міжнародны грамадскі рух, накіраваны на прапаганду і развіццё спорту праз падрыхтоўку і арганізацыю Алімпійскіх гульняў. Аб’ядноўвае мільёны людзей незалежна ад паліт. і рэліг. перакананняў, расавай прыналежнасці на прынцыпах раўнапраўя, дэмакратыі і ўзаемнай павагі. Асн. мэты і прынцыпы алімпійскага руху выкладзены ў Алімпійскай хартыі. Арганізац. аснова алімпійскага руху — Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК), Нацыянальныя алімпійскія камітэты (НАК) і іх кантынентальныя аб’яднанні (Асацыяцыя нац. алімпійскіх к-таў, Алімпійскі Савет Азіі, Асацыяцыя еўрап.нац. алімпійскіх к-таў і інш.), арганізац. к-ты Алімпійскіх гульняў, міжнар. і нац. федэрацыі па алімпійскіх відах спорту. Важную ролю ў развіцці алімпійскага руху адыгрываюць алімпійскія кангрэсы, сесіі МАК, дзейнасць яго спецыялізаваных камісій і інстытутаў, а таксама розных міжнар.спарт. арг-цый (Трыбунал спарт. арбітражу, Вярх. Саветміжнар.спарт. арбітражу, Міжнар. алімпійская асацыяцыя даследаванняў у спарт. медыцыне і інш.). Алімпійскі рух мае свае традыцыі, рытуалы, алімпійскую сімволіку.
Гісторыя сучаснага алімпійскага руху пачынаецца з канца 19 ст. Па ініцыятыве франц. педагога, гісторыка і грамадскага дзеяча П. дэ Кубертэна ў 1894 у Парыжы адбыўся I Міжнар.спарт. (алімпійскі) кангрэс, які прыняў рашэнне аднавіць на сучаснай аснове Алімпійскія гульні. Праграмныя і арганізац. асновы алімпійскага руху, распрацаваныя Кубертэнам і яго паплечнікамі, удасканальваліся на працягу наступных дзесяцігоддзяў.
Розныя праграмы МАК па каардынацыі дзейнасці нац. алімпійскіх к-таў прадугледжваюць дапамогу ім у развіцці алімпійскага руху ў сваіх краінах (асн. з іх — праграма «Алімпійская салідарнасць»). Дзейнічаюць Міжнар. алімпійская акадэмія (засн. ў 1961 у Алімпіі, рыхтуе спецыялістаў вышэйшага класа ў розных галінах спорту), Алімпійскі музей (засн. ў 1993 у Лазане, Швейцарыя), Міжнар. алімпійская федэрацыя філатэлістаў (з 1982). Існуе сістэма алімпійскіх узнагарод — медалі для пераможцаў і прызёраў гульняў, Алімпійскі кубак і Алімпійскі ордэн (прысуджаюцца за асаблівыя заслугі ў развіцці алімпійскага руху) і інш. У сістэме алімпійскага руху вылучаюцца рэгіянальныя спарт. спаборніцтвы пад патранажам МАК (Азіяцкія, Афрыканскія, Панамерыканскія і інш. гульні), спаборніцтвы, што наладжваюцца пасля Алімпійскіх гульняў у алімпійскім горадзе для спартсменаў-інвалідаў (гл.Параалімпійскія гульні). На Беларусі алімпійскім рухам кіруе Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі.
