прынцып пабудовы муз. твора на аснове пераўтварэння адной тэмы ці аднаго комплексу тэм. М. трэба адрозніваць ад паняцця «аднатэмнасць», што адносіцца да форм нецыклічнага парадку (фуга, варыяцыі, простыя 2- і 3-часткавыя формы, ронда і інш.). Узнікае пры аб’яднанні санатна-сімф. цыкла або ўтвораных ад яго 1-часткавых форм адной тэмай (лейттэмай ці лейтматывам).
Вобразная трансфармацыя тэмы дасягаецца шляхам жанравага пераасэнсавання, змены меладычнай структуры, метрарытмічных суадносін, тэмпу, гарманізацыі, інструментоўкі і інш. Упершыню выкарыстаны ў 5-й сімфоніі Л.Бетховена. Найб поўна прынцып М. развіты ў Ф.Ліста, у створанай ім форме 1-часткавай сімф. паэмы. Монатэматычны прынцып кампазіцыі цыклічнага твора характэрны для рус. (П.Чайкоўскі, С.Танееў, А.Скрабін, С.Ляпуноў, Дз.Шастаковіч) і замежных (Б.Бартак, А.Анегер, П.Хіндэміт) кампазітараў.
У бел. музыцы ўпершыню на аснове М. пабудаваны сімфоніі М.Аладава (2-я, 1930) і В.Залатарова (4-я, 1934). З 1960-х г. М. — адзін з асн. прынцыпаў у кампазіцыі сімф. цыклаў. Найб. паслядоўна праводзіцца ў сімфоніях Г.Вагнера, Я.Глебава, Дз.Смольскага.
Літ.:
Мазель Л.А. Строение музыкальных произведений. 2 изд. М., 1979;
Михайлов М. О тематическом объединении сонатно-симфонического цикла // Вопросы теории и эстетики музыки. Л., 1963. Вып. 2;
Савицкая О.П. Некоторые особенности тематической драматургии моноинтонационного цикла в творчестве Е.Глебова // Вопросы теории и истории музыки. Мн., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАБХО́ДНАСЦЬ І ВЫПАДКО́ВАСЦЬ,
суадносныя філасофскія катэгорыі, якія выражаюць розныя тыпы сувязей прадметаў і з’яў паміж сабой, ступень іх узаемнай дэтэрмінаванасці. Неабходнасць увасабляе ўнутр. істотную сувязь, карэнныя асаблівасці прадмета або з’явы, характарызуе тое, што павінна настаць пры наяўнасці пэўных умоў. Выпадковасць, наадварот, адлюстроўвае знешнія неістотныя сувязі аб’екта, не вынікае з яго прыроды, а з’яўляецца вынікам уздзеяння пабочных фактараў і таму можа мець або не мець месца. Н. і в. узаемаабумоўлены. Абсалютызацыя неабходнасці і яе адрыў ад выпадковасці прыводзяць да фаталізму ў тлумачэнні развіцця прыроды і грамадства, а перабольшванне ролі выпадковасці і ігнараванне неабходнасці пазбаўляюць прыродныя і грамадскія сістэмы ўпарадкаванасці, арганізаванасці, сістэмнасці. Важным момантам дыялектычнай сувязі паміж Н. і в. служаць іх і узаемапранікненне і ўзаемапераходы. У рэчаіснасці адна і тая ж з’ява ў розных сістэмах або нават у адной сістэме, але праз некаторы час можа выступаць і ў якасці Н. і в. Неабходнасць не існуе ў чыстым выглядзе, яна праяўляецца праз выпадковасць, апошняя выступае ў якасці формы неабходнасці і яе дапаўнення. Вывучэнне дыялектыкі Н. і в. з’яўляецца адной з перадумоў навук. пазнання рэчаіснасці, бо накіроўвае ўвагу даследчыка на пошук у мностве выпадковасцей элементаў неабходнасці і абумоўленых імі тэндэнцый развіцця прыродных і грамадскіх працэсаў. Навук. распрацоўка праблем Н. і в. пачалася ў стараж.-грэч. філасофіі (Платон) і вядзецца ў межах матэрыяльнага або духоўнага фактару.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІНЕЗІ́ЙСКАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
Займае астравы Ціхага ак. (акрамя Новай Зеландыі і а-воў Кермадэк). Уваходзіць у царства Палеагею. Паводле сістэмы раянавання рас. вучонага У.Г.Гептнера (1936) лічылася Палінезійскай зоагеагр. падвобласцю, што ўваходзіла ў Аўстрал. зоагеагр. вобласць з царства Натагею.
