БЯЗВА́ЖКАСЦЬ,

фізічны стан цела — складальнай часткі рухомай мех. сістэмы, пры якім вонкавыя сілы, што дзейнічаюць на цела і яго рух, не выклікаюць узаемнага ціску адных часцінак цела на іншыя. Узнікае пры свабодным руху цела ў гравітацыйным полі, калі такі рух з’яўляецца паступальным (напр., падзенне цела па вертыкалі, рух па арбіце штучнага спадарожніка Зямлі, палёт касм. карабля).

На цела, якое знаходзіцца ў гравітацыйным полі Зямлі на апоры (ці падвесе), дзейнічаюць сіла цяжару і ў процілеглым напрамку сіла рэакцыі апоры (ці сіла нацяжэння падвесу), што вядзе да ўзнікнення ўзаемнага ціску адной часткі цела на другую. У целе ўзнікаюць дэфармацыі і ўнутр. напружанні, якія чалавек успрымае як адчуванне ўласнай вагі (важкасці). У залежнасці ад умоў сіла рэакцыі апоры можа адрознівацца ад сілы цяжару нерухомага цела на паверхні Зямлі. Напр., калі касм. карабель рэзка павялічвае скорасць, касманаўта прыціскае да крэсла сіла, у некалькі разоў большая за нармальную вагу, што ўспрымаецца як павелічэнне ўласнай вагі касманаўта (т.зв. перагрузка). У стане свабоднага падзення на цела дзейнічае толькі сіла цяжару, а інш. вонкавыя сілы, у т. л. і сілы рэакцыі апоры, адсутнічаюць, што вядзе да знікнення ўзаемнага ціску адной часткі цела на другую, узнікае бязважкасць, якую чалавек успрымае як страту вагі.

Ва ўмовах бязважкасці зменьваецца шэраг функцый жывога арганізма: абмен рэчываў (асабліва водна-салявы), кровазварот, назіраюцца расстройствы вестыбулярнага апарату і інш. Неспрыяльны ўплыў бязважкасці на арганізм чалавека можна папярэдзіць або абмежаваць пры дапамозе фіз. практыкаванняў і заняткаў на спец. трэнажорах. Вынікі працяглых касм. палётаў сведчаць аб тым, што бязважкасць не з’яўляецца небяспечнай для арганізма чалавека і касманаўты ў такім стане могуць доўгі час жыць і працаваць, але павінны праходзіць курс рэабілітацыі пры вяртанні ў звычайныя гравітацыйныя ўмовы на паверхні Зямлі. Бязважкасць улічваецца пры стварэнні прыбораў і агрэгатаў касм. лятальных апаратаў. Напр., для вады і інш. вадкасцей выкарыстоўваюцца эластычныя пасудзіны і герметычныя кантэйнеры, якія папярэджваюць распырскванне; цыркуляцыя паветра забяспечваецца вентылятарамі і інш. Стан бязважкасці дае магчымасць праводзіць фізіка-тэхн. эксперыменты па вырошчванні паўправадніковых крышталёў, стварэнні звышправодных і магнітных матэрыялаў з аднародным размеркаваннем рэчыва па ўсім аб’ёме.

Літ.:

Левантовский В.И. Механика космического полета в элементарном изложении. 3 изд. М., 1980.

А.​І.​Болсун.

т. 3, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭКАРА́ЦЫЯ (позналац. decoratio літар. ўпрыгожанне) у тэатры і кіно, афармленне трохмернай прасторы, у межах якой адбываецца дзеянне спектакля або фільма. Існуе для вобразнай характарыстыкі гіст. абставін, умоў і атмасферы спектакля або фільма — асяроддзя, у якім дзейнічае акцёр. Ствараецца з дапамогай архітэктуры, жывапісу, графікі, маст. планіроўкі месца дзеяння, спец. фактур, асвятлення і тэхнікі.