Літ.:
Le mouvement olympique = The olympie movement. Lausanne, 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАМО́ВІЧ (Алесь) (Аляксандр Міхайлавіч; 3.9.1927, в. Канюхі Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 26.1.1994),
бел. пісьменнік, крытык, літ.-знавец, грамадскі дзеяч. Чл.-кар.АН Беларусі (1980), д-рфілал.н. (1962), праф. (1971). У Вял.Айч. вайну партызан. Скончыў БДУ (1950), у 1962—64 слухач Вышэйшых сцэнарных курсаў (Масква). З 1954 працаваў у Ін-це л-ры АН Беларусі, з 1987 дырэктар НДІ кінамастацтва (Масква). Літ.дзейнасць пачаў у 1953 як крытык. Найб. значныя літ.-знаўчыя манаграфіі «Беларускі раман» (1961), «Маштабнасць прозы» (1972), «Здалёк і зблізку» (1976), «Браму скарбаў сваіх адчыняю...» (1980), «Вайна і вёска ў сучаснай літаратуры» (1982), «Нічога важней» (1985). Як крытык змагаўся супраць дагматычных уяўленняў пра л-ру, дбаў пра эстэт. аналіз, спалучаў яго са сцвярджэннем гуманіст. каштоўнасцяў. Адраджаў і развіваў знішчаныя ў перыяд сталінізму метадалагічныя прынцыпы праўдзівасці і гістарызму. З 1959 выступаў як празаік. Пісаў на бел. і рус. мовах. У дылогіі «Партызаны» (раманы «Вайна пад стрэхамі», 1960, «Сыны ідуць у бой», 1963) раскрыў вытокі нар. супраціўлення акупантам у Вял.Айч. вайну (аднайм. кінадылогія на кінастудыі «Беларусьфільм», 1970, сцэнарый Адамовіча ў сааўт.). Змаганне з таталітарызмам у абліччы фашызму і камунізму складае асн. пафас «Хатынскай аповесці» (1972, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1976), рамана «Карнікі» (1980), аповесцяў «Венера» і «Нямко» (абедзве 1993). Па матывах «Хатынскай аповесці» кінафільм «Ідзі і глядзі» (сцэнарый Адамовіча і Э. Клімава, залаты медаль на Маскоўскім міжнар. кінафестывалі, 1985). У дакумент. кнізе «Я з вогненнай вёскі...» (1975, з Я.Брылём і У.Калеснікам) расказана пра трагедыю бел. Хатыняў. У апошнія гады жыцця выявіў сябе як паліт. дзеяч, змагаўся з пагрозай ядзернай вайны. Публіцыстыка Адамовіча ў кн. «Выберы — жыццё» (1986), «Дадумваць да канца» (1988), «Мы — шасцідзесятнікі» (1991), «Апакаліпсіс па графіку» (1992).
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—4. Мн., 1981—83.
Літ.:
Мележ І. Пра «Хатынскую аповесць» // Зб.тв.Мн., 1983. Т. 8;
Брыль Я. Алесь Адамовіч // Зб.тв.Мн., 1981. Т. 4;
Быкаў В. [Алесь Адамовіч] // Быкаў В. На крыжах. Мн., 1992;
Каваленка В. Святло вялікіх мэт // Полымя. 1977. № 9;
Дедков И. Во имя справедливости // Адамович А. Каратели. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЖЭ́ШКА (Orzeszkowa; дзявочае Паўлоўская) Эліза
(6.6.1841, б. маёнтак Мількаўшчына, Гродзенскі р-н — 18.5.1910),
польская пісьменніца. У фарміраванні яе светапогляду выключную ролю адыгралі паўстанне 1863—64 і сялянскі рух 1860—80-х г. на Беларусі. Была звязана з дзеячамі славянскай культуры: Ф.Багушэвічам, І.Франко, М.Салтыковым-Шчадрыным і інш.Літ.дзейнасць пачала ў 1866 (апавяд. «Малюнак з галодных гадоў»). Творчасць 1870-х г. зведала ўплыў ідэй «варшаўскага» пазітывізму, асветнай працы з народам. Выступала за раўнапраўе жанчын (аповесці «Апошняе каханне», 1868, «Пан Граба», 1869—70, «Марта», 1873), з крытыкай шляхецкай арыстакратыі і саслоўных прымхаў (раман «Пампалінскія», 1876), з гуманіст. пазіцый адстойвала інтарэсы працоўных (зб.