ЗАГАРТО́ЎКА,

тэрмічная апрацоўка матэрыялаў, якая робіцца іх награваннем і наступным хуткім ахаладжэннем з мэтай фіксацыі (замацавання) высокатэмпературнага стану або прадухілення (падаўлення) непажаданых працэсаў, што адбываюцца пры павольным ахаладжэнні. З. магчыма толькі для рэчываў, раўнаважны стан якіх пры высокай т-ры адрозніваецца ад раўнаважнага стану пры нізкай т-ры (крышт. структурай, канцэнтрацыяй, дэфектнасцю). У выніку З. ствараецца адносна ўстойлівы (метастабільны) стан, які пры награванні пераходзіць у больш стабільны. З. апрацоўваюць металы, іх сплавы, шкло і інш.

Найб. пашырана З. сталі. Награваннем вышэй за крытычную т-ру сталь пераводзіцца ў стан аўстэніту — цвёрдага раствору вугляроду і легіравальных элементаў у гама-жалезе, што дазваляе растварыць у аўстэніце карбіды і рэалізаваць уплыў легіравальных элементаў і вугляроду на ўласцівасці сталі. Пры ахаладжэнні з пэўнай скорасцю падаўляецца распад аўстэніту на ферытна-карбідную сумесь і адбываецца бездыфузійнае (зрухавае) пераўтварэнне аўстэніту ў мартэнсіт. Пры гэтым рэзка павялічваецца цвёрдасць, трываласць, магн. насычэнне і зніжаецца пластычнасць сталі. Пасля З. сталі абавязковы водпуск, які забяспечвае зададзенае спалучэнне цвёрдасці, трываласці, вязкасці і пластычнасці. Загартоўваюць таксама старэючыя сплавы (для атрымання перанасычанага цвёрдага раствору, які распадаецца пры старэнні з умацаваннем), вадкасці (для фіксацыі шклопадобнага стану), шкло (для зніжэння дэфектнасці і паляпшэння мех. уласцівасцей) і інш. Пры З. цвярдзеюць толькі сталі, якія загартоўваюцца на мартэнсіт; З. металічных сплаваў (старэючых, накляпаных і інш.) суправаджаецца зніжэннем цвёрдасці.

Літ.:

Курдюмов Г.В. Явления закалки и отпуска стали. М., 1960.

Г.​Г.​Паніч.

т. 6, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЫЗЫЛКУ́М (цюрк. чырвоныя пяскі),

пясчаная пустыня ў міжрэччы Амудар’і і Сырдар’і, на тэр. Узбекістана, Казахстана і Туркменістана. Абмежавана на ПнЗ Аральскім м., на ПнУ р. Сырдар’я, на У адгор’ямі Цянь-Шаня і Паміра-Алая, на ПдЗ р. Амудар’я. Пл. 300 тыс. км². З’яўляецца раўнінай з агульным нахілам на ПнЗ (выш. ад 300 м на ПдУ да 53 м на ПнЗ), мае замкнёныя ўпадзіны і ізаляваныя моцна расчлянёныя астанцовыя горы — Букантау (764 м), Кульджуктау (785 м), Тамдытау (922 м) і інш., складзеныя з моцна дыслацыраваных і метамарфізаваных палеазойскіх сланцаў, рагавікоў, вапнякоў, гранітаў. Горы пустынныя з выраўнаванымі вяршынямі, скалістымі схіламі. Радовішчы карысных выкапняў: золата (Мурынтау), газ (Газлі). Раўнінныя ўчасткі складзены пераважна з кайназойскіх глін і пяскоў, шмат такыраў. Пераважную ч. пустыні займаюць градавыя паўзамацаваныя масівы пяскоў, трапляюцца барханы. К. размешчана ў асноўным у сярэдняй падзоне пустынь умеранага пояса, а на Пд — на пераходзе да субтрапічных пустынь. Клімат рэзка кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. 0—-9 °C, ліп. 26—29 °C. Ападкаў 100—200 мм за год. Рэк няма, але знойдзены артэзіянскія басейны. Глебы шэра-бурыя, пясчаныя; ёсць саланчакі, саланцы. У раслінным покрыве пераважаюць эфемеры, саксаул, кандым, пясчаная акацыя, палын. Характэрныя прадстаўнікі жывёльнага свету: антылопа-джэйран, воўк, грызуны, паўзуны; саксаульная сойка, чубаты жаваранак, драфа. У межах К. — Каракульскі, Кызылкумскі, Бадай-Тугай і Варданзінскі запаведнікі. Паліўное земляробства, гадоўля коз і авечак.

