БА́ЗУА (Basua),

пячора ў Лігурыі (вобласць у Паўн. Італіі), дзе знойдзены сляды дзейнасці паляўнічых эпохі мусцье. У 1950 адкрыта паўн. галерэя пячоры даўж. 400 м, якая завяршалася залай. Дзякуючы яе выключнай захаванасці (уваход перагароджвала сталагмітавая пробка) выяўлены 25 адбіткаў ног неандэртальцаў, фігурны сталагміт, які завяршаўся галавой забітага пячорнага мядзведзя і служыў мішэнню для сімвалічнага рытуальнага палявання — кідання злепленых з гліны «шароў».

т. 2, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́РА (Brera),

Пінакатэка Брэра, карцінная галерэя ў Мілане, адна з буйнейшых у Італіі. Засн. ў 1809. Уключае зборы твораў італьян. жывапісу 14-—19 ст., у т. л. карціны А.​Ларэнцэці, А.​Мантэньі, П’ера дэла Франчэскі, Джэнтыле і Джавані Беліні, Рафаэля, Я.​Тынтарэта, М.​Караваджа, майстроў школы Леанарда да Вінчы, галерэю ламбардскіх фрэсак 15—16 ст., а таксама калекцыю еўрап. жывапісу 15—17 ст.

т. 3, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ДА (Adda),

рака на Пн Італіі, левы прыток р. По. Даўж. 313 км, пл. бас. 8 тыс. км². Пачынаецца ў Альпах з воз. Канкана.

У вярхоўі цячэ па даліне Вальтэліна, цераз воз. Кома, перасякае перадгор’і Ламбардскіх Перадальпаў, у ніжнім цячэнні — па Паданскай раўніне. Паводкі вясной, летам і восенню. Сярэдні расход вады каля 250 м³/с. ГЭС. Злучана каналам з г. Мілан.

т. 1, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РНСАН, Берэнсан (Berenson) Бернард (26.6.1865, Вільня — 17.10.1959), амерыканскі гісторык мастацтва. Скончыў Гарвардскі ун-т (1887). Чл. Амер. акадэміі мастацтваў і л-ры, шэрагу еўрап. акадэмій. З 1900 жыў у Італіі. Правёў вял. работу па атрыбуцыі карцін і малюнкаў італьян. мастакоў, вызначыў стылістычныя асаблівасці розных школ італьян. Адраджэння і творчасці многіх мастакоў. Асн. работа — «Жывапісцы італьянскага Адраджэння» (1952; рус. пер. 1965).

т. 3, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЫБАЛЬДЗІ́ЙСКІЯ БРЫГА́ДЫ,

італьянскія партыз. атрады руху Супраціўлення ў 1943—45 у 2-ю сусв. вайну. Названы ў гонар Дж.Гарыбальдзі. Пачалі стварацца ў ліст. 1943; па стане на крас. 1945 дзейнічала 575 атрадаў. Значную ч. іх байцоў складалі камуністы. Галоўнакамандуючы — Л.​Лонга. Летам і восенню 1944 Гарыбальдзійскія брыгады (каля палавіны партыз. узбр. сіл) узначальвалі наступленне партыз. арміі ў Цэнтр. і Паўн. Італіі.

т. 5, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІТАЛЬЯ́НСКІЯ ГУ́СІ,

парода гусей. Выведзена ў Італіі скрыжаваннем мясц. гусей з кітайскімі. Пашыраны ўсюды. Выкарыстоўваюцца ў скрыжаваннях для атрымання мясных гусянят, а таксама для вытв-сці гусінай печані.

Апярэнне белае, дзюба і ногі аранжавыя. Галава і шыя сярэдніх памераў, грудзі шырокія і глыбокія. Маса дарослых гусакоў 6,5, гусак 5,5 кг. Яйцаноскасць да 80 яец за год.

М.​Ц.​Гарачка.

Італьянскія гусі.

т. 7, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́МА (Como),

возера на Пн Італіі, каля падножжа Альпаў, на выш. 198 м. Пл. 146 км², даўж. 50 км (у сярэдняй ч. падзяляецца на 2 басейны), шыр. 4,5 км, глыб. да 410 м. Катлавіна тэктоніка-ледавіковага паходжання. Берагі высокія, скалістыя. Праз К. працякае р. Ада, прыток р. По; на Пн ўпадае р. Мера. Рыбалоўства, суднаходства. Кліматычныя курорты: Кома, Лека, Беладжа і інш.

т. 8, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАГО́ЦА (Lagozza),

неалітычнае паселішча на воз. Лагоца ў Беснаце каля Мілана ў паўн. Італіі. З’яўляецца эпанімным помнікам культуры заходняга неаліту (2850—1600 да н.э.). Характэрны цёмныя паліраваныя кругладонныя пасудзіны і місы. Арнамент сустракаецца рэдка і складаецца з радыяльных ліній у прыдоннай частцы, а таксама прадрапаных заштрыхаваных трохвугольнікаў. Пасудзіны мелі некалькі ручак з адтулінамі для падвешвання. Сустракаюцца крамянёвыя мікраліты, прасліцы і грузікі.

т. 9, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕРА́НА (Merano),

кліматабальнеалагічны курорт у Італіі, на ПнЗ ад г. Бальцана. Вядомы з 19 ст. Клімат вельмі мяккі зімой, сухі субтрапічны летам. Шмат крыніц мінер. вод, у т. л. радонавых. Лечаць хваробы органаў дыхання, апорна-рухальнай і перыферычнай нерв. сістэм, скуры, мочапалавой сістэмы. Бальнеа-фізіялячэбніцы, пансіянаты, атэлі. Буйны цэнтр турызму. Месца правядзення міжнар. кінафестываляў, шахматных турніраў. Шмат арх. помнікаў.

Я.​В.​Малашэвіч.

т. 10, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПІ́КАЛА-ТЭА́ТРА»

(Piccolo teatro),

італьянскі драм. тэатр; першы ў Італіі стацыянарны тэатр. Засн. ў 1947 у Мілане. Адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў Дж.Стрэлер. Дзейнасць вызначаецца праграмным дэмакратызмам у спалучэнні з псіхалагічнай вытанчанасцю, высокай рэжысёрскай і акцёрскай культурай, працягам сцэнічных традыцый Б.​Брэхта. У рэпертуары п’есы М.​Горкага, А.​Чэхава, Брэхта, Мальера, У.​Шэкспіра, К.​Гальдоні, Л.​Пірандэла, Э.​Дэ Філіпа, П.​Марыво.

т. 12, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)