дэфекты структуры, якія ўтвараюцца пры апрамяненні цвёрдых цел іанізавальным выпрамяненнем (радыяцыяй). Адрозніваюць абарачальныя Рд. — назіраюцца ў працэсе апрамянення і знікаюць пасля спынення ўздзеяння радыяцыі, і астаткавыя — назапашваюцца ў працэсе апрамянення і захоўваюцца пасля яго. Паводле саставу бываюць уласныя і дамешкавыя (у іх склад уваходзяць атамы легіравальнай дамешкі), паводле памераў — кропкавыя і працяглыя (вобласці назапашвання ўласных і/ці дамешкавых дэфектаў).
Энергія, якая перадаецца пры апрамяненні цвёрдаму целу (мішэні), можа прывесці да разрыву міжатамных сувязей з утварэннем першасных Р.д. — пары міжвузельны атам — вакансія (гл.Вакансія ў фізіцы). Жорсткае эл.-магн. выпрамяненне (ультрафіялетавае выпрамяненне, рэнтгенаўскае выпрамяненне, гама-выпрамяненне) непасрэдна ўзбуджае электронную сістэму цвёрдага цела, а потым уключаюцца механізмы зрушэння атамаў са становішчаў устойлівай раўнавагі. Утварэнне Р.д. пры перадачы энергіі выпрамянення электронам рэчыва мае месца ў асноўным у дыэлектрыках і паўправадніках. Калі энергія зрушанага ў міжвузелле атама мішэні значна перавышае парогавую энергію ўтварэння Р.д., то такі атам можа пры руху ўтвараць пары міжвузельны атам — вакансія. Магчыма таксама ўтварэнне Р.д. у выніку перадачы часткі энергіі ядзерных рэакцый атаму мішэні. Колькасць і структуру Р.д. можна змяніць награваннем мішэні (тэрмічны адпал дэфектаў). Утварэнне Р.д. у спалучэнні з інш. знешнімі ўздзеяннямі (мех. нагрузкі, эл. і магн. палі, асвятленне) дае магчымасць мэтанакіравана мадыфікаваць уласцівасці матэрыялаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎНІ́НА,
адносна роўная паверхня з малымі ваганнямі вышынь і аднароднай геал. будовай; адзін з важнейшых элементаў рэльефу зямнога шара. Трапляюцца на розных вышынях і глыбінях у межах сушы і дна акіянаў і мораў. На сушы ў адносінах да ўзроўню мора Р. ўмоўна падзяляюць на адмоўныя (ніжэй узр. м.), нізінныя (ад 0 да 200 м над узр. м.), узвышаныя, або платопадобныя (ад 200 да 500 м) і нагорныя (вышэй за 500 м). Адрозніваюць таксама гарыз., нахіленыя, увагнутыя і выпуклыя Р.; паводле форм рэльефу, які ўскладняе іх паверхню, — плоскія, ступеньчатыя, хвалістыя, увалістыя, узгорыстыя і інш.Паводле генезісу бываюць першасныя (узнятае дно мора), акумулятыўныя (вынік намнажэння марскіх, алювіяльных, водналедавіковых, азёрных адкладаў), дэнудацыйныя (утварыліся на месцы стараж. гор у выніку размыву парод цякучай вадой і іх змыву па схілах). Большасць Р. фарміруецца на платформах (платформенныя Р.), у арагенных абласцях Р. прымеркаваны пераважна да міжгорных і перадгорных прагінаў. Сярод падводных Р. пашыраны абісальныя раўніны, якія прымеркаваны да ложа акіяна, Р. шэльфа і катлавін ускраінных мораў. У сукупнасці Р. займаюць 15—20% паверхні-сушы, найб. з іх Амазонская, Усх.-Еўрапейская, Зах.-Сібірская з плошчай па некалькі млн.км². Тэр. Беларусі мае раўнінны характар паверхні. Вылучаюцца Р.: Аршанска-Магілёўская, Баранавіцкая, Горацка-Мсціслаўская, Загароддзе, Лідская, Прыбугская, Стаўбцоўская, Цэнтральнабярэзінская, Чачорская, Чашніцкая (гл. адпаведныя арт.) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОМ (Міхаіл Ільіч) (24.1.1901, г. Іркуцк, Расія — 1.11.1971),
