ПРЫЧЫ́ННАСЦЬ, каузальнасць,

адна з форм узаемасувязі і ўзаемадзеяння з’яў, дзе адна з іх — прычына — абумоўлівае і з неабходнасцю параджае іншую з’яву — вынік (гл. Прычына і вынік). Кожная з’ява мае прычыну і адначасова яна з’яўляецца прычынай інш. з’явы; або, наадварот, без прычыны нішто не паяўляецца. Прычына і дзеянне ўтвараюць ланцуг, які цягнецца з мінулага, пранізвае сучаснае і знікае ў будучым. Таксама прычына распадаецца на знешнія абставіны, унутр. ўмовы і ўзбуджэнне, што служыць непасрэднай прычынай дзеяння. Напр., калі порах сухі (абставіны) і мае адпаведныя інгрэдыенты (умова), то дзякуючы ўдару (узбуджэнне) ён загарыцца (дзеянне). У гісторыі філасофіі прынцып П. сфармуляваны Дэмакрытам, а як строга прычынная сувязь з’яў — стоікамі і Эпікурам. Суб’ектыўны ідэалізм не прызнае аб’ектыўнага характару П. і зводзіць яе да паслядоўнасці адчуванняў (Д.​Юм) або сцвярджае, што П. — апрыёрная катэгорыя чалавечага розуму, якая прыўносіцца ў хаатычны свет з’яў (І.​Кант). Аб’ектыўны ідэалізм (Г.​Гегель, неатамісты) лічыць канчатковай прычынай з’яў сусв. дух, або Бога (гл. Індэтэрмінізм), але не адмаўляе дэтэрмінізм. Дыялектычны матэрыялізм прызнае аб’ектыўны і ўсеагульны характар П., яе складанасць, зменлівасць, шматзначнасць. А.​Шапенгаўэр вылучаў 3 формы П.: ва ўласным сэнсе (для неарган. свету), раздражненне (у арган.-раслінным жыцці) і матыў (ва ўчынках адушаўлёных істот). Дж.​Міль, Г.​Спенсер і інш. імкнуліся растлумачыць П. на аснове толькі вопыту, з дапамогай індукцыі. Пазітывізм (А.​Конт, Р.​Авенарыус, Э.​Мах і інш.) замянілі паняцце «П.» паняццем функцыянальнай залежнасці, паняцце прычыны — «умовамі».

Прычынна-выніковыя сувязі бываюць непасрэдныя і апасродкаваныя, агульныя і найбліжэйшыя, гал. і негалоўныя, унутр. і знешнія, аб’ектыўныя і суб’ектыўныя і інш. Узнікае складаная сетка прычынна-выніковых сувязей, якія пераплятаюцца і выклікаюць універсальнае ўзаемадзеянне. З’явы прыроды наз. прычынна-тлумачальнымі, а сувязі паміж імі — адпаведнымі прычыннасці прынцыпу, таму што ў адносінах да гэтага прынцыпу разглядаецца аб’ектыўная прадметная сувязь, якая не можа супярэчыць вынікам даследаванняў прыродазнаўчых навук. Пры вывучэнні такіх сувязей шырока выкарыстоўваюцца эксперым. даследаванні, матэм. апарат, раскрываюцца магчымы, або статыстычны характар прычынна-выніковых сувязей у прыродзе ці сферы сац.-эканам., грамадскіх працэсаў. На аснове П. арганізуецца матэрыяльна-практычная дзейнасць чалавека, выпрацоўваюцца навук. прагнозы.

В.​В.​Краснова.

т. 13, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТНА́ЦЦАТЫ З’ЕЗД КП(б)Б Адбыўся 16—22.1.1934 у Мінску. Прысутнічалі 456 дэлегатаў з рашаючым і 271 з дарадчым голасам ад 65 119 чл. і канд. у чл. партыі разам з вайск. арг-цыямі; 37 909 чл. і канд. у чл. КП(б)Б]. Парадак дня; справаздачы ЦК КП(б)Б

(М.​Ф.​Гікала),

Рэвіз. камісіі КП(б)Б (І.​Ф.​Кудзелька), ЦК ККП(б)Б (І.​А.​Лычоў); даклады аб 15-годдзі ўтварэння КП(б)Б і БССР (В.​Ф.​Шаранговіч), аб калгасным і саўгасным будаўніцтве (М.​М.​Галадзед); выбары кіруючых органаў партыі і дэлегатаў на XVII з’езд ВКП(б). З’езд прааналізаваў вынікі 1-й пяцігодкі, вызначыў задачы і кірункі дзейнасці КП(б)Б у 2-й пяцігодцы, разгледзеў праблемы індустрыялізацыі рэспублікі, далейшай перабудовы сельскай гаспадаркі і інш. З’езд падвёў вынікі чысткі партыі: за 1933 з КП(б)Б выключана 9769 чл. і канд. у чл. партыі (18,4%), пераведзена з чл. у канд. 4266 чал. і з канд. у спачуваючыя 3108 чал. З’езд ухваліў дзейнасць ЦК КП(б)Б, прызнаў яго паліт. лінію правільнай, арганізац. работу здавальняючай; ухваліў тэзісы ЦК ВКП(б) да XVII з’езда партыі па 2-му пяцігадоваму плану развіцця нар. гаспадаркі СССР. Даў ацэнку праведзенаму ачышчэнню Наркамзема, Наркамасветы, АН БССР, БДУ, інш. дзярж., навук. і асв. устаноў ад нацыяналіст. элементаў, выхадцаў з дробнабурж. партый, трацкістаў, правых і інш.; калгасаў і саўгасаў — ад антысав. контррэв. элементаў. З’езд прыняў зварот да працоўных рэспублікі і байцоў БВА, у якім заклікаў цясней згуртавацца вакол КП(б)Б, памножыць намаганні ў барацьбе за перамогу сацыялізму, супраць здраднікаў пралетарскай рэвалюцыі — трацкістаў, правых апартуністаў, контррэв. бел. нацдэмаў. Выбраў ЦК КП(б)Б са 103 чл. і 43 канд. у чл., Рэвіз. камісію КП(б)Б з 11 чл., 38 дэлегатаў на XVII з’езд ВКП(б).

