ІНДУСТРЫЯЛІЗА́ЦЫЯ (ад лац. industria стараннасць, дзейнасць),
працэс стварэння буйной машыннай вытв-сці, у першую чаргу ў прамысловасці. Перадумовы І. складваліся ў перыяд т.зв. першапачатковага накаплення капіталу (ахапіла краіны Зах. Еўропы ў 16—18 ст., Расію ў 17—19 ст.). Гэты працэс прывёў да экспрапрыяцыі многіх сялян і фарміравання вольнай прац. сілы. Аднак рэальныя ўмовы для разгортвання І. склаліся ў працэсе індустр. рэвалюцыі (прамысл. перавароту), якая адбывалася ў апошняй трэці 17 ст. — 1-й чвэрці 19 ст. першапачаткова ў Вялікабрытаніі, потым у інш. краінах Зах. Еўропы і ў ЗША. Прамысл. пераварот меў сваім вынікам стварэнне прам-сці фабрычна-заводскага тыпу, якая паступова выцясняла дробную таварную вытв-сць і мануфактуру. Гэта прывяло да ўзнікнення новага тыпу цывілізацыі — індустрыяльнага грамадства, якое прыйшло на змену агр.-рамеснай цывілізацыі. Сімвалам і гал. рухальнай сілай гэтага грамадства стала фабрыка, потым — прамысл. карпарацыя. Узніклі вольнае прадпрымальніцтва, нуклеарная сям’я, нац. дзяржава, рэпрэзентатыўны ўрад, пачала пашырацца адукацыя, інстытутыялізавалася навука. І. капіталіст. тыпу ахоплівае працяглы перыяд і найчасцей пачынаецца з лёгкай прам-сці, якая патрабуе менш капіталаўкладанняў, а абарачальнасць капіталу адбываецца больш хуткімі тэмпамі, у выніку чаго хутчэй і ў большай масе ствараецца прыбытак. Тэрміны і тэмпы ажыццяўлення І. ў розных краінах неаднолькавыя. Толькі ў Вялікабрытаніі прамысл. рэвалюцыя і І. супалі ў часе. Менавіта таму яна ўжо да сярэдзіны 19 ст. ператварылася ў індустр. развітую краіну («фабрыку свету»), якая забяспечвала прамысл. таварамі інш. краіны. У Германіі, Францыі, ЗША і інш. краінах І. зацягнулася на многія дзесяцігоддзі. Германія ператварылася ў індустр.-агр. краіну толькі ў канцы 19 ст., Францыя — у пач. 20 ст. У Расіі І. пачалася ў апошнія дзесяцігоддзі 19 ст., але так і не завяршылася да 1-й сусв. вайны і Кастр. рэвалюцыі 1917.
І. ў межах Рас. імперыі, у т. л. ў Беларусі, свой завяршальны этап рэалізавала ўжо ва ўмовах сав. улады. Гэты этап праводзіўся з сярэдзіны 1920-х г., пасля таго як XIV з’езд КПСС (1925) абвясціў курс на І. краіны ў якасці ген. лініі эканам. развіцця. У той час Беларусь характарызавалася нізкім узроўнем вытв-сці. Яна мела 3,4% насельніцтва СССР, а выпускала ўсяго 1,6% прамысл. прадукцыі. У 1926 дробныя саматужнікі выпускалі больш за 41% прадукцыі ўсёй прам-сці, а рабочыя, занятыя ў саматужна-рамеснай прам-сці, складалі амаль 3/4 рабочых Беларусі. Тут пераважалі дрэваапр., вытворч. і лёгкая галіна прам-сці, што вымагала больш інтэнсіўнага індустр. развіцця, чым у краіне ў цэлым. Сума бюджэтных укладанняў у разліку на душу насельніцтва ў нар. гаспадарку Беларусі ў 1928—32 павялічылася ў 2,8 разы, а ў Расіі — у 1,2 разы. Асн. сродкі накіроўваліся ў той час у паліўную, дрэваапр., папяровую, гарбарную і харч. галіны, бо іх развіццё патрабавала менш выдаткаў і часу. У 1932 на долю групы «Б» прыпадала больш за 65% усёй прамысл. прадукцыі, якая выраблялася на Беларусі. Паступова павялічваліся капіталаўкладанні ў развіццё энергет., машынабудаўнічай, станкабудаўнічай прам-сці і на вытв-сць будматэрыялаў. За першыя 2 гады 1-й пяцігодкі замест запланаванага павелічэння аб’ёмаў вытв-сці прамысл. прадукцыі на 87,8%, фактычны прырост склаў 149,3%. Выпуск прамысл. прадукцыі ў 1932 павялічыўся ў параўнанні з 1928 у 2,7 разы. За гады 1-й пяцігодкі ўведзена ў дзеянне 538 новых прадпрыемстваў, з іх 78 буйных. Хутка расла колькасць рабочага класа: у пачатку пяцігодкі на адно буйное прадпрыемства рэспублікі прыпадала 250 рабочых, а праз 2 гады — 870. Фарміраваліся новыя рабочыя прафесіі — металісты, машынабудаўнікі, тэкстыльшчыкі, хімікі. Хуткімі тэмпамі павялічвалася колькасць інжынераў, тэхнікаў, інш. спецыялістаў.