расійскі кінарэжысёр, сцэнарыст. Нар.арт.СССР (1950). Ганаровы чл.-кар.АМ ГДР (1967). Скончыў Вышэйшы дзярж.маст.-тэхн. ін-т (1925). З 1928 навук. супрацоўнік Ін-та метадаў пазашкольнай работы. З 1931 працаваў на кінастудыі «Масфільм». У 1942—47 рэжысёр Т-ра-студыі кінаакцёра. З 1948 (з перапынкамі) выкладаў ва Усесаюзным дзярж. ін-це кінематаграфіі (з 1958 праф.). Першая рэжысёрская работа — «Пышка» (паводле Гі дэ Мапасана, 1934). Стварыў дылогіі «Ленін у Кастрычніку» (1937) і «Ленін у 1918 годзе» (1939), «Адмірал Ушакоў» і «Караблі штурмуюць бастыёны» (абодва 1953). Грамадз. пафас, публіцыстычнасць, антыфаш. скіраванасць характэрны для фільмаў «Чалавек №217» (1945, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах 1946), «Рускае пытанне» (паводле К.Сіманава, 1947), «Сакрэтная місія» (1950), «Забойства на вуліцы Дантэ» (1956). Маральнасцю, эмац. і інтэлектуальнай афарбоўкай вылучаецца фільм «Дзевяць дзён аднаго года» (1962, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Карлавых Варах, Чэхія). Аўтар дакумент. фільма «Звычайны фашызм» (1965, спец. вышэйшы прыз журы Міжнар. кінафестывалю ў Лейпцыгу, Германія). Аўтар і сааўтар сцэнарыяў сваіх фільмаў. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1946, 1948, 1949, 1951. Дзярж. прэмія Расіі імя братоў Васільевых 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЛЯТЫВІ́ЗМ (ад лац. relativus адносны),
метадалагічны прынцып, паводле якога ўсё ў свеце адноснае. Сустракаецца ў розных галінах пазнання і практыкі. Гнасеалагічны Р. узыходзіць да вучэння стараж.-грэч.сафістаў, паводле якога ўсе веды павінны разглядацца толькі як адносна правільныя ў сувязі з тым, што іх змест залежыць ад суб’екта пазнання («чалавек ёсць мера ўсіх рэчаў»), ад яго душэўнага і фіз. стану (Горгій, Пратагор). У 16—17 ст. Р. выкарыстоўвалі для крытыкі рэліг. догматаў і метафізікі (П.Бейль, М. дэ Мантэнь, Эразм Ратэрдамскі). З 18 ст. распаўсюджваецца анталагічны Р., прыхільнікі якога не прызнавалі існавання аб’ектыўных законаў прыроды і грамадства і абвяшчалі суб’ектывізм пазнання (Дж.Берклі, Д.Юм). Прадстаўнікі дыялект. матэрыялізму не пагаджаліся з прынцыпам Р., але прызнавалі адноснасць ведаў, абумоўленасць пазнання ўзроўнем развіцця прадукц. сіл і навукі. На мяжы 19—20 ст. Р. набыў папулярнасць у махізме, неапазітывізме, прагматызме і інш., прадстаўнікі якіх абвяшчалі абсалютную адноснасць ведаў (Э.Мах, І.Петцальт) ці іх поўную ўмоўнасць (А.Пуанкарэ). Этычны Р. абвяшчае адноснасць агульнапрынятых маральных норм, часам выкарыстоўваецца для ігнаравання маральных асноў грамадства, апраўдання амаралізму. Р. характэрны таксама для гістарыяграфіі, мастацтвазнаўства і інш.гуманіт. дысцыплін, у распараджэнні якіх няма адназначна вывераных, дакладных крытэрыяў і ацэнак. Адрозніваюць таксама фізічны Р., які грунтуецца на адноснасці тэорыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́Т МІНІ́СТРАЎ СССР (СМСССР),
вышэйшы выканаўчы і распарадчы орган дзярж. улады, урад Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік у 1946—91. Створаны ў выніку пераўтварэння Савета Народных Камісараў (закон ад 15.3.1946). Да 1989 утвараўся Вярхоўным Саветам СССР на 1-й сесіі чарговага склікання ў складзе старшыні, першых намеснікаў, намеснікаў старшыні, міністраў СССР, старшынь дзярж. к-таў СМСССР, старшыні к-таДзярж. бяспекі пры СМСССР (да ліп. 1978). Уваходзілі таксама паводле сваіх пасад старшыні Саветаў Міністраў саюзных рэспублік. СМСССР аб’ядноўваў і накіроўваў работу агульнасаюзных і саюзна-рэсп. міністэрстваў, рабіў захады па ажыццяўленні планаў сац.-эканам. развіцця, умацаванні крэдытна-грашовай сістэмы, кіраваў агульным будаўніцтвам узбр. сіл краіны, ажыццяўляў агульнае кіраўніцтва ў галіне зносін з замежнымі дзяржавамі і г.