Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫГ (англ. brig, скарачэнне італьян. brigantino брыганціна),
1) марское паруснае двухмачтавае судна з прамымі парусамі на абедзвюх мачтах і косым парусам на грот-мачце. Былі пашыраны ў 18—19 ст. 2) Клас баявых караблёў паруснага флоту 18—19 ст. водазмяшчэннем 200—400 т, з парусным аснашчэннем. Даўж. да 32 м, шыр. 8—9 м, асадка 3—4 м, ход да 12 вузлоў. Узброены былі 10—24 пушкамі, экіпаж да 120 чал. Выкарыстоўваліся для разведвальнай, дазорнай, пасыльнай службаў, канваіравання гандл. суднаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЕА́С (ад італьян. galeazza вялікая галера),
гальес, парусна-вяслярны ваенны карабель 16—17 ст. у еўрап. флотах. Прамежкавы тып судна паміж галерай і ветразевым суднам. Даўж. да 80 м, шыр. 9—16 м, па 1 раду вёслаў з кожнага борта (па 9—10 весляроў-нявольнікаў), 3 мачты з косымі ветразямі, 2 палубы (ніжняя для весляроў, верхняя для салдат і гармат). Узбраенне да 70 гармат рознага калібру, надводны таран. Каманда 800—1200 чал. Упершыню выкарыстаны венецыянцамі ў баі з туркамі пры Лепанта (1571).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАЎНЯ́НЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,
канструкцыйныя, ізаляцыйныя і вырабныя матэрыялы, поўнасцю або часткова атрыманыя шляхам апрацоўкі і склейвання натуральнай драўніны, драўняных часціц, валокнаў, шпону.
Да Д.м. адносяцца матэрыялы з драўніны, вырабленыя прасаваннем (пад ціскам да 30 МПа) пры павышаных т-рах, насычэннем (змешваннем) сінт. смоламі, аміякам, цэм. растворам і інш., склейваннем, адліўкай, інш. спосабамі (гл.Арбаліт, Драўнянавалакністыя пліты, Драўнянастружкавыя пліты, Драўняныя пластыкі, Драўнянаслаістыя пластыкі, Дрэвашклапластыкі, Фанера, Фібраліт). Маюць добрыя эксплуатацыйныя якасці, выкарыстоўваюцца ў буд-ве (гл.Драўляныя канструкцыі), мэблевай прам-сці, судна- і машынабудаванні і інш.Гл. таксама Дрэваапрацоўчая прамысловасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДУ́КТАР (позналац. conductor ад лац. conduco перавожу, збіраю) у тэхніцы, 1) прыстасаванне для накіроўвання металарэзнага інструменту і надання яму правільнай прасторавай арыентацыі адносна вырабу, што апрацоўваецца. Забяспечвае дакладнае ўзаемнае размяшчэнне, напр., групы апрацаваных адтулін без папярэдняй разметкі. Апрацоўка па К. дазваляе ажыццявіць узаемазамяняльнасць дэталей, вузлоў і агрэгатаў машыны.
2) Мантажнае прыстасаванне для часовага замацавання і выверкі зборных і зварных канструкцый, напр., секцый і блокаў корпуса судна, вагона.
