САМА́РСКІ (Аляксандр Андрэевіч) (н. 19.2.1919, с. Новаіванаўскае Амвросіеўскага р-на Данецкай вобл., Украіна),
расійскі матэматык, адзін з заснавальнікаў тэорыі матэм. мадэліравання і выліч. эксперыменту. Акад.Рас.АН (1976; чл.-кар. 1966). Замежны чл.Нац.АН Беларусі (2000). Герой Сац. Працы (1979). Скончыў Маскоўскі ун-т (1945). З 1953 у Ін-це прыкладной матэматыкі АНСССР, з 1990 у Ін-це матэм. мадэліравання Рас.АН (у 1990—98 дырэктар). Навук. працы па матэм. фізіцы, тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў, тэорыі нелінейных працэсаў, выліч. матэматыцы. Пабудаваў агульныя тэорыі рознасных схем, ітэрацыйных метадаў рашэння сетачных ураўненняў. Распрацаваў новыя прынцыпы апраксімацыі шматмерных задач, аналітычныя і лікавыя метады рашэння актуальных задач ядз. фізікі, фізікі плазмы, цеплаправоднасці і інш. Правёў разлік атамнага выбуху і дынамікі выбуху тэрмаядз. зараду. Сааўтар адкрыцця эфекту Т-слоя ў плазме, адзін са стваральнікаў тэорыі рэжымаў з абвастрэннем у нелінейных суцэльных асяроддзях. Дзярж. прэмія СССР 1954. Ленінская прэмія 1962.
Тв.:
Математическое моделирование: Идеи. Методы. Примеры. М., 1997 (разам з А.П.Міхайлавым);
Разностные схемы с операторными множителями. Мн., 1998 (разам з П.М.Вабішчэвічам, П П.Матусам);
Уравнения математической физики. 6 изд. М., 1999 (разам з А.М.Ціханавым);
Численные методы математической физики. М., 2000 (разам з А.У.Гуліным).
Літ.:
А.А.Самарский: (К 80-летию со дня рождения) // Дифференц. уравнения. 1999. Т. 35, № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САФО́КЛ (Sophoklēs; каля 496 да н.э., Калон, каля Афін — 406 да н.э.),
старажытнагрэчаскі драматург. Займаў важныя дзярж. пасады, прымыкаў да групоўкі Перыкла. Паводле ант. крыніц, аўтар 123 драм. твораў (каля 90 трагедый і каля 25 сатыраўскіх драм). Перамагаў у шматлікіх (да 24) спаборніцтвах трагічных паэтаў. Цалкам зберагліся 7 трагедый: «Аякс» (да 422), «Антыгона» (каля 441), «Трахінянкі», «Эдып-цар» (каля 425), «Электра», «Філактэт» (паст. 409), «Эдып у Калоне» (паст. 401); часткова — сатыраўская драма «Следапыты» (апубл. 1912) і каля 1100 фрагментаў інш. твораў. Тэматыка твораў С. засн. на вядомых цыклах стараж.-грэч. міфаў: траянскага, фіванскага, міфаў пра атрыдаў і Геракла. У трагедыях дамінуе герой, які ў поўнай меры адказвае за свае паводзіны; канфлікт трагедый вынікае з яго характару, прынятых ім рашэнняў і зробленых учынкаў; ход падзей залежыць ад гэтага, а не ад знешніх абставін. У пакутах герояў С. бачыў не толькі здзяйсненне боскай кары, але і крыніцу маральнага ачышчэння, верыў у магчымасць боскай справядлівасці. С. — рэфарматар стараж.-грэч. трагедыі: увёў на сцэну трэцяга акцёра, павялічыў склад хору (ад 12 да 15), узмацніў у ім ролю карыфея. Трагедыі С. (найперш «Эдып-цар» і «Антыгона») і сёння ўваходзяць у рэпертуар т-раў свету. На бел. мову яго трагедыі пераклаў Ю.Дрэйзін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІРЫ́ДАЎ (Георгій) (Юрый) Васілевіч (16.12.1915, г. Фацеж Курскай вобл., Расія — 6.1.1998),
расійскі кампазітар, піяніст, муз.-грамадскі дзеяч. Нар.арт.СССР (1970). Герой Сац. Працы (1975).
Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1941). Вучань П.Разанава, Дз.Шастаковіча. Значнае месца ў яго творчасці займалі жанры, звязаныя са словам; гал. тэма — Радзіма; яе лёс. Наследаваў і ўвасабляў традыцыі рус. пеўчай культуры, арганічна спалучаў яе з дасягненнямі мастацтва 20 ст. Музыка вызначаецца натуральнасцю, непаўторнасцю, рытмамі, уласцівымі жывой мове. Абнавіў жанры араторыі, кантаты, раманса, песні. Сярод твораў: муз. камедыі, у т. л. «Агеньчыкі» (1951), творы для голасу, хору і арк., у т. л. «Патэтычная араторыя» (словы У.Маякоўскага, 1959), «Курскія песні» (словы нар., 1964), арк. сюіта «Час, уперад!» (1965), «Мяцеліца» (муз. ілюстрацыі да аднайм. аповесці А.Пушкіна, 1974), сімфонія для струн. арк. (1940), музыка для камернага арк. (1964), трыо для скрыпкі, віяланчэлі і фп. (1945); фп. саната (1944), 2 партыты (1947), «Альбом п’ес для дзяцей» (1948); 3 хары з музыкі да драмы А.Талстога «Цар Фёдар Іаанавіч» (1973), для хору з суправаджэннем «Пушкінскі вянок» (1979) і інш., рамансы, песні; апрацоўка нар. песень, музыка да спектакляў драм.т-ра і кінафільмаў. Яго творчасць моцна паўплывала на развіццё рас. музыкі. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1968, 1980. Ленінская прэмія 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРДЗЮКО́Ў (Анатоль Мікалаевіч) (н. 15.5.1944, пас.Герой Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. фізік-тэарэтык. Чл.-кар.Нац.АН Беларусі (1996), д-рфіз.-матэм.н. (1987), праф. (1988). Скончыў Гомельскі пед.ін-т (1965). З 1965 у Ін-це фізікі АН Беларусі, з 1973 у Гомельскім ун-це (з 1979 заг. кафедры, у 1990—96 прарэктар). Навук. працы па электрадынаміцы і акустыцы гіратропных і хіральных асяроддзяў, тэорыі гравітацыі. Устараніў супярэчнасці, што існавалі ў тэорыях натуральнай гіратрапіі, правёў узгадненне электрадынамічных ўраўненняў з гранічнымі ўмовамі і законамі захавання, устанавіў узаемасувязь паміж рознымі спосабамі фенаменалагічнага апісання гіратрапіі. Пабудаваў самаўзгодненую тэорыю выпрамянення, распаўсюджвання, адбіцця, паглынання, рассеяння і нелінейнага ўзаемадзеяння хваль у хіральных асяроддзях. Разам з інш. выказаў ідэю гіратропнай (спінавай) палярызавальнасці элементарных часціц, даследаваў магчымасці выкарыстання прынцыпу калібровачнай інварыянтнасці ў скалярнай мадэлі гравітацыйнага поля.
Тв.:
К феноменологической теории естественной оптической активности (разам з Б.В.Бокуцем) // Журн. эксперимент. и теорет. физики. 1971. Т. 61, №5;
Основы теоретической кристаллооптики. Ч. 1—3. Гомель, 1977—78 (з ім жа);
К вопросу о поляризуемости и гирации элемент. частиц в полевой теории (разам з Л.Р.Марозам, М.В.Максіменкам) // Ковариантные методы в теоретической физике: Физика элемент. частиц и теория относительности. Мн., 1981;
Electromagnetics of bi-anisotropic materials: Theory and applications. Amsterdam, 2001 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАНДЭРБЕ́Г [Scanderbeg, Skenderbeu; сапр.Кастрыёці (Kastrioti) Георг, каля 1405—17.1.1468],
кіраўнік вызв. барацьбы алб. народа супраць асманскіх заваёўнікаў, нац.герой Албаніі. Паходзіў з княжацкага роду Кастрыёці. У дзіцячым узросце ўзяты заложнікам да тур. султана Мурада II. Служыў у тур. арміі, удзельнічаў у многіх войнах, выявіў ваен. здольнасці. За ваен. заслугі атрымаў тытул бея і ў гонар Аляксандра Македонскага названы Іскандэрам (адсюль С. — скажонае Іскандэр-бей). Спакваля рыхтаваўся да барацьбы супраць тур. султана, кантактаваў з яго ўнутр. і знешнімі праціўнікамі, вёў перагаворы з Я.