фізічная або юрыдычная асоба, якая валодае паводле закону здольнасцю мець і ажыццяўляць непасрэдна або праз прадстаўніка правы і юрыд. абавязацельствы. Неабходны элемент праваадносін ва ўсіх галінах права, але ў кожнай з іх яго суб’ект мае пэўную спецыфіку. Напр., у грамадзянскіх праваадносінах грамадзяне, чужаземцы і асобы без грамадзянства выступаюць як фіз. асобы; камерцыйныя і некамерцыйныя арг-цыі — як юрыд. асобы; трэці від суб’ектаў грамадзянскіх праваадносін складаюць дзяржава і дзярж. ўтварэнні. У адм. праваадносінах С.п. выступаюць у асноўным дзярж. органы, службовыя асобы, грамадзяне і толькі ў некат. выпадках — арг-цыі. Прызнаючы якую-н. асобу С.п., закон вызначае яго прававы статус, які характарызуе яго становішча адносна дзяржавы, дзярж. органаў, інш. асоб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУПЕРСІМЕТРЫ́Я, Фермі—Бозе сіметрыя,
сіметрыя, што звязвае палі, кванты якіх маюць цэлалікавы спін (базоны), з палямі, кванты якіх маюць паўцэлы спін (ферміёны). Палі, што пераўтвараюцца пры пераўтварэннях С. адно праз другое, утвараюць супермультыплеты, якія аб’ядноўваюць у адну сям’ю часціцы з рознай статыстыкай — базоны і ферміёны.
Адно з найб. важных дастасаванняў С. — суперсіметрычнае абагульненне калібровачнай палявой тэорыі фундаментальных узаемадзеянняў — супергравітацыя. Яна мае пераўтварэнні С. з параметрамі, залежнымі ад каардынат (лакальныя пераўтварэнні С.). Інварыянтнасць адносна лакальных пераўтварэнняў С. патрабуе існавання партнёраў па супермультыплету, якія маюць спіны, што адрозніваюцца адзін ад аднаго на 1/2 (эксперыментальна не выяўлены; 2002). Напр., прадказваюцца слептон, скварк, фатына, глюіна, як суперпартнёры адпаведных элементарных часціц: лептонаў, кваркаў, фатонаў і глюонаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУ́РАЖСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 16—18 ст. у г.Сураж Віцебскага пав. (цяпер гар. пасёлак у Віцебскім р-не). Пабудаваны з дрэва ў сутоках рэк Каспля і Зах. Дзвіна ў 1563 паводле загаду вял.кн.ВКЛ і караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта II Аўгуста. У ходзе ваен. падзей 17—18 ст. замак зведаў неаднаразовыя разбурэнні; у 1616 і 1633 спалены рас. войскамі, але праз некат. час зноў адноўлены. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 С.з. здадзены 2.9.1656 царскаму войску. На «Чертеже» (1701), зробленым стольнікам Пятра I М.Цызыровым, зафіксаваны абарончыя сцены С.з. без вежаў і 2 масты цераз роў; замак паказаны ў плане як круглы. Пасля 1772 С.з. перастаў існаваць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАКСАПЛА́ЗМА (Toxoplasma),
род паразітычных прасцейшых атр. какцыдый кл. спаравікоў. 1 від — Т. гондзіі (T. gondii). Паразіт млекакормячых жывёл, птушак і чалавека (канчатковыя гаспадары); узбуджальнік таксаплазмозу.
Даўж. 4—8, шыр. 2—4 мкм. Вегетатыўная форма рухомая, паўмесяцападобная. Жыццёвы цыкл характарызуецца чаргаваннем бясполага размнажэння (шызаганія) шляхам дзяленняў з утварэннем цыст, псеўдацыст і палавога працэсу (гаметаганія). Развіццё з удзелам прамежкавых гаспадароў — больш за 180 відаў свойскіх і дзікіх жывёл. У млекакормячых і чалавека Т. можа перадавацца і праз плацэнту.
