ГА́НГСКІ АРТЭЗІЯ́НСКІ БАСЕ́ЙН,

у цэнтральнай частцы Паўд. Азіі, на тэр. паўд.-ўсх. Індыі, Бангладэш, Непала, Бутана, часткова зах. Кітая і паўн. і ўсх. М’янмы. Пл. 1,86 млн. км². Размешчаны ў паўн. ч. Індастанскай платформы, уключае Перадгімалайскі і Перадараканскі краявыя прагіны; гал. ваданосныя гарызонты — чацвярцічныя пралювіяльныя адклады акумулятыўнай раўніны р. Ганг. Напорныя воды на глыб. да 15 м. Дэбіты свідравін ад 5—6 да 30 л/с. Мінералізацыя вады ніжэй за 1 г/л. Жыўленне басейна за кошт інфільтрацыі атм. ападкаў, рачных і расталых вод ледавікоў, кандэнсацыі вільгаці з паветра. Эксплуатацыйныя рэсурсы падземных вод для б.ч. басейна каля 7400 км³/год.

т. 5, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНЧАРО́Ў (Андрэй Аляксандравіч) (н. 2.1.1918, в. Сініцы, Зарайскі р-н Маскоўскай вобл.),

рускі рэжысёр. Нар. арт. СССР (1977). Герой Сац. Працы (1987). Скончыў Ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1941). Працаваў у маскоўскіх т-рах Сатыры (1944—51), імя Ярмолавай (1951—58), з 1958 гал. рэжысёр Маскоўскага драм. т-ра, з 1967 — т-ра імя У.​Маякоўскага. Творчасці Ганчарова характэрныя яркая, энергічная рэжысура, імкненне да абвастрэння канфліктаў, выяўлення патаемных спружын драм. дзеяння: «Трамвай «Жаданне» Т.​Уільямса (1970), «Гутаркі з Сакратам» Э.​Радзінскага (1975), «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» паводле М.​Ляскова (1979), «Захад сонца» І.​Бабеля (1988) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1977, 1984.

т. 5, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕ́ЙСНЫ ТА́НЕЦ,

танец, які ўвасабляе развіццё дзеяння балетнага спектакля; гал. выразны сродак сюжэтнага балета. У 18—19 ст. наз. па д’аксьён. Як аснову балетнага спектакля яго распрацоўвалі Ж.Ж.Навер, Ш.Дзідло, Г.Анджаліні. У канцы 19 — пач. 20 ст. паняцце Дз.т. стала больш шырокім і пачало ахопліваць усе разнавіднасці танца, які развівае дзеянне, у адрозненне ад дывертысментнага танца (гл. Дывертысмент), які выяўляе не дзеянне, а стан, і пантамімы, што раскрывае дзеянне, але не танц. сродкамі. Узоры Дз.т. стварылі балетмайстры І.​Бельскі, В.​Вайнонен, А.​Вінаградаў, В.​Гардзееў, Ю.​Грыгаровіч, Р.​Захараў, Л.​Лаўроўскі, В.​Чабукіяні і інш., на Беларусі — А.​Дадышкіліяні, В.​Елізар’еў.

т. 6, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЁНІЦ ((Dönitz) Карл) (16.9.1891, Берлін — 24.12.1980),

ваенна-марскі дзеяч фаш. Германіі, адзін з гал. нацысцкіх ваен. злачынцаў 2-й сусв. вайны. Грос-адмірал (1943). У ВМФ з 1910. У 1936—43 камандуючы падводнымі сіламі, у 1943—45 галоўнакамандуючы ВМФ: выступаў за вядзенне неабмежаванай падводнай вайны. У маі 1945 паводле завяшчання А.​Гітлера рэйхсканцлер і вярх. галоўнакамандуючы. Урад Дз. арганізаваў капітуляцыю Германіі перад дзяржавамі антыгітлераўскай кааліцыі. 23.5.1945 арыштаваны за злачынствы супраць міру і парушэнне прававых норм вядзення вайны, асуджаны на 10 гадоў зняволення.

Тв.:

Рус. пер. — Немецкие подводные лодки во второй мировой войне. М., 1964;

Двадцать дней на посту главы государства // Новая и новейшая история. 1991. № 6.

т. 6, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЬЯЧЭ́НКА (Ніна Мікалаеўна) (н. 23.7.1944, г. Чыта, Расія),

артыстка балета, балетмайстар. Засл. арт. Расіі (1973). Скончыла Пермскае харэаграфічнае вучылішча (1963), выкладала ў ім (1965—85). Працавала ў Львоўскім (з 1963) і Пермскім (з 1965) т-рах оперы і балета [сярод партый: Мерседэс («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Зарэма («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Эгіна («Спартак» А.​Хачатурана), Кармэн («Кармэн-сюіта» Ж.​Бізе—Р.​Шчадрына)]. З 1986 педагог-рэпетытар Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, з 1988 педагог Бел. харэаграфічнага вучылішча, з 1992 балетмайстар, з 1993 гал. балет-майстар Дзярж. т-ра муз. камедыі Беларусі. Сярод пастановак: балеты «Іспанскі дывертысмент», «Зачараваны прынц» на муз. П.​Чайкоўскага, харэаграфія спектакляў «Хэло, Долі!» Дж.​Германа, «Халопка» М.​Стрэльнікава. «Вясёлая ўдава» Ф.​Легара, «Капялюш Напалеона» О.​Штрауса, «Цыганскі барон» І.​Штрауса.

