МАГНІТАСТРЫ́КЦЫЯ (ад магніт + лац. strictio сцісканне, нацягванне),
змена памераў і формы цела пры намагнічванні. Выяўлена для жалеза Дж.П.Джоўлем у 1842. Адлюстроўвае ўзаемасувязь падсістэм атамных магнітных момантаў і крышталічнай рашоткі; уласціва ўсім рэчывам.
Тлумачыцца тым, што ўзаемадзеянні, якія вызначаюць магн. стан крышталя, залежаць ад адлегласці паміж атамамі (ці іонамі). Змены магн. стану пры зменах магн. поля, т-ры, пругкіх напружанняў і інш. вядуць да зрушэння атамаў і іонаў ад стану раўнавагі і тым самым да дэфармацыі цела. Характарызуецца адноснай зменай лінейных памераў цела λ = Δl/l (лінейная М.) або аб’ёму (аб’ёмная М.) і залежыць ад напрамку вымярэння адносна знешняга магн. поля. Пры вымярэннях уздоўж поля М. наз. падоўжнай, перпендыкулярна полю — папярочнай, напр., у фера- і ферымагнетыках λ дасягае 10−2, у антыфера-, пара- і дыямагнетыках — да 10−6. Гл. таксама Магнітастрыкцыйныя матэрыялы.
Літ.:
Белов К.П. Магнитострикционные явления и их технические приложения. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ФАС (ад грэч. pathos пакута, пачуццё, страсць),
натхненне, захапленне, уздым; ідэйна-эмацыянальнае асэнсаванне і ацэнка, «пануючы строй пачуццяў» (Ф.Шылер) у маст. творы, ці ўсёй творчасці аўтара. Звычайна П. супрацьпастаўляўся этасу. У ант. эстэтыцы з П. звязвалі змены ў стане героя пад уплывам трагічных абставін, напружаную і бурную рэакцыю на іх, разбурэнне ўнутранай раўнавагі. Арыстоцель разглядаў П. як неабходны элемент трагедыі, характарызаваў яго як пакуты, страх. У развіцці тэорыі П. існуюць 2 тэндэнцыі: адна звязана з распрацоўкай паэт. і аратарскага стылю (рыторыка), выразных сродкаў стварэння эмацыянальна насычанай патэт. мовы (у жанрах оды, трагедыі, гімна, гл.Патэтычнае), другая — з разуменнем П. як элемента ўласна маст. стылю, ідэйна-эмацыянальных адносін мастака да адлюстраванага ім свету. У гэтым сэнсе П. выступае ў творах у адзінстве з тэмай і ідэяй. У мастацтвазнаўстве і эстэтыцы адрозніваюць П. трагічны, драм., гераічны, сентыментальны, рамант., лірычны, сатыр., гумарыстычны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ГІ,
прылада для вымярэння масы цела па ўздзеянні на яго сілы цяжару; прылада для вымярэння фіз. велічынь, што характарызуюцца сілай або момантам сілы. Найб. пашыраны рычажныя вагі, прынцып дзеяння якіх засн. на законах раўнавагірычага; спружынныя — на Гука законе. У электронных вагах мерай вагі цела з’яўляюцца эл. велічыні (сіла току або напружанне). Гідраўлічныя вагі па сваёй будове падобныя на гідраўлічны прэс. Адлік паказанняў праводзяць па манометры, які праградуіраваны ў адзінках масы.
