МО́ЎНЫЯ КАНТА́КТЫ,

узаемадзеянне моўных сістэм. Пачынаюцца ў сферы маўлення пры ўмове абавязковай наяўнасці носьбітаў-білінгваў, якія ў большай ці меншай ступені валодаюць адной і другой мовамі. Паступова факты маўлення, якія праяўляюцца як інтэрферэнцыя (г.зн. памылкі ў маўленні, выкліканыя ўплывам другой мовы), замацоўваюцца ў сістэме мовы як запазычанні. Такое запазычанне звычайна з’яўляецца спантанным і некантралюемым. Аднак ёсць і свядомае, кантралюемае запазычанне (напр., тэрмінаў). М.к. найб. лёгка адбываюцца паміж роднаснымі мовамі, аднак адзначаюцца яны і паміж мовамі рознасістэмнымі, напр., балг. і турэцкай, татарскай і удмурцкай. Прыкладам М.к. можа служыць узаемадзеянне ўсх.-слав. моў, пры якім рус. мова аказвае ўплыў на лексіку і граматычны лад бел. і ўкр. моў, у сваю чаргу гэтыя мовы ўплываюць на рус. мову.

Літ.:

Михайлов М.М. Двуязычие и взаимовлияние языков // Проблемы двуязычия и многоязычия. М., 1972;

Розенцвейг В.Ю. Основные вопросы теории языковых контактов // Новое в лингвистике. М., 1972. Вып. 6;

Вайнрайх У. Одноязычие и многоязычие: Пер. с англ. // Там жа;

Пытанні білінгвізму і ўзаемадзеяння моў. Мн., 1982.

П.​П.​Шуба.

т. 10, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЫ́КА,

назва народнага скрыпача, пашыраная на тэр. Беларускага Паазер’я. У інш. этнакульт. рэгіёнах сінонімы М. — «скамарох» (Магілёўшчына), «іграч» (Міншчына). М. спрадвеку адыгрываў значную грамадскую ролю ў жыцці бел. вёскі, выконваў сакральна-магічную функцыю ў розных каляндарна-земляробчых (калядных, валачобных, купальскіх і інш. абходах) і сямейна-родавых (асабліва вясельных) абрадах, а таксама эмац.-псіхал. функцыю стваральніка і носьбіта радаснага настрою ў час усіх сямейных і агульнавясковых урачыстасцей (бяседы, ігрышчы, танцы). М звычайна тураваў спевам, разам з інш. інструменталістамі іграў песні, танцы, маршы. Ігру на скрыпцы спасцігаў самавукам («сам па сабе»), у сям’і або ў славутага мясц. выканаўцы. Паводле нар. уяўленняў, сапраўдны М. — чараўнік, які валодае звышнатуральнай сілай уздзеяння на ўвесь навакольны свет. Вобраз М. ўвасоблены ў шматлікіх нар. казках і легендах, выслоўях і песнях, творах бел. л-ры («Сымон-музыка» Я.​Коласа, «Музыка» М.​Багдановіча, «Страшная музыкава песня» М.​Гарэцкага) і выяўл. мастацтва (М.​Шагал, Я.​Драздовіч). У наш час назву «М.» часам пераносяць і на гарманіста.

І.​Дз.​Назіна.

