КРЫТЫ́ЧНЫ РАЦЫЯНАЛІ́ЗМ,

філасофскі кірунак, прадстаўнікі якога даюць рацыянальнае тлумачэнне ведаў, навук. тэорый, сац. ідэй і ін-таў на аснове іх крытыкі і ўдасканалення. Узнік у 1920—30-я г. ў Зах. Еўропе і ЗША. Асн. яго прынцыпы сфармуляваў К.Р.Попер; гал. прадстаўнікі Г.​Альберт (ФРГ), Т.​Кун, І.Лакатас, Дж.​Уоткінс (Вялікабрытанія), П.Феерабенд. У філасофіі і метадалогіі навук. пазнання К.р. адмаўляе такія яе кірункі і вучэнні, як неапазітывісцкі эмпірызм, фенаменалізм, інструменталізм, і выступае як адна з форм постпазітывізму. Непасрэднымі папярэднікамі і апанентамі К.р. былі лагічныя эмпірысты, з якімі ён разыходзіцца толькі ў пытанні аб крытэрыях дэмаркацыі, г.зн. адмежавання ад псеўданавукі, метафізікі і ідэалогіі, якія не валодаюць прыроджаным імунітэтам супраць уплыву ірацыяналізму. Паводле К.​Р.​Попера, метадам такой дэмаркацыі і вызначэння навук. крытэрыя ведаў з’яўляецца не верыфікацыя (супастаўленне з пачуццёвымі данымі), а фальсіфікацыя, г.зн. устанаўленне памылковасці тэорыі ў выніку эксперым. або тэарэт. праверкі; любыя навук. веды, тэорыі носяць толькі гіпатэтычны, умоўны характар і не пазбаўлены памылак (прынцып фалібалізму). Кун зыходзіць з уяўлення аб навуцы як супольнасці вучоных-прафесіяналаў, якія ствараюць канкрэтныя тэорыі, канцэптуальныя мадэлі і каштоўнасці на аснове адзінага стылю мыслення, прызнання пэўных фундаментальных тэорый і метадаў даследавання, якія ён назваў парадыгмамі, для пераходу ад старой да новай парадыгмы патрэбны не чыста рацыянальныя доказы, а перакананне і вера. Лакатос лічыць асновай рацыянальнага пазнання н.-д. праграмы, кожная з іх мае некалькі тэорый і дапаможных гіпотэз і ставіць за мэту вырашэнне канкрэтных пазнавальных праблем. Феерабенд абгрунтаваў метадалагічны прынцып праліферацыі (размнажэння) тэорый, паводле якога кожны вучоны можа вынаходзіць і распрацоўваць свае ўласныя тэорыі, і яго дзейнасць не падпарадкавана ніякім рацыянальным нормам. У рамках К.р. Альберт, У.​Бартлі і інш. лічылі неабходным замяніць класічны крытэрый фальсіфікацыі Попера крытэрыем універсальнай крытыкі і адмаўлення абс. ісціны (панкрытычны рацыяналізм). У процівагу індуктывізму К.р. прапанаваў гіпатэтыка-дэдуктыўны метад навук. даследавання, у якім пераважнае значэнне маюць рацыянальна канструяваныя схемы тлумачэння эмпірычных даных. У сац. сферы прыхільнікі К.р. лічылі ўзорам дэмакр. ўладкавання грамадства ідэальную мадэль навукі — «адкрытую супольнасць» непрадузятых вучоных-даследчыкаў, а сродкамі вырашэння канкрэтных праблем — ажыццяўленне рацыянальных праектаў вытв., культ., паліт. развіцця, выпраўленне сац. дэфектаў, далейшую гуманізацыю ўсіх сфер грамадскага жыцця.

Літ.:

Кун Т. Структура научных революций: Пер. с англ. 2 изд. М., 1977;

«Критический рационализм»: Философия и политика. М., 1981;

Поппер К. Логика и рост научного знания: Избр. работы: Пер. с англ. М., 1983;

Современная западная философия: Словарь. М., 1991.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 8, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРСПЕКТЫ́ВА ў мастацтве,

метад адлюстравання на плоскасці аб’ёмных цел, іх уласнай прасторавай структуры і месцазнаходжання ў прасторы; адзін з асн. элементаў пабудовы кампазіцыі ў творах фігуратыўнага мастацтва. У залежнасці ад маст. стылю і прынятай у пэўную эпоху сістэмы прасторавага бачання, мэты аўтара твора прымалі розныя формы, якія выкарыстоўваюцца і для ўласна арганізацыі прасторы адпаведна зрокаваму ўспрыняццю прадметаў чалавекам, і для выяўлення канцэпцыі светабудовы, узмацнення эмац.-псіхал. ўздзеяння твора, надання выяве ролі сімвала і інш. Выкарыстоўваецца таксама ў арх. праектаванні, чарцяжах будынкаў і комплексаў і інш.

Узнікненню паняцця П. папярэднічалі ўмоўна-сімвалічныя схемы і прыёмы ў мастацтве першабытнасці і Стараж. Усходу, сродкамі якіх характарызавалі ўзаемнае размяшчэнне прадметаў (ярусная кампазіцыя, спалучэнне франтальных і профільных відаў з планамі, маштабныя кантрасты і інш.). У ант. мастацтве пераважалі перспектыўныя пабудовы кампазіцыі. заснаваныя на метадзе праекцыі прасторавых аб’ектаў на пэўную плоскасць з дапамогай размешчаных на адной цэнтр. восі паралельных ліній, якія маюць некалькі пунктаў сыходжання (т.зв. рыбіна косць; у некат. рым. размалёўках выкарыстоўваўся і адзін цэнтр праекцыі). У эпоху сярэднявечча падпарадкаванасць мастацтва рэліг. канонам абумовіла ўзнікненне адваротнай П., якая складалася з некалькіх ізаляваных перспектыўных пучкоў, звернутых вяршыняй не ў глыбіню адлюстроўваемай прасторы, а да гледача, які нібыта знаходзіцца ў розных месцах перад выявай; пры спалучэнні гэтых фрагментаў ствараецца ўражанне ірэальнай прасторы, а павелічэнне памераў асобных аб’ектаў па меры іх аддалення надае выяве сімвалічны сэнс. Паралельна з гэтымі сістэмамі існавала назіральная П. (эмпірычныя навыкі адлюстравання прасторы «на вока», без узгаднення з тэорыяй і канонамі). У мастацтве краін Д. Усходу зрокавыя і практычныя навыкі перадачы прасторы стварылі сістэму паветранай П., якая будавалася праз паслядоўнае памяншэнне выразнасці аддаленых аб’ектаў і змяненне іх колеру ў спалучэнні з выбарам вельмі высокага пункта гледжання («з птушынага палёту») і паралельнай П. (паралельныя лініі не перасякаюцца ў полі зроку). У Еўропе прынцыпы паветр. П. абгрунтаваў і выкарыстоўваў у 15—16 ст. Леанарда да Вінчы, у 19 ст. — імпрэсіяністы. У эпоху Протарэнесанса і Адраджэння выпрацавана і матэматычна абгрунтавана сістэма лінейнай (прамой. навуковай) П., у аснову якой пакладзены метад цэнтр. праекцыі. Лінейная П. лічыцца класічнай, яе асн. прынцыпы найб. пашыраны ў мастацтве 16—20 ст. У канцы 19—20 ст. вырасла цікавасць і да інш. сістэм П., выпрацаваны складаныя метады пабудовы П. на ўнутр. паверхнях цыліндра (панарамная П.), сферы (купальная П.), на плафонах і інш. Правілы П. — адна з асноў методыкі маст. творчасці і адукацыі.