т. 9, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕРАСЛА́ЎСКІ ((Mieroslawski) Людвік) (17.1.1814, г. Немур, Францыя — 22.11.1878),

польскі паліт. дзеяч, пісьменнік, ваенны гісторык. Генерал. Вучыўся ў кадэцкім корпусе ў г. Каліш. Удзельнік паўстання 1830—31. Потым у эміграцыі ў Францыі, чл. масонскай ложы. У 1834—36 дзеяч «Маладой Польшчы», з 1839 — Аб’яднання польск. эміграцыі. З 1843 чл. Польскага дэмакратычнага таварыства (з 1845 у яго кіраўніцтве); прызначаны кіраўніком запланаванага нац.-вызв. паўстання. У 1845 прыехаў у Велікапольшчу, дзе арыштаваны прускімі ўладамі і асуджаны да смяротнага пакарання (1847). Вызвалены ў выніку рэвалюцыі 1848 у Германіі, узначаліў паўстанцкія атрады ў Велікапольшчы. У 1849 узначаліў паўстанне на Сіцыліі (атрымаў чын генерала), потым армію бадэнска-пфальцкіх паўстанцаў. У 1861—62 кіраваў польск. вайсковай школай у г. Генуя (Італія). У 2-й пал. 1862 рэзка выступаў супраць крыла «чырвоных» у Цэнтральным нацыянальным камітэце і заснаваў апазіцыйны Нац.-рэв. камітэт; адстойваў канцэпцыю аднаўлення Польшчы ў межах да 3 падзелаў Рэчы Паспалітай, не прызнаваў нац. своеасаблівасці Беларусі, Літвы і Украіны. У пач. паўстання 1863—64 абвешчаны яго дыктатарам, пацярпеў 2 паражэнні і выехаў у Францыю. Аўтар прац «Паўстанне польскага народа ў 1830 і 1831 гг.» (т. 1—8, 1845—87), «Крытычны разбор кампаніі 1831 г...» (1845), «Пазнанскае паўстанне ў 1848 г.» (1852), «Дзённіка (1861—1863)» (выд. 1924).

Літ.:

Chmiel L. General Ludwik Mierostawski, 1814—1878. Warszawa, 1975.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 10, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́ТВА ЗА АТЛА́НТЫКУ 1939—45,

барацьба Вялікабрытаніі і ЗША супраць фаш. Германіі і Італіі за камунікацыі ў Атлантычным акіяне, Міжземным, Нарвежскім, Паўночным і інш. морах у час 2-й сусв. вайны. Германія разлічвала, што дзеянні яе падводных лодак, надводных караблёў і самалётаў перарвуць жыццёва важныя для Вялікабрытаніі камунікацыі ў Атлантыцы і прымусяць яе выйсці з вайны. Вялікабрытанія і ЗША імкнуліся абараніць свае водныя камунікацыі і дасягнуць перавагі на атлантычным тэатры ваен. дзеянняў. У вер. 1939 — чэрв. 1941 у баях удзельнічалі з абодвух бакоў нязначныя сілы. Аднак атакі нават малой колькасці ням. падлодак былі эфектыўныя, бо процілодачныя сістэмы саюзнікаў аказаліся недастаткова падрыхтаваныя. У ліп. 1941 — сак. 1943 асн. сілы ням. авіяцыі і надводных караблёў дзейнічалі супраць СССР. Цяжкія страты вермахта на сав.-герм. фронце паспрыялі саюзнікам, яны значна ўмацавалі свае сілы (у сак. 1943 мелі каля 3000 караблёў і 2700 самалётаў супраць 100—130 ням. падлодак) і нанеслі праціўніку значныя страты. Гэтыя абставіны, а таксама выхад з вайны Італіі ў вер. 1943, высадка саюзнікаў у Паўн. Францыі ў чэрв. 1944, колькасны і якасны рост сіл і сродкаў іх процілодачнай абароны рэзка зменшылі эфектыўнасць дзеянняў ням. падлодак у 1943—45. Агульныя страты саюзных і нейтральных дзяржаў у бітве за Атлантыку склалі 4245 транспартаў. Германія і Італія страцілі 705 караблёў і 81 падлодку. Яны не здолелі парушыць камунікацыі Вялікабрытаніі і ЗША у Атлантыцы і нанеслі адчувальныя страты іх ваен.-эканам. патэнцыялу.

