МАГІЛЁЎСКАЯ ВО́ЛАСЦЬ, Магілёўскае староства, Магілёўская эканомія,

буйное дзярж. ўладанне ў 14—18 ст. У 1387—99 належала каралеве Ядвізе, жонцы Ягайлы. У 15 ст., верагодна, з яе адасобіўся маёнтак Буйнічы. У 1501—31 М.в. у пажыццёвым уладанні вял. княгіні Алены Іванаўны, пазней — дзярж. ўласнасць. Тэр. М.в. сфарміравалася да 1-й пал. 16 ст., калі да яе далучаны часткі воласці Басея і Мсціслаўскага княства. У сярэдзіне — 2-й пал. 16 ст. звычайна называлася староствам. У 1560 уключала г. Магілёў і больш за 60 сёл. Пасля адм. рэформы 1565—66 у складзе Аршанскага павета. З 1588 перайшла ў разрад эканомій. У канцы 16 ст. імкліва павялічвалася колькасць жыхароў і паселішчаў. Паводле інвентара 1604, М.в. складалася (апрача Магілёва) з 194 сёл (з іх 28 пустых), падзеленых на 12 войтаўстваў. Першы адміністратар Магілёўскай эканоміі — Л.​І.​Сапега, у 1736—72 М.​Пацей. У 1772 М.в. далучана да Рас. імперыі (5261 дым, 25 063 душы мужчынскага полу). Значная яе частка раздадзена ў прыватную ўласнасць набліжаным да Кацярыны II — А.​М.​Рымскаму-Корсакаву (5829 душ з мяст. Чавусы), А.​П.​Ярмолаву (4445 душ), В.​Я.​Чычагову (3997), А.​А.​Празароўскаму (448 душ з мяст. Сухары) і інш. Рэшта захавалася ў якасці дзярж. маёнткаў.

В.​Л.​Насевіч.

т. 9, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ КАСЦЁЛ КАРМЕЛІ́ТАЎ, Магілёўскі Станіславаўскі касцёл,

помнік архітэктуры стылю барока ў Магілёве. Пабудаваны ў 1738—52 (да 1783 наз. Ушэсця) на месцы драўлянага касцёла 17 ст. У 1783 касцёл перададзены Магілёўскай архікафедры і стаў вядомы як Станіславаўскі. Спачатку гал.фасад быў 2-вежавы, з фігурным франтонам. У 1788 па ініцыятыве архібіскупа С.​Богуш-Сестранцэвіча гал. фасад рэканструяваны. У выніку перабудовы разабраны завяршэнне барочных вежаў і частка франтона, першапачатковы фасад быў закрыты класіцыстычным 4-калонным іанічным порцікам з трохвугольным франтонам. Да першапачатковага аб’ёму прыбудаваны 3-ярусныя бакавыя крылы, завершаныя 8-граннымі ратондападобнымі вежачкамі. У 19—20 ст. касцёл неаднаразова рамантаваўся, але арх. аблічча ў цэлым заставалася нязменным. Пасля 1860 касцёл становіцца прыходскім. У інтэр’еры захаваўся адзін з найб. разгорнутых фрэскавых цыклаў на тэр. Беларусі. Фрэскавая размалёўка выканана ў 1765—67, 1780-я г. (мастакі Б.​Піятроўскі, А.​Главацкі, вучні-манахі Спаскай царквы Пётр, Лук’ян, Рыгор). У 1860-я г. мастак Фёрст размаляваў сцены касцёла. Кампазіцыі выкананы з выкарыстаннем прынцыпу перспектыўнай прасторы, якія ілюзорна паднімаюць у вышыню арх. формы. Стыль размалёвак разнастайны, выконвалі і паднаўлялі іх розныя майстры. Асн. тэмы — гіст. і біблейскія.

В.​В.​Гліннік, В.​В.​Церашчатава.

Магілёўскі касцёл кармелітаў. Фрагмент.
Да арт. Магілёўскі касцёл кармелітаў. фрагмент размалёўкі скляпення галоўнага нефа.