Літ.:

Барышников А.П. Перспектива. 4 изд. М., 1955;

Успенский Б.А. Поэтика композиции. М., 1970;

Раушенбах Б.В. Пространственные построения в живописи. М., 1980.

Лінейная перспектыва.

т. 12, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКРЫПТО́РЫЙ (позналац. scriptorium ад лац. scriptor перапісчык, пісец),

сярэдневяковая майстэрня па вырабе рукапісных кніг. У 6—15 ст. С. былі пашыраны ў Еўропе. Стваральнікам першага еўрап. С. (540-я г.) лічыцца гісторык остготаў Касіядор. У канцы 6—7 ст. С. ствараліся па ўсёй Еўропе (Верона, Ліён, Санкт-Гален, Кёльн, Фульда, Сен-Марцыял, Корбі і інш.), у якіх пазней выпрацаваліся асн. тыпы сярэдневяковага пісьма. Найб. вядомасцю пры Карле Вялікім карыстаўся С. Турскага манастыра св. Марціна. У 9 ст. некалькі С. меў манастыр бенедыкцінцаў у Клюні (Бургундыя), рукапісы якіх вызначаліся выразнасцю пісьма, вельмі чорным чарнілам і своеасаблівай арнаментыкай. З канца 12 ст. С. сталі выцясняцца гар. цэхавымі майстэрнямі, якія працавалі на заказ і на рынак. С. заняпалі са з’яўленнем кнігадрукавання. У С. існаваў падзел працы: з узорнага арыгінала спісвалі перапісчыкі, аздобу выконвалі ілюмінатары, часта пры С. працавалі пераплётныя майстэрні. На землях ВКЛ існавалі мітрапаліцкі, дзяржаўны, манастырскія і прыватныя С. Першыя С. вядомы ў 14—15 ст. у правасл. манастырах і пры двары кіеўскіх мітрапалітаў (да іх прадукцыі можна аднесці Евангелле-апракас сярэдзіны 14 ст. і Лаўрышаўскае евангелле пач. 14 ст.). Мітрапаліцкі С. упамінаецца дыяканам Якімцом пад 1512 пры саборнай царкве Барыса і Глеба ў Навагрудку. З развіццём дзяржавы развіўся ін-т Дзярж. канцылярыі ВКЛ, якой кіраваў канцлер. Яму і яго намесніку (падканцлеру) падпарадкоўваліся лац. і рус. пісары. Пісару падпарадкоўваліся дзякі, якія вялі справаводства, перапісвалі акты, тыражавалі неабходныя для дзяржавы кнігі. Асн. прадукцыя, якая выходзіла са С. велікакняжацкай канцылярыі, былі спісы Статутаў, хаця шэраг прафес. пісцоў мог спісаць любыя кнігі на заказ. У 15 ст. існаваў С. пад пратэкцыяй кн. Алелькавічаў у Слуцкім Траецкім манастыры. Адна з кніг, перапісаная ў ім, захавалася да нашага часу. Значным цэнтрам вырабу кніг быў Смаленск. Пры смаленскім епіскапе Іосіфе Солтане створаны ілюмінаваны спіс Радзівілаўскага летапісу. У 1495 у Смаленску перапісаны Аўрамкі летапіс з рыфмаваным панегірыкам Вітаўту (гл. «Пахвала Вітаўту»), Найб. вядомыя манастырскія С.: Полацкі, Куцеінскі, Чарэйскі, Лешчанскі, Супрасльскі. У ВКЛ рукапісныя кнігі выраблялі амаль у кожным каталіцкім кляштары. Часта кнігапісанне бралі пад сваю апеку прыватныя асобы, найчасцей буйныя магнаты. Найбольшы з прыватных С. дзейнічаў у канцы 15—1-й пал. 16 ст. ў двары Солтанаў у прадмесці Вільні — Шышкінях (зараз у межах горада). Радзівілы і інш. бел. магнаты таксама мелі свае канцылярыі са штатам канцылярыстаў-кнігапісцаў.

Літ.:

Киселева Л.И. О чем рассказывают средневековые рукописи. Л., 1978;

Нікалаеў М Палата кнігапісная: Рукапісная кніга на Беларусі ў X—XVIII стст. Мн., 1993.

М.​В.​Нікалаеў.

т. 14, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАТЭМІ́ЗМ,

комплекс вераванняў і абрадаў у абшчынна-родавым грамадстве, звязаны з уяўленнем пра роднасць паміж групай людзей (родам, фратрыяй) і татэмам. Сярод татэмаў пераважалі жывёлы, што абумоўлена пераважаннем паляўніцтва ў абшчынна-родавым грамадстве. Татэмаў паважалі, часам абагаўлялі, не прычынялі ім шкоды (іх нельга было забіваць, есці іх мяса дазвалялася толькі ў час татэмных свят), імкнуліся іх аберагаць, спрыяць павелічэнню іх колькасці. Кожная татэмная група насіла імя свайго татэма, а яе члены мелі спец. татэмічныя эмблемы (камень, дошчачка); існавала забарона на заключэнне шлюбаў унутры татэмных груп. Дзеля «задобрывання» татэма-жывёлы і павелічэння яго колькасці людзі выконвалі спец. магічныя абрады, песні-заклінанні, татэмічныя танцы, у якіх звычайна імітаваліся паводзіны татэмаў.

