АСТРО́ЎСКІ (Аляксандр Мікалаевіч) (12.4.1823, Масква — 14.6.1886),
рускі драматург і тэатр. дзеяч. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1863). Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1840—43). Служыў у маск. судах (1843—50). Літ.дзейнасць пачаў у 1847. Першая камедыя «Свае людзі — паладзім» (1850) пра побыт і норавы купецтва. Супрацоўнічаў у час. «Москвитянин», «Современник», «Отечественные записки». На пач. 1850-х г. зблізіўся са славянафіламі. Пад іх уплывам стварыў сямейна-бытавыя п’есы «Не ў свае сані не садзіся» (1853), «Беднасць не загана» (1854), «Не так жыві, як хочацца» (1855), у якіх ідэалізаваў купецкі побыт і патрыярхальную старасветчыну. Новы этап у яго творчасці звязаны з грамадскім уздымам 1850—60-х г., калі талент Астроўскага ідэйна і эстэтычна пачаў фарміравацца на асновах рэв.-дэмакр. крытыкі і «натуральнай школы». У п’есах «З чужога шалу галава кружыцца» (1856), «Даходнае месца» (1857), «Выхаванка» (1859) паказаў «цёмнае царства» рус. жыцця. У трагедыі «Навальніца» (паст. 1859, выд. 1860) выкрывае грамадскія адносіны, заснаваныя на дзікунскім самавольстве і дэспатызме. У гіст. хроніках «Казьма Захаравіч Мінін-Сухарук» (1862), «Дзмітрый Самазванец і Васіль Шуйскі» (1867) паказаў патрыятызм рус. народа. Сац.-крыт. кірунак у яго творчасці мацнее з канца 1860-х г. У цыкле камедый «На ўсякага мудраца хапае прастаты» (1868), «Гарачае сэрца» (1869), «Лес» (1870), «Ваўкі і авечкі» (1875) сатырычна намаляваў прадстаўнікоў пануючых класаў дваранска-бурж. Расіі. Пра інтэлігенцыю, пошукі шчасця і сэнсу жыцця п’есы «Зароблены хлеб» (1874), «Таленты і паклоннікі» (1882), «Без віны вінаватыя» (1884), казка-утопія «Снягурачка» (1873). Драматургіі Астроўскага характэрны глыбіня і шырыня праблематыкі, народнасць, смелае выкрыццё сац. зла, дынамізм дзеяння, разнастайнасць характараў, выразнасць мовы. Астроўскі творча ўспрыняў і развіў лепшыя традыцыі рус. і сусв. драматургіі, стварыў рус.нац. рэпертуар. З яго імем звязаны росквіт Малога т-ра, які наз. «Домам Астроўскага».
Бел. глядач упершыню пазнаёміўся з творамі Астроўскага ў 1865, калі на сцэне Мінскага т-ра была пастаўлена «Навальніца». У папулярызацыі яго творчасці на Беларусі важную ролю адыгралі рус. акцёры М.Савіна, В.Далматаў, Г.Фядотава, А.Яблачкіна. Яго п’есы ставілі і бел. аматарскія тэатр. калектывы, у т. л. Таварыства аматараў прыгожых мастацтваў («Свае людзі — паладзім», «Вір», «Лес» і інш.). З 1936 п’есы Астроўскага трывала ўвайшлі ў рэпертуар бел. тэатраў. Тэатр імя Я.Купалы ставіў «Ваўкі і авечкі» (1936), «Позняе каханне» (1944), «Таленты і паклоннікі» (1950), «Даходнае месца» (1953), «На ўсякага мудраца хапае прастаты» (1962), «Лес» (1994); тэатр імя Я.Коласа — «Беспасажніца» (1936), «Лес» (1940), «Праўда добра, а шчасце лепш» (1950); т-р юнага гледача — «Даходнае месца» (1936), «Не ўсё кату масленіца» (1956). У п’есах Астроўскага выступалі лепшыя майстры бел. сцэны: У.Уладамірскі, Б.Платонаў, І.Ждановіч, А.Ільінскі, Л.Ржэцкая, Л.Рахленка, М.Захарэвіч, В.Тарасаў і інш. На бел. мову п’есы Астроўскага перакладалі К.Чорны, К.Крапіва, У.Ягоўдзік.
Тв.:
Полн. собр. соч.Т. 1—16. М., 1949—53;
Бел.пер. — Гарачае сэрца. Мн., 1937;
Не ўсё кату масленіца. Мн., 1937;
П’есы. Мн., 1939.
Літ.:
Няфёд У. Беларускі тэатр.Мн., 1959;
Лабовіч А. А.М.Астроўскі ў тэатральным жыцці Беларусі дакастрычніцкага перыяду // Бел. мастацтва. Мн., 1962. Вып. 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЙМА́Н АСТРАВЫ́, Кайманавы астравы (Cayman Islands),
група астравоў на ПнЗ Карыбскага м., у Вест-Індыі. Уладанне Вялікабрытаніі. Пл. 259 км². Нас. 36,2 тыс.чал. (1997). Адм. ц. — г. Джорджтаўн на в-ве Вял. Кайман. Афіц. мова — англійская. Нац. свята — Дзень Канстытуцыі (1—2 чэрв.).
Прырода. Уладанне ўключае 3 астравы: Вял. Кайман (пл. 197 км²), М. Кайман і Кайман-Брак. Астравы нізінныя, складзены пераважна з вапнякоў. Клімат трапічны, пасатны. Сярэднія месячныя т-ры 15—30 °C. Ападкаў каля 1300 мм за год, пераважна ў ліст.—красавіку. Пашыраны вечназялёныя ўмерана вільготныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў, у т. л. махагоніевае. Мора багатае рыбай, чарапахамі, ракападобнымі і малюскамі.
Насельніцтва. Карэннае насельніцтва (пераважна мулаты і негры) складае 80%, англічане і амерыканцы ЗША — каля 20%. Вернікі — прэсвітэрыяне і баптысты. Сярэдняя шчыльн. каля 140 чал. на 1 км². Больш за 90% насельніцтва жыве на в-ве Вял. Кайман, у гарадах — каля 70%. У абслуговых галінах занята 89% насельніцтва, у прам-сці — 10%, у сельскай гаспадарцы — 1%.
Гісторыя. Адкрыты ў 1503 Х.Калумбам. У 1670 Іспанія перадала іх Англіі. З сярэдзіны 18 ст. ў яе падпарадкаванні, каланізаваліся англічанамі з Ямайкі. З 1962 асобная калонія. Дзейнічае канстытуцыя 1959, змененая ў 1972. Уладу ўзначальвае прызначаны брыт. манархам губернатар, які таксама з’яўляецца старшынёй Заканад. асамблеі і Выканаўчага савета.
