крышталі, якія вырошчваюцца штучна ў лабараторных і заводскіх умовах. Маюць такую ж атамную будову, што і прыродныя крышталі, часта больш дасканалыя за іх паводле сваіх уласцівасцей. Аб’ёмныя і танкаплёначныя С.к. вырошчваюцца з газавай фазы, з раствораў і расплаваў (гл.Крышталізацыя, Эпітаксія). У прамысл. маштабах атрымліваюць С.к. п’еза- і сегнетаэлектрыкаў, паўправаднікоў, аптычных матэрыялаў і інш. Выкарыстоўваюцца ў якасці падложак у запамінальных прыстасаваннях, матэрыялаў для сцынтыляцыйных лічыльнікаў, штучных каштоўных камянёў і інш.Гл. таксама Сінтэз мінералаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПТЫ́ЧНАЯ ІЗАМЕРЫ́Я, энантыямерыя,
з’ява, абумоўленая здольнасцю рэчыва вярцець у розныя бакі плоскасць палярызацыі святла, што праходзіць праз рэчыва; від прасторавай ізамерыі. Звязана з існаваннем рэчыва ў дзвюх формах (лева- і прававярчальнай), якія наз. аптычнымі ізамерамі або аптычнымі антыподамі і ўзнікаюць у выніку асіметрыі (хіральнасці) малекулы.
Аптычныя ізамеры адносяцца адзін да аднаго як несіметрычны прадмет і яго люстраны адбітак; маюць ідэнтычныя фіз. і хім. ўласцівасці, акрамя аптычнай актыўнасці. Адзін ізамер верціць плоскасць палярызацыі святла ўлева [l- ці (-)-форма], другі — управа [d- ці (+)-форма). Дзве формы аднаго і таго ж рэчыва маюць люстрана процілеглыя канфігурацыі. Для вызначэння генетычнай сувязі рэчываў выкарыстоўваюць знакі L і D, якія сведчаць аб роднасці канфігурацыі аптычна актыўнага рэчыва з L- ці D-гліцэрынавым альдэгідам або адпаведна з L- ці D-глюкозай. Аптычныя антыподы (ізамеры), узятыя ў эквімалекулярнай колькасці, утвараюць аптычна неактыўны рацэмат.
Аптычную ізамерыю маюць прыродныя амінакіслоты, вугляводы, алкалоіды. Фізіял. і біяхім. дзеянне аптычных ізамераў рознае: бялкі, сінтэзаваныя з прававярчальных кіслот (прыродныя бялкі — левавярчальныя) не засвойваюцца арганізмам; левы нікацін больш ядавіты, чым правы. У біял. працэсах існуе феномен перавагі левай формы аптычнай ізамерыі, які ўплывае на ўяўленні аб шляхах зараджэння і эвалюцыі жыцця на Зямлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎКСІ́НЫ,
прыродныя і сінтэтычныя рэчывы, рэгулятары росту раслін з групы фітагармонаў. Уздзейнічаюць на рост, дзяленне і дыферэнцыяцыю клетак. З прыродных (у асн. вытворныя індолу, фенілвоцатнай кіслаты) найб. пашыраны гетэрааўксін, які сінтэзуецца раслінамі з трыптафану бактэрыямі і грыбамі. Сінт. аналагі аўксінаў стымулююць утварэнне каранёў і чаранкоў, з іх дапамогай атрымліваюць плады без насення, прадухіляюць ападанне лісця.
У малых канцэнтрацыях дзейнічаюць як стымулятары (роставыя рэчывы), у вялікіх — як гербіцыды, дзеянне якіх заснавана на парушэнні абмену рэчываў з наступнай гібеллю раслін. Выкарыстоўваюцца ў раслінаводстве, навук. практыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАПАГЕ́ННАЯ НАГРУ́ЗКА,
прамое або апасродкаванае антрапагеннае ўздзеянне на прыроднае асяроддзе ў цэлым або на асобныя прыродныя экасістэмы ці іх кампаненты. Дыферэнцыруецца па аб’ектах і відах уздзеяння (напр., антрапагенная нагрузка на лясныя, водныя экасістэмы, паветра, флору, фауну і інш.; фізічнае, мех., хімічнае ўздзеянне і г.д.). Ацэньваецца па якасных і колькасных паказчыках, праз сетку станцый і ўстаноў глабальнага, рэгіянальнага і інш. відаў маніторынгу, экалагічнага назірання і кантролю. На сучасным этапе развіцця прадукцыйных сіл антрапагенная нагрузка на асяроддзе ў цэлым падвойваецца кожныя 10—15 гадоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́МЕРЫ,