Багацце флоры астравоў П.б.в. знаходзіцца ў прамой залежнасці ад памераў вострава або архіпелага і разнастайнасці рэльефу. На астравах трапляюцца ўсе тыпы раслінных згуртаванняў, ад трапічных лясных да пустынных фітацэнозаў. Відавая разнастайнасць залежыць ад спосабаў пападання насення і дарослых раслін на акіянічныя астравы (з паветранымі і марскімі плынямі, з дапамогай птушак, жывёл і чалавека). Фауна ярка выяўленага астраўнога характару, мае мноства эндэмічных форм. З наземных млекакормячых трапляюцца некат. дробныя грызуны, завезеныя чалавекам, і рукакрылыя (даўгакрылы, крыланы, начніцы). Найб. багатая арнітафауна (каля 100 родаў): мноства галубоў, вадаплаўных (альбатросы, чайкі і інш.), веліканогія куры, зімародкі, зязюлі, кулікі, ластаўкі, медасосы, папугаі, совы і інш. (каля 35 эндэмічных груп). З паўзуноў характэрны геконы і сцынкі, каля берагоў — марскія змеі. Жабы трапляюцца на Гавайскіх, Фіджы а-вах і архіпелагу Бісмарка. З прэснаводных рыб пераважаюць прахадныя формы (напр., вугры). Беспазваночныя найб. багата прадстаўлены ў зах.ч. вобласці, сярод іх ад 30 да 80% эндэмікаў (жукі, матылі і інш.). Характэрны наземны рак — пальмавы злодзей.
А.М.Петрыкаў.
Да арт.Палінезійская біягеаграфічная вобласць. Характэрныя прадстаўнікі флоры і фауны: 1 — аргіраксіфіум гавайскі; 2 — эрытрына; 3 — сцэвола такада; 4 — ігуана каналоф; 5 — серпадзюбка-акіялоа; 6 — канюк галапагоскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІ́ТЫКА З ПАЗІ́ЦЫІ СІ́ЛЫ,
палітычны курс дзяржавы, ваенна-паліт. саюзу або міжнар. супольнасці, пры якім выкарыстанне сілы ў розных формах становіцца гал. сродкам дасягнення паліт. мэт. Найб. актыўна выкарыстоўваецца ў перадваенны перыяд і ў ходзе вайны. Узнікла ў стараж. часы ў выглядзе агрэсіўных памкненняў адной дзяржавы супраць другой (гл.Агрэсія). Мела пашырэнне і ў славян, у т. л. ва ўзаемаадносінах княстваў і гарадоў Полацкай зямлі з суседзямі і паміж сабой. Такая палітыка прывяла да шматлікіх войнаў у Еўропе, у т. л. паміж Рэччу Паспалітай і Рус. дзяржавай, у час якіх адбываліся вял. разбурэнні і страты насельніцтва Беларусі. Яна стала адной з прычын 1-й і 2-й сусв. войнаў, амаль усіх ваен.-паліт. канфліктаў у пасляваен. перыяд.Формы і метады такой палітыкі: пагроза скарыстання ваен. сілы, эканам. націск, рэжым блакады, інфарм.-псіхал. ўздзеянне, паліт. шантаж, «палітыка кананерак» і інш. У адпаведнасці са Статутам ААН Савет Бяспекі ўпаўнаважаны выкарыстоўваць ваен. сілу для прадухілення пагрозы міру (парушэння міру) і актаў агрэсіі; можа ўключаць таксама дэманстрацыі, блакады, інш. аперацыі. Унутры краіны такая палітыка можа выкарыстоўвацца ўрадам як сродак сілавога задушэння сепаратысцкіх тэндэнцый (напр., падзеі ў Паўн. Ірландыі, Турцыі, Расіі), а таксама паліт. суб’ектамі ў працэсе іх барацьбы за ўладу.