Гаспадарка. Асновай эканомікі з’яўляюцца абслугоўванне замежных турыстаў і банкаўская дзейнасць. Штогадовы валавы ўнутр. прадукт (ВУП) складае каля 400 млн.дол. ЗША, каля 10 тыс.дол. на 1 чал. Клімат, выдатныя пляжы і ўмовы для падводнага палявання прыцягваюць шматлікіх замежных турыстаў. Доля турызму (больш за 500 тыс.чал. штогод, пераважна з ЗША) у ВУП дасягае 70%, на яго прыпадае каля 75% валютных паступленняў. На К.а. замежныя кампаніі вызвалены ад прамых падаткаў і адсутнічае кантроль над аперацыямі з валютай, таму зарэгістравана больш за 500 замежных банкаў і фін. арг-цый (у т. л. філіялы 40 з 50 найбуйнейшых банкаў свету), 18 тыс. кампаній. Банкаўскі і фін. сектары забяспечваюць каля 40% даходаў адміністрацыі астравоў. Прам-сць прадстаўлена дробнымі прадпрыемствамі па вытв-сці буд. матэрыялаў (у т. л.з-д жалезабетонных вырабаў і шыферная ф-ка), харч. прадуктаў (у т. л. рыбакансервавы з-д), рабочага адзення, канатаў. Нарыхтоўка каштоўнай драўніны. Магчымасці сельскай гаспадаркі абмежаваны беднасцю глеб і недахопам вады. Апрацоўваецца каля 10% пл. астравоў. Вырошчваюць цытрусавыя, манга, какосы, авакада, плады хлебнага дрэва, агародніну. Малочная жывёлагадоўля. Буйная ферма па развядзенні чарапах. Марскі промысел (лоўля акул, амараў, чарапах і інш.). Дадатковай крыніцай даходаў з’яўляецца праца на марскіх суднах розных краін (пераважна ЗША). Унутр. транспарт аўтамабільны. Марскі порт Джорджтаўн мае статус свабоднага порта. 2 міжнар. аэрапорты (на а-вах Вял. Кайман і Кайман-Брак). Штогадовы экспарт складае каля 4 млн.дол., імпарт — каля 250 млн.дол. Астравы экспартуюць чарапахавыя панцыры і мяса, рыбапрадукты, рабочае адзенне, скуры акул, канаты; імпартуюць разнастайныя харч. і прамысл. прадукты. Больш за 70% знешнегандл. абароту прыпадае на ЗША. Грашовая адзінка — долар а-воў Кайман.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ МУЗЫ́ЧНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧАімя М.І.Глінкі,
сярэдняя спецыяльная навуч. ўстанова ў сістэме музычнай адукацыі. Засн. ў 1924 у Мінску, да 1937 наз.Бел.дзярж.муз. тэхнікум. З 1957 імя Глінкі. Рыхтуе музыкантаў-інструменталістаў, спевакоў, дырыжораў, музыказнаўцаў, артыстаў эстрады і цырка, выкладчыкаў. Навучанне дзённае.
Выкладчыкі і навучэнцы М.м.в. вялі актыўную канцэртную дзейнасць. Напр., у 1924/25 навуч.г. яны правялі 2 цыклы з 15 гіст. канцэртаў, у якіх выконвалі творы бел. кампазітараў, рус. і замежнай класікі. З 1925 выступаў і сімф. аркестр, яго рэпертуар уключаў творы муз. класікі, бел. кампазітараў Р.Пукста, Я.Цікоцкага, М.Чуркіна і інш. У 1928 оперны клас паставіў пад кіраўніцтвам В.Цвяткова і І.Гітгарца оперу «Фауст» Ш.Гуно ў перакладзе на бел. мову Ю.Дрэйзіна. Гал. партыі выканалі навучэнцы Л.Александроўская, П.Валадзько, М.Цюрэмнаў, удзельнічалі хор, аркестр, балет. Пастаўлены таксама оперы «Русалка» А.Даргамыжскага (1929) і «Севільскі цырульнік» Дж.Расіні (1930). У 1930 на базе опернага і балетнага класаў вучылішча створана Беларуская студыя оперы і балета (з 1933 Дзярж.т-р оперы і балета БССР). М.м.в. адыграла значную ролю ў станаўленні і развіцці бел.муз. культуры. У розныя гады ў ім выкладалі нар.арт.СССР І.Жыновіч, нар.арт. Беларусі М.Аладаў, засл. дзеячы маст. Беларусі М.Браценнікаў, І.Гітгарц, М.Маслаў, Л.Мухарынская, Г.Папавіцкі, Г.Пятроў, Б.Смольскі, Р.Шаршэўскі, засл. артысты Беларусі А.Амітон, М.Бергер, А.Бяссмертны, С.Навіцкі, засл. дзеяч культуры Беларусі М.Мінянкова, а таксама Э.Азарэвіч, А.Баначыч, І.Бары, І.Варэнікаў, А.Віўен, Ю.Дрэйзін, Я.Жыў, Г.Жыхараў, А.Краўзе, Ю.Ляцецкі, С.Маркоўскі, В.Несцярэнка, С.Нісневіч, Б.Паграбняк, Я.Прохараў, І.Салодчанка, Я.Сцягенны, В.Сямашка, Н.Фалейчык, Б. і І.Фідлоны, В.Цвяткоў, Я.Цымбал, Л.Шварц, Т.Шнітман, Я.Штэйман, Б.Яўзераў.
Будынак Мінскага музычнага вучылішча імя М.І.Глінкі.
У 1999/2000 навуч.г. спецыяльнасці: фп., струнныя, духавыя і ўдарныя, нар., эстр. інструменты, спевы, хар. дырыжыраванне, тэорыя музыкі, музыказнаўства, артыст эстрады, артыст цырка. Працуюць творчыя калектывы: камерны, духавы, эстр. аркестры, 2 аркестры нар. інструментаў (бел. і рускіх), акад. і нар. хары, шматлікія камерныя ансамблі, у т. л. цымбальны. Сярод выкладчыкаў засл. настаўніца Беларусі Л.Ліхачэўская, засл. арт. Беларусі Т.Сцяпанава, засл. дзеячы культуры Беларусі А.Каландзёнак, А.Мурзіч. За час існавання вучылішча падрыхтавала больш за 7 тыс. спецыялістаў. Сярод выпускнікоў: І.Абраміс, Л.Александроўская, У.Алоўнікаў, С.Асновіч, Б.Афанасьеў, А.Багатыроў, І.Балоцін, М.Бергер, В.Бурковіч, В.Вуячыч, Л.Ганестава, М.Дзянісаў, С.Друкер, Я.Еўдакімаў, І.Жыновіч, А.Кавалёў, А.Кагадзееў, У.Кіняеў, А.Кузняцоў, І.Любан, Л.Масленікава, С.Навіцкі, М.Пігулеўскі, Г.Пятровіч, Т.Раеўская, А.Русак, Н.Сакалоўскі, Б.Смольскі, Р.Сурус, Г.Халшчанкова, Э.Ханок, Б.Шангін, Х.Шмелькін і інш. У розныя гады вучылішча ўзначальвалі: Бяссмертны, Каландзёнак, Р.Грышаеў, І.Мысліўчык, Я.Бароўскі, В.Аўраменка, М.Прашко, У.Рылатка, У.Зарэцкі, В.Башура (з 1991).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНЫ ТА́НЕЦ, харэаграфічны фальклор,
адзін з найб.стараж. відаў народнай творчасці. З’яўляецца першакрыніцай сцэнічнага танца, асновай нац. харэаграфічнага стылю. Непарыўна звязаны з інш. відамі мастацтва, гал. чынам з музыкай. У пластычнай форме адлюстроўвае ўражанні ад навакольнага свету, жыццё, побыт і прац.дзейнасць народа, увасабляе яго нац. характар, спосаб вобразнага мыслення.