апавяд. «З розных сфер», т. 1—3, 1879—82). У рамане «Над Нёманам» (1887) адлюстравала вострыя праблемы тагачаснай польскай рэчаіснасці. У аповесцях «Нізіны» (1884), «Дзюрдзі» (1885), «Хам» (1888), апавяданнях «Рэха», «Тадэвуш», «У зімовы вечар» і інш. паказала жыццё паслярэформеннай бел. вёскі. Пра фальклор і духоўнае багацце беларусаў нарысы «Людзі і кветкі на берагах Нёмана» (1888—91). У 1890-я г. ў яе творах вастрыня сац. праблематыкі саступае месца псіхал. заглыбленасці («Два полюсы», 1893, зб.апавяд. «Меланхолікі», 1896). Апошні зб. навел «Gloria victis» («Слава пераможаным!», 1910) прысвечаны героям паўстання 1863—64. Інсцэніраваныя творы Ажэшкі ставіліся Першай бел. трупай І.Буйніцкага («Хам», «У зімовы вечар», 1910—12), Бел.муз.-драм. гуртком у Вільні («Хам», 1913), Першым т-вам бел. драмы і камедыі («Хам», «У зімовы вечар», 1917), трупай У.Галубка («Рысь», 1923), Бел.дзярж. т-рам («У зімовы вечар», «Хам», 1920—21) і інш.; паводле аповесці «Хам» паст. аднайменны шматсерыйны тэлефільм (1990, рэж. Дз.Зайцаў; кінаварыянт пад назвай «Франка»). На бел. мову перакладзены творы А. «Гэдалі» (1907), «У зімовы вечар» (1927). Асобным выданнем выйшла яе кн. «Выбранае» (1975, пер. Я.Брыля і Я.Бяганскай). У Гродне ў 1929 пастаўлены помнік Ажэшцы, яе імем названа адна з гал. вуліц.
Тв.:
Рус.пер. — Соч.Т. 1—5. М., 1953—54.
Літ.:
Гапава В.І. Эліза Ажэшка: Жыццё і творчасць. Мн., 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІЯ РЭЛІГІ́ЙНЫЯ АРГАНІЗА́ЦЫІ ЗА МЯЖО́Й,
рэлігійна-грамадскія аб’яднанні вернікаў-беларусаў у краінах Еўропы і Амерыкі. Узніклі ў канцы 1940 — пач. 1950-х г.Беларускае праваслаўнае аб’яднанне існавала з 5.5.1946 да канца 1940-х г. Створана ў г. Рэгенсбург (Германія) на з’ездзе правасл. беларусаў. Кіраўніцтва: М.Лапіцкі, І.Касяк, Т.Шыбут, М.Сяднёў, Н.Арсеннева, з вер. 1947 архіепіскап Філафей, ініцыятар далучэння замежнай Бел.правасл. царквы да Рускай замежнай царквы. Выдавала час. «Звіняць званы Сьвятой Сафіі» (1946—47). Аб’яднанне праваслаўных беларусаў у ЗША. Засн. ў крас. 1950. Ініцыіравала з’езд правасл. беларусаў у Саўт-Рыверы 25.11.1950, на якім створаны Бел. грэка-правасл.царк.к-т у Амерыцы. Жыровіцкае праваслаўнае брацтва. Засн. ў 1948 у Германіі, выдавала час. «Сіла веры» (1948—65). Беларуска-амерыканскае каталіцкае таварыства. Засн. ў маі 1950 у Нью-Йорку. Кіраўнікі С.Грынкевіч, В.Пануцэвіч, А.Попка, Б.Даніловіч. Спрабавала стварыць у Нью-Йорку бел. каталіцкую парафію. Беларускае акадэмічнае каталіцкае аб’яднанне «Рунь» імя св. Аўгусціна. Створана ў кастр. 1949 у г. Лувен (Бельгія) на з’ездзе бел. каталіцкай інтэлігенцыі Вялікабрытаніі, Бельгіі, Германіі і Францыі. Пазней адкрыты аддзелы ў Італіі і ЗША. Удзельнічалі Ч.Сіповіч, Л.Гарошка, А.Адамовіч, М.Навумовіч, Ф.Бартуль, А.Надсон і інш. У 1950 увайшло ў міжнар. каталіцкую арг-цыю «Pax Romana», якая аб’ядноўвае нац. акадэмічныя і студэнцкія каталіцкія суполкі ўсяго свету. Дзейнасць аб’яднання па бел. эмігранцкім друку прасочваецца да канца 1960-х г.Беларускае евангельска-баптысцкае брацтва ў ЗША і Канадзе. Першы з’езд адбыўся ў 1973, друк. орган — бюлетэнь «Веснік Беларускага евангельска-баптысцкага брацтва» (выдаўцы Д.Ясько і У.Панцэвіч). Беларуская старакаталіцкая артадаксальная субажня. Існавала ў 1960-я г. ў Германіі, Бразіліі і Аргенціне, з 1960-х г. у ЗША і Канадзе. Кіраўнікі У.Рыжы-Рыскі, В.Матэйчык, Л.Галубовіч.