прыморскі і бальнеагразевы курорт у Латвіі. У складзе г. Юрмала, за 44 км на З ад Рыгі, у лесапаркавай зоне на беразе Балтыйскага м.Засн. ў 1840-я г. на месцы прыродных выхадаў серных вод на тэр. сядзібы лесніка А.Кемеры (адсюль назва). Асн.прыродныялек. фактары — крыніцы мінер. вод рознага саставу, мясц. тарфяныя і сапрапелевыя гразі, прыморскі клімат. Лечаць хваробы страўніка, кішэчніка, нерв. сістэмы, кровазвароту, гінекалагічныя. На тэр. курорта найбуйнейшы ў Латвіі санаторны комплекс, дзіцячыя санаторыі, зоны адпачынку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРФІРЫ́НЫ,
прыродныя арганічныя пігменты раслін, жывёл і чалавека; вытворныя парфіну (структуры з 4 пірольных кольцаў). Большасць П. у прыродзе — комплексы з металамі. Важнае біял. значэнне мае Fe-комплекс П. (у складзе гемаглабінаў, шэрагу ферментаў) і Mg-комплекс П. (хларафіл і яго аналагі). П. выяўлены таксама ў выдзяленнях жывёл, шалупайках яек і апярэнні птушак, ракавінах малюскаў, нафце і інш. Біясінтэз П. у клетках ажыццяўляецца з гліцыну і бурштынавай кіслаты. Парушэнні абмену П. (у т. л. прыроджаныя) прыводзяць да захворванняў чалавека (напр., да парфірыі скуры).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭКРЭАЦЫ́ЙНЫЯ РЭСУ́РСЫ,
прыродныя і культурна-гіст. комплексы і іх элементы, якія выкарыстоўваюцца для аднаўлення працаздольнасці і здароўя людзей (рэкрэацыі). На Беларусі для рэкрэацыйнага выкарыстання рэзервуецца каля 2 млн.га (каля 10% тэр.) у мясцінах, адметных спрыяльнымі прыродна-кліматычнымі ўмовамі, крыніцамі мінер. вод, радовішчамі лек. гразей, маляўнічымі ландшафтамі, помнікамі гісторыі, культуры, прыроды. На іх базе фарміруюцца зоны адпачынку, пансіянаты, турбазы, кемпінгі, пракладваюцца турысцкія маршруты. Асн. задача рэкрэацыйнага прыродакарыстання — вызначэнне гранічна дапушчальных рэкрэацыйных нагрузак на розныя тыпы ландшафтаў з мэтай прадухілення дыгрэсіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКІ РА́ДНЫ»,
часопіс, орган муніцыпалітэтаў т.зв. самаўрадаў у Зах. Беларусі. Выдаваўся з 27.11.1927 да 16.2.1929 (неперыядычна) у Вільні на бел. мове. Рэдактары-выдаўцы Я.Ярош, Т.Вернікоўскі, кіраўнік рэдакцыі Г.Канапніцкі. Асвятляў становішча ў Зах. Беларусі, дзейнасць органаў мясц. самакіравання і адносіны да іх польск. ўрада. Інфармаваў пра стан адраджэння краю, зруйнаванага 1-й сусв. вайной, пра яго прыродныя багацці і патэнцыяльныя эканамічныя магчымасці. Змяшчаў муніцыпальную і краёвую хроніку, юрыд. парады, матэрыялы па навуцы і тэхніцы і інш. Выйшла 12 нумароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СЬ»,
аднатомны энцыклапедычны даведнік пра важнейшыя сферы жыццядзейнасці Беларусі. Выдадзены ў 1995 у Мінску выд-вам «Беларуская Энцыклапедыя» імя П.Броўкі. Усебакова і дастаткова поўна асвятляе гіст. мінулае бел. народа і сучасны ўзровень развіцця краіны, адм.-тэр. падзел, эканоміку, навуку, культуру і мастацтва, мову, л-ру, фальклор і этнаграфію, прыродныя багацці, геаграфічныя і геалагічныя аб’екты, раслінны і жывёльны свет. Уключае 4800 артыкулаў, у т. л. больш як 1600 біяграфій прадстаўнікоў розных галін ведаў і дзейнасці. Артыкулы праілюстраваны каляровымі і чорна-белымі фотаздымкамі, малюнкамі, картамі, схемамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛАВЯ́НЫЯ РУДЫ,
прыродныямінер. ўтварэнні, якія маюць волава ў злучэннях і канцэнтрацыях, дастатковых для прамысл. здабычы. Прамысл. мінералы касітэрыт (каля 78% Sn) і станін (22—28% Sn). Падзяляюць на эндагенныя (карэнныя) і экзагенныя (россыпныя). Карэнныя радовішчы сфарміраваліся ў пародах алюмасілікатнага саставу і прадстаўлены касітэрыт-кварцавымі і касітэрыт-сульфіднымі рудамі (прамысл. колькасць Sn 0,1—0,2%). Важнае прамысл. значэнне маюць россыпы (сярэдняя колькасць каля 300—500 мг/м³, у іх каля 70% сусв. запасаў волава, даюць да 75% усёй здабычы металу). Асн. рэсурсы — у Інданезіі, Малайзіі, Тайландзе, Балівіі, Бразіліі, Нігерыі, Аўстраліі.