Гэтыя дасягненні з’явіліся вынікам не толькі добрасумленнай і самаахвярнай працы бел. народа, але і значных страт. За гады пяцігодкі рэзка абвастрылася праблема накапленняў. Не абумоўленая аб’ектыўнымі патрэбнасцямі сац.-эканам. развіцця калектывізацыя знізіла вытв-сцьс.-г. прадукцыі, у выніку значна пагоршыўся жыццёвы ўзровень большасці насельніцтва, з’явіліся карткі на харч. тавары. Негатыўны ўплыў адм.-каманднай сістэмы кіравання, распачатыя рэпрэсіі прывялі ў рэшце рэшт да запавольвання тэмпаў індустр. развіцця. У выніку гэтага за гады 2-й пяцігодкі (1933—37) аб’ём прамысл. вытв-сці ў Беларусі вырас у 1,9 разы, што ніжэй не толькі ад запланаванага (у 3,8 разы), але і агульнасаюзнага (2,2 разы). Такія паказчыкі індустр. развіцця адмоўна адбіваліся на жыццёвым узроўні насельніцтва. Пакупная здольнасць рубля ў 1932 у параўнанні з 1928 знізілася на 60%, а індэкс рознічных цэн у 1940 перавысіў узровень 1928 у 6,3 разы. Рэальная зарплата рабочых дасягнула ўзроўню 1928 толькі ў 1940. Такім чынам, завяршальны этап І. ў Беларусі, як і ў цэлым у Сав. Саюзе, быў вельмі супярэчлівым: вялікія здабыткі самаахвярнай напружанай працы народа суправаджаліся шматлікімі стратамі і неабгрунтаванымі ахвярамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОРНА-ХІМІЧНАЯ СЫРАВІНА.
Па прамысл. запасах калійных солей (каля 10 млрд.т) Беларусь займае адно з вядучых месцаў у свеце. Радовішчы калійных солей стратыграфічна звязаны з фаменскай (верхні дэвон) саляноснай фармацыяй. Разведаны 3 асн. радовішчы: Старобінскае, Петрыкаўскае і Акцябрскае. На Старобінскім радовішчы развіты 4 гарызонты, з якіх 2-і і 3-і распрацоўваюць 4 рудаўпраўленні РУП ВА «Беларуськалій». Калійныя солі там сільвінітавыя чырвонакаляровыя, палоскавыя, дробна- і сярэднезярністыя. У рудзе да 28% KCl, 5—9,5% нерастваральнага ў вадзе астатку, 0,15—0,3% MgCl2. Запасы калійных солей на 4 шахтавых палях па катэгорыях A + B + C1 2,6 млрд.т і па катэгорыі C2 600 млн.т. У 2002—03 пачата доследна-прамысл. распрацоўка гліністых сільвінітаў 1-га гарызонту і будаўніцтва новага Чырвонаслабодскага рудніка. На Петрыкаўскім радовішчы прамысл. 4-ы гарызонт, глыб. яго залягання 515—1200 м; калійныя солі (сільвініты) бледна-ружовыя і стракатакаляровыя з украпваннямі карналіту. Колькасць KCl дасягае 40%. Руды характарызуюцца адносна высокімі канцэнтрацыямі MgCl2 (1,5—4%) і нізкімі нерастваральнымі астаткамі (0,5—1,5%). Запасы калійных солей па катэгорыях C1 + C2 2,12 млрд.т. Акцябрскае радовішча папярэдне разведана ў 1993—97. Прамысл. калійныя гарызонты 0-8 і 0-9 складзены з чырвонакаляровых сільвінітаў, якія маюць KCl да 39%, MgCl2 0,12%, нерастваральны астатак 5% і больш. Запасы калійных солей па катэгорыях C1 + C2 637 млн.т, калійна-магніевых (карналіт) па катэгорыі C2 1,1 млрд.т.
У Прыпяцкім прагіне выяўлены шэраг рудных участкаў: Нежынскі — 5-е шахтавае поле з запасамі калійных солей па катэгорыі C1 1,86 млрд.т і C2 200 млн.т; Смолаўскі — 6-е шахтавае поле з запасамі па катэгорыі C1 900 млн.т і C2 900 млн.т; Капаткевіцкі, Жыткавіцкі, Драздоўскі і інш.
Каменная соль у Прыпяцкім прагіне выяўлена ў 2 саляносных фармацыях: ніжняй (верхнефранскай) і верхняй (сярэдне-верхнефаменскай). Магутнасць ніжняй фармацыі да 1,6 км, верхняй — да 3,5 км і больш, якія пашыраны на пл. больш за 26 тыс.км². Геал. запасы каменнай солі практычна невычарпальныя. Разведаны Давыдаўскае, Старобінскае і Мазырскае радовішчы з агульнымі запасамі больш за 22 млрд.т. Давыдаўскае радовішча (Светлагорскі р-н) мае магутнасць пластоў каменнай солі 2—70 м, з сярэдняй колькасцю NaCl 78,3—99,3%; прамысл. запасы больш за 20 млрд.т (зараз не выкарыстоўваюцца). На Старобінскім радовішчы выяўлена 6 пластоў каменнай солі магутнасцю 4,1—28,2 м і колькасцю NaCl больш за 98%, якія залягаюць на глыб. 361,5—844 м. Прамысл. запасы больш за 750 млн.т. З 1993 на 1-м шахтавым полі распрацоўваецца пласт каменнай солі ў падтоўшчы, ніжэйшай за 2-і калійны гарызонт, дзе штогод здабываецца 350—550 тыс.т (кухонная, кармавая, тэхнічная). Прамысл. запасы Мазырскага радовішча каля 600 млн.т NaCl. На яго базе працуе (з 1982) Мазырскі солевыварны камбінат па тэхналогіі, засн. на падземным растварэнні солі праз свідравіны і яе выпарванні з ачышчанага расолу. Штогадовая вытв-сць кухоннай солі «Палессе» да 360 тыс.т. У Прыпяцкім прагіне ёсць шэраг высокаперспектыўных участкаў (Шастовіцкі, Скрыгалаўскі, Паўд.-Капаткевіцкі, Акцябрскі, Амелькаўшчынскі і інш.) з прагнознымі рэсурсамі 1—6 млрд.т каменнай солі на кожным з іх.
