АРА́НЖАВАЯ ПРАВІ́НЦЫЯ, Аранжавая Рэспубліка (англ. Orange Free State),
правінцыя ў цэнтр.ч.Паўд.-Афрыканскай Рэспублікі. Мяжуе з прав. Капская, Трансвааль і Наталь, на ПдУ — з Лесота. Пл. 129,2 тыс.км², нас. 1,8 млн.чал. (1985). Насельніцтва — банту і сута. Адм. ц. — г.Блумфантэйн. Аранжавая правінцыя займае ч. ўнутраных плато — на З Плато Кап, якое на У пераходзіць у Высокі Велд і Драконавы горы (выш. да 2300 м). Клімат субтрапічны, ападкаў 250—900 мм за год. Бываюць замаразкі і засухі. Рака Аранжавая з прытокамі Вааль і Каледан упадае ў Атлантычны ак., на ёй ГЭС і вадасховішчы. Здабываюць золата, уранавыя руды і алмазы. Развіты маш.-буд., металаапр., металургічная (каляровыя металы), хім., гарбарна-абутковая, харч.прам-сць. У сельскай гаспадарцы пераважае пашавая жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, авечкі). Земляробства на багатых глебах (кукуруза, пшаніца, агародніна, тытунь, цытрусавыя). Транспарт чыг. і аўтамабільны.
Першыя сем’і афрыканераў (бураў) на тэр. Аранжавай правінцыі з’явіліся ў 1830-я г. Пераадолеўшы супраціўленне карэнных жыхароў — плямёнаў басута, яны заснавалі ў 1837 самаст. дзяржаву. У 1854 буры абвясцілі стварэнне Аранжавай Свабоднай дзяржавы. У саюзе з Трансваалем яна ўдзельнічала ў англа-бурскай вайне 1899—1902. З 1900 — брыт. калонія, у 1907 атрымала самакіраванне. З 1910 разам з трыма інш. калоніямі ў складзе Паўд.-Афрыканскага Саюза (з 1961 ПАР).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ПАСО́ЛЬСКІ КЛУБ (БПК),
нацыянальная пасольская (дэпутацкая) фракцыя ў сейме Польскай Рэспублікі ў 1922—28 і 1928—30. Пасля выбараў 5.11.1922 у БПК уваходзілі 11 паслоў, якія прадстаўлялі Бел.с.-д. партыю (А.Аўсянік, П.В.Мятла, Б.А.Тарашкевіч, Ф.Ярэміч), Бел. хрысціянскую дэмакратыю (А.В.Станкевіч), партыі бел. эсэраў (С.Баран, У.Каліноўскі, С.Якавюк), незалежных сацыялістаў (С.А.Рак-Міхайлоўскі), а таксама беспартыйныя М.С.Кахановіч, В.Ц.Рагуля. Тактыку і структуру БПК распрацаваў А.І.Луцкевіч. БПК адстойваў сац. і нац. правы бел. народа, займаў становішча апазіцыі ў польскай дзярж. палітыцы, быў салідарны з інш.нац. меншасцямі ў нац. справах і з усімі дэмакр. сіламі Польшчы ў сац. справах. Вызначаўся сваёй паліт. неаднароднасцю. Левае крыло БПК супрацоўнічала з камуністамі і 24.6.1925 стварыла асобны клуб — фракцыю Беларуская сялянска-работніцкая грамада. Пасля выбараў 4.3.1928 з прадстаўнікоў Бел. хрысціянскай дэмакратыі і Бел.сял.саюза ўтвораны БПК, які выступаў супраць памкненняў камуністаў падпарадкаваць сабе бел. рух. Дзейнічаў паралельна з пасольскім клубам «Змаганне».
А.М.Сідарэвіч.