3) Калона злучаных паміж сабой абсадных труб, якая надае зададзены напрамак буравой свідравіне. Акрамя таго, К. перакрывае верхнія няўстойлівыя пароды і ваданосныя гарызонты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТА́БРЫЯ (Cantabria),
аўтаномная вобласць і адм. правінцыя на Пн Іспаніі, на ўзбярэжжы Біскайскага зал. Пл. 5,3 тыс.км². Нас. 524 тыс.чал. (199. Адм. ц., прамысл. і трансп. вузел — г. Сантандэр. Большую ч.тэр. займаюць Кантабрыйскія горы. Важны прамысл. раён. Здабыча поліметал. і жал. руд. Выплаўка чыгуну і сталі. Металург., судна- і самалётабуд., электратэхн., хім., тэкст., харчасмакавая (пераважна рыбакансервавая, тытунёвая) прам-сць. Мяса-малочная жывёлагадоўля. У пасевах пераважае кукуруза і бабовыя. Гал.тэхн. культура — тытунь. Развіта агародніцтва і садоўніцтва. Рыбалоўства. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНАНЕ́РСКАЯ ЛО́ДКА,
1) ветразева-грабное артыл.судна 2-й пал. 18—1-й пал. 19 ст. Прызначаліся для дзеянняў у прыбярэжных марскіх раёнах (шхерах) і на рэках. Мелі 4—6 гармат або 2 марціры, да 15 пар вёслаў.
2) Артылерыйскі карабель для баявых дзеянняў у прыбярэжных раёнах мора, на азёрах і рэках. Водазмяшчэнне да 2,5 тыс.т., узбраенне — да 5 артыл. гармат, аўтам. зенітныя пушкі, кулямёты. Да пач. 1980-х г. заставаліся ў складзе ВМС асобных краін. На Беларусі К.л. выкарыстоўваліся ў 1-й пал. 20 ст. ў складзе рачных ваен. флатылій. Гл.«Верны», «Зарадна», а таксама Карабель ваенны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛІ́БІН (Іван Пятровіч) (21.4.1735, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 11.8.1818),
расійскі механік-самавучка і вынаходнік. У 1764—67 сканструяваў гадзіннік у форме яйца са складаным механізмам аўтам. дзеяння. У 1769—1801 кіраваў мех. майстэрнямі Пецярб.АН. Стварыў «люстраны ліхтар» (прататып пражэктара), «планетны» кішэнны гадзіннік, цялежку-самакат, «мех. ногі» (пратэзы), ліфт, аптычны тэлеграф і код для перадачы паведамленняў і інш. Распрацаваў спосабы шліфавання шкла для мікраскопаў, тэлескопаў і да т.п. прылад. У 1776 пабудаваў мадэль аднаарачнага моста з фермамі цераз р. Нява, у 1804 у г. Ніжні Ноўгарад — «вадаходнае судна», якое магло рухацца супраць цячэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ДКА,
1) малое судна (вёславае, ветразевае або маторнае). Вядомая з неаліту. На Беларусі здаўна бытавалі Л., выдзеўбаныя са ствала дрэва (камяга, човен, дуб), з 2-й пал. 19 ст. дашчаныя з прамымі і разагнутымі бартамі. Спараныя Л. з дашчаным насцілам служылі паромам. Многія народы вырабляюць Л. з кары дрэў («веткі», «амарочкі» народаў Сібіры, «пірогі» лясных індзейцаў Паўн. Амерыкі і інш.), са скур марскіх жывёл («байдаркі» алеутаў, «каякі» эскімосаў). У наш час Л. пашыраны ў вяслярным спорце і турызме. Іх вырабляюць з лёгкіх метал. сплаваў, пластмас, гумы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРЛІ́НА,
пласкадоннае драўлянае грузавое судна з палубай, двухсхільным дахам і мачтай. Даўж. 21—45 м, шыр. 4—11 м, грузападымальнасць ад 50 да 600 т. На рэках Беларусі з’явілася ў 2-й чвэрці 19 ст., паступова выцесніла байдак і віціну. Бытавала да пач. 20 ст. Хадзіла ўверх і ўніз па цячэнні ракі з дапамогай вёслаў, бусакоў, ветразяў, а таксама буксірнага парахода. Падзяляліся на барачныя (руская берліна з закругленым носам, стромкай кармой і разгорнутымі бакамі) і лодачныя (заходняя, або нямецкая, з доўгім вострым носам і завостранай кармой). Рускія берліны хадзілі па Дняпры і Прыпяці, заходнія — па Нёмане, Прыпяці, а таксама ў Прусіі і Польшчы.