У Беларусі вядомы 2 фасфарытаносныя басейны: Сожскі і Прыпяцкі. Сожскі басейн займае паўд.-ўсх. схіл Аршанскай упадзіны і распасціраецца паза межы рэспублікі ў Смаленскую вобл. Расіі. Фасфарытавыя руды стратыграфічна прымеркаваны да сенаманскага яруса верхняга мелу. Прадукцыйныя кварцава-глаўканітавыя пяскі, у іх ёсць жаўлакі фасфарытаў, пясчана-жаўлаковы матэрыял і зрэдку суцэльная фасфарытавая пліта. Папярэдне разведаны Мсціслаўскае (Мсціслаўскі р-н) і Лабковіцкае (Крычаўскі р-н) радовішчы фасфарытаў. Іх агульныя запасы па катэгорыях C1 + C2 больш за 400 млн.т. Глыбіня залягання прадукцыйнай тоўшчы на Мсціслаўскім радовішчы 5,3—46,3 м, магутнасць у асноўным 1,1—1,8 м; на Лабковіцкім радовішчы адпаведна 20,5—40,8 м і 0,10—3 м. Колькасць P2O5 — 0,9—18,2% па свідравінах і 6—7,6% у падліковых блоках. Здабыча фасфарытавых руд магчыма кар’ерным, шахтавым спосабамі і метадам гідраздабычы праз свідравіны. Руды абодвух радовішчаў прыдатныя для вытв-сці фасфарытнай мукі. Прыпяцкі басейн размешчаны ў межах паўд. схілу Падляска-Брэсцкай упадзіны. Прадукцыйныя глініста-алеўрытавыя палеагенавыя адклады. У 1986—91 выяўлены Арэхаўскае (Драгічынскі р-н) і Прыгранічнае (Маларыцкі р-н) радовішчы. Прадукцыйныя пясчана-жаўлаковыя адклады змяшчаюць каля 39% фасфарытавых жаўлакоў. Запасы руды па катэгорыі C2 больш за 95 млн.т. Сярэдняя глыбіня залягання прадукцыйнай тоўшчы на Арэхаўскім радовішчы 31,7 м. Магутнасць пластоў на абодвух радовішчах 1,58—1,8 м. У рудзе 4,4—9,9% P2O5 на Арэхаўскім, каля 6,43% на Прыгранічным радовішчах.
Э.А.Высоцкі.
Геалагічнае агаленне водна-ледавіковых адкладаў на беразе р. Нарач каля в. Папоўцы Вілейскага раёна.Горная вырабатка (штрэк) на Старобінскім радовішчы калійных солей.Старобінскае радовішча калійных солей. Вываз руды з горнай вырабаткі.Кар’ер «Высокае» па здабычы мелу і мергелю для Беларускага цэментнага завода ў г. Касцюковічы
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАШКОЛЬНАЯ АДУКАЦЫЯ І ВЫХАВАННЕ.
У 1919 у БССР існавала 26 дашкольных устаноў (сіроцкія дамы, прытулкі, яслі-сады). У 1920 пры Наркамаце асветы БССР арганізаваны дашкольны аддзел. У 1922 было 88 дашкольных устаноў (каля 4 тыс. дзяцей); у 1932—543 (больш за 26 тыс. дзяцей); у 1940—1316 (64 тыс. дзяцей). У гады Вял.Айч. вайны сістэма дашкольнага выхавання цалкам знішчана. У 1945 працавала 586 дашкольных устаноў (24 тыс. дзяцей). З 1959 дзейнічаюць дзіцячыя яслі-сады, з 2-й пал. 1980-х г. — разнастайныя віды і тыпы дашкольных устаноў, якія адпавядаюць запатрабаванням і інтарэсам дзяцей і бацькоў: дзярж., грамадскія, прыватныя, змешаныя, дзіцячыя сады з гібкім рэжымам работы, з паглыбленым кірункам у пэўным відзе адукацыі і выхавання (замежныя мовы, асновы выяўл. мастацтва і інш.), сямейныя, санаторныя, для дзяцей з недахопамі разумовага і фіз. развіцця, дашкольныя цэнтры развіцця дзіцяці, «школа—дзіцячы сад», «дзіцячы дом—школа—дзіцячы сад» і інш. З 1989 з улікам асаблівасцей развіцця мовы дзяцей удасканалены праграмы выхавання ў дашкольных установах. Дзеці разам з бацькамі сталі актыўна авалодваць бел. мовай, далучацца да культуры і традыцый бел. народа Аднак з 1994—95 колькасць дзіцячых садоў скарацілася на 295 (колькасць дзяцей у іх зменшылася на 6,4 тыс.). З 5-дзённым рэжымам працавалі 75,8% дашкольных устаноў, з 6-дзённым 24,2%. На аднаго педагога прыпадала ад 8 да 10 дзяцей.
У пач. 21 ст. дашкольная адукацыя (тэрмін уведзены ў 1997 г. паводле рашэння ЮНЕСКА) з’яўляецца састаўной часткай сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь. У 1999 прынята Канцэпцыя дашкольнай адукацыі Рэспублікі Беларусь, якая зыходзіць з палажэнняў Канстытуцыі і законаў «Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь», «Аб правах дзіцяці». Дашкольная сістэма адукацыі забяспечвае рознабаковае развіццё дзіцяці ад нараджэння да 6(7) гадоў у адпаведнасці з яго індывід. і ўзроставымі асаблівасцямі, своечасовы і паўнацэнны пераход на наступную ступень адукац. сістэмы. Яе мэта — ствараць спрыяльныя ўмовы для развіцця варыятыўных відаў, тыпаў, профіляў дашкольных устаноў з арыентацыяй на бацькоў як іх гал. заказчыкаў і спажыўцоў. Асн. задачы дашкольнай адукацыі: захаваць дзярж. сістэму бюджэтных і ведамасных устаноў; вызначыць стандарт адукацыі; змяніць арганізац. структуру ўстаноў на аснове прынцыпаў варыятыўнасці, адкрытасці, даступнасці, супрацоўніцтва з сям’ёй, узаемадзеяння са школай і інш. суб’ектамі навучання і выхавання ў соцыуме; удасканальваць навук.-метадычную і функцыянальную падрыхтоўку дашкольных работнікаў. Гал. прынцыпы дашкольнай адукацыі: гуманізацыя накіраванасці пед. работы, дэмакратызацыя, прадастаўленне роўных адукац. магчымасцей для ўсіх дзяцей, дынамізм і варыятыўнасць. Функцыі дашкольнай ступені (узроўню) адукацыі: ахова жыцця і ўмацаванне здароўя дзяцей, фарміраванне асноў здаровага ладу жыцця; забеспячэнне дзецям магчымасці арыентавацца і адэкватна дзейнічаць у навакольным свеце; выяўленне і развіццё ўсяго комплексу індывід. схільнасцей і задаткаў, фарміраванне асобы; забеспячэнне пераходу на наступны ўзровень адукац. сістэмы.
