спалучэнне філасофскіх, эканам. і сац.-паліт. поглядаў К.Маркса і Ф.Энгельса з тэарэтыка-філас. сістэмай, распрацаванай У.І.Леніным. Тэрмін «М.-л.» уведзены ў навук. ўжытак І.В.Сталіным у пач. 1920-х г. для абазначэння новага этапу развіцця марксізму, звязанага з творчасцю і дзейнасцю Леніна. Сам Ленін ніколі не прэтэндаваў на стварэнне асобнай цэласнай навук. сістэмы і разглядаў сябе толькі вучнем Маркса і Энгельса, а свой уклад у тэорыю — як частку марксісцкага вучэння. Таму ў афіц. дакументах КПСС, міжнар.камуніст. і рабочага руху ленінізм разглядаўся як асобны этап у развіцці марксізму, як марксізм эпохі імперыялізму і пралетарскіх рэвалюцый, эпохі пераходу чалавецтва ад капіталізму да сацыялізму і будаўніцтва камуніст. грамадства. У ленінізме, на аснове абагульнення вопыту і актуальных праблем рэв. руху, дасягненняў прыродазнаўчых навук на мяжы 19 і 20 ст. атрымалі далейшае развіццё матэрыяліст. дыялектыка і тэорыя пазнання, марксісцкае вучэнне аб дзяржаве і рэвалюцыі, сацыяліст. дэмакратыі і класавай барацьбе. Акрамя філас. пытанняў Ленін развіваў палажэнні і вывады марксізму ў дастасаванні да канкрэтных умоў Расіі (напр., палажэнне аб магчымасці перамогі сацыяліст. рэвалюцыі ў Расіі як найб. слабым звяне імперыялізму, аб сувязі масавай барацьбы пралетарыяту з нац.-вызв. барацьбой). Пасля Леніна тэарэт. распрацоўка М.-л. звязана з абгрунтаваннем шляхоў і метадаў сацыяліст. будаўніцтва, развіцця розных сфер жыццядзейнасці грамадства, сучаснай НТР, вырашэння глабальных праблем чалавецтва. Аднак М.-л. быў абвешчаны адзіна правільным вучэннем аб грамадстве, а ўсё, што выходзіла за яго межы — ненавуковым. Рамкі М.-л. абмяжоўваліся трыма састаўнымі часткамі: філасофіяй, паліт. эканоміяй і навук. сацыялізмам. Тым самым шэраг іншых сац. і гуманіт. навук (напр., сацыялогія, дэмаграфія, псіхалогія) апынуліся па-за М-л. Сур’ёзную шкоду М.-л. прычынілі дэфармацыі ідэалаў і прынцыпаў сацыялізму, якія прывялі да яго дагматызацыі і вульгарызацыі, адрыву ад рэальных праблем жыцця. Непаслядоўнымі былі спробы абнаўлення М.-л. ў перыяд перабудовы; не была рэалізавана на практыцы абвешчаная КПСС праграма дэмакратызацыі паліт. сістэмы сацыялізму, радыкальнай эканам. рэформы, пераўтварэнняў у сферы грамадскай свядомасці і культуры.
