распадабненне ў межах аднаго слова або словазлучэння аднаго з двух артыкуляцыйна блізкіх ці аднолькавых гукаў іншым, менш падобным. Узнікае паміж гукамі аднаго тыпу — галоснымі (вакальная Д.) ці зычнымі (кансанантычная Д.)і звычайна скіравана на аблягчэнне вымаўлення. Бывае Д. сумежных гукаў (кантактная Д., напр., «трахтар» з «трактар») і гукаў, раздзеленых інш. гукамі (дыстактная Д., напр., «більзін» з «бензін»), Адрозніваецца Д. прагрэсіўная (змяненне гука пад уплывам папярэдняга: «пролубка» з «прорубка») і рэгрэсіўная (змяненне гука пад уплывам наступнага: «канбайн» з «камбайн»). Пашырана Д. ў гаворках, прастамоўі, дзіцячым маўленні, сустракаецца ў літ. мове, дзе асобныя яе формы замацаваліся як нарматыўныя: «калідор» з «карыдор» і г.д. Д. процілеглая асіміляцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ-ЛОНГ ((De Long) Джордж Вашынгтон) (22.8.1844, Нью-Йорк — 30.10.1881),
амерыканскі палярны даследчык. Скончыў марскую Акадэмію ЗША (1865). Першае плаванне здзейсніў у Бафінаў зал. (1873). У 1879 узначаліў экспедыцыю на яхце «Жанета», мэтай якой было дасягненне Паўн. полюса і пошукі экспедыцыі Н.А.Нордэншэльда. На ПнУ ад в-ва Геральд яхта ўмерзла ў ільды; у час дрэйфу адкрыты а-вы Жанеты і Генрыеты. Пасля гібелі яхты ў чэрв. 1881 экіпаж дрэйфаваў на льдзіне, адкрыў в-аў Бенета. Д.-Л. з часткай спадарожнікаў, калі вызваліўся ад дрэйфу, дасягнуў вусця р. Лена, дзе загінуў ад голаду. Імем Д.-Л. названа група астравоў ва Усх.-Сіб. моры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́ЛЬВІГ (Антон Антонавіч) (17.8.1798, Масква — 26.1.1831),
рускі паэт, крытык, журналіст. Скончыў Царскасельскі ліцэй (1817), дзе зблізіўся з А.С.Пушкіным. Дэбютаваў одай «На ўзяцце Парыжа» (1814). Выдаваў альманах «Северные цветы» (1825—31) і з Пушкіным «Литературную газету» (1830—31). Аўтар зб. «Вершы барона Дэльвіга» (1829). Асн. жанры яго лірыкі — перайманні стараж.-грэч. паэтаў (ідыліі) і вершы ў духу рус.нар. песень, элегіі, рамансы, пасланні. Адзін з першых распрацаваў у рус. паэзіі форму санета. Некат. тэксты Д. пакладзены на музыку: «Салавей» (муз. А.Аляб’ева) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́ЛЬТА-ФУ́НКЦЫЯδ-функцыя, δ-функцыя Дзірака,
сімвал, што выкарыстоўваецца ў матэм. фізіцы пры рашэнні задач, у якія ўваходзяць засяроджаныя велічыні (маса, зарад, нагрузка і інш.). Абазначаецца δ(x).
Д.-ф. можна вызначыць як шчыльнасць размеркавання масы, калі ў пункце x=0 засяроджана адзінкавая маса, а ва ўсіх астатніх пунктах маса роўная нулю. Таму δ(x) = 0 пры x≠0 і δ(x)=∞ пры x=0, прычым
. Такім чынам, Д.-ф. можна разглядаць як бясконцы ўсплёск адзінкавай інтэнсіўнасці. Асн. ўласцівасць Д.-ф., што вынікае з гэтага вызначэння:
, дзе 𝑓(x) — кожная неперарыўная функцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАТА́ЛЬСКАЯ (Людміла Мікалаеўна) (дзявочае Драздова; н. 13.8.1953, в. Дзям’янкі Добрушскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1976). Працавала на Добрушскім фарфоравым з-дзе (гал. мастак у 1985—91). Сярод твораў: сервізы і наборы для чаю і кавы «Вячоркі» (1979), «Паўлінка» (1984), «Пяшчота» (1991); дэкар. вазы «Палескія ўзоры» (1982), «Слуцкія матывы» (1988); наборы дэкаратыўныя — «Сузор’е» (1985), «Гарады Беларусі» (1986), «Свята» (1987), «Шляхам Скарыны» (1989), «Казка» (1995), «Дыванок» (1996) і інш. У творах — нац. каларыт, адухоўленасць вобразаў, лірызм, тактоўная спроба прычыніцца да тэмы бел. мінуўшчыны.