Літ.:
Вініцкі А. Матар’ялы да гісторыі беларускай эміграцыі ў Нямеччыне ў 1939—1951 гг. Лос Анжэлес;
Мн., 1994;
Кіпель В. Беларусы ў ЗША. Мн., 1993.
Л.У.Языковіч.
Да арт.Беларускія рэлігійныя арганізацыі за мяжой. Памятны Крыж Тысячагоддзя хрысціянства на Беларусі ў г. Мідленд (Канада).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІБЛІЯТЭ́КА ЦЭНТРА́ЛЬНАЯАкадэміі навук Літвы.
Засн. ў 1941 у Вільнюсе на базе збораў евангелічна-рэфарматарскага сінода, арганізаванага ў сярэдзіне 16 ст. (захавалася каля 18 тыс.экз.), Дзярж. публічнай б-кі Урублеўскіх (засн. ў 1925, каля 180 тыс.экз.), б-кі Т-ва сяброў навук, прыватных збораў. Налічвае каля 3600 тыс.экз. (1988), у т. л. 176,3 тыс.экз. рукапісаў, 80 тыс. рэдкіх кніг і старадрукаў, 12 тыс. картаў і атласаў. У аддзеле рукапісаў 6 унікальных калекцый пергаментаў, у т. л. кірылічныя граматы (1503—1614), 22 калекцыі, створаныя пераважна дзярж. і грамадскімі ўстановамі: калекцыя рукапісаў б. Віленскай публічнай б-кі; «Барусіка»; рукапісы і дакументы з Каўнаскага гар. архіва, дзярж. ун-та; калекцыя Віленскага мастацкага музея; судовыя акты (1476—1924); матэрыялы перапісаў насельніцтва Літвы (1934—44); дакументы пра ням. Акупацыі 1915—18, 1940—44. У зборы «Рускіх рукапісных кніг» (11—19 ст.) пераважаюць стараж.бел. рукапісы, вывезеныя ў 2-й пал. 19 ст. з Супрасля, Жыровіч і інш.бел. манастыроў і цэркваў. Сярод рарытэтаў — Тураўскае евангелле, Мсціжскае евангелле, Супрасльскі і Слуцкі паменнікі 16—17 ст., куцеінская Мінея 1669, і інш. Сярод рукапісаў Віленскай публічнай б-кі — апісанне межаў ВКЛ і Польшчы 1546, інвентар Друцкага замка 17 ст., кніга Лідскага гродскага суда 1630—31, акты па гісторыі Магілёва, фундушы, тастаменты, гісторыя берасцейскага базыльянскага манастыра да 1797, дыярыуш Сапегі 1730—31, «Кроника Витебская», зборнікі з арацыямі, актамі, гаспадарчымі і сеймавымі матэрыяламі, літ. творамі. Зберагаецца значная частка рукапісаў з Беларускага музея імя І.Луцкевіча. Захоўваюцца асн. матэрыялы пра дзейнасць рэфармац. аб’яднанняў на Беларусі і ў Літве з сярэдзіны 16 ст., каталіцкай царквы ВКЛ, асабістыя зборы бел., літ., рус., польск. вучоных і пісьменнікаў, у т. л. М.Балінскага, В.Біржышкі, У.Сыракомлі, І.Лапо і інш. Асобнымі калекцыямі зберагаюцца дакументы і матэрыялы Сапегаў, Тышкевічаў, Нарбутаў. У калекцыі кірылічных старадрукаў кн. «Лічбы» 1519 з пражскай «Бібліі» Ф.Скарыны, «Граматыка» М.Сматрыцкага (Еўе, 1619), выданні Мамонічаў, бел. брацтваў у Вільні і Еўі, Куцеінскай, Гродзенскай і Супрасльскай друкарняў 17—18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІБЛІЯТЭКАЗНА́ЎСТВА,
