КЛІНАЛІ́СЦЕВЫЯ (Sphenophyllales),

парадак вымерлых членістасцябловых (хвашчовых) раслін. 1 сям. Існавалі ад позняга дэвону да ранняга трыясу (каля 360—220 млн. г. назад). Мяркуюць, што гэта былі ліянападобныя расліны, пашыраныя ў вільготных лясах ці ў вадаёмах.

Сцябло доўгае, тонкае, травяністае або адраўнелае, рабрыстае, часам разгалінаванае. У некат. форм з шыпамі. Колькасць клінападобных, авальных або лінейных лістоў у кальчаках кратнае 3 (ад 6 да 12). Органы размнажэння (стробілы) — на канцах галін, радзей — у ліставых пазухах.

Т.​Р.​Абухоўская.

т. 8, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАРЫ́ЦКАЯ МЕТАЛУРГІ́ЧНАЯ МАНУФАКТУ́РА.

Адна з першых на Беларусі, дзейнічала ў 1768—90 ва ўрочышчы Рудня каля Маларыты Брэсцкай вобл.). Выпускала лемяшы, калёсныя восі, малаткі, кувалды, кухонныя прыборы. Мела вадзяныя рухавікі, домну для атрымання чыгуну з мясц. руды, 2 домны для перапрацоўкі чыгуну ў сталь і 2 плавільныя печы для адліўкі форм з гатовага металу. На тэр. мануфактуры дзейнічаў медны з-д па выпуску катлоў для вінакурэння. У 1780 працавала 180 рабочых, выпушчана 18 тыс. пудоў жалеза.

т. 10, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНОЧНАКАЎКА́ЗСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура эпохі бронзы (2-е тыс. да н.э.) у бас. рэк Кубань і Церак. Аснова гаспадаркі — пастухоўская жывёлагадоўля і земляробства. Пахаванні ў грунтавых ямах, каменных скрынях і скляпах. У стэпах і перадгор’ях могільнікі курганныя, у гарах — грунтавыя. Пахавальны інвентар: гліняны посуд акруглых форм з адбіткамі вяровачкі, штампаў і налепамі ў выглядзе шышак і валікаў, каменныя булавы і сякеры, бронзавыя лістападобныя нажы, цёслы, сякеры, упрыгожанні. З П.к. генетычна звязаны прыкубанская і кабанская культуры.

І.​М.​Язэпенка.

т. 12, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕТУ́НІЯ (Petunia),

род кветкавых раслін сям. паслёнавых. 15 (па інш. звестках да 40) відаў. Пашыраны пераважна ў Цэнтр. і Паўд. Амерыцы. На Беларусі ў культуры П. гібрыдная (Р. х hybrida). Вядома некалькі садовых форм, у т. л. буйнакветкавая, шматкветкавая, махровая, махрыстая, нізкая.

Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 90 см. Сцёблы прамастойныя або паўсцелістыя, густагалінастыя. Часта парасткі і лісце ўкрыты валаскамі. Кветкі адзіночныя, шырокалейкападобныя, белыя. ружовыя, ліловыя, чырв., фіялетавыя. Плод — каробачка. Дэкар. расліны.

Петунія гібрыдная.

т. 12, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНФІНІТЫ́Ў (ад лац. infinitivus няпэўны),

неазначальная форма дзеяслова, пачатковая форма дзеяслова, якая называе дзеянне безадносна да асобы, часу і спосабу. Паводле паходжання ў слав. мовах — давальны склон аддзеяслоўных назоўнікаў. Мае трыванне і стан («рабіць—зрабіць—зрабіцца»), У бел. мове І. складаецца з дзеяслоўнай асновы і суфіксаў «-ць», «-ці», «-чы» («чытаць», «несці», «секчы»). У сказе выступае самастойна (як дзейнік, просты выказнік ці асн. ч. састаўнога выказніка, дапаўненне, азначэнне, акалічнасць) і ў складзе аналіт. форм часу дзеяслова («буду ісці»).

Літ.:

Гл. пры арт. Дзеяслоў.

