казацкіх часцей з эмігрантаў і ваеннапалонных; у 1945 захоплены сав. вайскоўцамі. Пакараны смерцю паводле прыгавору Ваен. калегіі Вярх. суда СССР. Аўтар мемуараў і гіст. раманаў.

Тв.:

Цареубийцы. М., 1994;

Екатерина Великая. М., 1994;

От двуглавого орла к красному знамени. Кн 1—3. Екатеринбург, 1994—95.

т. 8, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)