Літ.:

Резолюции XV съезда КП(б)Б. Мн., 1934;

Гікала М.Ф. Адчотны даклад XV з’езду аб рабоце ЦК КП(б)Б. Мн., 1934.

Р.​П.​Платонаў.

т. 13, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСЛІ́НЫ (Plantae, або Vegetabilia),

аўтатрофныя арганізмы (аўтатрофы), якія валодаюць здольнасцю да фотасінтэзу, маюць шчыльныя клетачныя абалонкі з цэлюлозы, запасное рэчыва, звычайна крухмал; царства жывых арганізмаў. Царства Р. уключае 3 падцарствы: багранкі, ці чырвоныя водарасці, сапраўдныя водарасці і зародкавыя, або вышэйшыя Р. (каля 350 тыс. відаў). Большасць Р. характарызуецца чляненнем цела, што прыводзіць да павелічэння паверхні. Неабходнасць гэтага абумоўлена спосабам жыўлення — паглынанне з навакольнага асяроддзя газападобнага (фотасінтэз) і вадкага (вада і раствораныя ў ёй мінер. солі) кампанентаў. Для вышэйшых Р. таксама характэрна наяўнасць вял. колькасці спецыялізаваных структур (гл. Вегетатыўныя органы, Тканка і інш.). Многія важныя асаблівасці будовы Р. вызначаюцца характарам іх росту, размнажэння, спосабам рассялення. Паходжанне Р. звязана з першымі этапамі станаўлення жыцця на Зямлі, а вянец іх эвалюцыі — кветкавыя (пакрытанасенныя), якія ўзніклі ў раннюю мелавую эпоху і цяпер займаюць дамінуючае становішча ў флоры планеты. На Беларусі 1638 відаў сасудзістых Р., 430 мохападобных, каля 7 тыс. грыбоў, 2232 водарасцей, 477 лішайнікаў. Інтрадукавана 1,5 тыс. відаў і форм драўнінных, кустовых і больш за 5 тыс. травяністых Р. (гл. таксама Расліннасць). Без Р. немагчыма існаванне жывёл і чалавека. Зялёныя Р., якія маюць у сабе хларафіл, здольныя акумуляваць энергію Сонца, утвараюць арган. рэчывы з неарган., падтрымліваюць пастаянны састаў атмасферы (паглынаюць вуглякіслы газ і выдзяляюць кісларод). Як першасныя прадуцэнты арган. рэчываў Р. — вызначальнае звяно ў складаных ланцугах жыўлення ўсіх гетэратрофных арганізмаў (гетэратрофаў) Зямлі. Утвараюць розныя расл. згуртаванні (фітацэнозы), абумоўліваюць ландшафтную разнастайнасць планеты і неабмежаваную разнастайнасць экалагічных умоў для інш. арганізмаў. Пры непасрэдным удзеле Р. утвараюцца глеба, торф, з выкапнёвых Р. — буры і каменны вугаль. Для чалавека найб. значэнне маюць насенныя, пераважна кветкавыя Р., якія даюць ежу, вопратку, паліва, буд. матэрыялы і інш. Інтэнсіўная і не заўсёды рацыянальная дзейнасць чалавека прывяла да знішчэння натуральнай расліннасці на вял. плошчах, многія віды паставіла пад пагрозу знікнення. Таму спец. заканадаўчымі актамі, прынятымі ў большасці краін, у т. л. на Беларусі, свет Р. знаходзіцца пад аховай (гл. Ахова прыроды, Ахова раслін). Вывучае Р. батаніка.

А.​А.​Малажаўскі, А.​У.​Суднік.

т. 13, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЫ́ЧНАЯ АДУКА́ЦЫЯ,

сістэма прафесійнага навучання музыкантаў розных спецыяльнасцей (кампазітары, выканаўцы, педагогі, музыказнаўцы), якая забяспечвае набыццё імі ведаў і навыкаў, неабходных для муз. дзейнасці. На Беларусі складаецца з 3 ступеняў: пачатковай — 7-гадовыя дзіцячыя муз. школы і школы мастацтваў; сярэдняй спецыяльнай — 4-гадовыя муз. і муз.-пед. вучылішчы, вучылішчы мастацтваў, каледжы, 12-гадовыя ліцэі пры кансерваторыях і акадэміях музыкі; вышэйшай — кансерваторыі, акадэміі музыкі, ф-ты музыкі ін-таў мастацтваў, муз.-пед. ф-ты пед. ін-таў і ун-таў, ун-ты культуры, а таксама магістратура, асістэнтура-стажыроўка (для выканальніцкіх спецыяльнасцей) і аспірантура.