На Беларусі функцыянуе сістэма разнастайных дашкольных устаноў. Яны адрозніваюцца па відах — дзярж. (бюджэтныя і ведамасныя), прыватныя, змешаныя (дзяржкаап., дзярж.-грамадскія, калект. — арэндных прадпрыемстваў, кааператываў, акц. т-ваў і інш.); па тыпах — яслі, дзіцячы сад, яслі-сад, школа-сад, цэнтр развіцця; па профілях — агульнага прызначэння, з паглыбленай накіраванасцю, па догляду і нагляду, аздараўленчай і кампенсуючай накіраванасці. Ідзе перагляд напаўняльнасці дзяцей у групах у залежнасці ад іх характару: інтэграваныя групы — ад 6 да 12 дзяцей з улікам іх узросту і ступені парушэнняў; рознаўзроставыя — 10—12 дзяцей; групы дзяцей ранняга ўзросту — 6—8 дзяцей; з 3 да 5 гадоў — 8—10 дзяцей, з 5 да 6 гадоў — 10—12 дзяцей. Укараняюцца псіхал. і спец. службы. Дзіцячы псіхолаг праводзіць псіхал. асвету, кансультаванне, дыягностыку, развівальную і карэкцыйную дзейнасць. Спецыялісты сац. службы ствараюць умовы для паўнацэннай сацыялізацыі, развіцця і выхавання асобы дзіцяці ў бліжэйшым акружэнні: адукац. установе, сям’і, па месцы жыхарства, у дзіцячых аб’яднаннях. Ажыццяўляецца дашкольная адукацыя дзяцей з асаблівасцямі псіхафіз. развіцця. Яе кірункі: ранняе выяўленне парушэнняў псіхафіз. развіцця ў дзяцей; своечасовае выпраўленне і папярэджанне адхіленняў у псіхафіз. развіцці дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту; рознабаковае развіццё дзяцей у працэсе фарміравання жыццёва важнага вопыту і зніжэнне залежнасці ад чужой дапамогі пры адаптацыі ў прыродным і сац. асяроддзі.
У 2004 на Беларусі функцыянавала 28 дашкольных цэнтраў развіцця дзіцяці, 561 вучэбна-пед. комплекс «дзіцячы сад — школа», 46 спец. дашкольных устаноў для дзяцей з асаблівасцямі псіхафіз. развіцця, 62 інтэграваныя і 5 дыягнастычных груп для гэтай катэгорыі дзяцей, 402 пункты карэкцыйна-пед. дапамогі. Развіццё творчых здольнасцей дзяцей ажыццяўляецца ў 858 гуртках выяўленчага мастацтва (15 тыс. дзяцей), 366 харэаграфічных (8,9 тыс.), 648 музыкі і спеваў (9,6 тыс.), 811 спарт. (14,3 тыс.), 77 плавання (2,2 тыс.), 563 моўнай падрыхтоўкі (13,6 тыс.), 3046 гуртках іншай накіраванасці. Для ўмацавання здароўя дзяцей дзейнічаюць 49 санаторных дашкольных устаноў (4,5 тыс. дзяцей) і 635 санаторных груп (10 тыс. дзяцей).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГЕ́НЦТВА ДРУ́КУ,
арганізацыя, якая займаецца зборам, перапрацоўкай і забеспячэннем інфармацыяй перыяд. выданняў, радыё, тэлебачання, урадавых структур, грамадскіх арг-цый і прыватных асоб. Агенцтвы друку збіраюць інфармацыю без абмежавання тэматыкі, характару і спосабу пераказу, у т. л. фота- і кінаінфармацыю, або маюць акрэслены профіль паводле віду інфармацыі (інфармацыйныя, публіцыстычныя, рэкламныя, фотаагенцтвы), тэматыкі (эканам., навуковыя, фінанс., спарт. і інш.) ці прыналежнасці да пэўных слаёў грамадства (маладзёжныя, жаночыя і інш.). Падзяляюцца на міжнар., рэгіянальныя, нац. і мясцовыя. Большасць нац. агенцтваў друку з’яўляюцца афіцыйнымі (прадстаўляюць пункт гледжання ўрада), паўафіцыйнымі (прадстаўляюць пункт гледжання колаў, набліжаных да ўрада), незалежнымі (звязаныя з рознымі паліт.эканам. групоўкамі).
Узніклі з развіццём перыяд. друку і ўдасканаленнем тэхнікі сувязі. Першыя агенцтвы друку заснавалі Ш.Авас (1835, Парыж), Б.Вольф (1894, Берлін) і П.Рэйтэр (Лондан). У 1870 агенцтвы Аваса, Рэйтэра і Вольфа падзялілі сферы ўплыву. У канцы 19 ст. вырасла значэнне амер. агенцтва Асашыэйтэд Прэс (АП). У 1904 створана Санкт-Пецярбургскае тэлегр. агенцтва. У 1-й чвэрці 20 ст. ўзніклі нац. агенцтвы ў краінах Цэнтр. і Усх. Еўропы: Тэлеграфнае агенцтва Савецкага Саюза (ТАСС), ЧТК у Чэхаславакіі, ПТА у Польшчы і інш. З выкарыстаннем радыётэлеграфа (1919) і тэлетайпа (1929) колькасць агенцтваў друку павялічылася. У 1945 існавалі 55 агенцтваў друку ў 30 краінах, у 1991 — каля 220 агенцтваў у 140 краінах. Узрасло значэнне амер. агенцтва АП і Юнайтэд Прэс Інтэрнэшанал (ЮПІ). У Францыі створана агенцтва Франс Прэс (АФП, 1944), у Германіі — Дойчэ Прэсэагентур (ДПА). Усе яны, разам з італьян. АНСА, ісп. ЭФЭ і яп.Кіода Цусіннайб. вядомыя на сусв. рынку інфарм. агенцтваў. У незалежных дзяржавах б.СССР дзейнічаюць агенцтвы друку: РІА — Навіны, ІТАР—ТАСС, Інтэрфакс, Пастфактум (Расія), ЭЛЬТА (Літва), ЭТА (Эстонія), Укрінфарм (Украіна), Азерінфарм (Азербайджан), Армянпрэс (Арменія) і інш.