т. 11, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́МІЯ,

высахлы труп чалавека або жывёлы, які натуральным (пры спрыяльных умовах) ці штучным спосабам захаваўся ад гніення. Самы стараж. спосаб муміфікацыі зафіксаваны сярод рыбакоў племя чынчорас, што жылі на ўзбярэжжы Ціхага ак. паміж Іла (Перу) і Антафагастай (Чылі) больш за 6 тыс. г. назад. З 3-га тыс. да н.э. практыка стварэння М. бальзаміраваннем пашырылася ў Стараж. Егіпце, дзе целы нябожчыкаў апрацоўвалі пераважна прыроднай соллю (натронам), а шырокія льняныя палосы, якімі абгортвалі М., прамочвалі камеддзю і смоламі. Лічылася, што захаванне цела — адна з гал. умоў захавання душы. Пахаванні з М. звычайна маюць багаты пахавальны інвентар і даюць каштоўныя матэрыялы аб культуры, мастацтве, рэлігіі і побыце стараж. грамадстваў. Муміфікацыя была пашырана ў краінах Лац. Амерыкі і на Канарскіх а-вах. На Алтаі ў час раскопак Пазырыкскіх курганоў 5—4 ст. да н.э. знойдзены М. У шматлікіх хрысц. цэрквах захоўваюцца натуральныя М., т.зв. мошчы святых.

І.​М.​Язэпенка.

Галава муміі фараона Рамсеса II (1317—1251 да н.э.).

т. 11, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЧНІ́СТАЯ РАСА́, папяліца, бель,

хвароба вышэйшых раслін, якая выклікаецца мучністарасянымі грыбамі. Пашырана амаль усюды. Найб. развіваецца ў засушлівыя гады. Пашкоджвае многія с.-г. і дзікарослыя расліны, напр.: бабовыя, злакавыя, парасонавыя, буракі, капусту (узбуджальнікі — грыбы роду эрызіфе), гарбузовыя, маліны, ружы, сунічнік, агрэст і парэчкі, Хмель (сфератэка), ігрушы, яблыні і інш. пладовыя культуры (падасфера), дубы і інш. лясныя дрэвы (мікрасфера). Расліны заражаюцца вясной (азімыя і ўвосень) аскаспорамі, пазней канідыямі грыба. На маладых надземных органах паяўляюцца плямы мучніста-белага парашкападобнага або павуціністага налёту з міцэлію і канідыяў грыба, які паступова разрастаецца, робіцца больш шчыльным (лямцавым) і цёмным. Хворыя органы дрэнна растуць і развіваюцца, дэфармуюцца, засыхаюць, плады могуць растрэсквацца і загніваць. У канцы вегетац. перыяду на паверхні міцэлію ўтвараюцца клейстатэцыі, у якіх выспяваюць (звычайна зімой) аскаспоры; зімуе таксама міцэлій (на азімых культурах і шматгадовых раслінах).

Літ.:

Головин П.Н. Мучнисторосяные грибы, паразитирующие на культурных и полезных диких растениях. М.; Л., 1960.

С.​І.​Бельская.

т. 11, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЙБО́ЛЬШАГА СПРЫЯ́ННЯ РЭЖЫ́М у міжнародным праве,

адзін з найважнейшых прынцыпаў рэгулявання эканам., у т. л. гандл-, адносін паміж дзяржавамі. Кожная з дагаворных дзяржаў абавязваецца даваць другой такія ж правы і прывілеі ў пэўнай галіне іх узаемаадносін, якія яна ўжо дала трэцяй дзяржаве. Гэта выяўляецца ў правілах вядзення знешнегандлёвых аперацый, у т. л. пры ўстанаўленні мытных плацяжоў і збораў, што спаганяюцца пры ўвозе і вывазе тавараў. У гандл. дагаворах і пагадненнях звычайна пералічваюцца ўмовы, на якія не распаўсюджваецца Н.с.р., у іх ліку перадумовы, што вынікаюць з удзелу кожнага з дагаворных бакоў у мытных саюзах, зонах свабоднага гандлю і інш. формах рэгіянальнай эканам. інтэграцыі (напр., Н.с.р., што існуе ў Беларусі з краінамі СНД), а таксама розныя прывілеі, якія адзін з дагаворных бакоў дасць на падставе міжнар. пагадненняў краінам, што стаяць на шляху развіцця, або любой суседняй краіне для палягчэння прыгранічнага (прыбярэжнага) гандлю. Н.с.р. — адна з цэнтр. задач лібералізацыі знешняга гандлю, абвешчаных пры стварэнні ў 1994 Сусветнай гандлёвай арганізацыі (Беларусь атрымала ў ёй статус наглядальніка).

