РУДКО́ЎСКАЯ Алена Рыгораўна (н. 21.4.1973, г. Гомель),
бел. спартсменка (плаванне). Засл. майстар спорту Беларусі (1991). Скончыла Гомельскі ун-т (1994). З 2001 трэнер-выкладчык Гомельскага вучылішча алімп. рэзерву. Чэмпіёнка XXV Алімп. гульняў (1992, г. Барселона, Іспанія) на дыстанцыі 100 м брасам; бронз. прызёр у камбінаванай эстафеце 4×100 м. Чэмпіёнка Еўропы (1991, Афіны) на дыстанцыі 100 і 200 м і ў эстафеце; бронз. прызёр (1993, 1994) на дыстанцыі 100 м. Бронз. прызёр Універсіяды (1993, г. Буфала, ЗША) на дыстанцыі 100 м. Чэмпіёнка Спартакіяды народаў СССР (1991) на дыстанцыях 100 і 200 м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫБААХО́ЎНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ,
тэхнічныя канструкцыі для прадухілення траўміравання і гібелі рыбы ў месцах водазабору, каля гідратэхн. збудаванняў (напр., помпавых станцый). Паводле прынцыпу дзеяння падзяляюцца намех., гідраўлічныя і фізіялагічныя. Механічныя ў выглядзе жалюзі, сетак, сеткавых барабанаў, конусаў з рыбаадводамі ствараюць перашкоды на шляху перамяшчэння рыб. У гідраўлічных Р.з. струмень накіроўвае рыб у бяспечны бок ад гідратэхн. збудаванняў. У фізіялагічных Р.з. выкарыстоўваюць адпужвальныя раздражняльнікі (эл., светлавыя, гукавыя сігналы і інш.). Эфектыўнасць Р.з. да 80%. На Беларусі найб. пашыраны мех. Р.з., на водазаборах тэхн. водазабеспячэння часцей выкарыстоўваюцца сеткавыя барабаны, на пітных водазаборах — касетна-гравійныя фільтры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫЖО́Ў Уладзімір Рыгоравіч (1.5.1914, в. Майсееўшчына Барысаўскага р-на Мінскай вобл. — 24.11.1974),
Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў курсы камандзіраў батальёнаў і штабных работнікаў (1942). У Вял.Айч. вайну з 1942 наПаўн.-Зах., Бранскім, 1-м Укр. франтах. Удзельнік Маскоўскай, Курскай бітваў, вызвалення Украіны, Польшчы, баёў у Германіі. Мотастралк. батальён на чале з маёрам Р. вызначыўся ў баях каля г. Кельцы (Польшча) у студз. 1945, калі прарваў абарону праціўніка, перарэзаў шашэйную дарогу і чыгунку на Кракаў, першы фарсіраваў р. Одэр, захапіў плацдарм і ўтрымліваў яго да падыходу падмацавання. Пасля вайны да 1962 напарт. рабоце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ВЕРСКІ ДАНЕ́Ц (няправільная назва Паўночны Данец),
рака ў Расіі і Украіне, правы прыток р. Дон. Даўж. 1053 км, пл.бас. 96,9 тыс.км². Вытокі на Сярэднярускім узв., каля вусця падзяляецца на 3 рукавы. Ніжнія 240 км каналізаваныя. Асн. прытокі: Аскол, Айдар, Калітва (злева). Сярэдні расход вады каля с. Кружылаўка 149 м³/с. Ледастаў ад снеж.—студз. да канца лютага — пач. красавіка. У верхнім цячэнні Печанежскае вадасх.; каля г.п. Райгарадок пачынаецца канал С.Д. — Данбас. Суднаходная на 315 км ад вусця. На С.Д. — гарады Белгарад, Каменск-Шахцінскі (Расія), Ізюм, Лісічанск (Украіна) і інш.На левабярэжжы Луганскі запаведнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЛІГЕ́Р,
возера ў Цвярской і Наўгародскай абл. Расіі, на Валдайскім узв., навыш. 205 м. Пл. 212 км². Сярэдняя глыб. 5,8 м, найб. 24 м, працягласць з ПннаПд 66 км, з ЗнаУ 37 км. Катлавіна ледавіковага паходжання. Мае складаную лопасцевую форму. Складзена з некалькіх адасобленых плёсаў, злучаных кароткімі пратокамі. 169 астравоў, найб. Хочын (31 км²). Берагі моцна парэзаныя. Прымае 110 прытокаў (асн., — рэкі Чаромуха, Крапівенга, Сароча), сцёк у р. Селіжараўка (левы прыток р. Волга). Ледастаў ад ліст. да красавіка. Рыбалоўства. На С. — г. Асташкаў. Раён турызму і адпачынку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІБІРАКО́Ў Аляксандр Міхайлавіч (8.10.1849, г. Іркуцк, Расія — 1893),
