КЮНГЁЙ-АЛА́-ТО́О, Кунгей-Алатау,
хрыбет на Пн Цянь-Шаня, які абмяжоўвае з Пн Ісык-Кульскую катлавіну ў Казахстане і Кыргызстане. Даўж. каля 280 км. Выш. да 4771 (г. Чок-Тал). Складзены з гранітаў, сланцаў, пясчанікаў. Пераважае высакагорны рэльеф. Ледавікі агульнай пл. 237 км². На паўн. схілах і ў цяснінах — лясы з цянь-шаньскай елкі, на паўд. — горныя стэпы, вышэй — горныя лугі і лугастэпы. Ва ўсх. ч. перавал Сан-Таш.
т. 9, с. 77
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ХТУСАЎ (Пётр Кузьміч) (1800, г. Кранштат, Расія — 19.11.1835),
расійскі мараплавец і гідрограф. Скончыў штурманскае вучылішча ў Кранштаце (1820).
У 1820—32 прымаў удзел ў гідраграфічных даследаваннях р. Пячора, Баранцава і Белага мораў. У 1832—35 кіраваў экспедыцыямі на архіпелаг Новая Зямля, апісаў узбярэжжы Паўн. і Паўд. а-воў Новай Зямлі, праліў Матаччын Шар і астравы ў ім. Імем П. наз. астравы ў Карскім м., горны хрыбет на Шпіцбергене.
т. 12, с. 240
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНА́ДЫРСКАЯ НІЗІ́НА,
на ПнУ Азіяцкай часткі Расійскай Федэрацыі, у Чукоцкай аўт. акрузе, у даліне р. Анадыр. На У прылягае да Анадырскага заліва, на З абмежавана хрыбтамі Пэкульней і Рарыткін. Даўж. 270 км. Складзена з алювіяльна-азёрных адкладаў. Рэльеф пераважна раўнінны (выш. да 100 м), бліжэй да гор хвалісты, на У з астанцавымі і нізкагорнымі масівамі (Залаты хрыбет, Ушканоў краж). Усюды шматгадовая мерзлата. Шмат тэрмакарставых азёраў, азёраў-старыц. Ландшафт травяніста-купінаватай і хмызняковай тундры.
т. 1, с. 332
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ЎСАН ((Dauson) Джордж Мерсер) (1.8.1849, г. Пікту, Канада — 2.3.1901),
канадскі географ і геолаг. Даследаваў раён вярхоўяў р. Фрэйзер (1878), выканаў геал. здымку рэк Бау і Белі (1880—82) і зах. ч. Скалістых гор (1882—84), а-воў Ванкувер і Каралевы Шарлоты. У 1887—88 узначальваў экспедыцыю па геолага-геагр. вывучэнні тэр. паўн.-зах. Канады. Яго імем названы горад у вусці р. Клондайк на ПнЗ Канады і горны хрыбет у вярхоўях р. Юкан.
т. 6, с. 189
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРА́ (італьян. bora ад грэч. boreas паўн. вецер),
мясцовы моцны і парывісты халодны вецер, накіраваны ўніз па горным схіле. Назіраецца пераважна зімой у мясцінах, дзе невысокія горныя хрыбты (да 300—600 м) узнімаюцца над морам, напрыклад на Балканскім узбярэжжы Адрыятычнага м., каля Новарасійска на Каўказе, на берагах Байкала і інш. Утвараецца, калі халоднае паветра перавальвае праз хрыбет і з вял. скорасцю (да 40—60 м/с) «падае» па схіле. Бара выклікае значнае пахаладанне, небяспечнае для суднаў (магчыма хуткае абледзяненне).
т. 2, с. 284
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАІЛІ́ЙСКІ АЛАТА́У,
горны хрыбет на Пн Цянь-Шаня, у Казахстане, на мяжы з Кіргізіяй. Даўж. каля 350 км. Выш. да 4973 м (пік Талгар). Складзены пераважна з гранітаў, кангламератаў, вапнякоў і сланцаў. Пераважае высакагорны рэльеф. Агульная пл. зледзянення 484 км². З паўн. схілаў сцякаюць прытокі р. Ілі. Сухія стэпы змяняюцца з вышынёй хмызнякова-стэпавай расліннасцю, лугамі і лясамі. У паўн. перадгор’ях г. Алматы, а таксама зімовы спарт. комплекс Медэо. На зах. схіле З.А. Алма-ацінскі запаведнік.