Узнікненне Н.т. звязана з нар. абрадамі (цэйлонскі танец агню, нарв. танец з факеламі, слав.карагоды). Паступова Н.т. адыходзіў ад абрадавых дзействаў, набываў новы змест. У залежнасці ад спосабу жыцця пэўных народаў танцы перадавалі характар і звычкі звяроў ці птушак (танец бізона ў паўн.-амер. індзейцаў, якуцкі танец мядзведзя, кіт., індыйскі — паўліна, славянскія — «Журавель», «Гусачок»), рухі і прыёмы сял. (лат. танец жняцоў, гуцульскі — дрывасекаў, эст. — шаўцоў), рамеснай і фабр. (укр. «Бондар», ням. танец шкловыдзімальшчыкаў) працы. Н.т. часта адлюстроўваюць воінскі дух, адвагу, гераізм («пірычныя» танцы стараж. грэкаў, шатл. танец з мячамі) Шмат Н.т. прысвечана тэме кахання, павагі да жанчыны (славянскія кадрыля, мазурка, груз. картулі). У кожнага народа склаліся свае танц. традыцыі, пластычная мова, асаблівая каардынацыя рухаў і прыёмы іх суадносін з музыкай. Танцы народаў Зах. Еўропы засн. на руху ног (рукі і корпус — акампанемент), Сярэдняй Азіі і Усходу — на пластыцы рук і корпуса. Аснова Н.т. — рытмічны пачатак, што падкрэсліваецца танцорам. Характар выканання ў значнай ступені залежыць ад касцюма.
Вытокі нар. харэаграфічнага мастацтва беларусаў у культуры ўсх.-слав. плямён. Харэаграфічныя элементы, цесна злітыя са спевамі, музыкай, драм. дзеяннем, займалі значнае месца ў стараж. абрадах і гульнях (абход двароў з «казой», «Жаніцьба Цярэшкі», святкаванне Купалля, вяселле і інш.), якія бытавалі да сярэдзіны 20 ст. (некат. існуюць і цяпер). Вял. значэнне ў Н.т. мелі выяўл. моманты — імітацыя прац. працэсаў, рухаў і звычак птушак, жывёл, з’яў прыроды. Найб.стараж. від мастацтва — карагод. У 14—16 ст. з карагодаў паступова выкрышталізаваліся танцы. Асн. рысы Н.т. — вылучэнне пластыкі, руху як асн. сродку выразнасці, інстр. суправаджэнне, замацаванасць і паўторнасць фігур. Бел. Н.т. («Лявоніха», «Мяцеліца», «Падушачка», «Крыжачок», «Мікіта», «Кабыла», «Каза», «Бычок», «Таўкачыкі» і інш.) разнастайныя тэматычна, кампазіцыйна, па рытме і малюнку, жыццярадасныя па настроі. Пераважаюць парна-масавыя танцы (ёсць і сольныя варыянты). Жаночы танец істотна не адрозніваецца ад мужчынскага. У 19 ст. пачаўся працэс асіміляцыі традыц. фальклору з танц. формамі полькі, кадрылі, інш. тыпамі гар. танца. На пач. 20 ст. пашырыліся новыя бальныя і быт. танцы, фальклор гар. ускраін. Стараж. пласт Н.т. абнаўляўся, сталі пераважаць танцы, сканструяваныя па стандартах. Развіваецца імправізацыйны сольна-масавы танец, калі ўдзельнік танцуе адзін або сярод усіх, свабодна імправізуючы («Казачок», «Скакуха», «Барыня» і інш.). Узнікла значная колькасць танцаў-імправізацый: «Сербіянка», «Сямёнаўна», «Страданні» і інш. Часта яны суправаджаюцца прыпеўкамі-частушкамі. Н.т. стаў асновай сцэнічных танцаў, творчых пошукаў Дзярж. ансамбля танца Рэспублікі Беларусь, танц. групы Дзярж.акад.нар. хору Беларусі, харэаграфічнага ансамбля «Харошкі», ансамбля «Белыя росы» і інш.
Літ.:
Голейзовский К. Образы русской народной хореографии. М., 1964;
Ткаченко Т.С. Народный танец. М., 1967;
Чурко Ю.М. Белорусский народный танец. Мн.. 1972;
Яе ж. Белорусский хореографический фольклор. Мн., 1990;
Гребенщиков С.М. Белорусские танцы. Мн., 1978;
Алексютович Л.К. Белорусские народные танцы, хороводы, игры. Мн., 1978.
Ю.М.Чурко.
Да арт.Народны танцы: 1 — карагод «Страла»; 2 — «Беларуская полька»; 3 — «Каза».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАВААБАРО́НЧЫ РУХ У СССР у 1960—80-я г., непалітычны грамадскі рух у абарону правоў чалавека ў б.СССР. Яго ўдзельнікі — пераважна інтэлігенцыя. Асн. прынцыпы дзейнасці: легальнасць, галоснасць, адмова ад паліт. барацьбы. Сярод перадумоў узнікнення П.р. — прыняцце Ген. асамблеяй ААН Усеаг. дэкларацыі правоў чалавека (1948), афіц. асуджэнне паліт. рэпрэсій 1930 — пач. 50-х г. на XX з’ездзе КПСС (1956). Асн. напрамак дзейнасці — абарона асабістых і паліт. правоў грамадзян СССР, у т. л. на паліт. іншадумства і апазіц.дзейнасць. У адрозненне ад інш.дысідэнтаў удзельнікі П.р. паслядоўна стаялі на глебе права, г.зн. апіраліся ў сваёй дзейнасці на міжнар. дакументы па правах чалавека, а таксама на Канстытуцыю і законы СССР, якія тэарэтычна прызнавалі большасць з гэтых правоў. Пачатак П.р. адносяць да 1965—66, калі адбыліся выступленні ў абарону пісьменнікаў А.Д.Сіняўскага і Ю.М.Даніэля, арыштаваных (1965) і прыгавораных (лют. 1966) да пазбаўлення волі адпаведна на 7 і 5 гадоў за публікацыю за мяжой сваіх сатыр. твораў. 5.12.1965 на Пушкінскай плошчы ў Маскве адбылася дэманстрацыя пратэсту. У вышэйшыя сав. і парт. органы былі накіраваны лісты і петыцыі, на карысць пісьменнікаў і іх сем’яў праводзіўся збор ахвяраванняў. З гэтага часу асн. формамі дзейнасці сав. праваабаронцаў сталі мітынгі, дэманстрацыі, асабістыя і калект. звароты да сав.-парт. улад, у ААН і інш.міжнар. арг-цыі, матэрыяльная дапамога арыштаваным, пашырэнне праваабарончай інфармацыі і л-ры шляхам «самвыдату». У 1968—83 выходзіў «самвыдацкі» бюлетэнь «Хроника текущих событий» (выйшлі 64 выпускі), у якім канстатаваліся (без ацэнак) выпадкі парушэння правоў чалавека і праваабарончыя выступленні ў Маскве і рэспубліках СССР. У 1969 створана Ініцыятыўная група абароны правоў чалавека ў СССР, якая накіравала ў ААН ліст з пералікам парушэнняў правоў чалавека, у 1974 — сав. аддзяленне Амністыі міжнароднай. Падпісанне Сав. Саюзам (1.8.1975) і публікацыя Заключнага акта нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (Хельсінкскі акт), гуманіт. артыкулы якога прадугледжвалі захаванне правоў чалавека, сталі пачаткам т.зв. Хельсінкскага перыяду П.р. (1976—81). Летам 1975 створана Маскоўская Хельсінкская група, якая збірала матэрыялы пра парушэнні ў СССРгуманіт. аспектаў Хельсінкскіх пагадненняў і накіроўвала справаздачы ўрадам усіх краін-удзельніц пагаднення. У 1976 узніклі Хельсінкскія групы ў Літве і Украіне, у 1977 — у Грузіі і Арменіі. Сабраныя праваабаронцамі звесткі пра парушэнні правоў чалавека шырока выкарыстаны ЗША і інш.зах. краінамі ў ідэалаг. вайне супраць СССР. У канцы 1970 — пач. 80-х г. у выніку ганенняў практычна спыніўся адкрыты і легальны П.р. у СССР. Віднымі дзеячамі П.р. ў розныя гады былі У.К.Букоўскі, А.Л.Салжаніцын, А.Дз.Сахараў, П.Р.Грыгарэнка, С.А.Кавалёў, К.Ф.Арлоў і інш. Удзельнікі руху асн. вынікам сваёй дзейнасці лічаць фарміраванне ў нетрах сав. грамадства сіл, якія ў сярэдзіне 1980-х г. ініцыіравалі перабудову ў СССР.