Сістэмы тэатр. Д.: кулісная перасоўная — мяккія навясныя кулісы або цвёрдыя на рухомых рамах, размешчаныя ад партала ўглыб сцэны (вядома з 1628); кулісна-арачная пад’ёмная — жывапісныя палотны, зробленыя з улікам перспектывы і сшытыя ў выглядзе арак (вядома з 17 ст.; разнавіднасць кулісна-арачнай Д. — ажурная, умацоўваецца на сетцы або апліцыруецца на цюлі); павільённая — сценкі-рамы, зацягнутыя маляваным палатном, перакрытыя столлю (з 1794); аб’ёмная — камбінацыя плоскіх сцен і аб’ёмных дэталей: станкоў, лесвіц, пандусаў і інш. (з 1870); для змены аб’ёмнай Д. ўжываюцца рухомыя пляцоўкі-фуркі, паваротны круг і інш.; праекцыйная Д. заснавана на праекцыі на экран статычных і дынамічных выяў — арх. і пейзажных матываў, дажджу, полымя і да т.п. (з 1908). Сярод прыёмаў — афармленне з ужываннем розных сістэм Д.: сімультантны (адначасовы паказ розных месцаў дзеяння), умоўны (афармленне ў нейтральных сукнах ці шырмах або ў іх спалучэнні з арх. і бытавымі дэталямі па рухомай устаноўцы), прасторавы (сцэна з Д. акружае гледача з усіх бакоў). Кінадэкарацыі робяцца трохмерныя з улікам умоў здымкі (план, ракурс, асвятленне), характару здымкі і стужкі. Ім дадаюць жывапісную і фактурную апрацоўку: умоўна-абагульненую для агульных і аддаленых планаў і ілюзорна-натуральную для буйных і сярэдніх планаў. Д. ў кіно робяцца ў натуральную велічыню аб’екта або ў выглядзе яго фрагмента (т.зв. «ігравой часткі»), Фрагмент Д. часам дапаўняецца макетамі і рознымі фонамі, якія ў кадры злучаюцца ў адно цэлае. Развіццё мастацтва Д. цесна звязана з развіццём тэатра, кіно, драматургіі, выяўл. мастацтва. Актыўным творчым пошукам адметныя работы мастакоў тэатра і кіно М.​Апіёка, М.​Блішча, Б.​Герлавана, А.​Грыгар’янца, Я.​Ждана, А.​Марыкса, П.​Масленікава, Дз.​Мохава, С. і Я.​Нікалаевых, Ю.​Тура, Я.​Чамадурава і інш. Гл. таксама Тэатральна-дэкарацыйнае мастацтва.

Літ.:

Козлинский В.И., Фрезе Э.П. Художник и театр. М., 1975;

Мастацтва беларускіх дэкаратараў. Мн., 1989.

Г.​І.​Барышаў.

Да арт. Дэкарацыя. М.​Апіёк. Эскіз дэкарацыі да спектакля «Варвары» М.​Горкага. 1966.
Да арт. Дэкарацыя. П.​Масленікаў. Эскіз дэкарацыі да оперы «Яснае світанне» А.​Туранкова. 1958.

т. 6, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТРУМЕНТО́ЎКА,

выкладанне муз. твора для выканання аркестрам ці інстр. ансамблем. Да арк. музыкі выкарыстоўваюць і тэрмін аркестроўка. І. ўвасабляецца ў партытуры, дзе запісаны партыі ўсіх інструментаў і галасоў муз. твора. Тэрмін «І.» часта пашыраюць і на сферу хар. шматгалосай музыкі (т.зв. харавая І.). Асн. прынцыпы І.: збалансаванае спалучэнне кантрастных груп інструментаў; функцыян. трактоўка арк. груп і іх узаемаадносіны; стварэнне мелодыка-тэматычных, рытмавых, гарманічных пластоў арк. фактуры, выкарыстанне педалей, фонаў, контрапунктычных утварэнняў; тэхніка перадачы і перапляцення арк. галасоў (інстр. ліній); верт. складанне і гарыз. развіццё шматпланавай арк. тканіны.

Развіццё І. пачалося з зацвярджэннем гамафоннага стылю муз. пісьма (гл. Гамафонія). Важную ролю ва ўсведамленні драматург. ролі тэмбраў адыграў оперны т-р (16—17 ст.). У 18—19 ст. сфарміраваўся класічны склад сімфанічнага аркестра, чаму садзейнічала творчасць Л.​Бетховена, І.​Гайдна, В.​А.​Моцарта, якія імкнуліся пераадолець абмежаванасць тагачаснага інструментарыя, павялічыць і ўдасканаліць сімф. аркестр. На базе класічнага аркестра 19 ст. склаўся народжаны ідэямі муз. рамантызму і імпрэсіянізму сімф. аркестр 20 ст., які задавальняе маст. патрэбы кампазітараў розных кірункаў і індывідуальнасцей.