т. 3, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВЫ́Д-ГАРАДО́ЦКА-ТУ́РАЎСКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення Усх. Палесся. Бытаваў у асяроддзі мяшчан невял. гарадоў (Тураў, Давыд-Гарадок, Столін), мястэчак і буйных вёсак у 19 — пач. 20 ст. Рэзка вылучаўся сярод інш. строяў ускладненымі сілуэтамі жан. касцюма з арыгінальнымі галаўнымі ўборамі.

Аснову жан. летняга гарнітура складалі кашуля, спадніца, гарсэт (або куртка), фартух, пояс. Кашулю шылі з кужалю або белага «сарвету» (баваўнянай фабр. тканіны), з шырокім адкладным каўняром. У гарадчанак яна сціпла або зусім не аздаблялася, у тураўлянак аздаблялася на рукавах і каўняры раслінным або раслінна-зааморфным арнаментам, вышытым крыжыкам у чырвона-чорнай гаме. Спадніцу-андарак шылі з даматканага гладкафарбаванага цёмна-сіняга або чырвона-бурачковага сукна, спадніцу-сукню — з фабр. цёмнай шарсцянкі, па нізе нашывалі стужкі галуну. Гарсэт (кабат, шнуроўка) з чырвонага, фіялетава-сіняга ўзорыстага або гладкафарбаванага атласу, саціну ці парчы часта прышываўся да спадніцы ў выглядзе ліфа. Фартух аднаполкавы з фабр. цёмных тканін. Гарсэт, спадніцу і фартух падпяразвалі шырокім выплеценым або тканым поясам. Экзатычны і падкрэслена самавіты вобраз жан. касцюма стваралі арыгінальныя галаўныя ўборы галовачка і падушачка. Жанчыны насілі масіўныя нагрудныя ўпрыгожанні — чаканеныя з латуні вял. крыжы мясц. работы, пацеркі з натуральных камянёў і металу, абразкі, а таксама пярсцёнкі. Мужч. адзенне, блізкае да адзення гараджан, вызначалася высокім кравецкім майстэрствам, стрыманым аздабленнем (вышыўка шнуром, аплікацыя, нашыўка з футра і інш.). Летні гарнітур складаўся з кашулі, нагавіц, камізэлькі; галаўны ўбор — капялюш, зімой — разнастайныя варыянты магеркі. Верхнім мужч. і жан. адзеннем былі кажухі, курткі, світы.

М.​Ф.​Раманюк.