т. 6, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮБУА́ ((Dubois) Станіслаў) (7.1.1901, Варшава — 21.8.1942),

польскі паліт. дзеяч, журналіст. Чл. Польскай сацыяліст. партыі (з 1918). У 1919—21 удзельнічаў у Сілезскіх паўстаннях. Адзін з заснавальнікаў Саюза незалежнай сацыяліст. моладзі (1922). У 1928—30 дэпутат сейма. У 1929 адзін са стваральнікаў «Цэнтралеву» (блок 6 цэнтрысцкіх і левых партый). Быў арыштаваны і зняволены ў Брэсцкай крэпасці, у 1932 асуджаны на 3 гады. З 1934 прыхільнік саюзу сацыялістаў з камуністамі, у 1936—37 сузаснавальнік і нам. гал. рэдактара газ. «Dziennik Popularny» («Папулярны штодзённік»), якая выступала за адзіны фронт. У перыяд фаш. акупацыі чл. канспіратыўнай групоўкі «Барыкада свабоды». У 1940 арыштаваны гестапа, вывезены ў Асвенцім і расстраляны.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 6, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНАЯ ШКО́ЛА, юрыдычная школа,

адзін з гал. кірункаў у рас. гістарыяграфіі ў сярэдзіне 19 — пач. 20 ст. Пачала складвацца ў 1840-я г. Асн. ідэі распрацаваны К.​Дз.Кавеліным, С.М.Салаўёвым, Б.М.Чычэрыным, развіты В.І.Сергеевічам, П.М.Мілюковым, А.С.Лапа-Данілеўскім. М.М.Багаслоўскім, А.А.Кізеветэрам, С.Ф.Платонавым, М.А.Дзяканавым і інш., а таксама ў ранніх працах Ю.У.Гацье, С.​У.​Бахрушына, Б.​Дз.Грэкава. Прадстаўнікі школы лічылі дзяржаву і яе дзейнасць асн. рухаючай сілай гіст. працэсу (адсюль назва), аддавалі значную ўвагу гісторыі рас. права, асабліва прыгоннага (адсюль другая назва), проціпастаўлялі гісторыю Расіі гісторыі краін Зах. Еўропы.

Літ.:

Шапиро А.Л. Русская историография с древнейших времен до 1917 г. [2 изд.]. М., 1993. С. 419—433, 564—602.

т. 6, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́БЕЛЬТ (Лявонцій Васілевіч) (1792, г. Магілёў — 9.5.1862),

ваенны і дзярж. дзеяч, адзін з арганізатараў паліт. вышуку ў Расіі. Генерал ад кавалерыі (1856). Скончыў Горны кадэцкі корпус (1807), служыў у пяхоце (да 1830). Ўдзельнік кампаній 1807 і 1812—15, ад’ютант Дз.С.Дахтурова, М.М.Раеўскага. У пач. 1820-х г. масон. З 1830 у Корпусе жандараў, з 1835 нач. штаба корпуса. У 1839—56 адначасова кіраўнік «Трэцяга аддзялення», чл. Гал. ўпраўлення цэнзуры і Сакрэтнага к-та аб раскольніках. Кіраваў праследаваннем паэтаў А.​С.​Пушкіна і М.​А.​Някрасава, расследаваў справы Кірыла-Мяфодзіеўскага таварыства і петрашэўцаў. З 1856 у адстаўцы.

Літ.:

Оржеховский И.В. Самодержавие против революционной России (1826—1880 гг.). М., 1982.

т. 6, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́БАРАЎ (Валянцін Аляксеевіч) (н. 14.4.1948, г. Ніжні Ноўгарад, Расія),

бел. мастак. Скончыў Горкаўскае маст. вучылішча (1968), Маскоўскі паліграф. ін-т (1980). З 1974 жыве ў Мінску. З 1980 працуе ў выд-вах «Беларусь», «Мастацкая літаратура» (з 1989 гал. мастак), «Белфакс». Валодае яркай самабытнай творчай манерай, якая не ўпісваецца ў рамкі афіц. рэалізму. У творах арганічнае спалучэнне гумару і трагізму, гратэску і сакавітай іроніі: «Францыск Скарына. Вяртанне», «Гульні ў галоснасць», «Прывітанне з Крыма», «Птушыныя трэлі», «Русалка прэснаводная, звычайная» (усе 1990-я г.). Іл. гл. таксама ў арт. Гратэск.

Літ.:

Валентин Губарев: Живопись: [Каталог]. Мн., 1992.

Г.​А.​Фатыхава.

В.Губараў. Русалка прэснаводная, звычайная. 1996.

т. 5, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАКУТО́ВІЧ (Барыс Нічыпаравіч) (н. 1.8.1921, Масква),

рускі рэжысёр. Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1951), дзе і выкладаў да 1958. Працаваў у т-рах Расіі. У 1958—63 на Беларусі: гал. рэжысёр Дзярж. рус. т-ра БССР (1958—60) і Бел. рэсп. т-ра юнага гледача (1962—63). Пастаноўкам Д. ўласціва яркая тэатр. форма, вобразна-асацыятыўная сцэн. мова, інтэлектуальнасць: «Іркуцкая гісторыя» А.​Арбузава (1960), «Чырвоныя чарцяняты» П.​Бляхіна, А.​Палявога і А.​Талбузіна (1961), «Клоп» У Маякоўскага (1962), «Бітва ў космасе» М.​Гамолкі (1963). Аўтар кніг «Акцёр і роля: Некаторыя рэжысёрскія ўрокі Ю.​А.​Завадскага» (1983), «Загадкі малой драматургіі» (1989).

т. 6, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)