т. 9, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАГРУ́ДСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА,

1) адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у 1507—1795. Утворана ў студз. 1507 з цэнтрам у Навагрудку. Напачатку тэр. ваяводства фактычна адпавядала тэр. Навагрудскага павета. З 1565 складалася з паветаў: Ваўкавыскага, Навагрудскага, Слонімскага. Пл. 36 920 км², нас. ў сярэдзіне 17 ст. 375 тыс. чал. (62 400 дымоў). На тэр. ваяводства 9 гарадоў і мястэчак мелі магдэбургскае права: Ваўкавыск, Капыль, Любча, Мір, Навагрудак, Нясвіж, Ружаны, Слонім, Слуцк. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Н.в. ўтвораны Сталовіцкі пав. з цэнтрам у мяст. Сталовічы, Ваўкавыскі пав. адышоў да Гродзенскага ваяв. Усх. частка Навагрудскага пав. ўвайшла ў Мінскую губ. Рас. імперыі. Паводле 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Н.в. далучана да Рас. імперыі і ўключана ў Слонімскую губ. 2) Адм.-тэр. адзінка ў Польшчы на тэр. Зах. Беларусі ў 1921—39. Утворана паводле закона (Палажэння) ад 4.2.1921. Пл. 22 966,2 км², нас. 822 106 чал. (1921), 1 057 200 чал. (1931). Падзялялася на 8 паветаў: Баранавіцкі, Валожынскі, Лідскі, Навагрудскі; Нясвіжскі, Слонімскі, Стаўбцоўскі, Шчучынскі (з 1929). У 1921 у Н.в. было палякаў 54%, беларусаў 37,8; праваслаўных 51,2, католікаў 39,4%. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР у снеж. 1939 у межах Н.в. створана Баранавіцкая вобл.

М.​П.​Гайба.

т. 11, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАГРУ́ДСКІ МІХА́ЙЛАЎСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР ДАМІНІКА́НЦАЎ помнік архітэктуры барока ў г. Навагрудак Гродзенскай вобл. Засн. ў 1624 віленскім ваяводам К.​Хадкевічам, які даў дамініканцам дом, пляц, пабудаваў драўляны касцёл св. Яцака (згарэў у 2-й пал. 17 ст.). Каля 1724 на яго месцы пабудаваны новы, мураваны касцёл (у аб’ём усх. нефа ўключана частка драўлянага касцёла, захаваны дэкор інтэр’ера). Пашкоджаны ў час пажараў 1751 і 1831. У 1829 побач з касцёлам узведзена 2-ярусная мураваная званіца (не захавалася). Існавалі таксама П-падобны ў плане будынак кляштара і гасп. пабудовы. Комплекс быў абнесены мураванай агароджай. У 1794—1834 пры кляштары дзейнічала дамініканская школа. У 1853 кляштар скасаваны. У 1850-я г. ў выніку перабудовы касцёл набыў элементы класіцызму.

Трохнефавая базіліка з плоскім гал. фасадам, вузкім нартэксам і паўцыркульнай апсідай, да якой з паўн. боку далучана сакрысція. Гал. фасад падзелены развітым карнізам на 2 ярусы і завершаны трохвугольным франтонам з вежачкай над ім. Тарцы дахаў бакавых нефаў закрыты ступеньчатымі атыкамі. Сцены аздоблены пілястрамі. Аконныя праёмы з лучковымі і арачнымі завяршэннямі. Надмагільныя пліты-эпітафіі 18 ст. са сцен пакладзены ў падлогу. У 1898 у касцёле нелегальна ўстаноўлена мемар. дошка ў гонар А.Міцкевіча. Будынкі кляштара і школы не захаваліся.

Т.​В.​Габрусь, С.​П.​Адамовіч, А.​А.​Ярашэвіч.

Навагрудскі Міхайлаўскі касцёл і кляштар дамініканцаў. Інтэр’ер касцёла.

