АЗІ́ДЫ,

хімічныя злучэнні, вытворныя азоціставадароднай кіслаты HN3. Неарганічныя азіды — X(N3)n, дзе Х — метал, n — ступень яго акіслення, пры трэнні, награванні раскладаюцца з выбухам (акрамя азідаў шчолачных і шчолачна-зямельных металаў). Атрымліваюць узаемадзеяннем соляў металаў з NaN3. Арганічныя азіды — алкіл- і арылазіды RN3 і ацылазіды RC(O)N3 узрываюцца пры награванні, лёгка адшчэпліваюць азот, пры гэтым ацылазіды перагрупоўваюцца ў ізацыянаты. Атрымліваюць узаемадзеяннем NaN3 з галагенвытворнымі аліфатычных і араматычных злучэнняў. Неарган. азіды цяжкіх металаў выкарыстоўваюцца як ініцыіруючыя выбуховыя рэчывы, арган. азіды — паўпрадукты арган. сінтэзу, гербіцыды (азіпратрын).

т. 1, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБСАЛЮ́ТНЫ НУЛЬ,

пачатак адліку абсалютнай тэмпературы па шкале Кельвіна; знаходзіцца на 273,16 К ніжэй за трайны пункт вады. Адпавядае стан з найменшай магчымай энергіяй, пры якой часціцы (атамы і малекулы) выконваюць т.зв. «нулявыя» ваганні. Пры абсалютным нулі ўсе рэчывы, акрамя гелію, знаходзяцца ў цвёрдым крышталічным стане. Атрыманы т-ры, якія толькі на мільённыя долі градуса адрозніваюцца ад абсалютнага нуля, аднак на практыцы абсалютны нуль недасягальны (гл. Нернста тэарэма). Пры ахаладжэнні да т-р, блізкіх да абсалютнага нуля, некаторыя рэчывы набываюць звышцякучасць, звышправоднасць і інш. своеасаблівыя ўласцівасці.

т. 1, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГА́МЫ (Agamidae),

сямейства яшчарак атр. лускаватых. 35 родаў, больш за 300 відаў. Найб. вядомыя круглагалоўкі (Phrynosephalus), драконы (Draco), яшчаркі плашчаносныя (chlamydosaurus), калоты (Calotes). Водзяцца пераважна ў стэпавых і пустынных зонах Афрыкі (акрамя Мадагаскара), Паўд.-Усх. Еўропы, Азіі, Аўстраліі і Новай Гвінеі. Жывуць на зямлі, скалах або дрэвах.

Даўж. да 45 см. Галава і шыя ўкрытыя дробнымі рагавымі шчыткамі, у некат. уздоўж спіны грэбень. Хвост звычайна доўгі, няломкі. Могуць мяняць афарбоўку цела. Кормяцца насякомымі, зрэдку раслінамі. Кладуць яйцы, некат. жывародныя.

Агамы: 1 — руінная; 2 — камянёвая.

т. 1, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БАШМА́К»

(ням. «Bundschun»),

тайныя сялянскія саюзы ў Паўд.-Зах. Германіі ў канцы 15 — пач. 16 ст. Назва ад выявы сял. чаравіка на сцягу змоўшчыкаў. Праграма «Башмака» была накіравана супраць князёў і кляштараў, прадугледжвала барацьбу за «божае права» (рашучая перабудова грамадства «па справядлівасці»), скасаванне ўсіх улад, акрамя імператарскай (пры ўмове, што імператар далучыцца да паўстання «Башмака») і інш. Гал. арганізатар — селянін Фрыц Іос. Няўдалыя спробы «Башмака» падняць паўстанні ў 1493, 1502, 1513 і 1517 з удзелам гарадскіх нізоў сталі пярэдаднем Сялянскай вайны 1524—26 у Германіі.

т. 2, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФРАДЫ́ТА,

у стараж.-грэч. міфалогіі багіня кахання і хараства. Дачка Зеўса і акіяніды Дыёны (паводле інш. міфаў, Афрадыта ўзнікла з марской пены). Культ Афрадыты быў пашыраны акрамя Грэцыі на ўзбярэжжы М. Азіі, Эгейскага м. і ў грэч. калоніях Прычарнамор’я. У творах мастацтва ўвасабляла ідэал жаночага хараства. З ант. скульптур найб. вядомыя: Афрадыта Кнідская Праксіцеля, Афрадыта Медычы, Афрадыта Таўрыйская, Афрадыта (Венера) Мілоская і інш. Грэч. пісьменнік Лукіян прысвяціў Афрадыце трактат «Пра Сірыйскую багіню». У рымскай міфалогіі Афрадыце адпавядае Венера.

Афрадыта з г. Арль. Скульптар Праксіцель. 350—340 да н.э. Рымская копія.