Класічны Т. зафіксаваны ў Аўстраліі. Існуе некалькі канцэпцый узнікнення Т.: боязь жывёл (найперш драпежных); адчуванне сваёй натуральнай еднасці з жывёламі і раслінамі; вера ў існаванне свяшчэнных (сакральных) прыродных сіл і з’яў. У некат. народаў Амерыкі, Азіі, Афрыкі, Акіяніі рэшткі Т. захаваліся да нашага часу. Яны выяўляюцца ў разнастайных формах: выявах татэмічных істот на сценах дамоў і на дэталях адзення; звычаях урачыстага пахавання памерлых татэмаў; выкарыстанні ў якасці абярэгаў асобных частак цела татэмных жывёл (зубы, скура, галава, пер’е, косці); клятва на частках цела татэмных жывёл; звычай пераапранання ў скуру жывёл у час свят, рытуальныя татэмічныя танцы; легенды, паданні, казкі пра паходжанне роду ад пэўнага татэма.

У беларусаў захаваліся нар. легенды і паданні, прыкметы і павер’і, у якіх адзначаюцца рэшткі стараж. Т. У асобных бел. фальклорных творах распавядаецца, што людзі часам ператвараліся ў мядзведзяў, буслоў, ваўкоў. Праявамі Т. з’яўляюцца наступныя вызначэнні асобных жывёл: мядзведзя наз. «продкам», «апекуном», бусла — «братам» і г.д. У бел. фальклоры найчасцей сустракаюцца звесткі пра мядзведзя, які быў найб. паважанай жывёлінай. Ён лічыўся адным з самых магутных звяроў у лесе (таму яго баяліся і імкнуліся задобрыць), а таксама шмат у чым нагадваў самога чалавека (напр., мог хадзіць на задніх лапах, любіў есці мёд, гарохавую кашу, кісель). На Беларусі працяглы час захоўвалася свята татэмнага паходжання камаедзіца. У бел. фальклоры сустракаюцца павер’і, паводле якіх, напр., калі мядзведзь пройдзе каля «зачараванай» хаты, то можа адвесці няшчасці, і інш. Карані Т. і ў звычаі пераапранання ў скуру мядзведзя ў час нар. свят (напр., Каляд).

Літ.:

Богданович А.Е. Пережитки древнего миросозерцания у белорусов. Мн., 1995 [рэпр. выд.: Гродно, 1895];

Арсеньев В.Р. Звери—боги—люди. М., 1991;

Ненадавец А.М. Святло таямнічага вогнішча. Мн., 1993;

Волошина Т.А., Астапов С.Н. Языческая мифология славян. Ростов н/Д, 1996;

Соколова З.П. Животные в религиях. СПб., 1998.

Э.​С.​Дубянецкі.

т. 15, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЗІЯЛО́ГІЯ (ад грэч. physis прырода + ...логія),

навука, што вывучае працэсы жыццядзейнасці (функцыі) асобных сістэм, органаў, тканак, клетак жывёльных і расл. арганізмаў.

Ф. жывёл і чалавека падзяляюць на некалькі дысцыплін. Агульная Ф. даследуе прыроду працэсаў, агульных для арганізмаў розных відаў (напр., дзейнасць узбуджальных тканак, іх раздражняльнасць, узбуджэнне), а таксама агульныя заканамернасці рэакцыі арганізма і яго структур на ўздзеянне знешняга асяроддзя. Прадмет даследавання прыватнай спец. Ф. — вывучэнне асобных класаў і груп (напр., с.-г. жывёл, птушак), органаў або сістэм, функцыян. асаблівасцей арганізма ў спецыфічных умовах жыццядзейнасці і інш. Паталагічная Ф. вывучае заканамернасці развіцця і ход паталаг. працэсаў у арганізме. Ф. звязана з анатоміяй, гісталогіяй, цыталогіяй, эмбрыялогіяй, агульнай біялогіяй, біяхіміяй, біяфізікай і біёнікай, эталогіяй, псіхалогіяй, педагогікай, ветэрынарыяй і інш.

Як навука Ф. жывёл і чалавека ўзнікла ў 17 ст. (працы У.Гарвея, 1628). Асн. этапы: 17—18 ст. — адкрыццё рэфлекторнага прынцыпу дзейнасці арганізма (Р.Дэкарт), вывучэнне механізма дыхальных рухаў і прынцыпаў руху крыві (Дж.​Барэлі), аналіз праменепраламлення вочных абалонак (К.​Шэйнер), уяўленне хім. сутнасці працэсаў дыхання (А.Л.Лавуазье) і стрававання (Р.А.Рэамюр, Л.​Спаланцані), адкрыццё біяэлектрычных з’яў (Д.Гальвані) У 19 ст. для развіцця Ф. вял. значэнне мелі адкрыцці ў арган. хіміі, клетачная і эвалюц. тэорыі, дасягненні ў фізіцы. Найб. дасягненні: устанаўленне нерв. механізма рэгуляцыі функцый унутр. органаў, стварэнне рэфлекторнай тэорыі нерв. дзейнасці (К.Бернар, І.​М.​Сечанаў, Ф.​Мажандзі і інш.); даследаванні механізмаў сакрэцыі, усмоктвання, выдзялення (Р.​Гейдэнгайн); распрацоўка асноў тэорыі зроку, слыху (Г.Л.Ф.Гельмольц) адкрыццё ўмоўных рэфлексаў і распрацоўка вучэння аб вышэйшай нерв. дзейнасці (І.П.Паўлаў). У 20 ст. створана вучэнне аб вегетатыўнай нерв. сістэме (Дж.​Ленглі), сфармулявана ўяўленне пра гамеастаз (У.​Кенан), даследавана адаптацыйна-трафічная функцыя сімпатычнай нерв. сістэмы (Л.А.Арбелі), створана вучэнне пра дамінанту (А.А.Ухтомскі), вызначаны асн. прынцыпы інтэгратыўнай функцыі мозга (Ч.С.Шэрынгтан).

На Беларусі даследаванні па Ф. жывёл і чалавека пачаліся ў 1922 у БДУ (Л.П.Розанаў). Асн. навук. цэнтры: Ін-т фізіялогіі Нац. АН Беларусі, БДУ, Мінскі і Віцебскі мед. ун-ты, Гродзенскі мед. ін-т, Гомельскі ун-т. Вял. ўклад у развіццё Ф. зрабілі М.І.Арынчын, А.Ю.Бранавіцкі, І.А.Булыгін, І.А.Вятохін, М.І.Грашчанкоў, В.М.Гурын, А.С.Дзмітрыеў, І.К.Жмакін, А.П.Кесарава, У.М.Калюноў, А.А.Логінаў, У.У.Салтанаў, Г.С.Юньеў і інш. Даследуюцца цэнтр. і перыферычныя механізмы тэрмарэгуляцыі, заканамернасці дзейнасці вегетатыўнай нерв. сістэмы ў норме і ва ўмовах экстрэмальных фактараў навакольнага асяроддзя і інш.