т. 11, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЭМАТЫ́ЧНАЯ СГАТЫ́СТЫКА,

навука пра матэм. метады сістэматызацыі і выкарыстання статыстычных даных для навук. і практычных вывадаў. Стат. метады шырока выкарыстоўваюцца амаль ва ўсіх галінах ведаў. У сацыялогіі асн. паняццямі М.с. з’яўляюцца ген. і выбарачная сукупнасці. Генеральная сукупнасць — поўнае мноства аб’ектаў, якія маюць адносіны да праблемы, што вывучаецца; выбарачная сукупнасцьчастка ген. сукупнасці, якая дазваляе меркаваць пра яе ў цэлым і належыць непасрэднаму абследаванню. Выбарачны метад выкарыстоўваецца ў выпадках, калі поўнае абследаванне ген. сукупнасці немагчыма або эканамічна немэтазгодна. Асн. раздзеламі М.с. з’яўляюцца апісальная статыстыка, стат. вывад, аналіз стат. сувязей і залежнасцей. Метады апісальнай статыстыкі прызначаны для абагульнення інфармацыі, атрыманай пры поўным абследаванні сукупнасці, і ўключаюць атрыманне частотных размеркаванняў, пабудову графікаў, разлік паказчыкаў цэнтра размеркавання і ступені раскіду звестак. Статыстычны вывад абагульняе вынікі выбарачнага абследавання на ген. сукупнасць і ўключае ацэньванне яе параметраў і стат. праверку гіпотэз. Асновай стат. вываду з’яўляюцца законы тэорыі верагоднасцей, асн. паняццем — паняцце выпадковай выбаркі, якая мяркуе, што для ўсіх аб’ектаў з ген. сукупнасці верагоднасць уключэння ў выбарку павінна быць аднолькавая. Метадамі пабудовы рэпрэзентатыўных (прадстаўнічых) выбарак займаецца тэорыя выбаркі. Метады аналізу статыстычных сувязей і залежнасцей: карэляцыйны і рэгрэсіўны аналіз, аналіз табліц спалучэння, дысперсійны аналіз і інш. Выбар метаду залежыць ад мэт і задач даследавання, а таксама ад асаблівасцей звестак, што выкарыстоўваюцца.

В.​В.​Цярэшчанка.

т. 10, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНГО́ЛІЯ УНУ́ТРАНАЯ, Аўтаномны раён Унутраная Манголія. На Пн Кітая, мяжуе з Мангольскай Рэспублікай. Пл. 1,2 млн. км² (паводле кіт. крыніц). Нас. 21,8 млн. чал. (1992). Адм. цэнтр — г. Хух-Хота. На ПнУ размешчаны хрыбты Вял. Хінгана (выш. да 2034 м), на З — пласкагор’і (выш. 500—1500 м). Клімат рэзка кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -10 °C да -28 °C, ліп. 18—25 °C. Ападкаў каля 250 мм за год. Гал. рака Хуанхэ — суднаходная. На З пераважаюць пустыні, у цэнтры паўпустыні і стэп, у гарах на Пн — тайга. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка. Вырошчваюць засухаўстойлівыя гатункі збожжавых (яравая пшаніца, гаалян, проса, грэчка, авёс, кукуруза), тэхн. культуры (соя, сланечнік, каноплі, бавоўнік, цукр. буракі). Жывёлагадоўля пашавага кірунку. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, коз, коней, вярблюдаў. Прам-сць: горназдабыўная (жал. руда, каменны вугаль), чорная металургія, машынабудаванне, электратэхніка, лёгкая (гарбарная, шарсцяная, тэкст.), харч. (мясная, цукр., мукамольная), буд. матэрыялаў. Гал. прамысл. цэнтры: Баатоў, Хух-Хота, Цзінін. Транспарт чыг. і аўтамабільны.

Да сярэдзіны 17 ст. тэр. М.У. займалі паўд.-манг. княствы, у 1634 заваяваныя маньчжурамі, у 1636 перайменавана імі ў М.У. З канца 19 ст. пачалося масавае перасяленне ў М.У. кіт. каланістаў. У 1932—45 значная частка М.У. акупіравана яп. войскамі, якія намагаліся стварыць сабе апору з мясц. манг. князёў. З 1947 аўт. раён Кітая.