Гіст. развіццё арк. музыкі суправаджалася пошукамі новых тэмбравых спалучэнняў, удасканаленнем інструментарыя і стварэннем новых інструментаў для ўзмацнення маляўнічасці, выразнасці музыкі. Разам з выкарыстаннем «чыстых» (сольных) тэмбраў як носьбітаў тэмы (лейтматыву) кампазітары пачалі выкарыстоўваць мяшаныя тэмбры. У залежнасці ад маст. задумы і творчай індывідуальнасці кампазітара І. (аркестроўка) можа быць (з улікам пераважнай тэндэнцыі) акустычна ўраўнаважанай (больш блізкая венскім класікам; асн. ўвага аддаецца дынамічнай збалансаванасці гучання, арган. спалучэнню гарызанталі і вертыкалі) ці тэмбральна-каларыстычнай (больш блізкая рамантыкам і імпрэсіяністам; пераважае характарыстычнасць тэмбраў, выяўленчасць, маляўнічасць гучання). У бел. музыцы да першай больш схіляюцца А.​Багатыроў, Я.​Цікоцкі, да другой — Г.​Вагнер, Я.​Глебаў, С.​Картэс, А.​Мдывані, Дз.​Смольскі. Курс І. выкладаюць у кансерваторыях і інш. спец. муз. навуч. установах.

Літ.:

Геварт Ф.О. Новый курс инструментовки: Пер. с фр. 2 изд. М.;

Лейпциг, 1913;

Римский-Корсаков Н.А. Основы оркестровки // Полн. собр. соч. Лит. произв. и переписка. М., 1959. Т.З;

Берлиоз Г. Большой трактат о современной инструментовке и оркестровке: Пер. с фр. [4 ] 1—2. М., 1972;

Витачек Ф.Е. Очерки по искусству оркестровки XIX в. М., 1979.

Т.​Г.​Мдывані.

т. 7, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́МСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1945, Ялцінская канферэнцыя 1945,

нарада кіраўнікоў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі ў Лівадзійскім палацы каля г. Ялта (Крымскі п-аў) 4—11.2.1945 у канцы 2-й сусв. вайны. Удзельнічалі І.В.Сталін (СССР), Ф.Д.Рузвельт (ЗША), У.Чэрчыль (Вялікабрытанія), міністры замежных спраў, начальнікі штабоў і саветнікі названых саюзных дзяржаў (у т. л. А.А.Грамыка). Мела на мэце каардынацыю дзеянняў саюзнікаў для канчатковага разгрому фаш. Германіі, ажыццяўленне ўмоў яе безагаворачнай капітуляцыі і пасляваен. ўпарадкавання свету. Саюзнікі вырашылі стварыць у Германіі свае зоны акупацыі (пры жаданні Францыі і яе зону) і агульнагерм. кантрольны орган у Берліне (яго таксама меркавалася падзяліць на акупац. зоны), выпрацавалі праграму выкаранення герм. мілітарызму і нацызму (гл. Дэмілітарызацыя, Дэнацыфікацыя), узнялі пытанне аб кампенсацыі нанесеных ім Германіяй страт (вырашана стварыць у Маскве спец. камісію па рэпарацыях, частку якіх пасля вайны атрымала і БССР). Прадугледжвалася рэпатрыяцыя з Германіі ўрадамі ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі сав. грамадзян, якія не жадалі вяртацца ў СССР. У развіццё рашэнняў Думбартан-Окс канферэнцыі 1944 бакі вырашылі склікаць 25.4.1945 у г. Сан-Францыска (ЗША) Устаноўчую канферэнцыю Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, дамовіліся аб тым, што яе членамі разам з СССР будуць УССР і БССРсав. рэспублікі, якія найб. пацярпелі ў вайне і ўнеслі вялікі ўклад у разгром ням.-фаш. войск. Саюзныя дзяржавы прынялі «Дэкларацыю аб вызваленай Еўропе», паводле якой яны абавязаліся садзейнічаць дзяржавам у аднаўленні іх суверэнітэту, дэмакратызацыі паліт. жыцця і эканамічна дапамагаць ім, разгледзелі пытанні аб Польшчы (яе ўрадзе і граніцах) і Югаславіі. Яны вырашылі, што ўсх. польск. граніца пройдзе па «Керзана лініі» з адхіленнем ад яе ў некат. месцах на 5—8 км на карысць Польшчы (г.зн. Польшчы перадавалася б.ч. Беластоцкай вобл.). Па югасл. пытанні прыняты рэкамендацыі аб утварэнні Часовага аб’яднанага ўрада Югаславіі і Часовага парламента на аснове Анты-фашысцкага веча народнага вызвалення Югаславіі. Было таксама прынята сакрэтнае пагадненне аб уступленні СССР у вайну супраць Японіі праз 2—3 месяцы пасля капітуляцыі Германіі і заканчэння вайны ў Еўропе, вяртанні паўд. часткі в-ва Сахалін, прадастаўленні ваенна-марской базы ў г. Порт-Артур на Ляадунскім п-ве і перадачы Курыльскіх а-воў СССР. Рашэнні К.к. дапоўніла і замацавала Патсдамская канферэнцыя 1945.