Літ.:
Богораз Л., Голицин В., Ковалев С. Политическая борьба или защита прав? // Погружение в трясину. М., 1991;
Алексеева Л.М. История инакомыслия в СССР. Новейший период. Вильнюс;
М., 1992;
Котляр И.И. Права человека. 3 изд. Брест, 1996;
Яго ж. Права человека в современной Беларуси: состояние, проблемы, перспективы. Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСІХАЛО́ГІЯ САЦЫЯ́ЛЬНАЯ,
навука, якая вывучае зносіны, паводзіны і дзейнасць асобы, уключанай у сац. супольнасці, а таксама псіхалагічныя характарыстыкі гэтых супольнасцей. Гал. паняцці П.с. — асоба і зносіны. Адрозніваюць данавук. перыяд развіцця П.с., звязаны з кіраваннем і ўздзеяннем на людзей (правадыры плямён, прамоўцы, дзярж. дзеячы і інш.). Абагульненні гэтага эмпірычнага вопыту ажыццёўлены ў працах філосафаў і паліт. дзеячаў (у эпоху антычнасці Платон, Арыстоцель, у наступныя эпохі Т.Гобс, П.Гасендзі, Б.Спіноза, Дж.Лок, Ж.Ж.Русо, К.Гельвецый, у філасофіі 19 ст. Л.Феербах, Г.Гегель і інш.). Сучасны этап развіцця П.с. пачаўся ў 2-й пал. 19 ст. (М.Лацарус, Г.Штайнталь). Вылучаны 3 асн. кірункі П.с.: псіхалогія народаў(В.Вунт), псіхалогія мас (Г.Тард, Г.Лебон), псіхалогія інстынктаў. Пасля 1-й сусв. вайны цэнтр развіцця П.с. перамясціўся ў ЗША, дзе яна развівалася ў рамках эксперым. традыцыі. Найб. значныя вынікі атрыманы ў галіне вывучэння структуры і дынамікі малых груп, уздзеяння групы на асобу, фарміравання сац. установак і іх уздзеяння на паводзіны людзей, псіхалогіі кіравання, рэкламы, гандлю і інш. У шэрагу навук. дысцыплін П.с. найб. распрацавана групавая псіхалогія (даследаванні малых груп людзей, якія разглядаюцца як цэласныя структурна-дынамічныя ўтварэнні). Адрозніваюць нефармальныя групы, што стыхійна ўзнікаюць на аснове асабістых адносін, і фармальныя групы, якія ствараюцца для выканання пэўных грамадскіх функцый; даследуюцца розныя аспекты міжасобасных узаемаадносін унутры групы, праблема лідэрства. Вывучэнне зместу, дынамікі і структуры міжасобасных адносін і зносін у групах дзіцячага сада, школьных класах, групах ПТВ, студэнцкіх групах і вытв. калектывах, а таксама даследаванні ўплыву дарослых і кіраўнікоў на гэтыя працэсы прывялі да стварэння адносна самастойных галін П.с. — узроставай (генетычнай) і педагагічнай П.с. Асн. праблемы ўзроставай П.с. — вывучэнне ўзроставых заканамернасцей развіцця зносін асобы; кантактных (малых) груп і калектываў; паэтапнае развіццё кантактнай групы як універсальнай сістэмы непасрэдных зносін у працэсе сумеснай дзейнасці; узроставыя заканамернасці ўзаемадзеяння асобы з шырокім сац. асяроддзем. Пед. П.с. вывучае ўплыў педагогаў на гэтыя працэсы.
На Беларусі развіваюцца практычна ўсе асн. галіны П.с. Яе станаўленне ажыццяўлялася пад уплывам адраджэння гэтай галіны псіхалогіі ў СССР у канцы 1950 — пач. 1960-х г. Першыя публікацыі бел. псіхолагаў у галіне П.с. з’явіліся ў 1962. Псіхолагі Беларусі першымі пачалі эксперым. вывучэнне міжасобасных адносін у дзіцячых і вучэбных групах, калектывах; разам з псіхолагамі Ленінграда яны ўпершыню выкарысталі мадыфікаваныя і сацыяметрычныя метады. Актуальныя і фундаментальныя праблемы П.с. распрацоўваюцца ў Ін-це сацыялогіі Нац.АН Беларусі (Я.М.Бабосаў, В.А.Секун), Бел.пед. ун-це (Я.Л.Каламінскі, Н.А.Цыркун, Л.А.Панько), Нац. ін-це адукацыі (І.А.Фурманаў, В.Я.Каламінская, М.А.Крэмень, Л.А.Пергаменшчык), БДУ (Г.М.Кучынскі, У.А.Палікарпаў), Гродзенскім дзярж. ун-це (С.В.Кандрацьева), Акадэміі паслядыпломнай адукацыі (У.А.Янчук).
Літ.:
Генетические проблемы социальной психологии: Сб. ст.Мн., 1985;
Петровский А.В. Личность. Деятельность. Коллектив. Мн., 1982;
Западная социальная психология в поисках новой парадигмы. М., 1993;
Одайник В. Психология политики: Полит. и социал. идеи К.Г.Юнга: Пер. с англ. СПб., 1996;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСІ́ЙСКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў ЛІТАРАТУ́РЫ І МАСТА́ЦТВАў Маскве.