д.; выдаваў пастановы і распараджэнні на падставе дзеючых законаў. Паводле закона СССР ад 1.12.1988, які ўнёс змены ў Канстытуцыю СССР 1977, пастаянна дзеючы Вярх. СаветСССР зацвярджаў склад СМСССР і прызначаў яго старшыню, якога зацвярджаў З’езд народных дэпутатаў СССР. У студз. 1991 замест СМСССР утвораны Кабінет Міністраў СССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІКАСО́, Пікаса [Picasso; сапр.Руіс-і-Пікаса (Ruiz y Picasso)] Пабла (25.10.1881, г. Малага, Іспанія — 8.4.1973), французскі мастак іспанскага паходжання; адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў авангардызму, заснавальнік (з Ж.Бракам) кубізму. Вучыўся ў школе прыгожых мастацтваў у Барселоне (з 1895) у свайго бацькі Х.Руіса Бласка, акадэміі Сан-Фернанда ў Мадрыдзе (зіма 1897—98). З 1904 жыў у Францыі, пераважна ў Парыжы. Раннія жывапісныя творы [т.зв. «блакітны» (1901—04) і «ружовы» (1905—06) перыяды; назвы ад тонаў, якія дамінавалі ў каларыстычнай гаме] прысвечаны тэме трагічнай адзіноты, абяздоленасці і духоўнага ўбоства ніжэйшых слаёў грамадства, рамант. жыццю вандроўных камедыянтаў: «Стары жабрак з хлопчыкам», «Прасавальшчыца», «Бедная трапеза», «Дзяўчынка на шары», «Сям’я камедыянтаў з малпай» і інш. У той жа час працаваў пад уплывам П.Пюві да Шавана, набідаў («Арлекін абапёрся»), А.Тулуз-Латрэка, П.Гагена («Жыццё»), Э.Кар’ера («Маці і дзіця»), ісп. («Стары гітарыст») і грэч. («Вадапой») мастацтва. У 1906—07 пад уздзеяннем афр. пластыкі і П.Сезана імкнуўся да выяўлення значнасці твора праз спрашчэнне форм («Авіньёнскія дзяўчаты» і інш.), што абумовіла ўзнікненне ў яго творчасці кубізму: «Фабрыка ў Хорта дэ Эбра», «Партрэт Фернанда Аліўе» (абодва 1909), «Партрэт Амбруаза Валара» (1909—10), «Партрэт Канвейлера» (1910), «Скрыпка і вінаград» (1912), «Гітара і скрыпка» (1913), «Партрэт дзяўчыны» (1914), «Тры музыканты» (1921), «Мандаліна і гітара» (1924) і інш. З 1917 зноў вярнуўся і да фігуратыўнага жывапісу, у якім пераасэнсоўваў гіст.маст. стылі ў тагачаснай манеры: «Тры жанчыны каля крыніцы» (1921), «Дзве жанчыны на пляжы» (1922), «Флейта Пана», «Партрэт Вольгі», «Жанчына ў белым» (усе 1923), «Поль у касцюме П’еро» (каля 1923) і інш. У 1925 — пач. 1930-х г. працаваў у рэчышчы сюррэалізму: карціны «Купальшчыца сядзіць», «Жанчына ў крэсле» (абедзве 1929), «Постаці на беразе мора» (1931), «Люстэрка» (1932), скульптура «Мужчына з букетам» (1934) і інш. У графіцы пераважалі ант. матывы (ілюстрацыі да «Лісістраты» Арыстафана, 1934; серыя гравюр «Мінатаўрамахія», 1935, і інш.). У творах 1937—45 выявіў варварства фаш. рэжыму, трагізм і безвыходнасць эпохі: «Герніка», «Жанчына плача» (абодва 1937), «Кот і птушка» (1939), «Нацюрморт з бычыным чэрапам» (1942), «Бойня» (1944—45) і інш. З канца 1940-х г. пераважна інтэрпрэціраваў інтэрпрэтаваў* у сучасным стылі карціны старых майстроў («Партрэт мастака. У наследаванне Эль Грэка», «Дзяўчаты на беразе Сены. Паводле Курбэ», абедзве 1950; «Алжырскія жанчыны. Паводле Дэлакруа», 1955; «Меніны. Паводле Веласкеса», 1957; «Сняданак на траве. Паводле Манэ», 1960, і інш.), ствараў творы антываен. тэматыкі (малюнак «Голуб міру», 1947; карціна «Разня ў Карэі», 1951; пано «Мір» і «Вайна», 1952, і інш.), працаваў у скульптуры («Цяжарная жанчына», «Каза», абедзве 1950; «Малпа з малышом», 1952, і інш.), дэкар.-прыкладным мастацтве, графіцы. У 1970 адкрыты музей П. ў Барселоне, у 1985 — у Парыжы. Міжнар. прэмія Міру 1950, Міжнар. Ленінская прэмія 1962. Іл.гл. таксама да арт.Іспанія, Кубізм.