т. 5, с. 567

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУНЬЛУ́НЬ, Куэнь-Лунь,

адна з найб. горных сістэм свету, у Кітаі. Цягнецца з 3 на У ад Паміра да Сіна-Тыбецкіх гор на 2700 км, шыр. ад 150 км на 3 да 600 км на У. Найб. выш. 7723 м (г. Улугмузтаг). Адносныя перавышэнні паўн. схілаў над Тарымскай (Кашгарскай) раўнінай і пустыняй Алашань 4500—5000 м, паўд. схілаў над Тыбецкім нагор’ем — 1000—1500 м. Асн. хрыбты: Кашгарскі, Рускі, Алтынтаг, Аркатаг (Пржавальскага; г. Чонг-Карлыктаг — Шапка Манамаха, 7720 м), Баян-Хара-Ула. Да К. часта адносяць і Наньшань. Характэрны шырокія слабарасчлянёныя водападзелы, стромкія паўн. і пакатыя паўд. схілы; шматлікія восыпы. К. належыць да палеазойскіх складкавых утварэнняў, амалоджаны альпійскім арагенезам. Складзены пераважна з гранітаў, метамарфічных і інш. парод. Ва Усх. К. праяўленні навейшага вулканізму (каля вытоку р. Керыя і хр. Аркатаг). Радовішчы россыпнага золата; рудапраяўленні жалеза, волава, вальфраму; вядомы: вугаль, нефрыт, горны хрусталь, алмазы. Ледавікі невялікія, агульнай пл. 11,6 тыс. км². Асн. вузлы зледзянення размешчаны на вышыні каля 7000 м. Клімат сухі, умераны, рэзка кантынентальны. У высокай зоне т-ры студз. да -35 °C, ліп. каля 10 °C. Ападкаў ад 50 мм на 3 да 500 мм за год на У. Рэкі кароткія, малаводныя, на Усх. К. воз. Кукунор. Горныя пустыні і стэпы, на паўн. схілах невял. ўчасткі лясоў і лугоў. Фауна: горны баран, горны казёл, кулан, воўк, ліс, зрэдку дзікі як, мядзведзь, снежны барс; шмат грызуноў: суркі, палёўкі, пішчухі. Качавая жывёлагадоўля. Да выш. 3600 м — аазіснае земляробства (ячмень, пшаніца).

т. 9, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГАДА́НСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана на ПнУ Рас. Федэрацыі. Абмываецца Ахоцкім м. Утворана 3.12.1953. Пл. 461,4 тыс. км². Нас. 258 тыс. чал. (1997), гарадскога 90%. Цэнтр — г. Магадан.

Прырода. Паверхня гарыстая. Цэнтр. ч. займаюць адгор’і Чэрскага хрыбта (выш. да 2586 м), усх.Калымскае нагор’е (выш. да 1962 м ва Амсукчанскім хр.). Карысныя выкапні: золата, волава, вальфрам, ртуць, каменны і буры вугаль. Клімат рэзка кантынентальны, суровы. Сярэднія т-ры студз. ад -19 °C да -23 °C на ўзбярэжжы Ахоцкага м. і -38 °C ва ўнутр. ч. вобласці, ліп. адпаведна 12 °C і 16 °C. Ападкаў 300—700 мм за год. Шматгадовая мерзлата. Густая рачная сетка. Гал. рака — Калыма. Глебы горна-лясныя падзолістыя. Расліннасць — рэдкастойная лістоўнічная тайга. На тэр. вобласці — Магаданскі запаведнік.

Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці: горназдабыўная (золата — Сусуманскі і Ягаднінскі горна-абагачальныя камбінаты, серабро — Дукацкі горна-абагачальны камбінат, волава, вальфрам, вугаль — разрэз «Тал-Юрах»), электраэнергетыка (Калымская ГЭС), харч. (рыбная, мясная, малочная), машынабудаванне і металаапрацоўка (вытв-сць і рамонт горнага абсталявання, паліўнай апаратуры, суднарамонт), лёгкая (гарбарна-абутковая, швейная). Вытв-сць буд. матэрыялаў. Спецыфіка сельскай гаспадаркі — развіццё аленегадоўлі, зверагадоўлі і пушнога промыслу. Малочна-мясная жывёлагадоўля, свінагадоўля, птушкагадоўля. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 0,3% тэрыторыі, у т. л. пад ворнымі землямі 24%. Вырошчваюць бульбу, агародніну, кармавыя культуры. Гал. від транспарту — марскі (порт — Магадан) і аўтамабільны. Асн. аўтадарогі Магадан—Сусуман—Кадыкчан і далей на тэр. Рэспублікі Саха (Якуція) і Калымскі тракт. Суднаходства па р. Калыма. Значная роля паветр. транспарту. Бальнеагразевы курорт Талая.