На Беларусі ўзнікненне пач. форм М.а. звязана з дзейнасцю цэркваў, манастыроў (Сафійскі сабор, 2-я пал. 11 ст.; Спаса-Ефрасіннеўская царква ў Полацку, Благавешчанская ў Віцебску, Барысаглебская ў Гродне, усе 12 ст., і інш.) — гал. асяродкаў пісьменнасці таго часу, пры якіх існавалі школы. З 16 ст. пэўнае значэнне ў пашырэнні М.а. мелі брацкія школы і вучылішчы (у Мінску, Брэсце, Магілёве, Пінску), езуіцкія бурсы і калегіумы (Полацк, Нясвіж, Мінск і інш.). Адметная рыса муз. культуры Беларусі 18 ст.дзейнасць прыватнаўласніцкіх т-раў і створаных пры іх аркестраў і капэл, для якіх кваліфікаваныя кадры рыхтавалі муз. школы, у т. л. Нясвіжская, Слуцкая, Слонімская, Шклоўская (гл. адпаведныя арт.), Гродзенская музычна-тэатральная школа Тызенгаўза. 1-я пал. 19 ст. адзначана разнастайнасцю форм калектыўнага і індывід. музіцыравання, пашыранага пераважна ў навуч. установах Мінска, Віцебска, Брэста, Гродна, Магілёва, Бабруйска і інш. М.а. набыла больш сістэматычны характар. Адкрыты муз. школы ў Гомелі (1830; пры ёй дзейнічаў духавы аркестр, кіраўнік школы і арк. Т.​Сіпайла), у Мінску (1840) на чале з В.​Стафановічам (рыхтавала музыкантаў для аркестра). У 1820—50-я г. значную ролю ў пашырэнні муз. ведаў адыгралі жаночыя пансіёны — агульнаадук. прыватныя навуч. ўстановы, у т. л. пансіёны М.​Мантэграндзі, Д.​Стафановіча, Цаханскай, Шнейдэр у Мінску, Мацэёўскага і Багдановічаў у Пінску, А.​Петрашэнь у Гомелі, Яноўскай у Віцебску, Полацку, Гейдэль у Слуцку, Беера ў Мсціславе, Шастакоўскай у Брэсце і інш. Пэўную ролю ў М.а. адыгралі музычныя таварыствы, а таксама прыватныя ўрокі кваліфікаваных педагогаў — ураджэнцаў Беларусі, якія скончылі Пецярбургскую, Маскоўскую, Варшаўскую, Кёльнскую кансерваторыі. Працавалі таксама Мінская вакальная студыя Муранскай, Мінская музычная школа Шацкінай, Магілёўская муз. школа М.​Пячкоўскай (з 1886), Мінскае вучылішча арганістаў. У пач. 20 ст. арганізаваны курсы сольных спеваў Ю.​Рэйдэр у Магілёве (1902), Мінскае музычнае вучылішча, муз. школа С.​Захарына ў Гомелі, муз. класы пры Віцебскім аддзяленні Рус. муз. т-ва (1915). У 1920-я г. арганізоўваліся самадз. гурткі, студыі, выканальніцкія калектывы; уводзілася выкладанне музыкі як абавязковага прадмета ў агульнаадук. школах; пашыралася канцэртна-асв. дзейнасць музыкантаў. У ліку першых прафес. муз. устаноў на Беларусі былі народныя кансерваторыі, у т. л. ў Віцебску (1918), Гомелі і Мінску (1919), Бабруйску (1921). Важнае значэнне мела арганізацыя музычных школ, тэхнікумаў у Віцебску (1922), Мінску (1924) і інш., якія пазней перайменаваны ў вучылішчы і каледжы (гл. Музычныя вучылішчы, Магілёўскае музычнае вучылішча імя М.​Рымскага-Корсакава, Мінскае музычнае вучылішча імя Глінкі, Маладзечанскае музычнае вучылішча імя М.К.Агінскага). У 1932 у Мінску адкрыта Бел. кансерваторыя (з 1992 Беларуская акадэмія музыкі). У 1999/2000 навуч.г. працуюць: Бел. акадэмія музыкі і Рэсп. вучэбны комплекс гімназія-каледж пры ёй, 9 муз. вучылішчаў, 2 каледжы (Брэсцкі музычны і Гомельскі мастацтваў), Бел. рэсп. вучэбны комплекс гімназія-каледж мастацтваў імя І.​В.​Ахрэмчыка (гл. Беларускі ліцэй мастацтва), Магілёўскі ліцэй музыкі і харэаграфіі, 526 дзіцячых муз. школ і школ мастацтваў, 4 вучылішчы мастацтваў (Мінск, Пінск, Гродна, Віцебск), Магілёўскае вучылішча культуры імя Н.​Крупскай, Беларускі універсітэт культуры, муз.-пед. ф-т Бел. дзярж. пед. ун-та імя М.​Танка, пед. ф-т Бел. акадэміі музыкі ў Магілёве.

Літ.:

В первые годы советского музыкального строительства. Л., 1959;

Из истории советского музыкального образования: Сб. материалов и док., 1917—1927. Л., 1969;

Асафьев Б.В. Избранные статьи о музыкальном просвещении и образовании. 2 изд Л, 1973;

Гісторыя беларускай савецкай музыкі. Мн., 1971;

Врпросы музыкальной педагогики Вып. 1—7. М., 1979—86;

Орлова Е.М. Методические заметки о музыкально-историческом образовании в консерваториях. М, 1983;

Лагутин А.И. Основы педагогики музыкальной школы. М., 1985;

Мальдзіс А. Таямніцы старажытных сховішчаў. Мн., 1974;

Харлампович К. Западнорусские православные школы XVI и начала XVII в. ... Казань, 1898;

Масленікава В.П. Музычная адукацыя ў Беларусі. Мн., 1980;

Яконюк В.Л. Музыкант. Потребность. Деятельность. Мн., 1992;

Пракапцова В.П. Мастацкая адукацыя ў Беларусі. Мн., 1999.

В.​П.​Пракапцова.

т. 11, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТО́РЫЯ ФІЛАСО́ФІІ,

навука пра станаўленне, развіццё і барацьбу філас. ідэй, канцэпцый і сістэм, светапогляд мысліцеляў, пісьменнікаў, мастакоў, грамадскіх і паліт. дзеячаў.