Створаны ў 1941 як Цэнтр.дзярж.літ. архіў СССР часткова на базе збору Дзярж.літ. музея. Сюды перададзены профільныя фонды з Цэнтр.дзярж. архіва Кастр. рэвалюцыі СССР, Дзярж.гіст. музея, Цэнтр. архіва стараж. актаў, Дзярж. Траццякоўскай галерэі і інш. архівасховішчаў. У 1954 перайменаваны ў Цэнтр.дзярж. архіў л-ры і мастацтва СССР, з 1992 сучасная назва. 2886 фондаў, 1 101 400 адзінак захоўвання з 18 ст. да 1994 (ёсць асобныя дакументы 14, 16, 17 ст.); 5 181 612 кадраў мікрафільмаў. Найбуйнейшае сховішча дакументаў па гісторыі рус. л-ры, грамадскай думкі, музыкі, тэатра, кіно, выяўл. мастацтва. Захоўвае фонды адм. органаў у галіне культуры: К-та па справах мастацтваў пры СНКСССР (1936—53) і РСФСР (1938—53), Галоўмастацтва (1925—28), Мін-ва культуры СССР і яго аддзелаў (1953—91), галіновых органаў упраўлення асобнымі відамі мастацтва. Зберагае дакументы творчых саюзаў, т-ваў і арг-цый, выд-ваў, тэатраў, кінастудый, музеяў і інш., асабістыя фонды дзеячаў л-ры і мастацтва. У дарэв. фондах захоўваюцца дакументы Акадэміі мастацтваў (1757—1918), Т-ва аматараў рас. славеснасці (1811—1930), Маскоўскай канторы Імператарскіх тэатраў (1842—1917), рэдакцый газет і часопісаў, у т. л. «Русский вестник», «Дело», «Русское богатство», «Современник». Сярод асабістых фондаў — «Астаф’еўскі архіў» Вяземскіх, фонды Ф.Дастаеўскага, І.Ганчарова, М.Някрасава, І.Тургенева, М.Салтыкова-Шчадрына, А.Астроўскага, А.Сухаво-Кабыліна, А.Чэхава, Г.Ахматавай, А.Блока, М.Цвятаевай, І.Буніна, А.Купрына, А.Грына, У.Маякоўскага, К.Паустоўскага, Б.Пастарнака, Ю.Тынянава, А.Фадзеева, І.Эрэнбурга, С.Ясеніна і інш. Мастацтва прадстаўлена фондамі І.Рэпіна, П.Чайкоўскага, Дз.Шастаковіча, С.Пракоф’ева, С.Эйзенштэйна, У.Меерхольда, А.Даўжэнкі, В.Камісаржэўскай і інш. У архіве зберагаюцца матэрыялы бел. мастацтва: аўтографы вершаў Я.Купалы, М.Багдановіча; пераклады на рус. мову твораў Я.Коласа, П.Броўкі, П.Глебкі, А.Куляшова, П.Панчанкі, М.Танка, Э.Самуйлёнка; лісты А.Міцкевіча, Э.Ажэшкі, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Лынькова, І.Мележа, Я.Брыля, В.Быкава, Ф.Турука, І.Шамякіна, М.Янчука, П.Малчанава і інш. У фондах Н.Лойтара і С.Розанава — дакументы пра іх дзейнасць у БДТ-2, рэжысёрская распрацоўка камедыі «Несцерка» В.Вольскага; у фондзе В.Бялыніцкага-Бірулі — матэрыялы па бел.выяўл. мастацтве, эскізы і фатаграфіі работ Я.Чамадурава, В.Цвіркі, У.Сухаверхава; у фондзе Ю.Тарыча — матэрыялы пра пастаноўкі кінафільмаў, перапіска з У.Корш-Сабліным. У фондах архіва шмат фатаграфій бел. музыкантаў, акцёраў (Л.Александроўскай, Я.Цікоцкага, Г.Цітовіча), у фондах Галоўрэперткома і «Масфільма» — п’есы К.Крапівы, А.Макаёнка, М.Клімковіча, лібрэта і сцэнарыі розных аўтараў і інш. Дакументы архіва публікуюцца ў выданнях «Літаратурная спадчына» (т. 1—98, 1931—91), «Сустрэчы з мінулым» (вып. 1—8, 1970—96).
Літ.:
Центральный государственный архив литературы и искусства СССР: Путеводитель. Вып. 1—7. М., 1959—98;
Архивы России: Москва и Санкт-Петербург М., 1997;
Дакументы па гісторыі Беларусі, якія зберагаюцца ў цэнтральных дзяржаўных архівах СССР. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з ліп. 1941 да ліп. 1944 у Мінску і яго наваколлі. Узнікла і развівалася па ініцыятыве камуністаў, камсамольцаў, рабочых, ІТР, студэнтаў, прадстаўнікоў інтэлігенцыі. Станоўчую ролю ў стварэнні падп. груп і арг-цый адыграла дзейнасць Л.Я.Адзінцова, У.С.Амельянюка, І.Дз.Будаева, С.І.Зайца, І.К.Кавалёва, Дз.А.Караткевіча, А.Л.Коцікава, Ф.С.Кузняцова, С.В.Сержановіча, І.Г.Сцяпуры, б. вайскоўцаў Я.К.Горыцы, П.П.Суравягіна. У ліку першых утварыліся групы на чыг. вузле (А.Дз.Балашоў, Ф.К.Жавалёў, І.І.Івашчонак, Кузняцоў, В.С.Купрыянава, К.А.Паўлечка, Сцяпура і інш.), у раёне Камароўкі (С.К. і У.С.Амельянюкі, В.С.Жудро, Заяц, А.В.Каліноўскі, А.П.Макаранка, І.М.Цімчук, М.А.Шугаеў), ў Кастрычніцкім раёне з б. работнікаў рэсп. канторы Белнафтазбыту (К.Дз.Грыгор’еў, А.Л.Зубкоўскі, І.П.Жазінец, В.К.Нікіфараў, Г.М.Сямёнаў і інш.), з выкладчыкаў і студэнтаў юрыд. ін-та (М.Ф.Малаковіч, М.Б.Осіпава, А.А.Сакалова). Падполле фарміравалася ва ўмовах жорсткага акупацыйнага рэжыму. Патрыёты вялі агітацыю сярод насельніцтва, распаўсюджвалі газеты, што паступалі з тылу, выводзілі са строю абсталяванне на вытворчасці, зрывалі мерапрыемствы акупац. улад. Восенню 1941 пры актыўным удзеле ўпаўнаважанага ЦККП(б)Б І.К.Кавалёва створаны Мінскі падп. гарком КП(б)Б і Ваен. савет партыз. руху (ВСПР). У склад гаркома ўваходзілі Кавалёў (сакратар), Грыгор’еў, Жудро, Заяц, Казінец, Коцікаў, Нікіфараў, І.І.Рогаў, Сямёнаў. Стварэнне гаркома завяршыла аб’яднанне падп. груп і арг-цый горада ў адно арганізац. цэлае. У кастр.—снеж. 1941 гарком даў жыццё першым на Міншчыне партыз. атрадам «Дзядзькі Васі», Сяргеева, Пакроўскага. Па яго заданнях збіраліся звесткі пра размяшчэнне ў горадзе і наваколлі ваен. аб’ектаў, штабоў, складоў, бензабаз ворага, наладжваліся сувязі з надзейнымі людзьмі на перыферыі, арганізоўваліся ўладкаванне б. ваеннаслужачых на работу, матэрыяльная дапамога падпольшчыкам. Найб. важныя звесткі перапраўляліся ў партыз. атрады, адтуль — за лінію фронту. У пач. 1942 ВСПР аб’ядноўваў больш за 300 чал., ажыццяўляў кантакты з партыз. атрадамі, што дзейнічалі ў Дзяржынскім, Заслаўскім, Лагойскім, Плешчаніцкім і Рудзенскім р-нах; з яго ўдзелам створана некалькі атрадаў, куды савет накіроўваў камандзіраў і палітработнікаў. У канцы 1941 гарком і ВСПР арганізавалі першую падп. друкарню, дзе выпускаўся перыяд. лісток «Вестник Родины», зводкі Саўінфармбюро, лістоўкі; у маі 1942 выйшаў 1-ы нумар падп.газ.«Звязда» (рэд. У.Амельянюк, 2—4-га нумароў — Я.М.Савіцкая). У 1941 у Мінску і наваколлі дзейнічала каля 50 падп. груп і арг-цый (больш за 2 тыс.