Літ.:

Сиполс В.Я., Челышев И.А. Крымская конференция, 1945 г. М., 1984;

Ялтинская конференция 1945: Уроки истории. М., 1985;

Снапковский В.Е. Путь Беларуси в ООН, 1944—1945 гт. Мн., 1994.

Л.​М.​Драбовіч.

т. 8, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́РДЭНЫ І МЕДАЛІ́ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

ганаровыя дзярж. ўзнагароды за асаблівыя заслугі ў сац.-эканам., навук., маст., грамадскай, дыпламат., інш. сферах дзейнасці па ўмацаванні краіны, смелыя і вынаходлівыя дзеянні, здзейсненыя пры абароне рэспублікі, выратаванні людзей, ахове грамадскага парадку, у барацьбе са злачыннасцю, стыхійнымі бедствамі і пры інш. надзвычайных абставінах.

Уведзены Законам Рэспублікі Беларусь ад 13.4.1995 «Аб дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь» з унясеннем змен і дапаўненняў законам ад 2.7.1997. Паводле гэтых законаў уведзены званне Герой Беларусі з уручэннем знака асобай адзнакі — медаля Героя Беларусі і наступныя ордэны: Айчыны (3 ступені), Воінскай Славы, «За службу Радзіме» (3 ступені), «За асабістую мужнасць», Кастуся Каліноўскага, Пашаны, Францыска Скарыны, Маці. Уведзены медалі: «За адвагу», «За адзнаку ў воінскай службе», «За адзнаку ў ахове грамадскага парадку, «За адзнаку ў ахове дзяржаўнай граніцы», «За працоўныя заслугі», «За бездакорную службу» (3 ступені); да прыняцця закона аб дзярж. узнагародах існаваў і захаваўся медаль Францыска Скарыны (уведзены 20.4.1989). Зацверджаны Палажэнні аб гэтых дзярж. узнагародах. У адпаведнасці з Канстытуцыяй дзярж. ўзнагародамі ўзнагароджвае Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, а медалём «За бездакорную службу» таксама ад яго імя міністры і кіраўнікі адпаведных ведамстваў — па хадайніцтве працоўных калектываў і ін-таў улады. Да дзярж. узнагароды выдаецца пасведчанне.

Першы беларускі ордэн — ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга БССР быў зацверджаны Прэзідыумам ЦВК БССР 25.7.1924. Ім да 1932 узнагароджваліся асобныя грамадзяне, прадпрыемствы, установы і арг-цыі і калектывы працоўных за асаблівыя заслугі ў справе сацыяліст. будаўніцтва і абароны краіны. Пасля скасавання ін-та рэсп. ордэнаў узнагароджанне агульнасаюзнымі ордэнамі і медалямі стала прэрагатывай Прэзідыума Вярх. Савета СССР і працягвалася да 1991. Выключэнні былі зроблены для спец. медалёў «За бездакорную службу», якімі ўзнагароджвалі ад імя Прэзідыума кіраўнікі адпаведных саюзных ведамстваў (Мін-ва абароны, КДБ, МУС).

Статус дзярж. узнагарод былога СССР, у т. л. ордэнаў і медалёў, у Рэспубліцы Беларусь захаваўся і пасля набыцця краінай незалежнасці і стварэння сваёй узнагароднай сістэмы. Звесткі пра ўзнагароды СССР гл. ў арт. Ордэн, Медаль.

Г.​А.​Маслыка.

Ордэны і медалі Рэспублікі Беларусь Ордэны: 1 — Айчыны 1-й ступені; 2 — Айчыны 2-й ступені; 3 — Айчыны 3-й ступені; 4 — Воінскай Славы; 5 — Францыска Скарыны; 6 — Маці.
Ордэны і медалі Рэспублікі Беларусь: 1 — медаль Ф.​Скарыны; 2 — медаль «За адвагу».