Літ.:
История марксизма-ленинизма. Ч. 1—2. М., 1990;
Вильчек В.М. Прощание с Марксом: (Алгоритмы истории). М., 1993;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІ́ХТЭ (Fichte) Іаган Готліб (19.5.1762, Раменаў, Германія — 29.1.1814),
нямецкі філосаф, прадстаўнік класічнай нямецкай філасофіі. Вучыўся ў Іенскім і Лейпцыгскім ун-тах. У 1794—99 праф. Іенскага ун-та, які пакінуў з-за абвінавачання ў атэізме. З 1800 у Берлінскім ун-це (у 1810—12 рэктар). Погляды Ф. склаліся пад уплывам ідэй Б.Спінозы, Ж.Ж.Русо, І.Канта. У працах «Пра паняцце навукавучэння ці так званай філасофіі», «Аснова агульнага навукавучэння» (абедзве 1794), «Першыя ўводзіны ў навукавучэнне» (1897) і інш. вызначаў філасофію як асноватворную навуку, якая вывучае працэсы пазнання, абгрунтоўвае веды ўвогуле. Сцвярджаў, што філасофія павінна ўяўляць сабой лагічна звязаную сістэму і грунтавацца на ўстойлівых і бясспрэчных базавых прынцыпах. Стварэнне такой філасофіі, на яго думку, патрабуе адыходу ад кантаўскага дуалізму і адмаўлення незалежных ад суб’екта «рэчаў у сабе». У цэнтры анталогіі Ф. — праблема «Я» (суб’екта і яго самасвядомасці). На думку Ф., у акце самасвядомасці індывід вызваляецца ад знешняга ўздзеяння і здабывае свабоду; уяўляў «Я» як складанаструктураваную з’яву, якая ўключае індывід. і абсалютнае «Я». Навукавучэнне Ф. складаецца з 3 асн. прынцыпаў: «Я кладзе пачатак самому сабе» (параджэнне індывідам уласнага духу і сваёй свабоды); «Я кладзе пачатак не-Я» (тлумачэнне рэальнасці як выніку дзейнасці «Я»); паколькі «Я» сваёй дзейнасцю кладзе пачатак «не-Я», само «Я» ўключае і «Я», і «не-Я», якія супрацьстаяць адно аднаму. У цэнтры этыкі Ф. — праблема магчымасці чалавека вызваліцца ад знешняй залежнасці. На яго думку, чалавек павінен авалодаць матэрыяльнай прыродай, светам цялесных рэчаў і пераадолець жорсткасць, прыгнёт у грамадстве, рэліг. і паліт. ганенні. Свабоду і мараль лічыў тоеснымі паняццямі. Паводле Ф., свабоду могуць абмяжоўваць толькі інш. «Я», і таму асабісты эгаізм павінен супадаць з мэтамі чалавецтва, служыць агульнай свабодзе і маральнасці. Гіст. эвалюцыю чалавецтва разглядаў як працэс пераходу ад стану першапачатковай бязвіннасці (бессвядомага панавання розуму) праз усеагульнае маральнае падзенне да свядомага царства розуму. Вучэнне Ф. паўплывала на далейшае развіццё нямецкай класічнай філасофіі (Ф.Шэлінг, часткова Г.Гегель і інш.).
Тв.:
Рус.пер. — Соч.Т. 1—2. СПб., 1993;
Наукоучение 1801 г.М., 2000;
Факты сознания;
Назначение человека;
Наукоучение. Мн.;
М., 2000.
Літ.:
Ойзерман Т.И. Философия Фихте М., 1962;
Гайденко П.П. Философия Фихте и современность. М., 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́НДЭЛЬБАНД (Windelband) Вільгельм (11.5.1848, г. Патсдам, Германія — 22.10.1915),
нямецкі філосаф, заснавальнік бадэнскай школы неакантыянства. Праф. у Цюрыху, Фрайбургу, Страсбуры, Гайдэльбергу. Даследаванні ў галіне гісторыі філасофіі, логікі, этыкі і тэорыі каштоўнасцей (аксіялогіі). Крытычна пераасэнсоўваў некаторыя філас. азначэнні І.Канта, асабліва «рэч у сабе». Філасофію лічыў «вучэннем пра агульназначныя каштоўнасці». На яго думку, філасофія не можа канчаткова вырашыць пытанне аб адносінах паміж законамі прыроды і каштоўнасцямі культуры, як не можа знайсці і агульны метад пазнання прыроды і гісторыі. Канчатковай мэтай гіст. прагрэсу лічыў самавызначэнне чалавецтва ў адпаведнасці этычным ідэалам, таму сац. праблемы зводзіў да этычных. Вышэй за этычныя каштоўнасці ставіў эстэтычныя як незалежныя ад чалавечай волі. Дуалізм каштоўнасці і рэчаіснасці Віндэльбанд тлумачыў як неабходную ўмову чалавечай дзейнасці.