т. 10, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІГЕЛІ́СЦКІЯ ВО́ЙНЫ 1823—34,

грамадзянскія войны ў Партугаліі паміж прыхільнікамі захавання канстытуцыйнай манархіі (ліберальнае дваранства, буржуазія і інтэлігенцыя, частка сялянства) і паслядоўнікамі абсалютызму (феад. вярхі, падтрыманыя каталіцкай царквой, і сяляне, якія былі пад іх уплывам). Пачаткам М.в. стаў мяцеж у Траз-уж-Монтыш (1823), узняты прыхільнікамі абсалютызму на чале з каралевай Жаакінай (жонкай караля Жуана VI) і прынцам Мігелам Браганскім. У крас. 1824 мігелісты захапілі ўладу, але не здолелі яе ўтрымаць. У 1826 пасля смерці Жуана VI (10 сак.) на трон узышоў яго сын імператар Бразіліі Педру I (у Партугаліі кароль Педру IV), які ў маі 1826 перадаў партугальскі прастол сваёй дачцэ Марыі да Глорыі, а рэгентам у ліп. 1827 прызначыў Мігела Браганскага. 30.6.1828 Мігел Браганскі дамогся ад картэсаў прызнання сябе каралём, пасля чаго картэсы распушчаны. Аднаўленне абсалютызму выклікала шэраг антыўрадавых выступленняў канстытуцыяналістаў пад кіраўніцтвам Педру, які ў крас. 1831 адрокся ад браз. прастола і выехаў у Англію, дзе фарміраваў эмігранцкія атрады. 8—9.7.1832 эмігранты-канстытуцыяналісты высадзіліся ў Порту, у пач. 1833 — у Алгарві; іх падтрымалі брыт. і франц. эскадры. 24.7.1833 канстытуцыяналісты ўзялі Лісабон; неўзабаве мігелісты здаліся. 26.5.1834 у Эвары падпісана пагадненне, паводле якога каралевай зноў стала Марыя да Глорыя. Спроба мігелістаў арганізаваць новую антыўрадавую змову ў 1837 была няўдалай.

т. 10, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕТРАГРА́ФІЯ (ад грэч. petros камень + ...графія),

навука аб горных пародах. У шырокім паняцці П. — тое, што петралогія, у вузкім — апісальная частка навукі пра горныя пароды (вывучэнне мінер. і хім. саставу, структуры і тэкстуры). Займаецца пытаннямі класіфікацыі і наменклатуры горных парод па розных прыкметах.

Як самастойная навука зарадзілася ў пач. 19 ст. (класіфікацыя горных парод франц. вучонага А.​Браньяра, 1813) і інтэнсіўна развіваецца з сярэдзіны 19 ст. (даследаванні з дапамогай палярызацыйнага мікраскопа; англ. фізікі У.​Нікаль і Г.​К.​Сорбі; 1849). З пашырэннем мікраскапічных даследаванняў з’явіліся класіфікацыі горных парод ням. геолагаў Ф.​Цыркеля (1866) і К.​Г.​Розенбуша (1873), рас. петрографа Ф.​Ю.​Левінсона-Лесінга (1893). У 1-й пал. 20 ст. пачаты петрахім. і геахім. даследаванні (рас. вучоныя У.​І.​Вярнадскі, А.​Я.​Ферсман, А.​М.​Заварыцкі, амер. Ф.​Кларк і інш.) У 1950—70-я г. створаны новы кірунак у П. — вучэнне аб магматычных і метамарфічных фармацыях (Ю.​А.​Кузняцоў і інш.). З даследаванняў амер. вучонага Р.​Горансана (1937) пачаўся этап развіцця эксперыментальнай П. Тэхнічная П. даследуе састаў і ўласцівасці шлакаў, цэменту, керамікі, шкла, каменнага ліцця (рас. вучоны Дз.​С.​Бялянкін); П. буд. каменю — якасці буд. матэрыялаў. П. касм. аб’ектаў вывучае метэарыты, узоры парод з Месяца і г.д.

І.​В.​Найдзянкоў.