т. 11, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРК (ад позналац. parricus абгароджанае месца),

зямельны ўчастак з натуральнай або спец. пасаджанай расліннасцю, з дарогамі, алеямі, вадаёмамі, прызначаны для адпачынку, прагулак, гульняў. П., як і сады, ствараюцца ў гар. і сельскай мясцовасці сродкамі ландшафтнай архітэктуры і з’яўляюцца асн. элементамі азелянення і садова-паркавага мастацтва. Могуць размяшчацца ў масавай гар. забудове, у буйных лесапаркавых зонах або водна-зялёных дыяметрах, якія аб’ядноўваюць унутрыгарадскую і прыгарадную сістэмы азелянення. Бываюць малыя (да 10 га), сярэднія (10—30 га) і вял. (больш за 30 га). Паркавую кампазіцыю ствараюць масівы дрэў, алеі, адзіночныя пасадкі, жывыя агароджы, газоны, баскеты, дэкар. расліны, кветнікі і інш. Вял. значэнне мае выкарыстанне архітэктуры малых формаў. Парадным месцам П. з’яўляецца партэр.

П. былі вядомы ў Стараж. Егіпце, Грэцыі, Рыме і інш. Дэкаратыўнасцю вызначаліся П. феад. эпохі ў Японіі, Кітаі, Індыі і інш. Перыяду класіцызму характэрны рэгулярны парк франц. тыпу з дакладнай геам. планіроўкай (П. у Версалі, Францыя, 17 ст.). Уплыў рамантызму выявіўся ў пейзажных парках англ. тыпу, якім уласціва свабодная планіроўка тэрыторыі і маляўнічая кампазіцыя аб’ектаў (П. Стоу у Англіі, 18 ст.). У 18 ст. ствараліся палацава-паркавыя ансамблі Сан-Сусі ў г. Патсдам (Германія), Пецяргофа, Летні сад у Пецярбургу (рэгулярныя П.), пейзажныя П. ў Паўлаўску (Ленінградская вобл.), Уманскі дэндрапарк «Сафіеўка» (Украіна).

На Беларусі найб. старадаўнія П., што захаваліся, адносяцца да 18 ст. Узоры рэгулярных П. — Бачэйкаўскі парк, Дубайскі парк, П. у в. Вялікае Мажэйкава Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. У канцы 18—19 ст. былі пашыраны пейзажныя П. (гл. Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс, Гомельскі палацава-паркавы ансамбль і інш.). У 19 ст. з’явіўся новы тып П. — грамадскі «гарадскі сад» (у Мінску, Віцебску, Магілёве і інш.). З 1920-х г. ствараюцца паркі культуры і адпачынку, дзіцячыя (імя М.​Горкага ў Мінску) і спартыўныя (у Баранавічах Брэсцкай вобл.), паркі мемарыяльныя, заалагічныя (у Гродне). Гл. таксама Садова-паркавае мастацтва.

Літ.:

Антипов В.Г. Парки Белоруссии. Мн., 1975;

Косаревский И.А. Искусство паркового пейзажа. М., 1977;

Горохов В.А., Лунц Л.Б. Парки мира. М., 1985;

Федорук А.Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. Мн., 1989.

В.​Р.​Анціпаў, Г.​С.​Ларкін.

Дзіцячы парк імя М.​Горкага ў Мінску.
Парк Сан-Сусі ў г. Патсдам (Германія). 18 ст.

т. 12, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТЫЗА́НСКАЯ ГРУ́ПА ў Вялікую Айчынную вайну,