Беларускі пасольскі клуб. Сядзяць (злева направа): у 1-м радзе — А.Аўсянік, Ф.Ярэміч, П.Валошын; у 2-м радзе — В.Багдановіч, М.Кахановіч, Б.Тарашкевіч, А.Назарэўскі, А.Уласаў; стаяць: В.Рагуля, С.Якавюк, А.Станкевіч, С.Рак-Міхайлоўскі, П.Мятла. Варшава. 1923.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ЦЭНТРА́ЛЬНЫ САЮ́З СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧЫХ І КРЭДЫ́ТНЫХ КААПЕРАТЫ́ВАЎ, Белсельсаюз,
рэспубліканская кааператыўная арг-цыя ў 1921—29. Створаны ў Мінску як Саюз с.-г. кааперацыі Беларусі, з 1922 наз.Бел.цэнтр. саюз с.-г. і прамысл. т-ваў (Белсельпрамсаюз), з 1925 — Белсельсаюз. Напачатку меў на мэце арганізацыю вытв-сці і збыту с.-г. прадукцыі, калектывізацыю вёскі. Дзейнасці перашкаджалі рэарганізацыі, няўвага да фінансавага боку справы, захапленне арганізац.-мітынговымі метадамі кіравання, што ў 1924 прывяло яго амаль да краху. У сак. 1924 выбраны новы склад кіраўніцтва (старшыня праўлення С.Лысаў, старшыня савета Дз.Ф.Прышчэпаў, старшыня рэвіз. камісіі І.І.Валодзька), у маі 1925 прыняты новы статут, які вызначыў задачы: абарона працоўных інтарэсаў членаў саюза, забеспячэнне іх насеннем, с.-г. прыладамі і сыравінай, арганізацыя прадпрыемстваў па перапрацоўцы с.-г. прадукцыі, распрацоўка агракульт. мерапрыемстваў. Са станаўленнем нэпа ў бел. вёсцы пашырылася нізавая сетка с.-г. кааперацыі, умацавалася яе сац. база, развіваліся спец. віды с.-г. кааперацыі (малочная, садова-агародная, меліярацыйная). Аднак каап. ўстановы не былі пазбаўлены дзярж. кантролю і цалкам залежалі ад дзярж. крэдытаў. У 1928 са складу Белсельсаюза вылучаны Белкалгассаюз (гл.Беларускі цэнтральны саюз сельскагаспадарчых калектываў). Пасля ліквідацыі Белсельсаюза яго функцыі перададзены рэсп. галіновым саюзам с.-г. кааперацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́ДАРАЎ (Аляксей Ануфрыевіч) (н. 6.6.1950, в. Кляны Дубровенскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. пісьменнік, драматург. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1976). Працаваў акцёрам, заг.літ. часткі Бел.рэсп. тэатра юнага гледача (1976—79). З 1991 гал. рэдактар час. «Мастацтва». Друкуецца з 1973. Выдаў зб. апавяданняў «Святая птушка» (1979, Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1982). Па сцэнарыях Д. пастаўлены кароткаметражныя і маст. фільмы («Суседзі», 1979, «Белыя росы», 1984, і інш.). Аўтар п’ес «Выбар» (паст. 1979), «Парог» (паст. 1981), «Вечар» (паст. 1983), «Злом» (1989). П’есы «Апошні ўзлёт» (паст. 1982) і «Радавыя» (паст. 1984, Дзярж. прэмія СССР 1985) прысвечаны падзеям Вял.Айч. вайны. Трагедыя «Купала» (1994) увасабляе трагізм міжусобнай барацьбы ў ВКЛ напярэдадні Крэўскай уніі 1385, «Адцуранне» (1994) — фантасмагарычны погляд на эсхаталагічную загадку краю і народа. «Песня пра зубра» (1994) — сцэн. варыяцыя па матывах паэмы М.Гусоўскага. Гіст. асобы ў яго творах не пафасна рамантызаваныя, а людзі, падуладныя моцным пачуццям, часам здольныя памыляцца, але ўнутрана годныя. Пераклаў на бел. мову хроніку У.Шэкспіра «Рычард III». З 1992 старшыня Саюзатэатр. дзеячаў Беларусі.
Тв.:
Дыялог: П’есы. Мн., 1987.
