ЛЕНІНГРА́ДСКАЯ СПРА́ВА,

назва серыі суд. працэсаў па абвінавачанні шэрагу буйных парт., сав. і гасп. работнікаў у здрадзе Радзіме і намеры ператварыць Ленінградскую парт. арг-цыю ў апору барацьбы супраць ЦК ВКП(б), сфальсіфікаваных органамі бяспекі СССР у канцы 1940 — пач. 1950-х г. Суд. працэс над гал. абвінавачанымі (вер. 1950) праведзены з парушэннем працэсуальных норм: 6 чал., у т. л. былыя чл. Палітбюро ЦК ВКП(б) М.А.Вазнясенскі, сакратар ЦК ВКП(б) А.​А.​Кузняцоў, старшыня СМ РСФСР М.​І.​Радзіёнаў, 1-ы сакратар Ленінградскага абкома партыі П.​С.​Папкоў, расстраляны, астатнія асуджаны на працяглыя тэрміны турэмнага зняволення. У Ленінградзе па гэтай справе рэпрэсіравана каля 2000 чал. Пазней усе асуджаныя па Л.с. рэабілітаваны, большасць пасмяротна.

т. 9, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫВА́Н (перс. канцылярыя, установа),

у мусульманскіх краінах у сярэдневякоўі падаткова-фін. ведамства. У Асманскай імперыі і некат. іншых краінах — рада пры кіраўніку дзяржавы. У некат. сучасных дзяржавах Б. і Сярэдняга Усходу — урадавыя ўстановы па адм. і суд. справах.

т. 6, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАРАГАЦЫ́ЙНЫЯ ПАГАДНЕ́ННІ ў міжнародным праве,

пагадненні, якія ўстанаўліваюць падсуднасць: суд або арбітраж якой краіны кампетэнтны вырашаць спрэчкі па знешнегандлёвых здзелках, што могуць узнікнуць паміж дагаворнымі бакамі. У выпадках, калі ўзнікае спрэчка, бакі могуць выбраць шляхам пагаднення любую падсуднасць.

т. 13, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКУРО́Р (франц. procureur ад лац. procurare клапаціцца),

службовая асоба органаў пракуратуры, надзеленая паўнамоцтвамі па ажыццяўленні пракурорскага нагляду. Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Закона «Аб Пракуратуры Рэспублікі Беларусь» ад 29.1.1993 П. у межах сваёй кампетэнцыі прымае ўдзел у суд. разглядзе цывільных і крымін. спраў, спраў аб адм. правапарушэннях у выпадках, калі гэта прадугледжана законам або прызнана неабходным самім П., апратэстоўвае супярэчныя закону або неабгрунтаваныя рашэнні, прыгаворы, вызначэнні і пастановы судоў. Аб’ём і межы паўнамоцтваў П., які ўдзельнічае ў суд. разглядзе спраў, вызначаюцца працэсуальным правам. П. незалежны ў ажыццяўленні сваіх паўнамоцтваў і кіруецца заканадаўствам; аднак ён не можа займацца паліт. дзейнасцю і ў сваёй службовай дзейнасці не павінен быць звязаны рашэннямі паліт. партый і грамадскіх аб’яднанняў, якія дамагаюцца паліт. мэт.

Г.​А.​Маслыка.

т. 12, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБВІНАВА́ЧАНЫ,

асоба, прыцягнутая да крымін. адказнасці ва ўстаноўленым законам парадку. Умовай прыцягнення асобы ў якасці абвінавачанага з’яўляецца наяўнасць дастатковых доказаў пра ўчыненне ёю злачынства. Прававое становішча абвінавачанага (працэсуальныя гарантыі, права на абарону і інш.) вызначаецца законам. Абвінавачаны, аддадзены пад суд, наз. падсудным.

т. 1, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫКАНА́ЎЧАЕ ВЯДЗЕ́ННЕ,

заключная стадыя цывільнага працэсу, у якой прымусова ажыццяўляюцца правы, пацверджаныя рашэннем суда. У Рэспубліцы Беларусь у парадку для выканання суд. рашэнняў выконваюцца таксама пастановы і рашэнні гасп. і трацейскіх судоў, выканаўчыя надпісы натарыяльных органаў і інш. Выканаўчае вядзенне ажыццяўляе судовы выканаўца.