Тв.:
Рус.пер. — История древней философии. СПб., 1893;
История новой философии... Т. 1—2. СПб., 1902—05;
Прелюдии. СПб., 1904;
О свободе воли. М., 1905;
Платон. 4 изд. СПб., 1909;
Философия в немецкой духовной жизни XIX столетия. М., 1910.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАРТЭІ́Д, апартхейд (на мове афрыкаанс apartheid раздзельнае пражыванне),
грамадска-палітычная дактрына, якая абгрунтоўвала і заканадаўча замацоўвала палітыку расавай дыскрымінацыі і сегрэгацыі, што праводзілася расісцкімі ўладамі Паўднёва-Афрыканскай рэспублікі (ПАР) у дачыненні да карэннага афр. насельніцтва і інш. этнічных груп нееўрапейскага ці мяшанага паходжання. Як афіц.дзярж. палітыка абвешчана ў 1948 урадам кіруючай Нацыяналіст. партыі. Абазначаў пазбаўленне чорнай і «каляровай» большасці насельніцтва ПАР паліт., сац.-эканам. і грамадзянскіх правоў, яе тэр. адасабленне і ізаляцыю (гл.Бантустаны). Як адна з крайніх формаў расізму апартэід у 1966 у шэрагу дакументаў ААН асуджаны і абвешчаны злачынствам супраць чалавецтва. У 1973 ААН прыняла Міжнар. канвенцыю аб спыненні апартэіду і пакаранні за яго (уступіла ў дзеянне ў 1976). Барацьба карэннага насельніцтва і міжнар. супольніцтва супраць апартэіду прымусіла ўлады ПАР з 1976 мадыфікаваць палітыку апартэіду, адмовіцца ад шэрагу яго асноватворных палажэнняў, расавай дыскрымінацыі і сегрэгацыі. Астатнія палажэнні апартэіду ліквідаваны на пач. 1990-х г. урадам Ф. дэ Клерка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ТЧЫННАЯ ТЭО́РЫЯ,
сістэма поглядаў, паводле якой сярэдневяковая вотчына ў Зах. Еўропе разглядалася як вызначальны інстытут, у сац.-эканам., паліт. і культ. жыцці сярэднявечча. Зарадзілася ў ням. гістарыяграфіі ў канцы 18 — пач. 19 ст., сфарміравалася ў 1870—80-я г. Прыхільнікі вотчыннай тэорыі даказвалі, што буйная вотчына поўнасцю паглынула ўсе астатнія формы землекарыстання і да 13—14 ст. у рамках вотчыны існавала гармонія інтарэсаў феадалаў і сялян. Частка прадстаўнікоў вотчыннай тэорыі (ням. даследчыкі К.Т.Інама-Штэрнег, К.Лампрэхт, рус. П.Г.Вінаградаў і інш.) спалучала яе з асобнымі прынцыпамі абшчыннай тэорыі, звязваючы ўзнікненне вотчыны з працэсам ператварэння свабодных земляробаў-абшчыннікаў у феад.-залежных сялян і прызнаючы істотную розніцу паміж эпохай ранняга сярэднявечча і перыядам сталых феад. адносін. Група вучоных (Н.Д.Фюстэль дэ Куланж у Францыі, Ф.