Літ.:
Савік Л. Каб не астыла цяпло зямлі. Мн., 1984. С. 59—64;
Сямёнава А. Слова сапраўднага лад. Мн., 1986. С. 116—131;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕВА́НГЕЛЬСКІЯ ХРЫСЦІЯ́НЕ,
паслядоўнікі адной з плыней пратэстантызму, падобнай да баптызму (гл.Баптысты). Найб. распаўсюджаны ў ЗША. У Расіі з’явіліся ў 1870-я г. ў арыстакратычным асяроддзі Пецярбурга. Першапачатковая назва — рэдстакісты або пашкоўцы (ад імён актыўных прапаведнікаў лорда Рэдстака і палкоўніка В.А.Пашкова). З сярэдзіны 1890-х г.наз. Е.х. У 1909 засн. Усерасійскі Саюз Е.х. на чале з І.С.Праханавым і адбыўся іх 1-ы з’езд у Пецярбургу. У аснову веравучэння, распрацаванага Праханавым, былі пакладзены агульнапратэстанцкія догматы: вучэнне аб спрадвечнай грахоўнасці чалавека і выратавальнай місіі Ісуса Хрыста; догмат аб другім прышэсці Хрыста і магчымасці выратавання толькі асабістай верай у выратавальную ахвяру Хрыста. Іх абраднасць і царк. арганізацыя яшчэ больш спрошчаныя, чым у баптыстаў. У 1930-я г. шмат кіраўнікоў Саюза Е.х. і вернікаў было рэпрэсіравана, дзейнасць яго фактычна спынілася; адноўлена ў 1942. У 1944 Е.х. аб’ядналіся з баптыстамі ў царкву Евангельскіх хрысціян-баптыстаў (Саюз ЕХБ). На Беларусі першыя паслядоўнікі Е.х. (пашкоўцы) з’явіліся ў 1870—90-я г. на Гомельшчыне. У 1920—30-я г. ў Зах. Беларусі замежныя місіі заснавалі шэраг абшчын Е.х., у асноўным у Палескім ваяв. Цяпер большасць Е.х. уваходзіць у Саюз ЕХБ Беларусі. 1 абшчына Е.х. зарэгістравана аўтаномна (1997).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСПА́НСКАЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ РАБО́ЧАЯ НА́РТЫЯ (El Partido Socialista Obrero Español; ІСРП),
палітычная партыя левага кірунку ў Іспаніі. Засн. ў 1879 П.Іглесіясам. Прапанавала радыкальную праграму грамадскага пераўтварэння (пераход паліт. улады ў рукі працоўных, аграмаджванне сродкаў вытв-сці, стварэнне бяскласавага грамадства), якую прадугледжвалася ажыццявіць парламенцкімі сродкамі. Ініцыятар стварэння Усеагульнага саюза працоўных (1888). Мела вял. ўплыў у многіх рэгіёнах Іспаніі, у т. л. ў Мадрыдзе. Прыхільнікі рэв. метадаў барацьбы ў 1921—22 пакінулі ІСРП і стварылі Камуніст. партыю Іспаніі. У 1930-я г. ІСРП — адна з гал.паліт. сіл краіны (у 1931 атрымала 24% месцаў у картэсах). У 1931—33 падтрымала ўрад М.Асаньі. Адна з заснавальніц Нар. фронту (1936). У 1936—39 прадстаўнікі ІСРП Ф.Ларга Кабальера і Х.Легрын узначальвалі рэсп. ўрады. Пасля 1939 дзейнічала ў эміграцыі, з 1960-х г. актывізавала нелегальную дзейнасць у Іспаніі. З 1977 легалізавана, гал. апазіцыйная партыя. У 1978 прыняла с.-д. праграму (падтрымка парламенцкай дэмакратыі, шматукладнай эканомікі, актыўнай сац. палітыкі дзяржавы). З 1982 правячая партыя, у 1982—89 мела абс. большасць у картэсах, з 1993—45% месцаў. З 1974 ген. сакратар Ф.Гансалес Маркес (у 1982—96 быў прэм’ер-міністрам).
