РУ́ШКАВІЧЫ,

літоўскі княжацкі род, прадстаўнікі якога Ванібут, Бутавіт, Віжэік, Вішлій, Кіценій, Плікасова ўдзельнічалі ў падпісанні з Уладзіміра-Валынскім княствам дагавора 1219, скіраванага супраць Польшчы. У сярэдзіне 1250-х г. кн. Сірвід Р. удзельнічаў у сумесным з рус. князямі паходзе супраць мангола-татар на Украіну. На думку рас. гісторыка І.​Бяляева, Р. разам з Булевічамі валодалі тэр. ад Віліі да Нёмана і Свіслачы (заходняй), на У — да Бярэзіны (дняпроўскай). Літ. гісторык Э.​Гудавічус лічыць, што Р. валодалі зямлёй Упіта. На думку М.​Ермаловіча, іх уладанні ляжалі па суседстве з Пінскім княствам.

т. 13, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫЧАГО́Ў (Рыгор Пятровіч) (н. 10.4.1944, г. Давыд-Гарадок Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне хірургіі. Д-р мед. н. (1989), праф. (1993). Скончыў 1-ы Ленінградскі мед. ін-т (1969). З 1990 у Мінскім мед. ін-це (заг. кафедры). Навук. працы па хірург. гастраэнтэралогіі, агульнай хірургіі, малаінвазійных тэлеэндавідыё- і лазерных тэхналогіях.

Тв.:

Прогнозирование и профилактика, послеоперационных осложнений в хирургии язвенной болезни. Душанбе, 1991;

Ошибки, опасности и осложнения в желудочной хирургии. Мн., 1993;

Методы наложения повязок при травмах и некоторых заболеваниях. Мн., 1996 (разам з А.​М.​Няхаевым).

т. 13, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭАКТЫ́ЎНАСЦЬ (ад рэ... + актыўнасць),

уласцівасць жывой сістэмы рэагаваць на ўздзеянне навакольнага асяроддзя. Біял. форма адлюстравання ўключае вял. колькасць рэакцый — ад простых відаў раздражняльнасці да складаных рэфлексаў вышэйшай нерв. дзейнасці (напр., сезонныя міграцыі жывёл, алергічныя рэакцыі чалавека). Разам са спадчыннасцю, размнажэннем, ростам, антагенезам (развіццём), харчаваннем, абменам рэчываў з’яўляецца асн. уласцівасцю жыцця. Адрозніваюць Р. відавую, індывід., узроставую, імуналагічную, фізіял, (нармальную і паталагічную). Асн. прынцып Р.: характар рэакцыі жывога ў адказ на ўздзеянне раздражняльнікаў залежыць ад якасна-колькаснай характарыстыкі фактару асяроддзя і функцыян. стану субстрату, які рэагуе. Мае адаптыўнае значанне.

С.​С.​Ермакова.

т. 13, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ЙХШТЭЙН ((Reichstein) Тадэвуш) (20.7.1897, г. Улацлавак, Польшча — 1996),

швейцарскі хімік і біяхімік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва. Скончыў Вышэйшую політэхн. школу ў Цюрыху (1921). З 1934 праф., з 1938 заг. кафедры Базельскага ун-та. Навук. працы па пытаннях будовы і ўласцівасцей гетэрацыклічных рэчываў, цукроў, вітамінаў (аскарбінавай і пантатэнавай к-т), стэроідаў (гармонаў кары наднырачнікаў), сардэчных (расл.) гліказідаў. Сінтэзаваў аскарбінавую к-ту (вітамін С), вылучыў картызон і высветліў яго хім. будову. Нобелеўская прэмія 1950 (разам з Ф.​Хенчам, Э.​К.​Кендалам).

А.​Ю.​Маніна.

Т.Рэйхштэйн.

т. 13, с. 568

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМО́ЙЛАЎ (Андрэй Рыгоравіч) (н. 17.10.1907, с. Ішым Тамбоўскай вобл., Расія),

расійскі металург. Чл.-кар. Рас. АН (1976). Скончыў Маскоўскі ін-т каляровых металаў і золата (1935). З 1935 на Маскоўскім камбінаце цвёрдых сплаваў. З 1946 у НДІ неарган. матэрыялаў імя А.​А.​Бочвара. Навук. працы па металургіі, матэрыялазнаўству, у т. л. тэхналогіі матэрыялаў для ядз. рэактараў. Дзярж. прэміі СССР 1949, 1951, 1953, 1970, 1978. Ленінская прэмія 1964.