Хуньядзі. Пасля пераможнай для венг. арміі бітвы з тур. войскамі каля Ніша (3.11.1443) С. з атрадам у 300 вершнікаў пакінуў тур. лагер і прыбыў у Дыбру. Абапіраючыся на свабодных сялян, пачаў паход, накіраваны на выгнанне турак з алб. зямель. Неўзабаве ён заняў Крую, 28 ліст. абвешчаны галавой княства Кастрыёці. Выгнаў тур. гарнізоны з шэрагу крэпасцей і ўсталяваў незалежную ад туркаў уладу на частцы тэр. краіны. У 1444 засн. лігу алб. князёў і стаў яе кіраўніком, стварыў і ўзначаліў рэгулярную армію. На працягу 24 гадоў адбіваў спробы тур. захопнікаў аднавіць сваю ўладу на алб. землях (разгром тур. арміі ў 1444, 1457, абарона Круі ў 1450, 1466—67). У Албаніі ўстаноўлены ордэн С., яго імем названа гал. плошча ў Тыране, дзе яму ўстаноўлены помнік. На Беларусі імя С. вядома з помніка перакладной л-ры пач. 17 ст. — «Аповесць пра Скандэрбега».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКАЯ КРЭ́ПАСЦЬ,
комплекс абарончых збудаванняў 19 — пач. 20 ст. ў г.Брэст. Пабудавана ў 1830—42 на месцы стараж. цэнтра г. Брэст (горад перанесены на фарштаты) як частка сістэмы ўмацаванняў на З Расіі.
Месца для буд-ва крэпасці прапанаваў у 1797 ваен. інжынер Дэвалан. Будавалася паводле праекта (зацверджаны ў 1830) генералаў Малецкага, К.І.Опермана і палкоўніка А.І.Фельдмана. Некаторыя пабудовы старога горада былі пакінуты: у будынку кляштара езуітаў (пабудаваны ў 1623, адноўлены ў 1679) размяшчалася канцылярыя каменданта крэпасці; будынак кляштара базыльян (1629, пазней вядомы як Белы палац) быў перабудаваны пад афіцэрскае казіно; у кляштары бернардзінцаў (з 1781) у 1841—60 размяшчаўся Брэсцкі кадэцкі корпус, потым — вайсковы шпіталь. Першапачатковыя часовыя ўмацаванні ў 1833—42 ператвораны ў доўгатэрміновыя.
Крэпасць размяшчалася на 4 астравах, утвораных рукавамі р. Мухавец і Зах. Буг і сістэмай каналаў. Складалася з Цэнтр. ўмацавання (Цытадэль) і Цярэспальскага, Валынскага, Кобрынскага перадмаставых умацаванняў (агульная пл. 4 км²). Цытадэль — востраў, аперазаны крывалінейнай у плане замкнёнай 2-павярховай абарончай казармай (даўж. 1,8 км) з 4 брамамі — Цярэспальскай, Холмскай, Беластоцкай і Брэсцкай, якія мастамі злучалі цэнтр. востраў з перадмаставымі ўмацаваннямі. Мураваныя сцены казармы 2-метровай таўшчыні, з байніцамі і амбразурамі для вядзення агню са стралк. зброі і гармат; у 500 казематах казармы магло размясціцца больш за 12 тыс. салдат. Архітэктурным цэнтрам Цытадэлі была гарнізонная Мікалаеўская царква (1856—79, арх. Д.Грым), пабудаваная на самым высокім месцы. Кобрынскае ўмацаванне, узведзенае на месцы Кобрынскага прадмесця, складалася з 4 бастыённых фортаў і 3 равелінаў. З Цытадэллю яно было злучана Брэсцкай і Беластоцкай (Брыгіцкай) брамамі і мастамі цераз р. Мухавец. Цярэспальскае ўмацаванне, пабудаванае на левым беразе Зах. Буга, мела 4 земляныя люнеты, злучаныя ровам. Цярэспальскай брамай і канатным мостам (самым вял. на той час у Расіі) цераз Зах. Буг яно злучалася з Цытадэллю. Валынскае ўмацаванне створана на месцы стараж. дзядзінца Брэста, складалася з 2 бастыённых фортаў з 2 равелінамі; з Цытадэллю было злучана Холмскай брамай і пад’ёмным мостам цераз Мухавец. Холмская брама мела 4 вежы з зубцамі. Над уязным праёмам Цярэспальскай брамы былі 4 ярусы вузкіх акон-байніц, над якімі пазней была надбудавана 5-ярусная вежа з дазорнай пляцоўкай. Па вонкавай лініі крэпасці праходзіў земляны вал выш. да 10 м з цаглянымі казематамі, за ім пракапаны каналы з перакінутымі цераз іх мастамі. Перадмаставыя ўмацаванні злучаліся з прылеглай да крэпасці тэрыторыяй праз Паўн., Паўн.-Зах., Усх., Паўд. брамы і Варшаўскі праезд.