Элементы гісторыка-філас. ведаў узніклі ў Стараж. Грэцыі ў 4—3 ст. да н.э. — 2—3 ст. н.э. (творы Арыстоцеля, Дыягена Лаэрцкага, Секста Эмпірыка). У эпоху позняга элінізму яны развіваліся айцамі хрысц. царквы (Яўсевій Кесарыйскі, Аўгусцін Блажэнны). Араб. філосаф Шахрастані (12 ст.) упершыню паспрабаваў сістэматызаваць філасофію стараж. грэкаў, персаў, яўрэяў, арабаў у кн. «Рэлігійныя секты і філасофскія школы». Першым хрысц. гісторыка-філас. даследаваннем сярэдневяковай Еўропы была праца У.​Бёрклі (1275—1357) «Кніга пра жыццё і смерць старажытных філосафаў і паэтаў». У эпоху Адраджэння гісторыю філасофіі даследавалі пераважна ў рамках гісторыі культуры. Самаст. навукай стала ў сярэдзіне 17 ст., калі выйшлі даследаванні «Гісторыя філасофіі» (1655—61) Т.​Стэнлі, «Гісторыя філасофіі ў сямі кнігах» (1658) Г.​Хорна, «Пра філасофію і філасофскія школы» (1658) Г.​Фоса. Погляд на развіццё філасофіі як рух да спасціжэння хрысц. мудрасці падсумаваны ў кн. Я.​Брукера «Крытычная гісторыя філасофіі ад стварэння сусвету да нашага часу» (1742—47). Пад уплывам ідэй Асветніцтва ўзнікла крытычная плынь у гісторыі філасофіі, якая ўключала гісторыю пазнання, логіку, псіхалогію, развіццё прыродазнаўства. Ідэю гістарызму ў філас. пазнанні развівалі Дж.​Віка, Ш.​Мантэск’ё, І.​Гердэр, І.​Кант, І.​Фіхтэ, Ф.​Шэлінг. Гісторыю еўрап. думкі і навукі з дыялектычных пазіцый падсумаваў Г.​Гегель у кн. «Лекцыі па гісторыі філасофіі», «Энцыклапедыя філасофскіх навук» (1817). У 19 ст. пачаліся сістэматычныя даследаванні гісторыі філасофіі Рас. імперыі. У 1920-я г. ўзрасла цікавасць да ранейшай гісторыі філасофіі. Па гэтай праблеме апублікаваны кн. «Нарыс гісторыі рускай філасофіі» (2-е выд., 1920) Э.​Радлава, «Шляхі развіцця філасофіі ў Расіі» (1922) М.​Яршова, «Нарыс развіцця рускай філасофіі» (ч. 1, 1922) Г.​Шпета. У эмігранцкім рас. асяроддзі з’явіліся арыгінальныя манаграфіі «Руская ідэя: Асноўныя праблемы рускай думкі XIX і пачатку XX ст.» (1946) М.​Бярдзяева, «Гісторыя рускай філасофіі» (т. 1—2, 1948—50) В.​Зянькоўскага, «Гісторыя рускай філасофіі» (1951) М.​Лоскага, у Маскве выдадзена 5-томная «Гісторыя філасофіі ў СССР» (1985—88).