першапачатковая арганізацыйная і баявая адзінка партыз. сіл, найменшае партыз. падраздзяленне. Стваралася парт. і сав. органамі пераважна на акупіраванай тэрыторыі, фарміравалася і ў сав. тыле. Колькасны склад і ўзбраенне групы залежалі ад характару задач і ўмоў дзейнасці. Паводле прызначэння і спосабу фарміравання адрозніваліся спец., дыверсійныя, разведвальныя і інш. Вясной 1942 у сувязі з масавым прытокам мясц. насельніцтва да партызан, выхаду ў лес падп. груп колькасць П.г. стала хутка павялічвацца, у выніку чаго на іх базе масава ствараліся партыз. атрады: зімой і вясной 1941—42 створана 150 новых атрадаў, за лета 1942 іх колькасць павялічылася на 121 атрад. На тэр. Беларусі дзейнічалі спецгрупы НКДБ БССР: «Арлы» (12.12.1943—12.7.1944, у Ганцавіцкім, Лагішынскім, Лунінецкім р-нах Пінскай вобл., камандзір Дз.​М.​Сакалінскі), «Бура» (17.4—2.7.1944, у Вілейскай вобл., камандзір М.А.Міхайлашаў), «Дружба» (7 вер.ліст. 1943, у Дзятлаўскім, Шчучынскім р-нах Баранавіцкай, Лоеўскім, Рэчыцкім р-нах Гомельскай абл.; камандзір І.​А.​Жолабаў), «Заходнія» (13.10.1943—13.7.1944, у Жалудоцкім р-не Баранавіцкай, Аўгустоўскім, Ваўкавыскім р-нах Беластоцкай абл., камандзір Ф.​С.​Пілюгін), «Іскра» (28.10.1943—24.7.1944, у Антопальскім, Дзівінскім, Кобрынскім, Маларыцкім р-нах Брэсцкай, Драгічынскім р-не Пінскай абл., камандзір М.​П.​Хахлоў), «Мядзведзева» (2.8.1943 — люты 1944, у Акцябрскім, Глускім, Капаткевіцкім р-нах Палескай вобл., камандзір Р.​І.​Слепаў), «Родныя» (13.4.1943—4.7.1944, у Івянецкім р-не Баранавіцкай, Дзяржынскім, Заслаўскім, Мінскім р-нах Мінскай абл., камандзір Я.​А.​Фокін), «Стойкія» (6.10.1943—18.7.1944, у Ваўкавыскім, Свіслацкім р-нах Беластоцкай вобл., камандзіры І.​Г.​Паваразнюк, К.​А.​Груздзеў); спецгрупы НКДБ СССР: «Бывалыя» (28.3. — май 1942, у Чашніцкім р-не Віцебскай, Барысаўскім, Лагойскім, Смалявіцкім р-нах Мінскай абл., камандзір П.Р.Лапацін), «Волаты» (студз. — 2.7.1944, у Навамышскім, Стаўбцоўскім р-нах Баранавіцкай, Дзяржынскім, Капыльскім, Слуцкім р-нах Мінскай абл., камандзір А.​М.​Шыхаў), «Знішчальнік» [4.8.1943—7.7.1944, у Лідскім, Навагрудскім р-нах Баранавіцкай, Маладзечанскім р-не Вілейскай, Жлобінскім, Рагачоўскім р-нах Гомельскай, Асіповіцкім, Бабруйскім, Клічаўскім р-нах Магілёўскай, Барысаўскім, Дзяржынскім, Мінскім, Пухавіцкім р-нах Мінскай абл., камандзіры Н.​В.​Карнілаў (загінуў), А.​Н.​Чычэнка].

Літ.:

Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990. С. 452—453.

А.​Л.​Манаенкаў.

т. 12, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТЫЗА́НСКІ РУХ у вайну 1812, баявыя дзеянні ўзброеных сялян, апалчэнцаў і атрадаў рас. арміі ў тыле напалеонаўскіх войск. Супраціўленне сялян чужынцам пачалося стыхійна як пратэст супраць гвалту, рабаванняў і марадзёрства. Ужо ў ліп. 1812 некат. сяляне Беларусі і Літвы з сем’ямі і маёмасцю ўцякалі ў лясы, дзе частка з іх аб’ядноўвалася ў партыз. атрады і выступала супраць франц. рабаўнікоў і марадзёраў. Больш шырока П.р. разгарнуўся ў канцы лета ў Смаленскай, Калужскай і Маскоўскай губ., дзе дзейнічалі атрады Е.​Чацвертака, Г.​Курына, Самуся (Ф.​Патапава), старасціхі В.​Кожынай і інш. Толькі за 5 тыдняў пасля Барадзінскай бітвы 1812 у сутычках з партызанамі захопнікі страцілі каля 30 тыс. чал. Вял. значэнне П.р. надаваў галоўнакаманд. рас. арміяй М.І.Кутузаў, па ініцыятыве якога ў тыле ворага створаны спец. армейскія партыз. атрады. У вер. 1812 у іх складзе дзейнічала 36 казацкіх, 7 кав. і 5 пях. палкоў, 5 эскадронаў і 3 батальёны. Атрадамі камандавалі генералы і афіцэры Дз.Давыдаў, І.Дорахаў, А.Сяславін, А.Фігнер і інш. Пры садзеянні партызан-сялян яны раптоўна нападалі на акупантаў, знішчалі жывую сілу, парушалі сувязь з тылам, збіралі і перадавалі камандаванню звесткі разведкі. На тэр. Беларусі найб. значны П.р. быў ва ўсх. раёнах. Прыкладам эфектыўнай дзейнасці партызан, якія дапамагалі рас. войску, можа быць атрад сялян в. Жарцы (Полацкі пав.) на чале з М.​Маркавым. Гэта вёска апынулася паміж 2 корпусамі — франц. маршала Н.Ш.Удзіно і рас. ген. П.Х.Вітгенштэйна. Усё дарослае насельніцтва сяла разам з казакамі ўдзельнічала ў 2 бітвах з захопнікамі, разам з дружыннікамі пецярбургскага і наўгародскага апалчэння вызваляла Полацк. 22 чал. з іх былі ўзнагароджаны крыжамі і «Пахвальнымі граматамі». Сяляне некаторых вёсак Барысаўскага, Ігуменскага і інш. пав. нападалі на хлебазапасныя магазіны, рабавалі памешчыкаў, палілі іх маёнткі. П.р. і народнае апалчэнне ў вайне 1812 садзейнічалі разгрому арміі Напалеона, выгнанню яго з Расіі.

