сістэма забеспячэння і абслугоўвання састарэлых і непрацаздольных грамадзян, а таксама сем’яў, у якіх ёсць малыя дзеці. У Рэспубліцы Беларусь сістэма С.з. уключае: пенсіі, дапамогі працуючым (па часовай непрацаздольнасці, з прычыны цяжарнасці і родаў і г.д.), мнагадзетным і адзінокім маці, малазабяспечаным сем’ям, дзе ёсць дзеці; санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне; утрыманне і абслугоўванне састарэлых і інвалідаў у спец. установах (дамах-інтэрнатах для састарэлых і інвалідаў, дзяцей-інвалідаў і г.д.); пратэзаванне; прафес. навучанне і працаўладкаванне інвалідаў; ільготы інвалідам і мнагадзетным маці. Сродкі на С.з. засяроджаны ў Фондзе сац. абароны Мін-васац. абароны Беларусі, які не ўваходзіць у склад бюджэту краіны і фарміруецца за кошт узносаў наймальнікаў, страхавых узносаў асоб, што займаюцца прадпрымальніцкай дзейнасцю, абавязковых страхавых узносаў грамадзян і пэўных выдаткаў дзяржавы. Палажэнне аб Фондзе сац. абароны зацвярджаецца урадам. Памеры абавязковых страхавых узносаў у гэты фонд устанаўліваюцца законам. Сродкі фонду выкарыстоўваюцца толькі на мэтавае фінансаванне мерапрыемстваў па С.з. Гл. таксама Сацыяльнае страхаванне.
рэгіянальнае манапалістычнае аб’яднанне лесапрамыслоўцаў у Рас. імперыі ў пач. 20 ст. Створаны з мэтай процідзеяння спробам Саюза ўсх.-прускіх лесагандляроў і лесапрамыслоўцаў навязаць рас. лесаэкспарцёрам свае ўмовы экспарту лесу ў Германію. Саюз прадстаўляў інтарэсы лесапрамыслоўцаў Арлоўскай, Валынскай, Віленскай, Гродзенскай, Кіеўскай, Ковенскай, Мінскай, Магілёўскай і інш.губ., якія гандлявалі лесам і ляснымі матэрыяламі і транспартавалі іх па Вісле і Нёмане ў Кёнігсберг, Данцыг, Мемель, Бромберг і Торн (Германія). У 1909 аб’ём экспартных паставак саюза быў больш як на 30 млн.руб. Для абароны сваіх інтарэсаў перад герм. лесаімпартнымі арг-цыямі саюз выступаў за ўсталяванне спец. гавані ў Юрбургу, заснаванне ін-та прысяжных мершчыкаў, нарміраванне экспарту для Паўн.-Зах. краю. Саюз вёў перагаворы пра аб’яднанне з інш. рэгіянальнымі арг-цыямі (напр., Саюзам лесапрамыслоўцаў Віцебскай губ.) і стварэнне ўсерас. манапаліст. аб’яднання.
Літ.:
Довнар-Запольский М.В. Народное хозяйство Белоруссии, 1861—1914 гг.Мн., 1926.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІСТЭ́МА «ЧАЛАВЕ́К-МАШЫНА»,
складаная сістэма, у якой чалавек-аператар (ці група аператараў) узаемадзейнічае з тэхн. аб’ектам (напр., пракатным станам, транспартным сродкам, ЭВМ) у працэсах прамысл. вытв-сці, кіравання, апрацоўкі інфармацыі і інш. Праблемы С.«ч.-м.» вывучае эргатыка.
Асн. праблемы стварэння і выкарыстання С.«ч.-м.» — улік магчымасцей чалавека, аптымальнае размеркаванне функцый паміж чалавекам і машынай, узгадненне рэжымаў і ўмоў іх супольнага функцыянавання. Для праектавання С. «ч.-м.» распрацоўваюць мадэлі, якія апісваюць складаныя чалавека-машынныя алгарытмы рашэння задач. Рэалізуюць такія алгарытмы з дапамогай спец. пакетаў прыкладных праграм. У С.«ч.-м.» на аснове дасягненняў інжынернай псіхалогіі карыстаюцца візуальным і аўдыявізуальным абменам інфармацыяй, пры якім распазнаюцца таксама моўныя паведамленні чалавека (гл.Распазнаванне вобразаў, Распазнаванне вуснай мовы), генерыруюцца адказы ў гукавой і візуальнай форме. Гл. таксама Сістэматэхніка, Эрганоміка.