Сібам у Вялікабрытаніі) адмаўляла існаванне свабоднай абшчыны ў мінулым і разглядала вотчыну з уласцівай ёй залежнасцю земляроба ад уласніка зямлі як адзін з найпершых ін-таў чалавецтва. Да сярэдзіны 20 ст. вотчынная тэорыя страціла сваё значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАГА́РЫН Юрый Аляксеевіч (9.3.1934, с. Клушына Гжацкага, цяпер Гагарынскага р-на Смаленскай вобл. — 27.3.1968),
савецкі касманаўт, які ўпершыню ў гісторыі чалавецтва здзейсніў палёт у космас. Герой Сав. Саюза (1961), палкоўнік, лётчык-касманаўт СССР (1961). Скончыў авіяц. вучылішча ў Арэнбургу (1957), Ваенна-паветр.інж. акадэмію імя Жукоўскага (1968). Служыў лётчыкам-знішчальнікам ВПС. З 1960 у атрадзе сав. касманаўтаў, у 1961—64 яго камандзір, з 1964 нам.нач. Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў. 12.4.1961 ажыццявіў палёт вакол Зямлі на караблі «Усход» працягласцю 108 мін. Загінуў у авіяц. катастрофе. Залаты медаль імя К.Э.Цыялкоўскага АНСССР, Вялікі залаты медаль Міжнар.авіяц. федэрацыі. Яго імя прысвоена Ваенна-паветранай акадэміі. Яго імем названы горад Гжацк Смаленскай вобл., кратэр на Месяцы і інш.
Тв.:
Дорога в космос. М., 1981;
Психология и космос. 4 изд. М., 1981 (разам з У.І.Лебедзевым).
Літ.:
Дихтярь А. Жизнь — прекрасное мгновенне. М., 1975;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗНО́СІНЫ,
працэс наладжвання і развіцця кантактаў паміж людзьмі, выкліканы патрэбамі сумеснай дзейнасці. Уключае абмен інфармацыяй, выпрацоўку адзінай стратэгіі ўзаемадзеяння, успрыманне і разуменне другога чалавека. У працэсе З. чалавек самавызначаецца, выяўляе свае індывід. асаблівасці, яго сутнасць раскрываецца для другога чалавека. Сац. сэнс З. у далучэнні суб’екта да культ.-гіст. вопыту чалавецтва. У найб. абагульненых класіфікацыях вызнаюцца тры аспекты працэсу З.: камунікатыўны (звязаны з вызначэннем спецыфікі інфарм. працэсу паміж людзьмі з улікам іх узаемаадносін, мэт, намераў і інш.), інтэрактыўны (увасабляе агульную стратэгію ўзаемадзеяння — супрацоўніцтва, суперажыванне, канкурэнцыя), перцэптыўны (уключае працэс успрымання, разумення і ацэнкі другога чалавека, зыходзячы з асаблівасцей яго паводзін). Адзінства гэтых аспектаў — важная ўмова аптымізацыі адносін паміж людзьмі, іх сумеснай дзейнасці. Развіццё здольнасцей і навыкаў З., фарміраванне іх культуры — адна з важных задач выхавання.