На Беларусі дзейнічаюць афіц.дзярж.Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БЕЛТА, з 1931; у 1991 — кастр. 1995 Беларускае інфармацыйнае агенцтва, БелІНФАРМ) і таксама недзярж. інфарм. службы Беларускае прыватнае агенцтва навін (БелаПАН), агенцтва «Павет», Рэклама, інфармацыя, дайджэст (РІД).
Апрача ўжо агульнавядомых тэхн. сродкаў перадачы інфармацыі (тэлекс, радыётэлефон, тэлефакс і інш.) усё большае выкарыстанне знаходзяць электронныя сродкі (тэлетэкст, дыстанцыйны набор, сістэма аўтам. кіравання і апрацоўкі інфармацыі). З 1970 агенцтвы друку выкарыстоўваюць спадарожнікавую сувязь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́РТАСЦЬ,
увасобленая ў тавары і арэчаўленая ў ім праца таваравытворцаў; грамадская ўласцівасць тавару, якая выяўляецца ва ўмовах таварнай вытв-сці пры абмене аднаго тавару на іншы; аснова цаны тавару. Адрозніваюць спажывецкую і менавую вартасць. Спажывецкая вартасць — каштоўнасць рэчы, яе здольнасць задавальняць чалавечыя патрэбы непасрэдна (хлеб, адзенне, жыллё) і ўскосна (машыны, станкі, сыравіна). Усе тавары — розныя як спажывецкія вартасці (па якасці), але аднолькавыя як вартасць, бо ствараюцца ў вытв-сці і з’яўляюцца прадуктам працы. Велічыня вартасці тавару залежыць ад колькасці рабочага часу, неабходнага для вырабу гэтага тавару. Розныя таваравытворцы затрачваюць на вытв-сць аднаго і таго ж тавару неаднолькавую колькасць працы (часу), таму тавары маюць розную індывід. вартасць. Але яна не можа вызначаць грамадскую (рыначную) вартасць. Таваравытворцы звязаны паміж сабой сістэмай грамадскага падзелу працы і таму вырабляюць тавары на продаж (адзін для аднаго), у выніку чаго іх праца набывае грамадскі характар. Таму грамадская (рыначная) вартасць вызначаецца грамадска неабходным рабочым часам, ці часам, які затрачваецца на вытв-сцьасн. масы тавараў гэтага віду. Формай выяўлення вартасці на рынку з’яўляецца менавая вартасць — прапорцыя, у якой адны тавары абменьваюцца на іншыя. Яна вызначаецца законам, які патрабуе абмену таварамі паводле іх грамадскай (рыначнай), а не індывідуальнай вартасці. Гэты закон выступае гал. рэгулятарам таварнай вытв-сці, эканам. адносін паміж таваравытворцамі. Ён вымушае прадпрымальнікаў змяншаць індывідуальны рабочы час да ўзроўню грамадска неабходнага, а яшчэ лепш — ніжэй за яго, што гарантуе перамогу ў канкурэнтнай барацьбе і прыбытковасць вытв.-гасп. дзейнасці. Тым самым ён стымулюе навук.-тэхн. прагрэс, удасканаленне вытв-сці, павышэнне прадукцыйнасці працы. Пачатак тэорыі працоўнай вартасці паклалі У.Пеці, А.Сміт, Д.Рыкарда, навук. абгрунтаваў яе К.Маркс. Некаторыя вучоныя-эканамісты лічаць, што менавыя прапорцыі вартасці тавараў вызначаюцца не затрачанай на іх выраб грамадскай працай, а іх спажывецкай вартасцю (каштоўнасцю); на гэтай канцэпцыі заснавана гранічнай карыснасці тэорыя. Існуе таксама прадукцыйнасці тэорыя, паводле якой вартасць — вынік дзеяння 3 фактараў вытв-сці — працы, зямлі і капіталу.
У гіст. развіцці вартасць прайшла наступныя формы ў працэсе абмену: простую, адзінкавую, ці выпадковую (тавары — на тавар), поўную, ці разгорнутую (адзін тавар — на многія тавары), усеагульную (усе тавары — на тавар-эквівалент) і грашовую (усе тавары — на грошы). Грашовая форма вартасці дала прастор развіццю таварнай вытв-сці, ініцыятывы прадпрымальнікаў, гандл. сувязяў. У гэтых умовах грошы сталі асновай узнікнення капіталу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕТЭРЫНАРЫ́Я (ад лац. veterinarius той, хто даглядае, лечыць жывёлу), ветэрынарная медыцына,
галіна навукі і практычнай дзейнасці, накіраваная на прадухіленне і лячэнне хвароб жывёлы, ахову людзей ад хвароб, агульных для чалавека і жывёл, выпуск дабраякасных у вет.-сан. адносінах прадуктаў жывёлагадоўлі і вет.-сан. ахову навакольнага асяроддзя. Аб’ядноўвае эпізааталогію, паразіталогію, ветэрынарную санітарыю, зоагігіену і шэраг інш.вет. і біял. дысцыплін; цесна звязана з заатэхніяй.
