Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛО́КНЫ ПРЫРО́ДНЫЯ,
валокны натуральныя, тэкстыльныя валокны расліннага, жывёльнага і мінер. паходжання для вырабу пражы.
Раслінныя валокны прыродныя (баваўняныя, ільняныя, канапляныя, джутавыя і інш.) складаюцца з цэлюлозы, якой спадарожнічаюць геміцэлюлоза і лігнін. Вылучаюць з насення, лісця ці сцёблаў раслін. Выкарыстоўваюць у вытв-сці тканін, трыкатажу, нятканых вырабаў, швейных нітак, вяровак, канатаў. Жывёльныя валокны прыродныя — шэрсць (валокны валасянога покрыва авечак, коз і інш.) і шоўк (валокны з выдзяленняў залоз вусеняў тутавага і інш. шаўкапрадаў); іх асновай з’яўляецца бялок — керацін. Шарсцяныя валокны маюць нізкую цеплаправоднасць, эластычныя, гіграскапічныя, але нетрывалыя. Выкарыстоўваюць для вытв-сці касцюмных, палітовых тканін, трыкатажу, лямцавых вырабаў. Шоўк мае высокую трываласць, эластычнасць, гіграскапічнасць, лёгка фарбуецца. З яго вырабляюць тонкія плаццевыя і бялізнавыя тканіны. Мінеральныя валокны прыродныя — азбест.
М.Р.Пракаачук.
т. 3, с. 485
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́ТУМЫ ПРЫРО́ДНЫЯ,
карысныя выкапні арган. паходжання з першаснай вуглевадароднай асновай. Залягаюць у нетрах у цвёрдым, вязкім і вязкапластычным станах. Падзяляюцца на нафтыды і нафтоіды. Нафтыды: нафта і яе натуральныя вытворныя (мальты, асфальты, асфальтыты, керыты, азакерыты і інш.), прыродныя газы. Нафтоіды — нафтападобныя прадукты натуральнай узгонкі арган. рэчыва пад уплывам цяпла магмы. Бітумы прыродныя — комплексная хім. і энергет. сыравіна, крыніцы серы, каштоўных металаў (ванадый, нікель, сурма, уран) і інш. Выкарыстоўваюць як буд. сыравіну (дарожныя пакрыцці, вытв-сць руберойду, асфальтавай масцікі і інш.), у электрапрамысловасці. Найб. запасы бітумаў прыродных у Канадзе, Венесуэле, ЗША. У Беларусі трапляюцца амаль ва ўсіх пародах платформавага чахла, найб. у адкладах дэвону Прыпяцкага прагіну, дзе сканцэнтраваны асн. прамысл. паклады нафты. Гл. таксама Бітумы.
т. 3, с. 162
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЗЫ ПРЫРО́ДНЫЯ,
сукупнасць газавых кампанентаў, якія трапляюцца ў прыродных аб’ектах у свабодным, раствораным або сарбіраваным стане. Прадстаўлены і асобнымі атамамі, і складанымі хім. злучэннямі. Адрозніваюць газы прыродныя атмасферы (сумесь газаў рознага паходжання), зямной паверхні (глебавыя і падглебавыя, балотныя, тарфяныя), асадкавых, магматычных і метамарфічных парод (у нафце, вугалі і інш.), акіянаў і мораў, вулканічныя, касмічныя. Колькасць газаў прыродных у геасферах Зямлі павялічваецца з паглыбленнем унутр планеты. Паводле паходжання адрозніваюць газы прыродныя вулканічныя (паступаюць з глыбінь Зямлі і звязаны з дэгазацыяй магмы), біяхімічныя (утвараюцца пры бактэрыяльным раскладанні арган. рэчыва або аднаўленні мінер. солей), катагенетычныя (узнікаюць у выніку пераўтварэння рассеянага арган. рэчыва асадкавых парод пры іх апусканні на глыбіні і павелічэнні т-ры да 250—300 °C, а ціску да 245 МПа, або 2500 ат), метамарфічныя радыеактыўныя (утвараюцца ў працэсе распаду радыеактыўных элементаў), метамарфічныя паветраныя (вынік пранікнення газаў з атмасферы ў глыбіню зямной кары — у форме водных раствораў і інш.). Паводле складу вылучаюць газы прыродныя вуглевадародныя, вуглекіслотныя, серавадародныя. Здольнасць газаў прыродных актыўна мігрыраваць у свабодным і раствораным стане абумоўлівае змешванне газаў рознага саставу і паходжання і вял. іх пашырэнне ў прыродзе. На Беларусі вядомы ўсе тыпы газаў прыродных, але практычнае значэнне маюць толькі вуглевадародныя, намнажэнні якіх з’яўляюцца аб’ектамі здабычы (як спадарожныя з нафтай).
У.Я.Бардон.
т. 4, с. 434
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)