т. 11, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯСВІ́ЖСКІЯ ПАЯСЫ́,

вырабы ручнога шаўкаткацтва на Беларусі ў сярэдзіне 18 ст. У пач. 1740-х г. уладальнік Нясвіжскай ардынацыі М.​К.​Радзівіл заснаваў у Альбе пад Нясвіжам мануфактуру па вырабе шаўковых паясоў (персіярню). Кіравалі вытв-сцю майстры Хаецкі і Гадоўскі, з 1757 — Я.Маджарскі, запрошаны з г. Станіслава (Івана-Франкоўск, Украіна). Паясы ткалі з шаўковых, залатых і сярэбраных нітак, мелі даўжыню 2—4,5 м, шыр. 20—40 см. Некат. паясы цалкам затыкаліся залатымі ніткамі і потым пракатваліся паміж цяжкімі валамі, набываючы выгляд металічных, што дало ім назву «літых». Дэкор складаўся з папярочных гладкіх ці ўзорыстых палос, якія ўключалі пераважна ўсх. матывы. Н.п. не мелі спец. метак, а падабенства да слуцкіх паясоў робіць цяжкім іх вызначэнне, таму звычайна іх адносяць да апошніх. У пач. 1760-х г. нясвіжская персіярня пераведзена ў Слуцк.

Літ.:

Карпачоў Я.М. Узнікненне і развіццё Слуцкай вотчыннай мануфактуры шаўковых паясоў // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1982. № 3.

Я.​М.​Сахута.

т. 11, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВО́ДКА,

параўнальна кароткачасовае і неперыядычнае рэзкае падняцце ўзроўняў і сцёку ракі ад вял. дажджоў, раставання снегу і ледавікоў. У адрозненне ад разводдзя П. можа быць у кожную пару года і не звязана з сезонам. Вял. П. выклікаюць навадненні, менш значныя таксама прычыняюць шкоду сельскай гаспадарцы. На рэках Беларусі найб. вышыню і працягласць маюць П. ў канцы лета і восенню, калі ідуць зацяжныя дажджы. У асобныя гады на некаторых рэках узроўні П. часам перавышаюць веснавое разводдзе на 1—1,5 м. Працягласць летне-асенніх П. звычайна 20—30 сутак. Яны здараюцца 1—2 разы за лета і восень, у бас. р. Нёман да 5—6 разоў. Найбольшыя дажджавыя П. былі ў 1962, катастрафічныя, якія здараюцца прыблізна раз у 100 гадоў, — увосень 1974 у бас. рэк Зах. Буг і Прыпяць. Зімовыя П. часцей бываюць на З і ПдЗ Беларусі. За зімовы перыяд адбываюцца 1—2 падняцці ўзроўняў, у асобныя гады — 3.

т. 11, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІ́ЦЫЯ (ням. Polizei ад грэч. politeia кіраванне дзяржавай),

сістэма асобных органаў дзярж. кіравання, якія займаюцца аховай грамадскага парадку і барацьбой са злачыннасцю. П. праводзіць папярэдняе расследаванне і дазнанне па некаторых відах правапарушэнняў. Існуюць 2 формы арганізацыі нац. паліцэйскіх сістэм: цэнтралізаваная (Аўстрыя, Францыя, Фінляндыя і інш.) і дэцэнтралізаваная (Вялікабрытанія, Германія і інш.). У Францыі, напр., паліцэйскія ўстановы падпарадкаваны Ген. дырэкцыі нац. П., якая ўваходзіць у склад МУС. У Вялікабрытаніі П. ўваходзіць у сістэму МУС, яе аператыўны штаб — лонданскае ўпраўленне крымін. расследавання; у гарадах і графствах функцыянуе мясц. П. У ЗША федэральная П. складаецца з федэральнага бюро расследавання і шэрагу інш. паліцэйскіх устаноў, якія ўваходзяць у склад розных мін-ваў; П. штатаў падпарадкоўваецца звычайна губернатару штата, мясц. (найб. шматлікая) — муніцыпалітэтам. У Рас. імперыі П. як самаст. арг-цыя ўстаноўлена Пятром I і існавала да Лют. рэвалюцыі 1917. У Рэспубліцы Беларусь і некаторых інш. краінах функцыі П. выконваюць міліцыя і інш. праваахоўныя органы. У Расійскай Федэрацыі ў 1993 створана падатковая П.