Найб.стараж. звесткі пра лячэнне жывёл адносяцца да 4-га тыс. да н. э. (Егіпет, Індыя). У сярэднія вякі лячэннем свойскай жывёлы займаліся пераважна яе гаспадары, а таксама пастухі і кавалі, якія выкарыстоўвалі выпадковыя, звычайна нар. сродкі. Узнікненне прафес. ветэрынарыі на Русі адносіцца да 10—13 ст. Як навука пачала фарміравацца ў 1511, калі быў створаны Канюшневы прыказ, які займаўся пытаннямі ўзнаўлення, трэніроўкі, вывядзення новых парод коней і іх лячэння ў «лекавых канюшнях» (вет. лячэбніцах). У 2-й пал. 18 ст. адкрыліся вет. школы ў Францыі, Германіі, Аўстрыі, з’явіліся першыя выданні па ветэрынарыі. Вял. ўплыў на развіццё ветэрынарыі зрабілі працы франц. вучоных К.Буржэлы, Л.Пастэра, англ. ўрача Э.Джэнера, рус. вучоных У.І.Усеваладава, К.І.Скрабіна і інш.
На Беларусі першыя працы па ветэрынарыі з’явіліся ў 17—18 ст.; пры Віленскім ун-це дзейнічаў вет.ін-т (з 1818). У пач. 20 ст. былі адкрыты 2 земскія вет. лабараторыі (у Мсціславе і Горках), 31 вет. ўчастак, вет. лячэбніца ў Мінску і вет. бактэрыялагічная лабараторыя ў Віцебску. У 1924 арганізаваны Віцебскі вет.ін-т (з 1994 Віцебская акадэмія ветэрынарнай медыцыны). Навукова-даследчая работа праводзіцца ў БелНДІ эксперым. ветэрынарыі (з 1956 каардынуе даследаванні па ветэрынарыі на Беларусі), БелНДІ жывёлагадоўлі, с.-г.ВНУ. Найб. вядомыя ў галіне ветэрынарыі бел. вучоныя: Я.П.Алонаў, С.М.Вышалескі, Х.С.Гарагляд, А.І.Фёдараў, Я.Р.Губарэвіч, І.Я.Дземідзенка, В.Ф.Пятроў, П.С.Іванова, Р.С.Чабатароў, І.А.Шчарбовіч, М.К.Юскавец. Распрацоўваюцца найноўшыя метады аховы жывёлы ад узбуджальнікаў хвароб (асабліва ад вірусных інфекцый і гельмінтозаў), людзей — ад антрапазаанозаў. Вывучаюцца вет. геаграфія, пытанні эпізааталагічнага прагназавання, вет. абслугоўванне жывёл у жывёлагадоўчых комплексах і інш. У рэспубліцы ліквідаваны шэраг небяспечных хвароб жывёлы (сап, мыт, лімфангіт, чума, інфекц. анемія і кароста коней, павальнае запаленне лёгкіх і злаякасная катаральная гарачка буйн. раг. жывёлы і інш.), значна зменшылася колькасць захворванняў на сібірскую язву, фасцыялёз, дыктыякаўлёз, трыхінелёз, кровапаразітарныя і інш. хваробы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТЛА́С (грэч. Atlas), Атласкія горы,
горная сістэма на ПнЗ Афрыкі, у Марока, Алжыры і Тунісе. Даўж. каля 2000 км. Сярэдняя выш. 2000—2500 м, найб. 4165 м (г. Тубкаль). Паўночны хрыбет Эр-Рыф і Тэль-Атлас утвораны альпійскай складкавасцю. Паралельныя складкава-глыбавыя хрыбты найб. высокай цэнтр. часткі (Сярэдні Атлас, Высокі Атлас, Антыатлас і інш.) узніклі ў перыяд герцынскага арагенезу, ім характэрны альпійскія формы рэльефу. На З ад Сярэдняга Атласа ступенямі спускаецца плато Мараканская Месета. Паміж хрыбтамі Тэль-Атлас і Сахарскі Атлас ляжаць Высокае плато і раўніны Алжырскай Месеты, далей на У — Туніскі хрыбет.
Складзены Атлас пераважна з вапнякоў, мергеляў, стракатых глін; трапляюцца стараж. вулканічныя пароды. Частыя землетрасенні. Карысныя выкапні: жал., поліметал. руды, нафта, фасфарыты, каменная соль. Клімат субтрапічны міжземнаморскі на Пн і паўпустынны ў астатніх раёнах. У ніжнім поясе гор сярэдняя т-растудз. 10—12 °C на Пн, ва ўнутр. раёнах 4—6 °C. Сярэдняя т-раліп. каля 25 °C (максімум 40 °C на ўнутр. раўнінах). Ападкаў на б.ч.тэр. 400—600 мм за год, найб.колькасць на паўн. і зах. схілах Высокага Атласа — 2000—2500 мм, на Пд менш за 300 мм. З гор пачынаюцца рэкі Дра і Шэліф. Шматлікія сухія рэчышчы (уэды, вадзі). У міжгорных упадзінах салёныя азёры — себхі (Шот-эш-Шэргі, Шот-эль-Ходна, Захрэз-Гарбі і інш.). На ўзбярэжжы на карычневых глебах зараснікі вечназялёных цвердалістых хмызнякоў тыпу маквісу (мірт, сунічнае дрэва, дрок, алеандр, аліва і інш.). У сухіх унутр. раёнах на Пд і ў зоне субтрапічных паўпустыняў — разрэджаная злакавая расліннасць (кавыль, трава альфа), зараснікі палыну, спарты на шэра-карычневых, моцна друзаватых глебах. У Атласе рэзка выяўлена вышынная пояснасць. Паўн. і зах. схілы да выш. 800—1200 м укрыты вечназялёнымі хмызнякамі і дрэвамі (каменны і коркавы дуб), да выш. 1700 м — мяшаныя лясы з вечназялёнымі, летнезялёнымі шыракалістымі (дуб, клён) і хваёвымі дрэвамі, да 2200 м — хвойныя лясы (атласкі кедр) на горна-лясных бурых глебах, вышэй — ядлоўцы. На вяршынях — плямы горна-лугавой і горна-стэпавай расліннасці. Жывёльны свет: малпы, антылопы, шакалы, гіены, дробныя грызуны; паўзуны (змеі, яшчаркі і вараны, чарапахі); скарпіёны, фалангі, скалапендры. Шмат пералётных птушак, з драпежных — арлы і ястрабы. Ландшафты паўн. раёнаў моцна зменены чалавекам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЮМІ́НІЕВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
падгаліна каляровай металургіі, якая ўключае прадпрыемствы па здабычы алюмініевай сыравіны і вытв-сці гліназёму (алюмінію аксіду), металічнага алюмінію, крэмнію, алюмініева-крэмніевых сплаваў (сілуніту), фторыстых соляў і інш. (больш за 200 відаў прадукцыі). Па аб’ёме вытв-сці і выкарыстанні алюміній у сусв. эканоміцы займае 1-е месца сярод каляровых металаў. Алюмініевая сыравіна — баксіты, нефелін-апатытавыя і алунітавыя руды, нефелінавыя канцэнтраты і інш. (гл.Алюмініевыя руды). Адна з найб. энергаёмістых галін металургіі (на вытв-сць 1 тметал. алюмінію патрэбна каля 18 тыс.кВт∙гадз электраэнергіі), таму яе размяшчэнне залежыць ад наяўнасці крыніц таннай электраэнергіі.