т. 9, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРА́Т ((Marat) Жан Поль) (24.5.1743, г. Будры, Швейцарыя — 13.7.1793),

французскі паліт. дзеяч, вучоны, публіцыст. Д-р медыцыны (1775). У 1762—65 вывучаў у Парыжы медыцыну, філасофію, прыродазнаўства. З 1765 у Вялікабрытаніі, дзе набыў вядомасць працамі ў галіне медыцыны, фізікі і паліталогіі. З 1776 зноў у Парыжы, працаваў урачом. У паліт.-юрыд. трактаце «План крымінальнага заканадаўства» (1780) сцвярджаў, што крымін. законы складзены багатымі ў сваіх інтарэсах, права ўладання выцякае з права на жыццё і таму бедныя маюць права на паўстанне супраць прыгнятальнікаў. З першых дзён французскай рэвалюцыі 1789—99 яе актыўны ўдзельнік на баку радыкальна-дэмакр. сіл. З вер. 1789 выдаваў газету «L’Ami du peuple» («Сябра народа»), у якой адстойваў эканам. і паліт. інтарэсы гар. беднаты, рэзка выступаў супраць лідэраў правячага ліберальна-дэмакр. блока (Ж.Некера, А.Г.Р.Мірабо, М.Ж. дэ Лафаета). Зазнаў ганенні ўлад, выдаваў газету ў падполлі, у студз.—маі 1790 і снеж. 1791 — крас. 1792 хаваўся ў Англіі. Пасля звяржэння манархіі (10.8.1792) чл. Назіральнага к-та Камуны Парыжа, з вер. 1792 — дэп. Канвента ад Парыжа. Выступаў з ідэяй масавага тэрору супраць ворагаў рэвалюцыі і спекулянтаў, на баку якабінцаў вёў барацьбу супраць жырандыстаў. У крас. 1793 працягнуты жырандыстамі да суда Рэв. трыбунала па абвінавачанні ў закліках да роспуску Канвента, забойстваў і рабаўніцтваў, але быў апраўданы. З М.Рабесп’ерам і інш. якабінцамі падрыхтаваў нар. паўстанне ў Парыжы 31.5—2.6.1793, якое прывяло да падзення ўлады жырандыстаў і ўстанаўлення якабінскай дыктатуры. Забіты Ш.​Кардэ, звязанай з жырандыстамі.

Літ.:

Манфред А.З. Марат. М., 1962.

Ж.П.Марат.

т. 10, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДВО́ДНА-ТЭХНІ́ЧНЫЯ РАБО́ТЫ,

будаўніча-мантажныя, рамонтныя, эксплуатацыйныя і інш. работы, якія выконваюцца пад вадой вадалазамі. Праводзяцца з берага, прычальных сценак, плывучых сродкаў (вадалазных рэйдавых ботаў, плытоў, спецыяльна абсталяваных Плашкоўтаў). Жыццядзейнасць вадалазаў пад вадой забяспечвае разнастайны вадалазны рыштунак: гідракамбінезоны, скафандры, аквалангі, шлангавыя і інш. апараты.

