ЖО́ЎТА-ЗЯЛЁНЫЯ ВО́ДАРАСЦІ, разнажгуцікавыя водарасці (Xanthophyta, Heterocontae),
аддзел ніжэйшых раслін. Вядома каля 560 відаў і ўнутрывідавых таксонаў. Пашыраны па ўсім зямным шары пераважна ў прэсных, некаторыя — у салёных вадаёмах і глебе. Планктонныя арганізмы, радзей бентасныя. На Беларусі адзначана больш за 50 відаў з 22 родаў: арахнахлорыс, афіяцытыум, батрыдыум, батрыдыёпсіс, вашэрыя, гетэротрыкс, гетэракокус, манодус плеўрахлорыс, трыбанема, тэтраэдрыела, харацыёпсіс і інш.
Аднаклетачныя, шматклетачныя, радзей каланіяльныя і цэнабіяльныя арганізмы разнастайнай формы. Рухомыя, плаваюць пасіўна або прымацаваныя. Колер ад светла- да цёмна-жоўта-зялёнага, рэдка зялёны або блакітны з-за наяўнасці ў хларапластах, акрамя хларафілу, вял. колькасці жоўтых пігментаў (ксантафілы, караціны). Клеткі адна-, радзей шматядравыя з абалонкай, радзей голыя. Крухмал, як запасное рэчыва, адсутнічае (характэрная прыкмета). Жыўленне пераважна аўтатрофнае. Размнажэнне вегетатыўнае, бясполае (зааспорамі, аўтаспорамі і інш.), рэдка полавае (іза- і аагамія). Аднаклетачныя рухомыя віды і зааспоры маюць 2 жгуцікі рознай даўжыні (адсюль другая назва).
т. 6, с. 440
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛОЗНІЦАКВЕ́ТНЫЯ (Scrophulariales),
парадак двухдольных кветкавых раслін. 12 сям., больш за 1 тыс. родаў і 12 тыс. відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары, асабліва ва ўмераных, субтрапічных і трапічных абласцях. На Беларусі 5 сям.: залознікавыя, заразіхавыя, паслёнавыя, плывунцовыя, трыпутнікавыя, 32 роды. Сярод іх больш за 100 дзікарослых і 30 інтрадукаваных відаў, у т. л. важныя харч. (бульба, памідоры), тэхн. (тытунь, махорка), лек. (аўран, залозніца, красаўка, трыпутнік), дэкар. (будлея, ільвіны зеў, петунія), меданосныя расліны; ёсць насякомаедныя (тлушчанка), ядавітыя і пустазелле.
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны, паўкусты, радзей кусты і дрэвы. Лісце чаргаванае або супраціўнае, іншы раз кальчаковае, без прылісткаў. Кветкі двух-, радзей аднаполыя, пераважна няправільныя, 5-членныя, са зрослапялёсткавым вяночкам. Тычынак 5—4 (іншы раз 2). Гінецэй звычайна з 2 (радзей 5) зрослых пладалісцікаў. Завязь двух- ці аднагнездавая, з многімі семязародкамі. Плод — каробачка, іншы раз ягада. Насенне з эндаспермам. Г.У.Вынаеў.
т. 6, с. 515
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАКО́САВЫЯ АСТРАВЫ́ (Cocos Islands),
Кілінг астравы, група з 27 нізінных каралавых астравоў на У Індыйскага ак.; тэр. Аўстраліі. Пл. 14 км². Нас. 609 чал. (1996), пераважна малайцы. Клімат трапічны. Т-ра паветра на працягу года ад 21 да 32 °C. Ападкаў каля 2180 мм за год. На в-ве Уэст-Айленд міжнар. аэрапорт, які абслугоўвае трасы з Аўстраліі ў Афрыку і Паўд. Азію. Аснова эканомікі — абслугоўванне аэрапорта, сельская гаспадарка (какосавая пальма, агародніна), рыбалоўства.
Адарыў у 1609 англ. капітан У.Кілінг (ад яго другая назва астравоў). Пастаянныя пасяленні з 1826—27. У 1857 анексіраваны Вялікабрытаніяй, у 1878 перададзены пад кіраванне ўрада брыт. ўладання Цэйлон. У 1903 уключаны ў калонію Сінгапур. У 1955 перададзены пад кіраванне Аўстраліі. У выніку рэферэндуму (крас. 1984) жыхары астравоў выказаліся за далучэнне іх да Аўстраліі. Ген. асамблея ААН у снеж. 1984 прыняла рэзалюцыю, якая зацвярджае рашэнне насельніцтва астравоў.
т. 7, с. 443
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕ́ЦКІ ГІСТО́РЫКА-ЭТНАГРАФІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й.