Літ.:
Данилевич И.В. Социалистические партии Испании и Португалии (1973—1979). М., 1984;
Яго ж. Испытание властью: Исп. соц. раб. партия в 80-е гМ., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЁНАК (Уладзімір Васілевіч) (н. 3.3.1942, в. Белае Крупскага р-на Мінскай вобл.),
савецкі касманаўт. Ген.-палк. авіяцыі (1993). Двойчы Герой Сав. Саюза (1978, 1981), Герой ГДР (1978), Герой МНР (1981). Лётчык-касманаўт СССР (1977). Канд.ваен.н. (1985), праф. (1991). Скончыў Балашоўскае вышэйшае ваен.авіяц. вучылішча (1963), Ваен.-паветр. акадэмію імя Ю.А.Гагарына (1976), Ваен. акадэмію Генштаба (1984). З 1967 у атрадзе касманаўтаў. З 1984 у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў, з 1986 у ВПС. З 1988 у Ваен. акадэміі Генштаба, з 1991 нач.Цэнтр.НДІавіяц. і касм. тэхнікі Мін-ва абароны Расіі. З 1992 нач.Ваен.-паветр.інж. акадэміі імя М.Я.Жукоўскага. 9—11.10.1977 з В.В.Руміным здзейсніў палёт на касм. караблі (КК) «Саюз-25» (як камандзір); 15.6—2.11.1978 з А.С.Іванчэнкавым — на КК «Саюз-29» і арбітальнай станцыі «Салют-6» (як камандзір; да станцыі прыстыкоўваліся грузавыя трансп. караблі тыпу «Прагрэс», К.К «Саюз-30», з П.І.Клімуком і М.Гермашэўскім, «Саюз-31» з В.Ф.Быкоўскім і З.Енам; вярнуўся на Зямлю на КК «Саюз-31»); 12.3—26.5.1981 з В.П.Савіных — на КК «Саюз Т-4» і арбітальнай станцыі «Салют-6» (як камандзір; да станцыі прыстыкоўваліся КК «Саюз-39» з У.А.Джанібекавым і Ж.Гурагчам і «Саюз-40» з Л.А.Паповым і Д.Прунарыу). Правёў у космасе 216,38 сут. Залаты медаль імя К.Э.Цыялкоўскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВАРТЭ́Т (італьян. quartetto ад лац. quartus чацвёрты),
1) ансамбль з 4 выканаўцаў (інструменталістаў ці вакалістаў). Можа быць аднароднага складу (струнны смыковы, драўляных духавых інструментаў, вак. мужчынскі або жаночы) і мяшанага (т. зв. фартэпіянны К. — фп., скрыпка, альт, віяланчэль). З інстр. К. найб. пашыраны струнны смыковы (2 скрыпкі, альт, віяланчэль). Як самаст. тып выканальніцкага калектыву сфарміраваўся ў 2-й пал. 18 ст. На Беларусі вядомы Гарадзецкі прыгонны квартэт У.Г.Кастрыёта-Скандэрбека, Дзяржаўны смыковы квартэт БССР, Квартэт Саюза кампазітараў БССР, вакальныя Беларускі вакальны квартэт, «Купалінка» і інш. 2) Муз. твор для ансамбля з 4 інструментаў або пеўчых галасоў. Струнны смыковы К. з канца 18 ст. — адзін з асн. жанраў камернай музыкі. Яго вызначаюць індывідуалізацыя партый, поліфанічная фактура, санатная цыклічная форма. Класічныя ўзоры К. стварылі І.Гайдн, В.А.Моцарт, Л.Бетховен, Ф.Шуберт, П.Чайкоўскі, А.Барадзін, Б.Бартак, П.Хіндэміт, Дз.Шастаковіч і інш. У бел. музыцы да К. звярталіся М.Аладаў, У.Алоўнікаў, В.Войцік, Г.Гарэлава, С.Картэс, П.Падкавыраў, А.Туранкоў, К.Цесакоў, М.Чуркін, Л.Шлег, В.Яфімаў. Менш пашыраны ў сусв. музыцы фп. К. Вакальныя К. часта ўваходзяць у оперы, кантаты, араторыі. Шэраг нар. песень апрацавалі для вак. К. бел. кампазітары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ПЕЛЬ (Яўхім Яўсеевіч) (7.1.1896, в. Байлюкі Глускага р-на Магілёўскай вобл. — 27.7.1969),