П.-т.р. выкарыстоўваюцца: пры абследаванні дна акваторый і фарватэраў, падводнай часткі гідратэхн. збудаванняў (ГТЗ); буд-ве шпунтавых сценак, палевых збудаванняў, апускных калодзежаў, набярэжных, агараджальных і суднападымальных збудаванняў і інш; пракладцы трубаправодаў, кабеляў і інш камунікацый; цэментацыі муравання, ачыстцы і афарбоўцы паверхняў, аднаўленні дэфармацыйных швоў і інш. рамонтных і абслуговых работах падводных частак ГТЗ; днопаглыбляльных работах, ачыстцы водных шляхоў, падняцці затанулай тэхнікі і г.д. Асн. віды П.-т.р.: падводныя земляныя работы, якія выконваюцца землечарпальнымі снарадамі, землясоснымі снарадамі, гідраэлеватарамі, гідраманіторамі, эрліфтамі, скрэпернымі ўстаноўкамі і інш.; падводнае бетанаванне спосабамі вертыкальна перасоўнай трубы і ўзыходзячага раствору; п а д водныя выбуховыя работы, якія праводзяць пры разбурэнні рэшткаў метал., каменных і бетонных канструкцый з дапамогай накладных, шпуравых і свідравінных (калонкавых) зарадаў выбуховых рэчываў; падводная зварка і рэзка; пракладка трубаправодаў працягваннем па дне, свабодным апусканнем з дапамогай плывучых кранаў, нарошчваннем з плывучых сродкаў.

На Беларусі асобныя віды П.-т.р. выконваюць вадалазныя станцыі, напр., на Вілейска-Мінскай воднай сістэме, прадпрыемствах рачнога флоту.

Літ.:

Годес Э.Г., Нарбут Р.М. Строительство в водной среде: [Справ.] 2 изд. Л., 1989;

Забела К.А., Кушнирюк Ю.Г. Пособие по подводно-техническим работам в строительстве. Киев, 1975.

В.​Б.​Корбут.

т. 11, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТАСТРО́Ф ТЭО́РЫЯ, катастрафізм,

1) геал. канцэпцыя, паводле якой гісторыя Зямлі — гэта чаргаванне адносна спакойных працяглых перыядаў і кароткіх катастрафічных падзей, якія рэзка змяняюць рэльеф зямной паверхні і знішчаюць усё жывое. Пачатак вывучэння праблемы катастроф звязваюць з натурфіласофіяй стараж.-грэч. мысліцеляў. Ідэі наіўнага катастрафізму назіраліся ў прыродазнаўстве і філасофіі Новага часу, у аказіяналістычных уяўленнях 18 ст., дзе прычынай кожнай такой з’явы лічыўся Бог. Грандыёзныя змены на паверхні Зямлі тлумачылі дзеяннем надзвычайных сіл разавага характару. У класічным выглядзе К. т. была вылучана ў 1812 франц. вучоным Ж.​Кюўе. На аснове таго, што кожнаму геал. адрэзку часу адпавядаюць свае віды жывёл і раслін, ён прыйшоў да высновы аб шматразовых грандыёзных катастрофах на Зямлі, што прыводзілі да гібелі ўсяго жывёльнага і расліннага свету, які кожны раз адраджаўся нанава ў новых формах. Ідэі Кюўе развівалі А.​Д.​Д’Арбіньі, Ж.Л.​Р.​Агасіс, А.​Седжвік і інш. У неакатастрафізме (узнік у 1-й пал. 20 ст.) адрозніваюць 2 асн. кірункі: адзін звязаны з прызнаннем перыядычнага характару змен фактараў і прычын эвалюцыі (О.​Шындэвольф і інш.), другі зыходзіць з прызнання абіятычных (неарганічных) фактараў касм. паходжання, якія дзейнічаюць раптоўна (радыяцыя, падзенне метэарытаў і інш., Р.​Ведэкінг, К.​Бойрлен, Э.​Даке).

2) Тэорыя, якая вывучае прычыны ўзнікнення, характар працякання, спосабы і метады прадказання, прадухілення і пераадолення вынікаў катастроф.

Літ.:

Кювье Ж. Рассуждение о переворотах на поверхности земного шара: Пер. с фр. М.; Л., 1937;

Постон Т., Стюарт И. Теория катастроф и ее приложения: Пер. с англ. М., 1980;

Крисаченко В.С. Природные катастрофы. Киев, 1989;

Арнольд В.И. Теория катастроф. 3 изд. М., 1990.

В.​А.​Вадап’янаў.

т. 8, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)