На пач. свайго існавання крэпасць была адным з самых дасканалых умацаванняў Рас. імперыі. У 1864 пачалася яе рэканструкцыя. У 1878 зацверджаны план буд-ва перадавых умацаванняў. Да 1888 на адлегласці 3—4,5 км адзін ад аднаго збудаваны 9 фортаў, у кожным з якіх можна было размясціць каля 200 чалавек і да 20 гармат, даўж. абарончай лініі дасягнула 30 км. У 1912 зацверджаны ген. план пашырэння крэпасці на 1912—21. Летам 1913 пачата буд-ва, якое закончана да кастр. 1914. Крэпасць магла вытрымаць аблогу да 8 месяцаў. У 1-ю сусв. вайну па загадзе Вярх. камандавання 8—12.8.1915 гарнізон, крапасное ўзбраенне, баявыя запасы, маёмасць былі эвакуіраваны, частка ўмацаванняў узарвана. З 15.8.1915 да канца 1-й сусв. вайны крэпасць займалі герм. войскі. Тут падпісаны Брэсцкі мір 1918. Паводле ўмоў Рыжскага мірнага дагавора 1921 Брэст з крэпасцю адышоў да Польшчы. На пач. 2-й сусв. вайны ў вер. 1939 ням.-фаш. войскі бамбілі крэпасць, пашкодзілі частку яе абарончых збудаванняў. 17.9.1939 ням. войскі пасля ўпартых баёў з польскім гарнізонам захапілі крэпасць. 22 вер. ў адпаведнасці з сакрэтным пратаколам да савецка-герм. пакта аб ненападзе (23.8.1939) у горад і крэпасць увайшла Чырв. Армія. Знаходжанне герм. войскаў у Брэсце скончылася сумесным з Чырв. Арміяй парадам і абменам сцягамі. У сувязі з развіццём ваен. тэхнікі крэпасць страціла ваен. значэнне, але разам з пабудаванымі ў ёй 2 дотамі ўвайшла ў Брэсцкі ўмацаваны раён. 22.6.1941 гарнізон Брэсцкай крэпасці прыняў першыя ўдары ням.-фаш. арміі і больш за месяц трымаў абарону (гл.Брэсцкай крэпасці абарона 1941). 28.7.1944 у ходзе Люблін-Брэсцкай аперацыі 1944 Брэст і крэпасць вызвалены ад ням.-фаш. войск. У час вайны знішчаны або пашкоджаны амаль усе будынкі, якія мелі гіст. і маст. каштоўнасць. 8.5.1965 Указам Прэзідыума Вярх. Савета СССР Б.к. прысвоена ганаровае званне «Крэпасць-герой». У 1971 адкрыты мемарыяльны комплекс Брэсцкая крэпасць-герой. З 1982 на тэр. крэпасці дзейнічае археалагічны музей «Бярэсце». Іл.гл. ў арт.Абарончыя збудаванні.
Літ.:
Аникин В.И. Брестская крепость — крепость-герой. 2 изд. М., 1985;
(Свод памятников истории и культуры Белоруссии: Брестская обл. Мн., 1990.
В.І.Анікін (архітэктура).