бел. грамадска-паліт. дзеяч. Скончыў БДУ (1926). З 1915 у рас. арміі, з 1918 у Чырв. Арміі; у 1919—20 удзельнік баёў на сав.-польскім фронце. З 1921 у Мінску, чл.Навук.-тэрміналагічнай камісіі пры Наркамасветы БССР. З 1926 сакратар аддзела прыроды і нар. гаспадаркі Ін-та бел. культуры. У кастр. 1929 выключаны з аспірантуры БДУ, у чэрв. 1930 арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі», у крас. 1931 высланы на 5 гадоў у Вяцкую вобл.; паўторна арыштаваны ў снеж. 1935 і зняволены на 5 гадоў. Пасля вызвалення настаўнічаў у г. Саратаў. У пач. 1942 мабілізаваны ў дзеючую Чырв. Армію. адкуль дэзерціраваў. З чэрв. 1942 у Мінску. супрацоўнічаў з ням.-фаш. ўладамі: чл. Інспектарыята бел. школ пры ген камісарыяце Беларусі, чл. Мінскай акр. рады Бел.нар. самапомачы (БНС), з 1943 у аддзеле культуры БНС, адзін з рэдактараў газ.«Голас вёскі», з 1944 кіраўнік навук. аддзела Беларускай цэнтральнай рады, на Другім Усебеларускім кангрэсе 1944 выбраны яго старшынёй. З сярэдзіны 1944 у Германіі. З 1950 у ЗША, з 1951 уваходзіў у Беларускі кангрэсавы камітэт Амерыкі. Успаміны К. захоўваюцца ў архіве Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку. Рэабілітаваны ў 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РТАЎ (Л.) (сапр.Цэдэрбаўм Юлій Восіпавіч; 24.11.1873, г. Стамбул — 4.4.1923),
дзеяч сацыял-дэмакратычнага руху ў Расіі, адзін з лідэраў меншавікоў. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це. У 1892 за рэв. дзейнасць высланы ў Вільню. У 1895 адзін з заснавальнікаў (з У.І.Леніным і інш.) марксісцкага «Саюза барацьбы за вызваленне рабочага класа» ў Пецярбургу. У 1896 арыштаваны і сасланы ў с. Туруханск Енісейскай губ. З 1901 у эміграцыі, адзін з рэдактараў с.-д. газет «Искра» і «Заря». На II з’ездзе РСДРП (1903) выступіў супраць ленінскага арганізац. плана пабудовы партыі. У 1905 чл. Пецярбургскага савета, з 1907 зноў у эміграцыі. У 1908—10 адзін з прыхільнікаў ператварэння РСДРП у легальную партыю (т.зв. ліквідатарства), у 1912—14 адзін з лідэраў «жнівеньскага блока» ў РСДРП (меншавікі, трацкісты, бундаўцы і інш.). У 1-ю сусв. вайну займаў цэнтрысцкія пазіцыі. З 1917 у Расіі, лідэр левай плыні ў меншавіцкай партыі. На II з’ездзе Саветаў (ліст. 1917) прапаноўваў стварыць урад з прадстаўнікоў усіх сацыяліст. партый. Асуджаў палітыку бальшавікоў, у т. л. разгон Устаноўчага сходу ў студз. 1918, арышты паліт. праціўнікаў і інш. У 1919 дэлегат (ад меншавікоў) VII Усерас. з’езда Саветаў, чл.ВЦВК, у 1919—20 дэп. Маскоўскага Савета. З вер. 1920 у эміграцыі. Адзін з арганізатараў Інтэрнацыянала 2 1/2.