На Беларусі праблемы С.«ч.-м.» даследуюцца ў Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац.АН, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, БПА і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКЛАД ЗЛАЧЫ́НСТВА,
сукупнасць прадугледжаных крымінальным правам прыкмет, якія характарызуюць учыненае дзеянне як канкрэтны від злачынства; неабходная ўмова крымін. адказнасці. С.з. ствараюць 4 групы прыкмет, што адносяцца да аб’екта злачынства, аб’ектыўнага боку, суб’екта злачынства і суб’ектыўнага боку. С.з. вызначаны ў дыспазіцыях артыкулаў Асаблівай часткі Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Агульныя для ўсіх С.з. прыкметы і палажэнні вызначаны таксама ў Агульнай частцы гэтага кодэкса. Аб’ект злачынства — на што накіравана пасяганне — вызначаецца месцам пэўнага артыкула ў сістэме Асаблівай часткі КК. Прыкметы суб’екта злачынства — узрост, з якога настае крымін. адказнасць, наяўнасць свядомасці — прадугледжаны ў артыкулах Агульнай часткі КК, спец. прыкметы суб’екта (службовая асоба, ваеннаслужачы і інш.) — у дыспазіцыі артыкула Асаблівай часткі КК. Прыкметы аб’ектыўнага боку злачынства — само дзеянне (бяздзеянне) і яго вынікі; суб’ектыўнага боку злачынства — форма віны, мэта, матыў — пазначаны ў дыспазіцыі артыкула, які прадугледжвае злачынства. Адсутнасць хоць бы адной з названых прыкмет сведчыць пра адсутнасць у дзеяннях пэўнай асобы С.з. і выключае крымін. адказнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМАРГО́НСКІ КА́ЛЬВІНСКІ ЗБОР,
помнік архітэктуры рэнесансу ў г. Смаргонь Гродзенскай вобл. У 1503 ці 1505 тут пабудаваны драўляны касцёл святых Міхаіла і Аляксея па фундацыі магната Ю.Зяновіча. У 1552 ці 1553 на яго месцы ўзведзены мураваны кальвінскі збор. У 1621 гэты храм вернуты католікам пад назвай Троіцкі касцёл. У 1866—1921 дзейнічаў як Міхайлаўская царква, у 1921—47 — зноў касцёл. З 1947 не дзейнічаў. Рэстаўрыраваны ў 1858 і 1926. Купальны храм цэнтрычнага тыпу, у плане 8-граннік, злёгку выцягнуты па падоўжнай восі. З боку гал. фасада да яго прымыкае шмат’ярусная вежа-званіца (захаваліся 2 ярусы), завершаная нізкім шатром на 8-гранным барабане. У месцы злучэння званіцы і асн. аб’ёму прыбудавана цыліндрычная вежа. Магутныя сцены будынка прарэзаны паўцыркульнымі аконнымі праёмамі. Пластычны парапет апрацаваны лапаткамі і рэнесансавай аркатурай з гіркамі. Пасля рэстаўрацыі 1970 (Спец. навукова-рэстаўрацыйныя майстэрні, арх. В.Сахно, С.Друшчыц) тут была выставачная зала. З пач. 1990-х г. пераабсталяваны пад касцёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРАЛЬБА́ СТЭ́НДАВАЯ,
стральба з гладкаствольнай зброі шротам па лятаючых мішэнях (талерачках) на спец. пляцоўках — траншэйным і круглым стэндах; від стралковага спорту. Да 1940 наз. «стралкова-паляўнічы спорт».
Паходзіць ад трэніровачнай стральбы ў сярэдневяковай Англіі. Як від спорту існуе з канца 19 ст. У праграме Алімп. гульняў: на траншэйным стэндзе з 1900; паводле сучасных правіл (200 мішэней) — з 1952; на круглым стэндзе — з 1968. Асабіста-камандныя чэмпіянаты свету праводзяцца з 1935 на траншэйным і з 1947 на круглым стэндах; для жанчын на абодвух стэндах з 1962. Чэмпіянаты Еўропы праводзяцца для мужчын з 1955, для жанчын з 1964. Найб. пашырана ў Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Італіі, Іспаніі, Польшчы, Расіі, Францыі і інш.
На Беларусі развіваецца з пач. 1920-х г. Першы чэмпіянат рэспублікі праведзены ў 1927. Зборная каманда Беларусі на VI летняй Спартакіядзе народаў СССР (1975) заняла 4-е месца. Сярод бел. стралкоў найб. вызначыліся Г.Галкін, чэмпіёны СССР: В.Вятохін (1967), Ш.Ляцьен (1971).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТЫЛО́ (ад грэч. stylos), стыль, пісала,
прыстасаванне для пісьма ў старажытнасці і сярэдневякоўі ў выглядзе стрыжня, завостранага на адным канцы і з лапатачкай на другім. На Русі вядомы з 10 ст. касцяныя, з 11 ст. металічныя (з жалеза ці бронзы). Вострым канцом С. пісалі на бяросце або на спец. дошчачцы — цэры. Лапатачкай разгладжвалі воск і сціралі напісанае. На Беларусі С. знойдзены ў Навагрудку, Ваўкавыску, Мінску, Брэсце, Полацку, Браславе, Слуцку, Тураве, Пінску, Копысі, Капылі і Друцку. Ужываліся да 15 ст.