Узнікла ў 1886, калі быў адкрыты спосаб атрымання алюмінію электролізам гліназёму (ЗША, Францыя). Хуткае развіццё алюмініевай прамысловасці ў канцы 19 — пач. 20 ст. звязана з вынаходствам гідрахім. спосабу вытв-сці гліназёму з баксітаў і вял. попытам на алюміній, асабліва ў сувязі з ростам авіяцыі. У б.СССР алюмініевая прамысловасць створана ў 1932—33 на энергет. базе першых буйных гідраэлектрастанцый (Волхаўскі і Дняпроўскі алюм. з-ды; пазней пабудаваны буйныя прадпрыемствы на Урале і ў Сібіры). Хуткі рост алюмініевай прамысловасці выклікаў павелічэнне здабычы баксітаў у свеце. Пасля 2-й сусв. вайны знойдзены багатыя радовішчы баксітаў у Афрыцы, Паўд. Амерыцы, пазней — у Аўстраліі. Сусв. здабыча баксітаў 92,5 млн.т (1984), найб. — у Аўстраліі і Гвінеі (49% сусв. рэсурсаў), на Ямайцы. Буйнейшыя вытворцы гліназёму — Аўстралія, ЗША Ямайка. Асн. імпарцёры баксітаў і гліназёму — ЗША, Канада, Японія, Нарвегія. Вытв-сць першаснага алюмінію (ступень ачысткі 99,7%) у свеце пастаянна расце, складае каля 16 млн.т (1984), сканцэнтравана ў ЗША, краінах б.СССР, Канадзе і інш. Акрамя першаснага вырабляюць значную колькасць алюмінію высокай ачысткі. Буйныя экспарцёры алюмінію — Канада, Нарвегія, імпарцёры — Японія, ЗША, ФРГ. Вытв-сцю алюмінію займаюцца больш за 80 кампаній (1982), 6 з іх вядучыя транснацыянальныя («Алкэн алюмініум», «Алюмінум компані оф Амерыка», «Рэйналдс металс», «Кайзер алюмінум энд кемікал», «Пешынэ», «Свіс алюмініум»), якія кантралююць 60% здабычы баксітаў, 65% вытв-сці гліназёму, 55% вытв-сці алюмінію.
Сучасная алюмініевая прамысловасць выкарыстоўвае новыя тэхналогіі комплекснай перапрацоўкі нефелін-апатытавых рудаў і нефелінавых канцэнтратаў на гліназём, содапрадукты, цэмент і інш., вядзе пошук новых эканам. тэхналогій атрымання алюмінію з небаксітавых відаў сыравіны. Буйныя запасы такой сыравіны ў ЗША (160 млрд.т), Нарвегіі, Іране, Іспаніі, ФРГ. На Беларусі — багатае радовішча небаксітавай сыравіны — даўсаніту (Заазерскае, паблізу Мазыра) і каалінітавыя гліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛА́КТЫКІ,
гіганцкія гравітацыйна звязаныя зорныя сістэмы, падобныя да нашай Галактыкі. Асн. маса рэчыва сканцэнтравана ў зорках, колькасць якіх у галактыках 106—1012. Галактыкі ўтрымліваюць таксама газ і касм. пыл. Размеркаваныя ў прасторы нераўнамерна, утвараюць скопішчы ў выглядзе буйнамаштабнай ячэістай структуры. Назіраюцца як светлыя туманныя плямы.