Літ.:
Военная политология. Мн., 1993;
Игнатов В.А., Шульгин В.В. Организация Объединенных Наций: Краткий справ. 2 изд. М., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНЯ́ЦЦЕ,
адна з асн. адзінак мысліцельнай дзейнасці, найвышэйшы ўзровень абагульнення; лагічная форма, з дапамогай якой будуюцца інш.формы мыслення (суджэнне, вывад). Бывае канкрэтным і абстрактным. Як прадукт і вынік пазнавальнай дзейнасці чалавека фарміруецца праз абстрагаванне, ідэалізацыю, параўнанне, абагульненне і вызначэнне; фіксуе паасобныя фрагменты быцця і цэласны свет. Паводле зместу П. аб’ектыўнае (у ім акумуляваны шматвяковы практычны вопыт чалавецтва); гібкае, рэлятыўнае, што вынікае з універсальнасці руху, прынцыпу ўсеагульнай сувязі і ўзаемаабумоўленасці з’яў; устойлівае (аб’ект дыялектычнай логікі); выступае ў якасці лагічных форм (аб’ект фармальнай логікі). У канчатковым выніку паняційная форма прыводзіць да тэорыі.
Тэрмін «П.» ўведзены стоікамі (3—2 ст. да н.э.). Паводле Зянона з Кітыёна, П. — спасцігнутае ўяўленне. Разгорнутая канцэпцыя П. змешчана ў творах Платона. Дэмакрыт звязваў П. з пачуццёвымі рэчамі, Платон лакалізаваў яго ў сферы мыслення і свеце ідэй, Арыстоцель развіў яго і прадставіў у выглядзе сістэмы П. У сярэднявеччы дыскусіі вакол прыроды П. праявіліся ў барацьбе наміналізму і рэалізму. У канцы 17 — пач. 18 ст. развівалася эмпірычная тэорыя П. (Дж.Лок і інш.). Прадстаўнікі класічнай ням. філасофіі (І.Кант. І.Фіхтэ, Ф.Шэлінг, асабліва Г.Гегель) раскрылі супярэчлівы характар мыслення, паказалі абстрактнасць і канкрэтнасць П., яго арганічную цэльнасць і працэсуальнасць.
Літ.:
Ильенков Э.В. Философия и культура. М., 1991;
Гегель Г.В.Ф. Система наук. Ч. 1. Феноменология духа. СПб., 1994;
Риккерт Г. Границы естественнонаучного образования понятий: Логич. введение в ист. науки. СПб., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́РЦІК (лац. porticus),
галерэя, якая ўтвараецца калонамі ці слупамі і завяршаецца франтонам ці атыкам; звычайна афармляе гал. ўваход у будынак. Вядомы з эпохі антычнасці (у храмах Стараж. Грэцыі, ўзводзіліся і як асобныя збудаванні), пашыраны ў стылях рэнесансу, барока, асабліва характэрныя для класіцызму. На Беларусі П. розных арх. ордэраў адыгрывалі значную ролю ў кампазіцыі палацавых, сядзібных і культавых пабудоў стылю класіцызму. П. дарычнага ордэра ўпрыгожвалі гал. фасад Дзярэчынскага палаца, Магілёўскага Іосіфаўскага сабора, аздабляюць фасады Віцебскага палаца губернатара, Гродзенскага дома віцэ-губернатара, сядзібнага дома ў г.п. Обаль Шумілінскага р-на, Гомельскага Петрапаўлаўскага сабора. П. іанічнага ордэра выкарыстаны ў палацах Сноўскага палацава-паркавага ансамбля і ў в. Хальч Веткаўскага р-на, Магілёўскім касцёле кармелітаў і інш. Своеасаблівае арх. аблічча надаюць П. карынфскага ордэра палацам у Гомелі і в. Жылічы Кіраўскага р-на. Арыгінальна трактаваны класічныя формы ў драўляных П. палаца Радзівілімонтаўскага палацава-паркавага комплексу і інш. У архітэктуры 1930—50-х г. П., у якіх творча перапрацаваны класічныя ўзоры, выкарыстоўваліся як асн. элементы кампазіцыі гал. фасадаў грамадскіх будынкаў (Рэспубліканскі палац культуры прафсаюзаў у Мінску, будынкі абл.драм.т-ра і Палаца культуры і тэхнікі чыгуначнікаў у Гомелі). Буйныя стылізаваныя П. маюць будынкі Белдзяржфілармоніі ў Мінску, чыг. вакзала ў г. Баранавічы і інш.