Насілі ў скураных футаралах, падвешаных да пояса. Жал. С. пакрывалі (лудзілі) волавам або меддзю. Стрыжні бронзавых С. амаль па ўсёй даўжыні перакручаны; лапаткі мелі форму кубачка (раннія), пяцівугольніка ці авала са зрэзаным верхам, перавернутага трохвугольніка (пазнейшыя). У аснове лапатачкі жал. С. было шарападобнае патаўшчэнне («яблык») або 2—3 валікі. Зрэдку лапатачка С. мела дэкор, а верхнюю частку касцяных аздаблялі выявамі жывёлы ці фантастычнай істоты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТЭРЭАСКАПІ́ЧНЫ ДРУК,
паліграфічны спосаб атрымання аб’ёмных стэрэаскапічных відарысаў на паперы. Бывае двухфарбавы і растравы. Выкарыстоўваецца для выдання наглядных дапаможнікаў, каляровых паштовак, дзіцячых карцінак, для вырабу 2 сюжэтных (зменлівых) відарысаў на значках і сувенірах.
Фатаграфаванне аб’екта робяць з 2 пунктаў (перамяшчэннем фотаапарата) ці з паваротам аб’екта на вугал, адпаведны бачанню двума вокамі. Атрыманыя 2 выявы (стэрэапара) з’яўляюцца арыгіналамі для рэпрадукцыйных працэсаў пры вырабе друкарскіх форм: адна выява прызначана для правага, другая для левага вока. Абедзве выявы-аб’екта ўспрымаюцца бінакулярным зрокам як адна аб’ёмная. Пры двухфарбавым С.д. выкарыстоўваюць сіне-зялёны колер для левага і аранжава-чырвоны для правага вока. Разглядаюць стэрэаадбітак праз спец. акуляры-святлафільтры і бачаць пры гэтым адзін чорна-белы аб’ёмны відарыс. Пры растравым С.д. выкарыстоўваюць лінейны лінзава-цыліндрычны растр для фіксацыі аб’ёмнасці аб’екта пры фатаграфаванні і яго ўзнаўленні на адбітку. Аб’ёмнасць мнагафарбавага адбітка назіраюць праз лінейны лінзава-выпуклы растр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАКА́РНЫ СТАНО́К,
станок для апрацоўкі рэзаннем загатовак з металаў і інш. матэрыялаў у выглядзе цел вярчэння; найб. пашыраны тып металарэзных станкоў.
На Т.с. робяць аперацыі: абточванне цыліндрычных, канічных, тарцовых і фасонных паверхняў; адразанне, расточванне; праточванне канавак; наразанне рэзьбаў і інш. Загатоўка атрымлівае вярчэнне ад шпіндэля, рэзальны інструмент перамяшчаецца па розных траекторыях. Адрозніваюцца Т.с. канструкцыяй і тэхнал. магчымасцямі (такарна-вінтарэзныя, -рэвальверныя, -лабавыя, -карусельныя, -запатыльныя і інш.), размяшчэннем восі шпіндэля ў прасторы (гарыз., верт.), колькасцю інструментаў (адна- і шматразцовыя) і шпіндэляў (адна- і шматшпіндэльныя), дакладнасцю, ступенню аўтаматызацыі (звычайныя. паўаўтаматы. аўтаматы) і інш. Існуюць спецыялізаваныя (напр., колатакарныя) і спец., у т. л. для апрацоўкі вырабаў з драўніны, пластмасы і інш. матэрыялаў.
На Беларусі Т.с. з вертыкальным шпіндэлем і з лічбава-праграмным кіраваннем вырабляе Мінскі завод аўтаматычных ліній.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАНСКРЫ́ПЦЫЯў мовазнаўстве,
умоўны від пісьма, які выкарыстоўваецца ў спец.навук. і інш. мэтах. Адрозніваюць фанетычную, фанематычную і практычную Т. Мэта фанетычнай Т. — найб. дакладна перадаць вымаўленне слова, апісаць асобна кожны вымаўлены гук. У бел. мове для гэтага ўжываюцца літары бел. алфавіта і дадатковыя знакі: «між бяроз — (м’іж б’яро́с)», «снег — (с’н’е́х)», «Янка — (гінка)». Значком ’ абазначаецца мяккасць папярэдняга зычнага гука, лац. літарай j — гук «[й]» у пазіцыі перад галоснымі. Фанематычная Т. перадае фанемны (гл.Фанема) склад слова: адлюстроўвае не ўсе асаблівасці маўлення, а толькі тыя рысы, якім уласціва адметная функцыя. Параўн.: «<м’іж б’ароз>», «<сн’ег>», «<jанка>». Фанетычная і фанематычная Т. адрозніваюцца ад арфаграфічнага напісання, якое ў значнай ступені абумоўлена гіст. традыцыяй. Пры дапамозе практычнай Т. (сродкамі нац. алфавіта) уводзяць у тэкст іншамоўныя ўласныя імёны: асабовыя імёны, геагр. назвы: Шолахаў (рус. Шолохов), Міцкевіч (польск. Mickiewicz). Практычная Т. ўжываецца ў нац. картаграфіі, перыяд. друку, падручніках, шырока выкарыстоўваецца ў творах маст. л-ры.
Літ.:
Реформатский А.А. Введение в языковедение. 4 изд. М., 1967.