Літ.:

Корнейчик Е. Белорусский народ в Отечественной войне 1812 г. Мн., 1962;

Жилин П.А. Гибель наполеоновской армии в России. М., 1968;

Троицкий Н.А. 1812. Великий год России. М., 1988;

Кузьмичев А.П., Аверченков И.А. «Я зашел на дорогу Бонапартьеву». Смоленск, 2000.

Да арт. Партызанскі рух у вайну 1812. Напад сялян на французскіх фуражыраў. Мастак М.​Дамашчанка.
Да арт. Партызанскі рух у вайну 1812. Партызаны. Невядомы мастак пач. 19 ст.

т. 12, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯСЦО́ВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

шматгаліновая вытв-сць у прамысл.-гасп. комплексе краіны, якая працуе пераважна на мясц. сыравіне, прамысл. адходах і задавальняе ў першую чаргу патрэбы мясц. насельніцтва. Выпускае прадметы быт. прызначэння, у т. л. ганчарны, стальны і чыгунны эмаліраваны посуд, разнастайную мэблю, швейныя, трыкат., скургалантарэйныя вырабы, тавары быт. хіміі, гумавы і валены абутак, муз. інструменты. вырабы маст. промыслаў, дзіцячыя цацкі, а таксама с.-г. машыны, буд. матэрыялы, сан.-тэхн. і мед. абсталяванне і інш. На Беларусі М.п. бярэ вытокі ад нар. промыслаў і дробнай вытв-сці, якая ў 1920—30-я г. ўваходзіла ў сістэму прамысл. кааперацыі. Пазней пабудаваны больш магутныя прадпрыемствы дзярж. уласнасці. У 1960 прадпрыемствы прамысл. кааперацыі перададзены ў распараджэнне мясц. Саветаў, створана Гал. ўпраўленне М.п., а ў 1965 — Мін-ва М.п. БССР. На 1.1.1972 М.п. Беларусі аб’ядноўвала 187 прамысл. прадпрыемстваў. У працэсе рэарганізацыі галіновых міністэрстваў у 1993 утвораны Бел. дзярж. канцэрн па вытв-сці і рэалізацыі тавараў нар. спажывання («Белмясцпрам»). М.п. уключае вытв. аб’яднанні, з-ды і ф-кі рэсп. і камунальнай уласнасці. Асн. вытв. магутнасці і б.ч. буйных прадпрыемстваў М.п. (93 у 1999) падпарадкаваны канцэрну «Белмясцпрам». З іх 32 прадпрыемствы рэсп. уласнасці (21 дзярж., 1 арэнднае, 10 акц. т-ваў) і 61 прадпрыемства камунальнай уласнасці Брэсцкай, Гомельскай, Гродзенскай і Віцебскай абл. (аб’яднаны ў спец. абл. аб’яднанні, падпарадкаваныя адначасова «Белмясцпраму» і аблвыканкомам Саветаў). М.п. дае 1% аб’ёму валавой прадукцыі прам-сці Беларусі, а па таварах нар. спажывання — 2%. Асн. галіны вытв-сці: металаапрацоўка, дрэваапрацоўка, хімічная, будматэрыялаў, лёгкая. Найб. прадпрыемствы: Барысаўскі з-д «Чырвоны металіст», Гомельскі завод «Эмальпосуд», Мазырскае вытв. мэблевае аб’яднанне, з-д імя М.​Гастэлы (Мінск), Полацкі з-д с.-г. абсталявання, Слуцкі з-д «Эмальпосуд», Магілёўскае ВА «Ольса», Маладзечанская ф-ка муз. інструментаў, вытв. фірма «Бархім» (Баранавічы), Калінкавіцкі з-д быт. хіміі, Калінкавіцкая мэблевая ф-ка, акц. т-вы «Барбытхім» (Барысаў), «Белмасткераміка» (Радашковічы), «Гомельпласт», «Музінструмент-Барысаў», «Мінская люстэркавая ф-ка», «Гомельская люстэркавая ф-ка», «Ваўмет» (Ваўкавыск) і інш. У 1999 прадпрыемствы канцэрна «Белмясцпрам» (23 358 работнікаў) вырабілі стальнога эмаліраванага посуду 1570 т, сінт. мыйных сродкаў 3697 т, піяніна — 3360 шт., набораў для кухні «Вязынка» 1789 шт., валенага абутку 352 000 шт. і інш. Частка прадукцыі М.п. (піяніна, электрагітары, мэбля, буд. матэрыялы і інш.) экспартуецца.