чал.): на Балотнай станцыі, плодаагародніннай базе № 1, цагельным з-дзе № 1, ст. Мінск-Таварная, у гаражы Мінгаруправы, у в. Прылепы, група студэнтаў і выкладчыкаў юрыд. ін-та, у паравозным дэпо, на вагонарамонтным з-дзе, на ЦЭЦ-2, Старажоўскай хлебапякарні, цагельных з-дах № 2 і 3, на Грушаўскім пасёлку, цвіковым з-дзе, у інфекц. бальніцы, «Вера», на гарбарным і станкабуд. з-дах, у медпункце і на чыг. ст. Мінск-Пасажырскі, у Доме друку, Доме ўрада, на Пугачоўскім зав., у аптэцы № 1, на піўзаводзе, на чыг. вузле, у в. Ліпкі, ваен. гарадку Сцяпянка, у раёне вуліц Калгаснай, Маладзечанскай, Саўгаснай і Старавіленскай, на хлебзаводзе «Аўтамат», у друкарні Дома друку, на малочным з-дзе, хімфармзаводзе, на дрожджа-патачным з-дзе, «Красворд», на мэблевай ф-цы па вул. Апанскага, група настаўнікаў, на складзе бухгалтарскіх бланкаў, група Лагойскага падп. райкома КП(б)Б, у раёне вуліц Р.Люксембург і К.Лібкнехта, на радыёзаводзе, у гаражы гаруправы, «Каўказ», медработнікаў, арг-цыя «Андруша». У складзе М.п.п. з ліп. 1941 дзейнічала камсам.-маладзёжнае падполле (кіраўнік С.А.Благаразумаў), створанае гаркомам КП(б)Б і структурнымі органамі ЛКСМБ: на радыёзаводзе, вагонарамонтным, гарбарным, цвіковым з-дах, на Балотнай станцыі, на чыг. вузле, арг-цыя «Андруша» (больш за 60 чал.). У снеж. 1942 пасля арышту і пакарання смерцю Благаразумава Мінскі падп. міжрайком ЛКСМБ стварыў Мінскі падп. гарком ЛКСМБ (дыслацыраваўся ў Заслаўскім р-не), які праз сувязных узначаліў маладзёжны падп. рух у Мінску. У першыя месяцы пасля стварэння гета (19.7.1941) яго вязні стварылі «дзесяткі» і інш. групы, якія адыгралі важную ролю ў наладжванні сувязі з гар. падполлем, арганізацыі матэрыяльнай і фінансавай дапамогі падполлю і партызанам, зборы сакрэтнай інфармацыі, перапраўцы вязняў у партызаны.
Гарком і ВСПР сваю дзейнасць накіроўвалі ў адпаведнасці з падзеямі на фронце: у снеж. 1941, у час бітвы пад Масквой, група падпольшчыкаў учыніла дыверсію, у выніку якой на 10 дзён спыніўся рух ням. эшалонаў на фронт; на ЦЭЦ-2 зрывалі падачу электраэнергіі на ваен. аб’екты ворага (выводзілі са строю абсталяванне, зацягвалі яго рамонт, сапсавалі прылады гал. пульта). Недастатковая канспірацыя ў арганізацыі некаторых аперацый прывяла ў сак. 1942 да арышту і гібелі кіраўнікоў (П.І.Антохін, Рогаў) і многіх членаў ВСПР і да спынення дзейнасці гэтай арг-цыі. У сак.—крас. ахвярамі ням. рэпрэсій сталі члены арг-цый і груп падполля, вязні гета. Пасля катаванняў 7.5.1942 публічна пакараны смерцю 28 кіраўнікоў і актывістаў, у т. л.чл. гаркома Казінец, Заяц, Сямёнаў, расстраляны 251 падпольшчык. Але актыўная барацьба з акупантамі працягвалася. У пач. мая на канспіратыўнай кватэры М.П.Дразда адбылася нарада актыву падполля з 14 чал., на якой вырашаліся пытанні ўдасканалення арганізац. структуры і канспірацыі падполля. У склад гаркома давыбраны У.Амельянюк (пасля яго гібелі К.І.Хмялеўскі) і Караткевіч, выйшаў са складу Грыгор’еў Былі створаны 5 падп.гар. райкомаў КП(б)Б: Варашылаўскі (сакратар Шугаеў), Кастрычніцкі (Хмялеўскі, з вер. М.К.Каржанеўскі), Сталінскі (Н.Я.Герасіменка), Тэльманаўскі (раён гета, М.Л.Гебелеў), Чыгуначны (Коцікаў, з вер. І.І.Матусевіч). Пад кіраўніцтвам і пры ўдзеле гаркома адноўлена і пашырана сетка падп. арг-цый. З удзелам падпольшчыкаў да 1943 створана каля 20 партыз. атрадаў, брыгады «Дзядзькі Колі», «Стары», «Штурмавая». У выніку прапагандысцкай работы падпольшчыкаў 357 чал. з укр. ахоўных батальёнаў, больш за 150 салдат-антыфашыстаў (бельгійцы, немцы, палякі, сербы, славакі і інш.) перайшлі да партызан. Падпольшчыкі сістэматычна адпраўлялі партызанам зброю, выбуховыя прылады, радыёпрыёмнікі, пішучыя машынкі, паперу, соль, вопратку, бінты і інш., у т. л. члены падп. арг-цыі на Грушаўскім пас. і хлебазаводзе «Аўтамат» адвезлі брыгадзе Нікіціна машыну з хлебам; з хімзавода ў 11 атрадаў перадалі медыкаменты і перавязачныя матэрыялы; з гарбарнага з-да тром атрадам — больш за 100 кажухоў, футравых безрукавак, некалькі соцень аўчынных шапак, рукавіц, 13 шавецкіх машын; са станкабуд. з-да вывозілі сакрэтную тэхн. дакументацыю; па заданні гаркома ў бюро пропускаў гар. камісарыята каля 2 гадоў працаваў З.З.Гала, які забяспечваў нелегалаў бланкамі пропускаў, узорамі ням. пячатак, подпісаў, папярэджваў пра аблавы і інш. карныя мерапрыемствы акупантаў; прафесар Я.У.Клумаў разам з інш. медыкамі лячыў параненых патрыётаў, забяспечваў падполле і партызан медыкаментамі, хірург. інструментам, поўнасцю абсталяваў 2 партыз. шпіталі. Ва ўзаемадзеянні з партызанамі падпольшчыкі правялі шэраг дыверсій у авіямайстэрнях, на станкабуд. і хіміка-фармацэўтычным з-дах, чыг. вузле, прыводзілі ў непрыгоднасць на складах акупантаў харч. прадукты, парушалі тэлефонную сувязь і інш. Пад уплывам гаркома дзейнічалі Дзяржынскае патрыятычнае падполле, Тарасава-Ратамскае патрыятычнае падполле. У канцы 1942 — пач. 1943 пасля жорсткіх допытаў загінулі сакратар гаркома Кавалёў, чл. гаркома Караткевіч, Хмялеўскі, Нікіфараў, сакратары гаррайкомаў Герасіменка, Каржанеўскі, Матусевіч, Шугаеў, шмат актывістаў падполля. З вер. 1942 (час арышту кіраўнікоў падполля) да вер. 1943 у Мінску не існавала адзінага падп. кіруючага цэнтра. Партызаны выходзілі на падполле праз сувязных. У крас. 1943 акупанты правялі карную аперацыю «Чароўная флейта», у адказ на якую падпольшчыкі ўчынілі шэраг дыверсій на прадпрыемствах горада. У час Курскай бітвы 1943 чыгуначнікі затрымалі і пашкодзілі 155 паравозаў. Пасля вял. страт у антыфаш. руху Мінска ў 1943 ЦККП(б)Б, падп. Мінскі абком, Мінскі і Слуцкі міжрайкомы, Барысаўскі міжрайпартцэнтр, Дзяржынскі, Заслаўскі, Лагойскі, Мінскі, Рудзенскі, Смалявіцкі, Чэрвеньскі райкомы, камандаванне партыз. фарміраванняў, што былі звязаны з М.п.