Г.С.Ларкін.
Порцік будынка Вялікага тэатра ў г. Познань (Польшча).Порцік сядзібнага дома ў в. Хальч Веткаўскага раёна Гомельскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ВА ЎЛА́СНАСЦІ,
сукупнасць прававых норм, якія замацоўваюць прыналежнасць маёмасці пэўным асобам, устанаўліваюць аб’ём і змест правоў уласніка, спосабы і межы іх ажыццяўлення, а таксама гарантуюць ахову і абарону правоў і інтарэсаў уласніка. Побач з паняццем П.ў. як сукупнасці юрыд. норм (П.ў. ў аб’ектыўным сэнсе) існуе паняцце П.ў. ў суб’ектыўным сэнсе як устаноўленая заканадаўствам мера дазволеных паводзін уласніка па валоданні, карыстанні і распараджэнні маёмасцю. Уласнік правамоцны ажыццяўляць у адносінах маёмасці, што яму належыць, любыя дзеянні, якія не супярэчаць заканадаўству, грамадскай карысці і бяспецы, не наносяць шкоды навакольнаму асяроддзю, гіст.-культ. каштоўнасцям і не ўшчамляюць правоў і ахоўваемых законам інтарэсаў інш. асоб. Ён мае права адчужаць сваю маёмасць ва ўласнасць інш. асоб, перадаваць ім права валодання, карыстання і распараджэння маёмасцю, застаючыся ўласнікам, аддаваць маёмасць у залог, распараджацца ім іншым чынам. Уласнік нясе цяжар утрымання маёмасці, што яму належыць, і рызыкі выпадковай яе гібелі або псавання, калі іншае не прадугледжана заканадаўствам або дагаворам. Змест правамоцтваў уласніка вызначаецца цывільным, канстытуцыйным, зямельным, фінансавым і інш. галінамі права. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь замацоўвае 2 формы ўласнасці: дзярж. і прыватную. Суб’ектамі права дзярж. уласнасці выступае Рэспубліка Беларусь (рэсп. ўласнасць) і адм.-тэр. адзінкі (камунальная ўласнасць). Законам вызначаюцца віды маёмасці, якая можа знаходзіцца толькі ў дзярж. уласнасці. Суб’ектамі права прыватнай уласнасці з’яўляюцца фіз. і недзярж. юрыд. асобы. Правы ўсіх уласнікаў абараняюцца аднолькава. Дзяржава гарантуе стабільнасць адносін уласнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАВЕ́ЛЬ ((Ravel) Марыс Жазеф) (7.3.1875, г. Сібур, Францыя — 28.12.1937),
французскі кампазітар. Ганаровы д-р музыкі Оксфардскага ун-та (1929). Скончыў Парыжскую кансерваторыю (1905). Фарміраванне творчасці Р. праходзіла пад уплывам К.Дэбюсі, а таксама рус. кампазітараў М.Рымскага-Корсакава, А.Барадзіна, асабліва М.Мусаргскага (з І.Стравінскім Р. працаваў над партытурай «Хаваншчыны» для пастаноўкі оперы ў Парыжы, аркестраваў «Карцінкі з выстаўкі»). У творах спалучаў тэндэнцыі імпрэсіянізму (каларыстычныя гармонія і аркестроўка, складаныя рытмы) з класічнай яснасцю і выразнасцю формы, ярка прасочваецца сувязь з франц., ісп. і інш. фальклорам. Пазней выразна акрэсліліся неакласічныя тэндэнцыі. Сярод твораў: оперы «Іспанская гадзіна» (паст. 1907), «Дзіця і чараўніцтва» (паст. 1925), балеты «Дафніс і Хлоя», «Сон Фларыны, ці Матухна-гусыня», «Адэлаіда, ці Мова кветак» (усе паст. 1912), харэагр. паэма «Вальс» (1920); інстр. музыка: для арк. уверцюра «Шахеразада» (1898), «Іспанская рапсодыя» (1907), «Балеро» (харэагр. паст. 1928; на сцэне Бел.т-ра оперы і балета паст. 1963, 1971, 1984); 2 канцэрты для фп. з арк. (1-ы для левай рукі, 1930; 1931); для фп. «Павана на смерць інфанты», «Гульня вады», сюіта «Пахавальня Куперэна», цыкл «Адбіткі» і інш. Выступаў як піяніст і дырыжор пераважна са сваімі творамі.