Тв.:

Дисперсионные твэлы. Т. 1—2. М., 1982 (разам з А.​І.​Каштанавым, В.​С.​Волкавым);

Тепловыделяющие элементы ядерных реакторов. М., 1985.

т. 14, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САСНО́ЎСКІ (Аляксандр Цімафеевіч) (22.10.1923, в. Каралёў Стан Мінскага р-на —21.11.1996),

бел. вучоны ў галіне дэрматавенералогіі. Д-р мед. н. (1971), праф. (1972). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1951). З 1955 у БелНДІ скурных і венералагічных хвароб, з 1963 у Мінскім мед. ін-це (у 1970—86 заг. кафедры). Навук. працы па пытаннях эксперым. сіфілісу, тэрапіі герпесу, вострых прамянёвых дэрматытаў і хірургіі іх хранічных форм, дыягностыцы цяжкіх для распазнавання захворванняў скуры.

Тв.:

Лучевые дерматиты. Мн., 1974;

Дерматологический справочник. Мн., 1992 (разам з М.​З.​Ягоўдзікам).

т. 14, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІДУНО́ВІЧ (Мікалай Аляксандравіч) (н. 29.4.1940, в. Дзівін Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл),

бел. вучоны ў галіне металургіі. Д-р тэхн. н. (1980), праф. (1982). Скончыў БПІ (1962). З 1968 ў Бел. тэхнал. ун-це (з 1980 заг. кафедры). Навук. працы па даследаванні высокатэмпературных працэсаў у металургічнай вытв-сці. Распрацаваў тэхнал. асновы плазмафурменнага і дуплексплазменнага працэсаў у металургіі, новыя тэхналогіі выплаўкі зносаўстойлівых сталей і перапрацоўкі хромзмяшчальных адходаў.

Тв.:

Взаимодействие компонентов в сплавах. М., 1989 (разам з В.​П.​Глыбіным, Л.​К.​Свірко);

Плазмофурменный процесс. Мн., 1991.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 14, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯТАПО́ЛК Ю́Р’ЕВІЧ (? — 19.4.1190),

князь тураўскі. Сын тураўскага кн. Юрыя Яраславіча. Упершыню ўпамінаецца ў 1156, калі князь Яраслаў Уладзіміравіч Асмамысл пасылаў С.Ю. да вял. кн. Юрыя Далгарукага прывесці ў Галіч зняволенага кн. Івана Расціславіча Бярладніка. Як князь тураўскі С.Ю. вядомы з 1162, калі хадзіў разам з інш. князямі выганяць са Слуцка Уладзіміра Мсціславіча. У 1168 С.Ю. удзельнічаў у вял. паходзе вял. кн. Мсціслава Ізяславіча на полаўцаў. У 1170 дапамагаў выгнанаму з Кіева Мсціславу Ізяславічу вярнуць свой трон. С.Ю. пахаваны ў Кіеве ў Міхайлаўскім Залатаверхім саборы.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 14, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЛА́ЕВА (Ніна Фёдараўна) (н. 26.12.1938, Мінск),

бел. вучоны ў галіне паталаг. анатоміі. Д-р мед. н. (1990), праф. (1993). Скончыла Мінскі мед. ін-т (1961). З 1966 у Гродзенскім мед. ун-це. Навук. працы па патамарфалогіі энцэфалітаў, энцэфалапатый плода і нованароджаных, патамарфалогіі органаў зроку, клініка-анат. аналізе ўрачэбных памылак.

Тв.:

Врожденные пороки и аномалии развития глаз // Тератология человека: Руководство для врачей. 2 изд. М., 1991;

Патоморфология органа зрения в перинатальном периоде. Мн., 1993 (разам з Ю.​Р.​Бойка);

Клиникоанатомический анализ врачебных ошибок. Мн., 1994 (з ім жа).

т. 14, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНГ ((Synge) Рычард Лоўрэнс Мілінгтан) (28.10.1914, г. Ліверпул, Вялікабрытанія — 1994),

англійскі біяхімік, адзін з заснавальнікаў аналіт. хіміі бялкоў. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1950). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1936). З 1941 у Асацыяцыі шарсцяной прам-сці, з 1943 у Лістэраўскім ін-це ў Лондане, з 1948 — у Роўэцкім даследчым ін-це ў г. Абердзін, у 1967—76 у Ін-це прадуктаў харчавання г. Норыдж. Навук. працы па выдзяленні і раздзяленні біялагічна актыўных злучэнняў. Распрацаваў метады размеркавальнай храматаграфіі на паперы (1944). Нобелеўская прэмія 1952 (разам з А.Д.​П.​Марцінам).

Р.Сінг.

т. 14, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)