Паводле прызначэння адрозніваюць метралагічныя ўзорныя (для праверкі гіраў), лабараторныя (вагі аналітычныя, мікрааналітычныя, прабірныя і інш.) і агульнага прызначэння, паводле прынцыпу дзеяння — рычажныя (напр., шалі, бязмен), квадрантавыя, спружынныя, электронныя, гідрастатычныя (гл.Гідрастатычнае ўзважванне) і гідраўлічныя (пнеўматычныя); па найб. мяжы ўзважвання вагі агульнага прызначэння падзяляюць на настольныя (да 50 кг), перасоўныя (да 6 т), стацыянарныя (аўтамабільныя, вагонныя, бункерныя і інш.; да 200 т).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТЫ́Т [ад грэч. us(ōtos) вуха + ...іт],
запаленне вуха. Адрозніваюць атыт вонкавы, сярэдні і ўнутраны. Вонкавы — запаленне вушной ракавіны і вонкавага слыхавога праходу ў выніку траўматызму і пранікнення інфекцыі. Суправаджаецца болем у вуху, гноепадобнымі выдзяленнямі, зніжэннем слыху, ацёчнасцю вушной ракавіны. Сярэдні востры (запаленне барабаннай поласці, еўстахіевай трубы) узнікае пры пранікненні ў поласць сярэдняга вуха мікробаў. Прыкметы: колючы боль у вуху, паніжэнне слыху, павышэнне тэмпературы цела. Сярэдні хранічны цягнецца гадамі, у барабаннай перапонцы ўтвараецца ўстойлівая адтуліна, з вуха цячэ гной, паніжаецца слых. Унутраны (запаленне ўнутр. вуха — вушнога лабірынта), лабірынт гнойны, калі гінуць канцы слыхавога нерва ў лабірынце вуха, што прыводзіць да страты слыхавой і вестыбулярнай функцый, і лабірынтыт серозны — ацёк тканкі; пасля завяршэння працэсу вестыбулярная функцыя аднаўляецца, слыхавая — часткова. Сімптомы: галавакружэнне, расстройства раўнавагі, млоснасць, ірвота, зніжэнне або поўная страта слыху. Лячэнне тэрапеўтычнае, фізіятэрапеўтычнае, у цяжкіх выпадках — хірургічнае. Атыты могуць прыводзіць да глухаты, менінгітаў, абсцэсаў мозгу, сепсісу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́МАКС, клімактэрый (ад грэч. klimax лесвіца),
1) перыяд пераходу ад палавой сталасці да пажылога ўзросту ў чалавека і малп. У большасці жывёл амаль не выяўлены (пасля згасання палавой функцыі яны хутка драхлеюць і гінуць). У жанчын К. настае ва ўзросце 45—55 гадоў, у мужчын — 50—60. Звязаны з узроставымі інвалюцыйнымі працэсамі ў палавых залозах і рэгулюючых сістэмах (коркавыя нервовыя цэнтры і гіпаталамус). У жанчын заканчваецца менапаузай (выпадзенне менструальных цыклаў, авуляцый, здольнасці цяжараць). Пры познім К. мужчыны здольны даваць патомства да глыбокай старасці. Паталагічны К. суправаджаецца эндакрыннымі, вегетатыўнымі і псіхічнымі парушэннямі ў форме клімактэрычнага сіндрому (прылівы гарачыні, пачашчанае сэрцабіцце, патлівасць, галавакружэнні, парушэнні абмену рэчываў, сну і інш.). Лячэнне тэрапеўтычнае.