Гісторыя філас. думкі Беларусі даследавалася ў адзінстве з развіццём грамадска-паліт., эстэт. і сацыялагічнай думкі. У эпоху сярэдневякоўя (10—15 ст.) важнай крыніцай тэарэт. і практычнай мудрасці былі біблейскія кнігі філасофска-этычнага зместу, вусная нар. творчасць. Філас. раздзелы «Крыніцы ведаў» візант. пісьменніка Іаана Дамаскіна (каля 675—754), напісаныя паводле прац Арыстоцеля і яго хрысц. каментарыяў, былі перакладзены на стараслав. мову. Біблейская філасофія светастварэння пераказана ў «Аповесці мінулых гадоў» (12 ст.), якая выкарыстоўвалася на Беларусі як адна з крыніц мясц. летапісу. Пачынальнікам самабытнай сінкрэтычнай мудрасці (адзінства тэалогіі, філасофіі, аратарскага і паэт. мастацтва) у старадаўняй Беларусі быў Кірыла Тураўскі. У 10—15 ст. на Русі адукаваныя людзі знаёміліся з ант. і сярэдневяковай філасофіяй, л-рай, этыкай і эстэтыкай па энцыклапедычным зб. «Пчала» (13 ст.). Нар. пантэістычна-маст. светапогляд выявіўся ў паэме «Слова аб палку Ігаравым» (канец 12 ст.), у фабулу якой увайшлі фрагменты з гісторыі Полаччыны, мясц. песні, легенды. У 16—17 ст. склалася рэгіянальная самабытная гуманіст. ідэалогія, філасофія, этыка і эстэтыка (творчасць і асветніцкая дзейнасць Ф.​Скарыны, М.​Гусоўскага, С.​Буднага, В.​Цяпінскага, А.​Волана, заканадаўчая дзейнасць Л.​Сапегі, Статуты ВКЛ 1529, 1566, 1588, палемічныя творы А.​Філіповіча, М.​Сматрыцкага, братоў Л. і С.​Зізаніяў і інш.). З пазіцый хрысц. філасофіі і этыкі сутнасць чалавека, грамадства і сусвету тлумачыў Сімяон Полацкі. Асаблівасць развіцця філас. думкі ў Беларусі і Літве канца 16 — 1-й пал. 18 ст. — засваенне ант., сярэдневяковай і новаеўрап. філасофіі, гуманіт. навукі, прыродазнаўства, маст. культуры праз Віленскі ун-т, мясц. калегіумы, базыльянскія і піярскія школы, якія існавалі ў большасці бел. гарадоў і мястэчак. Асветніцкую філасофію 18 — 1-й пал. 19 ст. прадстаўлялі А.​Доўгірд, паслядоўнікі філасофска-эканам. тэорыі фізіякратаў І.​Храптовіч, І.​Страйноўскі, К.​Багуслаўскі, тэарэтыкі рыторыкі і паэзіі Ф.​Галянскі, Э.​Славацкі, Л.​Бароўскі і інш. Філасофія, этыка і эстэтыка бел. нац. Адраджэння — духоўнага і грамадска-паліт. руху да стварэння самабытнай бел. культуры і нац. дзяржаўнасці — сфарміраваліся ў творчасці К.​Каліноўскага, В.​Дуніна-Марцінкевіча, Ф.​Багушэвіча, А.​Гурыновіча, Цёткі (А.​Пашкевіч), Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, З.​Бядулі, М.​Гарэцкага, дзеячаў Бел. сацыяліст. грамады і газ. «Наша ніва» А.​Луцкевіча, В.​Ластоўскага, публіцыстаў Л.​Гмырака (М.​Бабровіча), С.​Ясяновіча (С.​Палуяна), гісторыка М.​В.​Доўнар-Запольскага і інш. У 1920-я г. ў БССР былі апублікаваны арыгінальныя падручнікі С.​Вальфсона «Дыялектычны матэрыялізм» (1922), Б.​Быхоўскага «Нарыс філасофіі дыялектычнага матэрыялізму» (1930), інш. даследаванні па метадалогіі, сацыялогіі, псіхалогіі, у т. л. У.​Іваноўскага, С.​Кацэнбогена. У 2-й пал. 1950-х г. выйшлі манаграфіі М.​Алексютовіча «Скарына, яго дзейнасць і светапогляд» (1958), І.​Лушчыцкага «Нарысы па гісторыі грамадска-палітычнай і філасофскай думкі ў Беларусі ў другой палавіне XIX ст.» (1958), А.​Смірнова «Кастусь Каліноўскі ў паўстанні 1863 г.» (1959) і інш. Сістэматычныя даследаванні па гісторыі філас. і эстэт. думкі Беларусі пачаліся ў 1950—60-я г., калі былі падрыхтаваны зб-кі арт. «З гісторыі барацьбы за распаўсюджванне марксізму на Беларусі (1883—1917 гг.)» (1958), хрэстаматыя «З гісторыі філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі» (1962). Вяліся даследаванні філасофіі і культуры Беларусі эпохі Адраджэння (С.​Падокшын, В.​Пузікаў, Я.​Парэцкі), пераходнага перыяду ад сярэдневякоўя да Новага часу (У.​Дуброўскі, К.​Пракошына), эпохі Асветніцтва (А.​Бірала, Э.​Дарашэвіч, У.​Пратасевіч і інш.), ідэйна-філас. дыскусій у 1820—40-я г. (Н.​Махнач), матэрыяліст. традыцый у гісторыі прыродазнаўства (М.​Купчын), рэв.-дэмакр. думкі, сац.-філас. і этычных праблем у творчасці Ф.​Багушэвіча, Я.​Купалы, Я.​Коласа (А.​Майхровіч), гісторыі бел. эстэт. думкі і маст. культуры (У.​Конан). Выдадзены калект. праца «Развіццё марксісцка-ленінскай філасофіі ў БССР (20—70-я гады)» (1984), зб. «Помнікі філасофскай думкі Беларусі XVII — першай паловы XVIII ст.» (1991). З пач. 1990-х г. даследчыкі засяродзіліся на вывучэнні гісторыі нац. культуры, дзеячаў сярэдневяковай і рэнесансавай культуры (Кірылы Тураўскага, Скарыны, Сімяона Полацкага і інш.), нац. самабытнасці бел. філас. думкі. Дасягненнем гісторыка-філас. думкі бел. замежжа было, поруч з даследаваннем літ.-маст., гіст. і навук. спадчыны Беларусі, уключэнне ў кантэкст нац. культуры ант. філасофіі. У 1960—80-я г. Я.​Пятроўскі (ЗША) апублікаваў у сваім перакладзе на бел. мову з каментарыямі «Дыялогі» Платона (у 6 кн.), анталогію «Лепшыя думкі чалавека» (у 3 т.), «Разважанні» Марка Аўрэлія», «Старажытную грэцкую класіку», шматтомны «Класічны грэцка-беларускі слоўнік» і інш.

Літ.:

Очерки истории философской и социологической мысли Белоруссии (до 1917 г.). Мн., 1973;

Богомолов А.С., Ойзерман Т.И. Основы теории историко-философского процесса. М., 1983;

Гулыга А.В. Немецкая классическая философия. М., 1986;

Виндельбанд В. История древней философии: Пер. с нем. Киев, 1995;

Эрш Ж. Філасофскае здумленне: Гісторыя заходняе філасофіі: Пер. з фр. Мн., 1996.

У.​М.​Конан.