Літ.:

Шмидт-Ниельсен К. Физиология животных: Приспособление и среда: Пер. с англ. Кн. 1—2. М., 1982;

Очерки истории физиологических наук в СССР: Истоки и особенности развития. Л., 1984;

Основы физиологии человека. Т. 1—2. СПб., 1994.

У.​У.​Салтанаў.

т. 16, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЭ́РВЕНЬСКАЕ НАСТУПЛЕ́ННЕ 1917,

наступальная аперацыя рас. войск на Паўд.-Зах. фронце (каманд. ген. А.​Я.​Гутар) 29.6—13.7.1917 у 1-ю сусв. вайну; састаўная частка летняга наступлення рас. арміі. Распачата Часовым урадам па просьбе саюзнікаў (Вялікабрытаніі, Францыі, ЗША) актывізаваць ваен. дзеянні супраць герм. і аўстра-венг. войск. 29 чэрв. артылерыя пачала падрыхтоўку атакі. 1 ліп. з раёнаў Золачаў — Беражаны ў наступленне пайшлі 11-я і 7-я рас. арміі ў напрамку на г. Львоў. Нягледзячы на перавагу ў сілах і сродках, наступленне 3 ліп. было спынена, 6 ліп. ў атаку перайшла 8-я армія (каманд. ген. Л.Г.Карнілаў), якая наносіла ўдар на ўчастку Галіч—Станіслаў (цяпер г. Івана-Франкоўск) у напрамку Калуш, Балехаў. Прарваўшы фронт праціўніка, 8-я армія захапіла больш за 7 тыс. палонных і 48 гармат, заняла гарады Галіч і Калуш, да 11 ліп. выйшла на рубеж р. Ломніца. Але 19 ліп. аўстра-герм. войскі, атрымаўшы падмацаванне (з Зах. фронту перакінута некалькі дывізій), з раёнаў Золачаў і Памаржаны нанеслі контрудар у напрамку г. Цярнопаль, прарвалі фронт 11-й арміі, што прымусіла 7-ю і 8-ю арміі таксама. пачаць адыход на У. 21 ліп. камандаваць фронтам замест Гутара прызначаны Карнілаў. 28 ліп. рас. войскі замацаваліся на лініі Броды—Збараж — р. Збруч, значна адышоўшы на У ад рубяжа, які займалі да пачатку наступлення. Адзіным планам з Ч.н. былі звязаны наступленне на Рум. фронце і дапаможныя ўдары на Паўн. і Зах. франтах. Паспяховае наступленне 2-й рум. і 4-й рас. армій Рум. фронту (пачалося 22 ліп.) было прыпынена па загадзе вярх. галоўнакамандуючага А.Ф.Керанскага (21 ліп.). Наступленне 5-й арміі Зах. фронту (22 ліп.) з раёна Маладзечна ў напрамку Вільні і Паўн. фронту (23 ліп.) з раёна Якабштата (Екабпілса) у напрамку Коўна (Каўнаса) поспеху не мела. У выніку праціўнік заняў Галіцыю, герм. дэсант у верасні акупіраваў а-вы Эзель і Даго ў Рыжскім заліве. Агульныя страты рас. войск на ўсіх франтах склалі больш за 150 тыс. чал. забітымі, параненымі і прапаўшымі без весткі. Ч.н. адцягнула на Усх. (рас.) фронт 13 герм. і 3 аўстр. дывізіі з Зах. (саюзніцкага) фронту. Правал Ч.н. выклікаў абурэнне рас. грамадскасці, што прывяло да Ліпеньскага крызісу 1917.

Літ.:

История первой мировой войны, 1914—1918. Т. 2. М., 1975;

Ростунов И.И. Русский фронт первой мировой войны. М., 1976;

Строков А.А. Вооруженные силы и военное искусство в первой мировой войне. М., 1974;

История войн. Т. 2. Ростов н/Д;

М., 1997.

В.​А.​Юшкевіч.

т. 17, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́ДЗЕРНАЯ ТЭ́ХНІКА,

галіна тэхнікі, якая займаецца атрыманнем ядзернай энергіі і выкарыстаннем яе ў розных галінах нар. гаспадаркі. Асн. прызначэнне — атрыманне вял. колькасці энергіі ў адносна невял. аб’ёме ў выніку рэакцыі дзялення атамаў цяжкіх элементаў (у асн. урану, плутонію, торыю). Навук. аснова — ядзерная фізіка.

Я.т. ўзнікла ў пач. 20 ст. як тэхніка ядзерна-фіз. эксперыментаў. У сярэдзіне 20 ст. пачала выкарыстоўвацца ў ваен. справе, на транспарце, у энергетыцы. Адрозніваюць Я.т. грамадзянскага (мірнага) і ваен. прызначэння. У грамадз. Я.т. энергія вылучаецца ў кіравальным ядз. устройстве — ядзерным рэактары, у ваен. — у некіравальным ядзерным выбуху атамнай бомбы, снарада і інш. (гл. Ядзерная зброя). Я.т. аб’ядноўвае: метады і сродкі разведкі, здабычы. раздзялення ізатопаў, атрымання ядзернага паліва для ядз. рэактараў; абагачэнне ядзернага паліва; рэактарабудаванне; захоўванне адпрацаванага ядз. паліва і яго хім. перапрацоўку, захоўванне і пахаванне радыеактыўных адходаў; сродкі транспарціроўкі свежага і адпрацаванага ядз. паліва; тэхналогію атрымання новых канструкцыйных і падзельных матэрыялаў, здольных працяглы час працаваць у розных асяроддзях пад уздзеяннем патокаў хуткіх і цеплавых нейтронаў; метады і сродкі аховы персаналу ад выпрамянення. З Я.т. цесна звязаны стварэнне надзейных сістэм аўтам. рэгулявання і кіравання рэактарамі і ядз. сілавымі ўстаноўкамі, распрацоўка рацыянальных сістэм адводу і выкарыстання цяпла, што выдзяляецца ў рэактары. тэорыі і метадаў разліку ядз.-фіз. і цеплавых працэсаў і інш. навукова-тэхн. праблем.