2) К. у фітацэналогіі — заключная стадыя развіцця біяцэнозу, на якой ён знаходзіцца дастаткова доўгі час у стане дынамічнай раўнавагі з навакольным асяроддзем. Залежыць ад клімату, глеб, антрапагеннага ўздзеяння. Паняцце К. дазваляе прадбачыць кірунак натуральнай змены расліннасці, што важна пры эксплуатацыі лясных, лугавых і стэпавых угоддзяў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ТЭРНІХ, Метэрніх-Вінебург (Metternich-Winneburg) Клеменс Венцэль фон (15.5.1773, г. Кобленц, Германія — 11.6.1859), аўстрыйскі дзярж. дзеяч, дыпламат. Князь (1803). Са стараж. дваранскага роду. З 1801 аўстр. пасланнік у Саксоніі, з 1803 — у Прусіі, з 1806 — у Францыі. У 1809—21 міністр замежных спраў і фактычна кіраўнік аўстр. ўрада, у 1821—48 прыдворны і дзярж. канцлер. Напачатку праводзіў курс на збліжэнне з Францыяй. Пасля разгрому войск Напалеона I у Расіі заключыў у 1813 з Расіяй і Прусіяй Райхенбахскую канвенцыю аб саюзе. У час Венскага кангрэса 1814—15 дамогся стварэння Герм. саюза на чале з Аўстрыяй; падпісаў у снеж. 1815 сакрэтны дагавор з прадстаўнікамі Вялікабрытаніі і Францыі супраць Расіі і Прусіі. М. — адзін з арганізатараў Свяшчэннага саюза 1815—33. Пасля рэвалюцыі 1848—49 у Аўстрыі эмігрыраваў у Вялікабрытанію, з 1849 у Бельгіі. У 1851 вярнуўся ў Аўстрыю. Еўрап. гісторыкі лічаць М. міратворцам, стваральнікам канцэпцыі дзярж. ладу Еўропы пасля напалеонаўскіх войнаў і сістэмы еўрап.раўнавагі (сістэма М.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЧУ́ЦЦЯЎ О́РГАНЫ,
высокаспецыялізаваныя органы, з дапамогай якіх чалавек і жывёлы атрымліваюць інфармацыю з навакольнага асяроддзя.
Кожны П.о. складаецца з адчувальных (рэцэптарных) нерв. клетак і дапаможных структур; трансфармуе ў працэс нерв. ўзбуджэння толькі пэўны від энергіі, які ўздзейнічае на рэцэптары і перадае інфармацыю ў ц. н. с. Уяўляюць сабой сенсорныя сістэмы, складаюцца з 3 ч.: перыферычнай (рэцэптары), прамежкавай (перадача нерв. імпульсаў па правадных шляхах да падкоркавых цэнтраў), цэнтральнай (кара галаўнога мозга, дзе адбываецца аналіз і сінтэз адчуванняў). У залежнасці ад асаблівасцей развіцця, будовы, функцый нерв. і гліяльных кампанентаў П.о. падзяляюцца на 3 групы. Да 1-й адносяцца зроку органы і нюху органы; рэцэптарныя клеткі органаў зроку і нюху — нерв. (нейрасенсорныя). 2-я група: слыху органы, смаку органы, раўнавагі органы, утрымлівае гліяльныя клеткі (сенсаэпітэліяльныя), якія ўспрымаюць раздражненне і перадаюць узбуджэнне адчувальным нерв. клеткам. 3-я група: рэцэптарныя інкапсуляваныя і неінкапсуляваныя цельцы (перыферычныя ч. аналізатараў дотыку, ціску і інш.). П.о. садзейнічаюць найб. дасканаламу прыстасаванню арганізма да навакольнага асяроддзя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЬРА́С, Вальра (Walras) Мары Эспры Леон (16.12.1834, г. Эўрэ, Францыя — 5.1.1910), швейцарскі эканаміст, заснавальнік і буйнейшы прадстаўнік матэматычнай школы ў паліт. эканоміі. Праф. Лазанскага ун-та (1870—92). Родапачынальнік (з К.Менгерам і У.Джэвансам) гранічнай карыснасці тэорыі. Асн. твор — «Элементы чыстай палітычнай эканоміі» (ч. 1—2, 1883). Вальрас — стваральнік агульнай стат. мадэлі нар. гаспадаркі, вядомай пад назвай «сістэма агульнай эканамічнай раўнавагі», якая ахоплівала сферу вытв-сці, абмену, капіталу і грошай. У рэгуляванні працэсаў вытв-сці і спажывання адводзіў вял. ролю дзяржаве. У 1950—60-я г. мадэль Вальраса была пераўтворана сродкамі лінейнага праграмавання. Рацыянальны элемент яго мадэлі — пастаноўка экстрэмальнай задачы для нар. гаспадаркі (дасягненне макс. эфекту пры найменшых выдатках) і падыход да цэн як да састаўнога элемента пры адшуканні агульнага оптымуму. Ён лічыў, што «рэдкасць» таксама з’яўляецца элементам вартасці. Паслядоўнікі Вальраса — Г.Касель, А.Афтальён, І.Шумпетэр, В.Парэта.