т. 5, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМАДЗЯ́НСКАЯ ВАЙНА́ Ў АФГАНІСТА́НЕ,

узброеная барацьба ўнутры афг. грамадства з восені 1978 з прычыны нявырашанасці паліт., эканам., сац., этн.-нац. і рэліг. праблем у краіне. На 1-м этапе вайны (1978—79) супраць новаўвядзенняў кіруючай Народна-дэмакратычнай партыі Афганістана (НДПА) выступіла ўзбр. радыкальная ісламская апазіцыя (фундаменталісты), якая пасля паражэння сваіх папярэдніх антыўрадавых мяцяжоў 1970—75 арганізавала на тэр. Пакістана падрыхтоўку маджахедаў. Ва ўмовах крызісу ўлады па просьбе кіраўніцтва НДПА 27.12.1979 у Афганістан уведзены сав. войскі, новым ген. сакратаром НДПА і прэзідэнтам краіны стаў Б.Кармаль. На 2-м этапе (1980—89) непасрэдны ўдзел у вайне сав. ваен. кантынгенту (да 120 тыс. чал.) прывёў да кансалідацыі апазіцыйных НДПА сіл. Апошнім аказвалі падтрымку і дапамогу ЗША (у 1980—86 кангрэс выдаткаваў 750 млн., у 1987 — 630 млн. дол.), Пакістан, частка араб. краін, фундаменталісты Ірана, Кітай і інш. У кастр. 1986 з Афганістана выведзены 6 сав. палкоў. Пры новым афг. лідэры Наджыбуле афіцыйна абвешчана палітыка нац. прымірэння (снеж. 1986), прынята канстытуцыя 1987, уведзена шматпарт. сістэма і інш. Пасля падпісання ў Жэневе 14.4.1988 прадстаўнікамі Афганістана, Пакістана, СССР, ЗША шэрагу дакументаў аб паліт. урэгуляванні афг. праблемы 15.2.1989 з Афганістана канчаткова выведзены сав. войскі. На 3-м этапе вайны (1989—92) пасля спынення паставак зброі з Расіі ўраду Наджыбулы (прэзідэнт Афганістана да 16.4.1992) узбр. апазіцыя 28.4.1992 заняла Кабул, да ўлады прыйшлі яе лідэры (гл. В.Рабані, Г.Хекмаціяр). На 4-м этапе (1992—96) у межах т.зв. мусульм. рэвалюцыі забаронена дзейнасць Партыі Айчыны (былая НДПА). Абвастрэнне рознагалоссяў паміж пушгунскім і непуштунскім лагерамі ісламістаў выклікала новую жорсткую хвалю грамадз. вайны. 5-ы этап звязаны з дзейнасцю найб. артадаксальных ісламістаў — талібаў, якія імкнуцца да суцэльнай ісламізацыі краіны. У вер. 1996 яны захапілі Кабул, да 1997 кантралявалі ​2/3 тэр. Афганістана, наблізіліся да мяжы з Таджыкістанам і Туркменіяй. У ходзе грамадз. вайны загінулі 1,5 млн. афганцаў і 15 тыс. сав. вайскоўцаў (з іх больш за 750 чал. з Беларусі), 5 млн. афг. грамадзян сталі бежанцамі, знішчана 80% прадукц. сіл краіны і інш.

Літ.:

Спольников В.Н. Афганистан: Исламская оппозиция: Истоки и цели. М., 1990;

Война в Афганистане. М., 1991;

Афганистан-95 // Азия и Африка сегодня. 1995. № 10.

М.​Г.​Елісееў.

Да арт. Грамадзянская вайна ў Афганістане. Байцы аднаго з добраахвотніцкіх атрадаў, якія ваявалі на баку ўрада.

т. 5, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВАРЧА́НІН (Ігнат Сымонавіч) (8.6.1895, в. Погіры Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл. — 8.12.1937),

бел. літ.-знавец, паэт, публіцыст, грамадскі дзеяч. Скончыў Пражскі ун-т (1925) са ступенню д-ра філасофіі. З 1912 настаўнік. У 1915—17 на вайсковай службе. У 1918 сакратар культ.-асв. аддзела Бел. нац. камісарыята ў Маскве. У 1919—20 вёў культ.-асв. работу ў Дзятлаўскім пав., за што зняволены ўладамі Польшчы ў Беластоцкі канцлагер. У 1921 арганізаваў у Даўгаўпілсе бел. настаўніцкія курсы, дзе чытаў лекцыі па бел. мове і л-ры, стварыў бел. тэатр, калектыў і хор. З 1926 у Вільні. Выкладаў бел. л-ру ў бел. гімназіі. Выконваў даручэнні Цэнтр. сакратарыята Бел. сялянска-рабочай грамады. Уваходзіў у Гал. ўправу ТБШ (1926—30). У 1928 выбраны паслом у польскі сейм па спісе рабоча-сялянскага блока. У выступленнях на сейме, мітынгах абараняў сац. і нац. правы народа Зах. Беларусі. Адзін з арганізатараў, нам. старшыні рэв.-дэмакр. і нац.-вызв. арг-цыі «Змаганне» (1928—30). За рэв. дзейнасць неаднаразова быў арыштаваны, у 1930 засуджаны на 8 гадоў турмы. У выніку абмену палітвязнямі паміж СССР і Польшчай з 1932 у Мінску Працаваў у АН БССР (у камісіі па вывучэнні Зах. Беларусі). У 1933 рэпрэсіраваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956. Дэбютаваў вершамі ў 1917. Вершы Д. публікаваліся ў час. «Наш шлях», «Прамень», «Студэнцкая думка» і інш. У іх балючы драматызм, горкая развага пра нягоды і страты свайго народа, рамантычная вера ў светлы дзень. Публіцыстыка Д. — яркая старонка барацьбы за адраджэнне нац. культуры, сац. і нац. правоў роднага народа. У 1927 выдаў у Вільні «Хрэстаматыю новай беларускай літаратуры (ад 1905 г.)», якая адыграла вял. ролю ў школьным навучанні і патрыят. выхаванні. Пад псеўд. І.​Гудок пераклаў на бел. мову паэму А.​Блока «Дванаццаць» (Вільня, 1926).

Тв.:

[Вершы] // Ростані волі. Мн., 1990;

Бел. пер. — Францішак Скарына як культурны дзеяч і гуманіст на беларускай ніве. Мн., 1991.

