СВЯЦІ́ЛІШЧЫ, капішчы, кумірніцы, трэбішчы, храмы ідальскія,

дахрысціянскія культавыя збудаванні, месцы маленняў і ахвярапрынашэнняў усх. славян і суседніх народаў. Былі С. родавыя, племянныя і для некалькіх суседніх плямён. Найчасцей прысвячаліся Перуну, на іх устанаўлівалі ідалаў. Размяшчаліся на ўзвышшах, астравах і мысах сярод балот, на берагах азёр і рэк, зрэдку насыпаліся штучна. Месцам С. былі таксама камяні-следавікі, культавыя ўзгоркі і крыніцы; ушаноўваліся свяшчэнныя дрэвы (асабліва дуб як дрэва Перуна) і гаі. На Беларусі найб. канцэнтрацыя С. нагадваецца ў паласе гал. Еўрап. водападзелу. Пасля прыняцця хрысціянства многія С. былі прыстасаваны для патрэб царквы і набылі функцыі прошчаў, у сувязі з чым частка іх у рэліктавай форме захавалася да 20 ст.

Літ.:

Рыбаков Б.А. Язычество Древней Руси. М., 1987;

Яго ж. Язычество древних славян. М., 1981;

Седов В.В. Восточные славяне в VI—XIII вв. М., 1982.

т. 14, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СКАЗА́ННЕ ПРА СІВІ́ЛУ-ПРАРО́ЧЫЦУ»,

помнік перакладной бел. л-ры. Змешчана ў рукапісным зборніку 16 ст., які належаў бібліятэцы Красінскіх у Варшаве. На старабел. мову перакладзена з чэшскай у 15 — пач. 16 ст. (трапляюцца царкоўнаславянізмы, паланізмы і чэхізмы). Уключае некалькі біблейскіх і апакрыфічных апавяданняў. Пачынаецца сюжэтам пра царыцу краіны Савы (паводле падання, была на Пд Аравіі), якая атаясамліваецца з Сівілай — адной з вандроўных варажбітак у Стараж. Грэцыі, пра яе знаёмства з біблейскім царом Саламонам. Далей змешчаны аб’яднаныя ў адно цэлае прароцтвы Сівілы Саўскай пра нараджэнне і вучэнне Хрыста, пашырэнне хрысціянства, з’яўленне антыхрыста, другі прыход Хрыста і канец свету.

Публ.:

Хрэстаматыя па гісторыі беларускай мовы. Ч. 1. Мн., 1961.

Літ.:

Карский Е.Ф. Западнорусское сказание о Сивилле-пророчице по рукописи XVI в. // Карский Е.Ф. Тр. по белорусскому и другим славянским языкам. М., 1962.

У.​М.​Свяжыпскі.

т. 14, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

У́РНЫ ПАХАВА́ЛЬНЫЯ,

пасудзіны для пахавання рэшткаў нябожчыкаў пасля іх крэмацыі. Пашыраны ў розных народаў з першабытных часоў. Вырабляліся з гліны, каменю, металу, мелі разнастайныя формы. Іх ставілі ў грунтавых магілах або ў курганах, у рымлян захоўваліся ў хатах нябожчыкаў або ў спец. памяшканнях — калумбарыях. У Еўропе пахаванні ў урнах трапляюцца з эпохі бронзы і сведчаць пра змену пахавальнага абраду (ад трупапалажэння да трупаспалення). На тэр. Беларусі найб. раннія У.п. вядомы на могільніках тшцінецкай культуры зах. Палесся і на могільніку каля в. Нача (Воранаўскі р-н). У.п. жал. веку знойдзены на помніках паморскай культуры ў Драгічыне, Ратайчыцах (Камянецкі р-н), Трасцяніцы (Брэсцкі р-н), зарубінецкай культуры ў Атвержычах (Столінскі р-н), Сямурадцах (Жыткавіцкі р-н), калочынскай культуры, культуры доўгіх курганоў паўн. Беларусі і інш. Звычай пахавання ў урнах існаваў у дрыгавічоў, радзімічаў, крывічоў да пашырэння хрысціянства. Захаваўся ў некат. народаў.