Літ.:
Крейн Ю. Симфонические произведения М.Равеля. М., 1962;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗМНАЖЭ́ННЕ,
характэрная для ўсіх жывых арганізмаў уласцівасць узнаўлення сабе падобных, якая забяспечвае бесперапыннасць і пераемнасць жыцця. Адрозніваюць 3 асн.формы: бясполае размнажэнне (у прасцейшых — дзяленне папалам, шызаганія, у вышэйшых раслін — з дапамогай спор), вегетатыўнае размнажэнне (у шматклетачных арганізмаў шляхам адасаблення ч. цела і аднаўлення іх ад цэлага індывідуума, пачкаванне) і палавое размнажэнне (двухполае, г.зн. у выніку апладнення, і аднаполае нявіннае — партэнагенез). З-за адсутнасці палавога працэсу бясполае і вегетатыўнае Р. часта мае агульную назву — бясполае Р., хаця прырода і паходжанне іх неаднолькавыя: пры бясполым Р. асобіна развіваецца з адной клеткі, не дыферэнцыраванай паводле полу, а пры вегетатыўным — новай асобіне даюць пачатак шматклетачныя зачаткі рознага паходжання. Палавому Р. шматклетачных папярэднічае ўтварэнне гамет (шляхам меёзу), якія зліваюцца пры апладненні ў зіготу, і спадчынная інфармацыя, што знаходзіцца ў ДНК храмасом, аб’ядноўваецца. На працягу жыцця Р. бывае аднаразовае (такія арганізмы наз. монацыклічнымі і звычайна прыносяць шматлікае патомства) і шматразовае (поліцыклічныя арганізмы менш пладавітыя). Для жыццёвага цыкла многіх відаў жывёл характэрна чаргаванне розных форм Р., якое спалучаецца з чаргаваннем марфалагічна розных пакаленняў: палавое і бясполае, двухполае і партэнагенез, двухполае і вегетатыўнае. Чаргаванне палавога (гаметафіт) і бясполага (спарафіт) пакаленняў бывае і ў раслін. На інтэнсіўнасць Р. ўплываюць умовы навакольнага асяроддзя — т-ра, даўж. светлавога дня, ежа і інш. У вышэйшых жывёл дзейнасць органаў Р. знаходзіцца пад кантролем нерв. сістэмы і эндакрынных залоз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕТХО́ВЕН (Beethhoven) Людвіг ван [16(7), хрышчаны 17.12.1770, Бон — 26.3.1827], нямецкі кампазітар, піяніст, дырыжор; прадстаўнік венскай класічнай школы. З сям’і патомных прыдворных музыкантаў фламандскага паходжання. Упершыню публічна выступіў у 1778. З 1781 вучыўся ў кампазітара і арганіста К.Г.Нефе. З 1792 жыў у Вене. Вучыўся ў І.Гайдна, І.Альбрэхтсбергера, А.Сальеры і інш. На яго светапогляд вял. ўплыў зрабіла ант.л-ра, філасофія, творчасць У.Шэкспіра, Ф.Г.Клопштака, І.В.Гётэ, Ф.