АЎТАРЭГУЛЯ́ЦЫЯ ў прыродзе, прыродныя механізмы, якія забяспечваюць падтрыманне дынамічнай раўнавагі ў экалагічных сістэмах рознага ўзроўню — ад біягеацэнозаў да біясферы ў цэлым. Грунтуецца на прамых і зваротных функцыянальных сувязях паміж асобнымі кампанентамі экасістэм і накіравана на нейтралізацыю ўзрушэнняў, што ўзнікаюць пад уплывам вонкавых абіятычных, біятычных і антрапагенных фактараў, спрыяе самаразвіццю экасістэмы. Пры перавышэнні неспрыяльных для экасістэмы магчымасцяў аўтарэгуляцыя можа пераходзіць у стан дэградацыі і разбурэння. Вывучэнне механізмаў аўтарэгуляцыі дае магчымасць планаваць гасп. дзейнасць чалавека і вызначаць кірункі прыродаахоўных мерапрыемстваў. Аўтарэгуляцыя ўласціва асобным арганізмам і іх папуляцыям (самарэгуляцыя), спрыяе іх адаптацыі да змененых умоў існавання, а таксама біял. сістэмам даарганізмавага ўзроўню (напр., пэўным біяхім. цыклам і працэсам).

т. 2, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)