т. 2, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1795—1924. Цэнтр — г. Бабруйск. Утвораны 5.5.1795 у складзе Мінскай (да 1919) губ. Пл. 12,2 тыс. км², нас. 318,8 тыс. чал. (1897). Падзяляўся на 22 воласці [Азарыцкую, Асавецкую, Бацэвіцкую, Бортніцкую, Брожскую, Гарадоцкую, Гарбацэвіцкую, Глускую, Горкаўскую, Жыцінскую, Забалоцкую (Любанскую), Замошскую, Качэрыцкую, Любоніцкую, Лясковіцкую, Новадарожскую, Парыцкую, Рудабельскую (з 1920 Акцябрская), Свіслацкую, Стэпскую, Тураўскую, Чэрнінскую]. З жн. 1919 да жн. 1920 павет (акрамя Замошскай вол., акупіраванай польск. войскамі) уваходзіў у Гомельскую губ. У 1921 Забалоцкая вол. перададзена Слуцкаму пав. 17.7.1924 павет скасаваны: Горкаўская, часткі Асавецкай, Жыцінскай і Новадарожскай валасцей перададзены Слуцкай, Азарыцкая, Лясковіцкая, частка Акцябрскай валасцей — Мазырскай акр., астатняя тэр.Бабруйскай акрузе.

Л.​Р.​Казлоў.

т. 2, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАВАЎНЯ́НЫ АЛЕ́Й,

раслінны алей з насення бавоўніку. Вадкасць ад светла-жоўтага (рафінаваны баваўняны алей) да карычневага колеру, тэмпература застывання ад 5 да -6 °C, шчыльн. 0,918—0,932∙10​3 кг/м³. Нерастваральны ў вадзе, растваральны ў арган. растваральніках (акрамя метылавага і этылавага спіртоў). Мае 22—25% тлустых насычаных кіслот (C10—C20), 23—35% алеінавай, 34—57% лінолевай кіслот. Атрымліваюць прасаваннем насення ці яго экстрагаваннем арган. растваральнікамі. Баваўняны алей — сыравіна ў вытв-сці тлустых кіслот, гліцэрыны, мыла, кампанент змазачных матэрыялаў, пакостаў, алкідных смолаў; рафінаваны — харч. прадуктаў (напр., маргарыну).

т. 2, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛАНАГЛО́С (Balanoglossus),

род паўхордавых жывёл класа кішачнадыхальных. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды, на дне мораў. Доўгі час іх адносілі да чарвей; рус. вучоны А.​А.​Кавалеўскі даказаў (1867), што яны бліжэй да хордавых жывёл, шэраг прыкмет збліжае іх з ігласкурымі і паганафорамі. Найб. вядомы баланаглос клавігерус.

Даўж. 3—250 см (Balanoglossus gigas). Цела чэрвепадобнае, складаецца з 3 аддзелаў — хабатка, каўнерыка і тулава. Маюць шчэлепы (2 рады), якія пранізваюць стрававод. Раздзельнаполыя, Balanoglossus proliferans можа размнажацца палавым і бясполым (дзяленнем) спосабамі. Кормяцца дробнымі жывёламі, расліннымі рэшткамі і інш. арган. рэчывамі.

Баланаглос клавігерус.

т. 2, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫНАМО́НЫ,

сумесевыя брызантныя выбуховыя рэчывы: сумесь нітрату амонію NH4NO3 (акісляльнік) і невыбуховага гаручага (торф, драўняная мука, нафтапрадукты, парашкі металаў), якое лёгка акісляецца. Цеплата ўзрыву ў залежнасці ад складу 3—4,2 МДж/кг.

З тонкадысперснага NH4NO3 вырабляюць парашкападобныя Д., з сітаватага грануляванага — грануляваныя: грануліты (гранулы салетры, прамочаныя вадкім гаручым) і ігданіт (94—95% NH4NO3 і дызельнае паліва). Грануляваныя Д. ў параўнанні з парашкападобнымі менш гіграскапічныя і адчувальныя да мех. уздзеянняў. Выкарыстоўваюць для ўзрыўных работ на паверхні і пад зямлёй (акрамя шахтаў, небяспечных на газ і пыл). Гл. таксама Дынаміты.

т. 6, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Д,

пятая літара бел. і некаторых інш. слав. алфавітаў. Паходзіць з кірыліцкай Д («дабро»), што ўзнікла на аснове грэка-візант. устаўнай Δ («дэльта»), У старабел. графіцы абазначала гукі «д», «д’», «дз’» («вода», «день», «людзи»), мела таксама лічбавае значэнне «чатыры». У 16 ст. акрамя рукапіснай набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае шумны звонкі выбухны пярэднеязычны гук «д» («дарога», «дуброва»), а перад глухімі зычнымі і на канцы слоў — парны да яго па звонкасці-глухасці гук «т» («кладка», «сад»). Уваходзіць у склад дыграфаў «дж» («ураджай») і «дз» («дзіва»).

А.​М.​Булыка.

т. 5, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)