т. 12, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІВАВА́РНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна харчовай прамысловасці па вырабе піва. На Беларусі старэйшыя прадпрыемствы П.п. — «Аліварыя» (былы з-д братоў Лекерт, 1864), піўзаводы ў Лідзе (1876), Мазыры (1885). 16 прадпрыемстваў П.п. (1999) уваходзяць у асацыяцыю «Белпіва». Выпускаецца каля 50 гатункаў піва. Найб. прадпрыемствы: акц. т-вы «Аліварыя», «Лідскі піваварны завод», акц. прадпрыемства «Крыніца». Працуюць піўзаводы ў Бабруйску, Брэсце, Віцебску, Гродне, Гомелі, Магілёве, Маладзечне, Навагрудку, Оршы, Полацку, Рагачове, Рэчыцы, Слуцку і інш., бел.-шведскае прадпрыемства па вытв-сці піва «Залаты егер» у Мазыры. На долю П.п. прыпадае 3% валавой прадукцыі харч. прам-сці, 4,8% прамысл.-вытв. сродкаў. Спажыванне піва — 27 л на чалавека за год. Частка прадукцыі П.п. Беларусі экспартуецца ў Расію.

Найб. развіта П.п. у Аўстрыі, Бельгіі, Вялікабрытаніі, Германіі. Даніі, Чэхіі, ЗША, Японіі і інш. Спажыванне піва на чалавека за год — у Чэхіі 90, у Вялікабрытаніі 103, у Германіі 140 літраў.

П.​І.​Рогач.

Да арт. Піваварная прамысловасць. Вытворчыя ўчасткі Мінскага завода «Аліварыя»; 1 — цыліндра-канічных танкаў; 2 — варачны.
Вытворчасць піва на Беларусі, тыс. дэкалітраў
Вобласці Беларусі Гады
1990 1995 1998
Брэсцкая 2577 1328 1975
Віцебская 4183 1627 2409
Гомельская 5829 2358 4280
Гродзенская 4215 2679 4360
Магілёўская 5545 1055 2897
Мінская 2573 638 1532
Мінск 7907 5496 8585
Усяго 32829 15181 26038

т. 12, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЦЭ́САР (англ. processor ад process апрацоўваць),

сукупнасць прылад ЭВМ або выліч. сістэмы, якая выконвае функцыі пераўтварэння інфармацыі. У шматпрацэсарных выліч. сістэмах можа быць да соцень (ці больш) паралельных П. У праграмаванні П. наз. складаная лагічная праграма ў складзе сістэмы аўтаматызацыі праграмавання, напр., сінтакс. кантролю, П. зборкі рабочай праграмы, тэкставы П.

У залежнасці ад прызначэння адрозніваюць П.: цэнтральны, функцыянальна-арыентаваны і праблемна-арыентаваны. Цэнтральны П. — асн. частка ЭВМ, якая непасрэдна ажыццяўляе працэс апрацоўкі інфармацыі, а таксама кіруе ім і каардынуе дзеянні інш. вузлоў ЭВМ. Мае блок кіравання, арыфметычна-лагічнае прыстасаванне (адно ці некалькі), лакальную памяць, сродкі кантролю і дыягностыкі. Функцыянальна-арыентаваныя П. забяспечваюць выкананне тыповых функцый выліч. прылад апаратнымі спосабамі. Да іх адносяць сістэмны П. (выконвае службовыя функцыі ЭВМ, напр., увод—вывад інфармацыі, кантроль і апрацоўку станаў перыферыйных прылад), сеткавы П. (забяспечвае функцыянаванне выліч. сеткі), сервісны П. (для кантролю, дыягностыкі, статыстыкі і інш. аперацый абслугоўвання ЭВМ) і інш. Праблемна-арыентаваныя П. прызначаны для павышэння (адносна цэнтральнага П.) скорасці апрацоўкі некаторых класаў задач (напр., для апрацоўкі адна- і мнагамерных матрыц, рашэння дыферэнцыяльных ураўненняў, задач тэорыі поля), а таксама асобных працэдур аперацыйнай сістэмы. Такія П. звычайна з’яўляюцца дадатковымі спецыялізаванымі П., якія далучаюцца да асн. ЭВМ, напр., праз інтэрфейс уводу—вываду.

М.​П.​Савік.

т. 13, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)