ЛЕСКО́ ((Lescot) П’ер) (паміж 1500 і 1515, Парыж ? — 10.9.1578),
французскі архітэктар эпохі Адраджэння. Працаваў у Парыжы (пераважна са скульпт. Ж.Гужонам). Творы Л. адметныя багаццем ордэрных чляненняў, вытанчанага скульпт. дэкору, тонкасцю прафілёўкі дэталей: драўляны амбон царквы Сен-Жэрмен л’Аксеруа (каля 1542—44), праект перабудовы Луўра (часткова ажыццяўляўся з 1546), атэль Ліньеры (цяпер Музей Карнавале; пачаты ў 1544, скончаны ў 1661 Ф.Мансарам) у Парыжы, замак Валеры каля Санса (з Ф.Дэлормам, 1549).
т. 9, с. 218
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛУ́СКІ СКАРБ.
Знойдзены ў г.п.Глуск у 1960 у збане з чырв. медзі. Ухаваны ў канцы 1750-х г. Вядома 760 сярэбраных і білонных манет 1587—1733 Рэчы Паспалітай, 1640—1786 Прусіі, 1611—54 Шведскай Прыбалтыкі. Асаблівую цікавасць маюць літ. шастак, выпушчаны ў 1706 Гродзенскім манетным дваром, і польскі шастак 1678(?) з кантрамаркай у выглядзе вензеля аднаго з князёў Патоцкіх. Часткова скарб захоўваецца ў Магілёўскім абл. краязнаўчым і Бабруйскім краязнаўчым музеях.
т. 5, с. 303
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГАНЯ́НСКАЕ БАЛО́ТА,
нізіннага тыпу, у Брагінскім, часткова ў Хойніцкім р-нах Гомельскай вобл., у вадазборы р. Брагінка, на З — р. Прыпяць. Пл. 28,7 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 8,4 тыс. га. Сярэдняя глыбіня торфу 1,5 м, ступень распаду 33%, попельнасць 15%. Запасы торфу каля 21 млн. т. У Брагінскім р-не часткі балота наз. Паломы, Гала і інш. Балота амаль цалкам асушана. На асушаных землях сеюць збожжавыя і травы.
т. 11, с. 476
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́НЦЫР, у біялогіі (лац. lorica),
у некаторых груп жывёл — цвёрдае ахоўнае ўтварэнне, якое поўнасцю або часткова ўкрывае цела. У беспазваночных узнікае з патоўшчанага хіцінавага покрыва або з вапнавых пласцінак (напр., у некат. ігласкурых, насякомых, ракападобных і інш.). Сярод пазваночных П. маюць прадстаўнікі ўсіх класаў, акрамя птушак (найб. развіты ў кракадзілаў, чарапах, браняносцаў, пангалінаў). Асаблівае развіццё адзначана ў выкапнёвых бяссківічных. У раслін П. — трывалае вонкавае покрыва некат. аднаклетачных водарасцей.
т. 12, с. 54
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЮНКУ́М, Мойынкум,
пясчаная пустыня ў Сярэдняй Азіі, на Пд Казахстана, паміж хрыбтамі Каратау і Кыргызскім на Пд і нізоўямі р. Чу на Пн. Пл. 40 тыс. км². Выш. ад 300 м на Пн да 700 м на ПдУ. Утворана ў выніку перавеву марскіх мелавых і рачных адкладаў р. Чу. Пераважаюць паўзарослыя градавыя і ўзгоркаватыя пяскі, часткова барханы. На схілах — белы саксаул, астрагалы; у паніжэннях — джузгун, палын. Зімовыя пашы.
т. 11, с. 48
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАЦІ́ЧНАЕ ВО́ЗЕРА.
У Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Свольна, за 24 км на ПнЗ ад г.п. Расоны. Пл. 0,23 км², даўж. 630 м, найб. шыр. 550 м, даўж. берагавой лініі 2,1 км. Пл. вадазбору 2,7 км². Схілы катлавіны невыразныя, нізкія, пад забалочаным лесам. Берагі нізкія, часткова забалочаныя. Уздоўж зах. берага цягнецца озавая града выш. 10—15 м. Выцякае р. Нячэрская, злучае яго з воз. Тутча.
т. 12, с. 419
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУШЫ́ЦАВАЕ БАЛО́ТА, Какорыцкія балоты, Спораўскае балота,
нізіннага тыпу ў Іванаўскім (большая ч.) і Драгічынскім р-нах Брэсцкай вобл., на ПдУ ад Спораўскага возера ў вадазборы р. Ясельда. Пл. 12 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 10,8 тыс. га. Глыб. торфу да 3,2 м, сярэдняя 1 м. Запасы торфу каля 19,8 млн. т. У Драгічынскім р-не вядзецца здабыча торфу на ўгнаенне. Выпрацаваныя пл. рэкультываваны. Часткова асушана, выкарыстоўваецца пераважна пад сенажаць.
т. 13, с. 141
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРДЭ́НЫ (Ardennes),
узвышша, зах. працяг Рэйнскіх Сланцавых гор на Пд Бельгіі, часткова ў Францыі і Люксембургу. Працягласць 160 км. Выш. каля 400 м, найб. — 694 м (г. Батрандж). Платопадобная паверхня, расчлянёная на асобныя масівы глыбокімі далінамі рэк сістэмы Мааса. Складзены з крышт. і гліністых сланцаў, пясчанікаў і вапнякоў, скамечаных у складкі ў герцынскі арагенез. Радовішчы каменнага вугалю, жал. руды, мінер. крыніцы. Клімат умераны марскі. Шмат тарфяных балотаў. Букавыя і дубова-бярозавыя лясы, пасадкі елкі.
т. 1, с. 477
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСЯРО́ДАК,
намнажэнне алювіяльных наносаў у рэчышчы ракі ў выглядзе невысокіх затопленых або часткова аголеных астравоў. Звычайна без расліннасці. Форма асяродку падоўжаная, выцягнутая па цячэнні, пл. да некалькіх дзесяткаў, радзей соцень квадратных метраў. Падзяляюць рэчышча на рукавы, паступова рухаюцца ўніз па цячэнні ракі (ніжняя ч. намываецца, верхняя размываецца). Замацаванне асяродку расліннасцю прыводзіць да ператварэння яго ва ўстойлівы востраў. Трапляюцца пераважна на рэках паўд. ч. Беларусі (на Прыпяці, Дняпры, Сажы, Іпуці і інш.). Месца гнездавання птушак.
т. 2, с. 64
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАН АНЬШЫ́, Ван Цзэфу (1021—86),
дзяржаўны дзеяч Кітая, вучоны, пісьменнік. У 1069 саветнік пры двары, у 1070—74 і 1075—76 — 1-ы міністр. Увёў новы кадастр з мэтай упарадкавання падатковай сістэмы, дзярж. крэдытавання сялян пад ураджай, рэкруцкі набор, спрабаваў рэгуляваць рыначныя цэны. Рэформы адпавядалі інтарэсам дробных і сярэдніх памешчыкаў, часткова сялян. У выніку супрацьстаяння буйных феадалаў большая ч. рэформаў Ван Аньшы ў 1085 была скасавана. Аўтар прац па тэалогіі, гісторыі кіт. літаратуры.
т. 3, с. 500
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)