ПАВЯ́ЗКА,

комплекс сродкаў, якія накладваюць на цела хворага пры розных пашкоджаннях і захворваннях. Ахоўвае рану ад інфекцый, вонкавых раздражняльнікаў, падтрымлівае хворую ч. цела ў фіксаваным становішчы. У залежнасці ад функцыян. прызначэння адрозніваюць П. ўмацавальныя (для замацавання перавязачнага матэрыялу на ране), сціскаючыя (гамеастатычныя), якія накладваюць на вобласць пашкоджанага сасуда, каб спыніць крывацёк і імабілізуючыя (для ўтрымання пашкоджанай ч. цела ў вызначаным становішчы). Сярод умацавальных П. часцей ужываюць бінтавую, таксама безбінтавую — клеявую, лейкапластырную і інш. Умацавальная П. бывае кругавая (цыркулярная), крыжападобная, коласападобная і інш. Сціскаючыя П. робяць часцей з марлевага бінту. Імабілізуючыя П. падзяляюць на мяккія (спец. эластычныя прыстасаванні для дадатковай вонкавай фіксацыі суставаў пры пашкоджанні звязкавага апарату), зацвердзявальныя (для працяглай фіксацыі пры пераломах, дэфектах і пашкоджаннях, гнойных працэсах; найб. пашыраны гіпсавыя) і шынныя (для фіксацыі ўчасткаў цела хворых пры транспарціроўцы). Пры аказанні першай дапамогі ў якасці шын выкарыстоўваюць дошкі, рэйкі і інш. Робяць П. паводле правіл дэсмургіі.

М.В.Шчавелева.

т. 11, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)