Адрозніваюць эліптычныя (E), лінзападобныя (SO), спіральныя (S), спіральныя з перамычкай (SB) і няправільныя (Ir) галактыкі. Найб. пашыраны эліптычныя, лінзападобныя, спіральныя. Эліптычныя галактыкі маюць вось сіметрыі, зоркі аварочваюцца вакол цэнтра мас сістэмы ў розных плоскасцях; як цэлае галактыкі зварочваюцца вельмі павольна. Іх дыяметр 5—50 кпк, масы 106—1013 мас Сонца, свяцільнасці 106—1012 свяцільнасцей Сонца. Яны складаюцца з жоўтых і чырвоных зорак, у іх практычна няма газу. У гэтых сістэмах рана спыніліся працэсы зоркаўтварэння. Прыклад карлікавых эліптычных галактык — спадарожнікі Андрамеды Туманнасці. Спіральныя галактыкі — моцна сплюшчаныя сістэмы з цэнтр. ядром; дастаткова хутка аварочваюцца ў напрамку закручвання спіралей. Маюць 2 і больш спіральных галін, дзе сканцэнтраваны іх самыя яркія і маладыя зоркі, рассеяны зорныя скопішчы, газапылавыя комплексы. Асн. маса зорак знаходзіцца ў дыску галактыкі. Спіральная структура абкружана сферычнай кампанентай, якая складаецца са старых зорак і шаравых скопішчаў. Лінзападобныя галактыкі моцна сплюшчаныя, але не маюць спіральнай структуры; у іх адрозніваюць ядро, лінзу-дыск і слабы арэол — гала. Галактыкі SO, S і SB хутка аварочваюцца (скорасць вярчэння на адлегласці 10 кпк ад ядра дасягае 300 км/с) і абкружаны сферычнымі каронамі. Спіральныя галактыкі з перамычкай маюць выгляд выцягнутага ядра з перамычкай паміж дзвюма спіральнымі галінамі. Да няправільных адносяцца галактыкі, у якіх не назіраюцца выразнае ядро і вярчальная сіметрыя (напр., Магеланавы воблакі). Масы спіральных і няправільных галактык 109—1012 мас Сонца, свяцільнасці 108—1011 свяцільнасцей Сонца. Існуюць таксама пекулярныя галактыкі (кожная мае унікальную форму), узаемадзейныя галактыкі (падвойныя сістэмы, паміж якімі назіраюцца перамычкі светлай матэрыі), квазары.
Літ.:
Ходж П. Галактики: Пер. с англ.М., 1992;
Гуревич Л.Э., Чернин А.Д. Происхождение галактик и звезд. 2 изд. М., 1987;
Агекян Т.А. Звезды, галактики, Метагалактика. 3 изд. М., 1981.
Н.А.Ушакова.
Да арт.Галактыкі: 1, 2, 3 — спіральныя галактыкі (1 — у сузор’і Вялікая Мядзведзіца; 2 — «Самбрэра» ў сузор’і Дзева; 3 — у сузор’і Андрамеда, бачная з рабра); 4 — спіральная галактыка з перамычкай у сузор’і Эрыдан; 5 — няправільная галактыка Вялікае Магеланава Воблака.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДНЕПРАПЯТРО́ЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
Размешчана на ПдУ Украіны. Утворана 27.2.1932. Пл. 31,9 тыс.км². Нас. 3852 тыс.чал. (1996), гарадскога — 84%. Цэнтр — г.Днепрапятроўск. Найб. гарады: Крывы Рог, Днепрадзяржынск, Нікапаль, Новамаскоўск, Паўладар, Марганец, Жоўтыя Воды, Сінельнікава.
Прырода. Рэльеф пераважна раўнінны, на З Прыдняпроўскае ўзв. (выш. да 192 м), у цэнтр.ч. Прыдняпроўская нізіна, якая на Пд пераходзіць у Прычарнаморскую нізіну, на ПдУ Прыазоўскае ўзв. (выш. да 211 м). Карысныя выкапні: жалезныя, марганцавыя, нікелевыя і тытанавыя руды, каменны і буры вугаль, прыродны газ, графіт, баксіты, вапнякі, граніты, гнейсы, гліны і інш. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. ад -5 да -6,5 °C, ліп. ад 22 да 23,5 °C. Гадавая колькасць ападкаў ад 450 мм на Пн да 400 мм на Пд. Гал. рака Дняпро з прытокамі Арэль, Самара (злева), Мокрая Сура, Базаўлук, Інгулец (справа). Пабудаваны Днепрадзяржынскае і Кахоўскае вадасх., канал Дняпро—Крывы Рог, вадавод з Дняпра ў Кіраваградскую вобл. Глебы пераважна чарназёмныя, па далінах рэк чарназёмна-лугавыя. Стэп разараны. Лясы займаюць невял. плошчы (дуб, ясень, граб, клён).
Гаспадарка. Д.в. — адна з найб. індустрыяльна развітых на Украіне. Здабыча жал. (Крыварожскі бас.), марганцавых (Нікапальскі бас.), поліметал. руд, каменнага вугалю (зах.ч. Данбаса). Вядучыя галіны прам-сці: чорная (чыгун, сталь, пракат, стальныя трубы і інш.) і каляровая (уран) металургія, машынабудаванне і металаапрацоўка (металургічнае і горна-шахтавае абсталяванне, электравозы, чыг. вагоны. станкі, прэсы, буракаўборачныя камбайны, прылады, радыётэхніка), коксахім., хім. і нафтахім. (азотныя ўгнаенні, пластмасы, шыны, лакі, фарбы і інш.), лёгкая (швейныя вырабы, верхні трыкатаж, абутак), дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая (у т. л.вытв-сць мэблі і паперы), харч. (алей, мука, крупы і інш.). Вытв-сцьбуд. (цэмент) і вогнетрывалых матэрыялаў. Прыдняпроўская, Крыварожская, Днепрадзяржынская і інш.ДРЭС, Днепрадзяржынская ГЭС. Пасевы пшаніцы, ячменю, кукурузы, проса, грэчкі; вырошчваюць сланечнік, сою, цукр. буракі, агародніну, бульбу. Пладаводства, вінаградарства. Мяса-малочная жывёлагадоўля. Рыбалоўства. Буйныя арашальныя сістэмы. Асн. від транспарту — чыгуначны. Чыгункі: Крывы Рог—Днепрапятроўск—Чырвонаармейск, Далінская—Запарожжа і інш.Аўтамаб. транспарт выкарыстоўваецца ў асн. для ўнутр. перавозак. Газаправоды: Шабялінка (Харкаўская вобл.)—Днепрапятроўск—Крывы Рог, Перашчэпіна—Днепрапятроўск, Крамянчуг—Крывы Рог, транзітныя нафтаправоды. Суднаходства па Дняпры. Рачныя парты: Днепрапятроўск, Днепрадзяржынск, Нікапаль. Бальнеагразевы курорт Салёны Ліман.