галіна навукі, якая распрацоўвае тэарэт. асновы грамадскага карыстання творамі друку. Асн. яго задачы: развіццё тэорыі бібліятэчнай справы, аналіз заканамернасцяў гэтага развіцця як сац. з’явы, стварэнне бібліятэк і аб’яднанне іх у адзіную сетку, камплектаванне і арганізацыя бібліятэчных фондаў, іх каталагізацыя і класіфікацыя, інфармацыйная і бібліягр.дзейнасць, абслугоўванне чытачоў. Раздзелы бібліятэказнаўства: агульнае бібліятэказнаўства даследуе агульныя прынцыпы і заканамернасці арганізацыі грамадскага выкарыстання кніжных багаццяў, метадалагічныя, агульнатэарэтычныя і інш. пытанні; бібліятэчныя каталогі і фонды вывучаюць тэорыю, гісторыю апрацоўкі твораў друку, тэорыю, гісторыю і методыку фарміравання і камплектавання фондаў, арганізацыі і кіравання; абслугоўванне чытачоў распрацоўвае тэорыю і методыку абслугоўвання чытачоў (вывучэнне попыту чытачоў, методыка прапаганды л-ры, арганізацыя работы на абанеменце, чытальнай зале і інш.); бібліятэчна-інфармацыйны маркетынг і менеджмент даследуе канцэпцыю паводзін стваральніка бібліятэчна-інфарм. твораў і паслуг ва ўмовах рыначнай эканомікі, распрацоўвае тэорыю і методыку арганізацыі, тэхналогіі і працы ў б-цы, эканоміку бібліятэчнай справы, структуру і прынцыпы арганізацыі адзінай сістэмы б-к і кіраванне бібліятэчнай справай; гісторыя бібліятэчнай справы вывучае заканамернасці ўзнікнення і развіцця б-к, бібліятэчных сістэм і сетак, эвалюцыю тэорыі і поглядаў грамадства на арганізацыю грамадскага карыстання кнігамі ў мінулым і на сучасным этапе; распрацоўваюць методыку выкарыстання вылічальнай, капіравальна-размнажальнай тэхнікі, аўдыёвізуальных і інш.тэхн. сродкаў у розных працэсах у б-цы. Метадалагічныя асновы і праблематыку бібліятэказнаўства на кожным гіст. этапе вызначаюць ідэалогія і сац.-эканам. ўмовы. На сучасным этапе развіцця ў цэнтры ўвагі бібліятэказнаўства праблемы: прырода, сутнасць, змест і сац. ўмовы фарміравання інтарэсаў чытачоў; месца і роля б-кі ў сістэме навук. і тэхн. інфармацыі; навук.-тэарэт. асновы адзінай сістэмы бібліятэчнага абслугоўвання і інш. Вядучыя цэнтры навук. даследаванняў у галіне бібліятэказнаўства на Беларусі — Бібліятэка нацыянальная Беларусі, кафедра бібліятэказнаўства Беларускага універсітэта культуры. Падрыхтоўка бібліятэчных кадраў вядзецца на ф-це бібліятэчна-інфарм. сістэм Бел. ун-та культуры. Пэўны ўклад у развіццё бібліятэказнаўства і бібліяграфіі на Беларусі зрабілі Ю.І.Бібіла, Н.Б.Ватацы, А.А.Сакольчык, І.Б.Сіманоўскі і інш.
