МАЦКЕ́ВІЧ (Баляслаў Іосіфавіч) (н. 2.1.1928, в. Гнесічы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне хірургіі. Д-р мед. н. (1984), праф. (1987). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1953). З 1962 у Гродзенскім мед. ін-це (у 1985—98 Заг. кафедры). Навук. працы па агульнай і дзіцячай хірургіі, анкалогіі, паталаг. фізіялогіі хірург. захворванняў.

Тв.:

Состояние калликреин-кининовой системы и антиферментная терапия при остром перитоните в детском возрасте // Вестн. хирургии. 1982. Т. 129, № 8;

Клиническое значение мембранодеструктивных процессов и их коррекция у детей с гнойной хирургической инфекцией (разам з В.​І.​Кавальчуком) // Хирургия. 1992. № 11—12.

т. 10, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАК-КЛІ́НТАК ((McClintock) Барбара) (16.6.1902, г. Хартфард, ЗША — 1992),

амерыканскі генетык. Чл. Нац. АН ЗША, Амер. акадэміі навук і мастацтваў. Скончыла Бруклінскі і Корнелскі ун-ты (1927). З 1927 у Корнелскім, з 1936 у Місурыйскім ун-тах, з 1941 у ін-це Карнегі ў Вашынгтоне. Навук. працы па цытагенетыцы. Апісала рад нястачы асобных локусаў у храмасомах кукурузы і яго генет. вынікі. Даказала наяўнасць абмену аднолькавымі гамалагічнымі ўчасткамі храмасом разам з лакалізаванымі ў іх генамі пры красінговеры. Вызначыла механізм сістэмы геннага кантролю на прыкладзе сістэмы «дысацыяцыя—асацыяцыя», адкрыла існаванне «кантралюючых элементаў», якія павялічваюць мутабільнасць. Нобелеўская прэмія 1983.

Б.Мак-Клінтак.

т. 9, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЫ́ГІН (Сцяпан Гаўрылавіч) (? — 1764),

расійскі даследчык Арктыкі, капітан-камандор (1762). У 1711—17 вучыўся ў Маскоўскай школе матэм. і навігацыйных навук. У 1733 склаў першы дапаможнік па навігацыі на рус. мове «Скарочаная навігацыя па карце дэ-Рэдукцыён». У 1736—37 кіраўнік аднаго з паўн. атрадаў Другой Камчацкай экспедыцыі. У 1737 разам з А.​Скуратавым абагнуў морам п-аў Ямал, прайшоў пралівам паміж ім і в-вам Белы (Малыгіна праліў) і дасягнуў вусця р. Об. У выніку падарожжаў атрада М. апісана гэта частка ўзбярэжжа Паўн. Ледавітага ак. і складзена карта ўзбярэжжа паміж рэкамі Пячора і Об.

т. 10, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЯНКО́Ў (Георгій Максімілянавіч) (8.1.1902, г. Арэнбург, Расія—14.1.1988),

савецкі дзяржаўны і паліт. дзеяч. Герой Сац. Працы (1943). Удзельнік грамадз. вайны. Чл. ЦК (1939—57), Палітбюро (Прэзідыума) ЦК (1946—57, канд. з 1941), сакратар ЦК (1939—46 і 1948—53) КПСС. У Вял. Айч. вайну чл. Дзяржаўнага Камітэта Абароны СССР (1941—45). у 1946—53 і 1955—57 нам. старшыні, у 1953—55 старшыня СМ СССР. У 1957 разам з Л.М.Кагановічам, В.М.Молатавым і інш. выступіў супраць паліт. лініі М.С.Хрушчова, быў выведзены з Прэзідыума ЦК і ЦК КПСС. У 1957—61 на гасп. рабоце.

т. 10, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНО́ ((Monod) Жак Люсьен) (9.2.1910, Парыж — 31.5.1976),

французскі біяхімік і мікрабіёлаг. Чл. Франц. АН. Скончыў Парыжскі ун-т (1934), працаваў у ім. З 1945 у Пастэраўскім ін-це ў Парыжы (з 1971 дырэктар), адначасова з 1959 праф. Парыжскага ун-та, у 1967—72 праф. Калеж дэ Франс. Навук. працы па пытаннях росту бактэрый, індукцыі і рэпрэсіі бактэрыяльных ферментаў. Аўтар гіпотэз аб пераносе пры ўдзеле інфарм. РНК генет. інфармацыі з ДНК на рыбасомы і аб механізме генет. рэгуляцыі сінтэзу бялку ў бактэрый (канцэпцыя аперона). Нобелеўская прэмія 1965 (разам з Ф.Жакобам і А.М.Львовым).

Ж.Мано.