Літ.:

Бергман А. Ігнат Дварчанін // Беларускі каляндар 1978. Беласток, 1978;

Крывіцкі Л. (Л.​А.​Луцкевіч) Адкапаў праўду Беларусі // Беларускі каляндар, 1982. Беласток, 1982;

Міско Я. «Ласкі панскай не трэба...» // Міско Я. Маё маўклівае сэрца. Мн., 1983;

Наднёманскія былі. Мн., 1968. С. 72—75.

А.​М.​Пяткевіч.

І.С.Дварчанін.

т. 6, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНІЯ́ЛЬНАСЦЬ (ад лац. genius геній, дух, ахоўнік),

найвышэйшая ступень творчай адоранасці і развіцця здольнасцей чалавека. Праяўляецца ў розных сферах жыццядзейнасці людзей: у навуцы, мастацтве, рэлігіі, палітыцы, ваен. справе, педагогіцы, медыцыне і інш. З’яўленне геніяльных людзей (геніяў) абумоўлена ўздзеяннем многіх фактараў; спадчыннасць, прыродныя здольнасці, сямейнае і грамадскае выхаванне, спрыяльныя абставіны сац.-эканам., паліт., культ.-рэліг. жыцця грамадства, уласнае імкненне да самаўдасканалення і самарэалізацыі. Большасць сучасных даследчыкаў прытрымліваецца меркавання, што на з’яўленне і развіццё геніяльных людзей адначасова ўплываюць прыродныя здольнасці, спадчыннасць, асаблівасці выхавання і сацыялізацыі асобы.

У розных народаў свету на працягу іх развіцця былі свае геніяльныя мысліцелі, музыканты, мастакі, пісьменнікі, грамадска-паліт., рэліг. і ваен. дзеячы. Не заўсёды дзейнасць геніяў, якія нярэдка значна апярэджвалі свой час, належным чынам ацэньвалася іх сучаснікамі, але яна часта вызначала цэлыя эпохі ў сац. і культ. жыцці грамадства. Пра наяўнасць геніяльнасці ў чалавека гавораць тады, калі ён з’яўляецца аўтарам вял. адкрыццяў, родапачынальнікам новых тэорый, канцэпцый і навук. школ, засн. арыгінальных маст. стыляў, жанраў, ініцыятарам і правадніком перспектыўных навацый у паліт., эканам., рэліг. і ваен. сферах. У перыяд антычнасці геніяльнасць лічылі боскім дарам (Платон, неаплатаністы), а яе носьбітаў (геніяў) — шчаслівымі выбраннікамі багоў. У эпоху Адраджэння пашырыўся культ генія як асобы з унікальным творчым пачаткам (Леанарда да Вінчы, Дж.Вазары, Ю.​Ц.​Скалігер). Геніяльнасць ужо лічылі не дарам багоў, а натуральнай прыроджанай якасцю, уласцівай пераважна дзеячам мастацтва. Тады ж тэрмін геніяльнасць пачалі выкарыстоўваць у сучасным сэнсе гэтага слова, хоць у дачыненні да навукоўцаў гэтае паняцце замацавалася толькі ў 19 ст. У перыяд росквіту рамантызму (18 — 1-я пал. 19 ст.) геніяльнасць нярэдка вызначалася як містычная, ірацыянальная, неасэнсаваная здольнасць чалавека да творчай дзейнасці. І.Кант лічыў геніяльнасць «прыроджанымі задаткамі душы», І.В.Гётэ — найвышэйшым узроўнем усякай прадуктыўнасці, а генія, адпаведна, «прадуктыўнай сілай, што робіць дзеянні, вартыя бога і прыроды»; Ф.​Шылер раскрываў прыроду геніяльнасці праз паняцце «наіўнасці» інстынктыўнага следавання прыродзе; Ф.​Ніцшэ трактаваў генія як «звышчалавека», які супрацьстаіць аморфным масам, натоўпу.

Літ.:

Гончаренко Н.В. Гений в искусстве и науке. М., 1991;

Грузенберг С.О. Гений и творчество. Л., 1924;

Жоли Г. Психология великих людей. СПб., 1894;

Оствальд В. Великие люди;

Пер. с нем. СПб., 1910.

Э.​Дубянецкі.

т. 5, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫНО́ВІЧ (Жыдовіч) Іосіф Іосіфавіч

(14.5.1907, в. Арэшкавічы Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 13.1.1974),