Літ.:
Шира Д.Х. Введение в библиотековедение: Пер. с англ.М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́РЖА (ням. Börse ад грэч. byrsa кашалёк),
форма рэгулярна дзеючага аптовага рынку заменных тавараў, каштоўных папер і замежнай валюты. Адпаведна бываюць таварныя біржы, фондавыя біржы і валютныя біржы. Сама біржа не выступае ў якасці аднаго з бакоў у гандл. аперацыях, а толькі забяспечвае найб. спрыяльныя ўмовы для гэтых аперацый: устанаўлівае для ўсіх удзельнікаў агульныя прынцыпы заключэння здзелак, распрацоўвае адзіныя правілы і нормы для заключэння здзелак, распрацоўвае адзіныя правілы і нормы для заключэння кантрактаў і прадастаўляе месца для іх заключэння ў пэўны час. Членамі біржы могуць быць толькі пэўныя асобы, у т. л. давераныя прадстаўнікі кампаній. Кіруе біржай савет дырэктараў, якому падначалены розныя камітэты (фін., арбітражны і інш.). Пасрэднікам паміж пакупнікамі і прадаўцамі выступаюць брокеры — пэўныя асобы ці фірмы (брокерскія канторы). Біржавыя органы ажыццяўляюць біржавую каціроўку — рэгіструюць курс валют і каштоўных папер, цэнаў на тавары, што стыхійна склаліся на біржы. Кожная біржа вядзе ўлік і сістэматызацыю такіх каціровак і публікуе іх у спец. бюлетэнях. Біржавая каціроўка — адзін з паказчыкаў біржавай кан’юнктуры, індыкатар дзелавой актыўнасці ў розных сектарах эканомікі.
Зачаткі таварнай і вэксальнай (валютнай) біржы з’явіліся ў 15—16 ст. у гарадах Італіі (Венецыя, Генуя, Фларэнцыя). Важнымі этапамі ў развіцці біржавага гандлю стала заснаванне Антверпенскай (1531) і Амстэрдамскай (1608) біржаў. У Расіі першая біржа засн. ў 1705 у Санкт-Пецярбургу. Росквіт біржавай дзейнасці прыпадае на 2-ю пал. 19 ст. і звязаны з развіццём капіталіст. вытв-сці, транспарту, сувязі, гандлю і акц. т-ваў. На сучасным этапе пераважная частка біржавага абароту сканцэнтравана ў вядучых гандл. і фін. цэнтрах ЗША, Вялікабрытаніі і Японіі (больш за 90% аб’ёму біржавых здзелак з таварамі ў вартасным выражэнні, з іх больш за 80% прыпадае на ЗША, дзе знаходзіцца гіганцкая фондавая біржа ў Нью-Йорку).
На Беларусі ў пач. 20 ст. існавалі 2 біржы, якія спынілі дзейнасць у 1-ю сусв. вайну. У 1920-я г. біржавы гандаль аднавіўся, але ў 1927 ліквідаваны. Аднаўленне біржы як адной з найважнейшых структур рыначнай эканомікі пачалося ў 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІЯ КАРАЛЕ́ЎСКІЯ МАНУФАКТУ́РЫ,