Тв.:
Théorie mathématique de la richesse sociale. Lausanne, 1883;
Théorie de la monnaie. Paris, 1886;
Etude d’economie sociale, ou Théorie de la réparation de la richesse sociale. Lausanne;
Paris, 1896;
Etudes d’économie politique appliquée. Lausanne, 1896.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ГІ АНАЛІТЫ́ЧНЫЯ,
вагі для дакладнага вымярэння масы цела. Бываюць раўнаплечыя, аднаплечыя і электронныя. Манціруюцца на пластмасавай або шкляной аснове і змяшчаюцца ў спец. шафку. Забяспечваюцца прыстасаваннямі для павышэння дакладнасці і хуткасці ўзважвання: заспакойвальнікамі ваганняў каромысла, цеплавымі экранамі, механізмамі накладання і здымання ўбудаваных гіраў, найменнымі шкаламі і інш.
Апоры рычага (каромысла) вагі аналітычныя — прызмы і падушкі са спец. сталяў або цвёрдых камянёў (карунд, агат). Пункт апоры бывае пасярэдзіне (раўнаплечыя) ці зрушаны ад сярэдзіны рычага (аднаплечыя вагі аналітычныя). Асн. частка нагрузкі на адну з шаляў ураўнаважваецца гірамі на другой, астатняе вымяраецца па вугле адхілення каромысла ад становішча раўнавагі па найменнай шкале. Электронныя вагі аналітычныя маюць аналагавы і лічбавы выхад са стандартнымі сігналамі для далучэння да ЭВМ, дысплеяў, графапабудавальнікаў і інш. Прадугледжана магчымасць далучэння блока праграмнага кіравання. У памяці мікрапрацэсарнага блока закладзены праграмы для падрыхтоўкі да работы, праверкі функцыянавання, дыягностыкі дэфектаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭГРА́ЦЫЯ САЦЫЯ́ЛЬНАЯ,
сукупнасць працэсаў, якія забяспечваюць збліжэнне разнастайных элементаў, што ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, у сац. супольнасць, сістэму, цэлае; формы падтрымання сац. групамі пэўнай устойлівасці і раўнавагі грамадскіх адносін; здольнасць сац. сістэмы або яе частак да самазахавання шляхам пераадолення ўнутр. і знешніх супярэчнасцей, напружанняў і інш. Агульнапрынятай канцэпцыі і адзінага універсальнага паняцця І.с. пакуль што не выпрацавана. Як праблема агульнай тэорыі сацыякульт. сістэм займае важнае месца ў зах. сацыялогіі з 1950-х г. Э.Дзюркгейм, М.Вебер, В.Парэта інтэграцыю сац. сістэмы разглядалі ў сувязі з існаваннем агульных для яе членаў каштоўнасцей і норм. Уяўленні аб поўнай інтэграцыі грамадства развівалі прадстаўнікі функцыяналісцкай антрапалогіі (Б.Маліноўскі, А.Р.Радкліф-Браўн і інш.). Т.Парсанс увёў паняцці нарматыўнай і каштоўнаснай І.с. і разглядаў яе функцыі ў сац. сістэме. Тэарэтыкі нефункцыялісцкіх кірункаў (Р.Бендыкс, А.Гоўлднер) сцвярджалі, што на практыцы высокі ўзровень інтэграцыі недасяжны і нават шкодны, бо пазбаўляе сац. сістэму гнуткасці і рухомасці. У адпаведнасці з прынятым у амер. сацыялогіі падзелам грамадскай сістэмы на культ. і сац. падсістэмы адрозніваюць 4 тыпы І.с.: культурную, нарматыўную, камунікатыўную і функцыянальную.