Т.Р.Ермаковіч.
Л.Гатальская. Дэкаратыўны набор для квасу «Свята». 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАТА́ЛЬСКІ (Міхаіл Аляксеевіч) (н. 15.3.1952, в. Вылева Добрушскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1977). Працаваў на Добрушскім фарфоравым з-дзе (1979—92). Сярод твораў: дэкар. блюды «Спадчына» (1978), «Незнаёмка» (1985); медаль «Мой родны кут» (1981); сервізы «Народны» (1981), «Раманс» (1990); наборы чайнікаў «Кірмаш» (1984), для нац. страў «Беларускі» (1986), кубкаў «Гербы» (1988), дзіцячы «НЛА» (1989), чайны «Купалле» (1991), ваз «Фантазія» (1994), «У пушчах Палесся» (1995); серыі блюд «Кветкі майго дзяцінства» (1983) і інш.Маст. манера вызначаецца аптымістычнай стыхіяй пачуццяў і неўтаймоўнай фантазіяй.
Т.Р.Ермаковіч.
М.Гатальскі. Лось. Серыя «У пушчах Палесся». 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖ,
графема ў бел. алфавіце для абазначэння асобнага складанага гука. Дыграф, утвораны з літар «д» і «ж», перадае афрыкату «дж». У пісьмовых помніках выкарыстоўваецца з 16 ст., аднак старабел. аўтарамі гук «дж» часцей перадаваўся літарамі «ч», «ж», спалучэннямі «д» і «ч», «ж» і «ч» («ѣздживаль», «розъежчалъ», «приеждчий»). У сучаснай бел.літ. мове спалучэнне «дж» вымаўляецца па-рознаму: у словах тыпу «аджыць», «паджылкі», дзе «д» — частка прыстаўкі, а «ж» — пачатковы гук кораня, «дж» чытаецца як спалучэнне 2 гукаў «д» і «ж» («ад-жыць»); у выпадку, калі «д» і «ж» не стаяць на стыку 2 марфем, яны вымаўляюцца як адзін непадзельны гук («джунглі», «загароджаны», «ураджай»).
англійскі фізік і астрафізік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1906). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1900), дзе і працаваў у 1901—04 і 1910—12. У 1905—09 у Прынстанскім ун-це, у 1923—44 у абсерваторыі Маўнт-Вілсан (ЗША). Навук. працы па кінетычнай тэорыі газаў, тэорыі цеплавога выпрамянення, будове і эвалюцыі зорак, зорных сістэм і туманнасцей. Незалежна ад Дж.Рэлея вывеў формулу размеркавання энергіі ў спектры выпрамянення абсалютна чорнага цела (гл.Рэлея—Джынса закон выпрамянення). Аўтар адной з касмаганічных гіпотэз. Каралеўскі медаль (1919).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕ́КАННЕ,
у беларускай мове фанетычная з’ява, звязаная са змяненнем гука «д» пры яго памякчэнні на мяккую афрыкату «дз» (за выключэннем «д» у прыстаўках, дзе яно не пераходзіць у «дз»). Развілося не пазней 14 ст., у помніках бел. мовы адлюстроўваецца з пач. 16 ст. («адзін за всехъ», «пападзись», «людзіе», «игдзе», «серца людзские»), Ёсць 2 погляды на паходжанне Дз. і цекання ў бел. мове. Выказаная ў 19 ст. А.А.Шахматавым гіпотэза пра запазычанне Дз. з польскай мовы не атрымала пашырэння. Агульнапрызнанай лічыцца гіпотэза Я.Ф.Карскага пра самаст. развіццё Дз. на бел. глебе.
Літ.:
Юргелевіч П.Я. Курс сучаснай беларускай мовы з гістарычнымі каментарыямі. Мн., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́КЕР ((Hooker) Джозеф Долтан) (30.6.1817, Хейлсуэрт, Вялікабрытанія — 10.12.1911),
англійскі батанік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1874). Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1859), чл. Парыжскай АН (1866). Вучыўся ва ун-це г. Глазга. З 1855 у Бат. садзе ў К’ю (Лондан), у 1865—85 дырэктар. У 1873—78 прэзідэнт Лонданскага каралеўскага т-ва. Аўтар (разам з Дж.Бентамам) працы «Роды кветкавых раслін» (т. 1—3, 1862—83), дзе прыведзена апісанне ўсіх вядомых на той час родаў кветкавых раслін. Адзін з першых прапагандыстаў дарвінізму. Апрацаваў калекцыі Ч.Дарвіна з а-воў Галапагас. Навук. працы па батаніка-геагр. і фларыстычных даследаваннях Аўстраліі, Паўн. Індыі і Непала.