прамысловыя прадпрыемствы, заснаваныя ў 2-й пал. 18 ст. ў Гродзенскай эканоміі і Берасцейскай эканоміі па ініцыятыве гродзенскага старосты А.Тызенгаўза. Налічвалася 21 прадпрыемства, у т. л. 8 у Гродне — па вырабе метал. прадметаў, ігральных картаў (абодва з 1760), пацерак, карункаў; збройнае, гарматнае, камлотнае і паркаленабіўное; 8 на Гарадніцы (цяпер у межах Гродна) — залататкацкае (1779—83, 30 работнікаў), карэтнае (1770—83, 50 работнікаў), гарбарня (1777—1860, 50 работнікаў), па вырабе палатна (1770—1845, 30 работнікаў), фарбавальнае (1770—94), па вытворчасці сукна (1770—94, 150 работнікаў), панчох (1768—83, 50 работнікаў) і шаўкаткацкае (1770—1888, 150 работнікаў). Суконна-капялюшная мануфактура знаходзілася ў Азёрах (да 1845), тонка-суконная (1766—1860, 30 работнікаў) — у Ласосне (3 км ад Гродна, пры ўпадзенні р.Ласосна ў Нёман), астатнія — у Брэсцкай эканоміі. У 1766 заснавана «Кампанія шарсцяных мануфактур», якая адкрыла суконныя мануфактуры ў Гарадніцы, Ласосне, Брэсце. Буйнейшая ў Гарадніцы мануфактура мела прадзільнае, ткацкае, валяльнае, стрыгальнае, варсавальнае і фарбавальнае аддзяленні, прадзільні з ням. і галандскімі верацёнамі, 40 ткацкіх станкоў і інш. абсталяванне. У 2-й пал. 18 ст. Гродна стала буйным цэнтрам маст. ткацтва ў Беларусі (ткалі дываны, шаўковыя, «літыя» паясы). На карэтнай мануфактуры выраблялі дарагія экіпажы і збрую; на залататкацкай — тонкія залатыя і сярэбраныя ніткі, ордэны, галуны, ювелірныя вырабы; на мануфактуры метал. вырабаў — жалезныя і медныя цвікі, замкі, рыдлёўкі, дзвярныя завесы, напільнікі, іголкі, шпількі інш.; на панчошнай — шарсцяныя і шаўковыя шкарпэткі і інш. Усяго на мануфактурах працавала каля 1500 чал. і столькі ж было падручных рабочых і надомных прадзільшчыц. Рабочых пераважна набіралі прымусова з сем’яў прыпісных дзярж. сялян, існавала практыка вольнага найму. Кіравалі мануфактурамі кваліфікаваныя майстры, часцей наёмныя з Францыі, Швейцарыі, Германіі, Расіі і інш. (каля 70 чал.). У 1780—90-я г. большасць прадпрыемстваў закрылася (прадукцыя не мела збыту, 1790 дэфіцыт мануфактур склаў 190 тыс. злотых). Пасля далучэння зах. часткі Беларусі да Рас. імперыі дзейнасць некат. мануфактур адноўлена з выкарыстаннем наёмнай працы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРУ́Н (Алесь) (сапр.Прушынскі Аляксандр Уладзіміравіч; 11.3.1887, б. фальварак Новы Двор Мінскага р-на — 28.7.1920),
бел. пісьменнік, дзеяч нац.-вызв. руху. Скончыў мінскія гар. (1897) і рамеснае (1902) вучылішчы. Працаваў у Мінску сталяром. З 1904 чл. партыі эсэраў-максімалістаў. За антыўрадавую дзейнасць у 1907 арыштаваны і ў 1908 сасланы ў Кірэнскі пав. Іркуцкай губ. З 1912 з Я.Лёсікам у Мельнічным выселку каля Кірэнска. Пасля працаваў на Лене і Віціме, на залатых капальнях у Бадайбо. У Мінск вярнуўся ў вер. 1917 хворы на сухоты. Удзельнічаў у дзейнасці бел. арг-цый. Віцэ-старшыня Усебеларускага з’езда 1917, удзельнічаў у стварэнні БНР, рэдагаваў газ.«Беларускі шлях», у 1919—20 узначальваў Бел.нац.к-т, быў чл.Бел. вайсковай камісіі. У 1920 хвароба абвастрылася. Па дарозе на курорт Закапанэ памёр у Кракаве.