На Беларусі Я.т. пачала развівацца з 1958 (прынята рашэнне Прэзідыума АН БССР пра буд-ва атамнага рэактара ІРТ-2000 цеплавой магутнасцю 2000 кВт). Рэактар запушчаны ў 1962 г. На ім вяліся даследаванні па ядз. фізіцы, радыяцыйнай хіміі, фізіцы цвёрдага цела, біялогіі і інш. У 1968 запушчана шматкамерная універсальная гама-ўстаноўка на 420 тыс. грам-эквіваленту радыю (УГУ-420). Работы па Я.т. і падрыхтоўцы спецыялістаў у гэтай галіне вяліся ў асн. у створаным у 1965 Ін-це ядз. энергетыкі і Ін-це фізікі АН Беларусі, БДУ. У гэты перыяд праведзены даследаванні па выкарыстанні дысацыіруючага цепланосьбіта для ахаладжэння атамнага рэактара і як рабочага цела. У 1985 пачаты выпрабаванні першай у свеце перасоўнай АЭС з рэактарам, які ахаладжаецца чатырохвокісам азоту (ПАЭС «Памір»). У 1995 уведзены ў эксплуатацыю найб. ў Еўропе нейтронны генератар НГ-12-1 з патокам 10​12c​−1. Ёсць некалькі гама-ўстановак і паскаральнікаў электронаў рознага прызначэння.

Літ.:

Петросьянц А.М. Атомная наука и техника — народному хозяйству. М., 1981;

Кащеев В.П., Левадный В.А. Атомная энергия: Прошлое, настоящее и будущее. Мн., 1984.

В.​Ц.​Казазян.

т. 18, кн. 1, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯНЧУ́К Мікалай Андрэевіч (29.11.1859, в. Карніца Люблінскага ваяводства, Польшча — 6.12.1921),

бел., украінскі і расійскі вучоны-славіст, пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1885). Працаваў настаўнікам, з 1892 пам. бібліятэкара Румянцаўскага музея, хавальнік Дашкаўскага этнагр. музея ў Маскве. У 1889—1903 сакратар аддз. этнаграфіі Т-ва аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі пры Маскоўскім ун-це, з 1901 стваральнік і кіраўнік Музычна-этнаграфічнай камісіі пры ім. Адзін з заснавальнікаў час. «Этнографическое обозрение», дзе друкавалася шмат бел. матэрыялаў. Пасля 1917 чытаў курс бел. і ўкр. л-р у Маскоўскім ун-це, удзельнічаў у рабоце камісіі па арганізацыі Бел. ун-та, у 1921 праф. кафедры бел. л-ры і этнаграфіі БДУ. У 1918—21 чл. Беларускага навукова-культурнага таварыства ў Маскве, супрацоўнічаў з Беларускім нацыянальным камісарыятам і Беларускім пададдзелам аддзела асветы нацыянальных меншасцей Народнага камісарыята асветы РСФСР. Вывучаў побыт і нар. творчасць усх. славян. Даследаваў бел., літ., польскі, рус., укр. муз. фальклор. Матэрыялы экспедыцыі ў Мінскую губ. (у 1886) друкаваў у газ. «Минский вестник» (1886—87) і навук. выданнях. Склаў «Праграму для збірання этнаграфічных звестак» (1887, з М.​Харузіным). Збіраў, даследаваў і апрацоўваў бел. муз. фальклор. Аўтар муз.-фалькларыстычных прац «Маларускае вяселле ў Карніцкай парафіі Канстанцінаўскага павета Сядлецкай губерні» (1886), «Па Мінскай губерні» (1889), працы па антрапалогіі «Некаторыя дадзеныя да пытання аб антрапалагічным тыпе беларусаў» (1890), апрацовак нар. песень, рэдактар муз.-фалькл. зб-каў. У літ.-знаўчых працах «Некалькі слоў пра навейшую беларускую літаратуру» (1912), «Навейшая беларуская літаратура і яе дзеячы» (1920), «Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры. Старадаўні перыяд» (1922) распрацоўваў пытанні перыядызацыі, жанравага развіцця, аналізаваў творчасць асобных пісьменнікаў. Рэдактар «Нарысаў беларускай літаратуры» (вып. 1, М., 1920). Літ. творы пісаў на рус. мове і палескай гаворцы. У свае п’есы ўводзіў муз. нумары з нар. песень. Аўтар п’ес «Выхаванне», «Піліп-музыка» (нап. 1887, пастаўлены ўкр. трупамі ў 1887—1922, у 1888 у Мінску трупай М.​Старыцкага), «Не памогуць і чары, як хто каму не да пары», вершаў на палескай гаворцы. Удзельнічаў у складанні, перакладзе, рэдагаванні і выданні першай кн. Я.​Купалы на рус. мове «Выбраныя вершы ў перакладах рускіх паэтаў» (1919). Прысвяціў Я.​Купалу верш на палескай гаворцы «Янкові Купалі» (нап. 1918, апубл. 1981). Аўтар музыкі да песень на вершы Я.​Купалы «Нашай ніве», «Не пагаснуць зоркі ў небе».

Літ.:

Бандарчык В.К. Гісторыя беларускай этнаграфіі XIX ст. Мн., 1964;

Петровская Г.А. Не погасла звезда: Жизнен. и творч. путь Н.​А.​Янчука. Мн., 1987.

В.​У.​Скалабан, М.​М.​Шаляговіч.

М.А.Янчук.

т. 18, кн. 1, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІБЛІЯТЭКІ

Першыя бібліятэкі на Беларусі пачалі складвацца пры цэрквах з 11 ст. Сярод найб. старажытных бібліятэка Полацкага Сафійскага сабора. Абавязковы набор богаслужэбных кніг у праваслаўнай царкве вызначаў статут, альбо тыпікон (у 11—13 ст. Тыпікон Вялікай Царквы, для манастыроў — Студыйскі статут; з 14 ст. — Іерусалімскі статут, які з некаторымі зменамі існуе і сёння). У царкоўных бібліятэках захоўваліся і кнігі свецкага зместу. У 18—19 ст. царк. кнігазбор у сярэднім складаўся з 10—30 кнігадрукаў і рукапісаў, бедныя храмы часам мелі толькі 1—2 кнігі. Асноўны масіў кніг захоўваўся ў манастырскіх (кляштарных) бібліятэках. Напр., у 1494 бібліятэка Слуцкага Троіцкага манастыра налічвала 45 кніг, у 1557 Супрасльскага манастыра — 211 кніг, Пінскага Лешчанскага манастыра — 34 кнігі. У канцы 16—18 ст. склалася сістэма бібліятэк ордэна базыльян Дзейнасць базыльянскіх бібліятэк (да пач. 19 ст. іх налічвалася больш за 60) рэгламентаваў статут, складзены ў 1617 мітрапалітам Вельямінам Руцкім. Пасада бібліятэкара (ён жа і архіварыус) давяралася спец. манаху (хартафілаксу), які адказваў за захаванасць фонду і прысягаў, што не будзе кнігі ні прадаваць, ні закладаць, ні пазычаць. Адзін з пунктаў статута патрабаваў, каб бібліятэкар пільна сачыў за тым, якіх кніг бракуе ў кнігазборы і прымаў захады па іх камплектаванні. Абавязкова вёўся каталог з пазначэннем месца кнігі на паліцы (шыфру); расстаноўка фонду была тэматычная, а ў кожным тэматычным раздзеле — фарматная (вылучалі 4 фарматы). Цэнтральныя бібліятэкі базыльян былі ў Віленскім Святатраецкім, Жыровіцкім і Супрасльскім манастырах. Кожная з іх налічвала некалькі тысяч кніг, а таксама нот, карт, эстампаў Невялікія бібліятэкі практычна мелі ўсе базыльянскія манастыры. Паводле вопісаў маёмасці 1822—24, у Селіцкім манастыры (Рэчыцкі пав.) былі 102 тамы, Сухавіцкім (Рэчыцкі пав.) — 103 тамы, Мірскім, Дараўскім і Лаўрышаўскім (усе Навагрудскі пав.) — адпаведна 34, 207 і 600 тамоў.