п., прынялі дадатковыя меры для працягу антыфаш. барацьбы. 29.9.1943 ЦККП(б)Б зацвердзіў прапанову Мінскага падп. абкома пра стварэнне Мінскага падп. гаркома КП(б)Б (сакратары С.К.Ляшчэня, Г.М.Машкоў, І.П.Паромчык, базіраваўся ў партыз. зоне пры спецатрадзе НКДБСССР «Мясцовыя»), які накіроўваў дзейнасць падполля ў горадзе праз спец.партыз. сувязных. 22.9.1943 падпольшчыцы А.Р.Мазанік, Осіпава, Н.В.Траян здзейснілі падрыхтаванае падполлем знішчэнне ген. камісара Беларусі В.Кубэ. Восенню 1943 акупанты правялі ў горадзе новыя карныя мерапрыемствы, у т. л. амаль поўнасцю знішчылі гета. Да канца 1943 сетка падп. утварэнняў ахапіла амаль увесь горад. Узніклі падп. групы на хлебазаводзе «Аўтамат», у Кастрычніцкім р-не, чыг. упраўленні па вул. Апанскага, на вул. Грушаўскай, з работнікаў грабянёвай ф-кі, гаруправы, хлебазавода № 1, Бел. тэатра, на чыг. вузле, «Першыя», «Суседзі», «Чацвёртыя», «Родныя», «Юрый», «Мсцівец», «Актыўныя», «Артур», арг-цыі «Танюша» на радыёзаводзе, вул. Грунтавая, «Зубілкін», «Галя», «Тамара», «Таццяна», «Роберт», «Адам», «Крылоў», «Вырві вока», «Віктар», «Уладзімір». Толькі ў 1944 у горадзе было зарэгістравана больш за 60 дыверсій, учыненых падпольшчыкамі. За час акупацыі ў горадзе дзейнічала больш за 90 падп. груп і арг-цый (6355 чал.), існавала больш за 200 канспіратыўных кватэр; падпольшчыкі правялі больш за 1500 баявых аперацый. У перыяд адступлення захопнікаў падпольшчыкі перашкаджалі ім у знішчэнні прамысл. і адм. будынкаў, вывазе і знішчэнні нарабаванай маёмасці і харч. прадуктаў. За гераізм і мужнасць у барацьбе супраць ням.-фаш. акупацыі У.С.Амельянюку, І.П.Казінцу, Я.У.Клумаву, І.К.Кабушкіну, М.А.Кедышку, А.Р.Мазанік, М.Б.Осіпавай, Н.В.Траян прысвоена званне Героя Сав. Саюза, каля 600 чал. узнагароджаны ордэнамі і медалямі СССР. 26.6.1974 Мінску нададзена ганаровае званне «Горад-герой». Імёнамі падпольшчыкаў Адзінцова, Амельянюка, Гала, Герасіменкі, Дразда, Жудро, І.К.Кабушкіна, Кавалёва, Казінца, Караткевіча, Каржанеўскага, М.А.Кедышкі, Клумава, А.М.Ляўкова, Матусевіча, Сямёнава, Хмялеўскага, В.Д.Шацько названы вуліцы Мінска. Месцы, звязаныя з дзейнасцю падполля і гібеллю падпольшчыкаў, адзначаны мемар. знакамі.
Літ.:
О партийном подполье в Минске в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 — июль 1944 гг.). Мн., 1961;
Савицкая Я.М. Бойцы подпольного фронта. Мн., 1982;
В непокоренном Минске: Док. и материалы о подпол. борьбе сов. патриотов в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 — июль 1944). Мн., 1987;
Лещеня С.К. С паролем горкома. 2 изд. Мн., 1988;
Доморад К.И. Партийное подполье и партизанское движение в Минской области, 1941—1944. Мн., 1992;
Мінскае антыфашысцкае падполле. Мн., 1995.
Я.І.Бараноўскі, І.М.Ігнаценка.
Да арт.Мінскае патрыятычнае падполле. Помнік падпольшчыкам у Цэнтральным скверы.Да арт.Мінскае патрыятычнае падполле. Мемарыяльная дошка на вул. Караля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́РКТЫКА,
паўночная палярная вобласць Зямлі, якая ўключае паўн. ўскраіны Еўразіі і Паўн. Амерыкі (акрамя паўд. часткі Грэнландыі і п-ва Лабрадор), амаль увесь Паўн. Ледавіты акіян з астравамі (акрамя Усх. і Паўд. Нарвежскага мора) і прылеглыя часткі Атлантычнага і Ціхага акіянаў. Паўд. мяжа на сушы суадносіцца з паўд. мяжой зоны тундры (ізатэрма 10 °C самага цёплага месяца — ліп. ці жніўня). Пл. 27 млн.км² (часам мяжой Арктыкі лічаць лінію Паўн. палярнага круга, тады пл. Арктыкі 21 млн.км²). У Паўн. Амерыцы найб. плошчы займаюць невысокія (выш. 400—700 м) узгоркавыя пласкагор’і (Арктычнае плато і інш.). Самыя высокія горы на У Грэнландыі (3700 м, г. Гунб’ёрн), Бафінавай Зямлі і в-ве Элсміра. У рэльефе сушы Еўразіі пераважаюць раўніны. Месцамі ўчасткі гор (горы Быранга на п-ве Таймыр). Многія астравы ўкрыты ледавікамі; пл. ледавікоў Арктыкі 2 млн.км². Карысныя выкапні: каменны і буры вугаль, лігніт, каменная соль, руды каляровых металаў. У мацерыковай ч. многа рэк, якія замярзаюць на 8—10 месяцаў, невял. азёры (воз. Таймыр). У Паўн. Ледавітым ак. вылучаюць шэльф (глыб. 200—300 м), заняты ўскраіннымі морамі (Бафіна, Бофарта, Чукоцкім, Усх.-Сібірскім, Лапцевых, Карскім, Баранцавым, Грэнландскім) і а-вамі мацерыковага паходжання (Канадскі Арктычны Архіпелаг, Новасібірскія а-вы, Паўн. Зямля, Новая Зямля, Зямля Франца-Іосіфа, архіпелаг Шпіцберген і інш.), і дно — глыбакаводную частку, абмежаваную з Пд краем шэльфа Еўразіі і Паўн. Амерыкі. Пл. каля 5,3 млн.км², найб.глыб. 5527 м (упадзіна Літке). Падводныя хр. Ламаносава, Гакеля і Мендзялеева падзяляюць дно на падводныя катлавіны Канадскую, Макарава, Амундсена, Нансена і інш. Працяглая палярная ноч, нізкія значэнні радыяц. балансу (пры адмоўных сярэдніх т-рах студз. ад -30 да -34 °C, ліп. каля 0 °C), фарміраванне Арктычнага антыцыклону, інтэнсіўная цыкланічная дзейнасць спрыяюць існаванню дрэйфуючага ледавіковага покрыва шматгадовых (пакавых) ільдоў. Ледавітасць марскіх акваторый Арктыкі каля 11 млн.км² зімой і каля 8 млн.км² летам. Цыркуляцыя водаў і льдоў вызначаецца водаабменам з Атлантычным і Ціхім акіянамі. Салёнасць 30—32‰. Скорасць дрэйфу лёду і пастаянных цячэнняў 2—4 км за суткі. Панаванне арктычных паветраных масаў, арктычнага клімату, наяўнасць шматгадовай мерзлаты абумовілі існаванне ландшафтаў ледзяных пустыняў, хмызняковай тундры (карлікавая бяроза, вярба, багун) і арктычных пустыняў зоны на прымітыўных арктычных глебах. Жывёльны свет: белы мядзведзь, пясец, паўн. алень, аўцабык; з птушак — белая сава, тундравая курапатка, рагаты жаваранак, «птушыныя кірмашы» (гагі, гусі, казаркі, тундравы лебедзь). У водах Арктыкі 70 відаў фітапланктону і каля 80 розных формаў зоапланктону. У морах — маржы і цюлені. Прамысловыя рыбы: селядзец, траска, пікша, марскі акунь і інш.