Цыкл развіцця і спосабы заражэння таксаплазмай: 1 — кошка-гаспадар, дзе праходзіць шызаганія і стадыя палавога цыкла; 2—4 — паслядоўныя стадыі развіцця аацысты; 5—6 — мышы-гаспадары, у якіх адбываецца дадатковае бясполае размнажэнне; 7 — унутрывантробнае заражэнне мышэй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУРАВЕ́ЙСКАЕ ВО́ЗЕРА, Туроўе,
возера ў Астравецкім р-не Гродзенскай вобл., у бас.р. Сарачанка, за 34 км на ПнУ ад г.п. Астравец. Уваходзіць у Сарачанскую групу азёр. Пл. 0,38 км², даўж. 1,6 км, найб.шыр. 390 м, найб.глыб. 4,7 м, даўж. берагавой лініі 3,9 км, пл. вадазбору 131 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 3—5 м, на З да 11 м, стромкія, пад лесам. Пойма шыр. 25—250 м, пад хмызняком. Берагі нізкія, пясчаныя, на ПнУ і З забалочаныя, на У і ПдУ пад лесам. Дно да глыб. 1 м пясчанае, ніжэй сапрапелістае. Уздоўж берагоў шыр. паласы надводнай расліннасці 20—60 м. Праз возера цячэ р. Клевель (злучае з азёрамі Белае і Залаўскае).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЛА́СНЫ РУХ ЗО́РКІ,
бачнае вуглавое перамяшчэнне зоркі па нябеснай сферы за год. Складаецца з сапраўднага перамяшчэння зоркі і ўяўнага (паралактычнага) зрушэння, якое адлюстроўвае рух Сонечнай сістэмы (разам з Зямлёй) у прасторы. Змена становішча зоркі з гадавым перыядам з прычыны руху Зямлі вакол Сонца (гадавы паралакс) ва У.р.з не ўваходзіць. Звычайна У.р.з. не перавышае сотых доляў вуглавой секунды, радзей дасягае дзесятых доляў і вельмі рэдка цэлых секунд дугі. Найб. У.р.з. — 10",27 у зоркі Барнарда ў сузор’і Змеяносец. Для вызначэння дакладнага У.р.з. вымяраюць каардынаты зоркі праз некалькі дзесяткаў гадоў. Вядомы ўласны рух больш як 250 тыс. зорак. У.р.з. ўлічваюць пры вызначэнні геагр. каардынат на Зямлі, у службе часу і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УНУ́ТРАНЫЯ РАЎНІ́НЫ,
група акумулятыўных раўнін у цэнтр. частцы Паўд. Амерыкі. Размешчаны на месцы тэктанічнага прагіну паміж Бразільскім пласкагор’ем на У, Андамі на З і Патагоніяй на Пд ад 10° да 39°паўд. ш. Уключаюць раўніны Мамарэ, Пантанал, Гран-Чака, Міжрэчча і Пампу. Выш. ад 50 м на У да 600 м на З. Складзены з магутнай тоўшчы дэлювіяльна-алювіяльных адкладаў, сярод якіх выхады больш трывалых парод, што ўтвараюць падняцці выш. да 1200—1400 м; на Пд пашыраны лёсы. Характэрна паслядоўная змена занальных тыпаў ландшафтаў ад субэкватарыяльных лясоў і саваннаў на Пн, праз трапічныя рэдкалессі ў цэнтры да субтрапічных саваннаў, прэрый і стэпаў на Пд. Уздоўж рэк Парагвай і Парана — пояс забалочаных лясоў.
унутрыкантынентальны рухомы складкавы пояс зямной кары, які цягнецца ў Азіі ад Урала, праз Сярэднюю Азію, Казахстан, Паўд. Сібір і Манголію да Ахоцкага мора. На З абмежаваны Усх.-Еўрапейскай, на ПнУ — Сібірскай і на Пд — Кітайска-Карэйскай стараж. платформамі. На ПдЗ пояс сучляняецца з Міжземнаморскім геасінклінальным поясам, на У — з Ціхаакіянскім геасінклінальным поясам. У пояс уваходзяць складкавыя ўтварэнні Урала, Цянь-Шаня, Алтая, Саян, таксама Казахстана і Манголіі. Развіццё з позняга дакембрыю (байкальская, салаірская, каледонская і герцынская эпохі складкавасці). У канцы палеазою — мезазоі пояс ператварыўся ў маладую платформу. Радовішчы руд жалеза, медзі, золата, свінцу, цынку, волава, вальфраму і інш., паклады каменнага вугалю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСЫ́СА,
рака ў Гарадоцкім і Шумілінскім р-нах Віцебскай вобл., левы прыток р. Обаль (бас.р.Зах. Дзвіна). У верхнім цячэнні наз. Гаражанка. Даўж. 50 км, пл. вадазбору 423 км². Выцякае з воз. Кашо за 1,5 км на З ад в. Прудок, цячэ ў межах Гарадоцкага ўзв. і Полацкай нізіны, вусце каля в. Мішневічы Шумілінскага р-на. Цячэ праз азёры Лугавое, Арэхавае, Шчарбакоўскае. Асн. прыток — Каменка (злева). Даліна трапецападобная, шыр. 200—500 м, пойма нізкая, шыр. 50—80 м. Рэчышча звілістае (шыр. 10—15 м). Берагі пераважна стромкія, выш. 1,5—2 м, месцамі да 6 м. Сярэдні гадавы расход вады ў вусці 3,2 м³/с, на веснавое разводдзе прыпадае каля 48% гадавога сцёку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УША́ЦКАЯ ГРУ́ПА АЗЁР Ва Ушацкім, Полацкім і Лепельскім р-нах Віцебскай вобл., у бас.р. Тураўлянка. Уключае больш за 60 азёр агульнай пл. больш за 75 км². Найбольшыя: Чарсцвяцкае, Павульскае, Атолава, Паўазер’е, Янова, Бярозаўскае, Крывое, Гамель. Вадазбор 803 км², пераважна разараны, прадстаўлены комплексам ледавіковых і водна-ледавіковых форм рэльефу. Спалучэнне розных тыпаў азёрных катлавін, озавых град, якія іх акружаюць, і камавых узвышшаў, часта парослых лесам, стварае маляўнічы ландшафт. Азёры злучаны невял. шматлікімі рэкамі, ручаямі, канавамі, праз шэраг азёр цячэ р. Дзіва. З пабудовай плаціны перад воз. Гомель узровень У.г.а. зарэгуляваны. У некат. азёрах вугры, ракі. Па берагах азёр выяўлены стаянкі першабытнага чалавека Месца адпачынку і турызму. Воз. Крывое (эталон чыстых мезатрофных вадаёмаў) — азёрны заказнік.