бел. цымбаліст, дырыжор, кампазітар, педагог. Нар. арт. СССР (1968). Праф. (1963). Скончыў юрыд. ф-т БДУ (1931), Бел. кансерваторыю (1941). Выступаў як сельскі музыкант-самавук. Прафес. дзейнасць пачаў у 1922 як саліст-цымбаліст БДТ (Нац. т-р імя Я.​Купалы). У 1930—35 кіраўнік, у 1938—41 саліст, канцэртмайстар і педагог, з 1946 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Дзяржаўнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь (з 1974 імя Ж.). З 1944 педагог Беларускай кансерваторыі, дзе заснаваў клас цымбалаў і кафедру нар. інструментаў (у 1946—63 яе загадчык). Як прафес. выканаўца на бел. цымбалах тонка адчуваў прыроду інструмента, выдатна выяўляў яго выразныя магчымасці. Яго ігра вызначалася віртуозным размахам, артыстызмам, беражлівым стаўленнем да аўтарскага тэксту. Сольны рэпертуар складаўся з уласных арыгінальных твораў («Беларускія танцы», «Працяжная і карагодная» і інш.), пералажэнняў п’ес Ф.​Шапэна, Г.​Вяняўскага, І.​Штрауса, Ф.​Крэйслера. Канцэртаваў як віртуоз-цымбаліст у Германіі, Фінляндыі, Канадзе, Польшчы. Стварыў унікальны па складзе нар. аркестр, для станаўлення якога вял. значэнне меў яго ўдзел ў рэканструкцыі муз. інструментаў, найперш цымбалаў. Выключны ўклад Ж. ў стварэнне рэпертуару для гэтага калектыву, у т. л. уласных твораў («Беларуская мелодыя» для ансамбля цымбалаў і 2 арфаў, «Сказ-быліна аб зямлі беларускай», канцэртныя апрацоўкі нар. танцаў «Лявоніха» і «Мікіта», а таксама пералажэнняў — 7-й сімфоніі В.​А.​Моцарта, сімфаньеты «Беларускія карцінкі» М.​Чуркіна, фіналаў 1-га канцэрта для фп. з арк. і Серэнады для стр. аркестра П.​Чайкоўскага, фп. п’ес «У манастыры» з «Маленькай сюіты» А.​Барадзіна і «Багатырскія вароты» з «Карцінак з выстаўкі» М.​Мусаргскага і інш. твораў класічнай і сучаснай музыкі). Асабліва вялікі ўклад Ж. ў падрыхтоўку выканальніцкіх і пед. кадраў — стварэнне ім першай школы ігры на бел. цымбалах. Сярод яго вучняў В.Бурковіч, Я.Гладкоў, Д.Сцяпанава, М.​Шмелькін і інш. Лаўрэат 1-га Усесаюзнага агляду выканаўцаў на нар. інструментах (1939). Дзярж. прэмія Беларусі 1968. З 1987 на Беларусі праводзіцца Рэсп. конкурс імя Ж. У Мінску на доме, дзе жыў Ж., устаноўлена мемар. дошка.

Літ. тв.: Белорусские цимбалы // Науч. метод. зап. Бел. гос. консерватории. Мн., 1958. Вып. 1; Государственный белорусский народный оркестр. Мн., 1958; Оркестр цимбалистов. Мн., 1968; Школа ігры на цымбалах. 3 выд. Мн., 1993.

Літ.:

Насценка З.М. Іосіф Жыновіч. Мн., 1969.

А.​Я.​Ракава.

І.І.Жыновіч.

т. 6, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІНО́ЎСКІ (Кастусь) (Вікенцій Канстанцін Сямёнавіч; 2.2.1838, в. Мастаўляны Беластоцкага ваяв., Польшча — 22.3.1864),

лідэр бел. нац. вызв. руху; адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64. Скончыў Свіслацкае павятовае вучылішча (1852), Пецярбургскі ун-т (1860). У Пецярбургу член рэв. гуртка З.Серакоўскага. У пач. 1861 вярнуўся ў Беларусь з мэтай падрыхтоўкі ўзбр. паўстання. У 1861—62 стварыў у Гродне і Гродзенскай губ. шэраг нелегальных рэв. арг-цый, каардынаваў сваю дзейнасць рэв. сіламі Польшчы. Адзін са стваральнікаў восенню 1861 Камітэта рухуарганізац. цэнтра «чырвоных» па падрыхтоўцы паўстання. З кастр. 1862 старшыня Літоўскага правінцыяльнага камітэта. 1.2.1863 узначаліў Часовы правінцыяльны ўрад Літвы і Беларусі. У сак. 1863 адхілены «белымі» ад кіраўніцтва і накіраваны на пасаду рэв. камісара Гродзенскага ваяв. Са жн. 1863 зноў на чале ўзбр. барацьбы ў Літве і Беларусі, старшыня Выканаўчага аддзела Літвы. У лют. 1864 арыштаваны, паводле рашэння ваенна-палявога суда павешаны на Лукішскай пл. ў Вільні. Выканаўчы аддзел Літвы ў час старшынства К. наз. ўрадам («Літоўска-беларускі чырвоны жонд»), а самога К. — «дыктатарам паўстання». Ён адзін з выдаўцоў, аўтар і рэдактар газеты для сялян на бел. мове «Мужыцкая праўда»; пісаў пад псеўд. «Яська-гаспадар з-пад Вільні». У 1863—64 ім выдаваліся таксама газеты «Choragiew swobody» («Сцяг свабоды»), «Głos z Litwy» («Голас з Літвы»), на старонках якіх праводзіліся ідэі сац. і нац. свабоды, неабходнасці аб’яднання бел. і літ. зямель у суверэнную дзяржаву. Выступаў у абарону уніяцтва, супраць прымусовага пераводу бел. сялян у праваслаўе. З публіцыст. дзейнасцю К. звязана развіццё ў Беларусі рэв. дэмакратызму. Садзейнічаў станаўленню бел. літаратурнай мовы. Этапнай з’явай у гісторыі бел. л-ры сталі яго публіцыстыка («Лісты з-пад шыбеніцы») і вершы («Марыська, чарнаброва галубка мая», прысвечаны нарачонай Марыі Ямант, і «Калі за нашу праўду Бог нас стаў караці» — развітанне з бел. народам). К. пераклаў на бел. мову з польскай рэв. песні (мазурка Дамброўскага «Яшчэ Польшча не загінула» і інш.). Вобраз К. шырока адлюстраваны ў розных відах мастацтва. У г.п. Свіслач яму пастаўлены помнік.

Тв.:

У кн.: Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд. Мн., 1988;

К.​Калиновский: Из печатного и рукописного наследия. Мн., 1988.

Літ.:

Шалькевич В.Ф. Кастусь Калиновский: Страницы биогр. Мн., 1988.

В.​Ф.​Шалькевіч.

К.Каліноўскі. 1863.
Да арт. К.Каліноўскі. Трыпціх: «Мужыцкая праўда. Яська-гаспадар з-пад Вільні. Касінеры». Мастак Ф.​Янушкевіч. 1978.

т. 7, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)