Вял. кнігазборы мелі каталіцкія кляштары: кармелітаў у Глыбокім, дамініканцаў у Гродне і Шклове, піяраў ’у Шчучыне і Драгічыне, бернардзінцаў у Слоніме, аўгусцінцаў і трынітарыяў у Брэсце. Найб. значныя пратэстанцкія бібліятэкі былі ў Слуцкай кальвінісцкай калегіі і ў Смаргонскім зборы, якому ахвяраваў у 1611 свае кнігі староста чарэйскі і прапойскі К.​Зяновіч. З 16 ст. існуюць бібліятэкі навуч. устаноў. Найбольшай з іх была бібліятэка Віленскай акадэміі (цяпер навуковая бібліятэка Вільнюскага ун-та), больш за 40 тыс. кнігадрукаў захоўвала бібліятэка Полацкай езуіцкай акадэміі. У 18 ст. існавалі бібліятэкі езуіцкіх, базыльянскіх і піярскіх вучылішчаў і калегіумаў у Гродне, Брэсце, Мінску, Слуцку, Навагрудку, Бабруйску, Мазыры, Пінску, Паставах, Халопенічах і інш. У 18—19 ст. бібліятэкі мелі гімназіі, Горы-Горацкі с.-г. інстытут. У Віленскай навуч. акрузе ў 1894 меліся 733 бібліятэкі пры нар. вучылішчах.

Першыя пісьмовыя звесткі аб прыватных бібліятэках на Беларусі датуюцца канцом 15 — пач. 16 ст. Вядома бібліятэка навагрудскага ваяводы, канцлера ВКЛ А.​Гаштольда, які заказваў кнігі перапісчыкам (напр., Мацею з Драгічына ў Кракаве), меў кнігі лац., польскія і чэшскія, а найб. кірылічных. Самымі вял. прыватнымі бібліятэкамі 16—18 ст. былі б-ка Жыгімонта II Аўгуста, б-кі Радзівілаў, Сапегаў, Храптовічаў, Солтанаў, слуцкіх князёў Алелькавічаў і інш. У 16—18 ст. склалася некалькі вял. прыватных бібліятэк духавенства: мітрапалітаў Габрыэля Каляды (Календы), Фларыяна Грабніцкага, Ясона Смагаржэўскага, віленскага біскупа Валерыяна Пратасевіча (ахвяравана Віленскаму ун-ту), архіепіскапа тураўскага і пінскага Грыгорыя [рэестр яго б-кі (51 славянская і 39 лац. кніг) склаў у 1631 Сільвестр Каглоба]. Меншымі былі кнігазборы гараджан і ніжэйшага духавенства — берасцейскага мешчаніна Гурына Фёдаравіча (1624), віленскага бурмістра Сцяпана Лябедзіча (1649). Некалькі рукапісных і друкаваных кніг упамінаецца ў тастаменце святара Юр’еўскай царквы ў Вільні Георгія (1522). У 19 — пач. 20 ст. павялічваецца колькасць прыватных бібліятэк інтэлігенцыі, у т. л. Ашторпаў у Дукоры (Ігуменскі пав.), Беніслаўскіх у Быхаве, Валіцкіх у Азёрах (Гродзенскі пав.; канфіскавана ў 1864, цяпер у Цэнтр. б-цы АН Літвы), Магілёўскага архіепіскапа Варлаама (Шышацкага; у 1820 перайшла ў б-ку Пецярбургскай духоўнай акадэміі), Мікалая Вольскага ў Кошках (каля Беластока), дырэктара Магілёўскай псіхіятрычнай бальніцы П.​Т.​Віктарава (8 тыс. тамоў; у 1910 падаравана Маскоўскаму нар. ун-ту імя Шаняўскага), ксяндза Геніюша ў Луніне Пінскага пав. (захоўваў рэшткі кнігазбору картэзіянскага кляштара ў Бярозе; пасля яго смерці распрададзены), П.​М.​Гаховіча ў Тураве, І.​Х.​Каладзеева ў Нова-Барысаве (больш за 10 тыс. кніг, лістовак і інш. друкаваных матэрыялаў пра вайну 1812), Масальскіх у Белічанах, Слізняў у Мсціжы Барысаўскага пав., Г.​Х.​Татура ў Мінску, А.​Трамбіцкага ў Лінове Пружанскага пав. (уключала кнігазбор славіста М.​Баброўскага; у 1861 куплена для б-кі ардынацыі Замойскіх, згарэла ў час 2-й сусв. вайны ў Варшаве), Тышкевічаў у Лагойску, Т.​С.​Урублеўскага ў Вільні (уключала збор І.​Наргелевіча з Навагрудскага пав.; зараз у Цэнтр. б-цы АН Літвы), Б.​І.​Эпімах-Шыпілы ў Пецярбургу, Юндзілаў у Івацэвічах і інш.