т. 12, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАМЫ́ЛАК ТЭО́РЫЯ,

раздзел матэматычнай статыстыкі, дзе разглядаюцца праблемы колькаснай ацэнкі невядомых велічынь па выніках вымярэнняў. Асн. задачы: адшуканне законаў размеркавання выпадковых памылак (гл. Размеркаванне ў тэорыі імавернасцей), знаходжанне ацэнак вымераных велічынь па выніках вымярэнняў, вызначэнне хібнасцей такіх ацэнак і выключэнне грубых памылак.

У П.т. адрозніваюць сістэматычныя, грубыя і выпадковыя памылкі. Сістэматычныя памылкі пастаянна павялічваюць (памяншаюць) вынікі вымярэнняў і вынікаюць з розных прычын (напр., з-за няправільнай устаноўкі вымяральных прылад, уплыву навакольнага асяроддзя). Ацэнкі такіх памылак праводзяцца метадамі, якія выходзяць за межы матэм. статыстыкі. Грубыя памылкі ўзнікаюць у выніку праліку, няправільнага чытання паказанняў вымяральнай прылады і інш. Вынікі вымярэнняў з такімі памылкамі адрозніваюцца ад інш. вынікаў і звычайна добра адметныя. Выпадковыя памылкі абумоўлены рознымі выпадковымі прычынамі і пры кожным вымярэнні непрадбачаным чынам вядуць да павелічэння ці памяншэння яго вынікаў. Такія памылкі трактуюцца як выпадковыя велічыні і, калі іх размеркаванне блізкае да нармальнага, тады найлепшыя ацэнкі невядомых велічынь дае найменшых квадратаў метад.

т. 12, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРА́ДАК РЭА́КЦЫІ па дадзеным рэчыве,

паказчык ступені пры канцэнтрацыі гэтага рэчыва ў кінетычным ураўненні рэакцыі (ураўненне, якое звязвае скорасць рэакцыі з канцэнтрацыяй рэчываў, што ўзаемадзейнічаюць).

Паводле дзейных мас закону, скорасць v простай (аднастадыйнай) рэакцыі тыпу nAA + nBBpC + qD роўная: v = k C​nA​A C​nB​B, дзе CA і CB — канцэнтрацыі рэчываў A і B, k — канстанта скорасці рэакцыі, nA і nB — асобныя П.р. (па рэчывах A і B адпаведна). Для простай гамагеннай рэакцыі асобныя П.р. адпавядаюць стэхіяметрычным каэф. рэчыва ва ўраўненні хім. рэакцыі. Агульны (сумарны) П.р. роўны суме П.р. па ўсіх рэчывах, канцэнтрацыі якіх уваходзяць у кінетычнае ўраўненне: для простых рэакцый П.р. — цэлы лік (1,2 ці 3), для складаных (напр., паралельных, паслядоўных) рэакцый звычайна не супадае з сумай стэхіяметрычных каэф. (можа быць дробным і нават адмоўным лікам). П.р. залежыць ад механізму рэакцыі і ўмоў, у якіх яна адбываецца (можа змяняцца пры змене т-ры і ціску), і вызначаецца эксперыментальна. Гл. таксама Кінетыка хімічная.

т. 12, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)