расійскі золатапрамысловец, даследчык Сібіры. Скончыў палітэхнікум у г. Цюрых. Фінансаваў палярныя экспедыцыі Н.А.Э.Нордэншэльда (1878—79), А.В.Грыгор’ева (1879—80), а таксама выданне прац па гісторыі Сібіры. У 1880 спрабаваў прайсці на шхуне праз Карскае м. ў вусце р. Енісей. У 1884 на параходзе прайшоў ад вусця па р. Пячора, на аленях цераз Урал, далей на параходзе па р. Табол да г. Табольск («Сібіракоўскі тракт на поўнач»). Зрабіў значны ўклад у справу эканам. асваення Сібіры. Яго імем названы востраў у Карскім м. і ледакол.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНКЕ́ВІЧЫ,
вёска ў Лунінецкім р-не Брэсцкай вобл., на левым беразе р. Лань, на аўтадарозе Лунінец—Мікашэвічы; чыг. ст.на лініі Брэст—Гомель. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 36 кмнаУ ад г. Лунінец, 276 км ад Брэста. 960 ж., 312 двароў (2001). З-д «Палімер», лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнікі падпольшчыкам і землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. 30.10.1942 у Вял.Айч. вайну ў вёсцы і начыг. станцыі партызаны правялі Сінкевіцкую аперацыю 1942. Помнік архітэктуры — Сінкевіцкая Георгіеўская царква.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЯ́НІН Міхаіл Данілавіч (17.12.1901, в. Забалацце Аршанскага р-на Віцебскай вобл. — 1.10.1973),
Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Вышэйшую кав. школу (1927), Ваен. акадэмію Генштаба (1941). У Чырв. Арміі з 1920. Удзельнік ліквідацыі антыбальшавіцкага кранштацкага паўстання 1921, сял. выступленняў на Тамбоўшчыне ў 1920—21, баёў з басмачамі. У Вял.Айч. вайну з ліст. 1941 на Калінінскім фронце. Механіз. брыгада на чале з палк. С. вызначылася ў вер. 1943 у баях за Дняпро каля в.Вял. Букрын наПдУ ад Кіева. Да 1947 у Сав. Арміі. З 1966 дырэктар мемар. музея К.С.Заслонава (г. Орша).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАНКЕ́ВІЧ Гемел Міхайлавіч (8.3.1924, в. Сяліба Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 5.1.1962),
Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Харкаўскае танк. вучылішча (1944), Ташкенцкі юрыд.ін-т (1955). У Вял.Айч. вайну ў 1941—42 працаваў на з-дзе ў Ленінградзе, з 1944 на 1-м Укр. фронце. Камандзір танк. ўзвода мал. лейт. С. вызначыўся ў баях за г. Губен (Германія) у лютым 1945, калі ўзвод на чале з ім першы ўварваўся ў горад, экіпаж яго танка за 4 дні баёў знішчыў шмат баявой тэхнікі і жывой сілы ворага. Да 1951 у Сав. Арміі, потым наюрыд. рабоце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СХІ́ЛЫ,
нахіленыя ўчасткі зямной паверхні, што фарміруюцца ў выніку эндагенных і экзагенных працэсаў на сушы (у гарах, далінах, катлавінах, на ўзвышшах), а таксама на дне мораў і акіянаў (мацерыковы схіл, падводныя хрыбты і ўзвышшы). Характар С. вызначаецца складам і будовай парод, абсалютнымі і адноснымі вышынямі, асаблівасцямі клімату, глеб, расліннасці, іх экспазіцыяй, інтэнсіўнасцю схілавых працэсаў. Паводле паходжання вылучаюць тэктанічныя, дэнудацыйныя, акумулятыўныя, складаныя; паводле формы — прамыя, пукатыя, увагнутыя, складанай будовы; паводле стромкасці — слабаспадзістыя (нахіл 1—3°), спадзістыя (3—5°), слабапакатыя (5—7°), пакатыя (7—10°), стромкія (10—15°), вельмі стромкія (15—20°). На Беларусі каля 50% ворных зямель размешчана на С.