У 1937 у раёне полюса была арганізавана першая сав. дрэйфуючая ст. «Паўночны полюс» пад кіраўніцтвам І.Дз.Папаніна. Вялікая роля ў асваенні Арктыкі належыць Паўн. марскому шляху. У сучасным міжнар. праве замацаваны падзел Арктыкі на 5 сектараў у адпаведнасці з паўн. граніцамі Расіі, ЗША (Аляска), Канады, Даніі (Грэнландыя) і Нарвегіі, бакавыя межы — мерыдыяны, вяршыня — Паўн. полюс. Усе землі і астравы ў межах кожнага сектара ўваходзяць у склад тэр. прылеглых дзяржаў.
Літ.:
Арикайнен Л.И. Сквозь льды Арктики. М., 1982;
Яго ж. Во льдах Североамериканской Арктики. Л., 1989.
В.Ю.Панасюк.
Да арт.Арктыка. Арктычны ландшафт.Да арт.Арктыка. Белая сава.Да арт.Арктыка. Статак маржоў у Чукоцкім моры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ ЭНЦЫКЛАПЕ́ДЫЯ» імя Петруся Броўкі,
выдавецтва Дзярж.к-та па друку Рэспублікі Беларусь. Засн. ў Мінску 1.1.1967 як Гал. рэдакцыя Бел.Сав. Энцыклапедыі пры АН Беларусі на правах НДІ, з 1.1.1975 у сістэме Дзяржкамдруку БССР, у 1980 пераўтворана ў выдавецтва, прысвоена імя П.Броўкі. Спалучае выдавецкую дзейнасць з навукова-даследчай. Спецыялізуецца на падрыхтоўцы і выданні універсальных, рэгіянальных і галіновых энцыклапедый, энцыклапедычных даведнікаў і слоўнікаў, тлумачальных, перакладных і інш. слоўнікаў бел. мовы. Падрыхтавала і ў 1969—75 выдала 12-томную «Беларускую Савецкую Энцыклапедыю» — універсальны даведнік па ўсіх галінах ведаў, першую шматтомную энцыклапедыю ў гісторыі бел. народа (Дзярж. прэмія Беларусі 1976). У выд-ве выйшлі таксама: «Беларуская ССР. Кароткая энцыклапедыя» (т. 1—5, 1978—82, паралельна на бел. і рус. мовах), «Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі» (т. 1—5, 1984—87), «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» (т. 1—7, 1984—88; Дзярж. прэмія Беларусі 1990), «Энцыклапедыя прыроды Беларусі» (т. 1—5, 1983—86; сярэбраны медаль праграмы ААН па навакольным асяроддзі 1984), «Энцыклапедыя гісторыі Беларусі» ў 6 т. (т. 1—2, 1993—94), «Ілюстраваная храналогія гісторыі Беларусі» (ч. 1—2, 1995—96), біябібліяграфічны даведнік «Беларускія пісьменнікі» (т. 1—6, 1992—95), «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» (т. 1—5, 1977—84), «Беларуска-рускі слоўнік» (т. 1—2, 2-е выд. 1988—89), «Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы» І.Я.Лепешава (т. 1—2, 1993), «Руска-беларускі слоўнік» (т. 1—3, 6-е выд. 1995) і інш. Выдаюцца серыі: гісторыка-дакумент. хронік «Памяць» (з 1985, пра кожны раён Беларусі), энцыклапедычных даведнікаў пра гарады Беларусі (з 1976, «Мінск», «Брэст», «Віцебск», «Гродна», «Магілёў», «Гомель»), пра жывёльны і раслінны свет Беларусі (з 1986), энцыклапедычныя даведнікі для дзяцей, «Энцыклапедычная бібліятэчка «Беларусь» (з 1978, выдадзена 25 кніг), трохмоўных слоўнікаў (англа-, нямецка-, французска-, беларуска-рускіх) і інш. У ліку 1-томных энцыклапедычных даведнікаў: «Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка» (на рус. мове, 1978), «Навечна ў сэрцы народным» (3-е выд., на рус. мове, 1984), «Іх імёнамі названы...» (на рус. мове, 1987), «Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945» (1990), «Этнаграфія Беларусі» (1989), «Янка Купала» (1986), «Францыск Скарына і яго час» (1988; на рус. мове, 1990), «Статут Вялікага княства Літоўскага 1588» (1989), «Прафесіі рабочых» (на рус. мове, 1980), «2000 прафесій...» (на рус. мове, 1986), «Меліярацыя» (на рус. мове, 1984), «Прырода Беларусі» (2-е выд., на рус. мове, 1989), «Бульба» (на рус. мове, 1988 і 1994), «Чырвоная кніга Беларускай ССР» (2-е выд. 1993), «Акадэмія навук Беларускай ССР» (1978; на рус. мове, 1979), зводны каталог «Кніга Беларусі, 1517—1917» (1986), «Энцыклапедыя маладой сям’і» (8-е выд., на рус. мове, 1995), «Здароўе» (на рус. мове, 1990), «Культура харчавання» (3-е выд., на рус. мове, 1993), «Фатаграфія» (на рус. мове), «Юрыдычны энцыклапедычны слоўнік» (абодва 1992), «Архітэктура Беларусі», «Археалогія і нумізматыка Беларусі» (абодва 1993); «Мысліцелі і асветнікі Беларусі, X—XIX стст.», «Беларусь», «Ветэрынарная энцыклапедыя» (усе 1995), «Чарнобыль» (1996). Сярод факсімільных выданняў: «Слоўнік беларускай мовы» І.І.Насовіча (1983), «Біблія Скарыны» (т. 1—3, 1990—91), «Жывапісная Расія» (1993, 2-е выд. 1994) і інш. У 1996 выйшаў 1-ы том 18-томнай універсальнай Беларускай энцыклапедыі.
Галоўныя рэдактары П.У.Броўка (1967—80), І.П.Шамякін (1980—92), М.А.Ткачоў (1992), Б.І.Сачанка (1993—95), Г.П.Лашкоў (з 1996).