т. 16, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕАДО́СІЙ I, Феадосій Вялікі,

Флавій (Flavius Theodosius; 11.1.347, Кока, Іспанія — 17.1.395), рымскі імператар [379—395]. Сын палкаводца. У 379 абвешчаны аўгустам (суправіцелем імператара Грацыяна), атрымаў у кіраванне ўсх. ч. імперыі. Спыніў наступленне вестготаў і паводле пагаднення 382 рассяліў іх у якасці федэратаў у ніжнім цячэнні Дуная. Пасля смерці Грацыяна (383) Ф. I аб’яднаў пад сваёй уладай усх. і зах. часткі Рым. імперыі. На 2-м Усяленскім саборы (381) ён замацаваў панаванне артадаксальнага хрысціянства. Адмовіўся ад язычніцкага тытула вял. пантыфіка, праследаваў прыхільнікаў арыянства і язычніцтва. У 391—392 забараніў язычніцкія культы, у 394 — Алімпійскія гульні. Пры Ф. I разбурана шмат стараж. храмаў, спалена частка Александрыйскай бібліятэкі. Абвешчаны хрысц. царквою Вялікім. Пасля яго смерці Рым. імперыя ў 395 распалася на ўсх. і зах. часткі.

Літ.:

Федорова Е.В. Императорский Рим в лицах. 2 изд. Смоленск, 1995.

А.​Г.​Зельскі.

т. 16, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ХАДЖЭ́ННЕ БАГАРО́ДЗІЦЫ ПА ПАКУ́ТАХ»,

помнік стараж.-рус. перакладной літаратуры апакрыфічнага жанру (гл. Апокрыфы). Трапіла на Русь праз паўд.-слав. пасрэдніцтва; зместам блізкае да візант. тэксту помніка. Найб. стараж. рус. спіс датуецца 12 ст. У творы апавядаецца пра падарожжа гал. гераіні па замагільным свеце. Апокрыф прасякнуты рэліг. канцэпцыяй аб суровасці, але справядлівасці боскага суда, паводле якой душа чалавека асуджаецца пасля яго смерці на пакуты за зямныя грахі.

Тэндэнцыя запалохвання немінучымі пякельнымі жахамі за парушэнне прынцыпаў хрысціянства, боскіх запаведзяў некалькі змякчаецца ў творы спачуваннем грэшнікам, суперажываннем за іх пакуты. Гэта ідэя ўвасоблена ў вобразе Багародзіцы — чулай жанчыны, заступніцы людзей. Моцна ўражаная ўбачаным у пекле, яна звяртаецца да Бога з просьбай злітавацца над грэшнікамі і палегчыць ім пакуты. Незвычайнасць зместу твора, важнасць закранутых праблем, гуманіст. ідэя спачування чалавеку спрыялі папулярнасці твора сярод чытачоў. Бел. рэд. твора — «Аб дванаццаці пакутах».

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 16, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́СІПАЎ Аляксей Іванавіч (н. 29.10.951, г. Жлобін Гомельскай вобл.),

бел. філосаф. Д-р філас. н. (1991), праф. (1993). Скончыў БДУ (1974). З 1974 у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі. У 1979—98 на кафедры філасофіі АН Беларусі. З 1998 заг. кафедры Ін-та філасофіі Нац. АН Беларусі. З 2002 заг. кафедры філасофіі Ін-та падрыхтоўкі навук. кадраў Нац. АН Беларусі. Навук. працы па праблемах метадалогіі сучаснай навукі, філасофіі культуры і рэлігіі, духоўнасці, гісторыі хрысціянства і новых рэліг. рухаў на Беларусі.