т. 6, с. 500
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕААНТЫКЛІНА́ЛЬ (ад геа... + антыкліналь),
узняты ўчастак зямной кары ў межах геасінклінальнай вобласці (гл. Геасінклінальны пояс). Шыр. 50—150 км, даўж. да 2000 км. Бываюць геаантыкліналі унутр. і перыферыйныя. Унутраныя (інтэрніды) — цэнтр. зона геасінклінальнай сістэмы, абмежаваная прагінамі (напр., геаантыкліналь Вял. Каўказа). Характарызуюцца скарочанай магутнасцю асадкаў, пераважна кіслым саставам магматычных парод. Геаантыкліналі перыферыйныя (бордэрленд, кардыльера) — участкі краявых падняццяў, аддзеленыя ад геасінклінальнай сістэмы прагінам (напр., хрыбет Сьера-Невада на Пд Пірэнейскага п-ва аддзелены ад горнай сістэмы Атласа Міжземным м.).
М.А.Нагорны.
т. 5, с. 108
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНГС-КАНЬЁН (Kings Canyon),
нацыянальны парк у ЗША, у штаце Каліфорнія, на зах. схілах цэнтр. ч. горнай сістэмы Сьера-Невада. Засн. ў 1940. Пл. 186,2 тыс. га. Горныя хрыбты (выш. 1500—2500 м), хрыбет Сьера-Невада (выш. 4116 м), самы глыбокі ў Паўн. Амерыцы аднайм. каньён (2400 м, цясніна р. Кінгс), азёры, вадаспады, горныя лугі, хвойныя лясы (хвоя, піхта, секвоядэндран гіганцкі). Водзяцца чорны мядзведзь, горны баран і інш. Агаленні меза- і кайназойскіх адкладаў. Біясферны рэзерват. Аб’ект турызму.
Г.Я.Рылюк.
т. 8, с. 268
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУГАДЖА́РЫ,
горы ў Акцюбінскай вобл., у Казахстане, паўд. працяг Урала. Даўж. з Пн на Пд 200 км. Выш. да 657 м (г. Вял. Бактыбай). Пачынаюцца на Пн як вузкі горны краж, што падзяляецца на 2 амаль паралельныя хрыбты, паміж якімі размяшчаецца слабахвалістая Алабаская катлавіна шыр. 15—20 км. Хрыбты ў некат. месцах злучаюцца невял. кражамі. Паўд. частка Зах. хрыбта найб. высокая, моцна расчлянёная. Усх. хрыбет — ланцуг згладжаных сопак, расчлянёных прытокамі р. Іргіз. Складзены з кварцытаў, крышт. сланцаў, гнейсаў, гранітаў, пясчанікаў. Радовішчы хрому, медзі, фасфарытаў. Дзярнова-злакавыя, злакава-палыновыя стэпы і паўпустыні.
т. 10, с. 542
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУШКЕ́ТАЎ (Іван Васілевіч) (19.1.1850, ст. Аляксееўская Валгаградскай вобл., Расія — 10.1.1902),
расійскі геолаг і географ. Скончыў Пецярбургскі горны ін-т (1872), дзе выкладаў з 1877. З 1882 у Ін-це інжынераў шляхоў зносін (з 1897 праф.). Навук. працы па тэктоніцы, геамарфалогіі, сейсмалогіі і інш. Вывучаў геалогію Сярэдняй Азіі, Урала, Паволжа і Каўказа. Вызначыў навук. канцэпцыю аб геал. будове Сярэдняй Азіі і склаў геал. карту Туркестана. Імем М. названы хрыбет ў горнай сістэме Наньшань, вяршыня ў вярхоўях р. Віцім, 2 ледавікі на Цянь-Шані і інш.
т. 11, с. 47
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)