Літ.:
Коломинский Я.Л. Психология общения. М., 1974;
Добрович А.Б. Общение: наука и искусство. М., 1978;
Бодалев А.А. Восприятие и понимание человека человеком. М., 1982;
Лисина М.И. Проблемы онтогенеза общения. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАВІДЭНЦЫЯЛІ́ЗМ (ад лац. providentia прадбачанне),
рэлігійная інтэрпрэтацыя гісторыі як ажыццяўлення боскага плана выратавання чалавека і чалавецтва. Першапачаткова ідэя П. ўзнікла ў працах айцоў царквы, яна сістэматызавана ’і распрацавана Аўгусцінам і М.Лютэрам. Уведзены Аўгусцінам правідэнцыялісцкі шлях да «царства Божага» быў асновай сярэдневяковай схаластыкі. Надаўшы Божай волі статус адзінага вытоку сусв. гісторыі, П. Аўгусціна паслядоўна падводзіў да прызнання абсалютнага наканавання чалавечага лёсу небам, што сустракала крытыку з боку прыхільнікаў пелагіян, якія сцвярджалі наяўнасць у чалавека свабоды волі і магчымасці сваімі добрымі ўчынкамі выпраўляць наканаваны лёс. Ідэі П. былі ўласцівы У.Данілеўскаму, А.Тойнбі, Ж.Марытэну і інш.хрысц. філосафам і гісторыкам. Канцэпцыя П. ў хрысціянстве арганічна суадносіцца з тэлеалогіяй і эсхаталогіяй. П. як дактрына або ідэя ўваходзіць у тэалагічныя сістэмы ўсіх хрысц. плыняў, а таксама ў канцэпцыі ісламу, іудаізму і інш. канфесій. З эпохі Асветніцтва ў процівагу П. развіваецца рацыяналістычны погляд на гісторыю як працэс ажыццяўлення «прыроднага закону», розуму, пазней — здаровага сэнсу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАДБА́ЧАННЕ НАВУКО́ВАЕ,
прадказанне на падставе навукі падзей ці з’яў, якія яшчэ не сталі аб’ектам чалавечага вопыту. Ад ненавук. форм прадбачання адрозніваецца тым, што скіроўвае ўвагу на вывучэнне заканамернасцей прыродных і грамадскіх працэсаў. Раскрыццю механізма П.н. дапамагаюць навук. тэорыі і эксперыменты; ад паўнаты і выверанасці даных навукі залежаць дыяпазон, дакладнасць і сапраўднасць вынікаў. Гэта дае падставу, асабліва ў грамадскім жыцці, для распрацоўкі пэўнай колькасці альтэрнатыўных варыянтаў, або мадэляў будучыні. Крытэрый верагоднасці вынікаў П.н. — здольнасць дакладна ўстанавіць гал. змест і кірунак прыродных і грамадскіх працэсаў у дадзеных умовах (П.н. не можа стварыць ідэальны вобраз будучай рэчаіснасці ва ўсіх яе дэталях і індывід. рысах). Катэгорыямі П.н. выступаюць: закон, тэорыя, гіпотэза, пазнанне, кіраванне і інш. Формамі канкрэтызацыі П.н. ў якасці абстрактнай катэгорыі з’яўляюцца навук. паняцці: прадчуванне, прадугадванне, прагназіраванне і інш. Глабальныя маштабы наступстваў глыбокіх змен у прыродным і сац. асяроддзі чалавека павышаюць значэнне П.н., якое становіцца адной з неабходных умоў існавання чалавецтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСЛІ́ННЫЯ РЭСУ́РСЫ,
кампаненты жывой прыроды расл. паходжання, якія з’яўляюцца крыніцамі сродкаў існавання чалавецтва. Выконваюць сыравінную, асяроддзеахоўную і сац. функцыі. Да Р.р. адносяць лясную, лугавую, балотную і інш.расліннасці. На Беларусі (2000) лясная расліннасць займае 9,2 млн.га (44% тэр.), з іх 67,6% хвойных лясоў (58,2% хваёвых, 9,4% яловых), 4,5% шыракалістых лясоў (4% дубовых, 0,5% грабавых), 27,9% драбналістых лясоў (16,2% бярозавых, 9,4% альховых, 2,3% асінавых). Агульны запас драўніны — 1,1 млрд.м³, гадавы сярэдні прырост — 25 млн.м³. На аднаго чалавека прыпадае 0,74 га спелых лясоў і 110 м³ растучага лесу. Лутавая расліннасць пашырана на 17,2% тэр., падзяляецца на поймавую (6% пл. лугоў; найб.прадукц.), сухадольную (80%; найменш прадукц.), нізінную (14%). Каля 36% нізінных лугоў выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы, даюць да 50% кармоў. Агульны запас зялёнай масы 48 млн.т, сена 8 млн.т. Балотная расліннасць займае 12,4% тэр., з іх 80% расліннасць нізінных балот, 14% вярховых, 6% пераходных.