Тв.:

Пространство и время как категории мировоззрения и регуляторы практической деятельности. Мн., 1989;

Философско-мировоззренческие основания научного познания // Социально-философские проблемы производства и применения научных знаний. Мн., 1992;

Традиционные вероисповедания и новые религиозные движения в Беларуси. Мн., 2000 (у сааўт.);

Христианство в Беларуси: история и современность. Мн., 2000 (у сааўт.);

Духовность. Традиция. Патриотизм. Мн., 2001.

т. 18, кн. 1, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУША́НСКАЯ ДЗЯРЖА́ВА, Кушанскае царства,

старажытная дзяржава на тэр. сучасных Узбекістана, Таджыкістана, Туркменіі, Афганістана, Пакістана і Паўн. Індыі ў 1—4 ст. н.э. Узнікла на рубяжы н.э. пасля разгрому Грэка-Бактрыйскага царства качэўнікамі, якія стварылі на яго тэрыторыі шэраг асобных княстваў. Адно з іх у Бактрыі на чале з племем або кланам кушан стала ядром К.дз. Значнага тэр. пашырэння К.дз. дасягнула пры правіцелях Кадфізе I і Кадфізе II (1 ст. н.э.), найб. росквіту — пры правіцелях Канішку і Хувішку. Праз тэр. К.дз. праходзіў Вялікі шаўковы шлях, што спрыяла развіццю гандлю і рамяства. Значнае пашырэнне тут набылі будызм, зараастрызм, маніхейства і хрысціянства. Пры правіцелі Васудэве (сярэдзіна 3 ст.) пачаўся заняпад К.дз., якая ў 4 ст. распалася на дробныя княствы.

Літ.:

Зеймаль Е.В. Кушанская хронология: (Материалы по проблеме). М., 1968;

Дальверзинтепе — кушанский город на юге Узбекистана. Ташкент, 1978;

Шеркова Т.А. Египет и Кушанское царство: (Торговые и культ. контакты). М., 1991.

т. 9, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛЕДАВІКІ́,

камяні-валуны з поўнасцю ці часткова выбітай выявай слядоў чалавека (імітацыя босай ці абутай ступні або рукі) або розных жывёл ці міфічных істот. Пашыраны ў Еўропе і Азіі. трапляюцца ў Афрыцы. С. — праяўленне язычніцкіх культаў. Мяркуюць, што культ камянёў-С. узнік у бронзавым веку ў 2-м тыс. да н.э. Бытуюць легенды, нібыта раней камяні былі больш мяккія і розныя істоты пакідалі на іх сляды. Вада са слядоў лічылася гаючай. З пашырэннем хрысціянства многія С. набылі функцыі прошчаў. На Беларусі вядома больш за 70 С., сканцэнтраваных пераважна на Пн і ў цэнтры краіны. Найб. вядомыя камяні-С. каля вёсак Дзераўно Лагойскага р-на і Кудзінавічы Капыльскага р-на Мінскай вобл., Малькавічы Ганцавіцкага р-на Брэсцкай вобл., Наўгароды Міёрскага р-на Віцебскай вобл., Сянежычы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. і інш.

Да арт. Следавікі. Камень са «слядамі» Багародзіцы каля в. Сянежычы Навагрудскага раёна Гродзенскай вобл.

т. 15, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКІ́НЧЫЦ Іван Іванавіч (н. 5.7.1941, в. Багданавічы Кармянскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. філосаф. Д-р філас. н. (1989), праф. (1990). Акад. Бел. акадэміі адукацыі (1998). Скончыў БДУ (1965). Працаваў з 1967 у Гродзенскім ун-це імя Я.​Купалы, з 1973 у Брэсцкім тэхн. ун-це, з 1986 у Брэсцкім абл. ін-це ўдасканалення настаўнікаў (заг. кафедры). З 1989 у Брэсцкім ун-це (заг. кафедры, з 1994 дэкан гіст. ф-та). Навук. працы па праблемах сац. філасофіі, рэлігіязнаўства, гісторыі хрысціянства, атэізму, сац. установак і каштоўнасных арыентацый пратэстанцкай моладзі.