т. 4, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРТЫЛЬЁН, Бертыён (Bertillon) Альфонс (22.4.1853, Парыж — 13.2.1914), французскі крыміналіст. Распрацаваў сістэму прыёмаў раскрыцця злачынства — судовую ідэнтыфікацыю, якая да пач. 20 ст. наз. бертыльянаж; потым выцеснена дактыласкапіяй. Удзельнічаў у суд. працэсе па справе Дрэйфуса ў якасці эксперта і даў памылковае заключэнне, па якім той быў асуджаны.

т. 3, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПУ́СЦІН (Аляксандр Пятровіч) (12.2.1924, в. Старая Рудня Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. — 16.10.1996),

бел. пісьменнік. Скончыў Гомельскі настаўніцкі ін-т (1955), Вышэйшыя юрыд. курсы ў Маскве (1959). Працаваў у органах юстыцыі, у газ. «Гомельская праўда», у БелТА, з 1973 у газ. «Літаратура і мастацтва» (у 1974—96 нам. гал. рэдактара). Друкаваўся з 1943. Першы зб. прозы «Суд ідзе» (1959). У творах узнімаў маральна-этычную і прававую праблематыку сучаснасці: зб-кі аповесцей, апавяданняў, нарысаў «Суд вырашыў...» (1975), «Покліч сэрца», «Белыя гусі лета прарочаць» (абодва 1976), «Размова ў дарозе» (1977), «Скажу праўду» (1979), «Быць чалавекам» (1981), «Дружба вывела да зорак» (1985) і інш. Пісаў гумарэскі, гумарыст. апавяданні, публіцыст. артыкулы. Перакладаў з рус. і польск. моў.

Тв.:

Рэха даўніх баёў. Мн., 1984;

Гудок далёкага поезда Мн., 1986;

Салёная раса. Мн., 1988.

т. 8, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТВІ́Н (Міхалон) (сапр. Цішкевіч Міхайла),

бел. гуманіст і мысліцель 16 ст. З шляхты. У 1538—40 пасол ВКЛ да крымскага хана Сагіб-Гірэя. Аўтар сац.-паліт. трактата на лац. мове «Аб норавах татараў, літоўцаў і масквіцян» [нап. каля 1550, выд. 1615 у Базелі (Швейцарыя)]. З пазіцый бяднейшай шляхты крытыкаваў сац.-паліт. адносіны, дзярж. лад, суд. ўстановы і феад. права ВКЛ, уклад жыцця духавенства і царк. парадкі, выступаў за правядзенне суд. рэформ. Прычынай сац. несправядлівасці лічыў «сапсаванасць нораваў», таму ідэалам абвяшчаў грамадства без маёмаснай няроўнасці, асуджаў імкненне да раскошы і марнатраўства. У справе перабудовы грамадска-паліт. адносін заклікаў звяртацца да вопыту суседніх народаў (рускіх, татараў і інш.).

Літ.:

Сокол С.Ф. Социологическая и политическая мысль в Белоруссии во II половине XVI в. Мн., 1974. С. 37—63.

С.​Ф.​Сокал.

т. 9, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРА́ЛЬНАЯ ШКО́ДА ў праве,

фізічныя і маральныя пакуты, што прычыняюцца грамадзяніну неправамернымі дзеяннямі, якія парушаюць яго асабістыя немаёмасныя правы (даброты). Да такіх правоў адносяцца гонар і годнасць асобы, аўтарскія правы, а таксама інш. нематэрыяльныя даброты. Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (арт. 60) грамадзяне ў адпаведнасці з законам правамоцны спагнаць з парушальніка ў суд. парадку і маёмасную шкоду і матэрыяльнае кампенсаванне М.ш. Як правіла, кампенсацыя М.ш. належыць пры наяўнасці віны парушальніка. Аднак у выпадках, прама прадугледжаных заканадаўствам, напр., пры прычыненні шкоды жыццю і здароўю крыніцай павышанай небяспекі (трансп. сродкі і да т.п.) незалежна ад віны яе ўладальніка М.ш. павінна быць кампенсавана. Пры вызначэнні памераў кампенсацыі М.ш. суд абавязаны ўлічваць ступень маральных і фіз. пакут пацярпелага і віны парушальніка, інш. акалічнасцей, і зыходзіць з патрабаванняў разумнасці і справядлівасці.

А.​П.​Марыкаў.

т. 10, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)