т. 10, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРАЗЕ́ВІЧ (Анатоль Мікалаевіч) (н. 13.6.1948, г. Уладзівасток, Расія),

бел. вучоны ў галіне інфарматыкі. Д-р тэхн. н. (1990), праф. (1991). Скончыў Мінскі радыётэхн. ін-т (1971). З 1987 у Нац. АН Беларусі, з 1998 гал. вучоны сакратар Вышэйшага атэстацыйнага к-та Беларусі. Навук. працы па інфарм. тэхналогіях і аўтаматызаваных сістэмах кантролю, выпрабаванняў і падтрымкі прыняцця рашэнняў. Распрацаваў метады тэорыі і практыкі інфарм.-аналітычных сістэм.

Тв.:

Гармонические сигналы в цифровых системах контроля и испытаний Мн., 1990 (разам з Б.​Б.​Трыбухоўскім, А.​М.​Дзмітрыевым);

Техническое обеспечение новых информационных технологий. Мн., 1995.

Г.​В.​Рымскі.

т. 10, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЕРГОФ ((Meyerhof) Ота) (12.4.1884, г. Гановер, Германія —6.10.1951),

нямецкі біяхімік. Чл. Нац. АН ЗША (1949). Замежны чл. Лонданскага каралеўскага т-ва. Скончыў Гейдэльбергскі ун-т (1909). З 1912 у Кільскім ун-це, з 1924 у Ін-це біялогіі ў Берліне-Далеме, з 1929 у Даследчым мед. ін-це ў Гейдэльбергу (заг. аддзела). У 1938 эмігрыраваў у Францыю. З 1940 праф. Пенсільванскага ун-та (ЗША). Навук. працы па хіміі і тэрмадынаміцы мышачнага скарачэння, прамежкавых ферментацыйных стадыях гліколізу і глікагенолізу. Вызначыў, што энергія жывой клеткі акумулюецца ў фосфарных сувязях. Нобелеўская прэмія 1922 (разам з А.В.Хілам).

О.Меергоф.

т. 10, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЛЬНІКАЎ (Аляксей Пятровіч) (н. 18.3.1951, в. Маркавічы Гомельскага р-на),

бел. вучоны ў галіне ліцейнай вытв-сці. Канд. тэхн. н. (1989). Скончыў БПІ (1977). З 1974 на Гомельскім ліцейным з-дзе «Цэнтраліт». З 1993 дырэктар н.-д. і канструктарска-тэхнал. ін-та ліцейнай вытв-сці «БелНДІліт», адначасова выкладчык БПА. Навук. працы па ліцейнай вытв-сці чорных і каляровых металаў і сплаваў, камп’ютэрных тэхналогіях па праектаванні тэхнал. працэсаў і аснасткі для ліцейнай вытв-сці. Дзярж. прэмія Беларусі 1990.

Тв.:

Технология и оборудование непрерывного литья заготовок. Мн., 1992 (разам з М.​І.​Карпенкам;

Я.​І.​Маруковічам).

М.​П.​Савік.

т. 10, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕР ((Meer) Сімон ван дэр) (н. 24.11.1925, г. Гаага, Нідэрланды),

галандскі фізік і інжынер. Чл.-кар. Каралеўскай Нідэрл. АН (1984). Замежны чл. Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1984). Скончыў Тэхнал. ун-т у Дэлфце (1952). З 1952 у н.-д. лабараторыі фірмы «Філіпс», у 1956—90 у Еўрапейскім цэнтры ядз. даследаванняў у Жэневе. Навук. працы па фізіцы паскаральнікаў і электронных мікраскопах. Прапанаваў метад стахастычнага ахаладжэння антыпратонаў, з дапамогай якога былі адкрытыя прамежкавыя вектарныя базоны, якія з’яўляюцца пераносчыкамі слабых узаемадзеянняў (1983). Нобелеўская прэмія 1984 (разам з К.Рубія).

М.​М.​Касцюковіч.

С. ван дэр Мер.

т. 10, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕРАЖЫ́НСКІ (Міхаіл Фёдаравіч) (10.7.1906, г. Бахчысарай, Украіна — 31.7.1970),

бел. вучоны ў галіне біяхіміі. Д-р біял. н., праф. (1942). Скончыў Адэскі мед. ін-т (1930). З 1950 у Мінскім мед. ін-це (заг. кафедры). Навук. працы па акісляльна-аднаўленчых працэсах пры авітамінозах, абмене рэчываў пры інсулінатэрапіі, метабалічных парушэннях пры траўмах, парушэннях абмену рэчываў пры ненармальным харчаванні, ролі гармонаў і вітамінаў у забеспячэнні біял. аховы арганізма, біяхім. стане клетачных і субклетачных мембран пры захворваннях.

Тв.:

Основы клинической биохимии. М., 1965 (разам з Л.​С.​Чаркасавай);

Нарушения углеводного обмена при заболеваниях человека. Мн., 1967.

т. 10, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)