Тв.:

Религия и молодежь. Мн., 1975;

Эволюция христианского сектантства в СССР (у сааўт.) // Вопросы научного атеизма. М., 1979. Вып. 24;

Атеистические беседы с учащимися. Мн., 1985 (разам з Г.​М.​Філістам);

Поросль отрезанной ветви. М., 1986;

Закозель: земля и люди. Барановичи, 1999 (разам з В.​В.​Здановічам, М.​С.​Якаўчыкам);

Современный верующий. Брест, 1999.

т. 18, кн. 1, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРЫ́ЛА І МЯФО́ДЗІЙ,

славянскія асветнікі, стваральнікі слав. азбукі, прапаведнікі хрысціянства. Браты; нарадзіліся ў г. Салунь (цяпер Салонікі, Грэцыя). Большасць вучоных лічаць іх балгарамі.

Кірыла (да прыняцця манаства ў 869 — Канстанцін; каля 827—14 2.869). Атрымаў адукацыю пры двары імператара Міхаіла ў Канстанцінопалі, прыняў сан святара і стаў бібліятэкарам патрыярха Фоція. Пазней прызначаны настаўнікам філасофіі, за што празваны Філосафам. У пач. 860-х г. з дыпламат.-рэліг. місіяй наведаў хазар у грэч. калоніі Херсанес (Крым).

Мяфодзій (815—6.4.885). Быў на ваен. службе і 10 гадоў кіраваў адной з падуладных Візантыі славяна-балг. абласцей, потым ігумен манастыра Паліхрон на беразе Мармуровага мора.

У 863 К. і М. запрошаны ў Маравію для пропаведзі хрысціянства на слав. мове. Прыбылі сюды са створанай імі слав. азбукай і ўласнымі перакладамі рэліг. кніг на слав. мову, царк. службу вялі па-славянску. З-за незадаволенасці ням. місіянераў, якія ў сваёй службе выкарыстоўвалі латынь, былі вымушаны пакінуць Маравію. У 867 па запрашэнні папы Мікалая I прыбылі ў Рым, дзе абаранялі права славян на родную мову ў літургіі. Пасля смерці ў Рыме Кірылы Мяфодзій пасвячоны ў сан епіскапа. У 882—884 жыў у Візантыі і Маравіі, дзе працягваў прапаведніцкую і асветніцкую дзейнасць. Імёны К. і М. сталі сімвалам культурнай еднасці і самастойнасці славян. Назва стараж. слав. азбукі кірыліца паходзіць ад імя Кірыла. Браты фактычна сталі стваральнікамі літ. стараслав. мовы, зразумелай тады ўсім слав. народам. На Беларусі пра дзейнасць К. і М. ведалі ўжо з 11 ст. праз творы Чарнарызца Храбра «О письменах» і праз жыціі К. і М. Асветнікі кананізаваны правасл. царквой як Роўнаапостальныя К. і М., настаўнікі Славенскія. 11 мая (с. ст.) — Дзень св. К. і М., які ў Балгарыі, а з 1986 і ў слав. рэспубліках б. Сав. Саюза, у т. л. на Беларусі, адзначаецца як дзень слав. пісьменства і культуры. Ушаноўваюцца як святыя і каталіцкай царквой. У Балгарыі існуе ордэн К. і М., якім на Беларусі ўзнагароджаны П.​Броўка, Н.​Гілевіч, В.​Нікіфаровіч.

Літ.:

Сказания о начале славянской письменности. М., 1981;

Бернштейн С.Б. Константин-философ и Мефодий. М., 1984;

Истрин В.А. 1100 лет славянской азбуки. 2 изд. М., 1988.

Г.​П.​Тварановіч.

Кірыла і Мяфодзій.

т. 8, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)