Да арт.Брэсцкая крэпасць. Белы палац. Здымак пач. 20 ст.Пяты форт Брэсцкай крэпасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЙНЕ́КА (Леанід Мартынавіч) (н. 28.1.1940, в. Змітраўка 2-я Клічаўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1967). Працаваў на будоўлях, на Ніжнетагільскім металургічным камбінаце, на Віцебскай студыі тэлебачання, Бел. тэлебачанні. У 1972—89 адказны сакратар час. «Маладосць». З 1989 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1961. Аўтар зб-каў вершаў, у якіх услаўленне роднай зямлі і чалавека працы, роздум над гадамі вайны, маленства, жыццём вёскі («Галасы», 1969, «Бераг чакання», 1972, «Мая вясна саракавая», 1979, «Вечнае імгненне», 1985), зб. апавяданняў «Бацькава крыніца» (1976). Раманная дылогія «Людзі і маланкі» (1977) і «Запомнім сябе маладымі» (1979) раскрывае складаныя падзеі рэвалюцыі, грамадз. вайны, барацьбы з акупантамі, станаўлення бел. дзяржаўнасці ў 1917—19. Тэму горада асэнсоўвае ў рамане «Футбол на замініраваным полі» (1987).
Барацьбу народа з крыжакамі ў 12 ст. паказаў у гіст. рамане «Меч князя Вячкі» (1987, Літ. прэмія СП Беларусі імя І.Мележа 1987). Славуты полацкі князь Усяслаў Чарадзей — геройгіст. рамана «След ваўкалака» (1988, разам з папярэднім раманам Дзярж. прэмія Беларусі імя К.Каліноўскага 1990). Ранні этап станаўлення стараж.бел.-літ. дзяржавы — ВКЛ — адлюстраваў у гіст. рамане «Жалезныя жалуды» (1990). Аўтар фантаст. рамана «Чалавек з брыльянтавым сэрцам» (1992). Некат. вершы Д. пакладзены на музыку.
Тв.:
Начныя тэлеграмы: Вершы і паэмы. Мн., 1974;
Сняжынкі над агнём: Вершы і паэмы. Мн., 1989.
Літ.:
Гілевіч Н. На свабодным дыханні // Гілевіч Н. У гэта веру. Мн., 1978;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕВЯ́ТКАЎ (Мікалай Дзмітрыевіч) (н. 11.4.1907, г. Волагда, Расія),
расійскі вучоны ў галіне электронікі. Акад. Расійскай АН (1968, чл.-кар. 1953). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Ленінградскі політэхн.ін-т (1931). Працаваў у Маскоўскім фіз.-тэхн. ін-це, Ін-це радыётэхнікі і электронікі АНСССР, інш.НДІ, навук.ВА «Выток». Навук. працы па вывучэнні газавага разраду, стварэнні газаразрадных прылад для аховы ліній сувязі, прылад і прыстасаванняў ЗВЧ-дыяпазону, мед. электроніцы. Гал. рэдактар час. «Радиотехника и электроника». Ленінская прэмія 1965. Дзярж. прэмія СССР 1949.
Тв.:
Разрядники для защиты линий слабого тока // Электричество. 1931. № 22;
Лазеры в клинической медицине. М., 1981;
Миллиметровые волны и их роль в процессах жизнедеятельности. М., 1991 (разам з М.Б.Голантам, А.У.Бецкім).
М.Дз.Дзевяткаў.
ДЗЕВЯТНА́ЦЦАТАЯ УСЕСАЮ́ЗНАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ КПСС.