М.​Л.​Поўх.

т. 11, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛІЦЫ́ЙНАЯ АРМІЯ,

1) армія, якая ствараецца на аснове тэрытарыяльна-міліцыйнай сістэмы буд-ва ўзброеных сіл; у мірны час на службу прызываецца невял. колькасць кадравых ваеннаслужачых (пераважна камандны склад), а ваеннаабавязаныя, у т. л. радавы склад, якія прыпісаны да часцей (па месцы жыхарства), праходзяць ваен. навучанне паводле метаду пазавайсковай падрыхтоўкі і кароткатэрміновых вучэбных збораў.

Прататып М.а. — апалчэнні, якія існавалі ў шэрагу рабаўладальніцкіх дзяржаў (Сірыі, Егіпце, Урарту і інш.), пазней — сярэдневяковыя гар. апалчэнні шэрагу еўрап. краін (у ВКЛ мелі назву Паспалітае рушэнне), з 19 ст. нац. гвардыя ў Францыі і інш. У СССР у 1920—30 былі часці і злучэнні М.а., у т. л. на тэр. Беларусі 2-я Бел. дывізія, а таксама 16-ы стралк. корпус, 27, 29, 33, 37-я дывізіі Бел. ваен. акругі. З 1935 Узбр. Сілы СССР, у т. л. часці, што дыслацыраваліся на тэр. Беларусі, пераведзены на адзіную кадравую сістэму іх буд-ва, якая замацавана ў 1939 Законам аб усеагульным воінскім абавязку.

У сувязі са значнымі зменамі, якія адбыліся ў ваен. справе, класічны прынцып арганізацыі М.а. сёння практычна не выкарыстоўваецца. У некат. краінах М.а. (у ЗША — частка нац. гвардыі, у Вялікабрытаніі — войскі графстваў і інш.) з’яўляецца толькі дадаткам і рэзервам пастаяннай рэгулярнай кадравай арміі. Як асн. ваенная арг-цыя М.а. існуе толькі ў Швейцарыі (гл. таксама Тэрытарыяльныя войскі). У Рэспубліцы Беларусь камплектаванне арміі салдатамі і сяржантамі ажыццяўляецца ў асн. па тэрытарыяльнай, а ў пагран. і ўнутр. войсках — па экстэрытарыяльнай прыкмеце.

2) У пераносным сэнсе міліцыйныя злучэнні, часці і падраздзяленні. У пач. 1920-х г. існавалі ў Расіі (СССР) — 9 дывізій і адна міліцыйная брыгада, якія ў 1923 перафарміраваны ў тэр.-міліцыйныя дывізіі. У 1966 міліцыйныя часці адноўлены з мэтай нясення патрульна-паставой службы ў буйных гарадах, у т. л. ў Мінску (асобны спец. матарызаваны батальён міліцыі, з 1989 — полк, з 1993 — асобная міліцыйная брыгада). У 1990 на базе часцей 43-й канвойнай дывізіі сфарміраваны батальёны міліцыі ў абласных цэнтрах і буйных гарадах Беларусі. У 1995 створаны корпус аховы грамадскага парадку, у склад якога ўвайшлі міліцыйныя і інш. часці (падраздзяленні) Унутр. войск.

І.​М.​Вяроўка, Р.​Ч.​Лянькевіч.

т. 10, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)