У 19 — пач. 20 ст. ў гарадах Беларусі ствараліся першыя публічныя бібліятэкі ў Гродне (1830, 1863), Магілёве (1833, 1861), Мінску (1845, 1900), Віцебску (1857) і інш. Найбольшай публічнай б-кай у краі была Віленская. На сродкі выдаўца Ф.​Ф.​Паўленкава ствараліся паўленкаўскія бібліятэкі, у т. л. Астрамечаўская бібліятэка імя Ф.​Ф.​Паўленкава. У 1913 на Беларусі дзейнічала 851 масавая бібліятэка з кніжным фондам 423 тыс. тамоў. У 1922 утворана аб’яднаная Беларуская дзярж. і універсітэцкая б-ка, яе філіялы ў Віцебску (1925), Гомелі (1933), Магілёве (1928) і пры Доме ўрада (1933). У 1925 заснавана б-ка пры Інбелкульце (цяпер Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Я.​Коласа Нац. АН Беларусі). У 1938 створаны абласныя бібліятэкі. На пач. 1941 на Беларусі былі 4172 масавыя бібліятэкі з кніжным фондам 5028 тыс. тамоў. У Вял. Айч. вайну амаль усе бібліятэкі разбураны, большасць кніжнага фонду страчана. Аднаўленне бібліятэк ішло хуткімі тэмпамі і ўжо у 1950 іх колькасць і агульны кніжны фонд перавысілі даваен. ўзровень. Сучасныя бібліятэкі можна ўмоўна падзяліць на публічныя (або універсальныя), спецыяльныя і навучальныя.

Публічныя бібліятэкі садзейнічаюць гарманічнаму развіццю асобы, павышэнню яго адукацыйнага, прафесійнага і культурнага ўзроўню. Яны камплектуюць фонды па ўсіх галінах ведаў. Знаходзяцца ў рэспубліканскім, абласным ці раённым падпарадкаванні. Да іх адносяцца таксама бібліятэкі дзіцячыя, юнацкія, для сляпых і інш. груп чытачоў. Галоўнай універсальнай б-кай Рэспублікі Беларусь з’яўляецца Нац. б-ка Беларусі. У 1990 у Беларусі працавала 6239 публічных бібліятэк, у т. л. ў гарадах 1248, у сельскай мясцовасці — 4991, іх кніжны фонд складаў 93,3 млн. экзэмпляраў. У 2003 дзейнічалі 4743 публічныя бібліятэкі, у т. л. 1021 у гарадах, 3772 — у сельскай мясцовасці. Кніжны фонд усіх публічных бібліятэк складаў 74,2 млн. экзэмпляраў. У сярэднім на адну б-ку прыпадала 913 чытачоў, у т. л. ў гарадах 2685 чытачоў, у сельскай мясцовасці — 427 чытачоў (гл. табл. 1).

Спецыяльныя бібліятэкі ствараюцца для выканання навук. і вытворчых заданняў, з’яўляюцца часткаю прадпрыемстваў, устаноў ці органа інфармацыі і абслугоўваюць іх калектывы. Фарміруюць фонды літаратуры ў асноўным па профілі прадпрыемства. Да спец. бібліятэк адносяцца цэнтр. галіновыя і шматгаліновыя бібліятэкі, бібліятэкі навук.-даследчых інстытутаў. Сярод іх Беларуская с.-г. б-ка імя І.​С.​Лупіновіча, рэспубліканскія навук.-медыцынская і навук.-тэхн. бібліятэкі і інш.

Навучальныя бібліятэкі абслугоўваюць навучэнцаў, навуковыя і выкладчыцкія калектывы навуч. устаноў. Яны, як правіла, маюць фонды па ўсіх галінах ведаў, а таксама вял. колькасць падручнікаў. Да навуч. бібліятэк адносяцца бібліятэкі школ, каледжаў, ВНУ, ун-таў (напр., Бібліятэка фундаментальная БДУ) і інш.

Літ.:

К истории библиотечного дела в Белорусской ССР. Мн., 1975;

Библиотечное дело в Белоруссии (1919—1979 гг.). Мн., 1980;

Інфармацыйныя рэсурсы бібліятэк і іх кадравае забеспячэнне: Матэрыялы міжнар. навук.-практ. канф. (23—26 мая 2000 г., Мінск). Мн., 2000;

Ореховская И.В. Библиотечные тайны. Мн., 2001.

М.​В.​Нікалаеў.


Табліца 1
Публічныя бібліятэкі
1990 1995 2000 2001 2002 2003
Колькасць публічных бібліятэк 6239 5367 5200 5168 4890 4743
у т. л.:
 у гарадах 1248 1077 1053 1049 1036 1021
 у сельскай мясцовасці 4991 4290 4147 4117 3854 3722
Бібліятэчны фонд усіх публічных бібліятэк, млн. экз. 93,3 80,9 77,6 77,1 75,9 74,2
у т. л.:
 у гарадах 45,9 42,8 42,3 42,2 42,4 41,8
 у сельскай мясцовасці 47,4 38,1 35,3 34,9 33,5 32,4
Колькасць чытачоў у сярэднім на адну бібліятэку 773 823 866 875 908 913
у т. л.:
 у гарадах 2184 2377 2611 2656 2671 2685
 у сельскай мясцовасці 420 433 423 421 434 427
Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Галоўны корпус. 2000.
У чытальнай зале Беларускай сельскагаспадарчай бібліятэкі.

т. 18, кн. 2, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЦІНІ́КА (Martinique),

уладанне (заморскі дэпартамент) Францыі на аднайм. востраве з групы Малых Антыльскіх астравоў у Вест-Індыі. Пл. 1128 км². Нас. 407,3 тыс. чал. (1998). Афіц. мова — французская, пашырана таксама крэольская. Адм. ц. — г. Фор-дэ-Франс. Падзяляецца на 2 акругі. Нац. свята — Дзень узяцця Бастыліі (14 ліп.).

Дзяржаўны лад. М. — заморскі дэпартамент і рэгіён Францыі. Орган дзярж. выканаўчай улады Францыі — прэфектура на чале з рэгіянальным сакратаром, якога прызначае прэзідэнт Францыі. Органы мясц. самакіравання — Ген. савет (дэпартаменцкі орган — 45 членаў) і Рэгіянальны савет (рэгіянальны орган — 41 член); выбіраюцца на 6 гадоў прамым усеагульным галасаваннем. У франц. парламенце М. прадстаўлена 4 дэпутатамі і 2 сенатарамі.

Прырода. Востраў гарысты, складзены пераважна з вулканічных парод. На Пн вулканічныя масівы, у т. л. Мантань-Пеле (1397 м), вывяржэнне якога ў 1902 знішчыла г. Сен-П’ер (загінула 40 тыс. чал.). На Пд горы выш. да 504 м, узгорыстая раўніна. Клімат трапічны пасатны з высокай вільготнасцю. Сярэднія месячныя т-ры 24—27 °C. Ападкаў 1500—2000 мм за год. Дажджлівы сезон (з навальніцамі і ўраганамі) з ліп. да лістапада. Рэкі невял. горныя. Ёсць мінер. крыніцы. На схілах гор захаваліся невял. трапічныя лясы (пальмы, чырвонае, ружавае, кампешавае і хлебнае дрэвы). На раўніне — участкі саваннаў і балот. На ўзбярэжжах месцамі мангравыя зараснікі. Мора багата рыбай, ракападобнымі, малюскамі. Некалькі рэзерватаў, у т. л. Мантань-Пеле.