Раннія творы не зберагліся. 1905 датуецца паэма «Мае коляды» (Вільня, 1920, пад псеўд. А.Сумны) — гісторыя абуджэння нац. свядомасці ў вясковага хлопчыка. З 1907 друкаваўся ў газ. «Наша ніва». Пісаў пераважна лірычныя вершы, якія вызначаюцца меладычнасцю, багаццем рытміка-інтанацыйнага ладу, спалучэннем філас. заглыбленасці з публіцыстычнасцю і тонкім лірызмам, творчым засваеннем фалькл. традыцый. Паводле матываў і тэматыкі яго паэзія блізкая да паэзіі Я.Купалы і Я.Коласа. У ёй выказана такое ж неадольнае жаданне лепшай долі для народа, непрымірымасць да несправядлівасці, гатоўнасць ахвяраваць сабой дзеля шчасця людзей і Бацькаўшчыны. Аўтар зб. паэзіі «Матчын дар» (1918, 2-е выд. 1929, факсімільнае выд. 1988). Адметнасць прозы Гаруна — яе ідэйна-тэматычнае багацце. Пісаў пра нац. бяспраўе беларуса («Пан Шабуневіч»), пра тое, як астрог калечыць лёс чалавека, разбурае яго псіхалогію («Чалавек без крыві», «Маладое»). Сцэны з жыцця бел. пасяленца ў Сібіры паказаў у апавяданні «Свята». Празаічны трыпціх «П’ера і Каламбіна» аб’ядноўвае тэма кахання, маст. роздум аб загадкавай сіле гэтага пачуцця. Празаічныя творы падпісваў псеўд. І.Жывіца. У зб. «Жывыя казкі» (1920) увайшлі п’есы для дзіцячага тэатра, прасякнутыя жыццесцвярджальным аптымізмам, непрымірымасцю да фальшу і несправядлівасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫЯ ПРЭ́МІІ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
дзяржаўныя ўзнагароды за творчыя дасягненні ў галіне навукі і тэхнікі, літаратуры, мастацтва і архітэктуры. Устаноўлены ЦККПБ і СМБССР па л-ры, музыцы і мастацтве ў 1965, па журналістыцы ў 1967, па архітэктуры ў 1968, л-ры і мастацтве для дзяцей і юнацтва, у галіне навукі і тэхнікі ў 1971. Да 1992 называліся Дзярж. прэміі БССР, з 1992 — Дзярж. прэміі Рэспублікі Беларусь. Зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 6.5.1996. Прысуджаюцца раз у 2 гады кожны цотны год. Асобам, якія атрымалі Дзярж. прэмію, прысвойваецца званне «Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь», уручаецца дыплом, ганаровы знак лаўрэата, грашовая прэмія. У галіне навукі і тэхнікі прысуджаецца за выдатныя навук. дасягненні, якія адпавядаюць сусв. ўзроўню і садзейнічаюць развіццю гуманіт., прыродазнаўчых і тэхн.навук. Прысуджаецца 12 Дзярж. прэмій, у т. л. ў галіне гуманіт. і сац. навук — 2, прыродазнаўчых навук — 5, тэхнікі — 3 і за падручнікі — 2. У галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры прысуджаюцца за таленавітыя, глыбокія па змесце і адметныя па форме творы л-ры, выяўл. мастацтва, архітэктуры, тэатр. пастаноўкі, кінафільмы, муз. творы, выканаўчае майстэрства, якія робяць значны ўклад у бел.нац. культуру, развіваюць маст. традыцыі і садзейнічаюць устанаўленню агульначалавечых каштоўнасцей і ідэй гуманізму, а таксама за маштабныя публікацыі ў галіне журналістыкі, даследчыя работы ў галіне літ.-знаўства і мастацтвазнаўства, тэорыі і гісторыі мастацтва. За творы паэзіі і драматургіі прысуджаецца 1 прэмія імя Я.Купалы, за творы прозы, працы ў галіне літ.-знаўства і крытыкі — 1 прэмія імя Я.Коласа, за творы л-ры і мастацтва для дзяцей і юнацтва — 1 прэмія, за працы ў маст. публіцыстыцы — 1 прэмія імя К.Каліноўскага, у галіне журналістыкі — 1 прэмія, за муз. творы і канцэртна-выканаўчую дзейнасць — 2 прэміі, за работы рэжысёраў, дырыжораў, балетмайстраў, хормайстраў, артыстаў, кампазітараў і інш. у пастаноўках тэатраў, кінастудый, на тэлебачанні і радыё — 2 прэміі, за творы жывапісу, скульптуры і інш.выяўл. мастацтва — 2 прэміі, у галіне архітэктуры — 1 прэмія, за даследаванні па тэорыі і гісторыі мастацтва і архітэктуры, а таксама падручнікі для спец.навуч. устаноў па архітэктуры і мастацтвазнаўстве — 1 прэмія.