Шылера, падзеі франц. рэвалюцыі 1889—99. Неад’емнымі рысамі асобы Бетховена былі свабодалюбства і паліт. радыкалізм. Вядомасць і прызнанне набыў спачатку як піяніст і імправізатар, потым як кампазітар. Яго выкананне спалучала глыбокі, бурны драматызм і шырокую пявучую кантылену. Да пач. 1800-х г. напісаў шмат твораў, якія ўражвалі сучаснікаў драматызмам і навізной муз. мовы. Сярод іх фп. санаты № 8 («Патэтычная») і № 14 (т.зв. «Месяцавая»), першыя 6 струнных квартэтаў, 2 сімфоніі, 3 фп. канцэрты, 20 фп. санат, балет «Тварэнні Праметэя» (1801), араторыя «Хрыстос на Маслічнай гары» (1803). У 1800 была выканана 1-я сімфонія Бетховена. Асн. ідэйны матыў яго творчасці — тэма гераічнай барацьбы за свабоду — увасоблены з найб. сілай ў 3, 5, 7 і 9-й сімфоніях, у оперы «Фідэліо» (1805), уверцюры да трагедыі «Эгмант» Гётэ (1810), фп. санаце № 23 (т.зв. «Апасіяната») і інш. Глухата, якая прагрэсіравала з 1797, вымусіла Бетховена адмовіцца ад канцэртнай дзейнасці. Пасля 1815 у яго музыцы пераважалі філас. і лірыка-псіхал. матывы, што выявілася ва «Урачыстай месе» (1823), у апошніх фп. санатах (№ 28—32) і квартэтах. Вяршыня яго творчасці — 9-я сімфонія (1824), дзе ўпершыню ў гісторыі жанру ўведзены харавы фінал (на словы оды Шылера «Да радасці»). Як Гайдн і Моцарт, ён распрацоўваў формы класічнай музыкі, якія дазвалялі адлюстроўваць разнастайныя з’явы рэчаіснасці ў іх развіцці. Яго сімфоніі і санаты вылучаюцца вял. маштабамі будовы, паглыбленай сувяззю паміж раздзеламі формы, абвастрэннем супярэчнасцяў паміж кантрастуючымі эпізодамі і тэмамі. Расшырыў склад аркестра, павялічыў арк. дыяпазоны вядучых галасоў, інтэнсіфікаваў выразнасць усіх арк. партый, адпрацоўваў тэхніку вар’іравання і варыяцыйную форму (32 варыяцыі до мінор для фп.). Асаблівую ролю адводзіў фіналам у сімфоніях і кодам ва уверцюрах, сімфоніях і санатах. Рашаючы этап у развіцці канцэртнага жанру — 4-ы і 5-ы канцэрты для фп. і скрыпічны канцэрт — сінтэз сімфоніі і канцэрта. Вял. ўклад Бетховена ў вак. музыку (песні, больш за 70 хароў, канонаў), дзе шэраг песень-рамансаў аб’яднаны ў адзін цыкл («Да далёкай каханай», 1816). Навізна яго музыкі, адзначанай выключнай эмац.-драм. сілай, глыбінёй думкі, прывяла да абнаўлення і ўзбагачэння ўсіх муз.-выразных сродкаў. Творчасць Бетховена зрабіла велізарны ўплыў на далейшае развіццё сусв.муз. культуры.
Літ.:
Роллан Р. Собр. соч.: Пер. с фр.Т. 2, 12. М., 1954, 1957;
Эррио Э. Жизнь Бетховена: Пер. з фр. 3 изд. М., 1968;
Альшванг А.А. Л. ван Бетховен: Очерк жизни и творчества. 5 изд. М., 1977;
Климовицкий А. О творческом процессе Л.Бетховена. Л., 1979;
Фишман Н.Л. Этюды и очерки по бетховениане М., 1982;
Zu Beethoven, hrsg. von H.Goldschmidt. [Bd. 1—2]. Berlin, 1979—84.