т. 7, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРКЕ́ЛІУС ((Markelius) Свен Готфрыд) (25.10.1889, Стакгольм — 27.2.1972),

шведскі архітэктар. Вучыўся ў Каралеўскім тэхнал. ін-це і АМ у Стакгольме (1910-я г.). У 1944—54 гал. архітэктар Стакгольма. Для пабудоў М. ў Швецыі характэрны пошукі форм нац. архітэктуры на аснове прынцыпаў функцыяналізму: канцэртная зала ў Хельсінгбаргу (1932), дом з камунальным абслугоўваннем жыльцоў у Стакгольме (1935), Нар. дом у Лінчэпінгу (1954). Аўтар генплана Стакгольма, у аснове якога ляжыць прынцып паўаўтаномных гар. раёнаў, падзеленых зялёнымі зонамі; швед. павільёна на Сусв. выстаўцы ў Нью-Йорку (1939).

т. 10, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАГЕНЕ́З (ад мета... + ...генез) у біялогіі, адна з форм чаргавання пакаленняў, пры якой пакаленні асобін, што размнажаюцца палавым шляхам, змяняюцца на пакаленні асобін, якія размнажаюцца бясполым шляхам. Характэрны для кішачнаполасцевых, некат. плоскіх і кольчатых чарвей. Напр., у эхінакока ў кішэчніку асн. гаспадара адбываецца выспяванне яец (палавое размнажэнне), а ў целе прамежкавага гаспадара ўтвараецца лічынка (фіна), унутры якой пачкаваннем фарміруюцца даччыныя пузыры з галоўкамі чарвей (бясполае размнажэнне). Кожная галоўка ў кішэчніку асн. гаспадара дае пачатак новай стужачнай форме.

Р.​Г.​Заяц.

т. 10, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУТАЦЫЯНІ́ЗМ,

канцэпцыя ў біялогіі, якая разглядае эвалюцыю як скачкападобны працэс. Адбываецца ў выглядзе буйных адзінкавых спадчынных змен — макрамутацый або сальтацый. Яны ўзнікаюць у асобін зыходнага віду і адразу ўтвараюць новыя жыццёвыя формы, якія пры спрыяльных умовах асяроддзя з’яўляюцца родапачынальнікамі новых відаў. У якасці рухальнай сілы эвалюцыі ўсталёўвае ўнутраны адносна арганізма фактар — змены спадчыннасці і адмаўляе творчую ролю натуральнага адбору, які мае толькі значэнне фактару, што абмяжоўвае разнастайнасць жыццёвых форм ліквідацыяй нежыццяздольных варыянтаў. Заснавальнік М. — Г.Дэ Фрыз, які распрацаваў мутацыйную тэорыю эвалюцыі.

т. 11, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВІКАЎ (Пётр Лявонцьевіч) (12.8.1932, в. Гаршкова Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл. — 9.11.1998),

бел. вучоны ў галіне інфекц. хвароб. Д-р мед. н. (1978), праф. (1980). Засл. работнік аховы здароўя Беларусі (1991). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1958). З 1967 працаваў у ім (з 1982 заг. кафедры). Навук. працы па метадах патагенет. лячэння менінгакокавай інфекцыі, прынцыпах карэкцыі гамеастазу ў хворых менінгітам.

Тв.:

Интенсивная терапия тяжелых форм менингококковой инфекции // Здравоохранение Белоруссии. 1978. № 7;

ВИЧ-инфекция: (клиника, диагностика и современные принципы лечения). Мн., 1998 (у сааўт.).

т. 11, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯШЧУ́К (Юрый Міхайлавіч) (н. 10.2.1946, г. Стоўбцы Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне аховы раслін. Д-р с.-г. н. (1992), праф. (1995). Скончыў Бел. тэхнал. ін-т (1970). З 1972 у Бел. тэхнал. ун-це (у 1988—93 заг. лабараторыі). Навук. працы па лясной фітапаталогіі.

Тв.:

Аб пашкоджанасці асобных форм елкі звычайнай каранёвай губкай (разам з М.​І.​Фёдаравым) // Весці АН БССР. Сер. біял. навук. 1978. № 5;

Использование биопрепарата пениофоры гигантской в сосновых насаждениях (з ім жа) // Лесное хозяйство. 1982. № 6.

т. 12, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)