Засн. ў 1961 у г. Клецк Мінскай вобл. як школьны, з 1979 дзяржаўны. Пл. экспазіцыі 194 м², больш за 4,6 тыс. адзінак асн. фонду (1998). Сярод экспанатаў посуд, касцяныя грабеньчыкі 11—17 ст., шкляныя бранзалеты 12—13 ст., кафля 16—17 ст. з археал. раскопак на тэр. раёна, зброя 18 — пач. 20 ст., матэрыялы пра ўдзел жыхароў у грамадз. вайне, пра барацьбу за сац. і нац. вызваленне ў Зах. Беларусі, пра стварэнне і дзейнасць падполля і партыз. руху ў Вял. Айч. вайну, успаміны А.Іверса, творы жывапісу, кнігі з аўтографамі К.Крапівы, Г.Гарэцкага і інш., прылады працы і побыту бел. сялян 19 — пач. 20 ст., нар. муз. інструменты, калекцыі нар. адзення, тканін, вырабаў мясц. пляцення і керамікі. Музей рэгулярна праводзіць выстаўкі нар. творчасці мясц. умельцаў, нар. строяў, прац мясц. мастакоў, прысвечаных клецкім Радзівілам, развіццю пісьменнасці і друку і інш.
Д.М.Чорны.
т. 8, с. 333
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РАНЬ слова,
галоўная частка слова, нязменная ў працэсе словаўтварэння і словазмянення (марф. дэрывацыі), носьбіт лексічнага значэння слова. У невытворных словах К. супадае з асновай. Значэнне К. больш канкрэтнае, чым значэнне афіксаў слова. Структурна К. падзяляюць на свабодныя — сустракаюцца на правах аўт. слова без афіксаў («сцян-а», «сцен-ка») і звязаныя — толькі ў спалучэнні з афіксамі («ада-мк-нуць», «за-вул-ак»). К., які заканчваецца галосным гукам, наз. адкрытым («аб-у-ць»), зычным — закрытым («з-бір-аць»; у бел. мове закрытыя К. заўсёды ва ўласнабел. назоўніках, прыметніках, лічэбніках і займенніках, за выключэннем асабовых займеннікаў я, ты, мы). У залежнасці ад колькасці К. словы падзяляюць на простыя — адзін К. («бульб-ін-а») і складаныя — больш аднаго К. («вад-а-лаз»). К. службовых слоў блізкія па значэнні да афіксаў, напр.: значэнне прыназоўніка і прэфікса «без» («без білета» і «безбілетны»), часціцы і прэфікса «не» («не прывабліваць» і «непрывабны»).
т. 8, с. 417
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОЎШ (Аляксандр) (1890, в. Рыдзялі Гродзенскага р-на — 1943),
бел. грамадска-паліт. і царк. дзеяч. Скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю і бухгалтарскія курсы. З 1921 у Гродне пасвячоны ў святары. З 1925 у Вільні, настаяцель прыхода, гал. бухгалтар Бел. каап. банка, выкладчык Закона Божага ў Віленскай бел. гімназіі. Выступаў у зах.-бел. друку з артыкуламі па пытаннях беларусізацыі правасл. царквы, аднаўлення бел. дзяржаўнасці. У 1928—29 рэдактар-выдавец царк.-грамадскага час. «Беларуская зарніца», кіраўнік секцыі Чырв. Крыжа пры Бел. цэнтры. За ўдзел у нац.-вызв. руху няраз арыштаваны, пазбаўлены польск. ўладамі месца настаяцеля Пятніцкай царквы ў Вільні і высланы святаром у в. Кастыкі Вілейскага пав. У 1939 вярнуўся ў Вільню, быў настаяцелем царквы св. Мікалая. У 1941 прызначаны ў выдавецкую камісію пры мінскім архірэі. У 1943 за садзеянне ў выратаванні яўр. насельніцтва арыштаваны гестапа ў г.п. Плешчаніцы і расстраляны.
А.С.Ліс.
т. 8, с. 438
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛАНЦУ́Г»,
бел. народны танец. Муз. памер 2/4, 4/4. Тэмп ад павольнага да ўмерана хуткага. Выканаўцы (мужчыны і жанчыны) бяруцца за паднятыя ўгору рукі і становяцца кругам, паўкругам ці лініяй. Той, хто водзіць, не разрываючы ланцуг з рук, праходзіць (за ім астатнія танцоры) праз «вароты» пад рукамі апошняй пары. Апошні выканаўца, калі ўсе праходзяць пад яго рукой, паварочваецца на месцы, а сваю правую руку, сагнутую ў локці і злучаную з рукой партнёра, кладзе далонню на сваё правае плячо. Ланцужок тым часам па чарзе праходзіць пад рукамі наступных пар, і кожны выканаўца прымае падобную позу. Калі ўсе танцоры пераплятуцца рукамі і выстраяцца ў адну лінію, той, хто водзіць, пачынае рухацца ў адваротным парадку і «расплятае» ланцуг, пакуль не выведзе ўсіх на зыходную пазіцыю. Вядомы таксама як адна з фігур кадрылі. Бытуе ў Мінскай, Віцебскай і Гродзенскай абласцях.