Адбылася 28.6—1.7.1988 у Маскве; 4991 дэлегат прадстаўляў 18,9 млн. членаў партыі. Парадак дня: аб ходзе рэалізацыі рашэнняў XXVII з’езда КПСС, асн. выніках 1-й пал. 12-й пяцігодкі і задачах парт. арг-цый па паглыбленні працэсу перабудовы; аб захадах па далейшай дэмакратызацыі жыцця партыі і грамадства. Канферэнцыя прыняла шэраг рэзалюцый, паводле якіх гал. мэтамі перабудовы абвешчаны змена паліт. структуры сав. грамадства і перадача ўсёй улады ад КПСС Саветам нар. дэпутатаў; прапанавана (пазней унесена ў Канстытуцыю СССР) новая (больш складаная) структура з’езда нар. дэпутатаў і Вярх. Савета СССР; парт. арг-цыі зарыентаваны на больш паслядоўнае выкараненне бюракратызму і пашырэнне галоснасці; у нац. палітыцы прызнана неабходным актывізаваць развіццё самастойнасці саюзных рэспублік і аўтаномій.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАЛЁЎ (Сяргей Паўлавіч) (12.1.1907, г. Жытомір, Украіна — 14.1.1966),
савецкі вучоны і канструктар у галіне ракетабудавання і касманаўтыкі. Акад.АНСССР (1958, чл.-кар. 1953). Двойчы Герой Сац. Працы (1956, 1961). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча імя Баўмана (1930) і адначасова Маскоўскую школу лётчыкаў. З 1927 працаваў у авіяц. прам-сці. Адзін з арганізатараў, з 1932 нач. Групы вывучэння рэактыўнага руху, дзе ствараліся першыя сав. вадкасныя ракеты і праводзіліся іх выпрабаванні. З 1933 нам. дырэктара Рэактыўнага НДІ, з 1934 кіраўнік аддзела ракетных лятальных апаратаў. У 1942—46 нам.гал. канструктара па рэактыўных устаноўках для баявых самалётаў. Канструктар першых сав. шматступеньчатых балістычных ракет і ракетна-касм. сістэм, з дапамогай якіх запушчаны першы ў свеце ШСЗ, аўтам. міжпланетныя станцыі «Месяц», «Венера», «Марс», «Зонд». Пад яго кіраўніцтвам распрацаваны і запушчаны арбітальныя касм. караблі «Усход» і «Узыход», ажыццёўлены першы ў свеце касм. палёт чалавека (12.4.1961, Ю.А.Гагарын) і выхад чалавека ў космас (18.3.1965, А.А.Лявонаў), вывад на арбіту спадарожнікаў рознага прызначэння ( «Электрон», «Маланка-1», «Космас», «Зонд» і інш.). Рэпрэсіраваны ў 1938—44; знаходзіўся ў зняволенні на Калыме (1938-40); потым працаваў у КБ у Маскве (1940—42) і Казані (1942—44). Ленінская прэмія 1957. Імем К. названа буйное ўтварэнне (таласоід) на адваротным баку Месяца.
Тв.:
Творческое наследие академика С.П. Королева: Избр. тр. и док. М., 1980.
Літ.:
Голованов Я К. Королев: Хроника. Кн. 1. М., 1973. Яго ж. Королев: Факты и мифы. М., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОРЖ (Васіль Захаравіч) (псеўд.Камароў; 13.1.1899, в. Хорастава Салігорскага р-на Мінскай вобл. — 5.5.1967),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. руху на Беларусі ў Вял.Айч. вайну, ген.-маёр (1943), Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Ваен. акадэмію Генштаба (1946). Удзельнік партыз. руху ў Зах. Беларусі ў 1922—25. З 1931 у органах НКУСБССР. Удзельнік вайны ў Іспаніі 1936—39. З 1940 заг. сектара Пінскага абкома КП(б)Б. У Вял.Айч. вайну 26.6.1941 сфарміраваў і ўзначаліў у Пінскім р-не адзін з першых на Беларусі партыз. атрадаў, які з ліп. 1941 вёў баі з ням.-фаш. захопнікамі. Увосень 1941 на чале атрада разам з партызанамі Палесся і Піншчыны прайшоў рэйдам па раёнах Палескай і Мінскай абл. З жн. 1942 сакратар Пінскага падп. абкома КП(б)Б, з ліст. 1942 камандзір Пінскага партыз. злучэння. З 1949 нам. міністра лясной гаспадаркі БССР, у 1953—63 старшыня калгаса ў Салігорскім р-не. Аўтар успамінаў. Яго імем названы вуліцы ў Давыд-Гарадку, Лунінцы, Мінску, Пінску, Салігорску, Століне, в. Хорастава, плошча ў р.п. Мікашэвічы Лунінецкага р-на. У в. Хорастава помнік.
Тв.:
Народная борьба против фашистских оккупантов на Пинщине // Из истории партизанского движения в Белоруссии (1941—1944 гг.): (Сб. воспоминаний). Мн., 1961;
В первые дни войны // Славная дочь белорусского народа. 2 изд. Мн., 1962;
Моя борьба и труд // Нёман. 1998. № 2.
Літ.:
Щербаков А. Избранник солдатской судьбы // Люди легенд. М., 1968. Вып. 3;