Насельніцтва. Жывуць пераважна мулаты і негры (93,7%). Невял. групы французаў, дравідаў, кітайцаў, італьянцаў, іспанцаў, партугальцаў, сірыйцаў. Вернікі пераважна католікі (87,9%). Сярэднегадавы прырост каля 2,5%. Сярэдняя шчыльн. каля 360 чал. на 1 км², на ўзбярэжжы — да 1000 чал. на 1 км². У гарадах жыве каля 80% насельніцтва. У г. Фор-дэ-Франс каля 100 тыс. ж.

Іншыя гарады невялікія. У прам-сці занята каля 15% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве — каля 8%, астатнія — у абслуговых галінах. Характэрны вял. беспрацоўе і значная эміграцыя (больш за 6 тыс. чал. штогод, пераважна ў Францыю).

Гісторыя. Тэр. М. са старажытнасці насялялі індзейцы-аравакі, потым карыбы. У 1502 востраў першым з еўрапейцаў адкрыў Х.​Калумб. З 1635 пачалася каланізацыя М. французамі (з 1674 калонія Францыі), якія паступова знішчылі мясц. карыбаў. У 17—18 ст. тут засн. плантацыйная гаспадарка па вырошчванні бавоўніку, тытуню, цукр. трыснягу, кавы; для працы на плантацыях прывозілі рабоў з Афрыкі. У час франц. рэвалюцыі 1789—99 на М. часова скасавана рабства (1794, адноўлена ў пач. 19 ст.). У 17 — пач. 19 ст. за валоданне востравам з Францыяй сапернічалі Нідэрланды і Вялікабрытанія (у 1794 М. акупіравалі брыт. войскі, паводле Ам’енскага мірнага дагавора 1802 вярнулі Францыі, у 1809—14 зноў акупіравана англічанамі). З 1816 канчаткова ўладанне Францыі. У 1848 адменена рабства. У 1854 Францыя надала М. частковую ўнутр., у 1900 — і фін. аўтаномію. У пач. 20 ст. ўзніклі марцініканскія паліт. партыі і прафсаюзы. На пач. 2-й сусв. вайны востраў знаходзіўся пад уладай франц. калабарацыянісцкага ўрада «Вішы», з ліп. 1943 марцініканцы падтрымлівалі Франц. к-т нац. вызвалення.

З 1946 М. — заморскі дэпартамент Францыі. У 1982—83 пашырана самакіраванне М. На выбарах 1992 у Ген. і Рэгіянальны саветы большасць атрымалі левыя партыі (у т. л. Марцініканская прагрэс. партыя), якія патрабуюць большай аўтаноміі для М.

На востраве дзейнічаюць аддзяленні 3 паліт. партый Францыі і 12 мясц. партый і рухаў (1999); найбуйнейшае прафс. аб’яднанне — Усеагульная канфедэрацыя працы М.

Гаспадарка. М. — параўнальна развітая краіна Вест-Індыі. У 1995 валавы нац. прадукт на 1 чал. склаў 10 тыс. дол. ЗША. Асновай эканомікі з’яўляюцца сельская гаспадарка і абслугоўванне замежных турыстаў. Вядучыя пазіцыі ў эканоміцы займаюць замежныя, у асн. франц. і амер. кампаніі. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца 34 тыс. га зямлі. Традыцыйна асновай сельскай гаспадаркі М. быў цукр. трыснёг, аднак яго вытв-сць пастаянна зніжаецца ў выніку палітыкі Францыі па абароне айч. вытворцаў цукру. Збор цукр. трыснягу 200 тыс. т, бананаў 230 тыс. т. Вырошчваюць таксама ананасы, манга, цытрусы, батат, маніёк, гародніну, бавоўну і тытунь. Жывёлагадоўля развіта менш. Пагалоўе (тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы — 35, свіней — 26, авечак — 40, коз — 20. Птушкагадоўля. Рыбалоўства (каля 5 тыс. т рыбы штогод). Эксплуатацыя лясоў. У прам-сці пераважаюць прадпрыемствы харч. галіны — цукровыя, хлебапякарныя, піваварныя, маргарынавыя, па вытв-сці рому, ананасных і рыбных кансерваў. Працуе нафтаперапр. з-д (Ламантэн, перапрацоўвае штогод каля 1 млн. т нафты), 2 нафтахім. прадпрыемствы (выпускаюць поліэтылен), цэм. з-д (260 тыс. т цэменту штогод). Ёсць прадпрыемствы металаапр., паліграф., керамічнай і швейнай прам-сці. Вытв-сць электраэнергіі каля 1 млрд. кВт ∙ гадз штогод. Пераважаюць цеплавыя электрастанцыі на імпартнай нафце, ёсць некалькі невялікіх ГЭС. Развіты рамёствы, у т. л. пляценне кошыкаў, ручное ткацтва, разьбярства па дрэве. Дэфіцыт знешнегандл. балансу часткова пакрываецца за кошт даходаў ад турызму. Штогод М. наведваюць да 1 млн. турыстаў, пераважна з ЗША, Канады, Францыі. Турыстаў вабяць на М. маляўнічыя горы і вадаспады, руіны Сен-П’ера і старадаўнія крэпасці, старафранц. архітэктура, музеі, пясчаныя пляжы, добра арганізаваная «індустрыя турызму». Дадатковая крыніца сродкаў — грашовыя пераводы эмігрантаў. Транспарт пераважна аўтамаб. і марскі. На востраве 1690 км асфальтаваных аўтадарог. Гал. марскі порт — г. Фор-дэ-Франс. За 8 км ад яго міжнар. аэрапорт. Штогадовы экспарт складае 200—300 млн. дол., імпарт — 1500—1700 млн. дол. Экспартуюцца бананы, ром, цукар, ананасы, нафтапрадукты; імпартуюцца машыны, нафта, харч. прадукты, буд. матэрыялы. Асн. гандл. партнёры: Францыя (у асобныя гады да 80% знешнегандл. абароту), Германія, Італія, Японія, Вялікабрытанія. Фін. дапамога Францыі складае 4,5 млрд. франкаў штогод. Грашовая адзінка — франц. франк.

І.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

т. 10, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)