Ю.М.Чурко.
т. 9, с. 126
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ДАПАМО́ГІ НАВУЧЭ́НЦАМ.
Засн. ў 1875 у Мінску для аказання матэрыяльнай дапамогі выхаванцам навуч. устаноў горада з мэтай падтрымкі выпускнікоў гімназій, вучылішчаў і студэнтаў ВНУ. Кіравалася статутам; калегіяльны орган — агульны сход, які выбіраў праўленне, апошняе — старшыню, сакратара і казначэя. Старшынёй т-ва працяглы час быў І.І.Самойла. Сярод ганаровых чл. т-ва быў мастак І.К.Айвазоўскі. У 1900 у т-ве было 275 чл. Сродкі т-ва складаліся з членскіх узносаў, ахвяраванняў, працэнтаў з капіталу і прыбыткаў ад дабрачынных мерапрыемстваў і латарэй. Прадстаўнікі т-ва збіралі ахвяраванні па прыватных дамах, праводзілі вечарыны на карысць студэнтаў. Сродкі ад іх складалі фонд дапамогі (4—5 тыс. руб. за год), якая ішла на аднаразовыя субсідыі, плату за навучанне і падручнікі. Дапамогай т-ва карысталіся пераважна навучэнцы мінскіх мужчынскай і жаночай гімназій, рэальнага вучылішча і гарадскога 4-класнага вучылішча. Да 1907 т-ва спыніла сваё існаванне.
т. 10, с. 416
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІЯ НАРО́ДНІЦКІЯ ГУРТКІ́ дзейнічалі ў Мінску ў 2-й пал. 1870—80-х г. Складаліся пераважна з прадстаўнікоў разначыннай інтэлігенцыі, прыхільнікаў тэорыі сял. сацыялізму. Першыя гурткі арганізаваны ў пач. 1876 студэнтамі М.Шварцам, С.Гаховічам, М.Велерам. Яны вялі прапаганду сярод вучняў, інтэлігенцыі, рамесных рабочых, сялян, яўр. насельніцтва. Гурткі аб’ядноўвалі больш за 160 чал. У час расколу «Зямлі і волі» (1879) у Мінск двойчы прыязджаў у 1879—80 лідэр «Чорнага перадзелу» Г.В.Пляханаў; другі яго прыезд звязаны з арганізацыяй у Мінску С.Грынфестам і І.Ляўковым цэнтр. падп. друкарні партыі «Чорны перадзел». Мінскія гурткі мелі цесную сувязь з польскай сацыяліст. партыяй «Пралетарыят». У 1887—88 пасля працяглых дыскусій пад уздзеяннем брашуры Пляханава «Нашы рознагалоссі» нарадавольцы аб’ядналіся вакол А.В.Бонч-Асмалоўскага, А.Я.Багдановіча, Я.С.Хургіна. Большасць чорнаперадзельцаў перайшла ўслед за Пляханавым на с.-д. пазіцыі.
М.А.Сакалова.
т. 10, с. 456
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЮ́З ПО́ЛЬСКІХ ПАТРЫЁТАЎ (СПП; Związek Patriotów Polskich),
масавая антыфашысцкая грамадска-паліт. арг-цыя палякаў-эмігрантаў у СССР у 1943—46. Створаны ў сак.—чэрв. 1943 у Маскве па ініцыятыве палякаў-камуністаў В.Васілеўскай (старшыня), С.Ендрыхоўскага, А.Завадскага, А.Лямпе і інш. СПП налічваў каля 100 тыс. членаў. Друкаваны орган газ. «Wolna Polska» («Свабодная Польшча»). Выступаў за дэмакр. парламенцкі лад у пасляваен. Польшчы, яе цесны саюз з СССР, прызнаваў правы СССР на Зах. Беларусь і Зах. Украіну, адмаўляў законнасць Польскага ўрада ў эміграцыі. СПП ініцыіраваў стварэнне Першай польскай пяхотнай дывізіі імя Т.Касцюшкі (1943), удзельнічаў у фарміраванні (21.7.1944) Польскага камітэта нацыянальнага вызвалення. Паліт. дзейнасць спалучаў з культ.-асв. і апякунскай працай: за гады існавання стварыў 248 школ, 52 дзіцячыя прытулкі, 636 бібліятэк і інш. У 1944—46 заахвочваў перасяленне палякаў з СССР у Польшчу. Спыніў існаванне ў жн. 1946.
Ю.В.Грыбоўскі.
т. 14, с. 232
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)