Літ.:
Голомшток И.Н., Синявский А.Д. Пикассо. М., 1960;
Графика Пикассо: [Альбом]. М., 1967;
Дмитриева Н.А. Пикассо. М., 1971;
Зубова М.В. П.Пикассо. Актеры и клоуны: [Альбом]. М., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«А́РМІЯ ВЫРАТАВА́ННЯ»
(англ. Salvation Army),
міжнародная рэлігійна-філантрапічная арг-цыя. Засн. ў 1865 у Лондане англ. прапаведнікам-метадыстам У.Бутсам, да 1878 наз. Хрысціянская місія. Дзейнасць арг-цыі пабудавана паводлеваен. прынцыпу (кіраўнік мае званне генерала). У рабоце спалучае пропаведзь Евангелля і практычную сац. службу, накіраваную на аблягчэнне становішча тых, хто церпіць нястачу і мае патрэбу ў дапамозе (арганізацыя грамадскіх сталовак, начлежак, бальніц, школ і г.д.). Дзейнічае ў 96 краінах, налічвае больш за 14 тыс. карпусоў-прыходаў (1994). Штаб-кватэра ў Лондане.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСАРТЫМЕ́НТ (франц. assortiment),
аднародная прадукцыя (паслугі) па відах, гатунках, марках. Адрозніваюць асартымент групавы, відавы і ўнутрывідавы, ці разгорнуты. Групавы асартымент — пералік узбуйненых таварных груп, на якія падзяляецца ўся наменклатура тавараў нар. спажывання, што рэалізуюцца ў рознічным гандлі (напр., мяса і мясапрадукты, кандытарскія вырабы, тканіны, швейныя вырабы і гэтак далей). Відавы асартымент — падзел групавога асартыменту на віды (напр., групы тканін — на баваўняныя, шарсцяныя, шаўковыя, ільняныя і інш.). Унутрывідавы, ці разгорнуты, асартымент — разнавіднасць унутры асобнага віду тавараў (паводле мадэлі, колеру, фасону і інш. прыкмет).
савецкі хімік. Акад.АНСССР (1946, чл.-кар. 1943). Скончыў Маскоўскі ун-т (1923). З 1927 працаваў там жа, адначасова з 1935 у Ін-це арган. хіміі АНСССР. Навук. працы ў галіне арган. каталізу. Стварыў мультыплетную тэорыю каталізу, паводле якой існуе структурная і энергет. адпаведнасць паміж рэагавальнымі малекуламі і цвёрдым каталізатарам; распрацаваў класіфікацыю арган. каталітычных рэакцый, па якой прадказаны многія рэакцыі дэгідрагенізацыі. Дзярж. прэмія СССР 1946.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТА́ШЫНСКАЕ ВЫСТУПЛЕ́ННЕ СЯЛЯ́Н 1932,
узброенае выступленне сялян у Зах. Беларусі (в.Асташына і навакольныя вёскі Навагрудскага пав.) 19—20.3.1932 супраць падатковага прыгнёту. Адбылося пад кіраўніцтвам сялянскага к-та. Сяляне спалілі маёнтак абшарніка, сядзібы асадніка і гандляра, узброіўшыся паляўнічымі стрэльбамі, уступілі ў перастрэлку з паліцыяй, разграмілі паліцэйскі ўчастак, вызвалілі вязняў, захапілі зброю, спалілі двор каменданта паліцыі. Польскія ўлады жорстка расправіліся з удзельнікамі выступлення: паводле прыгавору надзвычайнага суда 5.7.1932 у Навагрудку 4 паўстанцы павешаны, 49 прыгавораны да турэмнага зняволення, з іх 5 да пажыццёвага зняволення.